Тлумачальная запіска




Дата канвертавання26.05.2018
Памер243.29 Kb.
Тлумачальная запіска
Беларускі народ пакінуў нашчадкам багатую фальклорную спадчыну, з якой павінен знаёміцца кожны чалавек з дзяцінства, бо веданне сваіх вытокаў, сваіх каранёў садзейнічае фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, любові да свайго народа, краіны.

Фальклор адыгрываў і адыгрывае значную ролю ў жыцці нашага народа: аднаўляе сувязь часоў, фарміруе пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва, выхоўвае лепшыя якасці чалавека: працавітасць, сумленнасць.

Прапанаваная праграма фальклорнага гурта “Высэлыкы” дае навучэнцам інфармацыю пра ўсе асноўныя фальклорныя жанры і дае цэласнае ўяўленне пра беларускі фальклор, яго віды.

Праграма складзена на падставе тыпавой праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (мастацкага профілю), грунтуецца на прынцыпах дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання. Яна арыентавана на вывучэнне каляндарна-абрадавага фальклору свайго рэгіёну, засваенне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання навучэнцамі прапанаванага матэрыялу, на індывідуальна-асобасны падыход да навучання.

Стварэнню любові да народнай культурнай спадчыны спрыяюць сустрэчы з мясцовымі носьбітамі фальклору, слуханне – успрыманне музычных твораў, далучэнне навучэнцаў да працы над рэканструкцыяй свят і абрадаў. Рэпертур складаецца з адноўленых мясцовых абрадаў, гульняў, узораў розных фальклорных жанраў.

На першым годзе навучэнцы знаёмяцца з простымі формамі народнага і дзіцячага фальклору, з традыцыйнымі святамі і абрадамі. На другім годзе навучання яны асвойваюць асновы акцёрскага майстэрства, празаічныя жанры фальклору, практыкуюцца ў вырабе атрыбутыкі і сімволікі свят. На трэцім годзе навучэнцы ўдасканальваюць акцёрскае майстэрства на аснове мясцовага фальклору, пераймаюць манеру выканання народнай песні, танца, знаёмяцца з абрадавым касцюмам свайго рэгіёну. На працягу ўсіх гадоў пры дапамозе фальклорных экспедыцый, сустрэч з носьбітамі фальклору, вывучаюць мясцовыя традыцыі святкавання свят і абрадаў, паспяхова ўвасабляюць атрыманыя веды ў тэатралізаваных пастаноўках.

Мэта праграмы:

- фарміраванне цікавасці навучэнцаў да народнай творчасці, да фальклорнай спадчыны нашых продкаў праз адраджэнне і рэканструкцыю свят і абрадаў з улікам асаблівасцей свайго рэгіёну.

Задачы:

- пазнаёміць навучэнцаў з асноўнымі відамі і жанрамі беларускага фальклору;



- арганізаваць практычную работу па збіранню і вывучэнню сучаснага фальклору;

- фарміраваць у навучэнцаў добры эстэтычны густ;

- прапагандаваць народныя абрады і традыцыі, далучаць навучэнцаў да

арганізацыі і правядзення народных свят і абрадаў;

- выхоўваць патрыятычныя адносіны да сваёй краіны, яе духоўнага багацця.

Арганізацыйныя умовы рэалізацыі праграмы:

Праграма аб’яднання разлічана на тры гады навучання - па 144 гадзін для навучэнцаў 12-16 гадоў.

1-ы год навучання – 12-14 гадоў, 2-і год – 13-15 гадоў, 3-і год -14-16 гадоў.

Колькасць гурткоўцаў у групе першага года навучання 12-15 чалавек, другога і трэцяга года – 8-10. Заняткі праводзяцца па 2 гадзіны два разы на тыдзень.

Пры вывучэнні раздзела “Асновы сцэнічнай культуры” заняткі праводзяцца ў індывідуальным парадку: па 15-20 хвілін з кожным навучэнцам.

Праграмай прадугледжаны розныя віды дзейнасці: гульня, гутарка, спяванне, работа з музычнымі шумавымі інструментамі, развучванне асноў народнага танца, тэатралізацыя свят і абрадаў, работа над выразным маўленнем на мясцовым дыялекце.

З мэтай падтрымкі матывацыі навучэнцаў праводзяцца выступленні перад гледачамі, агляды-конкурсы, запрашэнне бацькоў для ўдзелу ў мерапрыемствах пазнавальна-выхаваўчага характару.

У канцы кожнага навучальнага года лепшыя навучэнцы ўзнагароджваюцца граматамі за актыўны ўдзел у працы гуртка, бацькі атрымліваюць лісты падзякі.



Матэрыяльна – тэхнічнае забяспячэнне:

- прасторнае памяшканне, якое адпавядае патрабаванням тэхнікі бяспекі і санітарна-гігіенічным нормам;

- музычна-шумавыя інструменты (бубен, трашчоткі, шэлестуны, гармонік);

- традыцыйныя рэчы хатняга ўжывання;

- самабытныя і рэканструіраваныя касцюмы для правядзення свят і абрадаў народнага каляндара;

- відыё і аўдыётэхніка (відыёкамера і дыктафон);

- каляровая бумага, фанера, брускі дрэва, картон, фарбы, тканіна, штучны мех, іголкі, нажніцы.

Кадравы рэсурс:

Педагог дадатковага навучання павінен мець вышэйшую ці сярэдне-спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «культурна- асветная работа», валодаць неабходнымі ведамі па асновам педагогікі, дзіцячай псіхалогіі, этнапедагогікі. Для больш эфектыўнай працы аб’яднання пажадана, каб быў акампаніатар.


Вучэбна-тэматычны план 1 года навучання


п/п

Назва тэмы


Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка




Уводны занятак

2

2

-

1

Традыцыйныя абрады і святы

60

14

46

2

Асновы сцэнічнай культуры

40

6

34

3

Дзіцячы фальклор

22

6

16

4

Фальклорныя экспедыцыі

10

2

8

5

Творчыя выступленні

4

-

4

6

Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару

4

-

4




Заключны занятак

2

-

2




Усяго

144

22

122


Змест праграмы

Уводны занятак (2г.)

Праслухоўванне навучэнцаў. Знаёмства з планам работы гуртка, правіламі асновы бяспекі на занятках і ва ўстанове. Экскурсія ва ўстанову адукацыі “Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”. Гульнявы трэнінг “Давайце пазнаёмімся”.



Традыцыйныя абрады і святы (60г.)

Народны каляндар. Сувязь традыцыйных свят і абрадаў з галоўнымі этапамі жыцця і працоўнай дзейнасцю чалавека.

Пакровы (Багач). Восеньсія песні. Тэма і вобразы восеньскіх песень.

Каляды. Асноўны змест калядак і шчадровак. Шчадраванне і навагодняя варажба, калядныя гульні свайго рэгіёну.

Гуканне вясны. Вяснянкі і іх змест.


Велікодныя абрады і звычаі. Валачобнікі. Змест і тэматыка валачобных песень. Веснавыя карагоды.

Практычныя заняткі. Развучванне пакроўскіх гульняў: “Полінне”, “Дудка-самодурка”, Чырывычкы”. Падрыхтоўка абрада калядавання: выраб каляднай атрыбутыкі, развучванне калядных песень “Нова радость стала”, “Святый вэчор”, “Нэбо і зэмля”, “Добрі вэчор, добрым людюм”. Развучванне калядных гульняў: “Ваджэнне “казы”, “Калядаванне”, “Картоплык”, “Подушычка”, танец-гульня “Вальс-завыванэц”.


Апрацоўка і развучванне веснавых гульняў: “Спрытна парочка”, “Гладышыкы”, “Змейка”,”Палочка-выручалочка”, валачобных песен – вяснянак: “Ой, высна, ой, красна”, “Выйду я на двір”, “Высна-высненочка”, гульнёвых карагодаў: “Просо”, “Высна-красна”, “А по гозыру”.

Асновы сцэнічнай культуры (40 г.)

Асновы акцёрскага майстэрства. Асаблівасці выканання музычнага фальклору свайго рэгіёну. Сцэнічная ўважлівасць. Набыццё навыкаў кардынацыі рухаў на сцэне. Пастаноўка голаса і культура маўлення. Асаблівасці работы з тэкстам на мясцовым дыялекце. Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да дыялекту.



Практычныя заняткі. Прагляд запісаў пастановак народных тэатраў. Практыкаванні на ўважлівасць, каардынацыю рухаў на сцэне. Практыкаванні на развіццё вакальна-ансамблевых навыкаў. Практыкаванні для выпрацоўкі пеўчага дыхання, гукаўтварэння, дыкцыі і артыкуляцыі. Работа з паэтычным тэкстам, дыкламаванне тэксту на мясцовым дыялекце. Індывідуальныя заняткі па пастаноўцы голасу.

Дзіцячы фальклор (22 г.)

Пазнавальная роля дзіцячага фальклору. Дзіцячы фальклор – сродак разумовага і фізічнага выхавання дзіцяці. Жанравая разнастайнасць і асаблівасці дзіцячага фальклору. Элементы займальнасці ў творах дзіцячага фальклору. (Дадатак 1.)

Калыханкі. Апавядальнасць калыханак, наяўнасць фантастычнага, незвычайнага элемента. Характэрныя рысы. Сродкі дасягнення пяшчотнасці.

Заклічкі і прыгаворкі. Зварот да прыродных стыхій і з’яў, да жывёл і звяроў. Формы звароту, выказаныя ў розных формах.

Забаўлянкі. Мэты забаўлянак.

Лічылкі. Слоўныя формулы пераважна гумарыстычнага характару, з дапамогай якога вызначаецца чаргаванне ў гульні..



Практычныя заняткі. Запіс і складанне простых форм дзіцячага фальклору. Праслухоўванне калыханак і развучванне іх: “Ох ты, котык, мій коток”, “Люлі-люлі-люлі...”, “Баю-баю-баінькі..”. Спяванне заклікаў: “Дожджык, дожджык, сыпоны...”, “Сонычко, сонцэ...”. Забаўлянкі: “Пайшоў коток под мосток...”, “Лады-лады-ладкі...”. Развучванне лічылак: “Котылася торба…”, “Сыдыть зайчык на прыпычку…”, “Раз, два- булава…” “Раз, два, тры, чытыры…”. Выпрацоўка выканальнацкіх навыкаў.

Фальклорныя экспедыцыі (10г.)

Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) вёскі Махро. (Дадатак 2). Правілы паводзін у час экспедыцый. Асаблівасці запісу фальклорных жанраў. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, пастаноўка націску ў словах з нелітаратурным вымаўленнем, запісванне «з голасу, а не пад дыктоўку». Правілы пашпартызацыі запісаў.



Практычныя заняткі. Работа з літаратурай (хрэстаматыя па фальклору і інш.). Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу.

Творчыя выступленні (4г.)

Паказ абрада “Калядкі”. Удзел у мерапрыемствах фальклорнага напрамку.

Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару (4г.)

Творчыя сустрэчы. Наведванне выстаў, музеяў народнай творчасці.

Заключны занятак (2г.)

Гульнявая праграма “Гарна господынька” (Дадатак 3)



Прагназуемы вынік 1 года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны



ведаць:

  • святы і абрады народнага каляндара;

  • элементы акцёрскага майстэрства;

  • асаблівасці выканання каляндарна-абрадавага фальклору свайго рэгіёну;

  • жанравую разнастайнасць і асаблівасці простых форм дзіцячага фальклору;

  • правілы паводзін у час экспедыцый;

  • асаблівасці запісу фальклорных жанраў;

умець:

  • растлумачыць сэнс свят і абрадаў народнага каляндара;

  • валодаць сцэнічным самаадчуваннем і арыентавацца на сцэне;

  • абыгрываць розныя жанры дзіцячага фальклору;

  • выконваць песні і гульні каляндарна-абрадавага цыклу свайго рэгіёну;

  • апрацоўваць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.


Вучэбна-тэматычны план 2 года навучання


п/п


Назва тэмы

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка




Уводны занятак

2

2

-

1

Празаічныя жанры фальклору

20

4

16

2

Традыцыйныя абрады і святы

50

10

40

3

Асновы сцэнічнай культуры

38

4

34

4

Фальклорна- эспедыцыйная дзейнасць

20

6

14

5

Творчыя выступленні

6

-

6

6

Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару

6

-

6




Заключны занятак

2

-

2




Усяго

144

26

118


Змест праграмы

Уводны занятак (2г.)

Знаёмства з планам работы аб’яднання па інтарэсам, вывучэнне ўводнай інструкцыі па тэхніцы бяспекі.



Празаічныя жанры фальклору (20г.)

Замовы. Замовы — самы старажытны жанр фальклору. Паходжанне замоў, іх значэнне. Бытаванне замоў і вера ў магічную сілу слова. Беларускія прыказкі і прымаўкі. Разнастайнасць тэматыкі, шматзначнасць прыказак і прымавак. Асаблівасці іх бытавання ў жыцці народа.

Загадкі. Азначэнне і лёс жанру. Загадкі ў іншых фальклорных жанрах.

Народныя казкі. Класіфікацыя народных казак і спецыфічныя асаблівасці кожнай групы (казкі аб жывёлах, чарадзейныя казкі, сацыяльна-бытавыя казкі).

Легенды і паданні. Тэматыка легенд, паданняў. Суадносіны эстэтычнай і пазнавальнай функцый у паданнях і легендах. Змест, нацыянальны каларыт і выяўленне разнастайных праяў народнага духу ў гэтым жанры.

Практычныя заняткі. Запіс мясцовых празаічных жанраў фальклору: замоў, прыказак і прымавак. Чытанне і развучванне казак: “Ромашка і грыбок”, “Про добрых гусэй”, “Добра матка”, “Матэрынска сыла”, легенд і паданняў: “Брат і сыстра”, “Каля дуба”, “Удов’і слёзы”, “Чого у бырозы солодкыі слезы”.

Выкарыстанне празаічных жанраў у народных абрадах.



Абыгрыванне мясцовых празаічных жанраў фальклору.

Традыцыйныя абрады і святы (50г.)

Народная культура Заходняга Палесся. Сувязь фальклорных матываў з цыклічнасцю каляндара прыроды. Асаблівасці музычнага фальклору рэгіёна.

Жніво, зажынкі і дажынкі. Магічны сэнс зажынкавых і дажынкавых абрадаў. Зажынкавыя, уласна жніўныя і дажынкавыя песні. Вобразы і тэматыка жніўных песень.

Шчадроўкі. Магічнае значэнне свята. Рытуал “шчадравання” і “варажбы” у сваёй вёсцы.


Саракі. Свята сусрэчы прыходу вясны. Паэзія і хараство абраду, праламленне свята ў мастацкай творчасці.

Купалле. Купальскія абрады і звычаі.



Практычныя заняткі. Запіс жніўных песень ад мясцовых носьбітаў і іх развучванне: “Літо”, “У полю ныўка”, “Зылэнэ жыто”, “Пойду я дубровою”. Развучванне песен зімовага цыклу: Коляда-колядыца”, “Ішла коляда”, “Добрі вэчор”. Падрыхтоўка каляднай вечарыны. Шчадраванне і навагодняя варажба. Апрацоўка і развучванне веснавых гульняў: “Колодочка”, “Горлачыкы”, “Журавэль”. Падрыхтоўка і правядзенне абрада “Саракі”. Пляценне купальскіх вянкоў.

Асновы сцэнічнай культуры (38г.)

Асновы акцёрскага майстэрства. Першапачатковыя тэхнікі па дасягненню творчага стану. Працэс уважлівасці. Уменне валодаць тэкстам. Вакальна-ансамблевая работа.



Практычныя заняткі. Работа над свабодным валоданнем тэкста, эмацыянальным становішчам, назіральнасцю і ўпэўненнасцю на сцэне. Свободны моўны паток. Практыкаванні на развіццё вакальна-ансамблевых навыкаў. Індывідуальная работа па пастаноўцы голасу.

Фальклорна- эспедыцыйная дзейнасць (20г.)

Гісторыя мясцовасці. Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) суседніх вёсак. Правілы паводзін у час экспедыцый. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў і навучанне навыкамі карыстання імі. Навучанне рабоце з дыктафонам, відэакамерай, фотаапаратам. Асаблівасці запісу фальклорнага свята “Саракі”. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, запісванне “з голасу, а не пад дыктоўку”, пастаноўка націску ў словах з нелітаратурным вымаўленнем. Правілы пашпартызацыі запісаў.



Практычныя заняткі. Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу, афармленне яго. Выраб атрыбутыкі і сімволікі свят. Запіс абрада “Саракі” у в. Махро і ў суседніх вёсках Баландзічы, Вулька.

Творчыя выступленні (6г.)

Удзел у каляндарна-абрадавых святах вёскі, раёна. Паказ абрада “Саракі”. (Дадатак 4.)

Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару (6г.)

Наведванне выстаў, музеяў народнай творчасці, творчыя сустрэчы.



Заключныя заняткі (2г.)

Фальклорная вечарына “У сваім краі як у раі”.


Прагназіруемы вынік 2 года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны



ведаць:

  • празаічныя жанры народнага фальклору;

  • асаблівасці народнай культуры Заходняга Палесся;

  • святы і абрады народнага каляндара;

  • асновы акцёрскага майстэрства;

  • дыялектычныя асаблівасці музычнага фальклору рэгіёна;

  • правілы пашпартызацыі запісаў;

умець:

  • валодаць сцэнічным самаадчуваннем і арыентавацца на сцэне;

  • удзельнічаць у пастаноўцы свят і абрадаў;

  • выконваць песні, легенды, паданні, казкі з захаваннем дыялектычных асаблівасцей мясцовасці;

  • апрацоўваць сабраны матэрыял.


Вучэбна-тэматычны план 3 года навучання


п/п


Назва раздзела, тэмы

Колькасць гадзін

Усяго

Тэорыя

Практыка




Уводны занятак

2

2

-

1

Традыцыйныя святы і абрады

40

6

34

2

Асновы сцэнічнай культуры

48

6

42

3

Абрадавы касцюм

20

4

16

4

Фальклорна-эспедыцыйная дзейнасць

20

8

12

5

Творчыя выступленні

6

-

6

6

Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару

6

-

6




Заключны занятак

2

-

2




Усяго

144

26

118


Змест праграмы

Уводны занятак (2г.)

Знаёмства з планам работы аб’яднання па інтарэсам. Вывучэнне ўводнай інструкцыі па тэхніцы бяспекі. Правілы бяспечных паводзін.



Традыцыйныя абрады і святы (40г.)

Народная культура Іванаўшчыны. Адраджэнне свят і абрадаў, спецыфічныя адметнасці кожнага свята, уласцівыя сваёй мясцовасці.

Восеньскія песні. Тэматыка і вобразы ў восеньскіх песнях.

Каляды. Аграрная магія калядных абрадаў і песень.


Абрад “Камаедзіца”. Рэгіянальныя асаблівасці святкавання.

Свята Юр'я. Гаспадарчая сутнасць юр'еўскіх абрадаў. Асноўныя матывы юр'еўскіх песень.

Купалле. Пятро. Купалле-свята моладзі-дзяўчат і юнакоў. Матывы пошукаў шчасця і лепшай долі на Купалле.

Практычныя заняткі. Тэатралізацыя восеньскіх песень: “Ой, послала мынэ маты”, “У лыску, лыску”, “Жыто жала”. Запіс і апрацоўка фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў зімовай пары. Апрацоўка і развучванне веснавых гульняў: “Палочка-выручалочка”, “Колечко”, “Колодочка”. Падрыхтоўка і правядзенне абрадаў “Камаедзіца” і “Юр’я”. Развучванне мясцовых песень: “Юр’я”, “Комоедыца”, “Літо”, “Пойду я дорогою”. Запіс песень, легенд летняга перыяду.

Асновы сцэнічнай культуры ( 48г.)

Асновы сцэнічнага руху і мовы. Сцэнічная уважлівасць у сцэнічнай прасторы. Элементы народнай харэаграфіі. Асаблівасці выканання музычнага фальклорнага рэпертуару Іванаўшчыны. Асноўныя элементы, тэхніка, стыль і манеры выканання самабытных танцаў і песень сваёй мясцовасці.

Узаемасувязь з гледачамі.Уменне завалодаць іх увагай.

Практычныя заняткі. Практыкаванні на развіццё сцэнічнай увагі, тэатральныя эцюды. Развіццё артыстычных здольнасцей у навучэнцаў.

Развучванне народных побытавых танцаў “Мясцовая полька” , “Кракавяк”, “На рэчаньку”, “Падэспан”. Пастаноўка голаса, культура маўлення. Перайманне асаблівасцей выканання песень на мясцовым дыялекце. Індывідуальная работа па пастаноўцы голасу



Фальклорна-экспедыцыйная дзейнасць (20г.)

Гісторыя мясцовасці. Вывучэнне асаблівасцей мовы (дыялекту) суседніх вёсак. Правілы паводзін у час экспедыцый. Падрыхтоўка тэхнічных сродкаў. Навучанне работы з відэакамерай, фотаапаратам.

Асаблівасці запісу фальклорнага святаў “Камаедзіца”і “Юр’я”. Ідэнтычная дакладнасць запісу: захаванне асаблівасцей мясцовай гаворкі, тлумачэнне незразумелых слоў і выразаў, запісванне «з голасу, а не пад дыктоўку», пастаноука націску ў словах з нелітаратурным вымаўленнем.

Практычныя заняткі.

Запіс фальклорных жанраў ад мясцовых носьбітаў. Апрацоўка сабранага матэрыялу, афармленне яго (буклет, альбом-зборнік). Запіс абрадаў “Камаедзіца” і “Юр’я” у в.Махро і ў суседніх вёсках.



Абрадавы касцюм (20г.)

Традыцыйнае народнае адзенне свайго рэгіёну. Дэкаратыўна-арнаментальнае аздабленне абрадавага касцюма. Выразнасць мастацкага ўвасаблення традыцыйнага адзення. Асноўныя комплексы касцюмаў свайго рэгіёна.



Практычныя заняткі. Фальклорныя экспедыцыі па збору самабытнага адзення ў вёсцы Махро. Апісанне этнаграфічнага строю сваёй вёскі. Рэканструкцыя касцюма свайго рэгіёна.

Творчыя выступленні (6г.)

Удзел у мерапрыемствах фальклорнага напрамку. Падрыхтоўка і паказ абрадаў “Камаедзіца” (Дадатак 5.) і “Юр’я”.



Мерапрыемствы пазнавальна-выхаваўчага характару (6г.)

Творчыя сустрэчы з фальклорнымі калектывамі раёна, гульні-падарожжы.



Заключны занятак (2г.)

Свята “Па сцяжынках спадчыны”.


Прагназіруемы вынік 3 года навучання

У працэсе вывучэння праграмы навучэнцы павінны



ведаць:

  • спецыфічныя адметнасці свят і абрадаў, уласцівыя сваёй мясцовасці;

  • асаблівасці выканання музычнага фальклорнага рэпертуару Іванаўшчыны;

  • дэкаратыўна-арнаментальнае аздабленне абрадавага касцюма;

  • тэхніку, стыль і манеру самабытных танцаў сваёй мясцовасці;

  • правілы пашпартызацыі;

умець:

  • выконваць усе жанры фальклора з захаваннем дыялектычных асаблівасцей мясцовасці;

  • дэманстраваць манеру выканання самабытных песень і танцаў;

  • рэканструяваць абрадавы касцюм свайго рэгіёна;

  • творча афармляць сабраны ў экспедыцыях матэрыял.


Формы і метады рэалізацыі праграмы

Для выканання пастаўленых вучэбна-выхаваўчых задач праграмай прадугледжаны наступныя віды заняткаў:

занятак-гутарка – праводзіцца ў пачатку альбо ў канцы вывучаемага раздзела (уключае ў сябе гісторыка-рэтраспектыўны аналіз вывучаемага матэрыяла;
камбініраваныя заняткі – праводзяцца па плану, спалучаюць тэорыю і практыку (тлумачэнне дадатковага матэрыяла, праслухоўванне фальклорных запісаў, пастаноўка абрада, выраб дэкарацый, народныя гульні;
практычныя заняткі – індывідуальныя і групавыя формы работы над фальклорным рэпертуарам, выступленні-канцэрты. Усе віды заняткаў цесна звязаны і дапаўняюць адзін аднаго.

Занятак складаецца з некалькіх этапаў:

- тлумачэнне матэрыялу і дэманстраванне фальклорнага матэрыялу, чытанне літаратурных твораў, работа над матэрыялам фальклорных экспедыцый;

- выкананне дзецьмі творчага задання. (Педагог забяспечвае выканаўцаў неабходным дапаможным матэрыялам, атрыбутыкай, праводзіць інструктаж па тэхніцы бяспекі);

- падвядзенне вынікаў.

Заняткі ў гуртку могуць быць тэарэтычныя, практычныя, ці змешанага тыпу. Абавязковая ўмова для заняткаў - творчая, эмацыянальная атмасфера.

У час заняткаў навучэнцы знаёмяцца з простымі формамі народнага фальклору, народнымі святамі і абрадамі земляробчага каляндара. Вялікая ўвага звяртаецца на рэгіянальныя асаблівасці вывучаемых свят і абрада. Для гэтага, акрамя арганізацыі фальклорных экспедыцый, практыкуюцца творчыя заданні: неабходнасць збору інфармацыі пра вывучаемы матэрыял ад бацькоў, дзядуль і бабуль, мясцовых носьбітаў фальклору. Дзякуючы такім формам работы, за 3 гады вывучэння прапанавай праграмы дэталёва вывучаюцца і рэканструіруюцца 4 значныя абрады: Калядкі, Саракі, Камаедзіца, Юр’я.

Калядкі - пачатак святкавання ў гонар зімовага сонцавароту і каляднага мясаеду пасля шасцітыднёвага Піліпаўскага посту. Саракі – дзень вяртання з поўдня сарака выраяў, што сведчыць пра прыход сталай вясны. Абрад “Камаедзіца”- свята пакланення мядзведзю, прысвячаецца урачыстай сустрэчы мядзведзя пасля доўгага зімовага сну. Юр'я — свята першага абрадавага выгану жывелы ў поле. Зразумеўшы сэнс кожнага са свят, навучэнцы вырабляюць атрыбутыку і сімволіку свят, паспяхова ўвасабляюць атрыманыя веды ў тэатралізаваных пастаноўках, якія ўяўляюць сабой сапраўдныя святы для юных і сталых аматараў фальклору.

Пры рэалізацыі праграмы выкарыстоўваюцца розныя метады:

- славесныя: гутаркі, расказы, апісанні;

- наглядныя: аудые-відые матэрыялы;

- практычныя: тэатралізацыя, асваенне спявання, развучванне самабытных танцаў.

Акрамя таго, вялікая ўвага надзяляецца развіццю сцэнічнага маўлення, артыстызма, перайманню рэгіянальных манераў выканання народнай песні, танца.

Заключныя заняткі пераўтвараюцца ў сапраўдныя святы з запрашэннем гасцей, у тым ліку: бацькоў, настаўнікаў, сяброў, аднавяскоўцаў. Увесь сабраны за год у экспедыцыях матэрыял падаецца прысутным ў розных формах: конкурс-вандроўка, фальклорная вечарына, свята. Рыхтуючыся да іх, навучэнцы звяртаюцца за дапамогай да бацькоў, мясцовых носьбітаў фальклору, выкарыстоўваюць атрыбутыку свят і хатнія рэчы для афармлення залы.

У выніку асваення праграмы навучэнцы атрымоўваюць цэлы комплекс ведаў і набываюць адпаведныя навыкі, з дапамогай якіх фарміруецца цікавасць навучэнцаў да народнай творчасці, да фальклорнай спадчыны нашых продкаў,

выхоўваюцца патрыятычныя адносіны да сваёй краіны, яе духоўнага багацця.



Літаратура


  1. Белякова, Р.М. Беларускія народныя гульні ў пачатковай школе: дапаможнік для настаўнікаў і выхавальнікаў. / Р.М. Белякова. – Мінск: “Асар”, - 1997. - 40 с.

  2. Берасцейскі вазок : зборнік матэрыялаў этнаграфічных экспедыцый і II дзіцячай абласной навукова-практычнай канференцыі / пад рэд. Н.У. Паліўка. – Брэст : Альтэрнатыва, 2009. – 160 с.

  3. Касцюкавец, Л.П. Беларускія народныя абрады / склад., навук. рэд. і прадм. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128 с.

  4. Ліцьвінка, В.Д. Святы і абрады беларусаў. / В.Д. Ліцьвінка – Мн.: Беларусь, 1997. – 176 с.

  5. Лабачэўская, О.А. Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы / О.А. Лабачэўская, З.І. Зіміна. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – 279 с.

  6. Раманюк, М. Народныя строі / М. Раманюк // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. – Мінск: Беларус. савец. энцыклапедыя імя П.Броўкі, 1989. – 358 с.

  7. Тыпавая праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (культурна-досугавы профіль) : «Зборнік нарматыўных дакументаў», №20 верасень 2012.

  8. Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання. Вып.3: Матэрыялы IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канференцыі (2-3 красавіка 2008г. г.п. Акцябрскі) /аўт. праекта і ўкл. М.А. Козенка. – Мінск: Бел ДІПК, 2008 -296 с.

  9. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т.4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн. Кн.2 / А.М.Боганева і інш ; ідэя і агул. Рэдагаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мінск : Выш.шк., 2009. – 863 с.

  10. Цітоў, В. С. Этнаграфічная спадчына. / В.С. Цітоў.– Мн. : Беларусь, 1997. – 207 с.

  11. Часоў былых і новых сувязь: Сборнік лінгвістычных і фальклорных матэрыялаў Іванаўшчыны / Укладанне і рэдагаванне В. Волкава,

М. Пракаповіч. – Брэст: ПУП “Изд-во Академия”, 2004. – 248 с.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка