Сонца ў ваконцы




старонка6/45
Дата канвертавання25.12.2016
Памер6.75 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   45

Во і бамж пра радыяцыю кажа то так, то гэтак. То яна для яго — не пагроза, то ён ужо штось адчувае. Хаця што бамж — нават вучоныя ня могуць дазнацца пра ступень яе небясьпекі. Адныя ўстанаўліваюць адныя нормы, другія — другія. Але ўсе вынаходзяць тэарэтычна, а тут даводзіцца выпрабоўваць гэтую халеру на сабе, сугуба практычна. Яны тут, нібы лябараторныя мышы зь нікому непатрэбнай лябараторыі, няплянавыя ахвяры заблытанай навукі. А заадно й гэткай жа тэхнікі. А можа, і абаронкі таксама. Салдат нідзе не чытаў, але чуў у размовах, што прычыны катастрофы — усё ж у абаронцы. Для ракет патрэбны ўзбагачаны плутоній, во абароншчыкі й гналі яго, каб выканаць і перавыканаць пляны да сьвята ўсіх працоўных — першага мая. Тэхніка й ня вытрымала. А за ёй і абаронка, ды й палітыка таксама. Але ж у гэтай дзяржаве палітыка — рэч сьвяшчэнная, у ёй ніколі ніхто не сумняваецца. Толькі чаму яна патрабуе столькі ахвяраў?

Апошнія дні салдат таксама пачаў прыкмячаць у сабе штосьці нядобрае. Нейкія кепскія зьмены пачалі адбывацца і ў яго арганізьме. Стала надта круціцца галава, часам ён нават баяўся, што ўпадзе, асабліва калі доўга глядзеў на рачную плынь. Зноў жа пачала балець шыя пад вухам, увесь час карцела адкашляцца, ды было неяк. Але болей за ўсё яму дакучала адчуваньне голаду. Ад голаду ён слабеў і думаў, што ўсе прычыны яго хваравітасьці — ад недахопу харчу. Здавалася, калі б хоць аднойчы ўволю пад’еў, дык і пачуўся б лепей. Але пад’есьці ўсё не было чаго, а пра іншае ён баяўся й думаць.

Выратоўчы іх касьцярок, зь якога яны карміліся і які грэў іх уначы і ўраньні, апынуўся карай для салдата. Ён зжыраў неймаверную колькасьць дроваў, якія ўсё цяжэй было здабываць у лесе. Мабыць, усё было б лепш, калі б яны мелі сякеру ці хоць які здатны нож ці кінжал. Але нічога з таго ў іх не было — ні ў бамжа, ні ў салдата, дровы яны мусілі здабываць голымі рукамі. Гарадзкі жыхар, салдат ня думаў, што ў лесе гэта стане праблемай. Галоўнае, калі бамж ішоў на балота, хлопец ня мог на даўгі час адлучацца зь берагу, а адлучыўшыся, кожны раз баяўся, што спозьніцца, і касьцёр згасьне.

Таго дня ён асабліва далёка й не адыходзіў. Выбраў у маладым хвойніку ссохлую елку, якая была яму пад сілу, і распачаў яе гнуць-хістаць, каб выкруціць з каранямі. Елка была не таўстая, тым ня менш давялося павалэндацца, і хлопец ажно спатнеў, пакуль управіўся зь ёю. Так і павалок цераз падлесак да рэчкі, усё трывожачыся, ці не патух касьцярок. Як ішоў, падклаў зусім трохі, магло й дагарэць.

Выбраўшыся зь лесу на абрыў, перш за ўсё зірнуў на бераг і ад зьдзіўленьня ледзьве ня выпусьціў елку — каля касьцярка плячмі да яго сядзела незнаёмая жанчына. Касьцярок быццам яшчэ трохі дыміўся, і жанчына, апранутая ў джынсовую куртку і спартовыя штаны, клапатліва падкладвала ў яго тое, што не пасьпела яшчэ дагарэць. Салдат амаль што спалохаўся, што яна можа й зусім патушыць касьцёр, і саскочыў з абрыву.

— Во падкладваю, каб не патух, — сказала жанчына звычайным, амаль як у хаце, голасам.

Не адказаўшы ёй, салдат паправіў канцы недагаркі гальля — дымок пагусьцеў, неўзабаве павінны быў паявіцца агонь: касьцярок не затухне. Гэта яго супакоіла, хаця паяўленьне жанчыны амаль затрывожыла, тым больш, што ён тут апынуўся адзін, — бамж з ранку прападаў на балоце.

— Што, рыбу ловіш? — паўзіраўшыся ў яго заклапочаны твар, запытала жанчына.

Яна была куды старэйшая за салдата, мела жвавы й востры позірк з-пад цёмных, не памаляваных брывоў; на яе вуснах таксама не было прыкметна сьлядоў памады, і яны здаваліся ня надта выразнымі на худаватым твары. Вольная манера гаворкі й не беларуская мова давалі зразумець, што жанчына не тутэйшая, — хутчэй за ўсё, з гораду. Але як яна апынулася тут? Што ёй тут трэба?

— Адзін тут? — зноў запытала яна.

— Не адзін, — буркнуў ён і палез на абрыў па елку. Усё ж трэба было падкласьці ў касьцёр.

Ён звалок елку з абрыву, падцягнуў бліжэй да берагу і пачаў абломваць галіны. Некаторыя зь іх кідаў у агонь, іншыя, што былі таўсьцейшыя, складваў наводдаль. Жанчына, пільна назіраючы за ім, моўчкі сядзела ля кастра. Пасьля рэзка спытала:

— Ты дурань, ці што?

Перш, чым адказаць, ён кінуў у яе бок злы позірк, бо яна яўна бянтэжыла хлопца і, мабыць, не адразу ўцяміла тое. Але зразумеўшы, падышла да яго бліжэй.

— Давай памагу.

Удвох яны сталі ламаць зь елкі суччо, хаця, як ён зразумеў, дапамога ад яе была невялікая; яна больш замінала, тузаючы елку. Ростам яна была вышэйшая за салдата і, мабыць, ніколькі не бянтэжылася ў адносінах зь ім. Ён жа немаведама чаму пачаў прыкметна для самога сябе саромецца ад таго, што яна была да яго так блізка.

— А сякеры няма? — папыталася жанчына, і ён згледзеў, што наперадзе ў яе не хапае зуба.

— Няма.

— І пілкі няма?



— Няма й пілкі.

— Як жа ты тут абыходзісься? Рукамі?

— Рукамі.

— А як рыба? Клюе?

— Клюе, — проста адказваў ён, ламаючы таўсьцейшыя сукі зьнізу. Жанчына абломвала болей тонкія зь вершаліны.

— І шмат налавіў?

Прыпамятаўшы іхны ўлоў і страчаны кручок, ён крыва ўсьміхнуўся. Падумаў, аднак, што падрабязнасьцяў ёй тлумачыць ня будзе. Хто яна такая, каб усё ёй тлумачыць.

— А дзе ж твая вуда? Ці, можа, сетка? — не змаўкала жанчына.

— Для нашай рыбы вуды ня трэба, — сказаў ён, маючы на ўвазе жабаў.

— Во як! Значыць, ты тут не адзін?

— Не адзін, — сказаў ён і ўпершыню проста зірнуў ёй у твар, затрымаўшы позірк на вязанай шапачцы на галаве. Усё ж улетку ў зімовых шапках жанчыны ня ходзяць, нават у лесе. Чаму гэтая ў шапцы? Ягоны позірк, аднак, зараз жа прыкмеціла жанчына.

— Што, думаеш — благая шапка? Вельмі нават зручная. І камары не кусаюць. Дык з кім жа ты ловіш?

— З кім трэба, з тым і лаўлю, — стрымана сказаў ён і змоўк. Недарэчная цікаўнасьць жанчыны пачала дакучаць салдату. Добра яшчэ, думаў ён, калі тое — толькі цікаўнасьць. Хутчэй бы прыходзіў з балота бамж, ужо ўдвох бы яны знайшлі як адчапіцца ад гэтай жанчыны.

Жанчына ў сваю чаргу таксама зразумела, мабыць, што няшмат даб’ецца ад гэтага недарэкі-хлопца ў салдацкім бушлаце, і сказала пра сябе:

— А я гэта іду, гляджу — касьцярок, і нікога няма. Ну, думаю, прыкуру, а то запальніца скончылася. А топаць далёка…

— Гэта куды ж — топаць? — ваўкавата запытаў салдат.

— Туды, — няпэўна махнула рукой жанчына.

І тады салдат убачыў ля вогнішча невялікую гаспадарчую сумку, зь якімі гаспадыні звычайна ходзяць на рынак. У сумцы штосьці было накладзена, аднак, наўрад ці прадукты — з выгляду сумка здавалася лёгкай. У той час з кустоўя ля рэчкі паявіўся бамж, які, убачыўшы іх тут, прыпыніўся, але затым пачаў нетаропка набліжацца па беразе. Жанчына, згледзеўшы яго, кіўнула.

— Напарнік, ага?

— Напарнік, — сказаў салдат. Ягоны ніякаваты настрой адразу стаў лепшаць, у прысутнасьці бамжа ён адчуў сябе болей упэўнена.

Здаля азіраючы жанчыну, бамж падышоў да кастра. У шапцы ён трымаў налоўленых у балоце жабаў і цяпер яўна прыкідваў, што зь імі рабіць. Мабыць, паказваць іх незнаёмай жанчыне ён не хацеў, але й выпускаць таксама было шкада. Жанчына, падобна было, штось зразумела.

— Што гэта — рыба?

— Рыба, — раптам сказаў бамж. — Ляшчы. Паказаць?

— Пакажы.

Жанчына зрабіла некалькі крокаў насустрач, каб зазірнуць у шапку, адвязаныя вушы якой ён сьціскаў у кулаку. Але, зазірнуўшы, адхіснулася.

— Фу, гадасьць! Нашто яны вам?

— Есьці!

— Есьці? Вы што?

— А нічога. Голад — ня цётка.

— Панятна, — не адразу сказала жанчына і адышлася, здаецца, страціўшы цікавасьць і да жабаў, і да іхных лаўцоў.

Бамж між тым зь нечаканым імпэтам забегаў каля кастра.

— А во мы іх зараз падкапцім, падсмажым і зьямо за мілую душу. Праўда, салдат? Можам і пачаставаць, калі згаладнела. Адкуль ідзеш? — быццам да добра знаёмай, зьвярнуўся ён да жанчыны.

— Адтуль, — сказала жанчына і прысела трошкі ўбаку ад вогнішча.

— Салдат, давай болей дроваў! — па-камандзірску распараджаўся бамж. — Напалі жару. А я іх выпатрашу, нафаршырую цыбуляй ды перчыкам. А як жа! Французы ядуць, а мы што — горшыя?

Салдат безь вялікай ахвоты ўзяўся падкладваць у вогнішча сухое яловае гольле, полымя ад якога хутка шуганула слупам пад неба. Зблізку ад вагню стала горача, яны адышліся далей; бамж ржавым складанчыкам выпатрашыў дзясятка паўтара жабак.

— Нябось уцякаеш? — раптам запытаўся ён у жанчыны, якая сядзела зводдаль. Жанчына насьцярожылася.

— А я не ўцякаю. Хай ад мяне ўцякаюць.

— Хе! Ты хіба зь міліцыі?

— Можа, і зь міліцыі…

— Так я табе й паверыў! — агледзеўшы яе, сказаў бамж.

Жанчына ў адказ засьмяялася — строгі яе напачатку твар па-добраму прасьвятліўся.

— Ну й правільна зрабіў. Цяпер верыць нікому нельга.

На грудку напаленага вугольля бамж распачаў пячы-смажыць жабаў. Седзячы побач, салдат звыкла глытаў сьлінькі й памалу пароў у агонь. Ён чакаў, што жанчына пойдзе, яе прысутнасьць непрыемна гняла яго, ён ужо пасьпеў адвыкнуць ад пустой балбатні зь незнаёмымі. Для пустых размоваў яму даволі было бамжа. З жанчынай, напэўна, трэба было абыходзіцца інакш, асабліва з такой во бессаромнаю прыліпалай. У размовах з жанчынамі ён наогул рэдка калі трапляў на патрэбны тон, часьцяком саромеўся і нават пакутаваў з таго.

Празь якую гадзіну ці болей жабкі, здаецца, падсмажыліся, і яны паселі іх есьці. Жанчына па-ранейшаму мясьцілася трохі ўбаку ад вогнішча, і салдат падумаў: ну, цяпер ужо пойдзе. Але яна нікуды ня йшла, і калі бамж падаў ёй невялічкую жабку на шырокім лісьце дзядоўніку, які служыў ім заместа талерак, нерашуча ўзяла яе. Аднак есьці пакуль не сьпяшалася.

— А солі? Солі ў вас няма?

— Чаго няма, таго няма, — ахвотна патлумачыў бамж. — Знаеш, і выпіць няма. Можа, у цябе маецца?

— Чаго няма, таго няма, — бы перадражніла яго жанчына і ціхенька, неўпрыкмет уздыхнула.

— Дык еш. Нябось даўно ня ела?

— Даўнавата, — прызналася жанчына. — Тут дзе возьмеш?

— Тут нідзе няма. Апроч як у нас, — жартаваў бамж. — Рэстаранчык на беразе. Бы паплавок, праўда, салдат?

Салдат няўтульна пацепаў плячыма, падумаў: чаго ён чапляецца? Хай бы й чапляўся да яе, калі яму цікава, ды пакінуў яго ў спакоі.

Хутка яны скончылі тых жабаў, абсмакталі іх дробныя косткі, якія бамж сабраў у адну кучку ды затаптаў у пясок.

— Во й паабедалі! І павячэралі таксама. Ну як — нішто?

Жанчына няпэўна цепанула плечукамі — мабыць, адказу ў яе не знайшлося. Замест таго яна штосьці дастала з сумкі.

— Закурым?

— А мы некурашчыя, — адказаў бамж.

— Траўку…

— Траўку? Тады давай.

Жанчына спрытна згарнула з паперкі таўстую цыгарку, прыкурыла ад вугальку з кастра. Бамж падсунуўся да яе бліжэй.

— Цябе як зваць?

— А цябе?

— Мяне — Жора.

— Ну калі ты — Жора, дык я — Жаржэта. Чуў такое імя?

— А як жа! Толькі як ты тут апынулася? Тут жа зона.

— Ну і хрэн зь ёй, з зонай, — рэзка, без усьмешкі сказала жанчына. — Нам дык чаго баяцца?

— А сьмерці?

— Сьмерць я ўжо бачыла. Нават пацалавалася зь ёй. Во, паглядзі!

Яна ссунула з ілба вязаную шапачку, і на выстрыжанай скроні паявілася белае лапікла лейкаплястыру.

— Што гэта?

— Ад кулі. Кілер быў п’яны, не пацэліў.

— Кілер?

— А ты думаў — пятух клюнуў?

— І завошта?

— За грошы, канечне. За што ж яшчэ?

— І вялікія грошы? — зь цікавасьцю пытаўся бамж.

— Увогуле драбяза, — абыякавым тонам распавядала жанчына. — Асноўныя грошы пасьпелі перагнаць за рубеж. Во толькі самі зяўнулі, рэшту не хацелася губляць. Ну, сябрук мой і атрымаў у свой круты лоб. А мне з рыкашэту — таксама.

— Аднак! — задуменна мовіў бамж. — Рызыковая ваша жытуха — з грашыма.

— Была з грашыма. А цяпер пуста ў кішэні.

— Ну й добра. Ужо цяпер кілер адстане.

— Не скажы. Калі б адстаў, я б тут не апынулася.

— Во як!

Яны змоўклі, жанчына падала бамжу тоўсты недакурак, які той ашчадна ўзяў закапцелымі пальцамі.

— Што — ужо курыў?

— Было некалі…

— А пацан? Хаця яму яшчэ рана, — вырашыла жанчына, з усьмешкай азірнуўшы салдата.

Яму й зусім стала нялоўка, амаль пакутна. І гэтая размова пра грошы, кілераў, і курэньне «траўкі» непрыемна падзейнічалі на яго, карцела ўстаць ды пайсьці. Хай бы яны тут курылі й спавядаліся адзін перад адным, усё ж у яго быў інакшы, чым у іх, лёс. Аднак штосьці ў асобе гэтай жанчыны прыцягвала ягоную ўвагу, і ён, хоць і зь непрыязнасьцю да яе, сядзеў і слухаў.

— Адной табе кепска, — сказаў бамж. — Напарніка трэба.

— Дзе ж яго ўзяць — напарніка?

— А мяне вазьмі. Ці, можа, хлопца. А што — у войску служыў, дэзэрцір…

Салдат моўчкі ўстаў і берагам рэчкі пайшоў прэч.

Ён доўга й бяз справы хадзіў між хвояў, пазнаючы ўжо бачаныя мясьціны лесу, часам прыкмячаючы дзе сухія сукі, якія маглі б спатрэбіцца для агню. Лаўжоў у доле тут было мала, пад хвоямі шырока распаўзьліся зялёныя лапіклы чарнічніку, хутка павінны былі паявіцца й ягады. Але галоўнае баравое хараство буяла ўгары, у бронзавым пераліве хвояў, якія, бы на падбор, стаялі ўсе роўненькія — і таўшчынёй, і ростам, і колерам аздобы, які плаўна мяняўся з камля ад шэрага да ярка-залатога ў вершалінах. Ад гэтых хваёвых вершалін імкнула чароўнае лесавае хараство, якога не было ні ў якім іншым лесе. Аднак і тут панавала самота, і салдат не разумеў, чаму. Ужо гэткая баравая лагода павінна б суцешыць, заспакоіць, абнадзеіць чалавека, а во не абнадзейвала. Хіба паглыбляла тугу — добра яшчэ, што не бурыла спакой. Спакою было тут нават багата, і чалавек нярэдка пераставаў прыкмячаць яго.

Паяўленьне тут гэтай незнаёмай жанчыны, здаецца, сапраўды разварушыла трохі заспакоеныя пачуцьці салдата, пабудзіла ў ім паўзабытае пачуцьцё няёмкасьці. Падобна на тое, што ён пачаў адчуваць сябе лішнім ці, можа, пабаяўся страціць бамжа? Але бамж асабліва яго й не трымаў ля сябе. Болей за ўсё верагодна, што ён адчуў непажаданую пэрспэктыву адзіноты, ад якой ужо стаў адвыкаць. І цяпер гэтая жанчына…

Ён ніколі ня ўмеў нармальна адчуваць сябе побач з жанчынай, асабліва перад тымі зь іх, што былі старэйшыя, такія гаваркія і востраязыкія; іх жаночыя жартачкі, скіраваныя на яго, бянтэжылі й крыўдзілі яго. Ён злаваў часам, але не на іх — на сябе, ды нічога зрабіць ня мог, ня мог перасіліць сябе, толькі трываў. Калі не было магчымасьці ўстаць і пайсьці. Як во сёньня.

На чабаровай прагаліне ён паваліўся ў траву, прагна ўдыхаючы знаёмы гаючы водар, які памятаў яшчэ зь дзіцячых гадоў, як на канікулах жыў у бабулі. У полі ці ў лесе бабуля заўсёды зьбірала розныя зёлкі, сушыла іх у цёмных сенцах, і ён часам пытаўся: нашто? Ад хваробы, казала бабуля. Узімку прастудзісься, захварэеш, а я завару гарбаткі — пап’еш і паправісься… Калі б была жывая бабуля, пэўна, яна б і зараз заварыла якіх-небудзь лекаў — ад радыяцыі. Ён бы выпіў і быў здаровы. Але бабулі няма, а праклятая радыяцыя затаілася дзесьці паблізу й чакае. Чаго толькі чакае? І колькі будзе чакаць?

Як пачало зьмяркацца, салдат вярнуўся на бераг. Ён думаў, што жанчына пайшла — што ёй тут рабіць зь імі? Але аказалася, што побач з бамжом яна сядзіць ля агню і пра штось ціха гутарыць. Штосьці расказвае. Каб не замінаць ім, салдат апусьціўся на абрыве зводдаль, пачаў азіраць затуманенае вечаровай смугой зарэчча. Там, між лугавога кустоўя, ужо паднімаўся туман, няроўным поцягам плыў-расплываўся ля рэчкі, мкнучыся да ўжо затуманенай лесавой далечыні. Як заўжды, сьвятло мкнула зьяднацца са сьветлым, цьма — зь цемнатой, мусіць, у тым і была іх таемная спрадвечная роднасьць. Як і яшчэ пацямнела, мужчына з жанчынаю ўсталі ад вогнішча й пайшлі ўгару, пад хвоі. Трохі счакаўшы, салдат спусьціўся да агню, падклаў палак і сеў на сваё звыклае месца — тварам да рэчкі. Ён пазіраў у агонь, але слых яго лавіў таемныя й яўныя гукі лесу. Сьпярша там чуўся наводдалі ціхманы гоман, пасьля быццам крык, які змусіў яго насьцярожыцца. А затым пасьля працяглага перапынку данёсься бесклапотны жаночы сьмех. Што б гэта ўсё азначала? — засяроджана думаў салдат, пра што-колечы, аднак, здагадваючыся. Але — толькі здагадваючыся. Самому ў такім становішчы апынацца не даводзілася, а з мужчынскіх размоваў можна было меркаваць аб розным.

Каля касьцярка ён і задрымаў пад ранак — як заўжды, паклаўшы галаву на калені, і прачнуўся, бо адчуў, што хтосьці падышоў побач. Гэта была жанчына, і яе голас аж спалохаў яго ў цішыні.

— Бедненькі, ён тут скорчыўся, бы сіротка, — казала жанчына, сядаючы побач. Яе лёгкая рука лягла на яго плячо, твар наблізіўся да ягонага твару, і ён адчуў яе незнаёмае дыханьне. — Напэўна, азяб?

— Ды не, нічога, — ціха адказаў ён, нечакана для сябе — амаль прыязна.

— Такі маладзенькі… Хочаш, я цябе пагрэю?

Салдат здрыгануўся ад настойлівага дотыку яе абедзьвюх рук, спрабаваў адхіліцца. Здаецца, ён спалохаўся і ўжо гатовы быў зьненавідзець сябе за той свой спалох. Але штось непадуладна калючае ўзьнялося ў ім знутры, і ён ваўкавата мовіў:

— Не нагрэліся… Там?

Жанчына ціхенька засьмяялася.

— Ды ну! Нагрэесься з вамі. Адзін стары, другі малы…

— Ну і хай, — сказаў ён. — Нашто ж тады вяжасься?

— Аташчалі, відаць. На жабах, — пасьля паўзы ўздыхнула жанчына і выразна з жалем сказала: — Што ж!

Пасьля, адхінуўшыся, скруціла цыгарку з «траўкай», прыпаліла ад дымнага дубчыка з вагню і ўстала.

— Думала, хоць парачку награжу. Дзеля помсты. Не атрымалася.

Салдат узьняў галаву — жорсткія словы жанчыны змусілі яго здрыгануцца.

— Чаго дзівісься? Кажу, наградзіць хацела. Сьпідзікам. Такім маленечкім, невылечным. Мяне ж таксама салдат наградзіў. Ну хай не салдат — афіцэр, якая розьніца. Так што табе пашэнціла, пацан! — жорстка паведаміла яна.

Салдат марудна спасьцігаў сэнс тых яе страшных словаў і ня ведаў, што адказаць. Дзякаваць або лаяцца. Хацелася запытаць: а як бамж? Але не запытаў. Хвіліну ён няўцямна пазіраў на жанчыну, якая, прысеўшы на кукішкі, са смакам зацягвалася «траўкай». Не дакурыўшы цыгарку, кінула яе ў вагонь і ўстала.

— Віднее. Пайду. На Ўкраіну ў які бок? Туды? — махнула яна рукой.

— Ну, — разгублена буркнуў ён.

— Я тут заплутала трошкі. Даўно не хадзіла. Іншыя справы былі, — наркота!

Наркота, наркота, — стукала ў ягонай галаве невыразная думка, і ён прыпамятаў яе ўчарашнія словы пра кілера.

— А кілер? — запытаў ён.

— Што? А, кілер! — спахапілася яна й засьмяялася, лёгка й шчыра. — А вы й паверылі!.. Ярунда ўсё. Гэта — па п’янцы…

Не разьвітаўшыся, яна хутка пайшла па сьцежцы да трысьняговай затокі, пасьля прыпынілася, і ў ранішняй цішыні сьвежа прагучэў яе недалёкі голас:

— І сьпід — ярунда! Схлусіла я вам. Так што ня бойцеся…

Салдат сьпярша падняўся, узіраючыся ў яе невялічкую на лесавым фоне постаць, затым апусьціўся зьбянтэжаны. І калі празь якіх паўгадзіны з абрыву да яго скочыў бамж, толькі сказаў:

— Пайшла.

— Хай ідзе, — абыякава азваўся бамж. — На Ўкраіне нарката дзешавей.

Салдат не хацеў яму ні пра што расказваць, ні тым болей — пытацца. Сам ён разумеў няшмат, але й таго, што ўцяміў, для яго хапіла…

Колькі наступных дзён іхны найбольшы клопат стаў — жабы.

Зранку бамж ішоў у недалёкае балота, там разуваўся, зьнімаў порткі і, асьцярожна ступаючы, лез у балота. Жабы і ня дужа ўцякалі ад яго, ляніва скакалі з-пад ног, і ён хапаў іх за даўгія жылаватыя лапы, піхаў у шапку. Праўда, жаб рабілася ўсё меней, трэба было добра палазіць па багне, каб налавіць на вячэру.

Салдат тым часам падкладваў у цяпельца дроваў і лез на абрыў. Паблізу ў бары ён ужо падабраў усё, што магло гарэць, цяпер па дровы трэба было ісьці далей, у дробны сасоньнік за баравым пагоркам. Здалёку цягнуць іх да рэчкі рабілася цяжка (ці, можа, хлопец так зьнясілеў), некалькі разоў на шляху ён адпачываў у доле, дарэшты спатнелы ў сваім зашмальцаваным бушлаце. Бушлата ён не скідаў ніколі, як ніколі не зьдзяваў свае кухвайкі бамж. «Усё маё нашу з сабой», — сказаў той аднойчы, як салдат заўважыў, што трэба б распрануцца, бо стала горача. Бамж не сказаў болей нічога, а салдат падумаў, што той, зь яго немалым вопытам, мае на гэты конт і пэўную рацыю. Ён таксама ніколі тут не распранаўся.

Пра палітыку яны не гаварылі, быццам палітыка іх не датычыла. Падобна было, што ў атамнай зоне яны выйшлі з зоны палітыкі, як і ўлады таксама, і падпарадкоўваліся адно ня менш строгім законам прыроды, законам выжываньня. Толькі аднойчы, як бамж прачнуўся на сьвітаньні, каб падмяніць салдата ля касьцярка, сказаў нібы ў працяг колішняй гутаркі ці, можа, чаго ўбачанага ў сьне:

— Знаеш, салдат, увогуле я — за камунізм. Начарта мне гэты капіталізм…

— Мусіць, таму, што капіталаў бракуе? — з усьмешкай сказаў салдат.

— Не, не таму. Пры камунізме мяне, мабыць, даўно б у турму пасадзілі. А тут пакуль каго не заб’еш, не пасодзюць.

— А вам што — у турму хочацца?

— Ня тое, каб хацелася. Але ў турме, калі параўнаць, — рай. Асабліва зімой. А што? Цёпла, кормяць, кампанія нейкая. А паспрабуй перазімаваць у паддашшы. Ці ў каналізацыі. Ды паваяваць зь міліцыяй, з крыклівымі дворнічыхамі. А ў сьмецьцевых скрынях пры дамах цяпер што знойдзеш? Людзі самі ўсё жаруць, толькі цалафан выкідваюць, — мовіў ён зь нейкаю нават крыўдай. — Начарта мне гэты капіталізм, лепш быў сацыялізм.

— Каўбаса дзяшовая, — у тон яму зазначыў салдат.

— І каўбаса, і шмат што іншае. Вазьмі агароды. Можна было пайсьці і накапаць бульбы ці там нарэзаць капусты. Нікому не шкада — усё калгаснае. А цяпер цябе гатовы з ружжа застрэліць за адну маркоўку. Вунь старога бамжа ў Зялёным і стрэльнулі. За дзьве маркоўкі аддаў жыцьцё. Не аддаў на вайне за радзіму, дык за дзьве маркоўкі аддаў. Не, нашаму брату пры сацыялізме лепш.

— Мусіць, пры сацыялізме і бамжоў не было. Не дазвалялася.

— Не дазвалялася, ага, гэта праўда. Нават жабракоў вывелі.

— А жабракі і бамжы — гэта не адно й тое ж?

— Вялікая розьніца, — сказаў бамж. — Жабракі просяць, а бамжы — ніколі. Хіба, калі ім самі даюць. Бо гонар маюць.

— Во як! А я й ня ведаў.

— Бо малады і шмат чаго ня ведаеш. Але я цябе навучу. Раскажу пра сацыялізм як вышэйшую фармацыю… Чаго? Капіталізму ці камунізму — ужо й забыўся.

— Але некаторым і пры капіталізме няблага, — сказаў салдат. — Вунь якія катэджы набудавалі. Зноў жа іншамаркі…

— Набудавалі, ага. Жульлё рознае. Што яны зарабілі на тыя катэджы? Накралі і карыстаюцца. Была ўлада савецкая, а стала бандыцкая. Знаеш, аднойчы я не стрываў. Ну, у Менску. Бачу, у двары двое корпаюцца ў новенькім «БМВ». Знаеш, апошняя мадэль, усё ў ім блішчыць, бы ў люстэрку. І гэтыя пачынаюць у ім разьбірацца: дзе карбюратар, дзе турбанадуў, дзе шрус. А разьбіраюцца слаба, адразу відаць, усё зь нямецкай інструкцыяй зьвяраюцца. Я падышоў, аж душа мая зьнямела, кажу: дазвольце мне, хлопчыкі, толькі зірнуць, я ж аўтамэханік. Яны паднялі галовы, убачылі мае транты, і адзін са стрыжанай патыліцай хапае гаечны ключ — мабыць, памеру 28 на 30, і як гаркне: прэч адсюль, бомж ванючы! Ну, я ім паказаў бамжа ванючага. Я ім выдаў. На двары аж кучка пэнсіянэраў сабралася. І знаеш, мяне падтрымалі.

— Няўжо падтрымалі?

— Яй богу. Адзін сказаў: ноччу ім колы папраколваць, каб ведалі. Але гэта дарма. У такога прыгажуна колы папраколваць рука не паднімецца. Хай езьдзіць. Але я ўжо болей яго не пабачу.

— Хто ж вінаваты…

— Канешне, сам вінаваты, — азваўся бамж і перайначыў размову. — Ну, як там нашыя жабіны? Ці варушацца?

Пад той час яны зрабілі некаторы харчовы запас — налоўленых у балоце жабаў пасадзілі ў выкапаную на беразе ямку, напусьцілі туды вады, каб жабы пачуваліся лепей. А каб яны не вылазілі, бамж прыкрыў іх зьверху тонкімі жэрдкамі.

Цяпер амаль увесь час ён прападаў на балоце. Праўда, зблізку жабаў хутка ня стала, — ці ён іх палавіў, ці, можа, адчуўшы небясьпеку, тыя перабраліся ў дальні канец балота, дзе было глыбей і рос трысьнёг. Часта лазіць туды ў багну бамж асьцерагаўся; зноў жа там сталі трапляць дзіўнаватыя жабы, мусіць, жабы-мутанты, ці што? Некалькі разоў ён лавіў іх зь дзьвюма парамі даўгіх задніх лапаў і сьпярша аж парадаваўся: будзе болей наедку. Але пасьля пакідаў іх у багну — невядома яшчэ, чаго чакаць ад гэткага наедку. Іншым разам яму трапляліся невялікія жабкі зь дзіўна скасабочанай галавой — не ў канцы тулава, а быццам як збоку. Гэтых таксама давялося адбракаваць. За той час бамж ужо набыў пэўныя веды пра жабаў і разьбіраўся ў іх ня горш за якога прафэсара. Дзіва што — столькі часу прабыў у балоце сам-насам з жабамі. Яго толькі трохі дзівіла, што жабы нідзе не квакалі, быццам усе страцілі свой адмысловы жабіны голас.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   45


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка