Святы і абрады зімовага перыяду на Астравеччыне



Дата канвертавання17.03.2017
Памер45.84 Kb.
#5959
Святы і абрады зімовага перыяду на Астравеччыне
Зіма-пара, калі дні становяцца ўсё больш кароткімі і надыходзіць самая доўгая ноч года (21 снежня) ды нараджаецца новы астранамічны год: “сонца паварочвае на лета, а зіма на мароз”, як кажа народная прымаўка. Снежань прыносіць нам самыя радасныя святы года—Каляды і Новы год.

Галоўнай гераіняй свята становіцца ёлачка. Чаму менавіта елачку мы запрашаем на свята? Вядома, што ў многіх культурах і рэлігіях дрэва, асабліва хвойнае вечназялёнае, з’яўляецца сімвалам жыцця. Традыцыі ўпрыгожвання елачкі маюць сваю сімволіку і паходзяць з Германіі.

Усе элементы маюць глыбокі сэнс. На вершаліне ззяе зорка, якая сімвалізуе віфлеемскую зорку, шары, якія з 16 ст. замянілі жывыя яблыкі, адсылаюць нас да біблейскага яблыка Адама і Евы. А каб запаліць свечкі, трэба дачакацца з’яўлення на небе першай зоркі. На акно нашы продкі абавязкова вешалі ліхтар з запаленай свечкай, каб ён паказваў падарожным, якія маюць патрэбу ў прытулку.

Пасля з’яўлення першай зоркі на небе сям’я садзілася за стол. Гаспадар запальваў свечку і сумесна маліліся. Пасля ламалі аплатку і кожны браў сабе кавалачак. Усе стараліся разгледзець выяву на аплатцы. Кавалачак аплаткі раніцай давалі скаціне. Прынята было ставіць на адну талерку больш, чым ёсць людзей за сталом: для магчымага госця, ці, сімвалічна, для Хрыста. Напярэдадні гатуецца 7, 9 ці 12 страў. Але абавязкова падаецца куцця. Пасля заканчэння вячэры спяваюць калядкі і адорваюць адзін аднаго падарункамі. У бедных сялянскіх сем’ях абавязковымі былі тры стравы: квас з грыбамі, бліны з макам і куцця з мядовай сытой ці льняным алеем. У сем’ях сярэдняга дастатку было пяць страў: дадаваўся яшчэ селядзец або рыба і аўсяны кісель. Заможныя сем’і рыхтавалі сем страў: да названых пяці прыбаўлялі вараныя грыбы і адвар з сушаных яблык, ігруш і сліў. Пазней сталі лічыць абавязковымі дванаццаць страў на стале. Лічыцца, што чым больш страў будзе на стале, тым заможней будзе жыць сям’я.

На Астравеччыне калядныя стравы крыху адрозніваюцца ад суседніх раёнаў. Акрамя клёцкаў, прынята пячы вушкі з грыбамі, варэннем, мармеладам, тварагом. Рыхтуюць таксама катлеты з грыбоў. Усім звыклая салата “пад шубай” з традыцыйных буракоў замяняецца смажанымі на алеі варанымі грыбамі, морквай і цыбуляй.

Стол застаецца непрыбраным да раніцы. Лічыцца, што павінны прыйсці памерлыя родзічы і пачаставацца святочнай вячэрай. Для іх на стале пакідаюць кавалачак аплаткі.

Калядаваць пачыналі 25 снежня ці 7 студзеня ўвечары. Хадзілі з казой, мядзведзем ці буслам. У гэтых жывёл перапранаўся найбольш гаваркі і вёрткі хлопец з кампаніі. Вясёлым гуртам калядоўшчыкі завітвалі ў хаты, каб праславіць гаспадароў.

Калядкі ўключалі ў сябе спевы, карагоды, гульні і забавы.

На Астравеччыне звычайна калядавалі на Тры Каралі. У гэты дзень у касцёле пасвячалі крэйду. Ёй малявалі крыжы на вушаках у хаце і ўсіх гаспадарчых пабудовах, каб усцерагчы дом ад пажару, хваробаў ды іншых няшчасцяў. Каралі апраналіся ў адзенне валхвоў, былі чорт, анёлы і калядоўшчыкі. Яны спявалі песні рэлігійнага зместу. Калядоўшчыкаў звалі лалоўнікамі.

Ці задавалі вы сабе пытанне, чаму мы святкуем Новы год?

Традыцыя святкавання Новага года распачалася ў 1000 годзе. Лічылася, што канец свету наступіць 31 снежня 999 года. Тысячы жыхароў з розных краін прыйшлі ў Рым на плошчу Святога Пятра, каб сустрэць канец свету. Усе маліліся і прасілі ў Бога міласэрнасці і прабачэння за грахі. Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да поўначы… Гадзіннік прабіў 12 і… наступіў новы дзень. Усе былі збянтэжаныя. Святы айцец Сільвестр 2 выйшаў на балкон і сказаў: “Радуйцеся і весяліцеся!!! Бог дае нам яшчэ адзін год!”

Надыходзяць чароўныя калядныя дні. Мы чакаем ад іх нейкага асабліва настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў ды недзе ў душы ўсё яшчэ верым у цуд. Нашы продкі таксама з нецярпеннем чакалі Каляд і таксама спадзяваліся. Толькі вось традыцыі святкавання былі крыху іншымі, чым сёння. Беларусь увабрала ўсё каштоўнае з гэтых традыцый. Батлейка, народная драма, гульні і забавы, маскарад і спевы, танцы і касцюмы, дэкаратыўнае мастацтва і скульптура са снегу і цеста, магічныя рытуалы—усё гэта арганічна спалучаецца на Каляды. Далучым да гэтага народнае кухарства- і настрой забавы і ўрачыстасці забяспечаны.

Калядная зорка—абавязковы атрыбут свята. У 30-я гады мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі моладзь выкарыстоўвала свечкі і электрычныя ліхтарыкі.

Каза—абавязковы калядны персанаж.

Бусел—носьбіт чыстае сілы, з ім прыходзіць сталае цяпло, ён наклікае, паскарае прыход жаданых з’яў, рэчаў і пары.

Кабыла—радасны персанаж, сімвал дабрабыту і еднасці чалавека з прыродай, дзецям і дарослым памочніца і забава.

Мядзведзь—памочнік. Калі ён не ў бярлозе, то шукае цёплы кут, носіць мех з падарункамі, бо сілы ў яго багата.

Заўсёды прысутнічае Чорт. Важныя персанажы—Дзед і Баба. Яны гаспадары, для якіх ладзіцца канцэрт, яны ж плацяць ганарар артыстам рознымі прысмакамі. Пацешкі—гэта напамін пра першых прафесійных артыстаў у старажытнай Беларусі—блазнаў.

Кажуць, і цяпер з’яўляецца багіня Каляда ў канцы года, каб ажывіць, адуховіць свет, каб нарадзіць святло. Людзі святкавалі Каляды—Свята, якое прыйшло да нас яшчэ з язычніцкіх, паганскіх, часоў, Гэтым святам нашы продкі заканчвалі стары і пачыналі новы год. А Раство Хрыстова, якое прыпадала на Каляды, святкавала царква, да якой належалі нашы набожныя продкі. Вось так і атрымалася, што сёння гэтыя два вялікія святы людзі адзначаюць у адну пару.

Беларусы найчасцей варажылі на Каляды. Варажба павінна была вызначыць, чаго можна чакаць у надыходзячым годзе: з-пад каляднага абруса выцягвалі сена і па ім меркавалі, якой даўжыні будзе лён; глядзелі, якога зерня больш у трыбуху заколатага парсюка, такое збожжжа будзе найбольш урадлівым. Дзяўчаты варажылі пра замужжа: з якога боку пачуе брэх сабакі—там яе нарачоны, калі ўпоцемку ў хляве зловіць баранчыка—выйдзе замуж, абнімалі плот і лічылі аплоціны, перакідвалі за плот валёнкі, давяралі сваю будучыню сабаку або пеўню, якія прадказвалі тэрмін выхаду замуж ці характар будучага мужа.

Першае большае свята пасля Калядаў было Грамніцы.

Грамніцы—дзень сустрэчы зімы з летам у католікаў і Грамаўніка (язычніцкага бога Перуна). Свята Свечкі і “жывога агню”, што паводле язычніцкіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У гэты дзень пасвячалі свечкі. Грамнічныя свечкі захоўваліся ўвесь год. Іх запальвалі пры грымотах, калі выганялі кароў вясною, на засеўках, сустракаючы нованароджанага, у вясельных абрадах, клалі ў руку нябожчыку. У час пажару абыходзілі з запаленай свечкай навакол гарэўшай будыніны, веручы, што пасля гэтага агонь не будзе пашырацца далей.



Лічыцца, што ўжо могуць грымоты, навальніцы і прайшла палова зімы. Па стану надвор’я ў той дзень вызначалі будучае.

Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая і вясна; як на Грамніцы адліга—“з ураджаю будзе фіга”. У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. “На Грамніцы певень нап’ецца, на Звеставанне—вол.”


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал