Тэма III. Гісторыя музейнай справы ў Беларусі Крыніцы вывучэння музейнай справы




Дата канвертавання26.12.2017
Памер122.4 Kb.
Тэма III. Гісторыя музейнай справы ў Беларусі
Крыніцы вывучэння музейнай справы.

Зыходзячы з вопыту, назапашанага тэорыяй і практыкай агульнагістарычнага крыніцазнаўства, крыніцазнаўствам гісторыі музеяў можна назваць раздзел гістарычнай музеялогіі (і адначасова агульнагістарычнага крыніцазнаўства), які даследуе крыніцы па гісторыі музеяў і спосабы іх вывучэння. Крыніцамі па гісторыі музеяў з'яўляюцца матэрыяльныя аб'екты, якія створаны, апрацаваны і ў шэрагу выпадкаў вывучаны, адлюстроўваюць развіццё музейнай дзейнасці і выкарыстоўваюцца на практыцы гісторыкамі з мэтай асвятлення гэтай сферы культуры ў мінулым.

Пры вывучэнні гісторыі музеяў даследчыкі звычайна размяркоўваюць крыніцы па розных групах. Згодна з найбольш распаўсюджанай класіфікацыяй яны дзеляцца на пісьмовыя, рэчавыя, выяўленчыя; кінемата - і фатаграфічныя, фанетычныя. З пералічаных крыніц варта вылучыць пісьмовыя, бо яны захоўваюць інфармацыю, выкладзеную на натуральнай мове. Пісьмовыя крыніцы ў сваю чаргу дзеляцца на справазнаўчыя і апавядальныя.

Да справазнаўчых крыніц адносяцца: канцылярскія (спісы маёмасці, справаздачы, фармуляры, анкеты, дакументы ўліку, пашпарты музейных прадметаў, пратаколы нарад і інш); картаграфічныя (планы і схемы музеяў, схемы гарадоў з указаннем месцазнаходжання музеяў і інш.); статыстычныя (статыстычныя звесткі аб колькасці музеяў, аб іх бюджэце, штаце, складзе, фондах, колькасці наведвальнікаў і інш.); актавыя (юрыдычныя і нарматыўныя акты, якія характарызуюць стварэнне і функцыянаванне музеяў і вызначаюць характар іх узаемаадносін з уладамі, грамадствам і т. д.).

Да апавядальных крыніц належаць: асабістыя (лісты, дзённікі, успаміны асобных дзеячаў аб музеях, прыватныя паперы музейных работнікаў і інш); мастацкія (адлюстроўваюць погляды грамадства і яго асобных прадстаўнікоў на ролю музеяў, калекцыянераў, музейных дзеячаў у жыцці грамадства); гістарычныя (хранікальныя запісы аб дзейнасці музеяў, складзеныя удзельнікамі падзей); навуковыя (праграмы, апісання музеяў, даведнікі, навукова-даследчыя, метадычныя і папулярныя выданні музеяў, а таксама музейная перыёдыка).

Культурны кантэкст сярэднявечча вызначыў зараджэнне музейнай справы ў Беларусі ў выглядзе прыватнага збіральніцтва. Мяркуецца, што ў гэты перыяд на беларускіх землях найбагацейшая скарбніца існавала ў Полацку. Потым яна знаходзілася ў тагачаснай сталіцы Вялікага княства Літоўскага – Наваградку. Пасля перанясення сталіцы Вялікага княства Літоўскага ў Вільню і будаўніцтва княжацкай рэзідэнцыі, тут канцэнтруюцца значныя матэрыяльныя і мастацкія каштоўнасці.

Ёсць звесткі пра існаванне ўжо ў XVI ст. шэрагу дамузейных збораў у рэзідэнцыях беларускіх манатаў. Па прыкладзе вялікіх князёў літоўскіх ствараліся калекцыі, большая частка якіх мела гісторыка-мастацкае значэнне і складала культурнае багацце дзяржавы.

Адзін з першых падобных збораў сфарміраваўся ў Нясвіжскім замку, які належаў Радзівілам, найбольш вядомаму роду Вялікага княства Літоўскага. Яго заснавальнікам меркавана з'яўляўся Мікалай Радзівіл Чорны. Ён заснаваў нумізматычны кабінет. Нумізматычныя захапленні бацькі атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай Крыштаф, па мянушцы Сіротка. У нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаўіснаваў спецыяльна абсталяваны арсенал, дзе згодна з замкавым інвентаром захоўвалася значная колькасць халоднай і агнястрэльнай зброі, а таксама ваеннай амуніцыі.

Падобным да нясвіжскага збору як па складзе, характары, так і па крыніцах папаўнення, быў збор вядомага магнацкага роду Сапегаў. Радзівілы і Сапегі служылі прыкладам для іншых магнацкіх родаў, такіх як Алелькавічы, Гедройц, Сангушкі, Хадкевіч, Слушкі, Войны, Друцкія -Любецкіе, Астрожскія і інш.

У XVII-XVIII стст. у інтэр'ерах рэзідэнцый магнатаў Беларусі, як і ў папярэдні перыяд было нямала прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія мелі бытавое прызначэнне. Найбольш каштоўныя з іх захоўвалі ў «скарбцах». Побач з вырабамі беларускіх майстроў былі выбітныя ўзоры польскіх, нямецкіх, галандскіх мастацкіх вырабаў XVII-XVIII стст., а таксама каштоўныя помнікі ўсходняга мастацтва (люстэркі, шкатулкі, парадная зброя, сталовы посуд і інш.). Каштоўныя прадметы мастацтва, якія не мелі прамога стаўлення да набажэнства, захоўваліся ў рызніцы шматлікіх манастыроў і цэркваў Беларусі.

У сярэдзіне XVIII ст. у Беларусі, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, знайшла сваё ўвасабленне асветніцкая ідэалогія. Значна адрозніваючыся ад магнацкіх збораў эканамічнага характару папярэдняга перыяду, «асветніцкія» калекцыі станавіліся своеасаблівымі агменямі культуры і навукі, якія прыцягвалі ўвагу перадавых людзей свайго часу.

У гэты перыяд сфармавалася мастацкая калекцыя Радзівілаў у Нясвіжскім замку. Яе апісанне пакінуў вядомы беларускі паэт і краязнаўца У. Сыракомля. Акрамя жывапісных работ інтэр'ер упрыгожвалі каштоўныя скульптуры, габелены, дываны, залататканыя слуцкія паясы.

Заслугоўвае ўвагі зборная дзейнасць І. Храптовіча. Пры стварэнні ў яго палацы ў Шчорсах галерэі заходнееўрапейскага жывапісу і гравюр (каля 7 тыс. адз.) ён імкнуўся да набыцця сапраўдных твораў мастацтва. Адным з цэнтраў культурнага жыцця Беларусі разглядаемага перыяду быў палац у Паланечцы (цяпер Баранавіцкі раён), які належаў віленскаму каштэляну князю Мацею Радзівілу. Гаспадар палаца быў добра вядомы сучаснікам не толькі як мецэнат, літаратар, але і як калекцыянер, які любіў мастацтва і меў глыбокія веды ў гэтай галіне. Пасля смерці Мацея Радзівіла збор у Паланечцы папаўняўся не так часта і ў другой палове XIX ст. быў вывезены ў Польшчу.

З мастацкіх збораў Беларусі эпохі Асветніцтва заслугоўвае ўвагу калекцыя князёў Бельскіх, якая знаходзілася ў Ацечынскім палацы (Кобрынскі павет). Акрамя жывапісу тут былі сабраны прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са срэбра і фарфору.

Другая палова XVIII ст. была часам стварэння першых прыродазнаўчых музеяў пры некаторых навучальных установах Беларусі. Першы падобны музей узнік у Гародні пры медыцынскай акадэміі, заснаванай А. Тызенгаўзам ў 1775 г. Вялікае значэнне для папаўнення калекцый мелі навуковыя экспедыцыі, якія праводзіліся запрошаным з Францыі лекарам Ж.Э. Жыліберам ў 1776-1778 гг. ў Беларусь. Прыродазнаўчы кабінет, які існаваў у другой палове XVIII ст. ў Полацкім езуіцкім калегіуме, таксама вылучаўся багаццем калекцый. Прыкладна ў гэты ж час былі пачаты работы па стварэнні першых навукова-тэхнічных калекцый у Беларусі. Найбольш цікавы збор такога профілю знаходзіўся ў езуіцкім калегіуме ў Полацку.

У першай палове XIX ст. у мастацкім жыцці Беларусі пачынаюць праяўляцца новыя тэндэнцыі, сутнасць якіх заключалася ў абуджэнні цікавасці да айчыннай гісторыі, мовы і мастацтва. Гэтаму садзейнічалі значныя поспехі віленскай мастацкай школы. Пальма першынства ў гэтым належыць Л. Ашторпу. У сваім палацы ў Дукоры Ашторп сабраў манаграфічную калекцыю твораў мастака Дамеля, тут існаваў тэатр, вялікая бібліятэка. Леон Ашторп сабраў не модныя дарагія працы еўрапейскіх майстроў, а творы майстроў беларускіх, польскіх, літоўскіх. І не проста партрэты і нацюрморты – палотна, якія адлюстроўвалі важнейшыя моманты беларуска-літоўскай гісторыі.

Палотна прац беларускіх майстроў складалі аснову калекцыі Карла Ваньковіча (брата вядомага мастака Валенція Ваньковіча), сабранай у радавым маёнтку Калюжыца.

У пачатку XIX ст. актыўныя работы па фарміраванні прафіляваных прыродазнаўчых калекцый пачаліся ў навучальных установах Беларусі. Фактычным стваральнікам кабінета натуральнай гісторыі і батанічнага саду Віленскага універсітэта быў прафесар С. Юндзулл, які аддаў абодвум напрамкам усе сілы. У перыяд з 1824 па 1832 г. існаваў мінералагічны кабінет, які інтэнсіўна папаўняўся на працягу першай чвэрці XIX ст. новымі экспанатамі і стаў сапраўдным навуковым цэнтрам пасля паступлення туды матэрыялаў геагнастычнай экспедыцыі 1822 г., якая праводзілася пад кіраўніцтвам прафесара Э. Эйхвальда. Значны прыродазнаўчы збор у разгляданы перыяд мела іншая вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі – Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

Крыніцы дазваляюць казаць пра ўзнікненне ўжо ў канцы XVIII ст. навучальных калекцый ў сярэдніх навучальных установах Беларусі – у Магілёўскім і Віцебскім галоўных вучылішчах (пазней гімназіях). У іх аснову ляглі прыродазнаўчыя прадметы і фізічныя інструменты з закрытых каталіцкіх манастыроў, а таксама падарункі паважаных асоб.



У першай палове XIX ст. асаблівае значэнне ў Беларусі мела прыватнае калекцыянаванне гістарычных помнікаў. Да разглядаемага часу належыць пачатак калекцыянерскай дзейнасці К.П. Тышкевіча. Яго збор, які быў сфармаваны з дапамогай малодшага брата Е.П. Тышкевіча, які кіраваў стварэннем Віленскага музеума старажытнасцяў, размяшчаўся ў Лагойскім палацы, а пазней быў пераўтвораны ў першы на беларускіх землях музей (1856 г.). Калі збор К.П. Тышкевіча ўключаў пераважна гісторыка-археалагічныя матэрыялы, то збіральніцкая дзейнасць М.П. Румянцава была звязана з археаграфічнай і крыніцазнаўчай працай, якая разгарнулася ў Расіі ў пачатку мінулага стагоддзя. Як вядома, увесь багаты збор М.П. Румянцава лег ў аснову музея, адкрытага ў Пецярбургу ў 1832 г.

У другой чвэрці XIX ст. сучаснікам быў добра вядомы ваенна-гістарычны збор А. Гюнтэра, які знаходзіўся ў маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета. Значнай ваенна-гістарычнай калекцыяй ў маёнтку Дзядынка Дзісенскага павета валодаў адстаўны капітан кавалерыі арміі Вялікага княства Літоўскага Я. Рудніцкі.

У канцы XIX ст. ва ўсіх беларускіх епархіяльных гарадах – Вільні, Віцебску, Гародні, Мінску, Магілёве існавалі царкоўна-археалагічныя музеі. Тры з іх былі створаны, галоўным чынам, дзякуючы працам Е.Р. Раманава. Акрамя музеяў, якія захоўвалі помнікі царкоўнага мастацтва, у паслярэформавай Беларусі існаваў яшчэ шэраг цікавых прыватных збораў жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такім быў збор князёў Паскевічаў у Гомелі Магілёўскай губерні. Вялікі збор карцін і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сярод якіх вылучалася калекцыя фарфору, сфармаваўся ў другой палове XIX ст. у Обрынскім палацы (Навагрудскага павета).

Першая сусветная вайна, якая падзяліла Беларусь лініяй фронту на дзве часткі, найгоршым чынам адбілася на стане яе эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і культурнага развіцця, якое фактычна спынілася. У пачатку баявых дзеянняў губернскім ўладамі былі прыняты меры па захаванні збораў найбуйнейшых музеяў Беларусі. Так, з Вільні былі эвакуіраваны музей старажытнасцяў ў Магілёў і музей Брадоўскага ў Віцебск, з Мінска – царкоўна-археалагічнага камітэта ў Разань. Былі падрыхтаваныя да эвакуацыі калекцыі музея Гродзенскага педагагічнага грамадства і музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі.

У лістападзе 1918 г., згодна з адпаведнай пастановай Наркама асветы Савецкай Расіі, у аддзеле народнай адукацыі Заходняй камуны быў створаны пададдзел музеяў і аховы помнікаў (у той час Заходняя камуна ўяўляла сабой адміністрацыйна-тэрытарыяльную частка Савецкай Расіі, у якую ўваходзілі неакупаваныя немцамі паветы Віцебскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай і цалкам Смаленскай губерні). На адным з першых пасяджэнняў ўрада БССР 30 студзеня 1919 года ўся адказнасць за збор і ахову рухомых і нерухомых помнікаў гісторыі і мастацтва была ўскладзена на Народны камісарыят асветы. У сваю чаргу калегія апошняга прыняла рашэнне аб арганізацыі мастацка-археалагічнага пададдзела, які павінен быў ажыццяўляць гэтую дзейнасць на практыцы. Прыкладна ў той жа час Народны камісарыят асветы прыняў рашэнне аб стварэнні ў Мінску Абласнога музея (ў 1923 г. перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны музей).

Вялікая група музеяў СССР, якая існавала ў дадзены перыяд мела мясцовае значэнне і падпарадкоўвалася Цэнтральнаму бюро краязнаўства. Узнікненне і дзейнасць гэтых музеяў былі цесна звязаны з краязнаўчым рухам, якое ў 20-я гг. XX ст. займала велізарнае месца ў грамадскім і культурным жыцці правінцыі.

У 1920-я гг. свае музеі мелі Інстытут беларускай культуры, Камісія па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і ВКП (б)), Народны камісарыят унутраных спраў, Беларуская ваенная акруга, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Горы-Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія, Віцебскі ветэрынарны інстытут і т . д.

Падчас другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі былі знішчаны музейныя будынкі і калекцыі многіх музеяў. Невялікую частку калекцый з усходу БССР, у прыватнасці з Віцебскага і Гомельскага музеяў, паспелі эвакуіраваць ў глыб РСФСР. Найбольш каштоўныя помнікі, што засталіся на акупаванай вермахтам тэрыторыі, былі вывезены ў Германію. У 1945 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў спецыяльную пастанову «Аб аднаўленні абласных гісторыка-краязнаўчых музеяў у гарадах Гомель, Бабруйск, Пінск і Брэст».

У рэспубліцы не толькі аднаўляліся даваенныя музеі, але і ствараліся новыя. Прыкладам можа быць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які ўвосень 1944 г. падрыхтаваў выставы па гісторыі партызанскага руху і акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі. У пасляваенны перыяд разгарнулася работа па стварэнню літаратурных музеяў, больш за 170 з якіх былі звязаны з імёнамі вядомых пісьменнікаў і паэтаў.

Да 1950 г. сетка музеяў Беларусі была амаль адноўлена: у рэспубліцы працавала 20 музеяў. У 1953 г. у выніку рэарганізацыі і узбуйнення кіруючага апарату адбыліся змены і ў кіраванні справамі культуры. У 1959 г. падчас чарговай рэарганізацыі апарата Міністэрства культуры мастацкія музеі былі зноў вылучаныя ў самастойную групу і перададзеныя ў падпарадкаванне Кіраўніцтва па справах мастацтваў. На месцах музеі знаходзіліся ў падпарадкаванні органаў культуры выканаўчых камітэтаў абласных і раённых Саветаў.

У выніку склалася сістэма кіраўніцтва музеямі, якая дзейнічае па сённяшні дзень. У канцы 1950-х гг. значна ўзрастае цікавасць і ўвага да пытанняў захавання і выкарыстання помнікаў гісторыі і культуры. У БССР ў 1959 г. спецыяльным загадам міністра культуры была пачата работа па пашпартызацыі помнікаў гісторыі, археалогіі і мастацтва ў маштабах рэспублікі. У 1967 ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову «Аб становішчы і мерах паляпшэння аховы помнікаў гісторыі, мастацтва і архітэктуры ў БССР».



Перыяд 1970-80-х гг. характарызаваўся актыўным ростам музейнай сеткі краіны, якая набыла сучасны выгляд: 1) дзяржаўныя музеі; 2) ведамасныя (галіновыя) музеі, якія належалі іншым міністэрствам і ведамствам; 3) грамадскія музеі. Найбольш важнай з'явай музейнага жыцця ў 1970-я гг. стала ўстойлівая тэндэнцыя цэнтралізацыі музеяў.

У 2-й палове 1980-х гг. паўстала неабходнасць абнаўлення экспазіцый. У канцы 1989 г. была прынята «Праграма развіцця сеткі дзяржаўных музеяў і філіялаў БССР да 2000 г.». Яна прадугледжвала змяненне структуры і тэматыкі музейнай сеткі рэспублікі, стварэнне буйных нацыянальных музеяў, умацаванне матэрыяльнай базы музеяў, падрыхтоўку і перападрыхтоўку музейнага персаналу. У рамках выканання праграммы ў красавіку 1991 г. быў створаны Праблемны навуковы савет па пытаннях захоўвання, рэстаўрацыі і экспанавання музейных калекцый.

Пачатак 1990-х гг. адкрыў новы этап у музейнай справе Беларусі. Паслабляецца цэнтралізаванае кіраўніцтва з боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, распадаецца аб’яднанне літаратурных музеяў, узрастае значэнне грамадскай ініцыятывы ў музейнай справе, адкрываюцца прыватныя мастацкія галерэі (мастацкі цэнтр «Жільбел», галерэя «Вільнюс», галерэя візуальных мастацтваў «Нова»). З 1996 г. музейная дзейнасць у краіне рэгулюецца законам «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (з 2005 у новай рэдакцыі). З 1992 г. вядзецца падрыхтоўка музейных спецыялістаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, з 1994 г. – у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Пачынаючы з 1994 ў рамках Школы музеялогіі супрацоўнікамі музейнага праектавання Беларускага інстытута праблем культуры вядзецца перападрыхтоўка практыкуючых музейных супрацоўнікаў. У 1996 г. у інстытуце заснавана першае неперыядычнае прафесійнае музейнае выданне - «Музейныя сшыткі».

Музейная сетка Рэспублікі Беларусь сёння – гэта сукупнасць музейных устаноў розных профіляў, тыпаў, ведамаснага падпарадкавання і форм уласнасці, якая гістарычна склалася на тэрыторыі краіны. Музейная сетка Беларусі ўвесь час расце. Кожны год на карце краіны з’яўляецца дзясятак новых музеяў і іх філіялаў. Новыя музеі з’яўляюцца не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Гэта вынік іх культурнага самавызначэння, пошука ўласнай ідэнтычнасці. Абагульненыя даныя аб музеях Беларусі збіраюцца і сістэматызуюцца ў рэестры музейных устаноў краіны. Найлепш вывучана частка музейнай сеткі Беларусі, падпарадкаваная Міністэрству культуры. Збудаваная згодна адміністрацыйна-тэрытарыянаму прынцыпу яна складаецца са 153 музеяў і 60 іх філіялаў, з якіх 13 маюць рэспубліканскае і 140 – рэгіянальнае (абласное, гарадское і раённае) падпарадкаванне. Гэтыя музеі займаюць 312 будынкаў.



Характэрнай адметнасцю апошняга часу было стварэнне музеяў гісторыі гарадоў Беларусі – Брэста ў 1998 г, Магілёва ў 2002 г., Наваполацка ў 2008 г., Оршы ў 2008 г.,. Гомеля ў 2009 г., Светлагорска ў 2009 г.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка