Турэмны дзённік 19-20 снежня 2010 г




Дата канвертавання26.12.2016
Памер248.83 Kb.
Турэмны дзённік
19-20 снежня 2010 г.
22.00

Плошча. Тысячы людзей. Атмасфера свята. Навокал, здаецца, увесь Менск. Цікавыя, разумныя твары. Можна загаварыць з кожным. Сустракаю знаёмых. Усмешкі. Кантакты.


23.30

Намёт прэсы каля гатэлю “Мінск”. Сустракаю сваю знаёмую Наталлю. Дзесьці ўдалечыні, каля Дома ўраду, калоны АМАПу працягваюць наступ. Нам не пагражае небяспека – мы на адкрытай прасторы, сярод дзесяткаў журналістаў розных краін.


Памятаю, праспяваў для Наталлі песню “Дарогі” на словы Караткевіча. Вось мы ўжо збіраемся сыходзіць. Тэлефонны званок. Гэта Аксана Леанідаўна з музея Азгура. Напэўна, адчула, што я на плошчы, папярэджвае аб небяспецы. Раптам заўважаем людзей з жахам у вачах, разбітыя галовы, кроў. У мяне з шыі выпадкова зрываецца ланцужок з крыжыкам. Мы ў атачэнні постацяў са шчытамі ў чорным, яны жорстка выціскаюць людзей.
Хуткім крокам ідзем па праспекце Незалежнасці. Людзі разбягаюцца хто куды. Дзяўчаты – з роспачным пытаннем “Чаму яны збіваюць невінаватых людзей?”. Наталля супакойвае іх. Мы рухаемся далей, паварочваем на вуліцу Валадарскага. У канцы вуліцы збочваем у дворык. Ідзем. Дамы, дрэвы... Натыкаемся на мур – тупік! Штосьці падобнае да гаражоў.
Праходзіць некалькі хвілін. Чаканне. На небасхіле з’яўляюцца хлопец з дзяўчынай, яны ратуюцца ад пераследу. Вось яны ўжо каля нас. І тут я заўважаю нешта зверападобнае, агрэсіўнае, што нясецца ў наш бок. Крыкі, мацюкі. Некалькі з іх налятаюць на мяне. Сыплюцца ўдары дубінак. Ад болю падаю ў снег. Спрабую выціснуць колькі словаў: “Чаму? За што?”, але ад гэтага ўдары яшчэ мацнеюць. Мяне кудысьці цягнуць, удары не спыняюцца.
Апошнія словы амапаўца: “Сука, я цябе са сцягам бачыў на плошчы!”, і мяне закідваюць у жалезную машыну.
0.00

Едзем у невядомасць. У жалезнай скрыні яшчэ людзі. Адзін з іх п’яны, пачынае расказваць, што нас вязуць у лес, каб правучыць, біць будуць па нырках, а потым выкінуць дзе-небудзь за горадам. Прыблізна 7-8 чалавек, усе хлопцы ў веку ад 20 да 28 гадоў. Людзі ў форме пачынаюць свае здзеклівыя размовы: “Курапаты”, “Ніхто пра вас больш не даведаецца” і г.д. Чую дзявочы плач з суседняй клеткі. Машына спыняецца. Нас як быдла гоняць у будынак. “Канферэнц-зала”. Стулы, шэраг сталоў, за якімі людзі ў форме. Здаем асабістыя рэчы пад роспіс. З маёй торбы выцягваюць ноты, кнігу “Беларускія казкі”, запрашальнікі на спектакль, камертон і г.д. Усё гэта выклікае неўразуменне. Раззлаваны мент усё перапісвае, хавае ў чорны пакет. Зала пачынае напаўняцца затрыманымі людзьмі.


Раптам заўважаю знаёмых: дзве дзяўчыны-скрыпачкі з кансерваторыі, мой стары прыяцель Рома з Барані – ён пасля 2006-га з’ехаў вучыцца ў Польшчу. Адчуваю радасць ад таго, што я не адзін. Усім астатнім не да смеху.
Адбіткі пальцаў. Навокал жорсткасць, грубасць і прыніжэнне. Столькі нецэнзуршчыны я ў жыцці ніколі не чуў! Дзяўчына-актывістка адмаўляецца даваць адбіткі, яе адводзяць у суседні пакой, пачынаюць збіваць.
З запэцканымі фарбай рукамі сяджу ў кабінеце, даю паказанні. Нехта ў форме ўсё ў мяне пытае і запісвае. Калідор. Чакаем наступных працэдур. Дзяўчына са зламанай нагой. Ніхто ёй не дапамагае. Спрабую хоць неяк супакоіць яе, але яна працягвае плакаць. Злева ад мяне журналіст. Знаёмлюся з ім, запісваю на руцэ яго адрас і імя – Андрэй Пачобут.
Зноўку кабінет, яшчэ адзін допыт. Мярзотны тып пачынае перакрыўляць беларускую мову, з’едліва пытаецца ў мяне: “Жыве Беларусь?”. На сценах плакаты: “Доблестная милиция», «Защита – Справедливость – Порядок». Нас пакуюць у жалезныя машыны. Садзяць у клеткі, а асабістыя рэчы ў чорных пакетах згрувашчваюць у адну вялікую кучу.
1.30

Каземат-клетка. 13 чалавек. Дыктатура, прыніжэнне, боязь невядомасці.


9 гадзін здзекаў і холаду.
Едзем невядома куды. Мы шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго. Нехта сядзіць, хтосьці ў кагосьці на каленях, астатнія стоячы. Машына спыняецца. Мы нечага чакаем. Праходзяць гадзіна, другая. У адказ на нашыя пытанні – грубы мат альбо маўчанне. Праходзіць яшчэ колькі часу. Ад холаду дранцвеюць ногі і рукі. У машыне адзін ахоўнік і некалькі дзяўчат у суседняй клетцы. Чуваць іхнія ўсхліпы, плач. Хтосьці просіцца выйсьці ў прыбіральню. Безвынікова.
“Звяры! Тут халодна. Выпусці нас у прыбіральню!” – хтосьці з хлапцоў не вытрымаў і пачаў пратэставаць. Ахоўнік выйшаў на двор, не зачыніўшы дзверы. Гучны плач дзяўчыны. Пачынаем упяцёх раскачваць машыну, астатнія – супраць, не вераць у вынік. Праз пэўны час усіх сталі па адным выводзіць у прыбіральню. І зноўку халоднае чаканне. Мне саступаюць месца. Чым бліжэй адно да аднаго, тым цяплей.
11.00

Нас памяшчаюць у часовы ізалятар. 6 чалавек. Памяшканне 2 метры ў даўжыню. Размовы пра тое, колькі каму дадуць. Чаканне суда. Грубая ахова. Гляджу на руку – яна ўся сіняя, нага ў драпінах і сіняках. Усе тут упершыню, спадзяюцца на штраф. Падлюга-наглядчык. Можна схадзіць толькі адзін раз у прыбіральню. Выходжу з камеры, п’ю ваду з крана. Дзверы ў прыбіральню адчыненыя, за спінаю – вочы. І зноўку жудасная камера з жоўтымі ўзорыстымі сценамі.


16.00

Мяне вядуць на суд. Суддзя Бораў, ахоўнік і маладзенькая дзяўчына-сакратар гадоў 20-ці.

- Ці згодныя Вы з прысудам?

- З якім?

- Тое, што вы ўдзельнічалі ў антыдзяржаўным мітынгу, білі шыбы і ўсё такое.

- Не, - кажу. – Я гэтага не рабіў.

Прысуд – 15 сутак.
Я не магу ачомацца, паверыць ва ўсё гэта. Ахоўнік ізноў вядзе мяне ў сутарэнне, здзіўляецца і кажа, што калі б прызнаў віну, то далі б меншы тэрмін.
Новая камера. Іншыя людзі. Ужо асуджаныя 10-15-сутачнікі. Размовы. Думкі пра будучыню. Небяспека апынуцца ў турме з сапраўднымі крымінальнікамі-зняволенымі. Апошняя надзея – шпіталь. Хтосьці з асуджаных выклікае доктара: гастрыт. Яго выводзяць на агляд. Я кажу пра дрэнны зрок, ціск, хворыя вочы. Суткі ў лінзах. Адмова. Дактары сыходзяць. Зноўку сутарэнне. Людзі пачынаюць знікаць па адным, іх кудысьці выводзяць. Застаюся абсалютна адзін ва ўсёй турме. Цішыня. Думкі, думкі...Праходзіць гадзіна. Думаю. Ужо вечар. Закрадаецца яшчэ адна надзея – а раптам апраўдаюць? Раптам выпусцяць?! Жалезныя дзверы адчыняюцца, мяне выводзяць у калідор. Там шарэнга асуджаных. Тварам да сцяны. Аддаюць пакет з асабістымі рэчамі. Я хаваю тэлефон у паліто. Нас вывозяць у жалезным грузавіку. Заўважаю свайго сябра Рому. Ура! Мы ізноў у адным кірунку.
20.00

Нас прывезлі кудысьці. Усе спрабуюць даслаць смс-кі. Цёмна. Святло ад тэлефонаў заўважае грубы ахоўнік. Раве, забараняе. Пагрозы. Дапамагаем адно аднаму хаваць тэлефоны пад вопратку. Напісаў смс-ку Андрэю пра тое, дзе я і што са мной. Жодзіна – самая страшная турма, там шмат грубасці і гвалту. Чую назву турмы, куды нас прывезлі: Акрэсціна ІВС. Для нас няма месцаў. Вырашаюць, што рабіць. Толькі не Жодзіна! Мяне і яшчэ некалькіх выводзяць. Доўгае чаканне ў калідоры тварам да сцяны. Больш вольна – можна часта хадзіць у прыбіральню і піць ваду. Суткі без ежы і сну. Усіх размяркоўваюць па камерах, “шклянках”. Я і яшчэ адзін хлопец-рэпер застаемся адны ў калідоры. Быццам на нас забыліся. Першы добры супрацоўнік турмы дазваляе зайсці да яго ў памяшканне і прысесці.


0.00

Нас 5 чалавек заводзяць у камеру і пакідаюць да раніцы. Пачуццё палёгкі. Адзін з хлопцаў частуе кавалачкам шакаладу. 4 ложкі. Мне дастаецца лаўка. Тэлефаную Наталлі, даведваюся, што з ёй усё ў парадку. Андрэю расказваю, дзе мы. Засынаю на драўлянай лаўцы.


Рэжым. Дыктатура. Іх галоўная задача – зламаць чалавека, запалохаць, задушыць. Казкі пра добрых міліцыянтаў і злых турэмных бандытаў скончыліся. Усё апынулася цалкам наадварот. Над слабымі, безабароннымі людзьмі пануюць сіла, жорсткасць і агрэсія. Як мага больш прынізіць, зняважыць, ператварыць чалавека ў нішто, у лайно, масу чагосьці...
Улада...
Зло...
Беззаконне...
Несправядлівасць...
Страх...
21 снежня
5.00

Афармленне. Свежая грубасць – з намі размаўляюць як з адкідамі грамадства. Пашляціна і мярзоцце. Адбіраюць усе асабістыя рэчы і пераводзяць у 6-месную камеру.


Жудасны сняданак: турэмная каша з вадой і гарбата-мача. Спрабую запхаць гэта ўсё ў сябе – не атрымліваецца.
10.00 – 23.00

Нас у камеры 6 чалавек: мой сябар Рома, былы вязень Віталік, хлопец-рэпер з Расіі, стары і нехта, хто заўжды спіць на верхняй паліцы. Размовы. Даміно. Нам выдаюць чыстую пасцельную бялізну – усеагульнае здзіўленне. Па словах “бывалых”, такога яшчэ ніколі не было. Туалет – кабінка для тэлефанаванняў. Я ўсім даю патэлефанаваць сваім родным. Тэлефон вось-вось разрадзіцца. Тэлефаную сваім: маме, Андрэю і ў філармонію. Імкнуся ўсё даступна патлумачыць, каб выслухалі і правільна зразумелі.


Перад сном гутарым з Ромам пра ўсё: жыццё, вучобу, Беларусь, Польшчу. Кожны распавядае нешта сваё. Віталік-“бывалы” гаворыць са старым аб праўдзе і аб турме. Астатнія спяць. А мы з Ромам “размаўляем па-беларуску”.
8.00

Прачнуўся. Вельмі баляць вочы. Трэція суткі ў лінзах. Хаджу па камеры. Баліць галава. Выклікаю наглядчыка, ён абяцае мне дапамагчы. Каб адцягнуць сваю ўвагу, ляплю кубікі з хлеба.


9.00

Вытрымаў гадзіну. Зверху спіць Рома, каля вакна – стары і Віталік-“бывалы”. Сняданак. Зноўку цягучая каша, але яе ўжо можна ўжываць. Ямо за сталамі з прыкаванымі лаўкамі.


Доктар нічым не можа дапамагчы. Віталік вучыць нас гуляць у гульню “Мандавошка”. Каб забавіць час, паглыбляемся ў працэс гульні.
Ахоўнік прыносіць мне раствор для лінзаў. Сапраўдная дабрадзейнасць! Закапваю ў вочы – часова становіцца лягчэй.
13.00

Нас пяцёх забіраюць з камеры. Усіх 15-сутачнікаў. Доўгае чаканне перад невядомасцю. Ізноў кудысьці пераводзяць. Развітваемся. Рома застаецца адзін. Шыхтуемся і пад канвоем выходзім на вуліцу. Агулам нас каля 20-ці чалавек. Нас пераводзяць у стары будынак. Выбіраюць 8 чалавек і заводзяць у камеру-сутарэнне. Жудаснае відовішча: 2 невялікія акенцы, адно разбітае, гуляе вецер. Драўляны памост для ляжання, побач унітаз і рукамыйнік. Паўзмрок. Месца хапае толькі на некалькі крокаў да ўнітаза. Першая думка: “Такога не бывае! Гэта нас часова сюды перавялі.” Віталік-“бывалы”, які і цяпер апынуўся са мной, кажа, што гэта зараз будзе нашым домам. Жахліва не хапае месца і паветра. Можна толькі прылегчы на памост-“сцэну”. Абжываемся. Знаёмімся.


16.00

Нас 8 чалавек. Ляжым штабелямі.

Злева ад мяне: Паша, кажа, што дызайнер, задае шмат пытанняў, высокі, цёмнавалосы, трохі санлівы, гадоў 25-28;

крыху далей, ля самай сцяны – Віталік-“бывалы”, лысенькі, невялікі ростам, з дзіцячымі вачыма.

Направа: маўклівы Сяргей, гадоў 35-40, паўнаваты, з арганізацыі БХД;

Андрэй, вясёлы, цёмнавалосы хлапчына, гадоў 27, займаецца кампутарамі;

Раман – бялявы, самы малады, гадоў 20-ці, з будаўнічага каледжа;

Ігар – эканаміст у банку. Сямейны чалавек, сур’ёзны, інтэлігентны,


28-30 гадоў;

Юра, з выгляду гадоў 25, кажа, што ўжо за 30. У акулярах, сярэдняга росту, працуе ў будаўнічай фірме.

Размовы, размовы. Хто і як быў затрыманы. Сяргей з БХД і Андрэй – проста з цэнтру падзей на плошчы. Віталік кажа, што ішоў за “бухлом”, што выпівалі з сябрамі недалёка, на вуліцы Валадарскага, кажа, 3 дні, як вызваліўся. Юра з Ігарам ішлі ў госці. Усе ўпершыню апынуліся ў турме за “палітычныя справы”.
19.00

Доктар прыносіць пластмасавую шкляначку з растворам хларыду. Я здымаю лінзы. Усё размытае. Позні абед: рыбная поліўка, катлета, пшонка. Тэлефон амаль разраджаны. Разумею, што вакол мяне сапраўдныя людзі. Усе сябры!


20.00

З’яўляецца падазроны тып. Высокі, худы, у чорным паліто і з вусамі. Амаль як чэкіст. Непраўдзівыя байкі. Расказвае, што пасварыўся з міліцыяй, што ў яго шмат грошаў, і што заўтра яго апраўдаюць і выпусцяць. Становіцца відавочным: падсадны!


Доўгачаканая перадача: раствор і кантэйнер для лінзаў, рэчы, кнігі, асадка, сшыткі, цыгарэты, вада... Ніколі не адчуваў такой радасці!
22.00

Доўга спрабую заснуць. Баліць вока. Праз дрымоту даносяцца крымінальныя байкі “падсаднога”.


Холад. Вельмі цвёрдыя дошкі.
23 снежня
7.00

“Пад’ём! Хто дзяжурны?” Нехта з нашых падымаецца і бярэ швабру з вядром.


7.30

“Падымаемся! Шыхтуемся!”. Падымаемся. Адгукаемся на прозвішчы. Ізноўку спаць...


9.00

Раніца. “Падсадны” сыходзіць. Сняданак.


16.00

Разбіты стан. Баліць левае вока. Пухліна. І рука ные. Медагляд. Даюць нейкую смярдзючую мазь, каб уціраць у руку. Зноўку ляжачае становішча. Гуляем у “Кантакт”. Абед. 2-я перадача невядома ад каго. Распісваюся. У рукі не даюць паперы, каб паглядзець, ад каго.



18.00

Раптоўны ператрус.


У калідоры пачуліся дзіўныя піскі. Віталік папярэджвае, каб я хаваў тэлефон. У апошні момант сую тэлефон у трубу пад рукамыйнікам. Нас выводзяць у калідор, распранаюць дагала. Тварам да сцяны. Ператрус. Знайшлі тэлефон. “Чый?” – цішыня. “Чый?” – цішыня. Адчуваю, што будуць біць, але трэба ратаваць сітуацыю. “Мой!” – кажу. Чаканне. Адказ: “Атрымаеш з асабістымі рэчамі”. Палёгка. Ізноў камера. Няма жывога месца: рэчы, адзенне, паперы – усё раскідана. Пачынаем прыбірацца. Знаходжу перавернутую шклянку з лінзамі. Хлопцы дапамагаюць знайсці. Адмываю лінзы ў растворы і надоўга хаваю ў кантэйнер. Тут няма на што глядзець.
21.00

Вячэра: пшонка, гарбата і хлеб.


24 снежня
7.00

“Хто дзяжурны?” Юра падымаецца і бярэ вядро са швабрай.


7.30

Пераклічка. Падымаемся. Шыхтуемся. І зноўку – спаць. Вельмі хочацца спаць.


9.00

Усё тая ж каша, гарбата.


Мроі
Мроя № 1.

Я з цудоўнай дзяўчынай, блізкай вельмі, але яшчэ зусім не знаёмай разам дзесьці на свяце, вечарынцы.


Мроя № 2.

Пагоня. Хаваюся. Міліцыянты розныя гоняцца за мной. Жуда. Збягаю па гаражах.


Мроя № 3.

У нашую камеру садзяць Лукашэнку. Усе адварочваюцца ад яго. Ён маўчыць і сядзіць вельмі сумны ў куце. Мне становіцца яго шкада. Даю яму свой кажух.


9.30

Газеты – які цуд! На нас не забыліся. Усе краіны свету за нас! Чытаю “Нашу Ніву”.


12.00

Нас вядуць у душ. Яркае, яркае святло за вокнамі. Слепіць. Свабода! Шпацыр да першага паверха і назад. Неапісальная лёгкасць у целе.


12.30

Зноўку камера. Усе спяць. Чытаю.


17.00

Абед. Пярлоўка, боршч і ўсё тая ж жудасная катлета.


19.00

Вячэра. Рыс, гарбата, хлеб.


20.00

Канцэрт “італьянскай песні”. Захапленне. Авацыі. Забарона.


21.00

Перадача з філармоніі. Цёплы аўчынны кажух! Цяпер будзе мягчэй!


22.00

Гуляем у “Мафію”.


Не магу сказаць, што шкадую аб тым, што здарылася. Няма крыўды ці тугі, што мушу марнаваць, губляць час у камеры замест таго, каб спяваць, выступаць на канцэртах, спектаклях, адзначаць навагоднія святы. Хвалююся толькі за маці, бо ўпэўнены, што яна вельмі перажывае з-за гэтага выпадку. А ўсё астатняе можна стрываць, прымірыцца. Час бяжыць наперад, жахлівая камера ўжо не падаецца такой страшнай, нечалавечай. Ляжым штабелямі шчыльна адзін да аднаго. Рабіць нічога не хочацца. Паўцемра. Раскіданыя курткі і іншыя цёплыя рэчы. Дым ад цыгарэт. Прайшла вячэра. Металічныя талеркі з ліпкай кашай, вялізныя лусты хлеба, празрыстая гарбата. Ежа ўжо не выклікае такой агіды. Усё з’ядаю за некалькі хвілін. Хутка пачну даваць канцэрты для хлапцоў. Вечарына італьянскай песні!
Музыкі не хапае. Няма ні гадзінніка, ані радыё, толькі праз выцяжкі ў сцяне даносяцца галасы з суседняй камеры.
Учора спяваў беларускія песні. Голас пакуль не згас, наадварот, яшчэ мацней і пранізлівей разлятаўся па камеры. Усе навокал слухалі з глыбокім пранікненнем і разуменнем, апладзіравалі, паглыбляліся ў атмасферу песняў.
Хочацца казачнага, прыгожага і прыўкраснага. Хочацца стварыць вакол сябе добры і казачны свет без ілжы, змроку, шэрасці і страху. Хочацца забыцца на гэтую звярыную агрэсію, абразы і ўсю гэтую несправядлівасць, болей не бачыць гэтага, не апускацца ў гэты жудасны свет.

20.00

Пачатак канцэрта “Італьянскія песні”.


1. “Canta”. Ад голасу звіняць сцены. Песня ўздымае агульны дух. Радасць, душэўны ўздым ахопліваюць усіх. З суседніх камер даносяцца моцныя авацыі, выразы захаплення.
2. “Parla’mi d’amore”. У адказ яшчэ больш авацый, радасці. З вуліцы чуюцца галасы падтрымкі, мільгаюць бліскавіцы фотаапаратаў. “Душа напоўнілася,” – кажа сусед.
Мы пачынаем выглядаць у вакно. Дзверы камеры адчыняюцца і з’яўляецца раз’юшаны ахоўнік. Канец канцэрту! Ён шыхтуе нас, пагражае замкнуць па адным у халодныя камеры, часова пазбаўляе перадач. Зноўку ляжым штабелямі, размаўляем. Канцэрт пераносім на заўтра.
25 снежня
7.00

Усё гэтак жа.


9.00

Сняданак.


10.00

Новы персанаж. Спрабуе нас “строіць”. Віталік паказвае яму на месца каля ўнітаза. Былы крымінальнік, кажа, што высадзілі з цягніка – пабіўся. У турмах з 18 гадоў. Пошлы, гідкі тып з бруднымі гісторыямі.


Чытаю Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
16.00

Перадача ад невядомага брата. Шмат вады, кніга з французскай, адзенне, папера.


18.00

Пачатак канцэрту. 2 папярэджанні. Ламаюць апошняе прыўкраснае.


18.30

5-я перадача. Другі кажух. 2 кнігі Караткевіча: “Быў. Ёсць. Буду”, “Каласы пад сярпом тваім”. Магчыма, ад Наталлі.


А недзе ж Каляды! У камеры ўсё па-ранейшаму. Няма нават і думак аб нейкім свяце. Усё аднастайна і аднолькава, толькі рэчаў дабавілася яшчэ больш: цёплая вопратка, цыгарэты, вада, туалетная папера, кнігі...

Найбольш грэюць увага і любоў таго, каму ты неабыякавы. Кнігі, адзенне – гэта ўсё ад тых, хто думае пра мяне, шкадуе, дасылае сваё цяпло з іншага свету. Не ведаю, што робіцца за мурамі турмы, якое там надвор’е, якія людзі, вуліцы. Там усё па-ранейшаму, усё імчыцца сваёю хадой. Тут мая рэчаіснасць. Цьмянае святло і ўдзень і ўночы, цяжкое паветра, пакойчык, што ледзьве трывае васьмярых (сёння дадалі яшчэ й дзявятага). Усё гэта – мая сучаснасць. Тыя, хто ляжыць са мной побач плячо да пляча – мае сябры і блізкія. Галоўнае – не сыходзіць у перажыванні, нуду. Так можна звар’яцець. Варта ствараць у сабе і навокал свет цудоўнага, пазбаўлены страху і агрэсіі. Пачынаю спяваць і адчуваю, што ўсё вакол змяняецца, набывае іншыя тоны, становіцца святлейшым і больш радасным. Усім гэтым людзям патрэбная песня, музыка. Яна трапляе ў душы, уздымае з цёмнай рэчаіснасці кудысьці ў іншы свет. Я бачу ўсмешкі на тварах, прыгажосць. Усё змяняецца. Душа ляціць, становіцца шырэй і шырэй... Але раптам адчыняюцца сталёвыя дзверы і суворы голас пытаецца: “Так! Хто спяваў? Яшчэ раз...” – і адразу ўсё разбураецца. Казка, палёт спыняюцца, і зноўку вільготная, цёмная камера і сумныя зняволеныя.


Людзям патрэбная сапраўдная песня. Песня, што ўздымае дух. Словы, якія будуць блізкія кожнаму.
Песня, якая трапляе ў самую глыбіню душы і стралой ірвецца вонкі. Такая песня можа закрануць кожнага. Гімн свабоды, красы, чалавечнасці.
Песня, што далучае кожнага чалавека са збалелым сэрцам.
Песня, якую будуць памятаць, якую захоча і зможа праспяваць кожны.
Песня, якая зможа аб’яднаць беларускі народ. І кожны, нарэшце, усвядоміць сябе беларусам.
26 снежня
Раніца пачынаецца як заўсёды. Пакуль светла, спрабую паглыбіцца ў чытанне. Адзіны доступ да святла – запацелае вакно за кратамі. Стаю на “сцэне” ля вакна і чытаю “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Караткевіча. Сцямнела. Зноўку ляжачы рэжым. Вось і абед: усё тая ж каша з катлетай і суп. Праглынаю ежу. Стараюся не фіксаваць на гэтым сваю ўвагу. Ахоўніца ахрысціла мяне “салістам-вакалістам” і дазволіла спяваць. Невялікі канцэрцік. Але настрою няма. Толькі б не захварэць! Тут нікому няма справы да хваробаў, дадуць таблетку – і зноўку ў камеру.
Віталік-“бывалы” расказвае турэмныя гісторыі свайго мінулага, пра вайну ў Чачні, пра забойствы, стасункі, крымінал. Жахлівы свет! У ім свае правілы, свая праўда. Не хачу паглыбляцца ў гэта! У маім свеце іншыя гульні, іншая мараль, адносіны. Мой свет – гэта мастацтва, музыка.

Навокал шмат жорсткасці, бруду і несправядлівасці. І я сутыкнуўся з гэтым, стаў сведкам шмат чаго. Але болей не хачу знаходзіцца ў падобным. Я мушу ствараць сваю прастору, свой дом, сваю краіну і грамадства вакол сябе.


“Уратуй сябе, і тысячы навокал уратуюцца”.
Несці ў свет толькі любоў і ўсё цудоўнае, і тады свет пачне пераўтварацца. Верыць, кахаць, ствараць.
Я тут дзеля таго, каб многае зразумець, яшчэ больш верыць, любіць, быць у свеце цудоўнага, вечнага. Я павінен не адчайвацца, не засяроджвацца на нечым негатыўным. Не варта лічыць свае дні, імкнуцца забыцца, хутчэй змарнаваць свой час. Трэба многае зразумець. У паўсядзённым жыцці не так часта ёсць магчымасць пабыць сам-насам, падумаць, усвядоміць і яшчэ больш ацаніць усю прыгажосць і каштоўнасць жыцця.
27 снежня
Ніхто не ведае, колькі часу – нам ніхто не гаворыць. Сцямнела. Прыкладна 17.00. Чытаць можна толькі да гэтай гадзіны, толькі стоячы, ловячы святло ля вакна.
Прынеслі ежу. Усё падобнае! Праглынаю ўсё вельмі хутка, каб не заўважаць смак. Лепей і не думаць. Галоўнае – сцішыць голад. Рэдкі боршч і катлета з кашай, яшчэ больш не смачная, чым учора. Запіваю ўсё вадой – актывісты сёння даставілі яшчэ адну перадачу. Гэта радуе – значыць, камусьці я неабыякавы. Кладуся на сваю лежню з кажуха і цёплых рэчаў...
Прыгадалася! Сёння ўжо трэці дзень як у філармоніі ідзе “Навагодняя казка”. Я мусіў там іграць героя з казачнай краіны – мастака Сольда. У другой частцы ён сустракае дзяўчынку і расказвае ёй пра сваю “спякотную” краіну, у якой з’явіўся злы валадар Жар І і забараніў усім гучна спяваць і смяяцца. Ён наслаў сквару, а ў палітры ў мастака пакінуў адно чорную і шэрую фарбы. Свет стаў сумны і шэры.
Плошча. Мастака Сольда хапаюць ахоўнікі Жара і кідаюць у турму.

“Адпусціце мяне! Я ні ў чым не вінаваты!” – апошнія словы мастака. І ўсе астатнія сцэны Сольда са сваімі сябрамі праводзіць у вязніцы.


Усё так і здарылася! Толькі ў рэальным жыцці. Я – мастак, змагар за праўду – сяджу ў турме і разумею, якое гэта ўсё несправядлівае. Зло трыумфуе. Мастак Сольда, кухар Снегароб, кабылка Розі ў вязніцы. Нехта з сяброў застаўся на волі. Навокал жорсткасць, дыктатура, страх.
За кратамі ў трэцяй сцэне мастак аптымістычна ўскліквае: “У жыцці нішто не бывае канчаткова і незваротна! І я веру, што ў нас абавязкова будзе Новы год!”
Дабро павінна перамагчы. Мараль усёй казкі – справядлівасць, перамога прыўкраснага над пачварным.
Апошняя фінальная сцэна. Сябры вызваляюць Сольда і яго сяброў з турмы. Яны зноў на плошчы і святкуюць сваю перамогу. Усе весяляцца. Мастак размалёўвае свет, Снегароб лепіць пончыкі са снегу, а пакрыўджаны валадар Жар І разам са сваім лёкаем Бекарда, якіх усе закідалі снежкамі, назаўжды пакідаюць казачную краіну. Сябры радуюцца і спяваюць сваю фінальную песню.
28 снежня
Раніца. Сыходзіць з нашай камеры пашлаваты турэмшчык Саша. Чалавек не выклікае даверу, але гэта адзіная магчымасць паведаміць блізкім аб сабе. Падазрэнні ў тым, што і гэта падстаўны чалавек. Віталік-“бывалы” асуджае мой учынак: я перадаю цыдулку з нумарамі тэлефонаў для сваіх пра тое, што я жывы-здаровы. Былі выпадкі, калі турэмшчыкі тэлефанавалі блізкім і падманам вымагалі грошы.
Ізноў вусцішныя хвіліны чакання. Чуем, як пачынаюць выводзіць з суседніх камер “сутачнікаў”. Тыя ж адчуванні перад невядомасцю, але ўжо не так страшна. Мы ўпэўнены, што нас кудысьці пераводзяць.
Новая камера на 3-м паверсе. Нейкія змены. Цяпер 2 “сцэны”: адна для трох, другая для васьмі. Вось і два новых прыяцеля: стараваты з памятым тварам Валодзя і Паша – невысокі, цёмнавалосы і ў акулярах, студэнт гістфаку БДУ.
Абед. Праз гадзіну вячэра – і дзень амаль скончыўся. Цяпер дакладна няма ніякай надзеі, што нас выпусцяць на Новы год. Будзем чакаць. Перажывем.
Заўтра 10-я суткі. Адпускаюць большую частку затрыманых. Яны будуць шчаслівыя, бо сустрэнуць 31-е дома. Я не засмучаюся, толькі перажываю за ўсіх сваіх, хто будзе тужыць і шкадаваць мяне. Сітуацыя склалася менавіта так, і ўсё невыпадкова. А сам сябе не шкадую – маё свята прыйдзе ўвечары 3-га студзеня. Засталося няшмат. Яшчэ больш люблю жыццё і ўсіх блізкіх. Я не адзін такі, са мной – сапраўдныя людзі!
Стук у камеру. Перадача. Заўсёды як падарунак. Штосьці новенькае і цікавае. Пішу цалкам сваё прозвішча, стаўлю подпіс. Зноўку дапамога ад актывістаў.
7-я перадача. Ура! Маляванка і каляровыя алоўкі! Вось яна радасць дзіцячая! Яшчэ кніга па-беларуску “Будзіцелі”, цыгарэты, цёплыя шкарпэткі, цяльняшка і папера, папера...
Вось яно, першае адчуванне свята! Хутка ўсіх пабачу, абдыму і пачну праводзіць радасна кожны дзень. Разам...разам...разам... І хутка Нараджэнне Хрыстовае. Раство Цудаў...
29 снежня
Зусім не хочацца нічога пісаць. Увечары выпускаюць 10-сутачнікаў. Уся турма занятая гэтым. Цішыня. Трэці паверх вымер, нават праверак няма.
30 снежня
Мроі – самае прыемнае. Пераносішся зусім у іншую рэчаіснасць. Сны пра свабоду, каханне, маляўнічыя прасторы.
Сёння ў сне сустракаўся з сябрамі Андрэем і Вольгай. Распавядаў ім пра сваё “камернае” жыццё. І не было ніякай роспачы, перажыванняў. Я верыў і ведаў, што засталося зусім няшмат. Прасіў, каб яны забралі дадому частку кніг, якіх назбірался вельмі многа апошнім часам.
І быў яшчэ сон, што я ў вёсцы сваёй. Лета. Я са сваім сябрам “Пухнатым” набіраем ваду ў калонцы. А навокал усё было такое сонечнае, зялёнае. А потым нас ужо чацвёра: я, Віталька, Ілля і Пухнаты – мы весялімся, дурэем. Радасна, па-дзіцячаму. Усё як і раней.
Дзень. Прыемная навіна: “Усім у душ!”. Самая добрая наглядчыца з кароткай фрызурай адкрывае дзверы. Гэта яна мяне ахрысціла салістам-вакалістам А я яе запрасіў на свае будучыя канцэрты.
Цёплая вада, чыстае адзенне – усё нагадвае пра ўтульнасць, дамашні камфорт. Апранаю ўсё навюткае: падараныя джынсы, цёплы вязаны фіялетавы швэдар, шкарпэткі. Зноўку адчуваю сябе свежым і жывым.
І вось ізноў абрыдлы, смярдзючы пакой. Абед. Рыбны суп, пшонка з катлетай і – яшчэ адна радасць: перадаюць сок, гэта самае смачнае і каштоўнае з перадач.
Дачытваю Караткевіча. Гуляем у “мандавошку”. Дыскусіі пра грамадства, герояў і сапраўдных людзей. Паша правакуе ўсіх на канфлікт. Спрэчкі. Непаразуменні.
Вячэра.
І вось яшчэ адзін дзень прамінуў.

31 снежня
Пярэдадзень Новага году.

А яго тут няма! Зусім няма нічога, што магло б нагадаць пра свята. Можа, гэта і добра – няма крыўды і суму. Мы нічога не бачым, не чуем і не ведаем, што адбываецца за турэмнымі мурамі.


Раніца пачалася маркотна. Я ўпершыню адмовіўся ад кашы – надакучыла аднастайнасць, нават на свята адно і тое ж.
Сплю...сплю...
Адмаўляюцца тэлефанаваць сваякам, кажуць, што ў іх няма міжнароднай сувязі.
З’яўляюцца перадачкі хлопцам. Яшчэ сок! Усё пакідаем да вечара. Ветлівы ахоўнік цікавіцца, як нашыя справы. І – новы падарунак, 2 мандарынкі. Цудам перадалі, іх не заўважылі, разам з іншымі рэчамі. Становіцца ўсё больш і больш радасна. І ўсё дзякуючы камунікацыі.
Святочны абед: боршч, пярлоўка з рыбнай катлетай і бонус – кавалачак кіслага агурка.
Вечар. Рыхтуемся да невялікага святкавання. У нашай праграме: цыгара, некалькі бутэлек сока, песні, гульні. Каля 19.00. Раптоўны выклік. Мяне некуды вядуць па калідоры. Новы стрэс перад невядомасцю. Жалезны кабінет. Плыні думак: спачатку пра тое, што могуць адпусціць на новы год, а потым хваляванне, што могуць “прышыць” яшчэ абвінавачванні.
Сяджу ў кабінеце на прыбітым стуле і даю паказанні. Насупраць агромністы, лысы, у форме. Расказваю ўсю гісторыю свайго затрымання пад запіс. Стаўлю подпісы. Уважліва чытаю напісанае, усе дакументы. Перада мной – пратакол сведкі.
Ізноў камера. Паволі прытомнею, супакойваюся і паглыбляюся ў камерную атмасферу.
Святочны стол: яркія навагоднія сурвэткі, 2 мандарынкі, шкляначкі з сокам і кавалачкі хлеба.
Прамаўляем тосты. Я наладжваю маленькі канцэрт: беларускія, армянскія песні. У прасторы лунаюць усеагульныя радасць і весялосць. Пачынаем гульню. Кожны выцягвае з “чароўнай” кучомкі сваю шчаслівую паперку. А там напісана тое, што павінна абавязкова споўніцца ў надыходзячым годзе. У мяне – кватэра і “ажанюся!”.

Незадаволеная ахоўніца забараняе нам радавацца. Разбітае свята. З’ядаем па дольцы мандарына, дапіваем сок. Няўдалая цыгара так і не распалілася.


Новы год так і не надыйшоў! Час спыніўся на 19-м чысле. Лёгкая весялосць, якая вельмі хутка скончылася. Нідзе няма нават намёку на Новы год.
Засынаем пад неўтаймоўныя выбухі, удары феерверкаў за вакном.
Магчыма, гэта 12 гадзін ночы...
1 студзеня
6.00

“Пад’ём!”. Незадаволеная наглядчыца прасоўвае ў акенца шашкі, каб мы крыху пагулялі.


8.00

Пералічванне. Спім. Страшны сон, дзе я сустракаю сваю маці, яна вельмі хворая... Бездапаможнасць...


9.00

Сняданак. Спім.


12.00

Называюць маё прозвішча. “З рэчамі на выхад!”. Паўсонны збіраю рэчы. Невытлумачальная радасць і ў той жа час страх перад невядомасцю. Развітваюся з усімі. Хлопцы просяць паведаміць пра іх на волі. Кажуць, што філармонія мяне ўсё ж такі абараніла. Усе вельмі рады і ўпэўненыя, што мяне выпускаюць на волю.


Рэзкі аблом – мяне заводзяць у другую камеру насупраць. Доўга стаю на парозе, не магу прыйсці ў нармальны стан. Паступова знаёмлюся з новымі сукамернікамі. Размовы. Новыя сябры – інтэлігенты:
Ілля – журналіст;

Усевалад – рокер-гітарыст, прыехаў з Англіі да старой матулі;

Дзяніс – праграміст;

Саша – фізік з Акадэміі навук;

Вова – рамонт сотавых тэлефонаў.
Заўважаю, што вокны выходзяць ужо на другі бок, на вуліцу, дзе сустракаюць і прыносяць перадачы.
Прывыканне, адаптацыя. Вельмі цікавыя, творчыя людзі. Камунікацыя. Абед і праз гадзіну вячэра.

Прыкладна 17.00 – 18.00
Даю канцэрт: беларускія, італьянскія песні і г.д. Усеагульная радасць. Захапленне.
Да нас падкідваюць няшчаснага, кволенькага, прыбітага чалавечка з імем Гена. Ён заўсёды маўчыць, асцярожна сядзіць на краёчку. Мы дазваляем яму прымасціцца збоку. Гаворыць, што яго забралі проста з-за навагодняга стала.
З суседам пабіўся. Вельмі нявінны, вясковы такі. Не кажа ні слова, толькі нашыя размовы слухае.
2 студзеня
Усё тое ж самае. “Пад’ём!”. Пытанне: “Хто дзяжурыць?”. Дзяніс падымаецца, бярэ вядро са швабрай і – спаць.
Сняданак. Пасля сняданка зноўку спаць. Няма настрою што-кольвечы рабіць. Яшчэ адзін сродак змарнаваць час.
Гена знік з камеры пакуль мы спалі. Вова расказвае нам, што нібыта бачыў сярод ночы, што ў гэтага самага нявіннага Гены быў дзіўны прадмет, нешта накшталт дыктафона, і што ўночы ён яго кудысьці хаваў. Мы ня верым гэтаму, даводзячы, што гэта мог быць футарал ад акуляраў Сашы-фізіка.
Перад абедам чытаю кнігу пра спевака Забэйду-Суміцкага. Па абедзе – размовы і чаканне, калі выпусцяць Вову. У яго 14 сутак. Сумненні. Надзея.
Нешта падазронае: ніхто з вызваленых раней за ўвесь час так і не даў умоўлены сігнал з вуліцы.
Пасля вячэры спрэчкі пра веру, вечнае. Усе са сваімі духоўнымі поглядамі супраць Сашы-атэіста, які даказвае свае навуковыя тэорыі.
22.20

Вова “на выхад”. Чакаем з заміраннем сэрца. Глядзім у вакно. Чакаем! І раптам чуем пазыўное “Апчхі” на ўсю вуліцу! Вову нехта сустракае на машыне. Усе радыя за яго. Паглыбляемся ў камерны сон. Апошняя ноч зняволеных!


3 студзеня
Прачнуўся рана. Памятаю, што вельмі кепска спаў – думкі пра свабоду не давалі спакою. Пасля сняданка ніхто не спіць – усе ў чаканні. Цэлы ранак бадзяемся па камеры, пакуем рэчы. Чытаць зусім няма ахвоты. Кожныя
10 хвілін вызіраем у вакно. Ля муроў турмы збіраюцца сустракаючыя, журналісты, машыны. Нам забараняюць глядзець у вокны.

Дзяніс убачыў сваю дзяўчыну, спрабуе на мігі патлумачыць, каб яна ішла дадому, але яна ўсё чакае і не ідзе. Не знаходзіць сабе месца. Тут і Ілля заўважае сваю сям’ю: жонку і маленькага сыночка, маша рукамі, каб яны сыходзілі. Увага фатографаў звернута на нас. Пачуцці перапаўняюць усіх.


Вельмі глыбока, вельмі блізка да сэрца ўсё гэта адчуваю і разумею. Накатваюць слёзы. Нас заўважае з вуліцы таўсты мент. Стук у дзверы, папярэджанне. Болей не глядзім у вакно, чакаем на свае “выхады”
Каля 16.00. Забіраюць Сашу-фізіка. Услухоўваемся, куды яго вядуць. Ізноў падазрэнні і няўпэўненасць. Чуем, як яго заводзяць у іншую камеру. І зноўку цяжкія хвіліны чакання.
Раптам адчыняюцца жалезныя дзверы і нас па адным пачынаюць выводзіць. Усевалад застаецца адзін у камеры. Мяне заводзяць у кабінет. Стаўлю подпіс. Мне аддаюць нейкія паперы, асабістыя рэчы. Разам з астатнімі гоняць на вуліцу.
Жалезная машына. Там шмат такіх, як я. Усе з асабістымі рэчамі, хто на лаўках, хто стоячы. У лахманах, з бародамі, вусамі і бліскучымі вачыма. Хтосьці побач сказаў мне, што нас вязуць некуды падалей, на ўскраіну горада. Далей ад усіх, асабліва ад журналістаў.
Дарога...
Прыпынак...
Свабода...


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка