Скарачэнне і пашырэнне кампанентнага складу іншамоўных крылатых выразаў у беларускай мове Цеплякова Альбіна Дзмітраўна




Дата канвертавання11.01.2017
Памер83.44 Kb.
УДК 811.163.3

Скарачэнне і пашырэнне кампанентнага складу

іншамоўных крылатых выразаў у беларускай мове

Цеплякова Альбіна Дзмітраўна

старшы выкладчык кафедры германа-раманскай філалогіі

Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова

(г. Магілёў, Беларусь)

albinka-t@yandex.ru

Ключавыя словы: беларуская мова, крылатыя выразы, структура, кампанент, элімінацыя, устаўка.

Key words: Belarusian, winged words, structure, component, elimination, insertion.

Анатацыя. Даследаваны такія разнавіднасці трансфармацый іншамоўных крылатых выразаў у сучаснай беларускай мове, як скарачэнне (элімінацыя) і устаўка (інтэркаляцыя) іх кампанентаў.

Abstract. The article examines the variety of transformation of foreign winged words in the modern Belarusian language as elimination and insertion of their components.

Крылатыя выразы ад іншых фразеалагічных сродкаў мовы адрознівае адсутнасць “сваіх” спецыфічных структур, але паколькі крылатыя выразы з’яўляюцца адным з відаў устойлівых спалучэнняў слоў і маюць структуру сказа ці словазлучэння, то яны змяняюцца па правілах пераўтварэнняў устойлівых адзінак. Крылатыя выразы падпадаюць розным мадальным, сінтаксічным, марфалагічным трансфармацыям, а таксама разнастайным іх камбінацыям у маўленні [1]. Да сінтаксічных відазмяненняў крылатых слоў адносяцца, акрамя іншых, элімінацыя і ўстаўка.



Элімінацыя – скарачэнне кампанентнага складу крылатых слоў, якое прадстаўлена наступнымі разнавіднасцямі.

1. Элімінацыя асобных прэдыкатыўных частак складанага сказа. Напр.: Заўсёды, калі мой герой гаварыў пра сваіх сяброў, таварышаў па змаганню, калі ў яго знешне спакойным голасе я суў задушэўныя ноткі маладога захаплення і мудрай удзячнасці долі, я ўспамінай міжвольна першыя словы вякамі праверанай прыказкі: “Скажы мне, хто твае сябры…”. (Бр. 3) – параўн.: Скажы <мне>, хто твае сябры (твой сябра), <і> я скажу, хто ты; Адзін за ўсіх [Назва часткі артыкула]. (НН, 1996, № 1) – параўн.: Адзін за ўсіх <і> усе за аднаго.

Звычайна элімінацыі падвяргаецца другая частка складанага сказа, аднак сустракаюцца прыклады скарачэння і першай часткі. Напр.: Сёння яго [Кандрата Крапіву] трэба адкрываць занава. Яго выдатныя сатырычныя п’есы “Хто смяецца апошнім”, “Мілы чалавек”, “Брама неўміручасці” не старэюць, як і яго байкі. Іх персанажы не толькі жывуць, але і набіраюць такую сілу і размах, што становіцца жудасна. (ЛіМ, 1996, № 15) – параўн.: <Добра> смяецца той, хто смяецца апошні (апошнім).

2. Элімінацыя асобных лексічных кампанентаў.

2.1. Элімінацыя асобных слоў і іх спалучэнняў. Напр.: Аўтар пераканаўча аспрэчвае распаўсюджанае памылковае ўяўленне пра Сярэднявечча, як нібыта бясплённы перыяд у еўрапейскай гісторыі, якому быццам бы быў уласцівы “сон розуму”. (ЛіМ, 2002, № 1) – параўн.: Сон розуму нараджае пачвар– І не баюся! Няма цябе! Ну выпіў трохі залішне – во і мроіцца ўсялякі опіум для народа… Кыш! (А. Д. 3) – параўн.: Рэлігія опіум <для> народа; У пошуках страчанага [Назва артыкула]. (К-ра, 2000, № 41) – параўн.: у пошуках страчанага часу; Якой жа палітыкі лепш прытрымлівацца, пакуль “палавіна” яшчэ не пачала паглядаць “налева” – бізуна ці перніка? (ЧЗ, 24.012003) – параўн.: мая другая (лепшая) палавіна; [Хiтры:] – Афгаша, хадзі да стала, чаго ты там тырчыш? Ты што, сапраўды нямы ці выпендрываешся? Калi нямы, дык мычаць павiнен! Усе нямыя мычаць, а не маўчаць! А ён ходзiць – як цень Гамлета… Мае нервы смушчаюцца. (Дуд. 1) – параўн.: цень бацькі Гамлета.

2.2. Элімінацыя ўсіх лексічных кампанентаў акрамя аднаго (часцей суб’ектнага). Напр.: Хто там ідзе? Мо ўласную харызму нам дэманструе прывід камунізму? Маг Бальтазар? Маэстра Картасар? (НН, 2000, № 47) – параўн.: Прывід ходзіць па Еўропе, прывід камунізму.

3. Элімінацыя ў “чыстым выглядзе” сустракаецца даволі рэдка, часцей за ўсё гэты прыём спалучаецца з іншымі сінтаксічнымі трансфармацыйнымі змяненнямі, напр.: [Маскалевіч:] – У злодзея не ўкрадзеш… [Пракурат:] – Або – што ўкрадзешь у таго, хто голы? [Маскалевіч:] – Мараль:пралетарыяту няма чагобаяцца. (Дам.) – параўн.: Пралетарыям (пралетарыяту) няма чаго губляць,акрамі сваіх ланцугоў (тут элімінацыя асобных лексічных кампанентаў спалучаецца з лексічнай субстытуцыяй).

Устаўка, або інтэркаляцыя (ад лац. устаўка, увядзенне) – устаўка слоў ці словазлучэнняў, сінтаксічна звязаных з кампанентамі крылатых слоў. У залежнасці ад таго, якім членам сказа з’яўляецца кампанент, які ўстаўляецца, вылучаюць наступныя разнавіднасці ўстаўкі.

1. Прэдыкатыўная ўстаўка. Напр.: Як не адчуць смуроду, пушчанага з асьлінай дупы, які вырадкі называюць водарам? Як заснуць, як спаць, калі сон розуму нараджае, плодзіць, клануе монстраў? А самае кепскае, што бачыш на афортах Гоі, і тады і зараз, і ў іх і ў нас сьвятары забываюцца на Бога, гандлююць гарэлкаю і самі п’яніцы горкія. (НН, 03.12.2001) – параўн.: Сон розуму нараджае пачвар (тут прэдыкатыўная ўстаўка спалучаецца з лексічнай субстытуцыяй).

2. Атрыбутыўная ўстаўка можа выражацца прыметнікам або цэлым сказам. Напр.: У студэнцкiя гады прыйшло разуменне таго, што адукацыя заўседы застаецца з чалавекам, а веды – сапраўдная сiла. (ЧЗ, 2000, № 151–152) – параўн.: Веды – сiла; “Веды – гэта такая сiла, якая ўсiм на карысць [Назва артыкула]. (З-да, 1999 г., № 185) – параўн.: Веды –сiла.

3. Аб’ектная ўстаўка. Напр.: Сёння – амаль кожны чалавек зусім практычна адчувае, бачыць: сэнс ягоных спраў, планаў, надзей наўпрост залежыць ад таго, што адбываецца на ўсёй планеце, з усімі людзьмі. Завастрыліся “пытанні” ў адным і галоўным напрамку – быць альбо не быць чалавеку н а З я м л і? У прамым, у фізічным сэнсе і значэнні слова. (Адам.) – параўн.: Быць або (ці) не быць <вось у чым пытанне> (тут камбінуюцца аб’ектная і акалічнасная ўстаўкі ў спалучэнні са зменай модуса паведамлення).

4. Акалічнасная ўстаўка. Напр.: Цяпер, калі вярнуцца назад і ацаніць тое мастацтва, то мы павінны проста зняць шапку перад гэтым мастацтвам, перад яго лепшымі творамі… Цяпер часы змяніліся. (ЛіМ, 14.05.1993) – параўн.:Часы мяняюцца, <і мы мяняемся разам з імі> (тут акалічнасная ўстаўка суправаджаецца дзеяслоўнай марфалагічнай трансфармацыяй).

5. Устаўка службовых слоў. Напр.: Цяпер сачыць за ім нялёгка нам: То Фінберг, бачым, тут, то Фінберг там… Якую ж і куды мелодыю ён гне – Сам Валдзіс Пельш не адгадае, не! (Ю. С.) – параўн.: Фігара тут, Фігара там (тут устаўка службовых слоў суправаджаецца субстытуцыяй).

6. Розныя віды ўставак могуць спалучацца адна з адной. Так, часцей за ўсё спалучаюцца аб’ектная і акалічнасная ўстаўкі Напр.: Сёння – амаль кожны чалавек зусім практычна адчувае, бачыць: сэнс ягоных спраў, планаў, надзей наўпрост залежыць ад таго, што адбываецца на ўсёй планеце, з усімі людзьмі. Завастрыліся “пытанні” ў адным і галоўным напрамку – быць альбо не быцьчалавеку н а З я м л і? У прамым, у фізічным сэнсе і значэнні слова. (Адам.) – параўн.: Быць або (ці) не быць <вось у чым пытанне> (тут камбінуюцца аб’ектная і акалічнасная ўстаўкі ў спалучэнні са зменай модуса паведамлення).

Устаўка можа спалучацца з іншымі сінтаксчічнымі трансфармацыйнымі прыёмамі. Напр.: – Люблю машыны… Мая мара! – летуценна сказала Марына. – Што ж, ад маары да рэчаіснасці ц я п е р адзін крок, – супакоіў яе Драгун. – Аднак мяне цікавіць больш не тое, што будзе, а тое, што ёсць. (Дам. 2) – параўн.: Ад вялікага да смешнага адзін крок (тут акалічнасная ўстаўка спалучаецца з лексічнай субстытуцыяй).



Спіс літаратуры

1. Іваноў, Я. Я. Крылатыя выразы ў беларускай мове : тлумачальны слоўнік : [у 5 ч.]. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2004. – Ч. 1. З іншамоўных (еўрапейскіх і амерыканскіх) крыніц ХІІ–ХХ стст. / пад рэд. Я. Я. Іванова. – 136 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка