Састаўны іменны выказнік




Дата канвертавання27.06.2018
Памер182.34 Kb.


Дадатак 1

Дыдактычны матэрыял да ўрока па тэме “Састаўны іменны выказнік”

Гарадскі транспарт

Гарадскі грамадскі транспарт у беларускай сталіцы прадстаўлены ўсімі ягонымі відамі, таму рухацца па горадзе досыць зручна. Тут ёсць аўтобусы, тралейбусы, трамваі, метро, таксі і маршрутныя таксі, ці проста маршруткі. У Мінску існуе больш за 160 аўтобусных, амаль 70 тралейбусных і 10 трамвайных маршрутаў. Яны працуюць з 5.30 раніцы да 1.00 ночы. Самы напружаны час у працы грамадскага транспарту - гэта так званы час пік: з 7.00 да 9.00 ранкам і з 16.00 да 19.00 увечары.

Талоны і праязныя білеты (дэкадныя і на месяц) можна набыць у кіёсках “Белсаюздрук” ці ў спецыялізаваных кіёсках на прыпынках. Білеты на праезд можна купіць і ў кандуктара, які ёсць амаль на кожным маршруце, або ў вадзіцеля ( у гэтым выпадку кошт талончыка будзе даражэйшы на 50 рублёў). Жэтоны і праязныя на метро прадаюцца ў касах метрапалітэна. Кошт на ўсе віды транспарту аднолькавы: адзін талон/жэтон каштуе 3.700 беларускіх рублёў. Талон/жэтон дзейнічае толькі падчас адной паездкі і толькі на адным маршруце – з моманту ўвахода да моманту выхаду пасажыра. Аднак некаторыя пасажыры ўсё ж практыкуюць ездзіць “зайцамі”. “Заяц” – безбілетны пасажыр, якому ў нейкі момант давядзецца аплаціць усе свае паездкі. Штраф за безбілетны праезд складае 30.000 беларускіх рублёў.

Дадатак 2

Дыдактычны матэрыял да ўрока па тэме

“Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі”

Ян Скрыган. Апавяданне “Слепата”


У прыморскім санаторыі на Каўказе за адным сталом са мною абедала бялявая жанчына Вера. Я знаў, што яна таленавітая піяністка, адпачывала пасля доўгіх гастрольных падарожжаў, і глыбока-трывожна паважаў яе.

Яна звычайна прыходзіла крыху пазней за другіх, віталася сціплым уклонам галавы. Яна трымала сябе строга і сціпла, гаварыла скупа, але душэўна і разумна, заўсёды пакідаючы пасля сябе такое адчуванне, што хацелася зноў скарэй бачыць яе. У яе была нейкая адмысловая жаночая чароўнасць і гожасць, каторая не кідаецца ў вочы, а пазнаецца разам з самім чалавекам. Бываюць жа такія людзі, што, сустрэўшыся нечакана, надоўга ў душы пакідаюць свой след.

Часамі мы рабілі з ёю невялікія падарожжы па наваколлі. Штораніцы сустракаліся на беразе: я прыходзіў з усходам сонца і заставаў яе ўжо там. Адна перад морам. Скінуўшы махрасты халат на яшчэ халодны ад ночы пясок, яна займалася гімнастыкаю. Мы віталіся. Махаючы над галавою рукамі, і яна мне крычала:


  • Вы доўга любіце спаць. Дарагі таварыш! Марнуеце час! Не шкадуеце, што міма праходзіць гэтулькі хараства!

І праўда, можа, гэта ад яе кругом быо хораша.

На снеданні я зноў бачыўся з Вераю: яна як бы спяшалася насустрач майму позірку. Калі ж за сталом яе крэсла было пустое, я нудзіўся і чакаў яе.



  • Трохі запазнілася, прашу прабачыць. Забавілася на практыкаванні, - звычайна гаварыла яна ў такія часы, як бы папраўдзе была перада мною ў нечым вінавата.

Аднойчы з калегамі мы ляжалі на гарачым беразе і жмурыліся ад сонца, разглядаючы на гарызонце празрысты дымок парахода. Калега без ніякае прычыны сказаў:

  • А слаўная жанчына твая суседка.

  • Вера? – запытаўся я.

  • Але. Толькі шкада, што ў яе гэтак з вокам. Такая прыгожая і – няшчасны чалавек.

  • А што ў яе з вокам? – здзівіўся я.

  • Яно пакалечанае. Хіба ты не бачыў, што калі яна глядзіць, то трошкі прыжмурваецца, каб роўныя былі павекі? І заўсёды стаіць трошкі бокам, каб не відно было калецтва: не хоча паказаць скроні.

  • Гэта не ў Веры! – рэзка не згадзіўся я. – Можа ты думаеш пра каго другога?

  • Як? Хіба ты дасюль і не бачыў? – зарагатаў мой калега і пачаў пацяшацца з мае няўважлівасці.

Сустрэўшыся з Вераю, я знарок пільна ўгледзеўся ў твар. Вера заўважыла гэта, спалохана махнула вейкамі, нечакана павярнулася так, каб відна была правая скроня, і шумна прыкусіла край губы, нібы зацінаючы нейкі глыбокі боль. Ад куточка вока, там, дзе кладзецца першая маршчынка мудрае чалавечае сталасці, як след выкручастай, ядавіта – шпаркай змейкі, цягнуўся тоненькі шрам, хаваючыся пад лёгкай кудзеркай на скроні, - след дотыку смерці, след вайны.

Нешта чыстае, высокае і святое кранула мяне. Самая харошая , лепшая за ўсіх на свеце была гэта жанчына.

І пасля, калі б я ні сустракаўся з Вераю, перада мною міжволі ўсплываў твар калегі, і мне здавалася, што вочы яго засцілае страшная чалавечая слепата.
Бялявая –светлая

Уклон – нахіл

Скупа – няшмат

Адмысловы – адметны, своеасаблівы

Гожасць – прыгажосць

Кідаецца ў вочы – заўважаецца

Часамі – у нейкія дні

Махрасты – махровы

Гэтулькі – шмат

Хараство – прыгажосць

Нудзіўся – сумаваў

Папраўдзе – сапраўды

Слаўны – прыемны, харошы

Зарагатаў - моцна засмяяўся

Пацяшацца – здзекавацца, кпіць

Знарок – спецыяльна

Пільна – уважліва

Зацінаючы – хаваючы

Выкручасты – няроўны, выгнуты

Кудзерка – локан

Усплываў – успамінаўся

Дадатак 3

Дыдактычны матэрыял да ўрока па тэме “Безасабовыя сказы”

Серыя малюнкаў “Красавіцкае надвор’е”

Выходзіць з дому, сонечна і цёпла, быць у настроі, радасна крочыць, распрануцца ад цеплыні, зняць капялюш і паліто, набегла хмарка, нечаканы парыў ветру, вырваць з рук парасон, здзьмуць капялюш, зноў трапіць пад лівень, уладкавацца за столікам, піць гарачы чай, спатнець і распрануцца, знянацку задажджыць, дождж як з вядра, змокнуць да ніткі, спознена разгарнуць парасон, зноў ярка засвеціць, раптоўна заснежыць, схавацца пад паліто, панура крочыць дадому, укутаць галаву шалікам, ляжаць у ложку з тэмпературай.



Дадатак 4
Дыдактычны матэрыял
да напісання сачынення - апісання помніка Максіму Багдановічу
Складанне плана:
  1. Уступ (мэта адкрыцця помніка, месца ўстаноўкі);
  2. Асноўная частка (1.Аўтар скульптуры. 2.Поза і стан паэта: твар, погляд, лоб, рукі)
  3. Вывад (1.Помнік і сквер – адзіны ансамбль. 2.Кветкі паэту. 3.Чым помнік каштоўны для вас?)

Вызначэнне лексіка-стылістычных асаблівасцей сачынення - апісання:

- Тэма, ідэя, кампазіцыя сачынення вызначаюць тып мовы. Да якога тыпу мовы будзе адносіцца наша сачыненне? (Нам патрэбна скласці апісанне помніка з элементамі разважання аб замысле скульптара і аб значэнні яго твора).

-Падбор сінонімаў: адзенне-вопратка; адлюстраваць-паказаць; тварэц-паэт; статуя-скульптура і інш. (сінонімы дапамагаюць пазбегнуць паўтораў, дакладней выразіць думку. Паколькі кожнае слова сінанімічнага рада выкарыстоўваецца ў пэўным стылі, неабходна вызначыць стыль сачынення: публіцыстычны з элементамі навуковага (мастацказнаўчыя паняцці) і мастацкага стылю.)

-Як пачаць сачыненне? (Зачыны). (Перад намі помнік паэту М. Багдановічу, устаноўлены ў скверы каля Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Фігура стаіць на высокім пастаменце з граніту...; Скульптар увекавечыў...; Пачуццё гонару за свой народ агарнула мяне.; Скульптары-мастакі ўпрыгожваюць горад і наша жыццё...)


Уступ:
Перад намі помнік паэту М. Багдановічу, устаноўлены ў скверы каля Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Фігура стаіць на высокім пастаменце з граніту...; Скульптар увекавечыў...; Пачуццё гонару за свой народ агарнула мяне…; Скульптары-мастакі упрыгожваюць горад і наша жыццё...

Асноўная частка:

Углядзіцеся ў твар паэта. Якія рысы перададзены ў ім ( твар адкрыты, стан творчага ўздыму, погляд сканцэнтраваны, погляд уважлівы, сумны (вясёлы), у вачах творчы парыў, у вачах хваляванне, разумныя вочы, высокі лоб. Пісьменнік аб нечым думае. Можа аб нейкіх творчых клопатах). Як паказана фігура паэта? (Багдановіч нібы прагульваецца па гарадскім скверы). Ці ўдала выбрана месца для помніка? (месца для помніка выбрана ўдала: скульптурны ансамбль хораша ўпісваецца ў акаляючы сквер, які падкрэслівае прастату, стройнасць кампазіцыі помніка).



Вывад:

Веліч паэта, яго значэнне для беларускай культуры, ушанаванне памяці



Тлумачальны слоўнік
Скульптар – мастак, які займаецца стварэннем аб’ёмных твораў шляхам разьбы, лепкі ці адліўкі.

Пастамент (лац.), п’едэстал (фр.): аснаванне помніка.

Помнік(рус.) – 1.Збудаванне ў памяць каго (чаго)-небудзь. 2.Прадмет культуры мінулага. Манумент (лац.) – буйны помнік.




Дадатак 5

Вынікі дыягностыкі

Развіццё камунікатыўных кампетэнцый вучняў



9 “Б” і 9 “В” класаў”

2013/2014 навучальны год

2012/2013 навучальны год

Дадатак 6

Якасць ведаў вучняў па беларускай мове

Дадатак 7

План урока

па тэме “ Дыялог, яго афармленне на пісьме” (9 клас)

Мэта:

  1. Пашырыць веды вучняў пра дыялог, асаблівасці яго пабудовы, афармленне рэплік на пісьме;

  2. Развіваць уменні вызначаць дыялагічнае маўленне; правільна пунктуацыйна афармляць; ствараць дыялогі на пэўную тэму, інтанаваць іх;

  3. Развіваць камунікатыўную культуру вучняў, маўленне, памяць;

  4. Спрыяць выхаванню працавітасці,узаемадапамогі.

Тып урока: урок засваення новага матэрыялу.

Абсталяванне: Н. М. Гардзей, П.Л. Навіцкі, З.М. Тамашэвіч “Беларуская мова” . - Мінск: НІА, 2011, праспект па тэме, карткі з заданнямі і ўзорамі тэкстаў.

Ход урока

  1. Арганізацыйны момант.

  2. Актуалізацыя раней вывучанага.

Складзіце сказы па схемах, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку:

“П, - а. – П!” А: “П”. А: “П?” – а.



  1. Вывучэнне новага матэрыялу:

  1. Слова настаўніка:

Уявіце сітуацыю, што ў цэнтры горада да Вас звярнуўся госць нашай сталіцы з пытаннем: “Як прайсці да Траецкага прадмесця?” Вам неабходна патлумачыць госцю шлях да Траецкага прадмеся, правільна і грунтоўна адказваць на яго пытанні.

Якой формай маўлення вы будзеце карыстацца? (Дыялогам)

Што вы ведаеце пра дыялог? (Адказы вучняў)


  1. “Арфаграфічная хвілінка” – слоўнікавы дыктант (адзін вучань працуе ля дошкі).

Абласны цэнтр, райцэнтр (раённы цэнтр), аўтавакзал, аэрапорт, грамадскі транспарт, праязны, жэтон, метро, маршрутка, пешаход, тратуар, магістраль, аўтазапраўка, кірмаш, кіёск, арыенцір, направа, налева, скрыжаванне, святлафор. 3. Праца над праспектам “Знакі прыпынку пры дыялогу”.

I.


Інтанаванне ў маўленні

(тэмбр, тон, інтанацыя)




II.


Афармленне на пісьме

П?”- “П?” – “П”. – “П?”-“П”.

П?” – а. “П”. – “П?”

-П.?!

-П.

-П.?!

-П.

-П, - а.

-П.., - а

-П, - а. –П.

а) Праца над разгортваннем I пункта праспекта прадугледжвае

самастойнае прачытанне вучнямі параграфа і адказ на пытанні:

Што такое дыялог? Што называецца рэплікай?

б) Для далейшай працы над I пунктам праспекта вучням прапануецца праслухаць дыялогі і абгрунтаваць іх у парах (першы дыялог чытае настаўнік, другі і трэці – вучні). Пры чытанні акцэнт робіцца на захаванне патрэбнай інтанацыі, тэмбру і тону голасу.

1. -Прабачце, калі ласка , Вы не маглі б мне дапамагчы? Я нетутэйшы і не магу зарыентавацца…

-Калі ласка, а што Вы шукаеце?

-Гадзіннікавы завод.

-Дык Вы ідзяце ў правільным кірунку. Дойдзеце яшчэ вунь да таго гмаху , а там адразу збочыце налева. Пройдзеце яшчэ крыху, і Вы на месцы.

-Шчыра дзякую!

-Няма за што.

-Даруйце за клопат, ці не маглі б Вы мне сказаць, як прайсці на Нямігу?

-Пойдзем разам, мне ў тым кірунку…

-Дзякуй.


2. -Скажыце, калі ласка, дзе тут Траецкае прдмесце?

-Вам трэбы спусціцца ўніз да ракі, прайсці праз мост… А што Вы там шукаеце?

-Букіністычную кнігарню “Вянок”.

-А, тады з моста спусціцеся па прыступках уніз і справа, побач з кавярняй…Там будзе вялікая блакітная шыльда зверху…

-Вялікі дзякуй!

-Калі ласка!

3. -Ой, Аленка, здаецца мы заблудзіліся. Давай папытаемся дарогі…

-Прабачце, калі ласка, нам трэба ў цэнтр горада. Не падскажыце, як даехаць?

-Даехаць? Дык вы амаль у цэнтры! А што вам канкрэтна трэба?

-Галоўпаштамт.

-Вам прасцей дайсці, чым даехаць. Абыдзіце вакол стадыёна злева, а потым…

-Сардэчна дзякуем!

-Шчасліва!

Фізкультхвілінка.

в) Для раскрыцця II пункта праспекта вучням прапануецца выканаць заданне:

на ўзор прачытаных дыялогаў пры дапамозе клішаваных выразаў і слоў, пададзеных у картках, скласці ў парах падобныя дыялогі на адну з прапанаваных сітуацый і запісаць кожную рэпліку дыялогу з новага радка.

Сітуацыі для складання дыялогаў:

Вы шукаеце: вуліцу Кастрычніцкую, аўтавакзал “Усходні”, кінатэатр “Салют”, спартыўны комплекс “Мінск – арэна” і інш.


  1. Замацаванне. Практыкаванне №194 падручніка.

Прачытайце дыялог з захаваннем патрэбнай інтанацыі, тэмбру і тону голасу, запішыце дыялог у радок, звярніце ўвагу на пастаноўку знакаў прыпынку. Пасля выканання задання вусна зрабіце вывад аб інтанаванні дыялогу ў маўленні, варыянтах афармлення яго на пісьме.

VII. Дамашняе заданне:



  1. Абавязковае.Практыкаванне 194;

  2. Дыферэнцыраванае. Дапісаць размову Жабкі і Чарапахі з “Казкі жыцця” Уладзіміра Караткевіча:

На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгаварыліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяцілла праз яго сонца. І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабы.

  • Жабкі-жабкі, дзень добры.

  • А ты што за цуда-юда?-спыталі жабкі.

  • Я чарапаха.

  • Бачыць такое не бачылі, чуть гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць …

VI. Падагульненне вынікаў. Рэфлексія

- Што новага вы даведаліся на сённяшнім уроку?

- Якая частка ўрока спадабалася больш?

- Што выклікала цяжкасці?

Горад

Сталіца, абласны цэнтр, райцэнтр( раённы цэнтр), аўтавакзал, чыгуначны вакзал, аэрапорт, грамадскі транспарт, праязны, жэтон, талончык, метро, трамвай, тралейбус, аўтобус, маршрутка, пешаход, тратуар, магістраль, шаша, паркоўка, стаянка таксі, аўтазапраўка, рынак, кірмаш, магазін, кіёск.



Арыентацыя ў горадзе

Карта, план горада, арыенцір, кірунак, маршрут, адрас, вуліца, завулак, плошча, ратуша, царква, гасцініца, мост, рака, направа, налева, прама, назад, паварот, скрыжаванне, святлафон, рог вуліцы, пешаходны пераход, зебра, падземны пераход, прыпынак, станцыя, метро, (не)тутэйшы.

Сітуацыі для складання дыялогаў

Вы шукаеце: вуліцу Кастрычніцкую, аўтавакзал “Усходні”, кінатэатр “Салют”, спартыўны комплекс “Мінск – арэна” і інш.

Клішаваныя словы (камунікатыўныя стымулы, апорныя фразы)

Прабачце,калі ласка, дабры дзень, вялікі дзякуй, шчыра дзякую, даруйце за клопат, Вы не маглі б мне дапамагчы? усяго найлепшага, прывітанне, дазвольце да Вас звярнуцца, будзем рады бачыць (дапамагчы), шчасліва, цікава даведацца пра…

Дадатак 8

План урока

Сродкі сувязі частак у складаназлучаных сказах” (9 клас)



Мэта:

  1. Паглыбіць веды пра складаназлучаны сказ, сродкі сувязі частак (сродкі выражэння спалучальных сэнсавых адносін);

  2. Выпрацоўваць уменні будаваць складаназлучаныя сказы, ужываць іх у тэксце, асэнсоўваць ролю злучнікаў ва ўзаемадзеянні паміж часткамі сказа;

  3. Развіваць камунікатыўную культуру вучняў, маўленне, памяць, творчае мысленне;

  4. Спрыяць выхаванню працавітасці,узаемадапамогі.

Тып урока: камбінаванай будовы

Абсталяванне: Н. М. Гардзей, П.Л. Навіцкі, З.М. Тамашэвіч “Беларуская мова” 9 клас, карткі з творчым заданнем.

Ход урока



  1. Арганізацыйны момант.

  2. Праверка дамашняга задання (выбарачна).

  3. Актуалізацыя раней вывучанага:

  1. Слыхавы схематычны (лічбавы) дыктант (лічбай 1 абазначаеццпа сказ, у якім злучнік звязвае аднародныя члены сказа, лічбай 2 – часткі складаназлучанага сказа).

  1. Шумяць бары, і шэпчуць травы (2);

  2. То свеціць сонца, то пахмурна (2);

  3. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу (1);

  4. Нізкія хмары плылі над борам, але дажджу не было (2);

  5. Ці стогне бура, ці віхор гуляе (2);

  6. Вецер не сціх, а з ранейшай сілай хістаў сосны (1);

  7. Зямля – наша багацце, і яе трэба берагчы (2);

  8. Дзень быў сонечны, ды халодны (1);

  9. Ішоў дождж, або сыпапаў снег (2).

  1. Тэарэтычная размінка (франтальнае апытванне):

  1. Які сказ называецца складаназлучаным?

  2. Якія сэнсавыя адносіны выражаюцца паміж часткамі складаназлучанага сказа?

  3. Назавіце прыметы, якія характарызуюць складаназлучаны сказ (часткі не залежаць адна ад другой; ад адной часткі нельга паставіць пытанне да другой; звязаны злучальнай сувяззю і інтанацыяй; голас пры чытанні павышаецца ў канцы першай часткі, а паніжаецца ў канцы ўсяго сказа; часткі самастойныя, але складаюць адзінае сэнсавае цэлае, адзін сказ).

  4. Назавіце схему складаназлучанага сказа.

а) [ ], і [ ];б) [ ], [ ];в) [ ], ( ).

  1. Вывучэнне новага матэрыялу:

  1. Самастойна прачытайце параграф 7 падручніка;

  2. З апорай на матэрыял параграфа складзіце ў парах апорную схему “Сродкі сувязі частак у складаназлучаных сказах”. Сваю схему дапоўніце прыкладамі з практыкавання 32.

  3. Абмяркуйце вынікі выканання задання з вучнямі суседняй парты. Задайце адзін аднаму пытанні па новай тэме.

Фізкультхвілінка.

  1. Замацаванне.

  1. З прапанаваных ніжэй словазлучэнняў, слоў і простых сказаў пры дапамозе злучальных злучнікаў (спалучальных, супраціўных, размеркавальных) утварыце 5-6 складаназлучаных сказаў, скампануйце іх такім чынам, каб атрымаўся звязны тэкст, дайце загаловак тэксту.

У лесе павесялела, заззяў верас, грачыны гармідар,на пясчаных грудах, звінелі жаўранкі, час ад часу прабарабаніць дзяцел, дальні лес, разарваная хмара, сонечны бляск заліў поле, птушкі спяваюць, вецер свішча сваю песню, бярэзнік набрыняў веснавымі сокамі, удзень горача, уначы холадна, вузенькая сцяжынка вынырала на шырокую паляну, малады ельнік, бор-прыгажун, як утульна! як светла!

  1. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі ўтвораных вамі сказаў.

  2. Праслухайце тэксты кожнай групы і дайце сваю ацэнку па выніках работы групы.



  1. Дамашняе заданне.

  1. Абавязковае. Практыкаванне 34;

  2. Дыферэнцыраванае.З выкарыстаннем складаназлучаных сказаў складзіце невялікі тэкст пра лекавую расліну (на ўзор практыкавання 34 ) і раскажыце аб гэтай расліне свайму сябру.



  1. Падагульненне. Рэфлексія.

Закончыце фразу:

  • на сённяшнім уроку я даведаўся, што…;

  • я недастаткова зразумеў…;

  • я лічу, што мне дома неабходна…


Дадатак 9

План урока

Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам” ( 8 клас)


Мэта:

  1. Фарміраваць уменні правільна ўжываць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.

  2. Развіваць пунктуацыйныя навыкі і творчыя здольнасці вучняў.

  3. Выхоўваць патрыятычныя пачуцці ў адносінах да Радзімы, людзей, працы.

Тып: урок засваення новага матэрыяу

Абсталяванне:апорная схема па тэме, карткі з заданнямі і ўзорамі тэкстаў



Эпіграф:

Радзіма – гэта і сонца ў цябе над галавой,

і паветра, якім дыхаеш, гэта і вернасць твайго сябра,

і мова, якую даў табе народ, і песня, што засталася ад

прадзедаў.

К. Кірыенка

Ход урока:


  1. Арганізацыйны момант.

  2. Праверка дамашняга задання.

На прошлым уроку мы з вамі вывучылі будову двухсастаўных развітых сказаў. Дома вам трэба было выпісаць з мастацкай літаратуры некалькі двухсастаўных развітых сказаў, разабраць іх па членах сказа. Перш чым правяраць дамашняе заданне успомнім, якія сказы мы называем двухсастаўнымі развітымі? Якія члены сказа адносяцца да саставу дзейніка, а якія да саставу выказніка?

(Вучні чытаюць сказы, разбіраюць іх.)



  1. Вывучэнне новага матэрыялу.

  • Сёння мы з вамі працуем у групах. Як вы думаеце, чаму мы сёння павінны навучыцца?

  • На дошцы ў нас запісаны эпіграф. Прачытайце і растлумачце яго сэнс (вучні чытаюць эпіграф, абмяркоўваюць яго сэнс).

  • Для таго, каб ведаць, калі ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам, я прапаную вам разглядзець апорную схему (вучням абедзвюх груп раздаюцца апорныя схемы, вучні разглядаюць іх, а потым тлумачаць).

Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам

Працяжнік ставіцца

1. Калі дзейнік і выказнік выражаны




А) назоўнік + назоўнік

Мінск – сталіца Беларусі.

Б) лічэбнік + назоўнік

Шэсць і восем – чатырнаццаць.

В) інфінітыў + назоўнік

Жыць – Радзіме служыць.

2. Калі перад выказнікам есць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць

Наша жыццё – гэта праца.

Працяжнік не ставіцца

1. Калі перад выказнікам ёсць параўнальныя злучнікі як, быццам, нібы

Дружба быццам знойдзены скарб.

2. Калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам

Яны надзейныя сябры.

3. Калі пры выказніку ёсць адмоўная часціца не

Беднасць не загана.

  1. Замацаванне.

- У вас на лістах запісаны тэкст. Прачытайце яго, вызначце: 1 група – стыль, 2 група – тып тэксту, пастаўце, дзе трэба, працяжнік.

Мялешкі невялікая вёска з шырокай роўнай вуліцай. Хаты ў ей добра дагледжаныя, на сядзібах яблыневыя і грушавыя сады. Пад вокнамі разложыстыя рабіны з гранкамі чырвоных ягад. У канцы вёскі новыя дамы, якія пабудаваны нядаўна.



І людзі ў вёсцы жывуць цудоўныя: спагадлівыя, дружалюбныя, гасцінныя. Гэта пра іх гаворыцца: “Самая вялікая радасць жыцця адчуваць сябе патрэбным людзям”.

(Групы працуюць самастойна, затым чытаюць тэкст, называюць загаловак, знакі прыпынку).

Фізкультхвілінка.

- Кожнай групе раздадзены прыказкі. Растлумачце іх сэнс, пастаўце знакі прыпынку, запішыце ў сшыткі.



  1. Птушцы воля, чалавеку Радзіма.

  2. Добрае слова як лекі для душы.

  3. Кожная маці не вораг свайму дзіцяці.

  4. Старасць не радасць.

  5. Слоў рака, а спраў ручаёк.

(Групы абменьваюцца сшыткамі і робяць узаемаправерку.)

- На дошцы запісаны сказы. Давайце вусна растлумачым у іх адсутнасць працяжніка.



  1. Добрае не забываецца.

  2. Ён сумленны чалавек.

  3. Сінія вочкі як васілёчкі.

  4. Хлеб у нас свой.

  5. Дамашняе заданне:

1. Практыкаванне 105 (абавязковае);.

2. Скласці невялікае апавяданне “Беларусь – мая Радзіма”, ужываючы сказы з працяжнікам (дыферэнцыраванае).

6. Падагульненне. Рэфлексія.

- Звернемся з вамі да апорных схем. Справа, дзе прыведзены прыклады, у вас ёсць месца. Запішыце там па аднаму прыкладу сказа на кожны пункт:



1 група – калі працяжнік ставіцца;

  1. група – калі працяжнік не ставіцца.

(Праверка задання.)

  • А зараз адна група другой задайце пытанні па нашай сённяшняй тэме.

  • Ацаніце сваю работу на ўроку.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка