Сяргей Запрудскі (Мінск)



старонка1/4
Дата канвертавання13.01.2017
Памер0.53 Mb.
#1388
  1   2   3   4
Сяргей Запрудскі (Мінск)

Стаўленне да некаторых інавацый

беларускай літаратурнай мовы

(паводле дадзеных сацыялінгвістычнага апытання) [1]


Апублікавана: Studia Białorutenistyczne. 2. Redakcja: Rysard Radzik, Michał Sajewicz. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2008. С. 303–327.
1. Уводзіны

Як і многія іншыя славянскія мовы, на працягу апошніх 15 гадоў беларуская літаратурная мова зведала дынамічнае ўнутранае развіццё, якое ў значнай меры было абумоўлена прычынамі экстралінгвістычнага характару. Новыя грамадска-палітычныя рэаліі спарадзілі ў моўным ужыванні такія з’явы, якія яшчэ нядаўна кваліфікаваліся як маргінальныя або ўвогуле былі немагчымыя. Працэсы апошніх гадоў спрыялі істотнаму абнаўленню сучаснай беларускай мовы.[2] Новыя моўныя з’явы адразу ж сталіся заўважанымі, яны даволі шырока абмяркоўваліся і абмяркоўваюцца як у навуковым друку, так і публікай.

Найбольш вядомым феноменам моўнага развіцця гэтых гадоў было аднаўленне ў Беларусі ці перанясенне на яе тэрыторыю з заходніх беларускіх эмігранцкіх асяродкаў правапіснай сістэмы 1918 года, якая ў савецкай Беларусі перастала ўжывацца ў 1933 годзе. У канцы 80-ых – першай палове 90-ых гадоў моўная рэформа 1933 года даволі жорстка крытыкавалася – перадусім, журналістамі і пісьменнікамі; у друку нярэдка выказваліся меркаванні аб неабходнасці вяртання да дарэформавага правапісу, так званай “тарашкевіцы”.

Аднак у цяперашняй сітуацыі правапісныя супярэчнасці ў значнай ступені страцілі сваю вастрыню. Створаная ў жніўні 1993 года Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы (працавала па верасень 1994 года) не ўнесла ніякіх зменаў у сучасны беларускі правапіс. На працягу 1997 – 1998 гадоў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі былі падрыхтаваны і ў 1999 годзе апублікаваны “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (праект новай рэдакцыі)”, якія ўяўляюць сабой дапрацаваную версію правапіснага кодэкса 1959 года. Праект 1999 года толькі ў мінімальнай ступені ўключыў (калі ўключыў увогуле) з’явы, што могуць быць кваліфікаваны як рысы дарэформавай арфаграфіі. Пераважная большасць сучасных друкаваных беларускіх выданняў у сваёй практыцы кіруецца правапіснымі правіламі 1959 года.

Трохі іншая сітуацыя склалася ў сферы лексікі, словаўтварэння і, часткова, марфалогіі. Пры тым, што апошнія лексікаграфічныя кодэксы, падобна да правапіснага праекта 1999 года, амаль ніяк не адлюстроўваюць моўнай дынамікі апошніх гадоў, у рэальным ужыванні некаторыя лексічныя і словаўтваральныя інавацыі набылі значнага пашырэння, сталі даволі папулярнымі.

У цэлым у дачыненні да ацэнкі нормаў беларускай літаратурнай мовы ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі сфарміраваліся 2 падыходы. Згодна з першым, беларуская літаратурная мова павінна быць істотна абноўлена; прыхільнікаў такога падыходу называюць “рэфарматарамі” (Bieder 1996:115) або, згодна з удакладненнем нядаўняга часу, прадстаўнікамі нацыянальна-рэфармісцкага руху (Bieder 2003:369). Паводле другога падыходу, такое абнаўленне не лічыцца патрэбным, паколькі кадыфікацыя 30 – 80-ых гадоў адпавядала моўнаму развіццю. Прыхільнікаў такога падыходу называюць “традыцыяналістамі” або “антырэфарматарамі” (Bieder 1996:115; Бідэр 1998:7) ці, паводле нядаўняга ўдакладнення, прадстаўнікамі русафільскай плыні (Bieder 2003:369). [3]



У апошнія гады мы сталі сведкамі некалькіх моўных дыскусій, у якіх актыўна ўдзельнічалі мовазнаўцы. У працэсе гэтых дыскусій адбывалася вострае, часам бескампраміснае сутыкненне думак. Спрэчкі выклікала акурат пашырэнне ў узусе новых моўных з’яў. Асаблівую ўвагу прыцягнулі, бадай, словы аповед і выстава, якія абмяркоўваліся неаднаразова. Наконт правамернасці ўжывання дадзеных слоў у беларускай мове за апошні час выказаліся мовазнаўцы І.Лепешаў, М.Абабурка, А.Лукашанец, А.Падлужны, А.Баханькоў, П.Сцяцко, П.Шуба, Г.Кулеш, Л.Кацапаў, нелінгвісты П.Ермашкевіч, Ул.Жыгімонт, У.Ягорычаў і іншыя асобы. У працэсе абмеркавання розныя людзі па-рознаму кваліфікавалі дадзеныя словы. Калі, напрыклад, для А.Баханькова (1992), П.Шубы (1997:66), Г.Арцямёнка (2001:147) і Л.Кацапава (2002) слова выстава з’яўляецца запазычаннем з польскай мовы, то Л.Шакуном (1997:122), П.Сцяцко (1994:31-33) і А.Бардовічам і інш. (2000:80) яно разглядаецца на ўласнай, беларускай глебе (як утварэнне ад дзеяслова выставіць або ад назоўніка выстаўка).[4] Адпаведна, быўшы кваліфікаваным як паланізм, слова выстава лічыцца недапушчальным для ўжывання ў беларускай мове (А.Баханькоў, П.Шуба, Л.Кацапаў). Калі ж выстава трактуецца як уласнае ўтварэнне, то яно не выклікае пярэчанняў і лічыцца прымальным (П.Сцяцко).[5]

Раскалыханаму ўжыванню апошніх гадоў мы абавязаны наяўнасцю некалькіх вострых ацэнак сітуацыі з боку некаторых мовазнаўцаў. Параўн.:

“у канцы ХХ ст. беларуская літаратурная мова аказалася ў стане расплыўчатасці і размытасці яе нормаў... у галіне словазмянення, словаўтварэння і словаўжывання адхіленні ад літаратурных нормаў набылі масавы характар” (Падлужны 1997:74,79); “радыё, тэлебачанне, газеты і часопісы адзін перад адным стараюцца не захаваць усталяваныя нормы, а назнарок расхістаць іх; кожная рэдакцыя, ігнаруючы і слоўнікі, і нарматыўныя граматыкі, лічыць сябе кампетэнтнай уводзіць свае ўласныя нормы... Літаратурная мова фактычна вынішчана.” (Шуба 1998:218).

У лінгвістычных дыскусіях прагучала слова “хаос”, а таксама зроблена папярэджанне, што існуючае ўжыванне “робіць мову малазразумелай для значнай часткі насельніцтва” і фарміруе негатыўнае стаўленне да беларускай мовы (Падлужны 1996:184).[6]



Цікава адзначыць, што ў працэсе дыскусій розныя лінгвісты выкарыстоўваюць апеляцыі да моўнага ўжывання з рознымі мэтамі. Для адных мовазнаўцаў інавацыі ў моўным узусе выступаюць як (пераважна, дадатковы) аргумент у іх доказах абгрунтаванасці выкарыстання таго або іншага слова ў беларускай мове. Адпаведна, лічыцца, што, напрыклад, лексемы выстава, выступовец і інш. добрыя ў беларускай мове не толькі таму, што яны адлюстроўваюць народнае словаўтварэнне, але і таму, што яны ўжываюцца ў сучасным друку (П.Сцяцко). Для другой часткі мовазнаўцаў факт з’яўлення ў узусе нетрадыцыйнага ўжывання выступае як (таксама дадатковы) доказ занадта пашыраных адхіленняў ад “правільнага” ўжывання ранейшых часоў. Адпаведна з такім падыходам, словы выстава, імпрэза, напой і інш. дрэнныя не толькі таму, што яны з’яўляюцца паланізмамі, але і таму, што яны ўжываюцца ў сучасным друку (П.Шуба). З прычыны абмежаванага грамадскага выкарыстання беларускай мовы ў сваіх спрэчках адносна кадыфікацыі тых або іншых формаў толькі нямногія лінгвісты рызыкуюць апеляваць адзіна ці, прынамсі, пераважна да моўнага узусу. У сітуацыі шырокага выкарыстання ў беларускім грамадстве расійскай мовы і існавання інтэнсіўнай расійска-беларускай інтэрферэнцыі пры такім падыходзе заўсёды захоўвалася б небяспека кадыфікаваць формы, якія стваралі б уражанне “сапсаванай” (расійскім уплывам) беларускай мовы. З гэтай і іншых прычын у дзейнасці беларускіх лінгвістаў мінулага стагоддзя заўсёды быў моцны прэскрыптыўны чыннік, які, аднак, ствараў спецыфічную сітуацыю ў працэсе “нормапрымянення”.[7] Пры такім (г.зн. у пэўнай ступені не ўзгодненым з узусам) падыходзе лінгвісты заўсёды былі змушаны арыентавацца не толькі на сістэмныя з’явы ў беларускай мове, але і на пераважную ідэалагічную тэндэнцыю свайго часу. Аднак, адпавядаць “генеральнай тэндэнцыі” свайго часу было няпроста, бо беларускаму моўнаму развіццю ў ХХ ст. былі ўласцівы крутыя павароты.[8] З другога боку, адкрытая арыентацыя на любую (“беларусіфікацыйную”, “русіфікацыйную” або “паланізацыйную”) тэндэнцыю спараджала незадавальненне ў асяроддзі тых карыстальнікаў мовай, якія дадзеную канкрэтную тэндэнцыю не прымалі. Гэтая акалічнасць правакавала ўнутрымоўныя канфлікты ў будучыні.

Акрамя таго, пры арыентаванай на прэскрыптыўнасць кадыфікацыі многае можа залежаць ад таго, хто будзе гэтай кадыфікацыяй займацца.

2. Метад

Для таго, каб высветліць стаўленне да некаторых спрэчных з’яў сучаснай беларускай мовы, намі была падрыхтавана спецыяльная анкета. Мэтай даследавання было выявіць, наколькі асвоенымі з’яўляюцца некаторыя інавацыі апошніх гадоў, устанавіць меркаванні рэспандэнтаў адносна магчымай кадыфікацыі такіх формаў.



  1. Рэспандэнты

Анкета пашыралася ў 2001 годзе сярод выкладчыкаў кафедраў гісторыі беларускай мовы і сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта (БДУ, 20 чалавек), выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта (БДПУ, 21 чалавек), студэнтаў БДУ (спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура”, 18 чалавек) і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта (МДЛУ, спецыяльнасць “англійская і беларуская мовы”, 25 чалавек), кіраўнікоў раённых арганізацый горада Мінска Партыі камуністаў беларускай (ПКБ, 16 чалавек), членаў сойма Беларускага народнага фронту (БНФ, 35 чалавек), журналістаў газеты “Звязда” (16 чалавек) і членаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ, 11 чалавек). Выбарка склала 162 рэспандэнты.[9]

Умоўна выбарка можа быць падзелена на 3 часткі: “беларусісты”, палітыкі і журналісты.

Група беларусістаў (уключыла выкладчыкаў і студэнтаў) была цікавая для нас тым, што яна складаецца з людзей, якім даводзілася асэнсоўваць сфармуляваныя ў анкеце пытанні па абавязку сваёй (будучай) прафесіі. Аднак, у той час, як кантынгент выкладчыкаў БДУ і БДПУ быў у значнай ступені падобны[10], дзве групы студэнтаў істотна адрозніваліся паміж сабой. Калі сярод праанкетаваных у БДУ студэнтаў 44 % засведчылі, што яны (вельмі) добра ведаюць беларускую мову, то сярод студэнтаў МДЛУ такія склалі толькі 24 %. У групе студэнтаў БДУ 50 % засведчылі, што яны (вельмі) часта карыстаюцца беларускай мовай, а яшчэ 50 % сцвердзілі, што яны карыстаюцца беларускай мовай часам. Сярод студэнтаў МДЛУ адпаведныя лічбы складалі 8 і 64 %. У той час, як сярод студэнтаў БДУ 78 % прызналі сябе носьбітамі беларускай мовы, у групе студэнтаў МДЛУ гэта зрабілі толькі 48 %.

Групу выкладчыкаў можна лічыць экспертнай. Менавіта ў гэтай групе сутыкаемся з найлепшым веданнем беларускай мовы.[11] У рамках гэтай групы знаходзяцца людзі, якія могуць непасрэдным чынам уплываць (і ўплываюць) на кадыфікацыю, складаючы лексікаграфічныя і граматычныя даведнікі або папулярызуючы свае погляды падчас лінгвістычных дыскусій. Погляды выкладчыкаў-беларусістаў з БДУ і БДПУ на розныя канкрэтныя праблемы развіцця беларускай мовы часам істотна адрозніваюцца ад падыходаў, адлюстраваных у працах Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, – установы, якая з’яўляецца найбольш аўтарытэтнай у справах моўнай кадыфікацыі.[12]

Кантынгент палітыкаў быў сфарміраваны такім чынам, што можна было чакаць палярных ці, прынамсі, непадобных адказаў на многія пытанні анкеты. У той час як БНФ спавядае выразна “празаходнюю” ідэалогію, Партыі камуністаў беларускай ўласціва прарасійскай арыентацыя. У канцы 80-ых гадоў менавіта БНФ быў адным з самых актыўных ініцыятараў адраджэння беларускай мовы. Ініцыятывы вярнуць ва ўжыванне тарашкевіцу таксама моцна звязаны з БНФ, пры гэтым яны амаль заўсёды атрымлівалі негатыўны водгук у асяроддзі камуністаў.[13] Адзін з самых актыўных прапагандыстаў тарашкевіцы В.Вячорка ўжо некалькі гадоў з’яўляецца лідэрам партыі БНФ.

Праанкетаваныя групы БНФ і ПКБ істотна адрозніваліся паміж сабой. Сярэдні ўзрост у групе ПКБ складаў 57 гадоў, а ў БНФ – 46. У групе БНФ 71 % назвалі роднай беларускую мову, у той час, як камуністы найчасцей выбіралі 2 варыянты: а) расійская мова (31 %) і б) беларуская і расійская мовы (31 %). У групе ПКБ беларусы складалі 69 %, у БНФ – 94 %. Групы ПКБ і БНФ істотна адрозніваліся таксама ўзроўнем ведання беларускай мовы, яе выкарыстання, працягласцю моўнага стажу і інш.

Група журналістаў цікавая тым, што яна складалася з людзей, якія адпаведна са спецыфікай сваёй дзейнасці павінны асабліва цаніць выяўленчыя магчымасці мовы – магчыма, нават на шкоду яе нарматыўнасці. Рэспандэнты газеты “Звязда” і БАЖ найбольш істотна адрозніваліся узростам і прадэклараваным веданнем мовы. Сярэдні ўзрост праанкетаваных супрацоўнікаў “Звязды” складаў 42 гады, а ў БАЖ – 31. У газеце “Звязда” толькі 69 % супрацоўнікаў палічылі, што яны (вельмі) добра ведаюць беларускую мову.

Сярэдні ўзрост рэспандэнтаў быў роўны 37-мі гадам. Жанчыны складалі ў выбарцы 54.3 %. 60 % рэспандэнтаў пазначылі ў якасці сваёй роднай беларускую мову. (Яшчэ 21.3 % назвалі роднымі беларускую і расійскую мовы, а 11.3 % – расійскую і беларускую.) 61.1 % рэспандэнтаў ацанілі сваё веданне беларускай мовы як добрае, а яшчэ траціна – як сярэдняе. Больш за 90 % рэспандэнтаў, згодна з іх самаатэстацыяй, часта або часам карыстаюцца беларускай мовай, аднак носьбітамі беларускай мовы прызнала сябе меншая частка (79.6 %). Больш за палову рэспандэнтаў з’яўляюцца носьбітамі беларускай мовы больш за 15 гадоў, кожны пяты – ад 5 да 10 гадоў, а 8.6 % рэспандэнтаў – да 5 гадоў.

Праанкетаваныя групы выкладчыкаў ва ўніверсітэтах і супрацоўнікаў газеты “Звязда” не адлюстроўваюць цалкам меркаванняў гэтых калектываў, паколькі наша апытанне ахапіла не ўсіх супрацоўнікаў гэтых устаноў.

2.2 Апытальнік

Анкета складалася з 27 пытанняў, з іх 19 былі прысвечаны высвятленню стаўлення рэспандэнтаў да некаторых інавацый беларускай літаратурнай мовы 90-х гадоў у іх процістаўленні традыцыйным, замацаваным лексікаграфічнымі і граматычнымі кодэксамі, ужыванням. У прыватнасці даследавалася стаўленне да лексем выстава, гарбата, лецішча, тэлефанаваць, функцыянаваць, напой, імпрэза, аповед, ангельскі, выступовец, улётка, каментаваць, даследнік. Таксама вывучаліся адносіны да формаў з канчаткам –аў тыпу лініяў, кнігаў назоўнікаў жаночага роду ў родным склоне множнага ліку, да націску ў некаторых прыметніках (выхóдны дзень, праéзны білет) і дзеепрыметніках (напісáны, сказáны), да правапісу і вымаўлення слова кампутар / камп’ютэр / камп’ютар і да націску назоўніка пасяджэнне / пасéджанне.[14] У шэрагу выпадкаў (выстаўка / выстава, гарбата / чай, званіць / тэлефанаваць, улётка / лістоўка) уключаныя ў анкету пытанні дэманстравалі сутыкненне ў беларускай мове ўсходніх і заходніх уплываў.[15]

Толькі асобныя з пералічаных лексем фіксуюцца ў лексікаграфічных працах. Напрыклад, слова гарбата пададзена ў ТСБМ, аднатомным Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы 1996 года (далей – ТСБЛМ-96) і ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы 1999 года (далей – ТСБЛМ-99) – з паметай “устарэлае”. Слова лецішча зафіксавана ў ТСБЛМ-96 і ТСБЛМ-99, але толькі як дублет да слова дача. Словы тэлефанаваць, функцыянаваць і выступовец (але не выступоўца) фіксуюцца ў апошніх расійска-беларускіх слоўніках Інстытута мовазнаўства як адпаведнікі расійск. телефонировать, функционировать і выступающий, але адсутнічаюць у ТСБЛМ-96 і ТСБЛМ-99, дзе прыведзены формы тэлефаніраваць і функцыяніраваць. (У ТСБЛМ-96 і ТСБЛМ-99 адсутнічае як форма выступовец, так і выступаючы.) Слова даследнік пададзена ў двухтомным Беларуска-рускім слоўніку 1988 – 1989 гадоў, а таксама ў ТСБЛМ-96 і ТСБЛМ-99 са значэннем ’чалавек, які праводзіць дослед’. Гэтыя ж слоўнікі ў якасці нарматыўных падаюць формы выхадны (дзень), камп’ютэр, пасяджэнне.

Формы дзеепрыметнікаў тыпу напісáны, сказáны не фіксуюцца ў беларускіх граматыках [16], а канчатак -аў назоўнікаў жаночага роду ў родным склоне множнага ліку лічыцца значна менш пашыраным, чым формы з нулявой флексіяй.

Уключаныя ў анкету пытанні ўяўляюць сабой толькі нязначную частку існуючых у сучаснай беларускай мове інавацыйных з’яў.[17] Адбіраючы лексемы для ўключэння ў анкету, мы імкнуліся мінімізаваць тыя выпадкі, калі прапанаваныя словы маглі б па-рознаму пісацца – згодна з правіламі тарашкевіцы або паводле нормаў прынятага правапісу.[18] Улічваючы падзел схільнасцяў рэспандэнтаў адносна правапісу, тэкст анкеты мы склалі такім чынам, што ў ім зусім не сустракаліся лексемы, напісанне якіх згодна з правіламі тарашкевіцы і сучаснага правапісу адрознівалася б. Жаданнем схаваць ад рэспандэнтаў уласныя схільнасці была абумоўлена і тая акалічнасць, што ў частцы пытанняў анкеты мы вынеслі на першае месца традыцыйныя ўжыванні (выстаўка, дача, званіць, напітак і інш.), а ў іншых – інавацыйныя (імпрэза, выступовец, улётка).

Запаўняючы анкету, рэспандэнты павінны былі падтрымаць адно з двух узаемавыключных сцверджанняў адносна прымальнасці адной з канкурэнтных формаў і непрымальнасці другой. Адпаведныя фармулёўкі выглядалі наступным чынам:

“1. Слова выстаўка – нарматыўнае / павінна быць нарматыўным, а слова выстава парушае нормы беларускай мовы.

2. Слова выстава – нарматыўнае / павінна быць нарматыўным, а слова выстаўка парушае нормы беларускай мовы”.

Амаль ва ўсіх выпадках рэспандэнты маглі таксама падтрымаць сцверджанне, згодна з якім канкурэнтныя формы прызнаваліся раўнапраўнымі. Нарэшце, ва ўсіх выпадках рэспандэнты мелі магчымасць дадаць уласнае сцверджанне (для гэтага рэзерваваўся 4-ы пункт кожнага пытання). Звычайнае пытанне анкеты мела, такім чынам, 4-кампанентную структуру. Толькі пытанне, прысвечанае формам пасяджэнне / пасéджанне было 3-кампанентным. Пытанні адносна формаў гарбата / чай, дача / лецішча, каменціраваць / каментаваць, даследчык / даследнік мелі 5-кампанентную структуру. Гэта было звязана з тым, што ў дадзеныя пытанні былі дадаткова ўведзены пункты, датычныя стылістычнага або семантычнага размежавання разгляданых формаў. У пытаннях, прысвечаных формам дача / лецішча і каменціраваць / каментаваць, прапаноўваліся сцверджанні, якія схілялі прызнаць формы дача і каменціраваць нейтральнымі, а лецішча і каментаваць – размоўнымі. У пытаннях, прысвечаных словам гарбата / чай і даследчык / даследнік прапаноўвалася семантычнае размежаванне дадзеных слоў. Лексеме гарбата прапаноўвалася прыпісаць значэнне ’(лекавы) настой на травах, каранях, кветках’, а слова даследнік было пададзена з тым значэннем, якое зафіксавана ў ТСБЛМ-99: ’чалавек, які праводзіць дослед’.

У 8-мі заключных пытаннях анкеты ўстанаўлівалася полава-ўзроставая прыналежнасць рэспандэнтаў, іх нацыянальнасць і родная мова, а таксама ступень і працягласць валодання імі беларускай мовай і частата яе выкарыстання.

2.3. Працэдура

Выкладчыкі, прадстаўнікі ПКБ і БНФ запаўнялі анкеты перад або ў часе або/і пасля сваіх рабочых паседжанняў, студэнты – на занятках. Журналісты “Звязды” запоўнілі анкеты на сваіх рабочых месцах, а анкеты БАЖ пераважна былі запоўнены падчас арганізаванага асацыяцыяй семінара з удзелам рэгіянальных журналістаў у Маладэчне. Працягласць запаўнення анкет вагалася ад 20-ці хвілін да дзвюх з паловай гадзін.[19] Толькі ў выпадку журналістаў мы не прысутнічалі непасрэдна пры працэсе запаўнення анкет. Аднак людзям, якія пашыралі апытальнікі, былі дадзены выразныя інструкцыі, што зводзіла да мінімуму магчымыя агрэхі. (У прыватнасці, падчас запаўнення анкет рэспандэнтам забаранялася карыстацца любымі мовазнаўчымі даведнікамі.)[20]



Каталог: documents -> Кафедра%20гісторыі%20беларускай%20мовы -> Папкі%20выкладчыкаў -> Запрудскі%20С.М
Запрудскі%20С.М -> Маўленчая акамадацыя і пераключэнне кодаў у працэсе міжкультурнай камунікацыі: выпадак Беларусі
Запрудскі%20С.М -> Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”
Запрудскі%20С.М -> Беларускі і чэшскі моўны пурызм: агульнае і спецыфічнае
Запрудскі%20С.М -> Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў
Запрудскі%20С.М -> 1. Пытанні культуры мовы ў Беларусі ў 1920-я гады
Запрудскі%20С.М -> С. М. Запрудскі да гісторыі націску ў вытворных прыметніках
Запрудскі%20С.М -> С. М. Запрудскі Да гісторыі правапісу ненаціскнога о ў запазычаных словах
Запрудскі%20С.М -> С. М. Запрудскі Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г
Запрудскі%20С.М -> Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1
Запрудскі%20С.М -> Сяргей Запрудскі Распрацоўка правапісу беларускай мовы ў канцы 1920-х гг


Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал