Сярэдняя школа №3 г. Салігорска




старонка1/3
Дата канвертавання17.11.2017
Памер481.54 Kb.
  1   2   3


Аддзел адукацыі, спорту і турызму

Салігорскага раённага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Сярэдняя школа №3 г.Салігорска”


Развіццё творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў на ўроках

беларускай мовы і літаратуры

З вопыту работы

Іваноўскай Алены Аляксандраўны,

настаўніцы беларускай мовы і

літаратуры

Салігорск

2013

Змест

Уводзіны 3

Асноўная частка 4

Раздзел 1. Развіццё творчых здольнасцей і звязнага маўлення

вучняў на ўроках беларускай мовы 4

1.1. Сачыненне – адзін з відаў працы па ўдасканаленні

творчых здольнасцей вучняў. 4

Раздзел 2. Развіццё творчых здольнасцей і звязнага маўлення

вучняў на ўроках беларускай літаратуры 9

2.1. Інсцэніроўка 9

2.2. Водгук як маўленчы жанр 12

Заключэнне 16

Спіс літаратуры 19

Дадатак 20

Уводзіны

Сучаснае грамадства прад’яўляе да чалавека ўсё больш высокія патрабаванні. Ва ўмовах росту сацыяльнай канкурэнцыі маладому чалавеку неабходна ўмець творча прымяняць тыя веды, уменні, навыкі, якімі ён валодае, умець дзейнічаць эфектыўна. Праблема развіцця маўлення вучняў набывае ў наш час усё большае грамадскае значэнне, бо маўленне з’яўляецца важным паказчыкам духоўнай культуры асобы. Грамадству неабходны людзі, якія валодаюць словам, умеюць абараніць свае перакананні, погляды, творча ўключыцца ў працэс міжасобаснай камунікацыі. Па-гэтаму развіццю творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу.

Мая работа прысвечана праблеме развіцця творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Пры напісанні работы вырашаліся наступныя задачы: - вывучэнне і аналіз псіхолага-педагагічнай і навукова-метадычнай літаратуры па дадзенай праблеме; - аналіз методыкі развіцця творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры; - высвятленне эфектыўнасці прымянення разнастайных метадаў і прыёмаў, накіраваных на актывізацыю дзейнасці вучняў, фарміраванне ў іх творчых здольнасцей.

Адным з галоўных прынцыпаў нашай адукацыі з’яўляецца яе гуманістычны характар, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, жыцця і здароўя чалавека, свабоднага развіцця асобы. Педагог павінен удзяляць максімум увагі індывідуальным здольнасцям кожнага дзіцяці, гэта значыць, кожны вучань можа разлічваць на тое, што яго магчымасці будуць улічаны настаўнікам, а значыць, кожная асоба можа свабодна і поўна рэалізаваць свае творчыя здольнасці.

Сучасная педагогіка абапіраецца на тэзіс, што здольнасці да творчасці ёсць у любога чалавека, любога дзіцяці. Задача педагогаў раскрыць гэтыя здольнасці, развіць іх. Здольнасці фарміруюцца паступова ў працэсе актыўнай дзейнасці чалавека.


Асноўная частка

Раздзел 1. Развіццё творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы

1.1. Сачыненне – адзін з відаў працы па ўдасканаленні творчых здольнасцей вучняў

Сачыненне – вiд пiсьмовай работы, які спрыяе развіццю творчых здольнасцей вучняў. Iх значэнне i роля ў развiццi звязнай мовы абумоўлена самастойным характарам, прадугледжвае выкладанне вучнямi сваiх думак на пэўную тэму. Пры напiсаннi сачыненняў выяўляюцца творчыя здольнасці дзяцей, глыбiня iх ведаў, самастойнасць думак i выказванняў, здольнасць фантазiраваць i суадносiць уяўленнi з рэчаiснасцю, а галоўнае – уменне выражаць свае пачуццi i думкi словамi.

У час падрыхтоўкi да напісання сачыненняў выяўляецца i творчасць настаўнiка, яго майстэрства змястоўна наладзiць заняткi, выклiкаць цiкавасць выхаванцаў да пошуку, дапамагчы iм псiхалагiчна арганiзаваць i дысцыплiнаваць сябе, падпарадкаваць свае памкненнi, пачуццi, мары адзiнай мэце.

У метадычнай і вучэбна-метадычнай літаратуры пытанні падрыхтоўкі вучняў да напісання сачыненняў розных жанраў дастаткова поўна распрацаваны.

Урок, на якім пішацца сачыненне, не мае статычнай структуры: усё залежыць ад таго, над сачыненнем якога тыпу праводзіцца праца. Напрыклад, пры правядзенні сачынення па карціне асноўная ўвага надаецца аналізу зместу твора жывапісу (гутарка па карціне), пасля чаго арганізуецца лексіка-граматычная праца (падбор апорных сдоў, словазлучэнняў), складанне плана і запіс тэксту. Пры правядзенні сачынення паводле ўяулення вялікае значэнне мае падрыхтоўчая праца на папярэдніх уроках: чытанне тэкстаў, назіранні, вусныя выказванні і г. д.. На самім уроку ставіцца задача, даюцца парады адносна таго, як лепш справіцца з ёй.

Асаблівасці працы над сачыненнем грунтуюцца на зыходным тэзісе: вучыць пісаць сачыненні неабходна паэтапна, спачатку арыентуючыся на тэкст-узор, а затымна ўласную творчасць, абапіраючыся на атрыманыя веды і ўменні.

На ўроках мовы я часцей за ўсё практыкую сачыненнi па карцiне i сачыненнi на аснове асабiстых назiрання, жыццёвых уражанняў i ўласнага вопыту вучняў. Кожны з гэтых вiдаў мае сваю спецыфiку i вызначаецца асаблiвасцю методыкi правядзення.

Сачыненнi па карцiне - адзiн з распаўсюджаных у школе вiдаў пiсьмовых прац па развiццi маўлення. Карцiна аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей, абуджае iх мысленне, дапамагае знайсцi неабходныя словы для пераканаўчага i яскравага выражэння настрою, думак i перажыванняў, якiя ўзнiкаюць пад уражаннем ад карцiны.

Перад напісаннем сачынення я абавязкова праводжу падрыхтоўчую работу: раблю невялікае паведамленне пра мастака, пра факты і падзеі, якія пакладзены ў аснову твора. Затым прапаную моўчкі ўважліва разгледзець карціну, выкарыстоўваючы мае рэкамендацыі.

Напрыклад, перад напісаннем сачынення па карціне В.Р.Пярова “Тройка” я даю наступныя рэкамендацыі:



  1. удумайся ў назву карціны;

  2. прадумай, пра што хочаш расказаць у сваім сачыненні;

  3. які тып маўлення і стыль выкладу выбіраеш;

  4. удумайся ў змест карціны;

  5. складзі план сачынення;

  6. падбяры словы, імкнучыся да іх разнастайнасці і багацця;

  7. якія мастацкія сродкі можаш выкарыстаць;

  8. падбяры эпіграф, прадумай, чым можна ажывіць сачыненне (вершы, выказванні, крылатыя словы);

  9. прадумай заключэнне.

Ярка праяўляецца здольнасць вучняў да самастойнай творчасцi ў сачыненнях, напiсанных на аснове асабiстых назiранняў, жыццёвых уражанняў i ўласнага вопыту. Пры выбары тэмы для сачынення я кіруюся не толькi яе складанасцю цi прастатой, але i тым, наколькi тэматыка цiкавая i блiзкая вучням, цi знаёмы дзецi з тым матэрыялам, якi трэба адлюстраваць у сачыненнi. Прапаноўваю тэмы, блiзкiя да рэальных сiтуацый, каб праца над iмi захапiла дзяцей, выклiкала ў iх роздум, самастойную ацэнку фактаў, падзей, пра якiя вучань пасля раскажа ў сачыненнi. Тэму сачынення я стараюся фармуляваць так, каб яна падказала сюжэт апавядання, асноўную яго думку, нацэльвала на апiсанне канкрэтных прадметаў, з’яў, падзей, пабуджала да творчасцi.

Найбольш распаўсюджанымi ў школьнай практыцы з’яўляюцца сачыненнi апавядальнага характару. Асноўным матэрыялам iх зместу служаць падзеi з асабiстага жыцця цi грамадскiя падзеi, у якiх дзецi прымаюць удзел.

У залежнасці ад зместу выказвання вучні павінны падабраць загаловак да сваёй работы. Для арыенціроўкі, я, напрыклад, запісваю на дошцы некалькі загалоўкаў “Самы цікавы дзень маіх канікул”, “ Маё захапленне”, “ Памятная сустрэча”, “Цікавае здарэнне”. Затым дзеці на чарнавіку робяць нататкі будучага сачынення, падбіраюць найбольш трапныя выразы, ствараюць рабочыя матэрыялы. Потым тэкст сачынення ўдасканальваецца: апускаецца лішняе, дапаўняецца, удакладняецца і інш., пасля чаго перапісваецца ў сшыткі.

Самымi складанымi з’яўляюцца апiсальныя сачыненнi. Мэта такiх сачыненняў – не толькi расказаць пра знаёмае , але i вызначыць галоўнае, тыповае, спецыфiчнае, уласцiвае толькi кожнаму з iх, перадаць пачуццi i настроi, якiя выклiкаюць гэтыя прадмет, з’ява, падзея, чалавек. Вучыць дзяцей складаць апiсаннi трэба пачынаць з развiцця ў iх назiральнасцi за адзiночным прадметам (“Наш дуб”, “Клён пад акном”), а потым за многімі (“Мая дарога ў школу”, “Наша вуліца”).

Для таго, каб навучыць дзяцей выдзяляць істотнае пры назіранні, выказаць уласнае меркаванне наконт прадмета, я даю ім заданні для назірання. Напрыклад, у 6 класе, рыхтуючыся да сачынення “Наш дуб”, вучні праводзяць назіранне з апорай на план:

1. Які ўзрост дрэва?

2. Дзе яно расце?

3. Якія ў яго ствол,галіны, крона? Што яны нагадваюць?

4. Якая форма дрэва, калі глядзецьна яго здалёк і зблізку?

5. Якая ў яго кара, лісце?

6. Як выглядае дрэва ўсонечны дзень і ў пахмурнае надворўе?

7. Вашы адносіны да гэтага дрэва?

Я таксама раю дзецям апісваць дуб так, каб любы чалавек, прачытаўшы сачыненне, выразна ўявіў менавіта гэта дрэва, а не іншае. Потым я чытаю навуковае апісанне дуба і верш Я.Коласа “Дуб”. Вучні пераконваюцца, што ў паэтычным апісанні даецца вобразнае адлюстраванне дуба, якое дасягаецца з дапамогай эпітэтаў і метафар. Аўтар таксама можа выказаць свае адносіны да прадмета.

Можна даваць заданне напісаць сачыненне пры вывучэнні многіх тэм, правёўшы папярэднюю падрыхтоўку. Так, на ўроку па тэме “Абагульненне вывучанага па тэме “Даданыя члены сказа” вучні пісалі сачыненне па тэме “Зіма” (дадатак 2).

Апісанне чалавека патрабуе пэўнага запасу назіранняў за людзьмі, з’явамі жыцця. Вучні павінны разумець значэнне адпаведных слоў і выразаў, якія характарызуюць чалавека. Напрыклад, у 7 класе перад сачыненнем – апісаннем знешнасці чалавека я спецыяльна знаёмлю вучняў са словамі, якія ўжываюцца пры апісанні партрэта і знешняга выгляду чалавека, а таксама са схемай апісання (дадатак 1).

Адным са сродкаў развiцця ў вучняў умення лагiчна думаць i даказваць правiльнасць вылучаных палажэнняў з’яўляецца сачыненне-разважанне. Элементы разважання ёсць у любым сачыненнi. У сваю чаргу сачыненні – разважанні могуць утрымліваць у сабе элементы апавядання і апісання.

Напрыклад, у 5 класе я прапаную напісаць сачыненне-разважанне паводле прыказкі. Спачатку дзеці называюць прыказкі аб адносінах да працы (“Пад ляжачы камень вада не бяжыць”, “Адклад не ідзе ў лад”, “Нічога само не зробіцца”) і інш. Запісваю прыказку на дошцы “Нічога само не зробіцца”. Задаю пытанне: Калі можна ўжыць гэту прыказку? Вучні адказваюць, прыводзяць вядомыя ім прыклады. Затым тлумачу, што сачыненне можна пабудаваць па – рознаму: пачаць з тлумачэння сэнсу прыказкі, а потым сказанае ілюстраваць адпаведнымі прыкладамі, або, наадварот, спачатку прыводзіць прыклады, а потым рабіць вывад. Пасля такой папярэдняй падрыхтоўкі вучні пішуць сачыненне, у якім паказваюць ролю працы ў жыцці чалавека, і , каб пацвердзіць думку, выражаную ў прыказцы, расказваюць аб сваёй працы ці дзейнасці дарослых.

Раздзел 2. Развіццё творчых здольнасцей і звязнага маўлення

вучняў на ўроках беларускай літаратуры

У працэсе навучання настаўніку неабходна вырашаць творчыя задачы, уводзіць элементы самастойных даследванняў, развіваючы пазнавальныя інтарэсы дзіцяці, яго літаратурна-творчыя здольнасці, патрэбу самастойна думаць. Вывучэнне мастацкіх твораў спрыяе развіццю і ўдасканаленню вуснай і пісьмовай мовы вучняў. Да асноўных відаў работ у гэтым накірунку адносяцца: вусныя і пісьмовыя пераказы, партрэтныя характарыстыкі, сачыненні, вуснае славеснае маляванне, водгукі, рэцэнзіі, даклады, выразнае чытанне, вопыты мастацка-творчага характару і інш.. Цікавасць да словатворчасці абуджаюць розныя літаратурныя гульні, асаблівую цікавасць вызываюць творчыя практыкумы, паэтычныя рынгі, трэнінгі “Гуляем ў рыфмы”, “Падкажы слова”, “Збяры радкі”. У працэсе гульні дзеці развіваюць пачуццё рытму, вершаваны слых, атрымліваюць уяўленне пра вершы, іх стварэнне. Гульнявая дзейнасць падштурхоўвае да творчасці. Нярэдка дзеці самі спрабуюць пісаць вершы. Задача настаўніка – зразумець індывідуальнасць кожнага пачынаючага аўтара, дапамагчы яму. Асноўныя творчыя работы вучняў – безумоўна, вершы. Першапачаткова ў іх шмат недахопаў, але неабходна дзяцей вучыць пісаць вершы, казкі, эсэ, нататкі.



2.1. Інсцэніроўка

У методыцы літаратуры ёсць прыёмы, якія прымушаюць вучняў у некаторай ступені пераствараць тэкст. Гэта інсцэніроўка, састаўленне кінасцэнарыя, вуснае слоўнае маляванне. На ўроках я часта практыкую такі від творчага задання, як інсцэніроўка.

Інсцэніроўка эпізодаў твора або твора – цяжкі, але практыкуемы ў школе від работы на ўроках літаратуры. Падача матэрыялу пры інсцэніроўцы часта пераходзіць у дыялог, а гэта задача для вучняў нялёгкая. Па-першае, інсцэніроўка пабуджае вучняў да творчай падачы літаратурных вобразаў, і, як і ўсе прыёмы актывізацыі чытацкага ўспрыняцця, абуджае ўяўленне і суперажыванне. Па-другое, інсцэніраванне дазваляе ўзмацніць дынамізм канфліктаў твора, больш яскрава акрэсліць сюжэтныя лініі для вучняў. Па-трэцяе, інсцэніроўка прыцягне ўвагу да тэксту твора. Умова поспеху інсцэніроўкі – неабходнасць падрыхтоўкі вучняў, магчымасць ужывання ў ролі.

За апошнія пяць гадоў работы я разам з вучнямі інсцэніровалі розныя творы. На ўроках беларускай літаратуры ў 5 класе інсцэніраваліся некаторыя ўрыўкі з п'есы Алеся Гаруна "Датрымаў характар" дзвюма творчымі групамі, а пасля ацэньваліся гледачамі. П'еса "Цар Ірад" (6 клас) інсцэніравалася некалькімі класамі за апошнія 5 гадоў як на уроку беларускай літаратуры, так і ў час пазакласнага мерапрыемства (дадатак 6). Вучні 7 класа інсцэніравалі ўрывак з апавядання Змітрака Бядулі "На каляды к сыну", у якім апісваецца сустрэча Тэклі з сынам Лаўрэнціем Купрыянавічам, а таксама ўрок з настаўніцай пані Рузяй з аповесці Янкі Брыля "Сірочы хлеб". Пры вывучэнні баек Кандрата Крапівы ў 7, 9, 10 класах без інсцэніровак таксама не абысціся: "Дзед і баба", "Ганарысты парсюк", "Бацька і сын" і іншыя. Адзінаццацікласнікі з задавальненнем інсцэніравалі эпізод сватання Гастрыта да Ганны з п'есы "Вечар".

Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць інсцэніроўкі, паказаныя на пазакласных мерапрыемствах: верш Янкі Купалы "Сын і маці" ў час літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай юбілею Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Кароткія дыялогі-інсцэніроўкі я выкарыстоўваю на ўроках беларускай мовы з мэтай выяўлення слухачамі памылак у выкарыстанні граматычных форм розных часцін мовы: "Абагульненне вывучанага па тэме "Лічэбнік" (6 клас).

На ўроку беларускай мовы ў 10 класе па тэме “Гутарковы стыль маўлення” вучні інсцэніравалі байку Кандрата Крапівы “Бацька і сын” і дыялог “Размова з сяброўкай” (дадатак 5).

У працэсе работы было мноства пошукаў і памылак. Пасля многіх спроб я склала “Памятку для тых, хто толькі пачынае працу над інсцэніроўкамі.:

1. Выберыце товр для інсцэніравання. Ён павінен быць цікавым для вучняў і абавязкова эмацыянальным. Вопыт паказвае, што найлепш браць творы гумарыстычнага плану, бо для выражэння яркіх перажыванняў усё ж патрэбны вопыт, якога ў вучняў яшчэ няма.

2. Задоўга да вывучэння гэтага твора ў пазаўрочны час выразна, эмацыянальна прачытайце яго групе вучняў, якія жадаюць удзельнічаць у пастаноўцы.

3. Прааналізуйце прачытанае: дайце падрабязную характарыстыку кожнаму персанажу, ацаніце яго ўчынкі, манеру паводзін, вызначце, якім павінен быць тэмп маўлення дзеючай асобы, як яна павінна гаварыць, рухацца...

4. Дайце прачытаць рэплікі аднаго і таго ж персанажа розным вучням, каб выбраць таго, каму гэтая роля найбольш удаецца.

5. Прачытайце твор па ролях ужо адабранымі “акцёрамі”, каб яны выразна ўсвядомілі месца свайго персанажа ў агульнай карціне.

6. Прадумайце касцюмы і рэквізіт для паказу, каб вучні змаглі ўсё гэта загадзя падрыхтаваць. Тут можна ўключаць у дзейнасць тых, хто не валодае артыстычнымі здольнасцямі, але добра малюе і т.п. Канкрэтна размяркуйце, хто, што і ў які тэрмін павінен зрабіць ці прынесці.

7. Дайце ”акцёрам” патрэбны час для завучвання сваёй ролі на памяць.

8. Правядзіце рэпетыцыю пры ўжо вывучаным тэксце з мэтай вызначэння месца персанажаў у кожны момант пастаноўкі і адпрацоўкі рухаў, жэстаў, мімікі, якія адпавядаюць сітуацыі.

9. Звярніце ўвагу на тое, чым і дзе павінны займацца “акцёры”, якія ў дадзены момант не гавораць сваіх слоў.

10. Правядзіце генеральную рэпетыцыю з выкарыстаннем дэкарацый і касцюмаў, прааналізуйце вынік працы і пры неабходнасці ўнясіце патрэбныя змены.

11. Не навязвайце вучням свайго пункту погляду на тое, што і як павінен рабіць кожны персанаж. Часам атрымліваецца, што дзеці ўносяць цікавыя прапановы, ад якіх інсцэніроўка становіцца больш яркай і эмацыянальнай. Памятайце, што ваша асноўная задача – развіць творчыя здольнасці вучняў, а не прадэманстараваць свае.

12. Пры паказе інсцэніроўкі ў класе на ўроку загадзя прадумайце, з якога месца найлепш будзе выходзіць таму ці іншаму персанажу, і рассадзіце вучняў адпаведна агульнай мэце.

13. Пасля паказу ў класе абавязкова дайце магчымасць гледачам выказацца наконт убачанага. Які персанаж спадабаўся найбольш? Каму найлепш удалася яго роля?

14. Самі пракаменціруйце ігру “акцёраў”, пастаўце ім адзнакі, якія павінны заахвочваць і выканаўцаў, і гледачоў у далейшым удзельнічаць у падобных мерапрыемствах.

15. На забудзьце пахваліць тых, хто так ці інакш дапамагаў у правядзенні інсцэніроўкі (напрыклад, маляваў “афішу” ці рыхтаваў касцюмы).

2.2. Водгук як маўленчы жанр

Пасля некалькі гадоў работы ў школе для мяне стала відавочным, што для выніковага выступлення вучняў на 2 этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры неабходна сістэматычна і сур'ёзна працаваць з імі па напісанні водгука. У школьнай праграме па беларускай мове прадугледжана 1 гадзіна на навучанню вучняў пісаць водгук. У курсе беларускай літаратуры ужо з 5 класа сярод відаў работ пазначаны "Водгук на прачытаную кнігу, прагледжаны спектакль, кінафільм, тэлеперадачу" (у 5-7 класах вусны, у 8-11класах вусны і пісьмовы). Але ў дадзеным выпадку такі від работы успрымаецца як выказванне свайго асабістага ўражання ад кнігі, спектакля ці кінафільма як літаратурных аб'ектаў вялікай формы. Нас жа цікавіць водгук на вершаваны ці празаічны твор малой формы, часцей за ўсё верш.

У працэсе работы я сутыкнулася з праблемай недастатковасці тэарэтычнага матэрыялу па гэтаму пытанню, адсутнасцю кніг для настаўніка, адсутнасцю ўзорных водгукаў вучняў, якія можна было б выкарыстоўваць у рабоце. Такая сітуацыя патрабавала ад мяне як настаўніка-філолага сабраць матэрыялы, скласці памятку для вучняў па напісанні водгука, сабраць капілку водгукаў вучняў.

Водгук – маўленчы твор, заснаваны на выяўленні эмацыйна-ацэначных адносін да прачытанага, убачанага, пачутага. “Водгук як жанр патрабуе ад аўтара дэманстрацыі ведаў па тэорыі вершаскладання, спецыфіцы літаратурнага працэсу, ведання спецыфікі кіно, тэатра, умення сцісла, дакладна інтэрпрэтаваць змест, тэму, ідэю, выяўляць уласнае стаўленне, разважанні [ 9. С. 38 ].

Мэты напісання водгукаў: падзяліцца ўражаннямі, зацікавіць, пераканаць, даць ацэнку. Дзейнасць па напісанні водгукаў патрабуе творчасці, выяўляе чытацкі вопыт вучня, дэманструе агульны ўзровень духоўнай і маўленчай культуры школьніка, ступень яго далучанасці да мастацтва. Схема працы над водгукам: азнаямленне; назіранне; асэнсаванне; аналіз (сінтэз); разважанне; абгрунтаванне (доказ); тэзіс.

На аснове ўсіх знойдзеных мною матэрыялаў і свайго вопыту я склала памятку “Магчымы змест водгуку”:

I. Уступ:

1. Выяўленне першаснага ўражання ад твора.

2. Ланцужок пытанняў: Што ў творы падалося дзіўным? Што ў творы падалося незразумелым?

3. Зварот да асобы пісьменніка.

4. Расшыфроўка назвы твора.

5. Фармуліроўка тэмы.

6. Разважанне аб праблеме, заяўленай у творы.

7. Кароткая гісторыя, прытча, легенда, цытата, прыказка, афарызм.

II. Асноўная частка

У ёй разглядваюцца:



  1. тэматыка, праблематыка, ідэя твора.

  2. ключавыя вобразы і матывы.

  3. вобразна-выяўленчыя сродкі, іх прызначэнне.

  4. сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці.

  5. гукапіс, рытм, інтанацыя.

  6. мастацкі час (час напісання – час, які адлюстраваны – “сучасны час”) і прастора (месца, дзе існуе герой).

  7. пафас твора, аўтарскі ідэал.

  8. літаратурны, гістарычна-культурны, філасофскі кантэкт.

III. Заключэнне

  1. Агульная ацэнка твора.

  2. Адказ на заданае вышэй пытанне.

  3. Асацыяцыі, якія выклікаюць вобразы, створаныя аўтарам.

  4. Сугучнасць сучаснасці.

  5. Рытарычнае пытанне, заклік.

  6. Афарызм, цытата.

Звычайнаму вучню толькі гэтай памяткі “Магчымы змест водгука” не хапае для напісання свайго водгука на твор. Я ў гэтым упэўнілася, працуючы з вучнямі. І таму склала яшчэ адну памятку “Як пісаць водгук”, у якой паэтапна прапісала ўсе дзеянні вучня.

Памятка “Як пісаць водгук”



  1. Некалькі разоў прачытай прапанаваны твор.

  2. Паспрабуй зразумець, якія пачуцці ўзніклі ў цябе, калі ты чытаў тэкст. Пачні водгук са сваіх уражанняў.

  3. Можна пачаць водгук з паведамлення пра асацыяцыі, якія ўзніклі ў цябе, калі ты чытаў тэкст, з успамінаў, з асабістага вопыту.

  4. Можна пачаць водгук з прыказкі, прымаўкі ці прытчы, якую ты ўспомніў, і змест якіх непасрэдна звязаны з асноўнай думкай твора.

  5. Памятай: пачатак павінен быць цікавым і арыгінальным.

  6. Улічвай, што словы “водзыў” і “водгук” – блізкія. Таму той водзыў на прачытаны твор, які ўзнік у цябе, і ёсць аснова водгуку.

  7. Вызначы тэму тэксту і пастарайся яе дакладна сфармуляваць, расказаць пра яе. Вызначы, як гэта тэма выражаецца аўтарам праз кампазіцыю тэксту.

  8. Памятай, не захапляйся пераказам тэксту: усё роўна ён будзе горшы за аўтарскі.

  9. Вызначы галоўную думку тэксту. Памятай, што яна значна шырэйшая за сам змест, мае абагульненні, гаворыць пра жыццёвую пазіцыю аўтара.

  10. Звярні ўвагу на назву твора, пракаменціруй яе. Калі назвы няма, паразважай, чаму аўтар не назваў твор.

  11. Калі ў тэксце ёсць героі, ацані іх паводзіны, характары, параўнай з сабой, з вядомымі выпадкамі ў літаратуры ці гісторыі.

  12. Ацані мову герояў.

  13. Самае цікавае ў водгуку – паказаць, якімі сродкамі аўтар раскрывае тэму. Знайдзі цікавыя параўнанні, метафары, увасабленні, гаваркія прозвішчы і інш., растлумач іх значэнне.

  14. Пракаменціруй гукапіс, пашукай словы, якія ствараюць мелодыю. Які сэнс гучання гэтай мелодыі?

  15. Пашукай словы, якія надаюць тэксту колер, яго значэнне.

  16. Якімі сказамі і чаму карыстаецца аўтар?

  17. Пакажы, якія словы, словазлучэнні не толькі ствараюць мастацкую карціну, але і ўплываюць на твой стан, пачуцці.

  18. Адкажы на пытанні: - Якім ты бачыш аўтара твора? – Ці падзяляеш яго пунк гледжання?

  19. Калі ведаеш што-небудзь пра аўтара тэксту, то цікава падай гэтыя звесткі.

  20. Калі ты чытаў у іншых аўтараў творы па дадзенай тэме, абавязкова напішы пра свой чытацкі вопыт.

  21. У тэксце модна выкарыстаць вершы іншых паэтаў. (Дакладна!)

  22. Падумай, як закончыць водгук, каб адчувалася яго цэласнасць. Можна звярнуцца да пачатку работы.

  23. Пішы жвава, пранікнённа, даверліва і без памылак. Пішы так, каб чытачы адчулі тваю зацікаўленасць.

Заключэнне

У сваёй рабоце я паспрабавала прааналізаваць псіхолага-педагагічную і навукова-метадычную літаратуру па праблеме развіцця творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры, методыку развіцця творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і назваць найбольш эфектыўныя, на мой погляд, метады і прыёмы, накіраваныя на актывізацыю дзейнасці вучняў, фарміраванне ў іх творчых здольнасцей.

Вынікі сваёй дзейнасці я бачу ў тым, што вучні на кожным уроку ўмеюць перадаць думку аўтара, умеюць і не баяцца выразіць свае думкі. У многіх з маіх вучняў раскрыліся артыстычныя здольнасці, яны сталі ўдзельнікамі школьнага тэатральнага гуртка “Веселая дюжина” і з задавальненнем удзельнічаюць у школьных пастаноўках.

Мая вучаніца Холад Ганна заняла 3-е месца ў раённым конкурсе “Проба пяра ў напісанні водгука” сярод вучняў 8- класаў. У мінулым годзе вучаніца 9-га класа Сетахі Лізавета на 2 этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове атрымала заліковыя балы. На жаль, мае вучаніцы, якія паспяхова выступаюць на раённых алімпіядах у 5-9 класах, пасля атрымання базавай адукацыі паступаюць для далейшага навучання ў іншыя навучальныя ўстановы. Таму высокіх вынікаў на 2 этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове сярод маіх вучняў дзесяці- і адзінаццацікласнікаў няма.

Каб абудзіць у вучняў цікавасць да творчасці, развіваць уменне адчуваць прыгажосць роднага слова, неабходна арганізаваць развіваючую прастору. Асноўная задача настаўніка-філолага – развіццё асобы дзіцяці праз слова і творчасць.

У рабоце школьнага філолага недапушчальныя шаблон і трафарэт, бо пры гэтым знікае магчымасць творчасці вучняў. Без чуласці, эмацыянальнай спагадлівасці нельга ўстанавіць кантакт з вучнямі, стварыць той творчы настрой і мікраклімат на ўроку, на пазакласных занятках, без якіх немагчыма вырашыць многія этычныя і маральныя праблемы, развіваць творчыя здольнасці вучняў. З дзіцяці вырасце творчая асоба толькі тады, калі педагог будзе падтрымліваць натхненне вучняў не толькі падчас урокаў, а і падчас пазакласнай работы па прадмеце .

Сёння асабліва важна заахвочваць і развіваць літаратурную творчасць вучняў. На такіх занятках фарміруюцца чытацкія якасці: эмацыянальная чуласць, вобразнае мысленне, эстэтычны густ. Такім чынам, дзеці змогуць перайсці да стварэння сваіх твораў. Наўрад ці заўтра ўсе нашы выхаванцы стануць пісьменнікамі ці журналістамі, але яны навучацца глыбока разумець літаратуру, дакладна, выразна выказваць свае думкі, бачыць не толькі цікавае, займальнае, але і ідэйнае, мастацкія, эстэтычныя вартасці, разбірацца ў тым, чым варта і чым не варта захапляцца.

Кітайская мудрасць вучыць: ”Я слухаю – я забываю. Я бачу – я запамінаю. Я раблю - я разумею”. Гэтыя словы могуць стаць арыенцірам у рабоце па развіццю творчых здольнасцей і звязнага маўлення вучняў сродкамі ўрокаў беларуская мовы і літаратуры.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка