Што ж на самай справе патрабуе неадкладнага вырашэння?




Дата канвертавання31.03.2017
Памер60.63 Kb.
Што ж на самай справе патрабуе неадкладнага вырашэння?
Перш за ўсё хачу звярнуць увагу аўтара звароту М.Стральца да некаторых, як кажуць, “прапісных ісцін”.

У аснову навучання на ступені агульнай сярэдняй адукацыі пакладзены адпаведныя вучэбныя праграмы. Бягучая і выніковая атэстацыя вучняў праводзіцца выключна традыцыйнымі формамі кантролю ведаў (дыктоўкі, пераказы, адказы, як у вуснай, так і пісьмовай формах і г.д.). Гэта адпавядае Нормам ацэнкі вынікаў дзейнасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах і ў меншай ступені “…залежыць ад асаблівасцей канкрэтнай вучэбнай дысцыпліны”, як сцвярджае наш апанент. І гэта дазваляе забяспечыць узаемную сувязь працэсаў навучання і кантролю за ўзроўнем засваення вучэбнага матэрыялу вучнямі.

Цэнтралізаванае ж тэсціраванне з’яўляецца адной з форм уступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Мэта выпускных экзаменаў — выніковая атэстацыя выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Форма экзамену вызначаецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбных праграм.

Мэта ж цэнтралізаванага тэсціравання — вызначэнне ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграм уступных іспытаў.

Цэнтралізванае тэсціраванне з’яўляецца найбольш тэхналагічнай формай правядзення ўступых іспытаў і мае шэраг неаспрэчных пераваг перад іншымі іх формамі.

Але пра гэта крыху ніжэй.

Звернем увагу на тое, што, па меркаванні аўтара, “патрабуе неадкладнага вырашэння” ў цэнтралізаваным тэсціраванні.

Шкада, што з-за пэўнай недасведчаннасці аўтара звароту пра “адукацыйны працэс у рамках сярэдняй школы” і павярхоўнага ўяўлення аб сутнасці цэнтралізаванага тэсціравання матэрыял, які абмяркоўваецца, падаецца ў скажоным выглядзе. Дарэчы кажучы, тэставыя заданні па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі навейшага часу, на якія спасылаецца аўтар, не маюць ніякага дачынення да заданняў, якія прапануюцца на цэнтралізаваным тэсціраванні. Аднак мы згодны выказаць каментарый і ў гэтай сітуацыі.

Усе заданні на цэнтралізаваным тэсціраванні размяркоўваюцца па пяці ўзроўнях складанасці, якія адпавядаюць пяці ўзроўням засваення вучэбнага матэрыялу вышэйадзначаных норм ацэнкі.

Па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі навейшага часу правяраецца веданне абітурыентамі як тэарытычнага, так і факталагічнага вучэбнага матэрыялу. Падбор і кампаноўка заданняў у тэстах дазваляе падыспытным устанаўліваць сувязі паміж гістарычнымі фактамі, з’явамі і падзеямі, даваць характарыстыку дзейнасці гістарычных асоб, працаваць з картамі і табліцамі, выяўляць асабліваці эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця краіны.

На цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыентам прапануюцца розныя формы падачы матэрыялу. У тэстах нашага інстытута выкарыстоўваюцца заданні двух тыпаў — закрытыя і адкрытыя. Да закрытых адносяцца заданні альтэрнатыўных адказаў, мноства выбару, устанаўлення адпаведнасці і ўстанаўлення паслядоўнасці. Заданні закрытага тыпу прадастаўлены з кароткім адказам. Гэта дазваляе не толькі правяраць узровень ведаў абітурыентаў, а і ступень валодання імі прадметнымі ўменнямі і навыкамі: параўнанне, абагульненне, аналіз, уменне “чытаць” карты і інш.

Тэставыя заданні чацвёртага і пятага ўзроўняў складанасці выяўляюць уменні абітурыентаў сістэматызаваць, класіфікаваць гістарычную інфармацыю, вызначаць і параўноўваць істотныя рысы і асаблівасці гістарычных працэсаў і з’яў.

Аўтар звароту аналізуе заданне (пра формы кіравання дзяржавай), якое быццам бы “прапаноўвалася выпуснікам сярэдняй школы ў мінулыя гады”, што насамрэч не так! Разам з тым на прыкладзе задання невядомага паходжання сцвярджаць, што тэставыя тэхналогіі не могуць аб’ектыўна вызначаць узровень падрыхтоўкі абітурыетаў, занадта рызыкоўна для калегі-педагога.

Нельга таксама пагадзіцца і з выказваннем рэктара МДУ В.Садоўнічага “аб пагібельнай для адукацыі сістэме тэстаў”, на якое спасылаецца М.Стралец. Дарэчы, яно было пададзена ў другім кантэксце. Між тым, хіба рэктар МДУ не можа памыляцца?

Цяпер цяжка знайсці краіну, дзе не выкарыстоўваліся б тэсты. Ва ўсіх маніторынгавых і міжнародных параўнальных даследаваннях (PISA, TIMMS, PIRLS) выкарыстоўваюцца толькі тэставыя тэхналогіі.

Цытуемы аўтарам прыклад задання па грамадазнаўстве адносіцца да заданняў першага (найбольш простага) узроўню складанасці на распазнаванне элементаў накіраванасці асобы, што і патрабуе Праграма уступных іспытаў. Таму фармулёўка задання мае безацэначны характар як фрагмент навуковых ведаў. Гэтым і тлумачыцца характар фармулёвак у заданнях.

Неабходна адзначыць, што “заахвочванне маладых людзей спалучаць матывацыю ўчынкаў з усталяваннем выразнай мяжы паміж здаровымі і нездаровымі патрэбамі” выходзіць за межы фармату экзаменацыйных праверак ведаў не залежна ад іх форм.

Заўважым, што на думку М.Стральца толькі “вусны экзамен можа ўсё растлумачыць”. Безумоўна, вусны экзамен — гэта класіка вучэбнага працэсу. Для маніторынгу ж вялікай колькасці падыспытных пры высокім узроўні аўтаматызацыі працэсаў падрыхтоўкі і апрацоўкі матэрыялаў больш падыходзяць такія формы, як цэнтралізаванае тэсціраванне.

Мяркую, не зраблю вялікага адкрыцця ў педагогіцы, калі засведчу, што экзамен у любой яго форме (вуснай, пісьмовай ці тэставай) павінен выконваць кантрольную функцыю.

Аднак М.Стралец лічыць, што “найважнейшыя светапоглядныя пытанні… можна растлумачыць у працэсе жывых зносін паміж экзаменатарам і падыспытным”. А вось пры тэсціраванні ўсё гэта “застаецца за дужкамі”. Маўляў, тэсты па сваёй форме заведама не могуць выконваць гэтыя функцыі. Вядома, не могуць! Любы экзамен — гэта не дыскусійны клуб, і няма ніякай патрэбы “… паразважаць над тым, ці можа быць эфектыўнай сістэма вышэйшага дзяржаўнага кіравання…”. З кожным новым экзаменам абітурыенты вучацца толькі майстэрству дэманстрацыі сваіх ведаў, якія ўсё ж набылі ў працэсе вучобы.

У такім выпадку, ці правільна мы разумеем ролю вучэбнага працэсу?

Сёння малады чалавек больш за 20 гадоў (дашкольная, школьная, універсітэтская адукацыя) удзельнічае ў вучэбным працэсе пад кіраўніцтвам педагога. Падчас вучобы не толькі магчыма, а і патрэбна вучыць яго “мысленню, здольнасці валодання культурай гістарычнай памяці і ўцягвання ў справы грамадзянскай супольнасці”. На экзамене гэта ўжо рабіць позна.

І некалькі слоў аб парадыгме новага паняцця ў тэсталогіі, дзе аўтарства належыць нашым асобным апанентам — “натыкаць”, “метадам тыку”. Вось і М.Стралец не ўстрымаўся, каб ні параўнаць аперацыю інтэлектуальнага зместу з сякерай дрывасека: куды лязо трапіць, туды і будзе добра.



Першае. З пункту гледжання тэорыі верагоднасці, пэўны шанс на выпадковы правільны адказ існуе. Аднак нашы разлікі сведчаць, што па матэматыцы і фізіцы (дзе па 30 заданняў у тэсце) ён складае дзесьці 3.6 задання. Адзначым, што заданні субтэста А (а іх усяго 18) даволі просценькія, таму маюць вельмі малы ацэначны каэфіцыент — у межах 1.0 за кожнае з іх. У такім выпадку прасцей рашыць задачу, чым займацца вынаходніцтвам методыкі ўгадвання. Кожны ўдзельнік іспытаў рыхтуецца толькі для найлепшага выніку. Інакш навошта спрабаваць?

Другое. Каб так смела пісаць, што “кожны год… знаходзяцца асобы, якія метадам тыку набіраюць значную колькасць балаў”, трэба не менш як правесці аналіз некалькіх дзясяткаў тысяч бланкаў адказаў абітурыентаў пасля чарговых іспытаў. Мяркую, што гэтыя бланкі нават выпадкова не траплялі на вочы нашаму апаненту. І нават калі дапусціць такую магчымасць, то заўважу, што абітурыенты не дыферэнцыруюць запісы ў бланках па ступені сваей разумовай дзейнасці. Таму просты прагляд бланкаў мала што можа даць.

Насамрэч, кожны год мы выяўляем некалькі бланкаў, дзе абітурыенты робяць запісы насуперак дзеючым правілам, дэманструючы тым самым вельмі нізкі ўзровень падрыхтоўкі. Аднак гэта не дае ім ніякіх шансаў на ўдзел у конкурсе на студэнцкае месца ва ўніверсітэце.



Трэцяе. Аб так званай праблеме ўгадвання больш гавораць асобныя дарослыя (як бацькі, так і педагогі), чым абітурыенты. Чаму з такой знявагай яны адносяцца да разумовай працы маладых людзей? Можа, нягледзячы ні на што, каб захаваць так званы традыцыйны экзамен?

Іншы раз самі абітурыенты пасля іспытаў у роспачы могуць сказаць: “Сумняваўся і выбраў адказ наўгад”. Аднак нашы назіранні паказваюць, што сумненне, выказанае ўслых, выступае хутчэй як нейкае апраўданне перад бацькамі і знаёмымі ў выпадку магчымага няправільнага рашэння заданняў тэста.



Чацвёртае. Самыя прыдзірлівыя нашы апаненты — гэта рэпетытары. Аднак і яны не падзяляюць упэўненасці асобных крытыкаў, быццам бы ёсць магчымасць не рашыць заданне, а ўгадаць правільны адказ. Адзін з рэпетытараў, каб даказаць надуманасць праблемы, праз сацыяльныя сеткі прапанаваў пайсці ў заклад з любым жадаючым і даказаць адваротнае.

Зыходзячы з віртуальнай дыскусіі з аўтарам прапаноў па “неадкладным вырашэнні пытанняў” цэнтралізаванага тэсціравання, мэтазгоднасць “неабходнасці вярнуцца да вусных іспытаў пры паступленні ў ВНУ” можна ўзяць пад сумненне. Пры тым, што зараз і так па шэрагу спецыяльнасцей (“Архітэктура”, “Журналістыка”, спецыяльнасці культуры і мастацтва і г.д.) уступныя іспыты праводзяцца непасрэдна ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў той форме, якую вызначаюць гэтыя ўстановы.


Мікалай ФЯСЬКОЎ,

дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
Вычытаў У.Фалалееў 17.01.2017 14:43



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка