Сяляне-палешукі і інтэлегенцыя ў трылогіі Якуба Коласа На ростанях




Дата канвертавання14.11.2018
Памер34.32 Kb.

Сяляне-палешукі і інтэлегенцыя ў трылогіі Якуба Коласа На ростанях.


Новым крокам на шляху станаўлення беларускай прозы стала трылогія Я. Коласа "На ростанях". Гэта першы твор нацыянальнай прозы, у якім адлюстроўваецца жыццё беларускага народа і інтэлігенцыі на пачатку ХХ ст. Аўтар праз маляўнічыя бытавыя сцэны, народныя легенды і паданні, праз апісанні народных абрадаў і рэлігійных свят стварае карціну народнага жыцця. Галерэя герояў трылогіі даволі разнастайная. Тут і сяляне: бабка Мар'я, дзед Мікодым, стары Мікіта, Грыгор, Сцяпан Рылка, Бязручка, Цімох Жыга, Аксён Каль, і настаўнікі: Андрэй Лабановіч, Алесь Садовіч, Янка Тукала, Саханюк, Анцыпік, Шырокі, Турсевіч, і памочнік начальніка раз'езда Сухавараў, пісар Дулеба, старшыня воласці Захар Лемеш, ляснічы Бяляўскі, і "найлепшая палеская кветка" Ядвіся. Ужо на першых старонках твора мы знаёмімся з палешукамі — людзьмі мудрымі, асцярожнымі і разважлівымі. Прырода быццам наклала свой адбітак на іх характары: бясконцыя балоты навучылі іх мудраму разважанню, лес выхаваў у іх засцярогу... У вобразах школьных старожак бабкі Мар'і і бабкі Параскі раскрываецца дабрыня, спагадлівасць, чуласць сялянскай душы, неабыякавасць да чужога гора. Старыя палешукі захоўваюць у памяці старажытныя легенды і гістарычныя падзеі. 3 захапленнем слухае Лабановіч расказ аб старым Грыгоры, які адабраў у мядзведзіцы медзведзяня і прынёс яго з лесу. Легенда пра Яшукову гару гучыць у творы як напамінак пра помсту народа сваім крыўдзіцелям. Уражваюць багатыя назіранні палешукоў над з'явамі прыроды, іх незвычайная мудрасць. Без агранамічнай адукацыі яны ведалі, у які дзень трэба пачынаць ворыва, пры якіх умовах сеяць тую ці іншую збажыну. Я. Колас расказвае аб цяжкіх умовах жыцця палешукоў, іх беднасці, непісьменнасці. Як словы тужлівай песні, льюцца з вуснаў дзядзькі Марціна скаргі на горкую долю працоўнага чалавека: "Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону". Аднак гэтыя людзі не страцілі пачуцця чалавечай годнасці, захавалі глыбокую веру ў праўду і справядлівасць. Дзед Мікодым, напрыклад, падтрымлівае ў цельшынцаў веру ў непераможнасць праўды, якую нельга, як скварку ў кашы, з'есці, праглынуць. Тыповым прадстаўніком найбольш свядомай часткі сялян з'яўляецца ў творы Аксён Каль. Ва ўсім яго абліччы адчуваецца сур'ёзнасць, прыгажосць. Дванаццаць гадоў Аксён вядзе судовую справу з панам Скірмунтам за сялянскія затокі і паплавы. Па гэтай прычыне ў воласці яго лічаць чалавекам неспакойным і небяспечным. Герой твора ўпэўнены ў станоўчым вырашэнні справы, але яшчэ не зусім добра разумее шляхі барацьбы і таму, як і большая частка сялян, верыць у добрага цара. Пад уплывам рэвалюцыйных ідэй таго часу, а таксама гутарак з Лабановічам нязломны праўдашукальнік пазбаўляецца гэтай веры. Ён прымае актыўны ўдзел у барацьбе сялян супраць Скірмунта і ў сутычцы з паліцэйскімі, якіх выслалі для падаўлення сялянскага бунту. Значнае месца ў трылогіі займаюць прадстаўнікі "крапіўнага насення", "мёртвых душ", якія парвалі ўсялякую сувязь з народам, дбаючы толькі аб уласным дабрабыце. Былы прыяцель Лабановіча Турсевіч ператварыўся ў эгаіста, абывацеля, паддаўся згубнаму ўплыву "балота", знайшоў свае палітычныя ідэалы ў кадэцкай думе. Падобны да Турсевіча выганаўскі пісар Дулеба (былы настаўнік), які не пашкадаваў сотні рублёў земскаму начальніку за перавод на пісарскую пасаду. Ён настолькі адышоў ад перадавых ідэй, што ў час рэвалюцыі гатовы быў біць дэмакратаў. Хатовіцкі настаўнік Саханюк свой творчы патэнцыял скіраваў у бок набывання грошай, гаспадаркі, добрага парсючка. Ён не саромеецца браць плату за навучанне дзяцей, за напісанне пісем. Няма ніякіх спраў да жыцця народа і грамадскіх падзей тых часоў начальніку раз'езда Сухавараву, старшыні воласці Захару Лемешу, ляснічаму Бяляўскаму, настаўнікам Анцыпіку, Шырокаму. Жыццёвая філасофія іх заключаецца ў спакойным, ціхім, сытым і ўтульным жыцці-марненні. Кожнаму з іх Я. Колас дае трапную параўнальную характарыстыку. Так, галаву Дулебы пісьменнік параўноўвае з павялічанай у разоў дваццаць галавой дзятла, рукі дзяка Бацяноўскага — з вялізнымі лапамі крата, "настаўнік і грамадскі дзеяч" Базыль Трайчанскі нагадвае курыцу, валасны старшыня Язэп Брыль — акулу. Прадстаўнікам панямонскай інтэлігенцыі ў трылогіі проціпастаўляюцца Андрэй Лабановіч і яго блізкія сябры. Алесь Садовіч і Янка Тукала выйшлі з гушчы народа і рана пазналі ўсе беды працоўнага чалавека. Людзі творчыя па натуры, яны не могуць сядзець склаўшы рукі і назіраць за жыццём збоку. Праўда, не заўсёды знаходзяць яны адказы на многія жыццёвыя пытанні, не ведаюць дакладна, як знайсці выйсце з цяжкага паднявольнага становішча сялян. Янка Тукала параўноўвае сябе і сваіх сяброў з дрэвам, галіны якога гнуцца туды, куды дзьме вецер. Лабановіч, удакладняючы гэта параўнанне, дадае: "Няхай мы — тыя дрэвы ў полі, што стаяць пад ветрам, няхай нахіляюцца галіны ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца". Гэтыя словы даюць вобразную характарыстыку прадстаўнікам інтэлігенцыі таго часу, якіх рэвалюцыйная бура раскідала ў розныя бакі. І толькі лепшыя з іх, блукаючы па жыццёвых прасторах, не парвалі сувязі з народам, імкнуліся да праўды, да сонца. Такім чынам, Якуб Колас праз узаемаадносіны герояў твора і іх лёсы, шляхам апісання бытавых сцэн, народных легендаў, паданняў і рэлігійных свят стварыў маштабную і шырокую карціну жыцця сялян і інтэлігенцыі на пачатку XX ст. Пісьменнік гістарычна праўдзіва паказаў жыццяздольнасць, таленавітасць беларускага народа, адлюстраваў працэс яго абуджэння і змагання за сацыяльную справядлівасць, за будучыню.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка