«Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі»: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны




старонка1/5
Дата канвертавання15.03.2017
Памер0.85 Mb.
  1   2   3   4   5


«Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі»:

да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны:

метадычныя рэкамендацыі

БРЭСТ, 2017

Складальнік Ю. М. Майкевіч

А. В. Пастыка

Рэдактары Л. К. Кароль

Л. І. Рачкоўская

Карэктары М. В. Новікава

Л. М. Саханчук

І. Р. Яраховіч

«Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі»: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны : метадычныя рэкамендацыі / УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага», Аддзел бібліятэказнаўства ; [склад. Ю. М. Майкевіч, А. В. Пастыка; рэд.: Л. К. Кароль, Л. І. Рачкоўская]. – Брэст, 2017. – 43 с.

224016, г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48

УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага»

Аддзел бібліятэказнаўства

8 (0162) 53 04 40

e-mail: brestrl@mail.ru



Ад складальнікаў

У 2017 г. Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе айчыннага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, якое было распачата ў 1517 г. дзякуючы дзейнасці Францыска Скарыны з Полацка. У сувязі з выключнай значнасцю спадчыны беларускага першадрукара для айчыннай, агульнаславянскай і ў цэлым еўрапейскай культуры ў 2017 г. запланавана вельмі насычаная праграма святкавання паўтысячагадовага юбілею беларускага кнігадрукавання. Шэраг навуковых, мастацкіх, адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў адбудзецца на міжнародным і рэспубліканскім узроўнях па ініцыятыве ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Ён — наш выток, гонар, вера», — так пішуць пра славутага на ўвесь свет беларускага першадрукара, перакладчыка, асветніка шматлікія мастацтвазнаўцы, крытыкі, паэты, празаікі ў сваіх творах.

Хто як не бібліятэка дапаможа чытачу знайсці менавіта той самы, цікавы для яго, твор, у якім ён зможа даведацца як мага больш пра вядомага земляка? Падчас святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання многія творы стануць асабліва актуальнымі. Увогуле бібліятэкі ў юбілейным годзе нараўне са школамі будуць імкнуцца ўзмацніць асветніцкую дзейнасць, каб стаць пэўным мастом да ведаў аб нашай гісторыі, аб вытоках нашай культуры, аб вядомых гістарычных асобах.

Асноўная мэта метадычных рэкамендацый «Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі»: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны — дапамагчы бібліятэкару ў арганізацыі змястоўных мерапрыемстваў, прысвечаных дзейнасці і творчасці Францыска Скарыны.

Дадзеныя метадычныя рэкамендацыі ўключаюць наступныя матэрыялы:



Частка 1. «Парады да арганізацыі святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў публічных бібліятэках». Парады могуць быць карыснымі пры падрыхтоўцы мерапрымстваў, нацэляць на тэмы і формы мерапрыемстваў.

Частка 2. «Францыск Скарына — беларускі першадрукар: біяграфічныя звесткі». У гэтай частцы падаюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці Ф. Скарыны, якія можна выкарыстаць пры падрыхтоўцы разнастайных мерапрыемстваў.

Частка 3. «Невядомы вядомы Скарына: сцэнарый літаратурнага вечара». У аснову сцэнарыя пакладзены малавядомыя факты з жыцця першадрукара.

Частка 4. «Палажэнне аб раённым (гарадскім) Конкурсе чытацкіх водгукаў на мастацкія творы аб жыцці і творчасці Францыска Скарыны». Акрамя палажэння тут прадстаўлены прыкладны пералік твораў і памятка па напісанні чытацкага водгуку, якія можна прапанаваць удзельнікам.

Частка 5. гульня-віктарына «Францыск Скарына і яго час» з заданнямі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту. Таксама гульня-віктарына прапанавана і на электронным носьбіце для дэманстрацыі заданняў аўдыторыі.

Частка 6 (прадстаўлена на кампакт-дыску). «Гравюры першадрукара»: віртуальная выстава. У выставу ўвайшлі ўсе вядомыя гравюры, надрукаваныя ў выданнях Ф. Скарыны, з падрабязным апісаннем кожнай (іх можна выкарыстоўваць на выбар арганізатара мерапрыемства).

Звяртаем увагу бібліятэкараў на тое, што дадаткі, прадстаўленыя ў канцы рэкамендацый, з’яўляюцца дапаможнымі матэрыяламі для афармлення інтэр’ераў бібліятэк, для больш падрабязнага азнаямлення з эпохай Скарыны.

Спадзяемся, што метадычныя рэкамендацыі будуць карыснымі ў бібліятэчнай рабоце. Аднак дадзеныя разнастайныя формы мерапрыемстваў ніколькі не абмяжоўваюць творчасць самога бібліятэкара. Ён можа прапаноўваць і выкарыстоўваць іншыя віды інтэлектуальных мерапрыемстваў.

Богу в троицы едному
ко чти и ко славе.
Матери его пречистой
Марии к похвале,
Всем небесным силам
и святым Его к веселию,
Людем посполитым
к доброму научению.


(Тытульны ліст кнігі «Іоў»)

Частка 1. Парады да арганізацыі святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў публічных бібліятэках

Першая кніга Ф. Скарыны пабачыла свет 6 жніўня 1517 г. Таму галоўнай тэмай (падзеяй) у 2017 г. у першую чаргу стане 500-годдзе з пачатку выдавецкай дзейнасці нашага першадрукара. Традыцыйна ў першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, які ў 2017 г. пройдзе на Радзіме Ф. Скарыны ў горадзе Полацку і будзе прысвечаны гэтай знакавай даце. Але святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў бібліятэках можна не абмяжоўваць дадзеным перыядам, а запрашаць чытачоў на розныя мерапрыемствы ўвесь год.

Таму канцэпцыя шэрага мерапрыемстваў павінна прадугледжваць адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Мэта святкавання — даць магчымасць наведвальнікам звярнуцца да вытокаў нацыянальнай культуры беларускага народа, падкрэсліць цесную ўзаемасувязь і арганічнае адзінства славянскіх культурных традыцый.

Большасць мерапрыемстваў будзе прысвечана асобе нашага знакамітага першадрукара, але нельга выпусціць з віду і сучасную беларускую літаратуру.

Удзельнікам і гасцям можна прапанаваць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні творчых калектываў і выканаўцаў. Нельга абыйсці ўвагай і літаратараў-землякоў: правесці творчыя сустрэчы з прэзентацыямі новых кніг і літаратурна-мастацкіх кампазіцый па іх творчасці.

Традыцыйнымі будуць літаратурныя конкурсы, акцыі і інш. Напрыклад, можна арганізаваць «Конкурс чытацкіх водгукаў на мастацкія творы аб жыцці і творчасці Ф. Скарыны», прадстаўленых у даных рэкамендацыях.

Таксама гэты перыяд можа стаць вельмі спрыяльным для пачынаючых аўтараў, якія атрымаюць сваё першае прызнанне ў выглядзе дэбютнай публікацыі. Маладыя літаратары могуць прэзентаваць свае вершы ці прозу, магчыма, ужо выдадзеныя зборнікі. На фоне гэтага будзе цікава паглядзець і на маладзёжнае паэтычнае спаборніцтва «Літаратурны рынг».

Дзіцячай аўдыторыі прапануем стварыць выставу малюнкаў па матывах беларускіх народных казак «Новыя малюнкі да любімых кніг». Зацікавіць юных чытачоў і майстар-клас па вырабе самаробнай кнігі.

Пажадана падрыхтаваць для чытачоў мастацка-тэатралізаваныя дзеі па драматычных творах, прысвечаных Ф. Скарыне (выкарыстаць урыўкі драматычных твораў з Часткі 4). Нельга забываць і пра чытацкія канферэнцыі на самыя розныя тэмы: «Духоўныя пошукі сучаснай беларускай літаратуры», «Час. Юнацтва. Кнігі», «Свет паразумення кніжнага» і інш.

Неабходна выкарыстоўваць і новыя, прывабныя для моладзі формы масавай работы, якія будуць толькі павышаць цікавасць да чытання і заахвочваць да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах. Гэта: экскурсіі па літаратурных мясцінах (у т. л. завочныя), прагляд экранізацый мастацкіх твораў з абмеркаваннем, балі літаратурных герояў, стварэнне віртуальных кампазіцый і да т. п.

Наогул, мерапрыемствы, запланаваныя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, будуць садзейнічаць фарміраванню грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных якасцей асобы, заснаваных на дзяржаўных і агульначалавечых каштоўнасцях, паважлівым стаўленні да нацыянальнай культуры, дзяржаўнай ідэалогіі, гістарычных традыцый беларускага народа.

Прапануем вашай увазе наступныя варыянты назваў мерапрыемстваў да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання:

«Абы, научившися мудрости…»;

«Кніга, якую маеш чытаць»;

«Кнігі, якія ўзвышаюць душу»;

«Памяць... што ў стагоддзях не растала і ў часе не згасла»;

«Слаўны майстар з Полацка»;

«Праслаўлены стваральнік кніг»;

«Скарына... ён быў святым, да скону свяціцелем і мучанікам быў...»;

«Скарынаўскае сонца»;

«Друкар нястомны ў спадчыну пакінуў...»;

«Нашчадкі Скарыны»;

«Астральны знак Францыска»;

«Мой суайчыннік, продак мой — Скарына!»;

«Славуты доктар лекарскіх навук»;

«Францыск Скарына: асоба і час»;

«Жыццёвыя і творчыя пуцявіны беларускага першадрукара»;

«Зорка беларускай асветніцкай дзейнасці»;

«Імя, як дзіўны дарунак»;

«Шматвяковая гісторыя беларускага кніжнага друку»;

«Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга»;

«Першадрукар усходняга славянства»;

«Сусветная спадчына Францыска Скарыны»;

«Шляхамі Францыска Скарыны»;

«Доўгая дарога ад Францыска Скарыны да сучаснасці»;

«Жамчужыны беларускай гісторыі/літаратуры»;

«Беларусь. Кніга. Першыя»;

«Гісторыя застыла ў радках»;

«Народу посполитому…»;

«Вечныя дарогі і нястомныя пошукі»;

«Не многим учителем бывати, но более умети язык свой справовати»;

«Твой герб — злучэнне Месяца і Сонца — ні перад кім не выраню я з рук»;

«Марыў калісьці славуты Скарына, “ціснучы” кнігі на мове бацькоў».

Частка 2. Францыск Скарына — беларускі першадрукар:

біяграфічныя звесткі

На мяжы XIV–XV стст. у Італіі зарадзілася культура, названая пазней культурай Адраджэння. У яе аснове ляжала новае вучэнне пра чалавека — цудоўнага як духоўна, так і цялесна, вольнага, надзеленага розумам і творчымі здольнасцямі, пра чалавека, які з’яўляецца сапраўдным вянцом светабудовы. У пачатку XVI ст. гэтыя ідэі шырока распаўсюдзіліся і на землі Вялікага Княства Літоўскага са сваёй арыентацыяй на гуманізм, вальнадумства і патрыятызм. Гэта быў час росквіту ўсіх мастацтваў, у тым ліку і тэатра, і літаратуры, і музыкі, але, несумненна, галоўным сярод іх было выяўленчае мастацтва.

«У эпоху Адраджэння, — пісаў М. Багдановіч, — агульны разумовы ўздым, што пачаўся на Захадзе, паўплываў і на Беларусь. Крыніцай забіла тут жыццё, ішла, дзівосна пераплятаючыся, гарачая рэлігійная, нацыянальная і класавая барацьба, утвараліся брацтвы, што былі апорай беларускай народнасці, закладваліся тыпаграфіі, засноўваліся школы з нечакана шырокай, як на той час, праграмай (у некаторых вывучалі пяць моў), узнікалі вышэйшыя навучальныя ўстановы».

Вялікай з’явай эпохі Адраджэння стала кнігадрукаванне. Пачынальнікам еўрапейскага кнігадрукавання з’яўляецца немец Іаган Гутэнберг (1400–1468), які вынайшаў рухомыя металічныя лiтары і друкарскі станок. У 1438 г. Гутэнберг заснаваў друкарню ў Страсбургу, а ў 1447 г. у Майнцы пачаў рэгулярны выпуск невялікіх павучальных і папулярных твораў. Пасля гэтага друкарні пачалі адчыняцца ў Італіі (1465), Швейцарыі і Чэхіі (1468), Францыі (1470), Венгрыі (1473), Польшчы (1474). Першыя друкаваныя кнігі (інкунабулы, ад лац. Incunabula — «калыска», «пачатак»), выдадзеныя ў XV ст., сваім афармленнем яшчэ нагадвалі рукапісныя.

Канструкцыя друкарскага станка («праса») з пачатку XVI і да канца XVIII ст. не змянялася. Друкарскі станок прадстаўляе сабой масіўнае драўлянае збудаванне з дзвюма вертыкальнымі бакавымі апорамі, замацаванымі папярочнымі перакладзінамі. Вінт прыводзілі ў рух доўгім рычагом — «вагай», пры дапамозе якога аркуш прыціскаўся да друкарскай формы, пакрытай фарбай. Друкаванне патрабавала значных намаганняў майстра, таму апоры нярэдка мацаваліся распорамі да столі і вінтамі да падлогі. На выраб такога станка ішло каля 30 пудоў дубовай драўніны, 7–9 пудоў медзі і жалеза.

Кірылічнае кнігадрукаванне бярэ свой пачатак у 1491 годзе (Ш. Фіёль, Кракаў). Потым кнігі на кірыліцы з’явіліся ў Чарнагорыі (іераманарх Макарый, 1493–1495), Румыніі (1508–1512) і Венецыі (1510–1521). Пачынальнікам жа беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання з’яўляецца Францыск Скарына. Гэты асветнік-гуманіст, доктар медыцыны, арыгінальны мысліцель, пісьменнік-публіцыст, выдавец, перакладчык-паліглот — найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Яго і сёння можна лічыць зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры.

Вялікі сын полацкай зямлі Францыск Скарына сканцэнтраваў у сабе з аднаго боку — усе дасягненні ўсходнеславянскай культуры, з другога боку — ён увасабляў сабою тып тытана эпохі Адраджэння. Яго можна параўнаць з такімі магутнымі постацямі, як Леанарда да Вінчы, Эразм Ратэрдамскі, Рафаэль. Сваім жыццём і дзейнасцю ён падвёў своеасаблівы вынік развіцця ўсходнеславянскай культуры за пяць стагоддзяў, што прайшлі ад прыняцця хрысціянства, і даў новы напрамак, які арыентаваўся на агульначалавечыя каштоўнасці.

Ф. Скарына нарадзіўся ў сям’і полацкага купца Лукаша Скарыны, які вёў гандаль у многіх гарадах Вялікага Княства Літоўскага і іншых краін. Бацька Лука і старэйшы брат Іван гандлявалі каштоўным для таго часу таварам — скурай, матэрыялам, які ішоў на адзенне, абутак, збрую, ад назвы якога (старажытны варыянт «скора»), верагодна, і пайшло іх прозвішча. Дзейнасць купцоў у часы Скарыны патрабавала ведаў, прадпрымальнасці і адвагі. У купецкім доме жыло адчуванне шырыні свету, разуменне карыснасці повязяў чалавека з чалавекам, асобы з грамадствам, з народам, з прыродай. Каб весці гандаль у замежных краінах, неабходна было ведаць мовы, звычаі і законы чужых дзяржаў. Расказы пра небяспеку далёкіх дарог, экзотыку зямель, звычаяў у розных гарадах склалі духоўную атмасферу дзяцінства Ф. Скарыны.

Дата яго нараджэння дакладна невядомая: 1486 або 1490 г. Дзень 6 сакавіка 1486 г. запомніўся жыхарам Полацка незвычайнай з’явай. Ранішняе сонца раптам пачало засланяцца цемраю. У будучым Скарына амаль на кожнай сваёй гравюры друкуе аднолькавы герб — асабістую манаграму. Як мяркуе беларускі мастацтвазнавец і гісторык М. Шчакаціхін, Скарына адлюстраваў у ім сонечнае зацьменне, якое адбывалася над тэрыторыяй Беларусі ў 1486 г. Таму можна зрабіць вывад: герб сімвалізуе год нараджэння беларускага першадрукара.

Сталенне Скарыны супала з адваёвай палачанамі ў 1498 г. Магдэбургскага права. Акрамя таго, Полацк быў ядром, вакол якога ў часы Скарыны гуртавалася беларуская народнасць, умацоўвалася нацыянальная свядомасць, расцвіталі грамадзянскія пачуцці, перш за ўсё патрыятызм.

Каб заняцца навукай, Скарыне неабходна было авалодаць граматай, засвоіць латынь — тагачасную мову адукаваных людзей. Пачатковую адукацыю хлопчык, відаць, атрымаў у школе пры бернардзінскім манастыры ў Полацку ці ў сталічнай Вільні. Мяркуюць таксама, што першапачаткова Скарына вучыўся чытаць і пісаць у доме бацькоў. Атмасфера купецкага дому абудзіла ў яго ахвоту да пазнання свету, розных навук, таямніц прыроды.

У зімовы семестр 1504 г. Скарына ў ліку васьмі юнакоў з полацкага біскупства адпраўляецца ў Кракаў і паступае там на філасофскі факультэт (свабодных навук) Кракаўскага ўніверсітэта — адной са старэйшых і лепшых навучальных устаноў Еўропы, дзе вывучае так званыя свабодныя навукі. Праз два гады ён атрымлівае першую вучоную ступень бакалаўра філасофіі, а потым доктара вызваленых навук (artium), якая давала права насіць пярсцёнак-пячатку і выкладаць рыторыку ў звычайных школах.

Пасля вучонага трыумфу ў Італіі звесткі пра Скарыну зноў губляюцца ажно да 1512 г. За 1507–1511 гг. дакладных звестак пра Скарыну няма: хутчэй за ўсё, ён вывучаў медыцыну ў нейкім заходнім універсітэце, бо ў Падуі ён ужо магістр — значыць, у гэты перыяд ён і атрымаў навуковую ступень.

У 1512 г. у Падуанскім універсітэце знакаміты палачанін бліскуча здае экстэрнам экзамен на званне доктара медыцыны. На той час Італія, у тым ліку буйны ўніверсітэцкі горад Падуя, — цэнтр гуманізму і адраджэнскай культуры.

Далейшыя факты паказваюць, што Скарына пакінуў медыцыну і звярнуўся да грамадскіх праблем і гуманітарных навук. Магчыма, ён вучыўся друкарскай справе ў Дакіі (тэрыторыя цяперашняй паўднёвай Румыніі), дзе тады існавала славянская друкарня. Затым Скарына вяртаецца на радзіму. Пазней заручыўшыся падтрымкай і грашовай дапамогай Віленскага бурмістра Якуба Бабіча і мецэната Багдана Онькава, а таксама Івана Скарыны і Юрыя Адзверніка, паехаў у Прагу — цэнтр тагачаснай культуры і акультызму. На атрыманыя грошы ён стварае ў Празе друкарню, дзе выдае на працягу 1517–1519 гг. на старабеларускай мове 23 ілюстраваныя кнігі Старога Запавету. Для гэтых выданняў Скарына выкарыстаў яўрэйскія, лацінскія, чэшскія, грэчаскія і царкоўна-славянскія тэксты, якія ён адрэдагаваў, пракаментаваў, пераклаў на старабеларускую мову пад агульнай назвай «Біблія Руска, выкладзеная доктарам Францыскам Скарынай са слаўнага града Полацка...» і падрыхтаваў да выдання.

Першая кніга Скарыны «Песни царя Давыда еже словуть Псалтыр» (або «Псалтыр») пабачыла свет 6 жніўня 1517 года. З гэтай кнігі пачынаецца гісторыя ўсходнеславянскага кнігадрукавання. За 500 гадоў, што мінулі з часоў выдання першай Скарынавай Бібліі, ягоныя кнігі разляцеліся па свеце. Самыя знакамітыя бібліятэкі лічаць за гонар мець скарынаўскія выданні: сёння захавалася 388 кніг — шэдэўраў друкарства.

У сваіх пражскіх выданнях Скарына ўпершыню ўвёў прамежкі між словамі і водступы-абзацы. Адмовіўся ўраджэнец Полацка і ад скарачэння слоў. Усяго да пражскіх выданняў Скарынай была заказана 51 ілюстрацыя, пераважная большасць якіх змешчана на тытульных лістах кніг, каля 30 заставак і каля 1 000 ініцыялаў.

Паўстае пытанне: чаму Скарына выдаваў свае кнігі ў Празе — сталіцы Чэхіі? Магчыма, яго прываблівалі чэшскія друкарні, якія славіліся на ўсю Еўропу; магчыма, мелі значэнне трывалыя сувязі паміж ВКЛ і Чэхіяй. Можа быць, яго прыцягвала сюды ўвогуле надзвычай высокая культура чэхаў. Дзейнасць у Празе з’яўляецца самым плённым перыядам у біяграфіі Скарыны.

З 1519 г. звесткі пра Скарыну зноў адсутнічаюць аж да з’яўлення яго выданняў у Вільні. Каля 1520 г. Скарына вяртаецца ў Вільню. Тут ён ажаніўся і палепшыў сваё матэрыяльнае становішча. У сталіцы Вялікага Княства Літоўскага сын Лукі Скарыны абсталяваў друкарню ў камяніцы Якуба Бабіча, пракаментаваў, адаптаваў і ў 1522 годзе выдаў на царкоўна-славянскай мове «Малую падарожную кніжыцу» (уключала Псалтыр, Часасловец, Шасцідневец, восем акафістаў, дзесяць канонаў, Саборнік, «Святцы» і «Пасхаліі», утрымлівала розныя астранамічныя і каляндарныя звесткі) і «Апостал» (новазапаветную кнігу, у якой змешчаны пасланні апосталаў). Да кожнага апостальскага паслання Скарына даў уласную прадмову і пасляслоўе, апрацаваў мову свайго выдання, замяніў многія незразумелыя царкоўна-славянскія словы і выразы на беларускія.

У Вільні беларускі першадрукар служыў прыдворным лекарам і сакратаром у віленскага каталіцкага біскупа, магчыма прымаў удзел у стварэнні Статута 1529 года. З братам Іванам Скарына займаўся камерцыйнымі справамі. Невыносна цяжкім аказаўся для Скарыны 1529 год: памёр яго брат Іван, затым жонка Маргарыта, пакінуўшы на руках Скарыны малога сына Сымона. Яе родзічы пачалі адсуджваць у Скарыны маёмасць. Крэдыторы брата таксама патрабавалі ў яго грошы.

У 1530 г. па запрашэнні герцага Альбрэхта Скарына едзе ў Кёнігсберг. У 1534 ці 1535 г. — выехаў у Прагу. Такім чынам, на шляху вялікага асветніка хапала жыццёвых нягод. 3 1535 г. ён працуе ў батанічным садзе чэшскага караля Фердынанда каралеўскім батанікам (стаў адным з заснавальнікаў старэйшага батанічнага рэнесансавага саду ў цэнтральнай Еўропе — у Празе на Градчанах). Пражскія гады жыцця Скарыны прайшлі даволі спакойна. У Празе ён займеў і пэўную маёмасць, якая перайшла да яго сына. З 1541 г. звесткі пра Скарыну адсутнічаюць. Дата смерці яго таксама дакладна невядомая. Мяркуюць, что Скарына памёр у Празе (у 1552 г. у Прагу прыязджаў яго сын Сымон за бацькавай спадчынай).

Выдадзеная Скарынай у Празе на старабеларускай мове «Біблія Руска» (1517–1519) падштурхнула многіх яго суайчыннікаў да пашырэння культуры і асветы свайго народа праз друкаваную кнігу, у тым ліку на роднай мове. Першая друкарня на тэрыторыі сучаснай Беларусі была адкрыта ў Брэсце. З’яўленне тут друкарскага станка ў пачатку 50-х гг. XVI ст. звязана з імем мясцовага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага. Яго друкарня выдала каля 40 кніг, сярод якіх славутая Брэсцкая, ці, як яе яшчэ называюць, Радзівілаўская Біблія. Яна ўяўляе сабою «вялізную, памерам на аркуш, кнігу таўшчынёй у 10 сантыметраў, у 738 старонак, мае два гравіраваныя тытульныя лісты, 14 гравюр-ілюстрацый, своеасаблівыя застаўкі і віньеткі… Упершыню за гісторыю выдавецкай справы на Беларусі змешчаны прадметны паказальнік. На адвароце апошняга ліста паведамляецца, што кніга гэта надрукавана ў Брэсце Літоўскім за кошт князя Нясвіжа, віленскага ваяводы, маршалка і канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла месяца верасня чацвёртага дня 1563 г.» (В. Нікалаеў).

У выніку сказанага патрэбна адзначыць, што жыццёвы шлях Скарыны ўласцівы людзям эпохі ранняга Адраджэння. Прыйшоўшы на гэту зямлю, каб зрабіць саміх сябе, яны перш за ўсё ўпрыгожылі яе сваімі добрымі дзеяннямі.

Пачаўшы купецкую дзейнасць з жадання разбагацець, Францыск Скарына захапляецца новай для сябе і для ўсходніх славян справай — друкаваннем кніг. І каб быць упоравень з новай задачай, ён літаральна адукоўвае сябе: становіцца гуманістам, асветнікам, арыгінальным мысліцелем і перакладчыкам.

Калі на небе запальваюцца зоркі ў гонар людзей, нарадзіўшыхся на зямлі, то адной з самых яркіх сярод іх будзе зорка Скарыны.

Храналагічная канва жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны

Дата

Дзея

Другая палова
1480-х

У Полацку ў сям’і беларускага купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын Францыск

1498

Полацк атрымлівае Магдэбургскае права (самакіраванне)

1504

Францыск Скарына вучыцца ў Кракаўскім універсітэце.

У матрыкульных кнігах універсітэта робіцца запіс: «Franciscus Luce de Ploczko» (Францыск сын Лукі з Полацка)



1506

Францыск Скарына ўдастоены вучонай ступені бакалаўра вольных мастацтваў

Канец першага дзесяцігоддзя
1500-х – пачатак 1510-га

Францыск Скарына атрымлівае званне ліцэнцыята медыцыны

і ступень доктара вольных мастацтваў



1512, 5 лістапада

Савет дактароў медыцынскай калегіі Падуанскага ўніверсітэта ў Італіі дапусціў «неимущего» Францыска Скарыну без аплаты да экзамену на ступень доктара медыцыны

1512, 6 і 9 лістапада

Францыск Скарына бліскуча вытрымаў экзамен на ступень доктара медыцыны

Каля 1517

У Празе пачынае работу друкарня, заснаваная доктарам Францыскам Скарынай

1517, 6 жніўня

У Празе выходзіць з друку першае выданне Францыска Скарыны – Псалтыр. Тут жа, у Празе, Скарына выдае перакладзеныя ім кнігі:

1517, 10 верасня

«Кнігу Іова»,

1517, 6 кастрычніка

«Прытчы Саламона»,

1517, 5 снежня

«Кнігу Ісуса Сірахава»,

1518, 2 студзеня

«Эклезіяст, або Саборнік»,

1518, 9 студзеня

«Песню песняў»,

1518, 19 студзеня

«Кнігу прамудрасці боскай»,

1518, 10 жніўня

«Кнігі Царстваў»,

1518, 20 снежня

«Кнігу Ісуса Навіна»,

1519, 9 лютага

«Кнігу Іюдзіф»,

1519, 15 снежня

«Кнігу Суддзяў»,

1519

«Кнігу Быццё»,

каля 1519

«Кнігу Зыход»,

каля 1519

«Кнігу Левіт»,

каля 1519

«Кнігу Лічбы»,

каля 1519

«Кнігу Другі закон»,

1519

«Кнігу Руф»,

1519

«Кнігу Эсфір»,

1519

«Кнігу Плач Іярэміі»,

1519

Францыск Скарына друкуе сваё апошняе пражскае выданне — «Кнігу прарока Данііла» (пераклад Ф. Скарыны)

Пачатак 1520-х

Францыск Скарына пераязджае ў Вільню і ў доме «шаноўнага мужа Якуба Бабіча, найстаршага бурмістра слаўнага і вялікага места Віленскага», засноўвае новую друкарню. Гэта была першая друкарня на тэрыторыі нашай краіны

Каля 1522

Выйшла ў свет першае віленскае выданне Францыска Скарыны — «Малая падарожная кніжыца», якое паклала пачатак кнігадрукаванню ў нашай краіне

1525, сакавік

У Віленскай друкарні выйшаў у свет «Апостал» — апошняе выданне Францыска Скарыны

Другая палова
1520-х

Францыск Скарына ажаніўся з удавою члена Віленскага магістрата Юрыя Адверніка — Маргарытай

1529, ліпень

У Познані памёр брат Францыска Скарыны Іван, віленскі купец, гандляр скурамі, які прыехаў са сваім таварам на кірмаш. Францыск едзе ў Познань, каб дабіцца вяртання сродкаў, якія ўклала яго жонка Маргарыта ў гандлёвую справу брата

1529, ліпень – кастрычнік

У познаньскім судзе тройчы разбіраецца справа аб атрыманні Францыскам Скарынай і яго жонкай укладзеных у гандлёвую справу брата сродкаў. У выніку пасля прадстаўлення пісьмовай даверанасці, змацаванай 16 кастрычніка 1529 г. пячаткаю г. Вільні, па рашэнні суда Скарыне павінны былі быць вернуты 23 500 скур для яго жонкі і 2 500 яму асабіста

1530

Скарына пэўны час служыць у прускага герцага Альбрэхта Старэйшага ў Кёнігсбергу. 16 мая 1630 г. герцаг выдае Скарыне прапускную грамату ў Вільню, дзе засталася сям’я «доктара Францыска», а потым падпісвае пасланні віленскаму ваяводзе, вялікаму канцлеру Літоўскаму Гаштольду з просьбай аказаць усялякае садзеянне «многавучонаму мужу», а таксама віленскаму магістрату — з просьбай вярнуць Скарыне канфіскаваную маёмасць

1530

Францыск Скарына вяртаецца з Кёнігсберга ў Вільню. Разам з ім пакідаюць Кёнігсберг асабісты лекар герцага і друкар, якія паехалі са Скарынай па яго запрашэнні без ведама герцага

1532, 5 лютага

Па каралеўскім дэкрэце ад 5 лютага 1532 г. крэдыторы памёршага брата Францыска Скарыны — Івана дамагліся арышту Францыска за даўгі нябожчыка. Францыск Скарына, які прыехаў у пачатку сакавіка ў Познань, быў пасаджаны ў познаньскую турму

1532, 24 мая

Пляменнік Скарыны Раман дабіваецца ў караля Жыгімонта І загаду аб вызваленні Францыска з турмы і ад судовага праследавання за даўгі брата

1532, 17 чэрвеня

Францыск Скарына, сакратар і асабісты лекар віленскага біскупа Яна, падае прашэнне, патрабуючы аплаты страт, прычыненых яму крэдыторамі брата, у суме 6 000 злотых

1532, 21 лістапада

Кароль Жыгімонт І спецыяльнай граматай вызваляе Францыска Скарыну з-пад улады суда, ваяводаў, кашталянаў і стараст

1535, 4 кастрычніка

Імя Францыска Скарыны апошні раз сустракаецца ў беларускіх дакументах

Каля 1535

Францыск Скарына пераязджае ў Прагу, дзе служыць асабістым лекарам і вучоным-садоўнікам караля Фердынанда

1540-я

У Празе памірае доктар Францыск Скарына «са слаўнага горада Полацка»

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка