Тыпалогія вобразаў насякомых у беларускіх народных параўнаннях




Дата канвертавання07.02.2017
Памер103.67 Kb.
Палякоў Ф.С.

ДНУ «Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН РБ», г. Мінск



ТЫПАЛОГІЯ ВОБРАЗАЎ НАСЯКОМЫХ У БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ПАРАЎНАННЯХ

Сярод малых жанраў беларускага фальклору важнае месца займаюць параўнанні, аб чым сведчаць, напрыклад, зрокава вялікія раздзелы параўнанняў у зборніках беларускіх выслоўяў, пачынаючы з прысвечанага выслоўям тома серыі БНТ. Асаблівым багаццем вызначаюцца параўнанні з анімалістычным кампанентам. Пры гэтым вобразы насякомых згадваюцца радзей за вобразы звяроў і птушак, але больш падрабязнае знаёмства з парэміялагічнымі запісамі У. Дабравольскага, М. Федароўскага, Ф. Янкоўскага і інш. дазваляе ў семантыцы вобразаў амаль кожнага згаданага прадстаўніка тыпу членістаногіх убачыць спецыфічныя рысы.

Розная ступень пашыранасці асобна ўзятых вобразаў насякомых, відавочна, тлумачыцца неаднолькавай іх пашыранасцю ў традыцыйнага беларускага грамадства. Пры збіранні практычнага матэрыялу намі было зафіксавана найбольшая колькасць парўнанняў з кампанентам муха. Патлумачыць такую выключную пашыранасць можна адпаведнай распаўсюджанасцю мух у рэальным навакольным свеце селяніна.

Муха, бадай, адзінае насякомае, чые імкненні да выгоднага месца ў беларускіх народных параўнаннях не маюць поспеху. Намі зафіксаваны прыклады імкнення мухі да салодкага: ляцець як мухі на мёд [4, 344] і ніводнага ўзору яго паспяховага дасягнення. Затое мы маем найбольшую колькасць параўнанняў,у якіх муха тоне ў салодкай вадкасці, вадзе, ў смале – прыліпнуць як муха да салодкага [4, с. 371], або прыліпае да яе ці да павуціны – уплютацца як муха ў паўцінне [2, с. 434]. Наступныя паводле частотнасці характэрныя рысы мухі – злосць, куслівасць: злосныя (куслівыя) як тыя мухі ў спасаўку [4, с. 329], імкненне сесці на рану: лезці як муха на рану. [1, с. 163]. Блізкія да злосці рысы: дакучлівасць – гудзець як надаедлівая муха [4, с. 309] і фанабэрыстасць – выпендрывацца як муха на матацыкле (на шкле)[4, с. 297]. Іншыя ўласцівасці мухі, якія знайшлі адбітак у параўнаннях: санлівасць – сядзець сонныя як мухі. [3, с. 171], кволасць – утлы як муха [1, с. 323] – і эфемернасць – Чалавек як муха: тут е, а тут няма [1, с. 61]. Апошняя важная група – прыклады агіднай рэакцыі на муху. Тыповыя спосабы выражэння агіды – з’ядзенне мухі (часцей сабакам), бег і адмахванне – ляцець як муху схапіўшы [9, с. 72], сядзець як мух аб'еўшыся [6, с. 235]. Дзве якасці падтрымліваюцца адзінкавымі прыкладамі – бясслаўнае завяршэнне годна распачатай справы – Ляцеў як леў, а паў як муха. [15, с. 645]. і мітусня натоўпу: матыляцца як мухі ля свету [8, с.181].

На другім месцы па колькасці зафіксаваных параўнанняў стаіць вош. Вядома, што, у адрозненне ад мухі, вобразы хатніх насякомых-паразітаў маюць амбівалентную семантыку. Гэтыя “нячыстыя” стварэнні ў народных уяўленнях адначасова могуць прыносіць багацце, поспех. А.В. Гура падае легенды аб паходжанні вошай і блох. Паводле адной з іх, вошы стварыў Бог, каб тым, хто сядзіць без справы, было што рабіць – вышукваць паразітаў. Верагодна, багацце ўяўлялася як узнагарода за “божае выпрабаванне” [5, с. 418].

Але ў наяўным матэрыяле няма прыкладаў асацыятыўнага суаднясення мноства вошай з мноствам грошай. Нават матыў множналікасці прысутнічае толькі ў двух параўнаннях (адно – прыклад нецвярозасці, другое – куслівасці). Найбольш пашыраны параўнанні кшталту лезці (пнуцца) як вош пад (на) струп [4, с. 340] і пазначаны каментарам: “Выгодна ўладкаваюцца на цёплым месцы”. Калі муху можна назваць эталонам няўдачлівасці, то вош – эталон поспеху, эгаістычнага, аднаасобнага шчасця. Іншыя характэрныя рысы вошы – дакучліваць, бляск, жаданне паказаць сябе, круціцца, задавацца – блішчаць як вош на блясе [4, с. 287]. Тыповая рыса вошы – куслівасць – падаецца у адзінкавых прыкладах – Узяцца за дзела, як вошы за цела [4, с. 404]. Два параўнанні – трэба як вош на лобе. [12, с. 78], такая праўда як вош кашляе [11, т.2, с. 314] – прыклады дастаткова пашыранага ў беларускай парэміялогіі прыёму іроніі. Параўнанні-парадоксы могуць раскрываць ступень непатрэбнасці і няпраўды праз вобразы розных насякомых, птушак і звяроў – трэба хто куды як воўк на неба [4, с. 401], такая праўда як рак свішча [1, с. 247]. Неабходна адзначыць, што параўнанні такога кшталту не адлюстроўваюць семантыку вобразаў згаданых жывёл, маюць аслабленае значэнне параўнання і па фармальных прыкметах набліжаюцца да іншых катэгорый выслоўяў – “трапныя, смешныя ўстойлівыя выразы” і “жарты, каламбуры”.

Семантыка вобразу блыхі ў параўнаннях мае няшмат агульнага з семантыкай вобраза вошы. Выраз сядзець як блашчыца ў шчыліне [2, с. 431], паводле каментару, азначае не поспех і добрабыт, а сум, адзіноту, цішыню. У адрозненне ад вошы, у вобразе блыхі часта прысутнічае кампанент множнасці, але ва ўсіх выпадках азначае сумнеўную славу і багацце, вялікую колькасць гонару, пазык, выпітага алкаголю і г.д.: гонару што ў свінні блох [4, с. 307]. Другая эталонная якасць блыхі – здольнасць скакаць. Мала пашыраны прыкметы, уласцівыя вобразу вошы – жаданне сябе паказаць, куслівасць.

Артыкул беларуска-рускага слоўніка, які дае пераклад на беларускую мову рускага слова “таракан”, размяжоўвае паняцці “прусак” (руды) і “таракан” (чорны) [13, с. 500]. У беларускіх народных параўнаннях прыкладна аднолькава пашыраны абедзве гэтыя лексемы. Некаторыя рэгіёны Расіі вядомы сваім неаднолькавым стаўленнем да прусакоў і чорных тараканаў. Калі першыя падлягаюць там вынішчэнню, то другія ахоўваюцца, таму што, як вошы, “прыносяць у хату дабрабыт”[16, с. 89].

Параўнанні з кампанентамі “прусак” і “таракан”, адзначаныя ў нашым слоўніку, паводле ацэначнага значэння адрозніваюцца мала. Абодва віды імкнуцца да выгоды – ціснуцца як прусакі ў шчыліну [1, с. 59], лезці як таракан у шчыліну [4, 340]. Як і муха, тараканы часта трапляюць у пастку, салодкую вадкасць ці ў пусты посуд – кідацца як таракан у ступе [20, с. 199], круціцца як прусак у зацірцы. [4, с. 337]. Наступныя паводле пашыранасці якасці – мітуслівасць тараканаў у масе і частая смерць – сноўдацца што тручаныя тараканы [9, с. 122], сыпацца як прусакі [4, с. 344]. Адзінае сведчанне аб магчымым у ранейшыя часы неаднолькавым стаўленні беларусаў да прусака і чорнага таракана – пашыранасць варыянтаў выразу змёрзнуць як прусак [4, с. 329] пры адсутнасці адпаведных параўнанняў з чорным тараканам, які трапляе ў пастку выключна сам.

Самым парадаксальным сярод вобразаў насякомых з’яўляецца вобраз камара, паводле нашых запісаў, у беларуских народных параўнаннях дастаткова частотны. Камар – самае маленькае з лятучых кусачых насякомых, якое можна лёгка адрозніць. Таму ў беларускіх народных параўнаннях адзначаецца яго крыважэрнасць – напіцца як камар крыві [4, с. 352] і адначасовая слабасць, беднае, пасіўнае жыццё, маленькі апетыт: ядок ек той комар [17, т.2, с. 50] У адносна пашыраных прыкладах падкрэсліваецца эталонная якасць камара – маленькі нос і лёгкая ступень балючасці ўколу: малюсенькі як камаровы насок. [2, с. 414]. Але такія тыповыя якасці камара, як звонкасць, шматлікасць і мітусня, дакучлівасць камароў называюцца ў адзінкавых выпадках – звінець як камар [4, с. 326]. Цікава, што намі не зафіксавана ніводнага прыкладу, у якім камар характарызуецца па прымеце “злы”.

Мала пашыраны ў беларускіх народных параўнаннях вобраз павука. Наяўнасць павукоў у хаце – таксама прымета нечысціні, што адбіваецца ў адным сярод зафіксаваных намі параўнанняў праціўны як павук. [21, с. 131]. Паколькі павук на людзей не нападае, у параўнаннях яго смактанне насякомых адбілася не як злосць і куслівасць, а як п’янства – набрацца як павук [4, с. 294]. Менавіта п’янства можна назваць эталоннай якасцю павука, што часта звязваецца з фармальным падабенствам слоў павук і піць. Пры гэтым неабходна ўлічваць тое, што ў зафіксаваных намі параўнаннях не згадваюцца дзеясловы, утвораныя ад піць, а аддаецца перавага сінонімам (набрацца, нашатырыцца, нашыкацца).

Тыповыя рысы вобразу мурашкі – працавітасць: ядавіты на работу ўсё роўна як мурашка. [19, с. 131], калектыўнасць: людзей як мурашак [4, с. 342]. Адначасова стылістычныя сродкі ў параўнаннях гэтай групы (цягне, ядавіты) падкрэсліваюць цяжкасць працы мурашак і адпаведную непрыгожасць у рухах, нязграбную знешнасць: сам як мурашка, галава як ражка [14, с. 181].

Вобраз пчалы ў розных жанрах фальклору вельмі станоўчы. У шматлікіх даследаваннях гэтага вобраза фігуруе яе божае паходжанне і працавітасць. І сярод параўнанняў з кампанентам “пчала” большасць вызначаюць працавітасць пчалы разам з прыгажосцю – руплівы як пчолка [4, с. 380], жоначка (гаспадыня) як пчолачка [4, с. 319], спрыт і далікатнасць у рухах – помалюсеньку ісці як пчола ў мёд. [17, т.4, с. 150]. Жыць ек пчола ў меду [17, т.4, с. 275] азначае спраўджанае салодкае жыццё.

Іншыя лятучыя і кусачыя насякомыя, падобныя па марфалагічных прыметах да пчалы, – аса, чмель, шэршань, сляпень, авадзень – маюць больш аднастайную семантыку, іх характэрныя рысы – гудзенне, злосць, куслівасць: гудзець як авадні [21, с. 21], ліхая (злая) як аса [2, с. 413], куслівы як сляпень [21, с. 91], джгануць як шэршань у скроню [21, с. 53].

Лексема жук, ў беларускіх народных параўнаннях, найчасцей азначае жужаліцу як эталон чорнага колеру – чорны як жук [1, с. 66], радзей каларадскага жука як бедства – спасу няма ад каго як ад каларадскіх жукоў [4, с. 387]. У Смаленскім абласным слоўніку У. Дабравольскага адзін прыклад параўнання чалавека з жуком па прымеце шматдзетнасці – абсеўся дзецьмі, як у жука вокрыла лапак [7, с. 513]. Параўнанне іранічнае і сапраўднасці не адпавядае.

Падводзячы вынікі супастаўлення вобразаў насякомых у беларускіх народных параўнаннях, трэба адзначыць наступнае. Групы семантычных прыкмет, уласцівых вобразам насякомых, вызначаюцца як эталоннымі, так і агульнымі рысамі. У гістарычным развіцці гэтым групам вядомы прыклады асіміляцыі (сціранне адрозненняў у семантыцы вобразаў рудога і чорнага тараканаў) і дысіміляцыі (з’яўленне супрацьлеглых стылістычных адценняў у працавітасці мурашкі і пчалы). Агульныя рысы вобразаў розных насякомых могуць быць агульнымі першапачаткова (гудзенне, дакучлівасць, імкненне да выгоды) і могуць быць вынікам пазнейшага ўзаемапранікнення паміж асобнымі лексіка-семантычнымі групамі. Так мы сустракаем адзінкавыя прыклады дакучлівасці і куслівасці пчалы – тыповай якасці асы, авадня, шэршня: прыстаць як пчала да смалы [15, с. 618] як пчолы пакусалі каго [6, 243]. Тыповая якасць пчалы – далікатнасць у рухах часам пераносіцца на камара: пальцы лятаюць па паперы як камары [1, с. 235]. У адным зафіксаваным намі параўнанні вош змешваецца з блыхой і выступае паказчыкам моцнай ступені ап’янення: набрацца як сабака блох (вошай) [6, с. 244].

У супастаўленні з іншымі фальклорнымі жанрамі, у тым ліку малымі, параўнанні вызначаюцца адметнасцю семантыкі вобразаў. Т.В. Валодзіна, даследуючы семантыку вобразаў мухі, вошы і блыхі на матэрыяле розных відаў парэмій, называе пераважна іншыя якасці, якімі надзяляецца чалавек: злосць, хітрасць, нецвярозасць, глупства, чарадзейства, сумота ў вобразе мухі, багацце ў вобразе шматлікасці насякомых-паразітаў і г.д [10, с. 87-88].

Вобразы насякомых у беларускіх народных параўнаннях у дастаткова высокай ступені адпавядаюць сапраўднасці. Гэта датычыць тыповых рыс розных насякомых (гудзенне, куслівасць) і некаторых “эталонных” (маленькі нос камара, чорны колер жука, смерць мухі ўвосень). Многія параўнанні з’яўляюцца адбіткамі старажытных міфалагічных у’яўленняў пра згаданыя віды насякомых. Гэтыя ўяўленні могуць быць супярэчлівымі і ў розных рэгіёнах супрацьлеглымі, аб чым сведчаць звесткі А.В. Гуры, асабліва ў дачыненні да насякомых-паразітаў [4, с. 416-418]. Але адны і тыя ж міфалагічныя ўяўленні могуць ляжаць у аснове параўнанняў і іншых парэмій, якія называюць розныя якасці. Так, уяўленні пра муху, як пра ўвасабленне душы памерлага чалавека адбіліся ў прыказцы: Чалавек як муха: тут е, а тут няма [1, с. 61], якое азначае эфемернасць чалавечага цела, і сляды прыкладна такіх жа ўяўленняў, відавочна, леглі ў аснову фразеалагізмаў мухі ў носе (тайныя веды, чарадзейства) і мухі не пакрыўдзіць (дабрыня) [10, с. 88]. Відавочна, тыпалогія вобразаў насякомых у параўнаннях і фразеалагізмах патрабуе асобнага рознабаковага даследавання.



ЛІТАРАТУРА:

  1. Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej : materjały do etnografji słowiańskiej zgromadzone w latach 1877―1905 / Michał Federowski. - Warszawa : Towarzystwo Naukowe Warszawskie, 1935. - 28 см T. 4.

  2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы // Склаў Ф. Янкоўскі. - 3-е выд.,дапрац.,дап. - Мн. : Навука і тэхніка, 1992. - 491 с.

  3. Бялькевіч І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны : Больш 20тыс.слоў. - Мн. : Навука і тэхніка, 1970. - 511с. ; 26см.

  4. Выслоўі / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора. - Мінск : Навука і тэхніка, 1979. - 518, [1] с. : іл. ; 21 см. - (Беларуская народная творчасць)

  5. Гура А.В. Символика животных в славянской народной традиции. – М.: Издательство “Индрик”, 1997. – 912 с.

  6. Даніловіч М. З дыялектнай фразеалагічнай спадчыны // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Зб.навуковых артыкулаў. Мн., 2010.

  7. Добровольский В.Н. Смоленский областной словарь / В. Н. Добровольский. - Смоленск : Типография П. А. Силина, 1914. - IV, 1022 с. ; 25 см

  8. Жывое слова / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. - Мінск : Навука і тэхніка, 1978. - 284, [3] с. ;

  9. Ліцвінка В.Д., Царанкоў Л.А. Слова міма не ляціць.: Бел. нар. прыказкі і прымаўкі / В.Д.Ліцвінка, Л.А.Царанкоў. - Мн. : Універсітэцкае, 1985.–146, [3] с.

  10. Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / [Т.В.Валодзіна, А.І.Гурскі, Г.А.Бартащэвіч, К.П.Кабашнікаў. - Мн. : Беларус. навука, 2004. - 438, [1] с. ; 22 см. - (Беларускі фальклор ; Кн. 6)

  11. Прыказкі і прымаўкі : у 2 кн. / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; [складанне, сітэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул, с. 5―48, і каментарыі М. Я. Грынблата ; рэдкалегія: В. К. Бандарчык і інш.]. - Мінск : Навука і тэхніка, 1976. - 21 см. - (Беларуская народная творчасць) Кн. 2 / [рэдактар тома А. С. Фядосік]. - 615, [1] с. : іл.

  12. Ройзензон Л.И. Бадясников А.В.Шугорова З.А. Словарь белорусской диалектной фразеологии д. Гребени (Лельчицкого р-на Гомельской обл.) // Труды Самаркандского ун-та, вып. 272. Самарканд, 1975.

  13. Русско-белорусский словарь : В 3 т.:Ок.110 000 слов / АН Беларуси,Ин-т языкознания им.Я.Коласа. - Мн. : "Беларус.Энцыкл." им.П.Бровки, 1993. Т.3 : П-Я. - 4-е изд., - 800 с.

  14. Санько З.Ф. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем/ З.Санько. - Мн. : Навука і тэхніка, 1991. - 224 с..

  15. Сцяшковіч Т. Ф. Слоўнік Гродзенскай вобласці / Рэд.Ю.Ф.Мацкевіч. - Мн. : Навука і тэхніка, 1983. - 671с.

  16. Терновская О.А. К описанию народных славянских представлений, связанных с насекомыми: Одна система ритуалов изведения домашних насекомых //Славянский и балканский фольклор: Обряд и текст. М., 1981

  17. Тураўскі слоўнік. Тураўскі слоўнік : У 5т. / АН БССР,І-т мовазнаўства імя Я.Коласа. - Мн. : Навука і тэхніка, 1982―1987

  18. Саламевіч У.І. Выслоўі // Беларускі фальклор : энцыклапедыя у 2 т., Т.1 / рэдкалегія: Г.П.Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005, - с. 290-291

  19. Шатэрнік Н. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны / Бел. акад. навук, Аддз. гуманітар. навук, Каміс. для ўклад. слоўн. жывой бел. мовы. - Мн. : Выд. Бел. акад. навук, 1929. - 317, [2] с.

  20. Юрчанка Г.Ф. Народнае мудраслоўе: : Слоўнік / Г.Ф.Юрчанка. - Мн. : Бел. навука, 2002. - 316, [3] с. ; 21 см.

  21. Янкоўскі Ф.М Беларускія народныя параўнанні : кароткі слоўнік / Ф. Янкоўскі. - Мінск : Вышэйшая школа, 1973. - 237, [2] с. : іл.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка