Славутыя мясціны Мінска




Дата канвертавання06.01.2017
Памер445 b.



Славутыя мясціны Мінска

Адна з галоўных славутасцей Мінска –праспект Незалежнасці, які праходзіць ад цэнтра да паўночнага ўсходу. Яго даўжыня – 15 км. Гэта адна з самых працяглых гарадскіх магістралей у Еўропе.

Гордасць праспекта, які прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны Юнеска – архітэктурны ансамбль 1950-х гадоў: будынкі ў стылі "сталінскі ампір", балюстрады, асвятляльныя мачты, кветнікі…

Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь"

Сімвал трагедыі і неверагоднай мужнасці беларускага народа, памяць аб кожным трэцім жыхары краіны, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны… Беларуская вёсачка Хатынь знакаміта на ўвесь свет. Тут 22 сакавіка 1943 года пакутніцкую смерць прынялі 149 жыхароў, уключаючы старых і 75 дзяцей. Безабаронных людзей фашысты палілі жыўцом у зачыненым хляве, а тых, хто спрабаваў выбрацца з агню, "палівалі" аўтаматнымі чэргамі. У памяць аб трагедыі Хатыні і соцень іншых знішчаных разам з людзьмі вёсак быў заснаваны ўражальнымемарыял. З моманту адкрыцця ў 1969 годзе тут пабывала больш як 36 мільёнаў чалавек з розных куткоў свету.

Мемарыяльны комплекс "Курган Славы"

Манументальны "Курган Славы" заснаваны ў гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ваеннай аперацыі "Баграціён" – адной з буйнейшых у гісторыі чалавецтва – прымалі ўдзел чатыры франты пад камандаваннем праслаўленых палкаводцаў Ракасоўскага, Захарава, Чарняхоўскага і Баграмяна, а таксама маракі Дняпроўскай рачной флатыліі, французскія лётчыкі эскадрылллі "Нармандыя" і, вядома, беларускія партызаны. Агульная вышыня манумента – 70,6 м. На вяршыні ўзгорка (35 м), які захоўвае зямлю з гарадоў-герояў, знаходзяцца чатыры штыкі-абеліскі, што сімвалізуюць братэрства воінаў, і кальцо Славы, на якім адлюстраваны твары салдат і партызан.

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна"

Цікавы ваенны музей пад адкрытым небам заснаваны ў гістарычных месцахМінскага ўмацавальнага раёна – часткі знакамітай "Лініі Сталіна", пабудаванай у 1930-я гады ўздоўж граніцы СССР ад Карэліі да Чарнаморскага ўзбярэжжа. На тэрыторыі комплексу, дзе захаваліся сапраўдныя ДОТы, можна ўбачыць усе віды акопаў, траншэй і процітанкавых ірвоў, стралковыя пазіцыі, бліндажы для байцоў і акопы для гармат. Тут жа сабрана самая вялікая ў Беларусі экспазіцыя ваеннай тэхнікі, авіяцыі і зброя розных гадоў, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, унікальная калекцыя бронекаўпакоў, што захаваліся з Першай сусветнай…

Гродзенская вобласць

Заходні рэгіён Беларусі – Гродзеншчына – славіцца замкамі і палацамі знакамітых дынастый Еўропы, цудоўнымі храмамі розных канфесій і надзвычай маляўнічай прыродай. Тут захавалася больш як паўтары тысячы помнікаў гісторыі і культуры, сярод якіх і сусветная спадчыназамкавы комплекс "Мір"Дуга Струвэ, частка запаведнай Белавежскай пушчы… У старажытным Навагрудку зараджалася Вялікае Княства Літоўскае. У Крэве адбываліся важнейшыя падзеі беларускай гісторыі, а "каралеўскі горад" Гродна і сёння з'яўляецца ўнікальнай архітэктурнай жамчужынай Беларусі…

Аўгустоўскі канал

Цуд інжынернай думкі ХIХ стагоддзя – штучны водны шлях, які звязаў Балтыйскае і Чорнае моры – уваходзіць у сусветную тройку нараўне з каналам Гота ў Швецыі іКаледонскім у Вялікабрытаніі. Тут вы ўбачыце ўнікальныя гідратэхнічныя збудаванні, накіруецеся ў падарожжа на цеплаходзе або байдарцы па маляўнічых і экалагічна чыстых мясцінах. Канал знаходзіцца на тэрыторыі Аўгустоўскай пушчы, якую называюць "зялёнымі лёгкімі Еўропы"

Мірскі замак

Самая папулярная выдатная мясціна Беларусі, рэзідэнцыя вядомага родуРадзівілаў, унесеная ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, з’яўляецца выдатным узорам абарончага дойлідства XVI-XVII стагоддзяў. Спалучэнне готыкі, барока і рэнесансу зрабіла замак унікальным збудаваннем у Еўропе. Акрамя непрыступнай цытадэлі, дзе сёння размешчаны музей і атэль, замкавы комплексуключае італьянскі рэнесансны сад, англійскі парк, сажалку і капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх

Кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя

Цудоўны Фарны касцёл – візітная картка старадаўняга Гродна. На яго асвячэнні ў1705 годзе прысутнічалі кароль Аўгуст II і расійскі правіцель Пётр І. Комплекс будынкаў касцёла, у тым ліку манастыр і першая ў Беларусі аптэка (сёння аптэка-музей), займаў цэлы квартал і лічыўся самым раскошным у Рэчы Паспалітай. Галоўная святыня храма – цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) – копія абраза Маці Божай Снежнай зрымскай базілікі Santa Maria Maggiore, падораная гродзенцам у 1664 годзе. Вядомы касцёл і цудоўнымдраўляным алтаром з разнымі выявамі апосталаў і святых.

Брэсцкая вобласць

Паўднёва-заходні рэгіён Беларусі, які называюць першым бастыёнам краіны, славіцца ўнікальнымі гістарычнымі і прыроднымі помнікамі. Сярод іх – легендарнаяБрэсцкая крэпасць, гераічная гісторыя якой вядома ўсяму свету, старадаўні лес Еўропы Белавежская пушча, дзе жывуць велічныя зубры, пункты Дугі Струвэ – самага грандыёзнага геадэзічнага "інструменту" на планеце, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, раскапаны археолагамі драўляны горад XIII стагоддзя, выдатныя палацы ў Ружанах і Косаве. Брэсцкая зямля – радзіма нацыянальнага героя трох краін Тадэвуша Касцюшкі, тут жа знаходзіўся радавы маёнтак Дастаеўскіх, якія падарылі свету вялікага пісьменніка.

Белавежская пушча

Легендарная Белавежская пушча – адзін са старэйшых запаведнікаў у свеце, буйнейшая з захаваных частак вялізнага рэліктавага лесу Еўропы, які шмат стагоддзяў таму распасціраецца ад Балтыйскага мора да Буга і ад Одэра даДняпра. Унікальная прыродная тэрыторыя, якая аб'ядноўвае Беларусь і Польшчу, уключана ў  Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Акрамя таго, Белавежская пушча – самы вялікі з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі (плошча складае амаль 153 тысячы га). У 1993 годзе ён атрымаў статус біясфернага запаведніка, у 1997 г. узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы як адна з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце.

Сядзіба Дзеда Мароза

У старадаўнім запаведным лесе знаходзіцца яшчэ адна выдатная мясціна краіны– рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Драўляныя домікі, упрыгожаныя ажурнай разьбой, арыгінальныя скульптуры чароўных персанажаў, і, вядома, самі казачныя героі, якія сустракаюць гасцей – усё гэта стварае атмасферу навагодняга цуду. Тут можна дапамагчы Снягурачцы ўзбіць падушкі ў доме Дзеда Мароза, пабываць на Чароўным млыне, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл, раскрыць сакрэт вырабу сняжынак у майстэрні Матухны Зімы, наведаць Музей ледзянога побыту, а таксама павадзіць карагоды.

Камянецкая вежа

700-гадовая вежа-данжон, якую часта называюць Белай вежай – пазнаваемы архітэктурны сімвал Беларусі. Слуп вышынёй 30 м з магутнымі сценамі, вузкімі байніцамі і прамавугольнымі зубцамі пабудавалі ў другой палавіне XIII стагоддзя згодна з загадам князя Уладзіміра Васількавіча для ўмацавання граніц Галіцка-Валынскіх зямель. За сваю гісторыю вежа не аднойчы вытрымлівала аблогі крыжаносцаў і татар, станавілася месцам баёў войскаў князёў-суседзяў. І сёння гэта адзінае ўцалелае збудаванне такога тыпу ў Беларусі. Камянецкая вежаразмешчана ўсяго за некалькі кіламетраў ад пачатку Белавежскай пушчы, аднак зусім не яна, пабудаваная з чырвонай цэглы, дала назву знакамітаму лесу.

Каля падножжа вежы ўстаноўлены бронзавы помнік заснавальніку горада Камянца князю Уладзіміру Васількавічу і жывёле-сімвалу Белавежжа – зубру.

Віцебская вобласць

Легендарны край блакітных азёр, старажытных гарадоў і старадаўніх помнікаў, які даў свету такія імёны, як Ефрасіння ПолацкаяФранцыск СкарынаМарк Шагал,Жарэс АлфёраўІван Чэрскі, Леў Выгоцкі… Менавіта на віцебскай зямлі сусветна вядомы авангардыст Казімір Малевіч напісаў галоўную працу аб супрэматызме, а таленавіты жывапісец Ілья Рэпін стварыў амаль 40 карцін і малюнкаў. Унікальныя прыродныя жамчужыны Віцебшчыны – нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", які славіцца сотнямі маляўнічых азёр і астравоў, ландшафтны заказнік "Ельня", дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх у Еўропе масіваў старадаўніх вярховых балот і ледавіковых азёр.

Сафійскі сабор

Сабор Сафіі Прамудрасці Божай – адзін з самых ранніх праваслаўных храмаў у Еўропе і першы мураваны ў Беларусі – уключаны ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пабудаваны ў 1044 – 1066 гадах па распараджэнні князяУсяслава Чарадзея, ён увасабляў незалежнае і магутнае Полацкае княства. Сабор з’явіўся пасля сваіх "старэйшых сясцёр" у Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваных на ўзор сабора ў Канстанцінопалі, і стаў чацвёртым у свеце храмам Святой Сафіі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ён быў значна перабудаваны ў самабытным стылі віленскага барока.

Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры"

Старажытны ледавік пакінуў у Браслаўскім Паазер’і больш за 10 відаў рэльефу, якія сталі адной з галоўных асаблівасцей краю. Вялікія і маленькія азёры з дзіўнымі берагамі, звілістыя рэкі, шматлікія астравы (на некаторых у старажытныя часы стаялі крэпасці і манастыр),ледавіковыя 

ўзгоркі (озы і камы) – усё гэта стварыла ўмовы для багатай флоры і фаўны. На тэрыторыі заснаванага ў 1995 г.нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" плошчай каля 70 тысяч гектараў расце больш за 1900 відаў раслін і жывуць 312 відаў пазваночных жывёл. Тут можна ўбачыць вялікую колькасць птушак, сярод якіх сустракаюцца і рэдкія: вялікі бугай, чорны бусел, белы журавель…

Бярэзінскі біясферны запаведнік

Найстарэйшы сярод ахоўных аб’ектаў Беларусі – Бярэзінскі біясферны запаведнік – заснаваны ў 1925 годзе. Унікальныя экасістэмы прывабліваюць сюды тысячы турыстаў. У 1979 годзе запаведнік увайшоў у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА, з 2005-га – уключаны ў Міжнародную экалагічную сетку, у 2010-м – у Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў… Запаведная тэрыторыя займае больш за 80 тысяч га і ўключае разнастайныя тыпы лясоў, балот, пойменных лугоў, азёр і рэк. Тут расце больш за 2 тысячы відаў раслін (78 з Чырвонай кнігі Беларусі), тэрыторыю насяляюць дзясяткі відаў млекакормячых і сотні птушак. Бярэзінскі запаведнік – адзінае месца ў Беларусі і ў цэлым у Еўропе, дзе можна ўбачыць адразу ўсіх прадстаўнікоў "еўрапейскай пяцёркі" – зубра, мядзведзя, рысь, воўка і лася.

Магілёўская вобласць

Стагоддзі таму праз усходнія землі Беларусі праходзіў знакаміты гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", часткай якога быў Днепр – адна з буйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII-XIII стагоддзяў тут вядомы гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Пазней Магілёўская губерня стала ўпадабаным месцам імператараў: Кацярына II дарыла тутэйшыя маёнткі фаварытам, а Мікалай II у гады Першай сусветнай вайны зрабіў Магілёў Cтаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Сярод выдатных мясцін рэгіёна – цудоўныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёвазамак XVII стагоддзя і ўнікальнаясінагога ў Быхавепалацава-паркавы ансамбль у Жылічахпалац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць

Сабор Трох Свяціцеляў у Магілёве

Галоўны праваслаўны храм горада, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, названы ў гонар усяленскіх свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Златавуста. Сямікупальны сабор у форме крыжа, вытрыманы ў строгіх лініях псеўдарускага стылю, мае цікавую асаблівасць: увайсці ў яго можна з трох бакоў. У гады Першай сусветнай вайны сабор часта наведваў Імператар Мікалай II. Галоўная святыня храма – спіс цудатворнага Магілёўска-Брацкага абраза Божай Маці. Тут жа захоўваюцца абраз свяціцеля Мікалая з часцінкамі мошчаў, спісы Бялыніцкага і Баркалабаўскага абразоў Божай Маці, абраз прападобнайЕфрасінні Полацкай 1910 года.

Палац архіепіскапа Георгія Каніскага ў Магілёве

Архірэйскі палац выдатнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых Беларусі – Георгія Каніскага – быў узведзены ў 1762 – 1785 гадах архітэктарам Янам Глаўбіцам. І да нашых дзён старадаўняя рэзідэнцыя застаецца ўпрыгажэннем Магілёва. Мноства дэталей – нішы, налічнікі з мудрагелістым малюнкам і раслінныя матывы – надаюць палацу барочны выгляд. У свой час па абодвух баках будынка размяшчаліся манастырскія келлі, малюнак на сценах якіх арганічна завяршаў афармленне ўсяго ансамбля. У вялікай зале на першым паверсе праводзіліся прыёмы, а на верхнім ярусе, дзе размяшчаліся асабістыя пакоі, кабінет і бібліятэка, архіепіскап мог пабыць у адзіноце.

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыял прысвечаны воінам, якія ў ліпені 1941 года на працягу 23 дзёнабаранялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Подзвіг салдат стаў адной з самых яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны, і нярэдка Магілёў называюць "бацькам Сталінграда". У цэнтры комплексу – чырвоная капліца, дзе ўстаноўлены памятныя дошкі з імёнамі загінуўшых абаронцаў і народных апалчэнцаў, а таксамамаятнік Фуко – сімвал вечнай памяці. Ад капліцы разыходзяцца 4 алеі, адна з якіх прысвечана першаму "летапісцу" магілёўскай абароны – аўтару рамана "Жывыя і мёртвыя" Канстанціну Сіманаву. Побач размешчана экспазіцыя ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.

Гомельская вобласць

Пра дзіўнае беларускае Палессе, якое аб'ядноўвае сучасныя Гомельскую іБрэсцкую вобласці, вядома са старажытнасці. Грэчаскі гісторык Герадот пісаў аб таямнічай краіне Неўрыдзе і вялікім моры ў тутэйшых мясцінах. Магчыма, гэта была залітая водамі даліна Прыпяці або сапраўднае мора, аб чым сведчаць знаходкі марскіх ракавінак і старадаўняе радовішча солей… Запаведная прырода, што нагадвае джунглі, унікальныя пойменныя дубровы і багацейшая фаўна – візітка нацыянальнага парку "Прыпяцкі", у цэнтры якога знаходзіцца адзін з самых старадаўніх усходнеславянскіх гарадоў – Тураў. Сярод іншых знакамітых выдатных мясцін вобласці – палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, горад старавераў Ветка, старадаўнія Мазыр, Рэчыца, Чачэрск, што ўваходзяць у "Залатое кальцо Гомельшчыны".

Нацыянальны парк "Прыпяцкі"

Унікальны прыродны рэзерват у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці – адзінае месца ў свеце, дзе захаваліся некранутымі векавыя пойменныя дубровы і знаходзіцца буйнейшы ў Еўропе масіў пераходных і вярховых балот. Акрамя таго,нацыянальны парк "Прыпяцкі" мае статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Тут не толькі спыняюцца тысячы пералётных, але і пастаянна пражываюць звыш250 відаў птушак (79 працэнтаў арнітафаўны ўсёй краіны), сярод якіх рэдкія шэры журавель, чорны бусел, балотная сава, арлан-белахвост… Для турыстаў у парку арганізуюцца экскурсіі па экамаршрутах, прагулкі на цеплаходах і лодках, фотасафары, паляванне і рыбалка.

Тураў

Старажытны Тураў – буйнейшы разам з Полацкам рэлігійна-духоўны цэнтр Беларусі – упамінаецца ў летапісах з 980 года. Менавіта тут быў пабудаваны другі па велічыні пасля полацкай Сафіі храм (на жаль, не ўцалеў з-за балоцістых глеб), а ў 1056-1057 гадах створаны адзін з першых помнікаў усходнеславянскага пісьменства – Тураўскае Евангелле. У палескім горадзе жыў і тварыў знакаміты "беларускі Златавуст" – прапаведнік і багаслоў Кірыла Тураўскі. Да нашых дзён у Тураве захавалася гарадзішча Х-XIII стагоддзяў з фрагментамі храма і жылых пабудоў, а таксама выдатны помнік драўлянага дойлідства царква Усіх Святых, культавыя каменныя крыжы

Мемарыял у вёсцы Чырвоны Бераг

Адзіны ў свеце мемарыял, прысвечаны дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў вёсцы Чырвоны Бераг. У 1943 годзе фашысты стварылі тут лагер, дзе самымі жорсткімі, бесчалавечнымі спосабамі ў дзяцей бралі кроў для шпіталяў гітлераўскай арміі. У XXI стагоддзі на месцы гібелі 1990 чалавек з'явіўся мемарыял, над праектам якога працавалі архітэктары пад кіраўніцтвам аўтара комплексу "Хатынь" Леаніда Левіна. Каля ўвахода наведвальнікаў сустракае бронзавая фігурка дзяўчынкі са складзенымі накрыж рукамі. Ад плошчы Сонцаразыходзяцца алеі-прамяні, адзін з якіх – "Прамень памяці" – перасякае пусты клас, дзе толькі 21 белая парта і чорная дошка з пісьмом вязніцы Каці Сусанінай бацьку. На фоне вітражоў з замілавальнымі малюнкамі ўстаноўлены сімвал няздзейсненых дзіцячых надзей – "Папяровы караблік"…



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка