Сучасны пурызм у беларускай мове




Дата канвертавання18.11.2017
Памер78.66 Kb.
Сучасны пурызм у беларускай мове

Ёсць шмат азначэнняў такой лінгвістычнай з’явы, як пурызм. Возьмем найбольш агульнае: пурызм – гэта напрамак у фармаванні літаратурнай мовы,  накіраваны на яе “ачышчэнне” ад усіх элементаў, якія не лічацца роднымі (часта суб’ектыўна), у першую чаргу ад рознага кшталту запазычанняў, і ўзбагачэнне яе перадусім за кошт уласных рэсурсаў (неалагізмаў, часам дыялектнай лексікі і нават архаізмаў).



Трэба адзначыць, што сённяшні беларускі пурызм характарызуецца пэўнай несіметрычнасцю, бо праяўляецца ў адштурхоўванні ад элементаў, якія ўспрымаюцца як пранікненні з рускай мовы і практычна не закранае польскія. Больш за тое, часта менавіта польскія словы або словаўтравальныя мадэлі ці сінтаксічныя канструкцыі служаць тымі элементамі, якія выкарыстоўваюцца для замены рускіх. Гэта звязана перадусім з так званай сітуацыяй білінгвізму, пры якой мова тытульнай нацыі de jure лічыцца першай дзяржаўнай, але de facto знаходзіцца, як мы ўсе цудоўна ведаем, у стане “ўнутранай эміграцыі” і працяглы час паслядоўна, часта пры падтрымцы дзяржавы, выцясняецца з розных сфераў рускай мовай. Польская ж на сённяшні дзень непасрэднай пагрозы існаванню нашай мовы не ўяўляе. Акрамя таго, некаторыя прадстаўнікі сучаснага пурызму не вельмі добра ведаюць польскую і многія “жывыя” паланізмы ўспрымаюць ак арыгінальныя беларускія слоўцы ці неалагізмы. Такія словы становяцца ў іх маўленні пажаданымі і нават моднымі. Такім чынам, ідэю сучаснага пурызму можна сфармуляваць наступным чынам: “Абы не так, як па-руску”. І гэта ў прынцыпе цалкам лагічна і прадказальна, бо мы вымушаны бараніцца ад вялікай колькасці русізмаў, якія патрапілі ў нашу мову ў час русіфікацыі і прывялі фактычна да парушэння структуры мовы і, па сутнасці, яе сістэмнай дэфармацыі. Аднак тут непазбежна ўзнікае праблема выцяснення шмат якіх спрадвечна беларускіх словаў, якія належаць агульнаславянскай ці агульнаўсходнеславянскай спадчыне і пашыраныя не толькі ў сучаснай беларускай і рускай мовах, але і ў дыялектах (човен замест лодка (праславянк.); спяваць замест пець (але ж маем слова певень); алей нават у значэнні ‘сметанковае масла’; тлусты замест тоўсты; выйсце ва ўсіх кантэкстах замест выхад; шэраг, шыхт замест рад; дзеля замест для). Такая тэндэнцыя непазбежна прыводзіць да збяднення мовы шляхам адмаўлення ад яе спрадвечнай лексікі, а часам і да няправільнага ўжывання словаў.

На нашу думку, умераны пурызм, які абапіраецца на ўласныя сродкі мовы, на так званую шырокую народную базу, і часта з’яўляецца паказальнікам росту нацыянальнай самасвядомасці, карысны. Пры гэтым ёсць таксама адрозны погляд на пурызм як на з’яву, што тармозіць развіццё мовы. Так Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Цэнтра беларускай мовы і культуры, сцвярджае: “…на сучасным этапе існавання беларуская мова павінна пазбавіцца ад комплексу блізкароднаснага адштурхоўвання. Моўны пурызм як самамэта на сучасным этапе рэальна стрымлівае развіццё мовы і яе паўнацэннае выкарыстанне ў найбольш важных і актуальных для жыцця сучаснага грамадства камунікатыўных сферах.”

Празмерны ж пурызм можа часам выклікаць і камічны эфект, асабліва калі ён датычыць замены так званых інтэрнацыяналізмаў. Параўнай: тэлевізар – даляба́ч, тэлефон - далягук і перамаўляч; мабільнік – далькажык; тэлефанаваць па мабільным – далькажыць; фатаграфія – святлопіс; вентылятар – душнік; бібліятэка – кніжня; тостар – апякач; пыласос – пыласмок; пыласосіць – пыласмактаць; пральная машына – пральня і г.д. Вось яшчэ забаўныя, на маю думку, варыянты замены “шкодных” англіцызмаў, якія прапануюць некаторыя беларусы: замест стрыптыз - цялярства, галярства ці нават агалярства; замест айклаўд захмар’е, захмарыца, паднябесіца; замест каўчсёрфінг паўсюльдом, вандрасвет, канапалёт, простасвет, дармасвет, дармаспын, дарманоч

Аднак трэба заўважыць, што гэтыя неалагізмы, нават калі яны падаюцца нам дзіўнымі і часам смешнымі, таксама маюць права на існаванне, як мае права на існаванне любая інавацыя, любы эксперымент, а мова, як жывая сістэма, у далейшым зробіць свой выбар, пакінуўшы ці занядбаўшы пэўныя з іх. Прыжыліся ж у нас хмарачос, землятрус, крыжаванка.

Вядомы лінгвіст, дыпламат і грамадскі дзеяч Пятро Садоўскі ў сваім артыкуле “Моўныя інавацыі 90-х гадоў у мове беларускіх недзяржаўных выданняў” прыводзіць найбольш распаўсюджаныя прыклады сучаснага пурызму, абапіраючыся перадусім на мову медыяў і інтэрнэту. У класіфікацыі ніжэй нароўні з уласным матэрыялам мы выкарыстаем таксама некаторыя з іх.

На акцэнталагічным і фанетычным узроўнях:

  1. Несупадзенне націску са словамі літаратурнай мовы:

Пасе́джанне, выхо́дныя, куплёны, выбра́ны, учо́рашні, сярэ́да – не пасяджэ́нне, выхадны́я, ку́плены, вы́браны, учара́шні, серада́

  1. Як пурыстычная з’ява можа разглядацца сёння вяртанне да дарэформавага правапісу з перадачай заходнееўрапейскага l як мяккага, ф як т, в як б, цвёрдых д, т, з, с і інш., згодна еўрапейскай традыцыі (як у граматыцы Тарашкевіча):

Сымбаль, міт, барбар, газэта – не сімвал, міф, варвар, газета

На словаўтваральным і марфалагічным узроўнях:

  1. “агрэсіўнае пашырэнне” назоўнікаў мужчынскага роду на -нік, -оўца, -аўца, -авец, -эц, -ца, -янт, -ар, - ук/-юк замест -чык, -шчык, -чы, -ер, цель, -анін:

Даследнік, выкладнік – не даследчык, выкладчык

Здрайца, выступоўца, пікетоўца – не здраднік, выступаючы, пікетоўшчык

Міліцянт, паліцыянт – не міліцыянер, паліцэйскі

Мысляр – не мысліцель

Мянчук / мінчук, гамяльчук – замест мінчанін, гамяльчанін

  1. Пашырэнне ўжывання назоўнікаў жаночага роду з суфіксам - для абазначэння асобаў па прафесіі:

Дыктарка, лідарка, хакерка, менеджарка не дыктар, лідар, хакер, менеджар

  1. Назоўнікі жаночага роду з суфіксам -н-:

Бальшыня, мыйня, лядоўня, маразільня, збройня – не большасць, мыйка, халадзільнік, маразільнік, ваенны завод

  1. Пашырэнне аддзеяслоўных назоўнікаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам і назоўнікаў ніякага роду з суфіксамі -ін-, -ів-:

Скарот, каментар, распаўсюд, сумнеў, супраца – не скарачэнне, каментарый, распаўсюджанне, сумненне, супрацоўніцтва

Паховіны, замовіны, печыва, сочыва, марозіва – не пахаванне, замаўленне, пячэнне, варэнне, марожанае

  1. Пазбяганне ўжывання суфіксаў -ірава- / -ырава-:

Фарсаваць, маршаваць, камандава́ць, каментаваць / каментараваць, бамбаваць / бамбардаваць / бамбіць – не фарсіраваць, маршыраваць, камандзірава́ць, каменціраваць, бамбардзіраваць

  1. Замена прыставак са-, па-, раз- на су-, пад-, вы:

суаўтар, субрат, судружнасць, суўдзельнік – не сааўтар, сабрат, садружнасць, саўдзельнік

Падвышацца, падляпшаць – не павышацца, паляпшаць

Выведка, выве́днік – не разведка, разведчык

  1. Перавага суфіксаў -ов- / -ев перад -н- у прыметніках:

Двухтамовы, месяцовы, прэстыжовы, стопрацэнтовы, цэментовы – не двухтомны, месячны, прэстыжны, стопрацэнтны, цэментны

  1. Поўнае адмаўленне ад дзеепрыметнікаў на -уч-/ -юч-, -ач-/ -яч-, -ом- / -ём-, -ым- / -ім-, -ўш-:

Кіраваны, пастаўляны, гнаны, аплатны, суперны, будаваны, наступант – не кіруемы, пастаўляемы, ганімы, аплачаны, супернічаючы, будуемы, наступаючы

  1. Тэндэнцыя да пашырэння канчаткаў -аў/ -яў у родным склоне назоўнікаў множнага ліку:

Словаў, моваў, справаў, асаблівасцяў – не слоў, моў, спраў, асаблівасцей

  1. Непаслядоўнае ўжыванне націскных канчаткаў -ом/ -ём у давальным склоне і -ох/ -ёх у месным склоне назоўнікаў множнага ліку:

Нашым слухачом, па лясох і палёх – не нашым слухачам, па лясах і палях

  1. Ужыванне ў родным склоне так званага “паэтычнага” канчатка -ае:

Нашае дэлегацыі, новае газеты – не нашай дэлегацыі, новай газеты

  1. Ужыванне прастамоўнага варыянта займеннікаў іхні замест іх, ягоны замест яго і ейны замест яе, часам нават у дачыненні неадушаўлёных прадметаў:

Ейныя (канферэнцыі) вынікі, для ягонага (плана) выканання, у іхніх (газетах) артыкулах – не яе вынікі, для яго выканання, у іх артыкулах

  1. Ужыванне назоўнікаў у іншым, чым у літаратурнай мове, родзе:

Тэза, крыза, плацдарма, генэза, адрэса – не тэзіс, крызіс, плацдарм, генэзіс, адрас

На сінтаксічным узроўні:

  1. Імкненне пазбегчы ўжыванне прыназоўніка па ў словазлучэннях з мэтавым значэннем:

Камісія ў выбарах, пастанова ў справе, супернік у партыі, іспыты з гісторыі, на гэтую прычыну – не камісія па выбарах, пастанова па справе, супернік па партыі, іспыты па гісторыі, па гэтай прычыне

  1. Перавага надаецца ўжыванню назоўнікаў у назоўным склоне пасля дзеяслова-звязкі стаць, быць у прошлым і будучым:

Мы былі падрыхтаваныя, станем роўныя – не былі падрыхтаванымі, станем роўнымі

Прычым калі ў цяперашнім часе захоўваецца дзеяслоў-звязка ёсць, назоўнік ужываецца ў творным склоне:

Мова ёсць душой народа, еўрапейская Беларусь ёсць нашай марай – не ёсць душа народа, ёсць наша мара

  1. Пашыранае ўжыванне формаў запрошлага і працяглага будучага часу, а таксама сінтэтычнай формы загаднага ладу:

Была сказала, быў хадзіў, рабіцьмем, спявайма – не сказала, хадзіў, будзем рабіць, давайце спяваць

На лексічным узроўні:

  1. Ужыванне дыялектызмаў і падвышэнне статусу гутарковых і прастамоўных словаў:

Спарон, хрост, пералёк, сярэда, мейсца, тутака, тамака, ёсцека, цыцкі – не аборт, хрышчэнне, перапуд, серада, месца, тут, там, ёсць, грудзі

  1. Ужыванне запазычанняў з польскай мовы:

Уважаць, выбітны, самаход, слынны – не лічыць, выдатны, аўтамабіль, славуты

  1. Стварэнне калек для замены іншамоўны словаў:

Брухамоўца, спашукальнік – не чэрававяшчальнік, саіскальнік

  1. Абеларушванне ўласных назваў:

Іван Жахлівы, Саната месяцовага / месячнага святла, Пятро І, Вялікая Брытанія – не Іван Грозны, Лунная саната, Пётр І, Вялікабрытанія

Заданне

Знайдзіце афіцыйныя адпаведнікі да наступных словаў:

Галоўны вайскавод – галоўнакамандуючы

Мурын – чарнаскуры

Шараговец – радавы

Спраўца – справавод

Лётнік – лётчык

Кшталтавальнік нармалізатар

Душпастыр – спавядальнік

Месціч – гараджанін

Праломнік (кампутарн.) – хакер

Фартэцыя – крэпасць

Багажня – камера захоўвання

Гаўбец – балкон

Гаманец – кашалёк

Капэрта – канверт

Прабойнік – дзіракол

Канапка – бутэрброд

Балонка, бачына – старонка

Гучнамовец – мегафон

Плашчына – плоскасць

Закалот – палітычны бунт, мяцеж

Собскі – уласны

Ачольваць – узначальваць

Агалосіць вырак – агучыць прысуд

Капальня – шахта

Каркадзёр, адкаркоўнік – штопар

Ловы – паляванне

Жарсны – страсны

Уцале – цалкам

Страйкавы – забастовачны

Дароўца – дарыльшчык


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка