Тэма ўрока: Жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча



Дата канвертавання24.10.2017
Памер76.83 Kb.
#11061


Тэма ўрока:

Жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча

Мэта ўрока:

гатоўнасць вучняў напрыканцы ўрока выканаць заданне, накіраванае на ўсведамленне таго, наколькі цесна звязаны жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча,



успрыняцце творчасці Максіма Багдановіча ў кантэксце сучаснай беларускай культуры.

Задачы ўрока:

актуалізаваць веды па творчасці Максіма Багдановіча, пазнаёміць са звесткамі з біяграфіі паэта, са зборнікам “Вянок”, падвесці да разумення выбітнасці асобы паэта, асэнсавання цеснай сувязі жыццёвага і творчага шляху М. Багдановіча, пазнаёміць з прадстаўнікамі сучаснай беларускай культуры, на творчасць якіх паўплывала паэзія М. Багдановіча;

спрыяць развіццю маўлення вучняў, выпрацоўцы камунікатыўных навыкаў, стварыць умовы для ўспрыняцця творчасці паэта з пазіцыі сучасніка;

выхаванне цікавасці і павагі да беларускай літаратуры, гісторыі, роднага слова, сучаснай беларускай культуры.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Форма правядзення ўрока: урок-экскурсія

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, музейная экспазіцыя, раздрукаваны матэрыял з цытатамі з вершаў Максіма Багдановіча.

Ход урока

I.Арганізацыйны этап:

- настаўнік абвяшчае тэму ўрока, даводзіць інфармацыю пра тое, што дадзены ўрок прысвечаны ўгодкам паэта;

-цікавіцца, што хацелі б даведацца вучні пра жыццё і творчасць паэта (Чаму ў Багдановіча столькі сумных вершаў? Дзе ён жыў? У яго ўсе творы былі на беларускай мове? Кім былі яго бацькі? Чаму на ўсіх фотаздымках ён малады? Як звязаны вершы паэта з яго біяграфіяй? Дзе пахаваны паэт? Каму прысвечаны вершы паэта пра каханне? Якая прафесія была ў Максіма Багдановіча? Ці засталіся ў яго нашчадкі?);

- акцэнтуе ўвагу на тым, што асоба Максіма Багдановіча і яго паэзія і сёння натхняюць музыкаў, паэтаў, скульптараў, мастакоў і ярка прадстаўлены ў іх творчасці, і таму на гэтым уроку мы будзем гаварыць пра Максіма Багдановіча разам з прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва;

- правакуе вучняў на фармуляванне тэмы і задач урока ўрока.

II.Актуалізацыя ведаў:

-вучні ўспамінаюць усю вядомую інфармацыю пра Максіма Багдановіча, называюць вядомыя ім вершы паэта;

- настаўнік прапануе паслухаць ужо вядомыя вучням вершы М. Багдановіча (“Раманс”, “Вадзянік”, “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, “Зімой”) ў выкананні вядомых дзеячаў культуры Беларусі (міністр культуры Павел Латушка, музыка Лявон Вольскі, паэт Андрэй Хадановіч, заслужаны артыст Беларусі Віктар Манаеў).

Вучням можна прапанаваць верш пачаць, працягнуць, чытаць разам, паспаборнічаць у выразнасці з аўдыязапісам, пашукаць памылкі і г.д.;

-вучні прагаворваюць , з якімі дзеячамі мастацтва яны толькі што пазнаёміліся.

III. Вывучэнне новага матэрыялу

Слова настаўніка:

Кажуць,што лепш адзін раз убачыць, чым некалькі разоў пачуць. Сёння ў нас з вамі ёсць цудоўная магчымасць даведацца пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча не з падручніка, не са слоў настаўніка, а праз экскурсію па экспазіцыях музея Максіма Багдановіча, а экскурсаводамі .будуць вашы ж аднакласнікі. (Дадзены ўрок праводзіўся ў форме экскурсіі па экспазіцыях гродзенскага музея Максіма Багдановіча, прадстаўленых у Оршы. Ролю экскурсаводаў выконвалі загадзя падрыхтаваныя вучні гэтага ж класа. Як варыянт гэта могуць быць выступленні паводле прэзентацыі, якая прыкладаецца, ці віртуальная экскурсія па залах музея).



Выступы экскурсаводаў спланаваны па наступным плане:

1. 1891 Мінск

2. 1892 Гродна

3. 1896 Ніжні Ноўгарад

4. 1908 – 1917 Яраслаўль

5. 1917 Мінск

6. 1917 Ялта

IV.Замацаванне ведаў. Работа ў групах:

- у якасці музычнага фону гучаць песні “Раманс” у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча і “Па-над белым пухам вішняў” у выкананні беларускіх спявачак Жанет, Ганны Шаркуновай і Вікторыі Алешкі. Вучням раздадзены аркушы з радкамі вершаў Максіма Багдановіча. Задача - растлумачыць, як дадзеныя вершаваныя радкі звязаны з біяграфіяй паэта. Некаторы час дзеці працуюць самастойна;

- у час адказаў вучняў настаўнік дэманструе на слайдах творы сучаснага выяўленчага мастацтва, падабраныя да вершаваных радкоў паэта.
Як маглі нарадзіцца наступныя паэтычныя радкі Максіма Багдановіча?

Суаднясіце іх з вядомымі вам біяграфічнымі звесткамі з жыцця паэта.

1.Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія

Даўшы спачынак стамлёным вачам

Я шапачу цераз сны адзінокія

“Аня… мая… нікаму не аддам”.



Ілюстрацыя: фотаздымак Ганны Какуевай, Рыгор Сітніца “Чым болей сходзіць дзён, начэй”

Прыкладны адказ: Яраслаўль, Ганна Какуева: пад час вучобы ў Яраслаўлі Максім Багдановіч палюбіў сястру свайго аднакласніка Рафаіла Какуева. Ганне Какуевай Багдановіч прысвяціў цыкл “Мадонна”, паэму “Вераніка”, вершы “Учора шчасце толькі глянула нясмела...”, “Уймитесь, волнения страсти” і шмат іншых твораў. )

2.Слава тым, хто сілу мае

Смерць не дрогнуўшы спаткаць.

Хто ў мучэннях памірае,

Каб жыццё дзіцёнку даць!



Ілюстрацыя: фотаздымак Аляксандры Волжынай і Адама Ягоравіча Багдановіча, Антаніна Лапіцкая “Мадонны”

Прыкладны адказ: Ніжні Ноўгарад, Аляксандра Волжына: шлюб Адама Ягоравіча Багдановіча з Аляксандрай Волжынай аказаўся нядоўгім, бо жанчына памёрла ад запалення нырак, нарадзіўшы дзіця. Гэта была яшчэ адна трагедыя ў жыцці Максіма Багдановіча))

3.Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці.

І душы мацярэй нас могуць хваляваці.

Вышэйшая краса – у іх злітнасці жывой!

Артысты-маляры схіліліся над ёй.



Ілюстрацыя: мастак А. Кашкурэвіч. “Максім Багдановіч. Інтымны дзённік”

Прыкладны адказ: гэта радкі з вершаванага апавядання “У вёсцы”, яны напісаны паэтам, які ўбачыў маленькіх дзяўчат, якія гулялі ў лялькі. Для яго гэтыя дзяўчынкі - вобраз жанчыны-маці: гэта і маці паэта, Марыя Апанасаўна , якая памёрла, калі Максіму было толькі 5 год, і Аляксандра Волжына, якая памерла праз нараджэнне дзіця, і, напэўна, каханая паэта, якую ён хацеў бы бачыць маці сваіх дзяцей.)

4.Я сяджу без агню, я стаміўся, прамок.

Над зямлёю імгла, у душы маёй змрок.

О, як пуста ў ёй! О ,як холадна жыць!

Але вось цераз цемень маланка блішчыць.

Асвячае мне вобраз Хрыста, яго Крыж…

Ажываеш, здаецца душою гарыш.

Але толькі чаму ж так малы гэты час?!

Зноў навокал цемень. Свет зірнуў і пагас.

Не глядзіць на мяне ясны вобраз Хрыста

Над зямлёю імгла, у душы пустата…



Ілюстрацыя: мастак Віктар Маркавец “Маці з сынам”

Прыкладны адказ: у 1909 годзе Максім адпачываў у Крыме, там ён пазнаёміўся з М. А. Кіцыцынай, абое яны былі хворыя. Верш “Цемень” напісаны з прысвячэннем ёй і ў сувязі з яе смерцю. Гэта была чарговая ахвяра хваробы пасля маці і роднага брата…Маці памёрла ў 27, Максіму Багдановічу наканавана было памерці ў 26.

5.Больш за ўсё на свеце
жадаю я,
Каб у мяне быў свой
дзіцёнак —
Маленькая дачушка-
немаўляшка,
Аня Максімаўна, такая
прыгожанькая,
Цёпленькая, мокранькая,
3 чорнымі валосікамі
і броўкамі,
3 цёмна-карымі вочкамі,
А ручкі, як перацянутыя
ніткамі.
Зусім такая, як Вы,
Калі Вы былі маленькай
дзяўчынкай.

Ілюстрацыя: Надзея Лівенцава “ Паэт і горад”

Прыкладны адказ: бываючы ў доме Какуевых, Максім Багдановіч часта бачыў Ганну і такой: маленькая, пухнаценькая, чорнавалосая, яна сядзіць, склаўшы рукі, на фотаздымку. На той час паэт ужо ведаў пра сваю хваробу і, напэўна, адчуваў, што ў яго можа ніколі не быць дзяцей. Нядзіўна, адкуль нарадзіліся ў яго такія шчырыя чыстыя радкі.

6.І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.



Ілюстрацыя: мастак А. Панцюк “Слуцкія ткачыхі”

Прыкладны адказ: першая паездка на Беларусь. У 1909 г. Максім Багдановіч захварэў на сухоты, і ў 1911 годзе бацька параіў яму паехаць у Крым, але Максіма цягнула на Беларусь, у час паедкі па якой ён наведаў музей Луцкевічаў. Сярод экспанатаў яго вельмі ўразілі слуцкія паясы. Уражанне было настолькі вялікім, што нарадзіўся верш, пра які крытык Рыгор Бярозкін напісаў: «Калі б нават Багдановіч быў аўтарам толькі "Слуцкіх ткачых", яго імя засталося б сярод лепшых імён беларускай паэзіі».

7.З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.(Какуева)



Ілюстрацыя: мастак У. Уродніч . “Спатканне з Зоркай Венерай”

Прыкладны адказ: 1911 год, першая паездка на Беларусь. Браты Луцкевічы запрасілі Максіма ў госці ў Ракуцёўшчыну, што недалёка ад Маладзечна. Сумуючы па сваёй каханай, Ганне Какуевай, ён стварае поўны пяшчоты раманс "Зорка Венера". Каханне да Ганны, з думкаю пра якую ён зноў прыехаў у Яраслаўль, засталося бездакорным.

8.Даўно ўжо целам я хварэю,

І хвор душой,-

І толькі на цябе надзя,

Край родны мой!

У родным краі ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.



Ілюстрацыя: мастачка А. Шлегель. “У родным краі ёсць крыніца жывой вады”

Прыкладны адказ: у 1916 г. заканчвалася вучоба ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі, і Максім, здаўшы апошнія залікі, пачаў збірацца на Беларусь,радзіму сваёй рана памерлай маці, каб служыць на ніве беларускага адраджэння

9.…Маці родная, Маці-Краіна!

Не ўсцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач.Ты прымі свайго сына,

За цябе яму ўмерці дазволь!...(Мінск)



Ілюстрацыя: мастак Леанід Шчамялёў “У краіне светлай”

Прыкладны адказ: гэта прароцкія радкі: у Мінску Максім Багдановіч пажыў толькі 5 месяцаў: у яго пагаршаецца здароўе, і ён едзе на лячэнне ў Ялту , дзе памірае.

10.У краіне светлай,дзе я ўміраю,

У доме белым ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю,

Здрукарні пана Марціна Кухты.



Ілюстрацыя: мастак Ю. Гаўрын. “Памяць аб Максіму Багдановічу

Прыкладны адказ: гэта апошнія перадсмяротныя радкі, якія Максім Багдановіч напісаў, паміраючы ў Ялце, на вокладцы свайго адзінага паэтычнага зборніка “Вянок”, які паспеў выйсці пры яго жыцці ў 1913 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты)
VI. Рэфлексія:

  • На якія пытанні, зададзеныя на пачатку ўрока, вы атрымалі адказ?

  • Якая інфармацыя вас найбольш уразіла?

  • Як вы адчулі сябе ў ролі экскурсавода? Наколькі гэта было карысным?

  • З якімі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва вы сёння пазнаёміліся (слайд 55).


VII. Дамашняе заданне:

- прачытаць вершы “Мяжы”, “Санет” , “Песняру”,



-прадумаць, як іх напісанне магло быць звязана з жыццёвым шляхам паэта (па варыянтах).



Каталог: sites -> default -> files -> page -> files
files -> Робім здоровы выбар мэта: фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця праз пазбаўленне ад шкодных звычак. Задачы
files -> Класіфікацыя звычак: Шкодная звычка – якая наносіць урон здароўю, культуры. Небяспечная
files -> Ці патрэбныя прапісныя ісціны? Мыць рукі перад ежай
files -> Сэнсава-стылістычная роля складаназалежных сказаў у
files -> Птушка 2015 года – вушастая сава тамара Цішкевіч, дуа сярэдняя школа №3 г. Хойнікі Мэта
files -> Пазакласнае мерапрымства для вучняў 9 класа “Што трэба ведаць пра вітаміны, каб зберагчы здароўе” Вольга Жыткая, дуа «Ушацкая сш»
files -> 30 год пасля Чарнобыльскай катастрофы” Класная гадзіна
files -> Асноўныя накірункі клуба
files -> Урока Жаўняк Н. В. Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія №10 г. Гомеля"


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал