Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Блонь




Дата канвертавання15.06.2017
Памер19.41 Kb.
Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Блонь, захаваўся часткова і з’яўляецца помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны XIX ст.

Фарміраванне парку і будаўніцтва сядзібнага дома вялося ўладальнікам маёнтка памешчыкам Асоўскім яшчэ да паўстання 1863 г. на Беларусі. Маёнтак перайшоў да яго ад Панінскіх. Пасля канфіскацыі ў 1868 г. маёнтка царскім урадам Блонь атрымаў расійскі чыноўнік з Мінска Восіп Бонч-Асмалоўскі. Пасля 1879 г. уласнікам Блоні стаў яго адзіны сын Анатоль Бонч-Асмалоўскі, які быў выключаны з Пецярбургскага універсітэта і высланы пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1880 г. у маёнтак прыехала жонка Анатоля Варвара Іванаўна Вахоўская.

Сядзіба сфарміравана з захаваннем матываў позняга класіцызму. Дом размешчаны ў невялікім пейзажным парку. Аднапавярховы, прамавугольны ў плане (42x12 м) будынак мае шырокі порцік на двух парах мураваных масіўных тасканскіх калон, што нясуць франтон з люкарнай. Тарцы будынка выкананы ў выглядзе ложняў з калонамі па вуглах. У пачатку XX ст. да левага тарца дома прыбудаваны двух’ярусны рызаліт вежавага тыпу.

Вокны, дзверы і калоны былі пафарбаваны ў светлы колер. Агульны фон будынка цёмны.

Дом меў два ганкі, з бакавога (заходняга) і паўднёвага фасадаў. Каля апошняга, на грэбені тэрасы, добра захаваўся стары, што перажыў больш як сто зім, конскі каштан (дрэва без верхавіны, з вялікім дуплом, дыяметр ствала 92,0 см).

Планіроўка анфіладная з цэнтральным вестыбюлем. У тарцах будынка размешчаны дзве вялікія залы.

Парадная частка сядзібы мае рысы, характэрныя для невялікіх маёнткаў эпохі класіцызму. Да сядзібнага дома з паўднёвага боку вядзе доўгая ўязная алея, паўз якую размяшчаўся сад, а з заходняга боку знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы.

Парк вакол дома займаў каля 4 гектараў. Ён цягнуўся ўздоўж р. Цітаўка, якая плаўна выгінаецца, вызначаючы яго абрысы. Парк пачынаецца ад невялікага, працякаючага ў глыбокіх берагах, ручая, займаў тэрыторыю паміж флігелем і сядзіб- ным домам. Затым прадстаўлены вузкай (да 8 – 10 м) партэрнай паласой паміж сядзібным домам і грэбенем тэрасы і з-за выгіну рэчышча паступова расшыраецца ў паўднёва-заходнім кірунку. Завяршае парк ліпавая алея. Ад яе захавалася 15 дрэў. Асноўнымі паркавымі акцэнтамі (акрамя будынка палаца) з усходняга боку з’яўлялася альтанка ў выгіне ракі, з заходняга — млын, пабудаваны каля моста ў адводным канале.

Млын не захаваўся. У вадзе бачны толькі палі. Стары мост цераз Цітаўку быў узарваны ў вайну, у пасляваенны час пабудаваны новы – пешаходны.

Побач з млыном размешчаны будынак крухмальнага завода (з крухмалу выраблялася сага высокіх гатункаў).



У сядзібным доме размешчаны раённы краязнаўчы музей, у будынку былога крухмальнага завода – лесапільня і сталярныя цэхі дзяржплемзавода «Індустрыя».


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка