Сярэдняя школа №2 г п. Карэлічы




Дата канвертавання14.07.2018
Памер23.78 Kb.


Аддзел адукацыі спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама

Дзяржаўная установа адукацыі “Сярэдняя школа №2 г.п.Карэлічы”



Ты ў сэрцы маім, Карэліччына

Аўтар: Лейка Дар’я Аляксандраўна,

4 «А» клас

Кіраўнік: Шугля Ларыса Мікалаеўна,

настаўнік пачатковых класаў

тэл: 8 (015 96) 7 21 75



Ты ў сэрцы маім, Карэліччына

  • Матуль, хутчэй бы дадому! — дзе б ні была і што б ні бачыла, колькі сябе памятаю, тузала матулю за рукаў, — дадому, хутчэй!

Мне — 5 гадоў, мы ў Егіпце, перад намі Чырвонае мора, вабіць пяшчотай і цеплынёй. Бацькі год збіралі грошы, каб завезці мяне, хваравітую з маленства, на мора. Хвалі ласкава плёхаюцца каля самых ног, над галавою — галінкі пальмы, у руцэ — авакада. Што яшчэ трэба? — матуля дзівіцца. А мне мроіцца бабулін двор, сяброўкі і стары кот Вечар, над якім мы дружна ўзялі шэфства. Праз дзесяць дзён наш афрыканскі адпачынак нарэшце закончыўся, імчу па родным двары, раскінуўшы, як птушка крылы, рукі: “Я дома!”

Альбо вось яшчэ. Мне — дзевяць. Мы зноў выбраліся ў людзі. Адпачываем з мамай у літоўскім санаторыі, лечым мой гастрыт. Тры тыдні бегаем на працэдуры, масажы і рэлаксы, харчуемся ў сталоўцы. Выбіраемся ў горад — назіраем за жыццём еўрапейцаў. Па звычцы вітаюся на вуліцы, дзіўна — рэдка хто адкажа… У Карэлічах заўсёды вітаюцца і яшчэ ўсмешка ў падарунак! Праз Друскінікай, як і праз Карэліцкі раён, цячэ Нёман. І дзікія качкі вельмі падобныя на нашых, а, можа, яны з нашых берагоў?..

За дзень да Радуніцы трапіла з матуляй і настаўніцай у вёску Беражна, што пад Міром. Вы бачылі калі-небудзь, як разліваецца Нёман? Калі не, абавязкова з’ездзіце. Глядзіш на бяскрайнюю сінь, якая быццам зліваецца з небам, і разумееш: вось яно, шчасце! Дзесьці ў вербалозах на розныя галасы спяваюць птушкі, пахі наваколля зліваюцца ў адзін густы водар, які хочацца наліваць у вялікі кубак і піць, піць, заплюшчыўшы вочы… Баязліва ступаю нагамі ў гумовіках у напалову затоплены човен: ноччу была навальніца. Ён павольна гойдаецца на вадзе, сэрца замірае, але нічога — ён на замку, побач дарослыя. Фотаздымак на памяць. Ведаю, матуля купіць рамку, абавязкова паставіць на паліцу, будзем разам успамінаць.

Вязу дадому маленькі букецік вербалозу, у валасах — пах маладой зеляніны, дравеснага моху, а ў сэрцы — невыказнае пачуццё, якое не прывозіла больш ніадкуль. Напэўна, проста любоў?..

Узнімаюся па прыступках свайго шматпавярховіка і ўспамінаюцца “Песняры”:

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Зразумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

(Алесь Ставер, “Жураўлі на Палессе ляцяць…”).

Я зразумела, ЧАМУ. Вось каб і кожны так…






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка