Словаўтваральнае гняздо




Дата канвертавання25.11.2017
Памер48.04 Kb.
Словаўтваральнае гняздо

Словаўтваральнае гняздо – гэта блок аднакаранёвых словаў, які складаецца з вяршыні (невытворнага слова) і ўтвораных ад яго словаў. Нагадаем, што невытворнае слова тоеснае кораню і звычайна не мае празрыстай матывацыі ў мове (кот, дом). Пры дапамозе прыставак, суфіксаў, злучальных галосных, постфіксаў утвараюцца новыя словы, якія ўваходзяць у словаўтваральныя ланцужкі: бегчы бягун бегунок, бегчы бег, бег бягом; дом дамок дамочак, дом дамашні па-дамашняму, дом дамавік. Іншымі словамі, гэтыя ланцужкі з тым самым матывуючым коранем і складаюць словаўтваральнае гняздо. Чым болей словаў уваходзіць у словаўтваральнае гняздо, тым большая актуальнасць гэтых словаў і паняткаў у мове.

Такім чынам, найбольш шматколькасныя і разгалінаваныя гнёзды ўтвараюць у нашай мове дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі, якія адносяцца да лексікі актыўнага ўжытку. Найменшую колькасць адзінак у словаўтваральным гняздзе маюць неалагізмы, новыя запазычанні, а таксама словы, што належаць да пасіўнай лексікі, то бок рэдка ўжываюцца носьбітамі мовы.

Паводле гэтай класіфікацыі гнёзды падзяляюцца на нулявыя, або патэнцыйныя (уваходзіць толькі адно слова: альма-матар); слаба разгорнутыя (два словы, адно з якіх з’яўляецца вяршыняй: маянэз – маянэзны) і моцна разгорнутыя гнёзды (уключаюць тры і больш словаў).

У вузкім сэнсе слова словаўтваральнае гняздо – гэта такая структура, што складаецца выключна са словаў, семантычная сувязь паміж якімі відавочная носьбіту мовы. Межы гнёздаў могуць змяняцца разам са стратай такой бачнай семантычнай сувязі паміж словамі. Аднак у шырокім сэнсе слова можна разглядаць словаўтваральнае гняздо ў яго гістарычным развіцці (у дыяхраніі).

Возьмем, для прыкладу, семантычнае гняздо з вяршыняй “род”. Само слова род сустракаецца ва ўсіх славянскіх мовах, часам у трошкі адрозным гучанні (напрыклад, ва ўкраінскай гэта рід, у польскай ród). Гэта дае падставу меркаваць, што яно мае праславянскае паходжанне. Больш за тое, некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што прыйшло яно яшчэ з інда-еўрапейскіх часоў (ад інда-еўрапейскага кораня *uerdh- (*urodh-). Пра што сведчыць яго існаванне не толькі ў славянскіх мовах, а, напрыклад, у літоўскай, латышскай, старажытна-індыйскай і іншых.

Само слова першапачаткова азначала ‘шэраг пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка’. Яно фіксуецца ў пісьмовых помніках, пачынаючы ўжо з ХІ стагоддзя. Відавочна, што гэта лексема вельмі важная для беларусаў, бо яна ўваходзіць у моўнае ядро нашай мовы і адлюстроўвае этнакультурныя асаблівасці народа, яго светапогляд. Сёння пад словам род мы маем на ўвазе не толькі племя, сям’ю, пакаленні, але і сукупнасць прадметаў, якія валодаюць нейкай агульнай якасцю (сінонім кшталт), і напрамак дзейнасці. Гэта таксама біялагічны тэрмін, які аб’ядноўвае сваяцкія віды жывёлаў і раслін, і лінгвістычны тэрмін (жаночы род, ніякі род).

Пра актуальнасць для нас панятка род сведчыць надзвычай вялікае словаўтваральнае гняздо, аб’яднанае гэтым коранем. Гэта родзіч, родны, радня – людзі адной крыві; роды, радзіны, нараджэнне, радніць – працэсы; народ, які пайшоў з аднаго кораня, радзіма – родная зямля. Цікава, што той самы корань мае і слова радзімка – прыродная плямка на скуры чалавека, бо лічылася, што яна была ўжо пры нараджэнні чалавека. Да словаўтваральнага гнязда ў шырокім сэнсе слова адносіцца і слова прырода, якая родзіць усё жывое, а таксама слова парода, калі мы кажам пра нейкія разнавіднасці раслінаў і хатніх жывёлаў, а раней і пра саслоўі дарэчы. Пародай таксама называюць мінеральныя выкапні. Адсюль і аднакаранёвае слова радовішча, якое таксама пайшло ад слова род, бо гэта месца, дзе здабываюць карысныя выкапні – то бок, месца іх нараджэння. Ураджай і ўрадлівы таксама маюць той самы корань і звязаныя з колькасцю атрымання пладоў у прамым і пераносным сэнсе слова.

Усе вышэй пералічаныя словы не маюць у мове адмоўнай афарбоўкі ў адрозненне ад словаў урод і вырадак, утвораных пры дапамозе прыставак у- і вы-. Далучэнне гэтых прыставак да кораня род дае нам словы для называння людзей, што адарваліся ад роду, ад яго традыцый, сталі бязроднымі. Сёння так звычайна называюць чалавека з нейкімі фізічнымі і маральнымі адхіленнямі (цікава, што ў польскай мове слова uroda мае зусім іншае, нават процілеглае значэнне - ‘прыгажосць’). Дарэчы, слова юродзівы таксама паходзіць ад кораня род. Так раней называлі не проста вар’ятаў, а тых, хто валодаў дарам прадказання. Сёння мы таксама скажам блазнаваты.



Існуе яшчэ шмат шырокавядомых словаў з тым самым коранем: дзень народзінаў, нараджальнасць, адраджэнне, перараджэнне, выраджэнне, высакароднасць, Багародзіца. І адна з назваў вялікага свята, што ўжо зусім хутка прыйдзе да нас – Растватаксама паходзіць ад слова род!

Такі чынам, аб’яднальным значэннем для большасці словаў з коранем род перадусім будзе з’яўленне на свет і сувязь паміж пакаленнямі.



Заданне

Узнавіце элементы словаўтваральнага гнязда (у шырокім сэнсе слова) з вяршыняй мова:

Назоўнікі:

Мова

Змова

Замова

Умова

Прамова

Прадмова

Адмова

Намова

Размова

Перамовы, перамоўны

Дамова

Дамоўленасць

Маўленне

Моўца

Суразмоўца

Прамоўца

Змоўца

Перамоўца

Сумоўе

Прымаўка

Мовазнаўства

Моватворчасць

Бязмоўе

Немаўля

Метамова

Шматмоўе

Двухмоўе

Крыптамова

Вымаўленне

Прыметнікі:

Моўны

Маўленчы

Умоўны

Адмоўны

Іншамоўны

Міжмоўны

Шматмоўны

Беларускамоўны

Дамоўлены

Размоўны

Мовазнаўчы

Моватворчы

Бязмоўны


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка