Сялянская гаспадарка ў беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст




Дата канвертавання13.01.2017
Памер85.73 Kb.


СЯЛЯНСКАЯ ГАСПАДАРКА Ў БЕЛАРУСІ

Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX ст.

Люты, А. М. Сялянская гаспадарка ў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. / А. М. Люты, А. Э. Лютая // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : сб. науч. ст. / Белорус. гос. пед. ун-т ; редкол. : В. В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. – Минск, 2013. – С. 177179.



Ключевые слова: сялянская гаспадарка, феадальная ўласнасць, баршчынная сістэма, промыслы.

Сяляне Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. не былі ўласнікамі зямлі, якую яны атрымоўвалі ад пана, а былі ўсяго землекарыстальнікамі. У асноўным сялянскае землекарыстанне было падворным. Памер ворнага надзелу панскіх сялян на працягу стагоддзя вагаўся ў розных губернях, паветах і ўладаннях у сярэднім ад 5 да 40 дзесяцін ворнай зямлі ў другой палове XVIII ст. [1, с. 366] і ад 8 да 20 дзесяцін напярэдадні рэформы 1861 г. [2]. З прычыны росту таварнасці земляробства памешчыкі расшыралі фальваркі за кошт сялянскіх надзелаў, аднак, добра разумеючы, што захаваць існуючыя парадкі можна толькі дзякуючы захаванню пражытачнага мінімуму для сялян, яны імкнуліся захаваць эканамічнае становішча іх гаспадарак шляхам захавання надзельнага ўчастка, здольнага забяспечыць пражытачны мінімум у дадзеным рэгіёне.

Буйной зямельнай феадальнай уласнасці садзейнічала і ў многім вызначала развіццё сельскай гаспадаркі ў рэгіёне дробная ўласнасць селяніна – асабістая гаспадарка, свойская жывёла, прылады працы і г. д. Прагрэсіўнай тэндэнцыяй з’яўляўся рост эканамічнай ролі індывідуальнай сялянскай гаспадаркі на аснове асабістай зацікаўленасці селяніна ў расшырэнні вытворчасці. Аднак развіццё баршчыннай сістэмы гаспадаркі ў Беларусі і захоп памешчыкамі сялянскай зямлі тармазілі гэтую прагрэсіўную тэндэнцыю.

Даследчыкі аграрнага ладу Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. не адзіныя ў ацэнцы форм і характару рэнты ў гэты перыяд. Е.П. Шлосберг адзначаў, што паншчына на працягу ўсяго XVIII ст. непадзельна ўладарыла ў Беларусі [3]. В.І. Мялешка лічыць, што ў XVIII ст. “на ўсходзе Беларусі існавалі ўсе тры формы феадальнай рэнты, з якіх на працягу ўсяго разглядаемага перыяду пераважала, асабліва ў буйных уладаннях, грашовая рэнта…”. На яго думку, “паншчына тут, у сувязі з адсутнасцю развітога фальварка, займала падначаленае становішча” [4]. Д.Л. Пахілевіч адзначаў, што ва ўласнагаспадарчых маёнтках усходняй Беларусі ў другой палове XVIII ст. асноўнай павіннасцю сялян працягвалі заставацца “чынш і розныя натуральныя падаткі, у тым ліку хлебныя” [5, с. 112], і тлумачыць гэта неспрыяльнай рынкавай кан’юнктурай для зерневай гаспадаркі і блізкасцю рускай мяжы, што дазваляла сялянам ухіляцца ад празмерна вялікіх феадальных павіннасцей, а заняткі промыслам і вырошчваннем тэхнічных культур аблегчылі ўнясенне даніны зернем [5, с. 112–113].

Відаць, бліжэй да ісціны А.П. Ігнаценка, які лічыць, што “калі нельга гаварыць аб панаванні адработачнай рэнты на ўсходзе Беларусі, то няма ніякіх падстаў і для яе адмаўлення” [6, с. 22]. Ён прыводзіць даныя аб 32 буйнейшых маёнтках памешчыкаў Магілёўскай губерні на канец XVIII ст., у якіх у 11 маёнтках сяляне знаходзіліся толькі на паншчыне, у 10 – на паншчыне і аброку і толькі ў 11 – на аброку [6, с. 22].

Даныя інвентароў Радзівілаў, Сапегаў, Тызенгаўзаў, Ельскіх і інш., многія маёнткі якіх знаходзіліся і ва ўсходняй Беларусі, пацвярджаюць думку А.П. Ігнаценкі аб пераводзе чыншавых сялян на палажэнне цяглых у першай палове XIX ст. [7].

Іншымі словамі, з распаўсюджваннем фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі з паўднёвага захаду на ўсход Беларусі змяняліся формы рэнты: усё большая колькасць сялян пераводзілася на паншчыну. Гэта пацвярджаюць даследаванні па гісторыі сельскай гаспадаркі Беларусі першай паловы XIX ст. К. Кернажыцкі прасачыў змяненне суадносін розных форм рэнты на карысць адработачнай на матэрыялах Бабруйскага староства [8, с. 49–164]. В.У. Чапко адзначае рост часткі паншчынных сялян з канца XVIII ст. да 50-х гг. XIX ст. з 72 % (даныя прыведзены па ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага) да 97 % (у цэлым па Беларусі) [9, с. 116–117]. Яна робіць вывад, што ў першай палове XIX ст. адработачная рэнта была пануючай формай і расла не толькі доля гэтай формы рэнты, але і яе абсалютная велічыня [9, с. 116–117]. Сярод сялян дзяржаўных маёнткаў пераважалі тыя, хто адбываў паншчыну і іншыя адработачныя павіннасці [9, с. 162].

Адсюль можна зрабіць вывад, што нават у першай палове XIX ст. эвалюцыя феадальнай рэнты развівалася не ў бок капіталістычнай, а ў бок кансервацыі найбольш цяжкай формы феадальнай эксплуатацыі сялян – паншчыны, што стрымлівала не толькі фарміраванне буржуазных адносін у сельскай гаспадарцы Беларусі, але нават перашкаджала складанню перадумоў генезісу капіталізму.

Выкарыстоўваючы метад статыстычнай выбаркі пры аналізе інвентароў панскай і дзяржаўнай маёмасці, эканамічных матэрыялаў магнацкіх гаспадарак і ўлічваючы адначасова тры групы прыкмет: 1) паказчыкі эканамічнага патэнцыялу гаспадарак, 2) паказчыкі цяжкасці феадальных павіннасцей і 3) забяспечанасць гаспадаркі рабочай сілай, мы паспрабавалі даследаваць змены маёмаснага становішча сялян у вывучаемы перыяд.

Пры паншчыннай сістэме месца асобнай сялянскай гаспадаркі ў іерархічнай сістэме гаспадарак вызначалася тым, колькі ў ёй было зямлі, людской і цяглавай сілы. Але розныя камбінацыі гэтых трох фактараў прыводзяць да таго, што фармальна аднатыпныя гаспадаркі маглі адрознівацца адна ад другой па ступені эканамічнай заможнасці – адны былі багатымі, другія – беднымі [10, с. 7]. Таму ўлік ступені цяжкасці феадальных павіннасцей, забяспечанасці рабочай сілай і харчаваннем (хлебам) былі неабходнымі для складання праграмы групоўкі гаспадарак па прынцыпах найбольшага падабенства. Матэматычная апрацоўка, якая выконвалася кандыдатамі фізіка-матэматычных навук, дацэнтамі В.П. Гаўрыным, А.Ц. Кузняцовым, В.К. Панамарэнкам, паказала, што пры такім падыходзе ступень дыферэнцыяцыі сялянскіх гаспадарак у другой палове XVIII ст. была вышэйшай, чым у першай палове XIX ст. Параўнальныя даныя былі ў нашым распараджэнні па маёнтках Радзівіла “Смалявічы”, Празора “Хойнікі”, Храптовіча “Халопенічы” і дзяржаўных уладанняў “Новы двор” і “Бельскае” за розныя гады вывучаемага перыяду.


Табліца 1. Маёмасная дыферэнцыяцыя сялян Беларусі

ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. [11]



Групы сялянскіх

гаспадарак

Другая палова XVIII ст.

Першая палова XIX ст.

Колькасць сядзіб

у %

Колькасць сядзіб

у %

Бедныя

548

34,2

549

31,7

Сярэднія

870

54,3

1128

65,1

Багатыя

185

11,5

55

3,2

Усяго

1603

100

1732

100

Мы бачым, што ў параўнанні з другой паловай XVIII ст. рэзка скарацілася ўдзельная вага багатых сялянскіх гаспадарак. Гэта прадвызначалася развіццём паншчыннай сістэмы і ўзмацненнем прыгоннага гнёту. Удзельная вага бедных гаспадарак крыху паменшылася і значна ўзрасла яна у сярэдніх гаспадарках. Гэта тэндэнцыя пацвярджаецца і прыкладамі, якія прыводзяцца адносна першай паловы XIX ст. у працах В.У. Чапко і М.М. Улашчыка, таму некалькі неабгрунтаваным з’яўляецца вывад пра ўзмацненне працэсу дыферэнцыяцыі сялянства ў Беларусі ў першай палове XIX ст. [9, с. 214].

В.К. Яцунскі адзначаў, што ў 80-х гг. XIX ст. чарнігаўскія статыстыкі выявілі, што па даных Румянцаўскага перапісу ў 60-х гг. XVIII ст. гаспадарчая няроўнасць сярод вясковага насельніцтва была большая, чым у пачатку 80-х гг. XIX ст. А.Л. Шапіра паказаў, што ў Сярэднім Паволжы ў XVIII ст. у вёсках, якія знаходзіліся вакол вядомага сяла Мурашкіна, гаспадарчая няроўнасць была прыкладна таго ж парадку, што і ў другой палове XIX ст. В.А. Раманоўскі атрымаў аналагічныя даныя пры вывучэнні перапісных кніг XVIII ст. па Левабярэжнай Украіне. В.І. Старцаў пісаў, што ў адной са слабод Урала на мяжы XVII–XVIII стст. адрозненні ў ступені гаспадарчай самастойнасці сялян былі прыкладна тымі ж, што і ў апошняй чвэрці XIX ст. Львоўскія гісторыкі заўважылі моцную маёмасную дыферэнцыяцыю ў XV–XVI стст. у Заходняй Украіне. На падставе вывучэння пісарскіх кніг Ноўгарада гісторыкі прыйшлі да вываду пра значныя адрозненні ў памерах пасяўных плошчаў у канцы XV ст. [12, с. 173].

Павелічэнне эканамічна слабых сялянскіх гаспадарак было нявыгадна для памешчыцкай панскай гаспадаркі, ды і для казны, бо з беззямельных ці бясконных гаспадарак не браліся павіннасці. Таму памешчыкі і дзяржаўныя чыноўнікі (кіраўнікі) у казённых маёнтках імкнуліся па меры магчымасці эканамічна падтрымаць бедныя гаспадаркі, надзяляючы іх зямлёй, жывёлай і інвентаром [9, с. 199; 13].

Надзяленне дробнымі кавалкамі зямлі значнай колькасці беззямельных сялян, мнагадзетнасць адносна зажытачных сем’яў замацавалі спажывецкі характар сялянскіх гаспадарак, садзейнічалі захаванню многіх рыс натуральнай і паўнатуральнай гаспадаркі, затрымліваючы працэс фарміравання прадпасылак капіталістычнага развіцця сельскай гаспадаркі, тым самым прадвызначаючы раней “прускі шлях” развіцця капіталізму ў вёсцы ў другой палове XIX ст., шлях, які кансерваваў феадальныя перажыткі і адсталасць. У дарэформенны перыяд ва ўмовах амаль непадзельнага панавання натуральнай і паўнатуральнай сельскай гаспадаркі немагчыма было ўзнікненне капіталістычных адносін. Фальваркова-паншчынныя адносіны пагаршалі матэрыяльнае становішча ўсіх сялян у цэлым і супрацьдзейнічалі складанню зажытачных катэгорый. Гэтыя рысы маёмаснай нівеліроўкі адзначаюць даследчыкі амаль паўсюдна [14].

Да аналагічных вывадаў прыйшоў і І.Д. Кавальчанка, які даследаваў падворнае апісанне памешчыцкіх сялян Расіі першай паловы XIX ст. [15]. Гэта не супярэчыць вывадам М.М. Улашчыка, В.П. Панюціча, В.У. Чапко аб працэсе абеззямельвання сялянства Беларусі напярэдадні адмены прыгоннага права.

Такім чынам, адбывалася абеззямельванне сялянства (часцей за ўсё багатага і сярэдняга) у цэлым пры адначасовай нівеліроўцы матэрыяльнага становішча і зямельных надзелаў, г. зн. адбываўся працэс змяншэння сярэдняга надзела на сялянскую гаспадарку і павелічэнне памераў паншчыннай ворнай зямлі адначасова.

Крыніцы і літаратура

1. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: І.М. Ігнаценка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972–1975. – Т. 1: Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / рэдкал. тома: К.І. Шабуня (гал. рэд.) [і інш.]. – 1972. – 632 с.

2. Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в. / П.Г. Козловский. – Минск: Наука и техника, 1982. – 192; Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М.: Наука, 1965. – С. 311–320.

3. Шлоссберг, Е.П. К вопросу об изменении феодальной ренты в Белоруссии XVII–XVIII веков / Е.П. Шлоссберг // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы; В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. – Талин, 1959. – С. 127; Шлоссберг, Е.П. Состояние сельского хозяйства. Усиление феодально-крепостнического гнета / Е.П. Шлоссберг // История БССР. – Минск, 1961. – С. 205.

4. Мелешко, В.И. Из истории аграрных отношений в восточной Белоруссии в период упадка Речи Посполитой (с середины XVII до 1772 г.) / В.И. Мелешко // Akta Baltico-Slavica. – Bialastok, 1967. – T. 5. – S. 80–81.

5. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. / Д.Л. Похилевич. – Вильнюс: АН Литовской ССР, 1966. – 216 с.

6. Игнатенко, А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина XVII – XVIII вв.) / А.П. Игнатенко. – Минск: Изд-во БГУ, 1974. – 190 с.

7. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (РДГА). – Фонд 1350. – Воп. 312. – Спр. 50. – Л. 12, 17, 43, 47–48, 56, 86, 195–196; Спр. 51. – Л. 60–63, 134–138, 206; Спр. 79. – Л. 14–506; Спр. 94. – Л. 122–219; Спр. 97. – Л. 16, 33, 48–92; AGAD. Archiwum Тysenhausow. – Dzial B. – Sygn. 74, 109, 284a, 447, 686, 1120; AGAD. Archiwum Radzivillowskie. – Dzial XIX. – Sygn. 21. – Nas. IX. – S. 1–2; Dzial XX. – Sygn. 1; Dzial 1–35; Archiwum Jelskich. – Dzial 1. – Sygn. 53; Archiwum Zabiellow. – Dzial 1. – Sygn. 949.

8. Кернажыцкі, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да палавіны XIX стагоддзя / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1931.

9. Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века / В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1966. – 220 с.

10. Кахк, Ю. К вопросу о типологии крестьянских хозяйств в Эстонии в начале XIX в. / Ю. Кахк. – Таллин, 1975.

11. Табліца складзена на аснове падліку і апрацоўкі даных: AGAD. Archiwum Radzivillowskie. – Dzial XXII. – Sygn. 138; Archiwum Branickich z Bialastoku. – Dzial 1. – Sygn. 25, 40; Archiwum Prosorow i Jelskich. – Dzial 1. – Sygn. 9, 12–13; Archiwum Тysenhausow. – Dzial B. – Sygn. 9/85, 34/124, 47/139, 48/140; Inw. Biblioteki Zaluskich. – Dzial 1. – Sygn. 205; РДГА. – Фонд 384. – Воп. 2. – Спр. 564, 573; Воп. 15. – Спр. 132; Фонд 1281. – Воп. 4. – Спр. 67–71; Фонд 142. – Воп. 1. – Спр. 24, 342, 549–550; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 457. – Воп. 1. – Спр. 152; Фонд 694. – Воп. 2. – Спр. 9132; Фонд 1297. – Воп. 1. – Спр. 17645, 18327; Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века / В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 194–214; Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М.: Наука, 1965. – С. 326–343.

12. Теоретические и историографические проблемы генезиса капитализма: материалы науч. сессии, Москва, 11–13 мая 1966 г. / редкол.: акад. С.Д. Сказкин (отв.) [и др.]. – М., 1969. – 280 с.

13. НГАБ. – Фонд 142. – Воп. 1. – Спр. 5. – Л. 17; Фонд 2240. – Воп. 2. – Спр. 166. – Л. 12–14.

14. Янель, З.К. О некоторых вопросах “второго издания” крепостного права и социально-экономического развития барщинного поместья в России / З.К. Янель // Исторические записки. – 1965. – № 76. – С. 159.

15. Ковальченко, И.Д. О характере и формах расслоения помещичьих крестьян России в первой половине XIX в. / И.Д. Ковальченко // Исторические записки. – 1965. – № 78. – С. 85–150.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка