Спаборніцтва “Кубак вызава”
Цудоўны настрой і вялікі зарад станоўчых эмоцый – вось вынік сумесна праведзенага выхаднога дня групай настаўнікаў і выхавацляў Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната.
19 студзеня на базе СШ №2 г. Копыля наша каманда ўпершыню аспрэчвала пераходзячы “Кубак вызава” па спартыўных і рухомых гульнях з камандай гаспадароў. Спаборніцтвы праходзілі па шашках, настольным тэнісе, валейболе, скачках праз скакалку, праводзіліся штрафныя кідкі ў баскетбольнае кальцо, бегавыя эстафеты і камандныя скачкі ў даўжыню з месца. На пляцоўках вялася ўпартая бескампрамісная барацьба, аб чым сведчыць і канчатковы вынік 8:7 на карысць гасцей. Паказальным фактарам жадання абедзвюх каманд завалодаць “Кубкам вызава”з’яўляецца тое, што прайграўшыя ўжо сёння настроены ўзяць праз год рэванш, а пераможцы, не збіраюцца аддаваць спартыўны трафей. Што ж, няхай пераможа мацнейшы!

Сяброўская сустрэча завяршылася сумесным чаепіццем, пасля чаго прадстаўнікі каманд–саперніц адправіліся на Капыльскае возера, дзе прынялі непасрэдны ўдзел у абразе Хрышчэння, акунуўшыся ў ледзяную ваду. Інакш і быць не можа, бо менавіта асабісты прыклад настаўнікаў з’яўляецца самай сапраўднай прапагандай здаровага ладу жыцця, прыкладам актыўнай жыццёвай пазіцыі для малодшага пакалення. У здаровым целе – здаровы дух! |