Тэма навукова-экспазіцыйная работа ў музеі слова «экспазіцыя»




Дата канвертавання15.03.2017
Памер106.33 Kb.
ТЭМА 7. НАВУКОВА-ЭКСПАЗІЦЫЙНАЯ РАБОТА Ў МУЗЕІ
Слова «экспазіцыя» паходзіць ад лацінскага дзеяслова ехроnо (выстаўляць напаказ) і вытворнага ад яго назоўніка expositio (апісанне). Экспазіцыяй называецца размяшчэнне любых прадметаў, прадстаўленных для аглядання. Музейная экспазіцыя мае сваю спецыфіку. Яе аснову складаюць не любыя, а менавіта музейныя прадметы, якія валодаюць пэўнай сукупнасцю прыкмет і ўласцівасцей. У экспазіцыі яны становяцца музейнымі экспанатамі.

Музейная экспазіцыя асноўная форма прэзентацыі музеем гісторыка-культурнай спадчыны ў выглядзе штучна створанай прадметна-прасторавай структуры. Уключае архітэктуру, музейныя прадметы і іх калекцыі, узнаўленне музейных прадметаў, навукова-дапаможныя матэрыялы, спецыяльна створаныя творы экспазіцыйнага мастацтва, інфармацыйныя тэхналогіі і г.д.

Экспанат – першасны структурны элемент музейнай экспазіцыі. Сукупнасць музейных прадметаў складае экспазіцыйны матэрыял. Усе часткі экспазіцыі ўзаемазвязаны паміж сабой і складаюць яе тэматычную структуру.

Навукова абгрунтаваны парадак групіроўкі і арганізацыі экспазіцыйных матэрыялаў называецца методыкай пабудовы музейнай экспазіцыі.

Асноўнымі метадамі з'яўляюцца: сістэматычны, ансамблевы, тэматыка-храналагічны, выбарча-сюжэтны.

Першымі экспазіцыямі, ў аснову якіх леглі навуковыя прынцыпы арганізацыі матэрыяла сталі сітэматычныя экспазіцыі. Сістэматычны метад экспаніровання прадугледжвае адбор, размяшчэнне і інтэрпрэтацыю аднародных прадметаў у адпаведнасці з класіфікацыйнай сістэмай канкрэтнай навуковай дысцыпліны.



Ансамблевая экспазіцыя захоўвае ці рэканструіруе на аснове дакладных навуковых дадзеных рэальна існаваўшыя ці тыпічныя для пэўнай эпохі сацыякультурныя абставіны. Структурнай адзінкай ансамблевага паказа з'ўляецца экспазіцыйны комплекс, які ўяўляе сабой групу экспанатаў, аб'яднаных тэматычна, стылістычна, візуальна. Можа ўключаць арыгіналы, навукова-дапаможныя матэрыялы, творы экспазіцыйнага мастацтва, згрупаваныя ў цэласную кампазіцыю.

Тэматычнай называюць экспазіцыю, якая пры дапамозе экспазіцыйных матэрыялаў раскрывае пэўную тэму, сюжэт, праблему, стварае музейны вобраз адлюстраваных падзей ці з'яў.

Стварэнне музейнай экспазіцыі – важны даследчы, творчы і тэхнічны працэс, які патрабуе сумесных намаганняў навуковых супрацоўнікаў, дызайнераў, настаўнікаў. Састаўнымі часцямі праектавання экспазіцыі з'яўляецца: навуковае праектаванне – ў ходзе якога распрацоўваюцца асноўныя ідэі экспазіцыі і яе канкрэтны змест; мастацкае праектаванне, якое забяспечвае вобразнае, пластычнае ўяўленне тэмы; тэхнічнае праектаванне, дзе фіксуецца месца кожнага экспаната, тэкста і тэхнічных сродкаў.

Навуковае праектаванне экспазіцыі

Навуковае праектаванне пачынаецца з падрыхтоўчага этапа, у ходзе якога вывучаецца неабходная навуковая літаратура па тэме і архіўныя матэрыялы. Паралельна вывучаюцца і аналізуюцца музейныя калекцыі, складаюцца картатэкі магчымых экспанатаў.

Наступны этап складаецца з распрацоўкі навуковай канцэпцыі, якая раскрывае экспазіцыйную задумку і дае першае, агульнае ўяўленне аб будучай экспазіцыі. У ёй вызначаюцца мэты і задачы экспазіцыі, яе асноўная праблематыка і тэматычная структура, даецца характарыстыка экспазіцыйных матэрыялаў і прапаноўваюцца метады іх падачы. Пры ўдзеле мастака вызначаюцца агульныя і спецыфічныя патрабаванні да мастацкага праекта.

Другі этап складаецца з распрацоўкі пашыранай тэматычнай структуры – дакумента, дзе фіксуецца дзяленне будучай экспазіцыі на састаўныя часткі – раздзелы, тэмы, экспазіцыйныя комплексы. Тэматычны план экспазіцыі – дакумент, які састаўляецца адначасова з падборам экспазіцыйнага матэрыялу, і вызначае змест і тэматычную структуру праектыруемай экспазіцыі.

На трэцім этапе (заключным) навуковага праектавання распрацоўваецца тэматыка-экспазіцыйны план. У ім адлюстроўваецца канкрэтны састаў экспазіцыйных матэрыялаў з адпаведнымі навуковымі характарыстыкамі. Тэматыка-экспазіцыйны план складаецца па адпаведнай схеме, але ў некаторых музеях ёсць свае асаблівасці. Як правіла сюды ўключаецца: назва раздзелаў, тэм, тэматычных комплексаў; тэксты і анатацыі; пералік экспанатаў у экспазіцыйных комплексах з указаннем асноўных атрыбутыўных данных; звесткі аб характары экспазіцыйных матэрыялаў і іх памерах; указанне месца захоўвання матэрыялаў і іх шыфра. К плану дадаецца этыкетаж, дакументацыя для стварэння навуковых рэканструкцый, распрацоўкі навукова-дапаможных матэрыялаў, указываюцца меры па забеспячэнню захаванасці экспанатаў.

Мастацкае праектаванне

Зыходным дакументам для пачатку работы па мастацкаму праектаванню экспазіцыі служыць навуковая канцэпцыя, у якой змяшчаецца поўная характарыстыка агульнай экспазіцыйнай задумкі. На яе аснове, а ў шэрагу выпадкаў пасля напісання пашыранай тэматычнай структуры, складаецца генеральнае рашэнне экспазіцыі – першапачатковы мастацкі праект. У ім раскрываецца творчая задумка аўтара і агульны падыход да ўсіх мастацкіх праблем адносна вобліка будучай экспазіцыі, якія на далейшых этапах праектавання будуць дэталізавацца.

На этапе генеральнага рашэння мастакі разам з экспазіцыянерамі распрацоўваюць наступныя аспекты мастацкага праекта:

агульныя стылёвыя прынцыпы раскрыцця зместу экспазіцыі мастацкімі сродкамі;

размяшчэнне асноўнай тэматыкі па залам і тэрыторыі музея з маршрутам агляду экспазіцыі. Экспазіцыйны маршрут звычайна будуецца злева направа – для зручнасці чытання тэкставай інфармацыі. У генеральным рашэнні павінны быць прадугледжаны сродкі, якія арганізуюць рух наведвальніка ў патрэбным накірунку і забяспечваюць агляд экспазіцыі ў аб'ёме псіхалагічных норм успрымання. Акрамя указальнікаў для гэтага выкарыстоўваюцца дэкаратыўныя элементы, колер, святло і іншыя прыёмы;

размяшчэнне вядучых экспанатаў;

характар і месца ў экспазіцыі навуковых рэканструкцый, найбольш буйных рэпрадукцый і спецыяльна ствараемых твораў мастацтва;

агульныя прынцыпы асвятлення (штучнае, натуральнае, змешанае, агульнае, мясцовае) і колеравага рашэння экспазіцыі;

агульнае рашэнне экспазіцыі;

прымяненне аўдыавізуальных і тэхнічных сродкаў;

размяшчэнне зон адпачынка.

Сучасная методыка праектавання экспазіцыі дапускае распрацоўку генеральнага рашэння ў форме мастацкай канцэпцыі экспазіцыі, якая выконваецца ў выглядзе чарцяжа, макета і тлумачальных дакументаў. Макет з'яўляецца больш пажаданай формай, так як чартяжы могуць чытаць звычайна толькі прафесіяналы.

На другім этапе мастацкага праектавання, пасля састаўлення і зацвярджэння тэматыка-экспазіцыйнага плана і сцэнарыя, распрацоўваецца эскізны праект, які ўяўляе сабой дэталізацыю мастацкай канцэпцыі (генеральнага рашэння). У эскізным праекце прапрацоўваюцца наступныя пытанні: канчатковае размеркаванне экспазіцыйнай плошчы раздзелаў, тэм і падтэм; размяшчэнне ўсіх экспазіцыйных матэрыялаў; канчатковае аб'ёмна-прасторавае і колеравае рашэнне экспазіцыі і асобных экспанатаў; расстаноўка экспазіцыйнага абсталявання; размяшчэнне аўдыавізуальных і тэхнічных сродкаў.

Асаблівае значэнне ў эскізным праекце маюць пытанні экспанатаў. Існуюць прыёмы, якія дазваляюць падкрэсліць існуючыя паміж прадметамі сувязі, вылучыць сярод іх найбольш важныя. Напрыклад, вядучы экспанат часцей размяшчаецца ў цэнтры экспазіцыйнай прасторы, тым самым адразу звяртае на сябе ўвагу наведвальніка. Яго значымасць можа акцэнтаваць актыўны колеравы фон, накіраванае асвятленне ці спецыяльна створаная свабодная прастора. Мастак павінен забяспечыць найлепшы агляд экспанатаў, магчымасць абазрэння дробных характэрных асаблівасцей прадметаў.

Заключны этап мастацкага праектавання заключаецца ў распрацоўцы тэхнічнага і рабочага праекта, які ўключае: мантажныя лісты, аўтарскія распрацоўкі мастацка-канструктарскіх рашэнняў абсталявання, пракладанне камунікацыйных ліній для асвятлення і мацавання экспанатаў, аўтарскія прапановы да інжынерных рашэнняў ацяплення, вентэляцыі і пажарна-ахоўнай сігналізацыі.

Мантажныя лісты прадстаўляюць сабой чарцёж участка экспазіцыйнай паверхні, на якіх паказваецца размяшчэнне пэўных матэрыялаў. Пасля вырабу ўсяго неабходнага абсталявання і навукова-дапаможных матэрыялаў пачынаецца мантаж экспазіцыі, у ходзе якога на экспазіцыйнай плошчы ажыццяўляецца зборка абсталявання, тэхнічных сродкаў, размяшчэнне экспазіцыйных матэрыялаў у адпаведнасці з праектам экспазіцыі.

Адначасова з кіраўніцтвам мантажнымі работамі мастак прымае ўдзел у падрыхтоўцы неабходных матэрыялаў для рэкламы экспазіцыі і яе ўрачыстага адкрыцця, якое звычайна называюць вернісажам.

Спецыфічнымі кампанентамі архітэктурна-мастацкага ансамбля з'яўляюцца колер і святло. З іх дапамогай можна аб'яднаць экспазіцыйныя комплексы ў адзінае цэлае, зрабіць акцэнт на найбольш важных экспанатах і кампазіцыях. Вялікае значэнне для ўспрымання экспазіцыі мае яе прасторавае рашэнне. Правільная суадносіна элементаў экспазіцыйнага ансамбля, іх узаемасувязь, групіроўка, азначэнне дамінант – ўсё гэта мае першарадную важнасць для складання мастацкага экспазіцыйнага вобраза.



Экспазіцыйнае абсталяванне выконвае ўтылітарную (забеспячэнне захаванасці экспанатаў) і архітэктурна-мастацкую (арганізацыя аб'ёмна-прасторавага асяроддзя экспазіцыі і стварэння аптымальных умоў для рацыянальнага размеркавання экспанатаў) функцыі.

У музейнай практыцы прымяняецца спецыяльнае і ўніверсальнае абсталяванне. Спецыяльнае абсталяванне ствараецца для пэўнага музея з улікам спецыфікі экспанатаў, архітэктуры памяшканняў і іншых фактараў. Універсальнае абсталяванне прадстаўляе сабой розныя ўніфікаваныя, модульныя сістэмы, якія часцей за ўсё выкарыстоўваюцца на выставах і ў буйных музейных цэнтрах.

У залежнасці ад характара экспазіцыйных матэрыялаў і асноўных ідэй архітэктурна-мастацкага рашэння экспазіцыі выкарыстоўваюцца розныя тыпы экспазіцыйнага абсталявання. Для плоскаснага экспанавання выкарыстоўваюцца стэнды, розныя па канструкцыі і прынцыпам устаноўкі. Іншы раз каб пазбегнуць перагрузкі экспазіцыі ці ў мэтах эканомнага выкарыстання плошчы частка экспазіцыйных матэрыялаў наўмысна не выстаўляецца для непасрэднага агляду, а змяшчаецца ў турнікеты. Для прасторавага экспанавання выкарыстоўваюцца: вітрыны розных канструкцый і форм – гарызантальныя, вертыкальныя, настольныя, падвесныя, круглага агляду; подыумы – узвышэнні для адкрытага экспанавання аб'ёмных прадметаў; універсальныя модульныя сістэмы – каркасныя, безкаркасныя, камбінаваныя, рамныя, прасторава-стрыжнёвыя.

Тэхнічныя сродкі ў экспазіцыі

Сучасныя камп'ютэрныя інфармацыйныя тэхналогіі ужо больш за 20 гадоў укараняюцца ў музейную дзейнасць. Спачатку музеі пачалі камп'ютарызаваць свае фонды з мэтай фарміравання каталогаў калекцый у электронным выглядзе, а потым базы дадзеных выяваў. Камп'ютэрныя тэхналогіі укараняюцца ў рэстаўрацыйныя працэсы, падрыхтоўку макетаў музейных экспазіцый і выстаў, адукацыйныя праграмы.

Асноўныя накірункі выкарыстання лічбавых тэхналогій у музейнай прасторы: тэхнічнае, канцэптуальнае і камунікацыйнае.

Для арганізацыі прасторы музейнай экспазіцыі выкарыстоўваюцца наступныя віды лічбавага абсталявання:

сродкі адлюстравання інфармацыі (праектары, плазменныя і ЖК-панэлі, інтэрактыўныя дошкі, фотарамкі для электронных фотаздымкаў, відэакубы, светадыёдныя экраны і інш);

сродкі агучвання памяшкання;

сродкі аўдыа- і відэаканферэнцсувязі;

сродкі ўпраўлення функцыяналам комплекса.



Узроўні (віды) праектавання музейнай экспазіцыі ў залежнасці ад складанасці абсталявання:

першы – устаноўка мінімальнага набору абсталявання. На данным узроўні адсутнічае праектаванне складанай сістэмай упраўлення лічбавым устройваннем музейнай экспазіцыі;

другі узровень – устаноўка ў экспазіцыйнай прасторы пашыранага набора абсталявання;

трэці ўзровень – устаноўка комплекса абсталявання з сістэмай праграмнага ўпраўлення.

У сучасным музеі шырока выкарыстоўваюцца сродкі мультымедыа, калі праграма з'яўляецца складанай часткай прадстаўленага аб'екта. Напрыклад, калі на экспазіцыі выстаўлена сучаснае мастацтва, а побач стаіць манітор, на якім аўтар дэманструе свой твор. Ці сітуацыя, калі арыгінал матэрыяльнага аб'екта не можа быць прадстаўлены ў экспазіцыі, і мультымедыа прымае на сябе яго функцыі.

Задачай кожнага сучанага музея з'яўляецца стварэнне не проста сайта ў Інтэрнэце, а паступовае фарміраванне паўнацэннага віртуальнага музея. Камп'ютэрныя тэхналогіі павінны дазваляць наведвальніку атрымоўваць інфармацыю якая яго цікавіць на ўсім шляху праходжання па музею.



Мадэрнізацыя музейных экспазіцый пачынаецца, калі трэба ўзняць узровень экспазіцыі – дабудаваць, перабудаваць ці замяніць яе.

3 аспекта мадэрнізацыі: вобласць, ступень і шырата, механізм.

Вобласць мадэрнізацыі азначаецца на 3-х узроўнях:



на ўзроўні экспанатаў яна можа быць аднабаковай (адзін прадмет замяняе другі такіж прадмет, сэнс яго і экспазіцыі не змяняецца) і двухбаковай (змена знешняга выгляду нясе за сабой змену зместу і сэнсу экспазіцыі);

на ўзроўні абсталявання і архітэктуры залаў можа быць узгодненнай (калі ёсць адна мэта і адна ідэя) і незалежнай.

Параметры мадэрнізацыі:

зместава-значны, які змяняе змест, але не знешні выгляд;

прадметна-рэчавы, які дзеліцца на тэхналагічную мадэрнізацыю (рэстаўрацыя) і фармальна-пластычную (новая арганізацыя прасторы, змяняецца колер, мастацкае афармленне і г.д).

Шырата мадэрнізацыі можа быць частковай (выставы, фрагменты) і цэласнай, якая ахоплівае ўсю экспазіцыю. Ступень мадэрнізацыі можа быць слабай (камернай) і дужай. Механізм мадэрнізацыі адбываецца шляхам дабаўлення новых элементаў (новая пабудова да будынка музея ці дабаўленне новых элементаў экспазіцыі).



Выставачная дзейнасць

У музейнай практыцы склалася 3 асноўныя тыпы музейных выставак: тэматычныя, у аснове якіх ляжыць пэўны сюжэт; фондавыя, якія знаёмяць наведвальнікаў з малавядомымі і маладаступнымі калекцыямі; справаздачныя выстаўкі, якія ствараюцца па выніках рэстаўрацыйных работ, і камплектавання фондаў – выстаўкі новых паступленняў.



Дзяленне музейных выстаў на групы ажыццяўляецца на аснове шматлікіх параметраў. Выдзяляюць зместава-тэматычныя асаблівасці праз якія выставы дзеляцца на розныя тыпы. Напрыклад, юбілейныя, мемарыяльныя, манаграфічныя выставы. Другім па значэнню прынцыпам класіфікацыі з'яўляецца характар экспазіцыйных матэрыялаў, па якому выставы дзеляць на аднародные і комплексныя. Трэці прынцып – працягласць работы выставы. Чацверты – па месту размяшчэння: унутрымузейныя (стацыянарныя), пазамузейныя, выязныя і перастаўныя выставы.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка