Сонца ў ваконцы




старонка7/45
Дата канвертавання25.12.2016
Памер6.75 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   45

Надвор’е на той час увогуле спрыяла іхнаму бамжоўству. Зранку выдараліся негустыя туманы, на траву клалася раса. У паўдзён жа было нават сьпякотна, і тады салдат перабіраўся на абрыў, у засень, пад хвоі. На сонцы ён стаў пачувацца блага: дужа кружылася галава, часам мутнела ўваччу, і ён пераставаў бачыць удалечыні. Але гэта ўсё з галадухі, ад недаяданьня, супакойваў сябе хлопец. Пра горшае не хацелася думаць. З абрыву ён не пераставаў сачыць за вогнішчам, якое слабенька дыміла, хаваючы ў прысаку не патрэбны да часу агонь. Неяк ён задумаўся на абрыве і раптам заўважыў, як касьцярок моцна задыміў, заіскрыў пад сьвежым подыхам ветру, што наляцеў ад рэчкі. Тады хлопец зірнуў у неба і спалохаўся — з-за бору сунулася шызая, з загорнутымі берагамі хмара, упершыню загрукацеў далёкі раскоцісты гром.

На выпадак дажджу ў бамжа была падрыхтаваная нешырокая пячурка ў абрыве, дзе ляжала некалькі патушаных галавешак. Абпякаючы рукі, салдат пачаў пераносіць з кастра дробныя галавешкі, хаваць іх у пячурку. Але ён не пасьпеў. Зь неба раптоўна абрынуўся дождж-лівень, берагавы пясок умомант змакрэў, рака задымела ад струмянёў і бурбалак, касьцёр хутка асеў і патух. Ужо змокшы ў сваім бушлаце, салдат падаўся да пячуркі, каб неяк уратаваць наношаныя галавешкі, але з абрыву туды таксама паліліся дажджавыя ручаі, яны хутка залілі і пячурку, і ўсе галавешкі ў ёй. Тады хлопец стаў побач і роспачна апусьціў рукі…

Неўзабаве прыбег з балота бамж, таксама ўвесь змакрэлы, але з жабамі ў пале кухвайкі. Той адразу зразумеў, што сталася і, можа, упершыню брыдка вылаяўся.

— Ну што цяпер? Сырымі іх жраць?

Салдат змоўчаў, ня ведаючы, што сказаць, — усё ж ён пачуваў сябе вінаватым, што не ўбярог касьцярка. Але і як было ўберагчы ў гэтай залеве? Мабыць, бамж разумеў тое й не дакараў хлопца, толькі неяк надта засумаваў адразу. Ягоны звычайна дзейны, бадзёры настрой увачавідкі зьмяніўся на заклапочана-пахмуры.

— Дрэнь справы, — раздумна сказаў ён. — Што есьці будзем?

Што есьці, салдат ня ведаў; ня ведаў, што ў гэтай сытуацыі можна было прыдумаць, і ён вінавата маўчаў. Бамж абвяла апусьціўся на мокры пясок.

— І мне нешта сёньня… — сказаў ён і ня скончыў. Салдат занепакоена падняў галаву.

— А што?


— Ды ў грудзях душыць…

Салдат маўчаў, чакаючы, што бамж скажа нешта й яшчэ, але той не сказаў болей нічога. Яны абыдва сьціхлі пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся і памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамі па набрынялым пяску.

Становішча іх пагаршалася. Толькі паспадзяваліся на лепшае, знайшлі, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лівень адабраў у іх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганізм, ніякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой ніхто не ўтрымаецца. Справа толькі ў часе…

Але што ж ім рабіць?

Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася іхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як і ў жыцьці таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа і нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калі ня позна…

Між тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапаціцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьці туды было неяк. Трохі счакаўшы, пакуль сьціхне дождж, яны пачалі ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галін, якія перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалі іх пад крайняй сукаватай хвояй.

— Ну й няблага! Праўда, салдат? — падбадзёрыў сябе й яго бамж. — Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь…

Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.

Але й як жыць з такім адчуваньнем?

Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?

Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?

Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць…

Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы — ня выскачыш.

Яшчэ не зусім сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногі.

— Ну, а ты што? — гукнуў ён салдату. — Ідзі кладзіся. Удвох цяплей будзе…

Салдат доўга і моўчкі сядзеў поруч, думаў. І як зусім стала цёмна, таксама лёг плячмі да бамжа. Спакваля быцам зрабілася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. І ён заснуў.

Бамж ляжаў ціха, стараўся лішні раз не варочацца, каб не трывожыць хлопца. Сну ў яго не было, пачуваўся ён блага, дарэчы, ня першы ўжо дзень. Сьпярша думаў, што, можа, прастудзіўся на балоце, як лавіў жабаў, але на прастуду было непадобна. Зноў жа да прастуды ён быў загартаваны, даўно ня кашляў і не смаркаўся, забыўся, калі хварэў на грып. Цяпер было такое адчуваньне, нібы ў яго зьліплася правае лёгкае, балела, што не ўдыхнуць; колькі дзён ён абыходзіўся частымі дробнымі ўздыхамі, рабіць хутка ня мог, мог толькі спакваля, памарудзіўшы; нават упраўляцца зь цяжкаватым вудзільнам яму было трудна. Не лягчэй было й нагінацца за порсткімі жабамі. Лацьвей, калі сьпярша іх было багата. Пасьля, аднак, паменшала, і ён, ганяючыся за кожнай, проста зьнемагаў да вечара.

Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусім мала. Прачнуўся і ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукі лесу даўно яго не трывожылі, нічога ён не баяўся ні ў лесе, ні ў горадзе. І нават тут, у зоне, здаеца, нішто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна і глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзіноту было ўдвох, нават з дэзэрцірам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цікава, але не заўжды прыемна — малады ж абнадзейвае, быццам малодзіць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.

Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалі меў уласнае імя й нават пагоны на плячах, — як служыў у войску намесьнікам камандзіра па тэхнічнай частцы. Апошнія пяць гадоў ягонай службы міналі ў далёкім прыпалярным гарнізоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзімы і жыў разам з жонкай, загадчыцай афіцэрскай сталовай, і маленькім сынком Дзяніскам.

Прыпалярны ракетны гарнізон па сутнасьці мала чым адрозьніваўся ад колішняга Гулагу; там далёка ня кожны мог стрываць нават год, а яны змушаныя былі трываць тры, чатыры, а то й пяць гадоў запар, — пакуль дачакаюцца замены. Суцэльная сьнежная ноч бяз дня, маразы і сьцюжы, гнятлівае пачуцьцё закінутасьці на край сьвету шмат каго даводзілі да канфлікту з начальствам, сям’ёй, нярэдка з самім сабой, што нават канчалася стрэлам у скроню. Міжволі вайскоўцы шукалі нейкае выйсьце, прадуху ў гнятлівым жыцьці і, вядома ж, знаходзілі яго ў бутэльцы ці, лепей сказаць, у бэнзынавай бочцы, у якіх «Ваенгандаль» завозіў на поўнач 95-градусны сьпірт. Гэты напой меў высакародны каньячны колер і за палярную ноч спажываўся дарэшты. А калі яго не хапала, тады ў мясцовай крамцы дужа павялічваўся попыт на адэкалёны, ласьёны ўсіх гатункаў, на розныя тэхнічныя вадкасьці.

Нампатэх тады і ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, — у меру піў і ня надта цьвяліў начальства. Зусім не цьвяліць было нельга, таго б не зразумелі ні сябры-таварышы, ні падначаленыя, ні нават начальнікі. А галоўнае, не было такой магчымасьці, абставіны вымагалі. Даванаццаць і болей гадзін у боксах каля настылай на марозе тэхнікі, з даўно памарожанымі рукамі, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам — сваім штатным, штабным і правяраючым, — усё тое як мае быць выматвала сілы й нэрвы. Адзіным паратункам ад таго было выпіць, расслабіцца, абнавіць нэрвовыя сілы, каб заўтра зноў марнаваць іх у тых самых боксах і тых самых сутычках.

Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б і да жаданай зьмены, калі б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнізон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькі што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палітбюро, якое падпісаў сам Леанід Ільліч, і меў жалезную рашучасьць навесьці бальшавіцкі парадак у самым стратэгічным родзе войска. Зрабіўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзіраў і трох іх намесьнікаў, генэрал выправіўся на ня дужа далёкі (за 250 кілямэтраў) аэрадром стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялікі ракетны начальнік, ён ня мог езьдзіць на нейкім вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зім», які яго й падвёў. А заадно спляжыў і без таго ня дужа бліскучую кар’еру дывізійнага нампатэха.

Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, і ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вінаваты быў сам, ня трэба было так паводзіць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калі самы блізкі табе чалавек — жонка толькі й пільнавала, каб дзе падлавіць яго, падставіць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлівае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, і ў палку з палёгкай уздыхнулі, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылі бутэльку 95-градуснага, і нампатэх заваліўся спаць. Мінулай начы спаў усяго тры гадзіны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку і цяпер спаў, як забіты. І раптам жонка штурхае яго ў плячо — прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзіра паехаць на 27-ы кілямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зім». Дзяжурныя ўжо езьдзілі, ня могуць зразумець, у чым справа — рухавік не заводзіцца. Што было рабіць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпіць) і надзеў паўшубак. Машыну ён даволі хутка наладзіў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), і яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусіць, нешта ў ім згледзела, ён папытаўся прозьвішча нампатэха і кінуў ад’ютанту — запішы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, і сьціпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынікамі высокай праверкі, і там пасьля шмат чаго іншага аб’яўлялася аб звальненьні ў запас неадпавядаючых службе афіцэраў. Сярод іншых было і ягонае прозьвішча. І гэта за два гады да выслугі на пэнсію, зь неладамі ў сям’і, у прыпалярным гарнізоне, дзе немагчыма было знайсьці ні кватэры, ні працы.

А тут і зусім разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мірыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запісалася з даўгавязым, бы жардзіна, прапаршчыкам, нядаўнім сваім улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзілася ў палітаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кінуў на стол свой партбілет і ў той жа вечар добра напіўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьці паехаў з выпадковым субутэльнікам, у нейкім паўночным гарадку ўладкаваўся інжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнізілі да брыгадзіра мэханікаў. Затым некалькі месяцаў рабіў шараговым шафёрам, пакуль ДАІ не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабіць нейкія высновы з свае кар’еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям’і, вадзіўся з процьмай сяброў-субутэльнікаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь іх прысватаў яго да таксама неблагой кабеціны (немаладой, праўда), якая рабіла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплівая жанчына і хацела яму толькі добрага. Яна нікому на яго ня скардзілася, калі ён па тыдні не паяўляўся дома, толькі часьцяком плакала, і аднойчы яму стала яе шкада. Як яна сказала, што, можа б, ён падлячыўся ў ЛТП, ён пагадзіўся. Тры месяцы ён сумленна адпакутваў сярод такіх, як сам, небаракаў, глытаў розную дрэнь, драў кішкі ад ванітаў. Але трываў, — ён сапраўды хацеў вылечыцца й завязаць. Ён дужа ўзрадаваўся, як доктарская камісія прызнала ягонае лячэньне скончаным і выпісала адпаведны дакумэнт, які ён з радасьцю прывёз жанчыне. Тая, ня менш за яго ўзрадаваная, прыгатавала смачны абед з украінскім баршчом, які ён заўсёды любіў, заслала на стол новы абрус. Аднак не хапіла хлеба, і ён вырашыў зьбегаць у хлебную краму на суседняй вуліцы. Гаспадыня дала яму грошай — дваццаць пяць рублёў у адной купюры, ён хутка купіў бохан хлеба і скіраваў дадому. Яму можна было ісьці наўпрост, цераз двор, каля дзіцячага садзіка, а можна па вуліцы, дзе на рагу мясьцілася тутэйшая забягалаўка з ласкаваю назвай «Уралачка». Не падумаўшы, ён пайшоў па вуліцы і каля забягалаўкі канешне ж наткнуўся на даўніх сяброў — аднавокага Юзя і Колю Валяўку. Тыя дужа ўзрадаваліся сустрэчы, бо ня бачыліся ад пачатку лета, і папыталіся, дзе быў. «Лячыўся, — сказаў ён. — У ЛТП». — «Ну, і як?» — «Парадак. І спраўку маю». Сябры дужа ажывелі — спраўку належала абмыць. Ён завагаўся, але тыя сказалі: «Ня бойся, можаш ня піць. Мы за цябе вып’ем». Як было адмовіць харошым мальцам выпіць за сябе, і ён зайшоў — на хвілінку. Тая «хвілінка», аднак, задоўжылася, ён выбраўся з «Уралачкі» недзе апоўначы ў дым п’яны, бяз грошай і бяз хлеба. Прадаўшчыца тры дні праплакала, а затым сабрала ягонае майно ў стары чамадан і выставіла яго на ганак. «Ты мне болей ня муж. Тым болей, мы не расьпісаныя»…

Пасьля былі й яшчэ жанчыны, добрыя і злыя, некаторыя спрабавалі перарабіць яго, адвучыць ад згубнае жарсьці. Былі яшчэ два ЛТП, адзін ганебны прысуд «да хіміі». І ўсё марна, без жаданага выніку. Былы нампатэх ня мог перамагчы ў сабе прагнага шэранькага пацучка, пацучок пасьлядоўна перамагаў нампатэха. Апошні пакутаваў, лаяў сябе за няўдачы й зрывы, але працягваў піць, спыніцца ён ужо ня меў сілы. Галоўнае — ня мог выскачыць з пэўнага кола сяброў. Кожны дзень ён быў на ўзводзе — за свае, заробленыя, ці на халяву, у доўг. Выпіць было куды лягчэй, чым прыдбаць паесьці, і ён часьцяком швэндаўся па вуліцах галодны, нэрвова напяты ад незадаволенага жаданьня ўсё таго ж — выпіць. Толькі апынуўшыся ў зоне, на абсалютнай адзіноце, неяк суняўся, можа, тут паспрыяла прырода, а можа, страх набрацца радыяцыі, хто ведае. Магчыма таксама, што справа ў прымітыўным ладзе жыцьця, дзе не было месца выпіўцы. Сапраўды, ніхто яго тут не падахвочваў, ня тузаў і не забараняў, тут ён круглы дзень пачуваўся свабодным, залежным толькі ад уласнае волі. А свабода, смак якой ён добра спазнаў у бамжоўстве, бы наркотык, цягнула яго да яшчэ большай свабоды. Здаецца, ужо тут яна стала абсалютнай, і ён акрыяў. Калі б толькі пра гэтую атамную зону ня спраўдзілася рознае страхоцьце — наконт радыяцыі, аблучэньня, радыёнуклідаў ды іх наступстваў. Але, думаў ён, хіба небясьпечная толькі зона? Хіба не хварэюць і не паміраюць воддаль ад яе — ад раку, сэрца, ад СНІДу нарэшце. І якая розьніца, ад чаго памерці, калі прыйдзе той час. Ён сам сто разоў мог загнуцца, але ягоны час, мабыць, яшчэ не настаў. А як настане, ён шкадаваць ня будзе. Бо такое было жыцьцё.

Раньняй вясной міліцыянты выкурылі іх з пустой закінутай дачы, дзе ён зь яшчэ адным небаракам перабылі зіму. Ды яшчэ навесілі на іх рабаўніцтва маёмасьці, якой яны й ня бачылі, бо дачу абрабавалі да іх. Менавіта тады ён рашыў — у зону! Мабыць, іншага месца на зямлі для яго не засталося. Прынамсі, падумалася, што ў зоне яго шукаць ня будуць, і ён пражыве там у спакоі, колькі дасьць Бог. Зноў жа ягоны напарнік, былы інструктар райкаму, сказаў, што ў зоне або адразу адкінеш капыты, або загартуесься, як сталь. Напарнік ведаў, бо ён сам паходзіў з раёну, які апынуўся ў зоне. Праўда, разам ехаць былы інструктар не захацеў, меў нейкія прычыны. Ён жа важкіх прычынаў ня меў і паехаў, як некалі ехалі на цаліну ці на БАМ. Губляць яму не было чаго, грошай ён ня меў, чым харчавацца ў зоне, інструктар яму не сказаў. Але ў яго прапацелай шапцы зь летняй пары тырчэў іржавы рыбны кручок, які яго й выручыў. Ужо ён бярог яго, той кручочак… Увогуле ля ракі ўлетку жыць было можна, ніхто яго тут не трывожыў, за два месяцы ён не спаткаў ніводнага чалавека. Беглы з часьці салдат быў першы, хто тут зь ім павітаўся, і ён быў хлопцу рады. Усё ж, мабыць, чалавек не павінен жыць у адзіноце, нават воўк адзін не жыве.

Вось каб толькі лепш пачувацца…

Дагэтуль у яго не было падставаў наракаць на здароўе, пачуваўся няблага нават на поўначы. Праўда, тады ён піў. А тут як вып’еш — раптам натрапіў ён на выразную думку, ад якой апошнім часам неяк зусім адвык. Во ў чым прычына, а ня ў той радыяцыі…

Раніцай, як толькі пачало шарэць, побач заварочаўся салдат, і бамж зразумеў, што той прачынаецца. Сам ён ляжаў моўчкі, ня маючы ахвоты ўставаць і нават размоваю парушаць ранішнюю цішыню лесу. Не расплюшчваючы вачэй, слухаў, як салдат падняўся, трохі пасядзеў, надзеў у рукавы бушлат.

— Пайду. Па агонь, — сказаў урэшце хлопец.

Бамж памаўчаў крыху. Тое рашэньне салдата не сказаць, каб было для яго нечаканкай, але не адазвалася й радасьцю. Дужа трывожліва было на душы ў бамжа, і ён спакваля папытаўся:

— І куды пойдзеш?

— А там хутар. За рэчкай.

— За зонай?

— За зонай.

Салдат пераабуўся, устаў, зрабіў сваю справу паблізу. Але ня йшоў. І бамж, набраўшы болей паветра ў балючыя грудзі, сказаў:

— Ты гэта… Можа, ня варта і вяртацца? Сюды…

— А куды ж? — павярнуўся да яго салдат. — Куды ж болей?

— Ну, ці мала куды. Сьвет вялікі.

— Сьвет вялікі, а месца няма. Счытай, для нас нідзе нет.

— Для нас нет, — пагадзіўся бамж і ледзьве стрымаўся, каб не заплакаць. Чамусьці сьлёзы падступілі да яго надта блізка, аж закруціла ў носе. Але кароткім намаганьнем ён стрымаў сябе.

Салдат ужо скочыў з абрыву, як бамж яго прыпыніў.

— Слухай… Ты гэта там… Ну, можа, хоць чакушачку? Ну, самагону, калі можа…

— Што?


— Ну, гэта… Выпіць мне, — слабым голасам патлумачыў бамж.

— Чаго захацеў! — няласкава азваўся салдат і хутка пайшоў берагам рэчкі.

Шлях свой сюды салдат збольшага памятаў, той пралягаў уздоўж крывулякі-ракі. Адсюль мо кілямэтраў пяць было да броду, а там яшчэ колькі полем да хутара. Заблудзіць ён не павінны, тым болей удзень. Толькі б не натыкнуцца на людзей, на міліцыю. Галоўнае — за рэчкай перайсьці гравійку-шашу, па якой, напэўна, гойсаюць патрулі, занепакоена думаў салдат. Усё ж як ні было рызыкова, а трэба было здабыць агню, безь якога ім жыць стала неяк. А яшчэ хлопец таіў прыліпчывую надзею паесьці. Можа, у старога паесьці будзе чаго. Той раз ён частаваў салдата бульбай з прастаквашай і нават быў хлеб. Ён доўга яшчэ шкадаваў, што хлеба тады зьеў адну толькі лусту і цяпер адчуў паўзабыты пах зваранай у печы бульбы з падгаркамі на верхніх бульбінах. Можа, яму пашчасьціць, бо згаладнеў ён у зоне, як мае быць. А да жабаў так і не адолеў гідоту і еў хіба, каб не сканаць ад голаду. Нішто яго так не гняло там, як голад, заўжды хацелася есьці. Ніколі раней ня думаў, што пачуцьцё голаду можа быць такім неадвязным і такім гнятлівым. Нават і ў тым даўнім выпадку, як спрабаваў уцячы ад мачыхі да бабулі на вёску і два дні праседзеў у пустым хлеўчуку без вады і ежы. Есьці тады нават ня дужа і хацелася, было страшна, што яго знойдуць. Яго і знайшлі. Дзяўчынкі з суседняга двара падказалі міліцыі, і тая яго ўзяла на сьвітаньні соннага. Пасьля быў пастарунак, нейкая дзяўчына ў міліцэйскім, якая ўсё нешта ад яго дамагалася. Дужа сорамна было затым вяртацца да мачыхі, і ён яшчэ дзень ці болей ня еў. І не хацелася дурню…

Ісьці каля рэчкі сьцяжынамі было даволі нязручна, тыя толькі дзе-нідзе захаваліся ў кустоўі і лазьняку, а ў большасьці пазарасталі хмызам і крапівой — ня згледзець. Тады ён прастаў шлях і шыбаваў дзе хмызьняком, а дзе лесам; часам трапляла перайсьці лужок з высокай, да калена травой, якая гучна шорхала па халявах ботаў. Людзей не было нідзе. Ды, мабыць, і не магло быць — усё ж тут пачыналася праклятая зона, якой палохаліся за дзясяткі кілямэтраў адсюль. Ён таксама баяўся, але тое ранейшае страхавітае пачуцьцё, зь якім ён ішоў сюды, неяк прытупілася. Падобна, ён стаў прывыкаць да небясьпекі ці прымірыўся зь ёй як зь непазьбежнасьцю. Можа, гэта й добра, а можа й не.

Абы толькі пашэнціла на хутары, думаў салдат. Абы не спаткаць там чужых, а дзед яму дапаможа. Як дапамог першы раз, дык дапаможа і яшчэ. Ды й ён уважыў старога — пайшоў, каб таго не абвінавацілі, што схаваў. Праз той выпадак дзед нібы стаўся ягоным саўдзельнікам і, напэўна, таксама падлягаў адказнасьці. Цікава, а ці падлягае адказнасьці бамж? Мабыць, так. Усё ж салдат распавёў яму пра забойства, значыцца, той павінен данесьці ўладам. Ва ўсякім разе не хаваць злачынцу. Такія вось законы і такое права — данесьці на таго, хто побач, з кім дзеляць хлеб і ложак… Дужа маральны закон, — нічога ня скажаш, разважаў салдат. Найбольшай бяды належала чакаць ад людзей, якія дужа сябравалі з законамі, а бамж яго не прадасьць, тое салдат адчуваў пэўна. Чаму ён так адчуваў, хто ведае. Мабыць, пачуцьці ня маюць адказнасьці перад законам, таксама як і перад розумам, таму яны й завуцца пачуцьцямі.

Адно было пэўна — за гэты бядотны час у салдата ня стала нікога больш блізкага за двух чалавек — дзеда і бамжа, во ў чым справа. Ужо яны ўтрох таксама, мабыць, зьвязаныя адным няшчасьцем, і калі што — іх напаткае адна бяда. Ці, можа, ужо напаткала…

А можа, плюнуць на ўсё й матаць куды далей, — ня ў лад з уласным настроем падумаў салдат. Толькі куды?

Так разважаючы, ён ішоў краем бору, перайшоў невысокі баравы грудок. Стала цёпла, ён угрэўся, адышоў ад учарашняга залеўнага холаду. Бушлат яго амаль ужо высах. Навакольны баравы лес, як заўжды, замілаванаю радасьцю клаўся на душу. Хлопцу было ў ім міла і прыемна, і хоць на час прападала гнятлівае пачуцьцё, што не зьнікала ніколі. Ён з захапленьнем азіраў амаль кожную хвойку і думаў, што, можа, гэта ў ягоных генах адгукаецца далёкая міласьць продкаў да лесу? Ці, можа, лесу да продкаў — цяпер як дазнаесься? І раптам наперадзе перад ім раскрыўся вялізны пусты прагал, над якім шырока сьвіцілася неба; шмат сонечнага сьвятла ляжала таксама ў доле. Салдат падышоў бліжэй — на вялізным у некалькі гектараў прасьцягу стаялі ссохлыя рыжыя хвоі з таксама ўсохлым рыжым суччом, зь якога абсыпалася долу ігліца. Усё выглядала здаля, нібы даўняе вялізнае пагарэлішча. Але прыкмет вагню тут не было відаць, ніводная хвоя не абгарэла. Значыць, гэта адтуль, ад Чарнобыля, уражаны здагадаўся салдат. Мусіць, добра, аднак, сыпанула сюды стронцыем або цэзіем ці яшчэ якой халерай, і лес не стрываў. Толькі некалькі маладых асінак нясьмела зелянелі між мёртвых хвояў, болей ніякага жыцьця тут не было відаць.

Аж здрыгануўшыся ад страхавітага пачуцьця, салдат збочыў свой шлях. У гэты нежывы лес страшнавата было паткнуцца, і ён пайшоў у абход. Для таго яму спатрэбілася зрабіць ладны крук, перайсьці невялікае, парослае альхой балотца і нарэшце ён выйшаў да рэчкі.

Тое, што ён называў бродам, быў колішні рачны пераезд — з абодвух берагоў да ракі вялі зарослыя ўжо быльнягом ды крапівой аўтамабільныя каляіны, налітыя ад учарашняй залевы вадой. Салдат зьняў боты і, сьлізгаючы ў гразі босымі пятамі, перайшоў неглыбокую рэчку. Апынуўшыся на другім беразе, падумаў, што недзе тут канчалася зона і маглі трапіцца людзі. Аднак да шашы ніхто яму не трапіўся, ён перабег няпыльную пасьля дажджу гравійку і скіраваў у поле.

Закінутае пасьля чарнобыльскага выбуху поле густа зарасло немаведама чым — хамлакі нізкарослага жыта чаргавалаіся з зарасьнікамі аўсюга і вікі, нейкага бухматага разнатраўя, сярод якога дзе-нідзе тырчэлі хілыя кукурузныя калівы, а то пачынаў ярка квітнець люпін. Усё тое ня першы год буяла і расло без патрэбы і рук чалавека, самахоць вяла і дзічэла нікому не патрэбным. Людзі страцілі цікавасьць да гэтай зямлі. Хіба апроч дзеда.

Як на раўніннай далечы паказаўся шыфэрны дах дзедавага хутару, салдат аж адчуў хваляваньне. Тады, увесну, добра набадзяўшыся па сырых лясах і пералесках, ён забрыў сюды, бо далей ісьці ня мог, згаладнеў дарэшты. Дзедаў падворак толькі здаля нагадваў хутар, а на справе быў крайняй у вёсцы хатай. Але пакуль была вёска. Цяпер жа ад вёскі лічы не засталося нічога, апроч хіба некалькіх зьдзічэлых яблыняў у былых садках, падмуркаў ды студняў. Дамы дарэшты ўсе пабурылі, расьцягалі на дровы, а то й папалілі. На месцы некалькіх падворкаў хлопец убачыў сьмярдзючыя, парослыя дзядоўнікам пажарышчы. Ён тады абышоў усю вёску і толькі на апошнім двары знайшоў жывога чалавека, які нават спрабаваў тут гаспадарыць: набыў каня, нацягаў такі-сякі інвэнтар, меў карову і пачаў гадаваць цялушку. Вакол сядзібы распрацаваў ладны пляц пакінутай зямлі, на якой нешта ўжо расло; зямля была дбайна апрацаваная і нават угноеная. Дзед, падобна, чуўся здаровым, ня дужа баяўся атаму. Ягоны прыклад даў бегламу салдату немалую надзею.

Салдат таропка крочыў да хутара па бульбяным палетку са сьвежа акучанымі барознамі; дзе-нідзе ўжо зацьвіталі бела-сінія кветачкі. Мабыць, нішто будзе ў дзеда бульбачка, па-гаспадарску падумаў салдат.

Ён яшчэ не дайшоў да хутара і, мабыць, мала што згледзеў там, як штосьці яму не спадабалася. Штосьці там было ня так, як тады, калі ён завітаў у першы раз. Найперш не было варотаў, і ўжо з поля быў відзён голы дзедаў падворак. Але ці не пусты ён? Ні дзедавага каня, ні каровы зь цялушкай, якія некалі пасьвіліся паблізу на прывязі, нідзе не было відно. Не адзываўся таксама пранізьлівым брэхам Кудлацік. Прыцінаючы непакой, салдат паціху ўвайшоў у двор і адразу ўбачыў старога. Дзед моўчкі сядзеў на ганку і нават не зьдзівіўся ягонаму прыходу, не павітаўся.

— Што ў вас здарылася? — запытаўся салдат, ужо адчуваючы пэўна, што здарылася кепскае.

Дзед павёў на яго патухлым, няўцямным позіркам і моўчкі разьвёў рукамі. Мяркуючы па ўсім, гаварыць яму было трудна.

— Але што? Што такое?

— Ды во, — мовіў нарэшце гаспадар, — разбурылі, абрабавалі. Усё! Усю маю працу. Столькі стараўся…

Здалося, ён аж заплакаў, — зморшчыў аброслы сівізною твар і высмаркаўся на траву.

— Але хто?

— А хто ж іх ведае — хто. Прыехалі з фурай…

— З фурай?

— Ну гэтай — міжгародныя перавозкі…

— Ноччу?


— Удзень. Надвячоркам. Пагрузілі каня, карову зь цялушкай. Выграблі збажыну, ячменя з кубла… Перавярнулі ўсё дагары дном — валюту шукалі.

— Валюту?

— Ну.

— Але хто? Што за людзі? Свае, прыежджыя? — ня мог супакоіць хваляваньня салдат.



— А хто ж іх знае. Чацьвёра. Спраўных такіх. У скуранках. І з наганам. Кудлаціка застрэлілі.

— Во як!


— Вунь за хлевам ляжыць. Закапаць трэба…

Спакваля стары стаў спакайнець, рукавом заношанай сьвіткі выцер змакрэлыя вочы. Трудна падняўся з ганку. Прыгнечаны горам ён здаўся салдату быццам меншым у росьце, чым быў раней, схуднелым і бездапаможным.

— І што казалі? — дапытваўся салдат. — Можа, мяне шукалі?

— Не. І не пыталіся, рабаўнікі нейкія.

— Дык, можа, у міліцыю трэба? Заяву напісаць?

— Не. Сказалі: заявіш у міліцыю — усё спалім. Ды й міліцыя — ці не яна й навяла гэтых. Яны ж усе ў хаўрусе, — ціха, бы сам з сабой, разважаў стары, стоячы сярод спусьцелага двара. Дзьверы ў хляўкі й каморы былі расчыненыя насьцеж, у сенцы таксама. На траве ляжалі скінутыя з крукоў вароты. Відаць, стары быў моцна ўражаны тым, што тут адбылося і, падобна, паў духам. Салдат таксама быў уражаны і ня ведаў, чым суцешыць старога. Між тым ішоў час, доўга тут заставацца яму не выпадала, і ён зважліва папытаўся:

— Паесьці ня знойдзецца?

Дзед, падобна, трохі аціх у сваім горы і адчуў чужы клопат таксама. Мабыць, згаладнелы выгляд салдата закрануў у ягонай душы іншыя струны.

— Каб жа было што! У печы другі дзень не паліў. Гэта… Чакай, можа, хлеба асталася…

Ён патупаў у сенцы, пастукаў там чымсь — дзьверцамі ці шуфлядамі — і вынес хлопцу няроўна абламаны кавалак хлеба. Ладны, аднак, кавалак. Салдат адламаў ад яго частку і стаў прагна жаваць. Хлеб быў такі смачны, што ён глытаў яго, здаецца, не дажаваўшы, увесь час, аднак, пазіраючы праз вароты на дарогу і поле. Дзед зноў апусьціўся на ганак.

— Абжыўся, называецца, — на восьмым дзясятку. Думаў, хоць позна, але дачакаўся свае пары. Хоць праз Чарнобыль. А то ўсё неяк было: то калектывізацыя, то вайна, то ўздым сельскай гаспадаркі. А тут Чарнобыль! Казалі, усё шкоднае — і малако, і прадукты. Яно, можа, каму і шкоднае, а мне нічога. Займеў гаспадарку. Адзін. Кішкі ірваў, але ніхто ня шкодзіў. Мусіць, баяліся сюды патыкацца. А я не баяўся — рабіў. Дзень і ноч. Затое і меў. Гэта раней задарма. А тут, што зрабіў — тваё. Што пасеяў — сабраў. Шкада, Чарнобыль гэты, каб ён прапаў. Хто яго выдумаў на нашу галаву?..

— Вучоныя выдумалі, — ціха мовіў салдат. — Самыя перадавыя ў міры.

— Каб яны сказіліся, тыя вучоныя. Хай бы лепш жняярку лепшую выдумалі, каб во ня мучыўся з гэтай, — кіўнуў ён на паўразабраную жняярку, што мясьцілася ля варотаў у двары.

— Ім жа, каб плутоній узбагачаць. На ракеты.

— А, ракеты ім трэба! Цяпер во дамавін не набярэсься, як пачнуць ад Чарнобыля мерці. Дамавіны трэба. Кажуць, у Менску ўжо ў цалафане хаваюць. Ці праўда? А я сабе зімой з сухой дошкі змайстраваў, вугалкі на замок узяў — добрае дамаўё палучылася. Дык забралі й яго. Казалі, спатрэбіцца. Каб ім гэтак умерці спатрэбілася…

Сумна і горка было слухаць тое салдату, але словаў суцешыць у яго не знаходзілася — у яго ня меней балела сваё. Ён праглынуў палову кавалка і не наеўся — хацелася зьесьці ўсё.

— Дзед, можа, маеш яшчэ запалкі? — прыпамятаў ён і другую сваю патрэбу.

— Не, запалак ня маю. У самога недзе паўкарабка асталася. Але, калі трэба магу «кацюшу» даць.

— Якую «кацюшу»?

Дзед моўчкі пайшоў у сенцы і хутка вынес адтуль невялікі руды капшучок, разьвязаўшы які, выняў «кацюшу» — кавалак крэменю, абламаны канец напільніка і нейкі абрывак трантаў.

— Во, ударыць, іскра выскачыць, затлее і разьдзьмуць.

— Добра. І яшчэ… Там напарнік захварэў. Каб як падтрымаць…

— Гэтак? Захварэў, кажаш? — насьцярожыўся дзед, і ў яго спакутваных вачах мільгануў цень непакою. — Ад атаму, можа?

— Хто ведае. Але есьці няма.

Дзед уздыхнуў, павярнуўся, быццам куды выправіўся, ды спыніўся.

— Што ж табе даць? Каб жа ня выграблі ўсё. Во бульбачкі зь мех засталося. Сказалі: мы добрыя, гэта табе, каб ня ўмёр. Дык бяры з паўмяшка.

— Не данясу.

— Ну вядзёрка…

Яны ўдвох пайшлі ў цёмны прахалодны застаронак, дзе гаспадар, грузна дыхаючы, навыбіраў зь нейкай скрыні леташняй, з доўгімі белымі парасткамі бульбы. Набралася няновае пакарабачанае вядзерца. Здаецца, не без шкадаваньня дзед падаў вядро хлопцу.

— Во, болей няма. Каб ты гэта двума днямі раней — усё было: і сала, і каўбасы. Дык пабралі. Не пабаяліся, што й радыяцыя…

— А і праўда, што радыяцыя? — занепакоена спытаўся салдат.

— Хто ведае. Я еў і нічога, яшчэ не памёр во. І ўнукам даваў, як прыяжджалі. Але тыя наўрад ці самі жраць будуць — на продаж! У Маскву павязуць на нітраграцыю.

Вось табе й на, думаў салдат. Ён спадзяваўся, што хоць дзед жыве ў бясьпецы, неяк гаспадарыць ля самай зоны, не галадае. Аж на дзеда знайшлася іншая пошасьць — не радыяцыя, ня голад, дык бандытызм. Раней сялян рабавала ўлада, а цяпер гэтыя — на фурах. Сапраўды, куды дзецца працоўнаму чалавеку, дзе знайсьці прытулак?

Салдат таропка разьвітаўся і зь вядром у руцэ пашыбаваў па тым самым полі наўпрост да ракі. Сьпярша азіраўся, але дзеда не было відаць. Наводшыбе ад пабуранай вёскі сіратліва мясьцілася абрабаваная сяліба, трохі прыхаваная за некалькімі дрэвамі садка. Бы партызан, бы партызан, — думаў пра сябе салдат, прыпамятаўшы нейкі фільм, што глядзеў у дзяцінстве. Толькі там партызаны несьлі ў лес авечку, а ён — вядро бульбы. І ўсё тоячыся, баючыся. Не нашмат, аднак, зьмяніліся часы… Праўда, тыя хоць мелі вінтоўкі, а ён што?

Увесь час на хадзе ён саваў руку ў кішэню бушлата і адшчыкваў патроху хлеба. І кожны раз думаў, што гэты раз — апошні, што астатняе трэба пакінуць бамжу. І ня мог утрымацца. Голад яго, здаецца, ад таго ня меншаў, а нават большаў. Тады ён аж вылаяў сябе — трэба ж урэшце знаць меру! Ды ягоны дурны жывот, мабыць, не хацеў ведаць меры і патрабаваў яшчэ. Тады салдат стаў суцяшаць сябе, што бульбу ўжо ён прынясе ўсю. Яны напаляць на беразе прысаку і напякуць яе — хопіць на двух. Ужо ён наесца…

Сонца тым часам увабралася ў паўдзённую высь і здорава прыпякала плечы ў бушлаце. Салдат зьдзеў шапку і сунуў яе пад дужку вядра. Так стала вальней і не было відаць, што ён нясе. Ён удала перайшоў затравянелае поле, зноў выйшаў да аброслых крапівой каляінаў на бродзе. Тут трохі спачыў у цяні пад алешынай, зноў разуўся. Пераходзіў брод, не сьпяшаючыся, з насалодай мацаючы босымі нагамі ў сьцюдзёнай вадзе. На другім беразе сеў, каб абуцца. І тады нейкая сіла змусіла яго зірнуць пад суччо недалёкіх елак. Сьпярша ён нічога там не заўважыў, а затым зірнуў зноў і сумеўся ад сполаху. Між елак ля броду стаяў худы, нейкі быццам аблезлы, зь белаватымі праплешынамі на баках воўк. Што то быў воўк, а не сабака, салдат адчуў пэўна: такімі насьцярожанымі і маларухавымі сабакі не бываюць. А ў гэтага — настырчаныя вушы, апушчаны долу хвост… Аднак у ім не прыкмячалася і ніякай адзнакі хцівасьці — можа, болей зьдзіўленьня і зьбянтэжанасьці ад нечаканай сустрэчы з чалавекам. Не адрываючы позірку ад ваўка, салдат падняўся, узяў вядро. Воўк здаля толькі пільна сачыў за ягонымі рухамі, сам, аднак, застаючыся разгублена нерухомым. У паставе ваўка па-ранейшаму не было жаднай прыкметы драпежнасьці — хіба адчай і бясьсільле. Можа, як і чалавек, ён быў згаладнелы і чакаў якой дапамогі, падумаў салдат. А калі ён шалёны? І салдат сьпярша памалу, а затым усё хутчэй пашыбаваў ад ракі. Воўк за ім не пабег.

Штораз азіраючыся, хлопец шпарка ішоў краем бору. Напачатку праз хвойнік яму быў відаць воўк, але спакваля яго аблезлая постаць пачала зьнікаць, заслоненая дрэвамі і падлескам. Хутка ён і зусім схаваўся. Тады салдат пайшоў крыху марудней. Гэта нечаканая сустрэча ў лесе новым клопатам уварвалася ў ягоную душу. А ён пасьля гутаркі зь дзедам у каторы ўжо раз гатовы быў паверыць, што не такая яна ўжо і страшная — зона. Што і ў зоне ці каля яе жывуць людзі. Але воўк… Нават воўк! Хіба такі павінны быць нармальны воўк у летнім нармальным лесе? Але калі воўк так падупаў, дык чаго тады чакаць людзям?

Застаўшыся ўранку адзін, бамж доўга й нерухома ляжаў на лапніку, захінаючыся ў сваю кухвайку. Пачуваўся ён кепска, дужа не хацелася ўставаць, было санлява-млосна, сілы ўвачавідкі зьнікалі. І ён ня мог даўмецца, што зь ім адбываецца.

Мабыць, ён яшчэ трохі забыўся ці задрымаў і прачнуўся ад млоснай задухі — не хапала паветра, было дужа горача і хацелася піць. Але вада была толькі ў рацэ, за абрывам, — як да яе дапяцца? І бамж усё ляжаў, баючыся скрануцца з належанага месца, бо ня меў упэўненасьці, што зноў можа сюды вярнуцца.

Празь нейкі нядоўгі час ён адчуў, што стала й зусім кепска, усё ў ягоным нутры гарэла. У роце было суха, язык стаў шурпаты, бы яловая шышка, — не паварушыць. Усё болей дакучала смага, і ён думаў: трэба паўзьці да ракі. Зараз, зараз трэба намагчыся ўстаць, казаў ён сабе ў думках і ня мог устаць. Усё ляжаў, і стан яго ўсё горшаў.

Як зусім стала кепска, зразумеў, што зараз жа трэба вады… Тады нейкім намаганьнем устаў на калені і споўз зь невысокага абрыву. Тут, на ўгрэтым сонцам пяску зрабілася й зусім невыносна. Хістаючыся, ступіў колькі крокаў і ўпаў каленямі ў гарачы пясок. Далей поўз — на кукішках цераз пясок і травяністы бераг, пакуль нарэшце не дапяў да вады.

Ён спрабаваў піць, лежачы, але гэтак было нязручна, ён намачыў сабе ўсе грудзі ў кухвайцы і не напіўся. А галоўнае — вада аказалася зусім не такой, як чакаў, — цёплай, мутнай і брыдкай. Яна не спатоліла смагі, не дала ніякай палёгкі, а шлях да яе зусім зьнясіліў бамжа. Паляжаўшы нямала часу на беразе, ён зразумеў, што трэба вяртацца ў засень. На гэткай гарачыні доўга ня вытрымаеш.

Шлях па беразе ўгору быў і зусім жахлівы — бамж прапоўз крокаў дзесяць і зьнясілена аблёг на траве. Дыхаць зусім стала неяк. Цела ўсё гарэла, і ён не разумеў чаму. Ад сонца ці, можа, у ягоным нутры быў такі жар? Усё ж ён неяк дапоўз да абрыву, трэба было ўскараскацца на яго, пад хвоі, у засень. Але як?

Трохі паляжаўшы, ён падняўся на кукішкі, затым на ногі, аблёгся грудзьмі на ўзровак і не ўтрымаўся. Ногі падламіліся, галава закружылася, бор кудысьці паехаў, і ён споўз долу. Так, мусіць, ня трэба было яму паўзьці да ракі, траціць апошнія сілы. Палёгкі сабе ён не прыдбаў, а становішча сваё пагоршыў. Як і ў жыцьці. Дамаеш нешта зрабіць, каб лепш, а робіцца наадварот — яшчэ горш. Запаўзьці ў сваю нару? Але там з учарашняга ўсё абрушылася, схову там не было. Ну але няўжо ён не адолее гэты паўтарамятровы абрыў, — аж зазлаваў на сваю зьнямогу бамж. Няўжо ён так аслабеў?

Новая спроба, аднак, таксама не прынесла посьпеху, — чалавек аблягаўся грудзямі, шкрабаў башмакамі па ўсохлай, з каранямі зямлі, а ўскараскацца на абрыў ня мог. І зноў зьнясілена асядаў долу. Але ён так імкнуўся ў лес, пад засень хваёвых шатаў, дзе, думалася, быў яго паратунак.

Пасьля чарговае і марнай спробы ён, здаецца, страціў прытомнасьць.

А як ачуняў, не адразу зразумеў, дзе ён. Побач была нейкая земляная сьцяна, пад ёй зьявіўся нешырокі цень — сонца заходзіла за бор. І бамж адчуў прахалоду. І тады ён прыпамятаў салдата. Ці вернецца салдат? Зрэшты, наўрад ці вернецца, чаго яму вяртацца сюды — на пагібель у гэтую праклятую зону? Хай ідзе куды ў белы сьвет, можа, знойдзе іншае месца. Дарма ён яго тут трымаў, прынаджваў і суцяшаў — трэба было адразу прагнаць. Аблаяць апошнімі словамі й прагнаць — куды лезеш, дурань! Ды во пашкадаваў і пагубіў. Хаця ці пашкадаваў? Усё ж ён быў тут патрэбны, таму бамж і пакарыстаўся ім. А цяпер салдат наўрад ці доўга працягне, жальліва разважаў бамж са спазьнелаю, аднак, жаласьцю. Цяпер яму стала зразумела, чаму партыйны інструктар зь ім не паехаў, толькі хваліўся зонай. Нікога яна не гартуе — яна ўсіх губіць. Але што крыўдаваць на інструктара, можа той толькі выконваў партыйнае даручэньне сярод бамжоў. Бо мусіць жа, партыя і сярод бамжоў павінна весьці нейкую масава-растлумачальную працу. Хоць бы пад лёзунгам: савецкім людзям атам ня страшны, як колісь пісала газэта «Правда». Разумныя ў тое, вядома, ня верылі, але колькі іх было, разумных. Калі ў часе ягонай службы ў войску да каго з афіцэраў падкатваўся асабіст з дужа сакрэтным даручэньнем, мабыць, ніхто таму не адмаўляў. На тое не хапала ні розуму, ні адвагі, усе спраўна выконвалі ўсё, што патрабавалася. Кожнаму тады абяцалі: як вы — нам, так і мы — вам. Тое падабалася. Але як яго вытурылі з войска, і ён пабег да асабістаў па дапамогу, тады атрымаў ад іх кукіш: прабач, нічога ня можам, ня ў нашай кампэтэнцыі.

А як ён ім паказаў кукіш, ужо стаўшы бамжом, тады амаль што пакрыўдзіліся — ну, такога ад цябе не чакалі, вэтэран, нашая апора і надзея. Але ўжо тады ён пляваў на ўсё і на ўсіх на сьвеце, ён стаў жыць толькі ўласным клопатам і ні на каго не зважаў. Якую з таго меў карысьць — іншая справа. Ягоны настаўнік бацька ўсё жыцьцё пражыў для людзей і дацягнуў да дзевяноста гадоў. Але што гэта было за жыцьцё? Асабліва апошнія гады. Зьнямоглы, усімі пакінуты ў глухой, непэрспэктыўнай вёсцы, ён ціха сканаў, і толькі праз тыдзень яго выпадкам знайшла суседка. Пахаваць не было каму, сына нідзе не маглі знайсьці, бо ніхто ня меў ягонага адрасу, ён гадоў восем не пісаў бацьку — не было чаго. Мабыць, гэтак жа лічылі і астатнія два сыны, якія жылі немаведама дзе і пра бацькаву сьмерць, можа, яшчэ й не дазналіся.

Нядобры ён быў да бацькі, ня лепшы й да сына — таго лабаценькага Дзяніскі, якога некалі пакінуў у ракетным гарнізоне. Але калі да бацькі асаблівых сантымэнтаў ня меў, дык за сына дужа балела душа — які ён, дзе ён, ці жывы хаця? Усё зьбіраўся напісаць, зьезьдзіць, але куды і за што? Ды й былая жонка, маці Дзяніскі, хіба магла яму адказаць — яна толькі дамагалася ад яго алімэнтаў. А Дзяніскі, можа, няма ўжо і ў жывых? У свой салдацкі ўзрост, можа, прапаў дзе ў Афгане, у Чачні, у якой са шматлікіх гарачых кропак, куды пішчом лезьлі нашыя інтэрнацыяналісты, пасылаючы чужых сыноў пад мусульманскія кулі. Папраўдзе ён баяўся дазнацца горкае праўды пра сына і жыў, нічога пра яго ня ведаючы. Яму аж занадта хапіла таго горкага болю, што ён стрываў у памятны дзень свайго разьвітаньня з сынам.

Зьехаць быў змушаны, зьбіраўся рабіць тое ціха, неўпрыкмет, як не было дома жонкі. Разьведзеныя, яны доўга жылі ў адной кватэры, у адным пакоі і між імі — пяцігадовы Дзяніска. Таго дня зранку жонка выправілася ў сваю сталоўку, ён, не зусім цьвярозы пасьля ўчарашняга, торапка пакідаў у сумку свой небагаты набытак і надзеў афіцэрскі шынель са споратымі пагонамі. Дзяніска адразу заўважыў бацькавы зборы і кінуў мэталічны аўтамабільчык, якім гуляў на падлозе. «Ты куды, папка?» — «Я хутка», — схлусіў бацька, каб не трывожыць сына. «Ты ў краму па шакаладку? — дапытваўся сын. — І я з табой». «Я ня ў краму, я ў іншае месца». «Вазьмі й мяне ў іншае месца», — бы што прадчуваючы, прасіўся сын, ужо надзяваючы сваю куртачку. Што было зь ім рабіць? Сварыцца ў яго ўжо не было сілы, але і куды ён мог яго ўзяць? «Ня йдзі за мной, заставайся дома», — строга загадаў ён, і Дзяніска заплакаў. Дзіцячая душа, мабыць, ужо адчувала благое, ашукаць яе было нельга. А ён тады й не падумаў, што болей ім не пабачыцца. Выскачыў у дзьверы і накінуў на прабой дужку замка. У пакоі пакрыўджана плакаў Дзяніска, і ён не хацеў чуць дзіцячага плачу. Той плач прадаўжаў гучэць у ягонай памяці ўсе наступныя дваццаць ці болей гадоў, часам прападаючы, а то раптам узьнікаючы — нясьцерпна, да роспачы. У згадках, снах, самых недарэчных па часе ўспамінах…

Ну, але дзе ж салдат? Чаму не прыходзіць салдат?

Бамж ужо адкінуў свае нядаўнія велікадушныя думкі пра тое, каб салдат не вяртаўся — яму дужа трэба было, каб вярнуўся. Што б зрабіў, калі б вярнуўся, чым бы дапамог бамжу, ён ня ведаў. Наўрад ці яму што памагло б. Але цяпер ён прагнуў пабачыць салдата, тое было вельмі патрэбна бамжу. І можа б, ён прынёс хоць малое каліва, хоць бы адзін глыток. Яму так хацелася цяпер глынуць хоць трошкі, — адчуваў, тады стала б лепей. Як лепей было заўжды, калі вып’е. Дурны ён, што паспадзяваўся, быццам адвыкне ў зоне. Нашто было адвыкаць?

Можа, выпіць — было самае лепшае ў яго бязладным жыцьці. А ад лепшага не адмаўляюцца. Ды й навошта? Дзеля чаго? Шкада, што найкаштоўныя ісьціны прыходзяць непапраўна позна.

Дык дзе ж салдат?

Невядома чаму ён зноў пачаў караскацца на абрыў, зрушыў зь яго пласт зямлі, і ўсё няўдала. Чаму ён гэтак караскаўся — хто ведае. Але такая была яго неўсьвядомленая апошняя воля — кудысь караскацца. Спазьнелая, марная воля. Як і ўсё спазьнелае, тое рэдка бывае ўдалым. Ня стала яно ўдачай і для бамжа. Мабыць, паратунку яму не было ўжо нідзе, і ён падсьвядома адчуваў тое. Ды нейкая добрая ці не воля цягнула яго туды, на абрыў, да іх учарашняга лаўжа, здавалася, так было трэба. І тады ён адчуў, што гэты покліч — покліч канца. Сканаць належала на ўласным месцы — у лаўжы ці ў ложку, але ў сваім кутку.

Але дзе ягоны куток? Кутка ў бамжа даўно не было, а можа, не было й ніколі. Ён свой куток прафукаў, прапіў, той растаяў у прывідным алькагольным тумане. А цяпер бы ён так спатрэбіўся. Хаця б для магілы…

Пасьля чарговае спробы ўлезьці і чарговай няўдачы ён адчуў, як запякло — агнём апаліла ў грудзях, і чымсь салёным напоўніўся рот. Тады ён сплюнуў у пясок, адчуваючы, як хутка зноў стала поўніцца ў роце. Не адразу ён зразумеў, што гэта ішла кроў. Кроў ішла з горла. Тое яго спалохала, але толькі на момант. Мабыць, так яно й павінна быць. Усё папярэдняе было падрыхтоўкай да такога канца.

Ён ляжаў на баку пад абрывам і ўжо не пляваў, толькі павярнуў долу твар. Кроў плыла на пясок. Усё ж крыві было шмат, і мабыць, трэба быў час, каб яна сышла ўся. Зь ёй сыдзе й жыцьцё…

Але, можа, раней прыйдзе салдат?

Салдат зрабіўся дужа патрэбны бамжу — зусім ня дзеля паратунку, а для чаго, ён і сам ня ведаў. Што б ён сказаў салдату? Увогуле сказаць было шмат, для таго не хапіла б жыцьця. Але, можа, найперш разьвітацца. Разьвітацца, не расказаўшы. Вось так, нічога ён не пасьпеў у жыцьці — ні для сябе, ні для другіх. Жыцьцё нядаўна яшчэ здавалася такое нясьцерпна даўгое, а апынулася кароценькім, бы заечы хвосьцік… А гэтага няўдаку-хлопца таксама скруціць тая ж самая радыяцыя, што даканала яго. На самым пачатку ягонага маладога жыцьця. Усё ж жыцьцё, якое б яно ні выдарылася, самае каштоўнае ў сьвеце перад чорным правальлем канца.

І ўсё ж ён хацеў дачакацца салдата. Можа б, той прынёс хоць глыток. А так…

Што значыла гэтае А ТАК, ён ужо не дадумаў. Ягоная цьмяная, з прывідамі сьвядомасьць згасла. Паволі, трудна, быццам з астатніх сіл чапляючыся за яву. Нарэшце зьнікла зусім…

Салдат нёс бульбу, ён дужа сьпяшаўся. Невялікае вядзерца, аднак адрывала рукі, і ён хапаў яго за драцяную дужку то правай, то левай рукой. Невядома, ці яно сапраўды было цяжкое, ці хлопец надта аслабеў у гэтай дарозе. Час ад часу ён спыняўся пад хвоямі, ставіў вядзерца ў дол і нядоўга спачываў, штораз азіраючыся па бакох. Не, ваўка пакуль не было відаць, воўк за ім ня йшоў. Наўрад ці ён быў здольны бегчы, той пляшывы дахадзяга-воўк. Але й чалавек траціў сілы, дарма, што быў малады. Трудна было дыхаць, у грудзях увесь час тахкала сэрца, ён дужа змакрэў ад поту, але бушлат не скідаў. Зьнімаў толькі шапку, як адпачываў. Пасьля то надзяваў яе на галаву, то клаў на бульбу ў вядзерца. Усё роўна, і так, і так было душна, цяжка і нязручна. Зімовая шапка замінала яму, але й кідаць яе не хацелася. Ён думаў, што шапка ўсё ж беражэ галаву ад нуклідаў.

Сонца ўжо схілілася над лесам, сьвяціла збоку і не так пякло, як у паўдзён. У лесе пабольшала прахалоды — нават на хваёвых грудках не было душнаты. Між хвояў гуляла-пералівалася цёплае, залацістае сьвятло, па імшыстым доле слаліся касыя цені, патрэсквала сухое гольле пад ботамі. Там-сям буялі верасы, а то пачыналі ўбірацца ў сілу, зацьвітаць зарасьнікі чарніц. Але ягад яшчэ не было. Ці дачакаецца сёлета ягад? — самотна падумаў салдат.

Балота ён абышоў стараной — прадраўся праз хмызьняк і апынуўся на беразе рэчкі. Адсюль ужо блізка было й да іхнага стойбішча, і ён прысьпешыў свой хісткі крок — хацелася, як найхутчэй.

Хмызьняковай сьцяжынай ён выйшаў нарэшце на іх беражок і трохі сумеўся — бамжа нідзе не было. Ні каля рэчкі, ні на беразе, ні на абрыве. Яшчэ праз колькі крокаў ён згледзеў скорчаную постаць пад абрывам і падумаў, што той заснуў. Але штось яго затрывожыла, — надта ўжо скорчаная пастава бамжа прымусіла салдата кінуць вядзерца і пабегчы туды. Там найперш ён убачыў згусьцелую кроў на пяску, на плячы кухвайкі і аж знячывеў ад думкі, што бамжа забілі. Ажно пасьля зразумеў, што кроў ішла з рота. Бамж быў нежывы.

Надзіва самому сабе, салдат ня надта й спалохаўся. Адчуў толькі вострае пачуцьцё непрыемнасьці, нават гідоты, а затым і зьдзіўленьня — нашто так? Быццам бамж зрабіў тое сам з пэўным нядобрым намерам. Пасьля, аднак, зашчымела шкадаваньне і зь ім — паўзабытае адчуваньне ўласнай пакінутасьці. Цяпер зноў ён адзін. Сам на сам. І ўся гэтая бульба — яго. Яе можна сьпячы і аднаму ўсё зьесьці. І ня трэба нікому аддаваць рэшту хлеба ў кішэні, — усё ж выгода ад гэтай неспадзяванай сьмерці. Ён асьцярожна дастаў абкрышаны кавалак і пачаў яго есьці. Мусіць, як у вайну. Вэтэраны расказвалі, што чым больш гінула ў роце, тым больш для галодных заставалася харчу. І гарэлкі. А ён не прынёс бамжу выпіць, нават не папытаўся ў дзеда… Было журботна і паныла.

Салдат сядзеў побач зь нябожчыкам, жаваў хлеб і думаў. Мабыць, найперш трэба дроваў — тых, ля вогнішча, пасьля залевы засталося мала. І ён, зьеўшы хлеб, паплёўся ў лес. Нешта сабраў і прынёс. Пасьля пачаў ладзіць цяпельца. Ён ня ўмеў карыстацца «кацюшай» і пазьбіваў пальцы, пакуль запаліў шкуматок. Далей таксама было не лягчэй — ад дымлівага шкуматка распаліць кавалак сухога моху. Ён усё дзьмуў і дзьмуў, пакуль зусім не закружылася галава і ён стаў, бы п’яны. Трохі спачыў і зноў дзьмуў.

Можа, праз гадзіну ці болей учарашняе кастрышча ажыло, у вечаровай ціхманасьці над рэчкай зноў пацягнуўся ўгару хвост дыму. Сьпяшаючыся, ён падклаў болей паліва — будзе гарэць. Галоўнае было зроблена — яны здабылі агонь. То была б агульная радасьць, якую цяпер меў адзін. І яна менела напалавіну. Такая была тутэйшая арыфмэтыка. Арыфмэтыка сабачага жыцьця…

Пакуль гарэў ладны касьцёр, напальваў вугольле, салдат падышоў да бамжа. Што было рабіць? Наесьціся бульбы і матаць адсюль? Ды — куды? Гэтае нязбыўнае пытаньне, бы праклён, вісела над ім паўгода, і ён не знаходзіў на яго адказу. Можа, яго наогул не існавала — адказу, а ён, дурань, яго шукаў. Інакш бы ён не апынуўся ў зоне, а знайшоў бы якое іншае месца. Але ці было яно, тое іншае месца? Во і бамж апынуўся менавіта тут — ужо ці не зьвяла іх разам фатальная агульнасьць лёсаў? Але якая ў іх магла быць агульнасьць? Рознасьці — гэта так, колькі заўгодна. А агульнасьці?.. Аднак жа нешта было, інакш бы яны не апынуліся разам.

Дык што ж — і канец іхны аднолькавы?

Гэткія думкі палохалі, як было зь імі згадзіцца? Салдат здрыгануўся і перастаў думаць пра тое. Лепш было наогул ня думаць. Калі б тое было магчыма…

Сонца зусім схавалася за борам. Увесь бераг рэчкі і хмызьняк на баку зарэчча патаналі ў засені, у якой патроху расплываўся шызы дым кастра. Толькі бязвоблачнае неба над лесам раскашавала-купалася ў разьвітальным сонечным зьзяньні — там гралі шчасьлівыя бомы, якія не дасягалі зямлі. На зямлі ўладарылі бомы хаўтураў.

Нарэшце салдат паклаў у вугольле дзясятак бульбінаў, старанна загарнуў іх у прысак. Хай пякуцца. А сам падышоў да нерухомага цела бамжа. Што зь ім рабіць? Мусіць жа, трэба было яго пахаваць? Але ні рыдлёўкі, ні нават здатнага для такой патрэбы нажа ў іх не было. Салдат узьлез на абрыў і выламаў зь ляшчыны тоўстую палку. Канешне, лепей было б пахаваць на абрыве, збоч ад іхнага начнога лежбішча, але палкай там не ўкапаеш. Там дзерніна і хвойныя карані… І ён пачаў капаць у пяску, пад абрывам, побач зь целам нябожчыка. Тут было лягчэй, ён калупаў палкай і жменямі выграбаў пясок. Праз гадзіну атрымалася ямка, — мелкаватая, праўда, і нязграбная. Як і бамжова жыцьцё, падумаў салдат. Якое жыцьцё, такое й пахаваньне. Ды і ўсё жыцьцё ёсьць, мусіць, заробкі на паховіны, не на што іншае. А некаторыя думаюць — на кар’еру. Кожная кар’ера во — канчаецца ямай. Дык ці варта так дбаць пра яе? Пра кар’еру або пра яму — салдат ужо дадумаць ня мог. Ён аж спалохаўся ад думкі: а ці будзе каму пахаваць яго?

Можа, ня трэба было хавацца, уцякаць, можа, лепш, каб яго знайшлі. Вядома, і пакаралі. Чорт яго ведае, што ў жыцьці лепш, а што горш. Ён ці не з маленства хацеў пайсьці ў армію, з кніжак і кіно яму падабалася ўсё вайсковае — зброя, абмундзіроўка, тэхніка. Ён нават прагнуў абараняць радзіму і пры тым праявіць геройства. Ён радаваўся, як у ваенкамаце яго прызначылі ў ракетныя войскі, і ня думаў, што гэтая радасьць хутка вылезе яму бокам. Давялося пачарнець з гора — ня радуйся раней часу, дурань.

Ён не хацеў жыць брыдка, прагнуў сумленьня і чысьціні. Атрымалася ўсё наадварот. Дык што ж яму — гінуць цяпер у свае дзевятнаццаць гадоў?

Задумаўшыся, ён не адразу заўважыў, як побач паявілася птушачка — маленькая вяртлявая трасягузка з доўгім хвосьцікам. Немаведама адкуль узяўшыся тут, яна бесклапотна паскакала па пяску, штосьці там клюнула, азірнулася на адзінокага, прыбітага горам чалавека ля вогнішча і нібыта ціхенька піскнула.

— Плісачка! — прашаптаў ён зь нечаканай пяшчотай, адразу ўспомніўшы слова, якім у вёсцы клікалі гэтых птушак. Але птушка адразу пырхнула ўгару ды імкліва адляцела за рэчку. Нашто яна тут, па чыю душу прылятала? — растрывожана думаў салдат, крануты нечаканым паяўленьнем птушкі.

Тым часам, мабыць, сьпякліся бульбіны.

Салдат выграб з прысаку крайнюю, трохі абцёр яе аб штаны і спрабаваў адкусіць. Але чамусьці ня здолеў — абпякло ў роце і спазма здушыла горла. Тады ён памкнуўся другі раз, і другі раз нічога ня выйшла. Штосьці сталася зь ягоным горлам ці страўнікам — тыя не прымалі ежы. Пачало мкнуць на ваніты, і ён выпусьціў бульбіну. Хлопец не на жарты спалохаўся — ён ня мог есьці. Затое мацнелі ваніты, разы два з горла лінула ледзьве не на касьцёр. Ад нутраных сутаргаў у яго выварочвала страўнік — так было кепска. Нізка схіліўшыся над долам, ён сядзеў ля прытухлага вогнішча ўжо бяз жаднай увагі да бульбы. Ён чакаў, калі ягоныя пакуты скончацца. Але пакуты не канчаліся — пакуты, здаецца, мацнелі.

Так доўжылася нямала часу, пачаў затухаць касьцёр. У цемрыве ночы зводдаль цьмяна блішчэла вадзяная пляма затокі. Побач, трохі асьветлены рэштай вагню, ляжаў скалелы нябожчык. Мабыць, трэба было падкласьці палак у вогнішча, ды салдату было не да таго. Ён зрабіўся абыякавы да вагню, пра які нядаўна яшчэ гэтак дбаў. Прыйшла чарга дбаць пра сябе.

Трохі, аднак, саўладаўшы зь немаччу, ён устаў, падняў ацежалелае нежывое цела і зваліў яго ў яму. Загарнуць пяском не пасьпеў — зноў падступілі ваніты. Тады ён аблёг долу побач і думаў, што, мабыць, тут і сканае таксама. Сканаць тут разам, можа, было б і няблага… Побач марудна паміраў касьцярок, у цемры на краях вогнішча яшчэ варушыліся-міргалі дробныя агеньчыкі. Спакваля і тыя атухлі…

Ачнуўся глыбкай ноччу — яму й зусім стала блага. Толькі пасьпеў сесьці на сьцюдзёным пяску, як зноў скалануўся ад ванітаў. Ванітаваць даўно ўжо не было чым, але ўсё роўна яго ірвала знутры, — здаецца, ірвала з вантробаў. Ён не разумеў чаму, і то крыху паднімаўся, то зноў аблягаў долу. Між пакутных сутаргаў трохі забываўся ў зьнямозе, каб неўзабаве прахапіцца зноў і зноў надрывацца ў ванітах. Здаецца, ужо зусім апусьцеў страўнік і ўсе вантробы, а нясьцерпная гарката не пераставала імкнуць з горла, сутаргі не спыняліся. І яму здавалася, што лепей сканаць, чым так пакутваць.

Можа, пад ранак трохі заснуў.

Прачнуўся, як ужо разьвіднела, сеў, пачаў выціраць запэцканае падбародзьдзе, грудзі. І тады на пальцах убачыў кроў — як і ўчора ў бамжа. Зь ягонага рота таксама ішла кроў. Значыцца, і яго неўзабаве чакае тое ж.

Але ж ён не хацеў паміраць…

Ён з натугай устаў і, хістаючыся, пайшоў берагам прэч. Прэч ад гэтай затокі, ад вогнішча, ад незакапанай магілы. Яму трэба было дабрысьці да броду.

Мабыць, новая мэта надала нейкай сілы — хістка, няўпэўнена, аслабела ён адолеў, аднак, немалы кавалак шляху па лесе. Але і выдыхся дашчэнту. Упаў у падлеску, сярод арабінавага маладняку, доўга ляжаў. Сьвядомасьць яго затуманілася, часам ён пераставаў разумець, хто ён і дзе знаходзіцца. Але не надоўга. Усё ж ён прымушаў сябе ўстаць і йсьці. Яму вельмі трэба было дайсьці да броду.

— Людзі-і-і-і, людзі-і-і-і, — намагаўся ён крыкнуць, але зь ягоных вуснаў зьлятаў толькі шэпт. Ніхто нідзе не адгукаўся. Ды і нідзе не было нікога. Не было нават ваўка. На момант успомніўшы дахадзягу, салдат прамовіў у думках: дзе ты, браток па няшчасьці? Воўк ты мой, воўча… Хадзі, можа, паратуемся разам…

Пачала дужа дакучаць смага — хацелася піць. Ды рака й балота засталіся ззаду, у бары вады не было. Ён разумеў гэта і трываў. Ён толькі ішоў. Ад дрэва да дрэва, ад хвоі да хвоі. Аднак усё выразьней стаў адчуваць, што ня дойдзе.

Але няўжо сапраўды ня дойдзе?

Спалох трохі надаў сілы. Але няшмат. Аслабела пратупаўшы дзясятак крокаў, падаў на дол, ляжаў. Нашто ж усё так атрымалася, чаму? — гучала ў ім недаўменнае пытаньне. Усё тое ж пытаньне без адказу. Хто загубіў ягонае жыцьцё? І чаму? А можа, гэтак з самага пачатку наканавана лёсам? Тады ён не вінаваты. Сам ён ужо бясьсільны што-небудзь у ім зьмяніць.

Устаючы, ён кідаў кароткія позіркі па бакох — думаў, мо дзе ўбачыць людзей. Каб крыкнуць. Ды людзей не было. Не было і ваўка. Салдат застаўся зусім адзін у гэтым прыгожым і страшным лесе.

Стала чамусьці цёмна. Можа, настала ноч? Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, ня выбраўся з гібельнай ямы. Цемра навалілася на лес, на салдата, і ён ужо не разумеў, у які бок ісьці. І ці ісьці наогул? Сілы ў яго не было нават устаць…


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   45


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка