Тэма: Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой. Тэатралізаваны ўрок у X класе. Мэта




Дата канвертавання24.11.2017
Памер117.39 Kb.
 Тэма: Кастусь Каліноўскі – нацыянальны герой. 

   Тэатралізаваны ўрок у X класе. 

   Мэта:


  1. Раскрыць вобраз К.Каліноўскага як нацыянальнага героя;

  2. Развіваць лагічнае і творчае мысленне, садзейнічаць узбагачэнню эмацыйнай сферы вучняў;

  3. Удасканальваць іх камунікатыўныя здольнасці і моўную культуру;

  4. Выхоўваць актыўную, нацыянальна свядомую асобу; пачуццё гонару за сваё мінулае;

  5. Далучаць да багатай скарбніцы беларускай культуры.

Дзейныя асобы

      Біёграф К. Калінноўскага.

      Гісторык.

      Валерый Урублеўскі – сябар і паплечнік К. Каліноўскага.

      Кастусь Каліноўскі.

      Марыя Ямант.

      Артысты – чытальнікі вершаў. 

      Кожная дзейная асоба гаворыць ад свайго імя. На ўроку мэтазгодна выкарыстаць музыку І.-С. Баха, В.-А. Моцарта, С. Манюшкі, народныя беларускія мелодыі (на выбар настаўніка). 

      Афармленне кабінета: партрэт К. Каліноўскага, кнігі пра яго жыццё і дзейнасць, рэпрадукцыі карцін з выявай нацыянальнага героя і падзей паўстання. 


  • Каго любіш?

  • Люблю Беларусь!

  • Так узаемна!

 

Урок праводзіцца ў прыцемку, высвечваючы чытальнікаў.

      Плакаты з вершамі пра К. Каліноўскага, выказваннямі пра яго слынных людзей павесіць на сценах.

      Гучыць музыка. Пад гукі мелодыі вучань апісвае партрэт К. Каліноўскага работы А. Марачкіна (1980 г.). 

      1-ы чытальнік. Угледзімся ўважліва ў гэтае аблічча… высокі сакратаўскі лоб, бровы ўразлёт выдаюць бясстрашнасць і непадкупнасць, глыбокія, не па гадах мудрыя вочы, прамы прыгожы нос – аблічча чалавека моцнага, валявога. І пагляд… прасветлены, чысты, удалечыню… Ён увайшоў у залу суда, на момант спыніўся. Толькі на момант, бо шмат позіркаў насустрач: сяброўскіх, спачувальных, спагадлівых і зусім варожых, з нянавісцю. Але ў вачах у яго няма ні страху, ні разгубленасці. Ён не шкадуе аб тым, што зроблена, і ведае, што скажа суду. 


 

      2-і чытальнік.

            Чыста мару марыўшы

            Свой кароткі век,

            Жыў ды быў, таварышы,

            Светлы чалавек…

            Рваў ён змроку прадзіва,

            Цэлы свет любіў,

            А быў нашым прадзедам,

            Беларусам быў.

            Мары сцяг нявытканы

            Ён сплаціў жыццём.

            Знаўся з белай світкаю,

            Зваўся Кастусём.

            З шыбеніцы дзёрзка ён

            Б’е ў грымотны звон…

            Чуеш Каліноўскага?

            Пакладзі паклон.

                        М. Лужанін. Светлы чалавек.

      Ціха гучыць беларуская народная мелодыя. 

      Біёграф. Шмат слынных сыноў у нашай Беларусі. Усе яны – ваяры і паэты, рэвалюцыянеры і асветнікі – верна і самааддана служылі сваёй маці-Радзіме. Сярод іх – Кастусь Каліноўскі, рэвалюцыянер-дэмакрат, мысляр, паэт, публіцыст, кіраўнік паўстання 1863-1864 гг. на Беларусі і ў Літве. Сёння маё слова пра яго.

      Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі 2 лютага 1838 года ў маленькай вёсачцы Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер гэта тэрыторыя Польшчы). У метрычнай кнізе мясцовага касцёла яго, сына Сымона Калінлўскага і Веранікі Каліноўскай (з Рыбінскіх), спачатку запісалі Вінцэнтам. Пазней дадалося імя Канстанцін. (Ёнм стане называць сябе Кастусь, як клікалі сялянскіх сыноў). Простае, мілагучнае імя. У старажытных рымлян яно азначала “непахісны”, “трывалы”, “цвёрды”.

      Дружная, вялікая сям’я (аж 13 дзяцей было ў бацькі) пазней пераязджае ў       в. Якушоўка на Гродзеншчыне, амаль на голае месца. Праз нейкі час агульнымі намаганнямі сядзібу ўладкавалі і пачалі жыць хоць не зможна, але ў згодзе.

      Вучыўся Кастусь у Свіслацкай гімназіі, дзе існавалі тайныя таварыствы, жыло вальнадумства. Там вучыліся вядомыя дзеячы беларускай, рускай і польскай культур, шмат хто з іх абраў рэвалюцыйны шлях (змаганне з царызмам). 

      Інсцэніроўка ўрыўка з рамана У. Караткевіча “Класы пад сярпом тваім” (сустрэча К. Каліноўскага і Алеся Загорскага на кірмашы ў Свіслачы –                     У. Караткевіч. Збор твораў: У 8 т. Т. 4. С. 273). 

      1-ы чытальнік. Кірмаш. Збоку каля сцяны сядзіць сляпы лірнік. Ён спявае. Каля яго толькі дзве жанчыны, якія плачуць, і хлопец. Невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца няправільныя, але буйныя і нават чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот, жарскаваты няправільны нос… Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі вочы хлопца … задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падае на высокі чысты лоб. Ён слухае. Слухае, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы…

      Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі… І раптом вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель. 

      Кастусь. Здурэў, ці што?

      Алесь. Цябе не спыталі.

      Кастусь. Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка як макаўка, а розуму – як…

      Алесь. Ты б паўтарыў… 

      2-і чытальнік. Слова за слова, і праз хвіліну яны ўжо малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў. Пыл так і курэў, над месцам бойкі. Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным. 

      Кастусь. Атрымаў?

      Алесь. Дый ты атрымаў.

      Кастусь. Ну і што?

      Алесь. А тое, што дурань.

      Кастусь. Гэта ты дурань. Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.

      Алесь. Ты хто такі?

      Кастусь. А табе што?

      Алесь. Ну хто? Паляк? Мазур?

      Кастусь. Беларус.

      Алесь. Што-о? Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я – беларус.

      Кастусь. Адзін Гаўрыла ў Полацку. Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ – Капернік.

      Алесь. Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…

      1-ы чытальнік. Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага. 

      Кастусь. Я шкадую, што цябе стукнуў.

      Алесь. І я таксама шкадую.

      Кастусь. Ты адкуль такі?

      Алесь. З Дняпра. А ты?

      Кастусь. Давай знаёміцца, ці што?

      Алесь. Давай. Я – Алесь Загорскі.

      Кастусь. Кастусь Каліноўскі. 

      Біёграф. Прайшоў час. Кастусь Каліноўскі паступае ў Пецярбургскі універсітэт. Дух свабоды жыве ў Пецярбурзе. Ідэі Чарнышэўскага, Дабралюбава, Герцэна, Агарова подхопліваюцца моладдзю, абмяркоўваюцца ў студэнцкім асяроддзі. Кастусь пачынае цікавіцца культурай славянскіх народаў, асабліва беларусаў. Тут, у Пецярбурзе, ён становіцца перакананым прыхільнікам рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй, заклятым ворагам самадзяржаўя і прыгонніцтва. Выхадзец з небагатай шляхты, сын сваёй зямлі, ён востра адчуваў крыўду народную, боль і гора селяніна.

      Вясна 1861 года была неспакойнай. У Расейскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Абвешчаная сялянская рэформа не прынесла палёгкі народу. Уся Беларусь гудзе, віруе. Нехадаволены прыгнётам, падманам, знявагай нацыянальнага пачуцця, народ не можа больш цяпрець. У гэты год Кастусь Каліноўскі скончыў Пецярбургскі універсітэт са ступенню кандыдата права і вярнуўся на радзіму. 

      Біёграф. На радзіме ён адразу ўключыўся ў змаганне за Волю. Разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім заснаваў нелегальную друкарню, наладзіў выпуск беларускай газеты “Мужыцкая праўда”. Смеласць, рызыка, якая многім здавалася проста шаленствам, гучала ў кожным радку газеты.

      3-і чытальнік. Дзецюкі! Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здатна толькі да сахі, - цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці… праўду справядліваю… О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і ўчыць сваей мужыцкай праўды.

      А гэты маніфест, што цар з сенатам і панамі для нас пісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны, ніякай у ім няма праўды, няма ў яго для нас ніякай карысці…

                                                      Яська Гаспадар з-пад Вільні. 

      В. Урублеўскі. Я сустрэўся з ім, калі працаваў у мястэчку Саколка Гродзенскага павета інспектарам егерскага вучылішча. Знаёмыя мы былі яшчэ з Пецярбурга і адразу знайшлі агульную мову, зразумелі, што хочам змагацца супраць царскага самаўладдзя, за свой народ і радзіму. Я пачаў актыўна дапамагаць Каліноўскаму. Саколка неўзабаве стала адным з апорных пунктаў гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Нашымі паплечнікамі былі Ян Ваньковіч (сын вядомага мастака Валенція Ваньковіча), браты Заблоцкія, Станіслаў Сангін, беларускі паэт Фелікс Ражанскі, святар Ігнат Казлоўскі і іншыя.

      Я захапляўся Кастусём. Сілай яго духу, непрыманнем фальшу, ілжы, крывадушнасці, найвышэйшым пачуццём справядлівасці, бескарыслівасцю. Сяброўства стала адным з самых моцных маіх уражанняў, каштоўных набыткаў у багатых падзеях жыцця. Мы, тады яшчэ зусім маладыя, узялі на свае плечы вялікую ношу – клопат пра лёс радзімы, пра лёс пакрыўджанага люду. І неслі яе сумленна і горда. Удзельнічаў я і ў выпуску “Мужыцкай праўды”.

      Гісторык. Зімою 1863 года ў розных кутках Беларусі ўжо дзейнічалі паўстанцкія атрады. Аснову іх складалі моладзь, беззямельная шляхта, сяляне, рамеснікі, разначынцы. У сакавіку рэвалюцыйным рухам была ахоплена ўся тэрыторыя Беларусі. Паўстаннем на Беларусі і Жмудзі кіраваў Літоўскі правінцыяльны камітэт. Ягоныя структурныя ячэйкі і арганізацыі дзейнічалі ў Брэсце, Слоніме, Ваўкавыску, Пружанах, Кобрыне. У паўстанні брала ўдзел ад 68 да 77 тысяч чалавек. Найбольш шырокага размаху рэвалюцыйны рух дасягнуў у Гродзенскай губерні. Тут паўстаннем кіравалі К. Каліноўскі і В. Урублеўскі.

      В. Урублеўскі. Памятны бой адбыўся 31 снежня 1863 года. Мы стаялі ў сядзібе Малая Бакоўка. На золку наляцелі драгуны. Сутычка была жорсткай. Наша конніца загінула. Я з рэшткамі паўстанцаў перамяшчаўся па Любліншчыне. Але гэта былі ўжо апошнія іскры пажару.

      19 студзеня 1986 года я кіраваў апошнім боем. Сілы былі няроўныя. Карнікі (кубанскія казакі) дагналі нас у лесе. Мароз. Моцны вецер. Я кінуўся насустрач карнікам. Удар… Яшчэ адзін… Пякучы боль у плячы… Потым нібы маланка працінае галаву…

      мяне лічылі мёртвым, але лёс падараваў мне жыццё. Селянін з недалёкай вёскі зацягнуў мяне ў гумно, а потым завёз у маёнтак Завекшыцы. Потым я апынуўся ў Аўстрыі, пазней – у Францыі. 

      Уключаецца “Рэквіем” Моцарта, і гісторык гаворыць на фоне музыкі. 

      Гісторык. Паводле загаду Мураўёва-вешальніка спальвалі або высылалі поўнасцю “ненадзейныя” вескі. Каты глуміліся нават з магілаў інсургентаў, забаранялі насіць жалобу па забітых. Пераследавалася паўстанцкая сімволіка, настаў час змрочнай рэакцыі…

                                    Паводле матэрыялаў гісторыка Э. Зайкоўскага.

      4-ы чытальнік.

            Паўстанне згашана, зломана,

            Пануе самаволле зноў.

            Па краю ўсім крывавяць раны;

            Зара фарбуецца ў кроў.

            Брыдуць разбітыя героі

            Таемнай сцежкай на зару,

            Панікла зноўку галавою

            У чорным суме Беларусь.

            І там, і тут – пажары свецяць

            І значаць кроўю снежны шлях.

            Ідуць па ім паўстання дзеці,

            І звоняць путы на нагах. 

            Бізун жандара,

            Кат і куля

            На згасшых вогнішчах – крывёй

            Спраўляюць п’янае разгулле

            Над усмірэннай стараной.

                              М. Машара. К. Каліноўскі

      Біёграф. Каліноўскаму пагражала расправа. Ён часта мяняў кватэры, прозвішчы, сваё аблічча. Доўга царскія шпікі шукалі Каліноўскага. Аднак знайшоўся юда, выдаў адрас і імя, пад якім хаваўся ў Вільні. Студзень. Марозная ноч. Увесь квартал акружаны жандармамі і салдатамі. Афіцэр і салдаты асцярожна падымаюцца па лесвіцы. Стук у дзверы. На лесвічную пляцоўку выходзіць Кастусь са свечкай у руцэ… 

      5-ы чытальнік.

            З агаркам свечкі ў лабірынце лесвіц

            Не быў ён схоплены, а сышоў уніз,

            Дзе хмары на крыжы касцёлаў лезлі,

            Дзе Вільні разбягаліся агні.

            Як факелы, яго гарэлі вочы,

            Якім не тухнуць доўгія вякі,

            І толькі вецер выдзімаў праз вокны

            “Мужыцкай праўды” белыя лісткі.

                                    С. Законнікаў. Каліноўскі. 

      Кастусь. Цэлы месяц цягнулася следства. Я сядзеў у будынку былога дамініканскага кляштара. Мяне часта вадзілі на допыт. Знявага… Яна была на кожным кроку. Стараўся трымацца цвёрда. Прызнаўся, што быў кіраўніком паўстання на Беларусі і Жмудзі, але нікога не выдаў, а калі вяртаўся ў камеру… 

      Уключаецца музыка Баха і далей Каліноўскі гаворыць пад музыку. 

      Шчымлівы боль сціскаў маё сэрца. Падоўгу глядзеў у закратаванае акно на турэмны двор. Там туды-сюды снавалі вароны, ловячы хлебныя крошкі, што выляталі з акенцаў камер. Так хацелася на волю, што зайздросціў свабодзе нават той вароны, на якую глядзеў са свайго акна і бачыў, як яна ходзіць па снезе. Так хацелася жыць, кахаць… 

      Біёграф. 22 сакавіка. Вясновы сонцазварот. Святло нарэшце перамагае цемру пасля доўгай і суровай зімы. Святло ў прыродзе і ва ўсім свеце, святло ў душах і ўчынках людзей. А яго вядуць на эшафот. Дзесять гадзін раніцы. Кастусь Каліноўскі на Лукішскай плошчы.

      Кастусь (чытае “Ліст з-пад шыбеніцы”). Браты мае, родныя мужыкі. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаць, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, не жаль загінуць за тваю праўду… 

            …Бывай здаровы, мужыцкі народзе!

            Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.

            І часам спамяні пра Яську свайго,

            Што загінуў за праўду для дабра твайго. 

            А калі слова пяройдзе ў дзела,

            Тагды за праўду станавіся смела,

            Бо адно з праўдай у грамадзе згодна

            Дажджэш, народзе, старасці свабодна. 

      Гучыць “Рэквіем” Моцарта. 

      Біёграф. Калі прагучала яго імя – дваранін Вікенцій Кільноўскі, ён ускрыкнуў: “У нас няма дваран, усе роўныя!”. Кат выбіў табурэтку з-пад ног… Яму было дваццаць шэсць гадоў. Усяго 26. А зроблена так многа… І ўжо аддадзена жыццё за светлае заўтра народа. 

      6-ы чытальнік.

                  З-пад шыбеніцы царскай

                  Звяртаюся да вас:

                  Няхай жахлівай казкай

                  Запомніцца наш час.

                  Не трацьце толькі веры,

      А сейце, дзецюкі.

      Што пачала сякера –

      Дакончаць хай лісткі,

      Лісткі мужыцкай праўды,

      Што пасылаю вам…

                              В. Вітка. Беларуская калыханка. 

      Гучыць народная мелодыя. 

      Біёграф. Ёсць яшчэ адна невядомая старонка жыцця Кастуся Каліноўскага. Яна звязана з самым шчырым, самым светлым і высакародным пачуццём чалавечай душы – каханнем. Марыся, Марылька, Марыя… Хто яна?

      Марыя Ямант. Я была нявестай Каліноўскага. Гэта мне ён пісаў: “Марыська чарнаброва, галубка мая…”. Мы кахалі адно аднаго, моцна, шчыра кахалі…

      Нарадзілася я ў Вільні ў шляхецкай сям’і ў 1843 годзе. Атрымала добрае выхаванне, закончыла прыватны пансіён, вывучала замежныя мовы, гісторыю, літаратуру. Сям’я наша была прагрэсіўных поглядаў, адразу падтрымала нацыянальна-вызваленчы рух.

      З кастусём я пазнаёмілася ў нас дома. Мой старэйшы брат Юзаф сябраваў з ім яшчэ з Пецярбурга і аднойчы прывёў да нас. Мы спадабаліся адно аднаму неяк адразу, доўга гаварылі. Аказалася, нашы погляды ў многім сыходзяцца. Мне прыемна было бачыць яго апантанасць, самаадданасць, шчырасць.

      Праз нейкі час я стала яго нявестай

 Калі Кастуся арыштавалі, ён, як мог, адводзіў небяспеку ад нашай сям’і. На допыце нават не прызнаўся, што знаёмы з намі. Аднак нашу сям’ю таксама арыштавалі. Мы больш не сустрэліся. Хоць праз акно камеры маглі бачыць месца зняволення адно аднаго. Праз маю цётку Ядвігу Макрыцкую, якая дамаглася наведванняў да мяне і Кастуся, мы абменьваліся лістамі. Аднойчы ён прыслаў мне верш:

                  Марыська чарнаброва, галубка мая,

                  Дзе ж падзелася шчасце і ясна доля Твая?

                  Усё прайшло, прайшло, як бы не бывала,

                  Адна страшэнна горыч у грудзях застала… 

                  …Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю.

                  Но прымі цяжкую кару, Прадвечнага волю.

                  І калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,

                  То я з таго свету Табе адзавуся…

   Летам 1864 года ўсю нашу сям’ю выслалі ў Сібір. Мяне і сястру Алену – у Табольск. Усе 10 гвдоў ссылкі я помніла Кастуся. Замуж не выходзіла, хоць прапановы былі. На Радзіму вярнулася ў 1874 годзе, пазней пасялілася ў Варшаве. Неўзабаве памерлі Алена і яе муж Антоній Віскоўскі, а потым і мой тата. Толькі тады я дала згоду на шлюб з Войцахам Дмахоўскім, але сэрца маё ўсё жыццё належала толькі яму, Кастусю…



  7-ы чытальнік. Ідуць гады. Мяняецца аблічча свету. Людскія душы прагнуць шчасця, дабрыні. У беларуса ёсць магчымасць мець сваё імя, свой голас. І беларус мае гонар назваць сваіх герояў – вялікіх сыноў Бацькаўшчыны. І сярод іх – Вікенцій Кастусь Каліноўскі. Перад чалавечым лёсам Кастуся Каліноўскага, перад сілаю яго духу, перад любоўю да Бацькаўшчыны схілім галовы…   гучыць жыццесцвярджальная мелодыя. 
 


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка