Спатканне з родным словам у Барунах Кажуць, мова мая аджывае




Дата канвертавання22.02.2017
Памер21.7 Kb.
Спатканне з родным словам у Барунах

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара,

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

П. Панчанка

Мова – галоўнае адрозненне аднаго народа ад іншага. Яна – тое, што адрознівае нас, беларусаў, ад суседзяў і надае нашаму народу ўнікальнасць. Сёння ў свеце існуе каля 5000 моў, і 2/3 з іх не мае пісьменнасці. Родная мова – важны элемент тоеснасці кожнага чалавека, які ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. У беларускай мовы быў нялёгкі лёс – яна прайшла цяжкі і складаны шлях, пакуль “выйшла на волю, як кветка красы”. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных калыханак, цудоўных беларускіх казак, легендаў ды паданняў. З роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. Родным ласкавым словам нас вітаюць таксама бацькі пасля доўгай разлукі.

З 2000 года 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы, мэтай якога з’яўляецца абарона моўнай і культурнай разнастайнасці. Барунскі яслі-сад-сярэдняя школа - тут таксама не выключэнне.

21 лютага ў актавай зале Барунскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Дзерван Гэнуэфы Казіміраўны (выбітнага педагога і адданага сваёй справе чалавека) прайшло спатканне з аматарамі беларускай мовы. Яны спявалі песні, чыталі вершы беларускiх пісьменнiкаў. Гэта быў сапраўдны цуд – чуць чыстыя гукі роднай беларускай мовы, цешыцца яе мяккасцю і спеўнасцю, атрымліваць асалоду ад яе чароўнай прыгажосці.

На свята ў Барунскую школу была запрошаная дасведчаная настаўніца роднай мовы і літаратуры Місюк Алена Вікенцьеўна - цудоўны чалавек і прафесіянал высокага класу. Кожнаму вучню яна аддала часцінку свайго сэрца, свайго вопыту, свайго таленту. А талент у Алены Вікенцьеўны незвычайны: яна піша вершы. Творы Алены Вікенцьеўны друкуюцца ў раённай газеце, дзе паэтка шчодра дарыць свае вершаваныя радкі блізкім, калегам і вучням. На сустрэчы літаратарка пазнаёміла прысутных са сваімі творамі, расказала пра свой жыццёвы і прафесійны л ёс, прызналася ў любові да роднай мовы і бацькоўскай зямлі. Паэтка нарадзілася ў вёсцы Карабы, што недалёка ад Гальшанаў. Сваю педагагічную дзейнасць пачала ў Мураванай Ашмянцы ў якасці настаўніцы пачатковых класаў. Затым прадоўжыла сваю працу ў Навасёлкаўскай СШ. Цяпер жа Алена Вікенцьеўна працуе ў Барунах і дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі мясцовай школы. Творчасць Алены Вікенцьеўны – моцна знітавана з Ашмянскаю зямлёю, прыкладам чаго сталі паэтычныя радкі, прысвечаныя Соф’і Гальшанскай.



Спатканне з таленавітаю асобаю глыбока запала вучням Барунскай школы ў сэрцы. Ім вельмі спадабаліся пранікнёныя радкі паэткі, якая сваімі вершамі натхніла маладое пакаленне шанаваць і не цурацца роднай мовы. Барунская моладзь была ў захапленні ад сустрэчы і выказала спадзяванне, што такія спатканні будуць адбывацца часцей.

Настаўніца нямецкай мовы

Барунскага ВПК

Бражыцкая Алена Іосіфаўна


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка