У. М. Навумовіч (Мінск) эвалюцыя беларускай аповесці ХХ ст.: Ідэйна-мастацкі змест, праблематыка, тыпалогія героя



Дата канвертавання30.01.2017
Памер106.72 Kb.
#2002
У. М. Навумовіч (Мінск)
ЭВАЛЮЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ АПОВЕСЦІ ХХ СТ.: ІДЭЙНА-МАСТАЦКІ ЗМЕСТ, ПРАБЛЕМАТЫКА, ТЫПАЛОГІЯ ГЕРОЯ
Беларуская аповесць займае значнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Яна адыграла асаблівую ролю ў станаўленні прыгожага пісьменства на Беларусі.

Падобнае сцверджанне яскрава пацвярджаецца ўсім ходам станаўлення беларускай мастацкай прозы на самых розных этапах яе развіцця. Можна сказаць, што асноўныя здабыткі (не прыніжаючы значэння іншых мастацкіх форм) у беларускай літаратуры ляжаць менавіта ў гэтым жанры. Беларуская літаратура — літаратура, найперш, аповесці. Кожны новы этап ва ўмацаванні і росквіце беларускага мастацтва слова сведчыць аб змястоўнасці дадзенай жанравай катэгорыі і аб яе выключным, рашаючым значэнні ў мастацкай практыцы беларускіх пісьменнікаў, у насычанасці жывога літаратурнага працэсу.

Усё гэта дае падставы з вялікай доляй перакананасці меркаваць, што развіццё і эвалюцыя беларускай аповесці — з’ява фенаменальная, рэдкая і ўнікальная ў беларускай літаратуры.

Абгрунтаванне ўсяго сказанага вышэй — жывая повязь часу, пераемнасць пакаленняў у літаратуры, хутказменлівы, але і інтэнсіўны літаратурны працэс, відавочнае ўзаемадзеянне традыцый і наватарства ў мастацтве слова.

Вядома, што старажытнае мастацтва слова не ведала такога жанру. Як вядома, адсутнічае жанр аповесці ў шэрагу еўрапейскіх і сусветных літаратур. Напрыклад, у французскай літаратуры ўсё, што з’яўляецца большым за памер навелы (апавядання), называецца раманам.

Што ўключае ў сябе жанр аповесці?

Даволі трывала замацавалася думка ў нашым літаратуразнаўстве, што аповесць — мастацкі твор з нешырокім колам дзеючых асоб, абмежаванасцю дзеяння. Яна мае не такі разгалінаваны сюжэт, як, скажам, у рамане, без асаблівых хітраспляценняў лёсаў, перыпетый праяўленняў характараў, “зігзагаў душы”, глыбінь псіхалогіі, без “раскручвання” і “закручвання” падзейных “вузлоў”, без “наваротаў”, як сказалі б сёння, сімпатыі і антыпатыі персанажаў у якой упаўне выразныя, празрыстыя.

Калі гаварыць вобразна, дык аповесць — гэта яшчэ не ўсё дзеянне, падзея, з’ява, а іх фрагмент, адзін ці два, а, мажліва, і больш, цэлы калейдаскоп падзей і з’яў, але абавязкова не ўся панарама дзеяння, а галоўная яе частка — выйгрышная ці нявыйгрышная, у залежнасці ад аўтарскай задумы, іншымі словамі, — момант ісціны, час прыняцця рашэння. Як гаварыцца, у полі зроку аповесці — несумненна, кароткай празаічнай формы — знаходзіцца не ўсё жыццё чалавека, а яго кульмінацыйныя моманты, калі персанажы вымушаны рабіць той ці іншы выбар, ставяцца перад фактам, перажываюць парогавыя, стрэсавыя, альтэрнатыўныя сітуацыі, калі даследаванне ўнутранага стану і матываў паводзін, самога ўчынку асобы вядзецца ў момант найвышэйшага напружання фізічных і духоўных сіл чалавека, на своеасаблівых “піках” кардыяграмы чалавечых адчуванняў, пры “рэнтгенаскапіі” душы, духоўным “узі” сэрца.

Такі твор мастацкага слова — аповесць у беларускай літаратуры — вельмі нагадвае народную вышыўку, вязь, арнамент, яркі ўзор на тканіне. Ды, як гаворыцца, падобны не на ўвесь малюнак ці карціну — габелен, вышыўку, ткацтва, алейнае палатно, — а на паасобны фрагмент яго. Няцяжка ўявіць сабе, што калісьці жанчыны-майстрыхі на вёсцы, беручыся за рукадзелле, вышыўку, абавязкова перад усім “нацягвалі” белы абрусік ці даматканае палатно на драўляную рамачку (гэта маглі быць кольца ці квадрат, трапецыя — для зручнасці), а тады ўжо на тым натужным полі невялічкага лапіка палотнішча накідвалі першы ўзор. І так крок за крокам. Спачатку на ражку настольніка ці рушніка, а затым ужо ў сярэдзіне, а сам арнамент вышываўся па баках.

Аповесць — гэта і ёсць падобны фрагмент велізарнейшага палотнішча жыцця, габелена часу. Вышыўка палатна “па рамачцы”. Што будзе вышыта, залежыць ад творчых здольнасцей мастака, ад яго жыццёвага вопыту. Якія межы “рамачнага” дзеяння ў аповесці таксама залежаць ад задумы творцы, глыбіні спасціжэння рэчаіснасці, ад размаху падзейнасці ў самой гісторыі чалавецтва. Нялёгка бывае, часам, вызначыць і першае, і другое, і трэцяе, астатняе. Многае залежыць ад канкрэтнага жыццёвага матэрыялу, які бярэцца за аснову мастацкага асэнсавання, ад яркасці і глыбіні з’явы, характару персанажаў, разнастайнасці праяўленняў іх душы, эмоцый і найбольшай сілай, яны адчувальны для забеспячэння поспеху ў асабліва значнай меры.

На мастацкім палатне аповесці М. Гарэцкага “Меланхолія” “віціеватай” вяззю вышыты “Сумныя лісты” Лявона Задумы з вёскі Радзівілішкі з датамі ад 30 чэрвеня 1913 г., 1/VІІ. 1913, 2/VІІ. 1913, 8/VІІ. 1913, 11 ліпеня 1913 г. І без дат да сябра дзяцінства і юнацтва: (“Мой любы таварыш! Ну, вось, у нас ужо позняя, трохі засмучоная вясна і пачатак гарачага лета. Скончыліся нарэшце практычныя заняткі, і ты можаш павіншаваць мяне: я скончыў школу...”) [1]. Падобныя запісы ў “Згадцы пра Поўнач” — “Дзень у шэсцьдзесят сутак” М. Стральцова: (“Вось жыву я цяпер у адным добрым месцы на адзіноце з лесам, восеньскай цішынёй, з не зразумелым пакуль мне самому набыткам свае душы.” [2] Або: “Можа, будзе тое, можа, не, але адно сапраўды было: у чэрвені, летам, мы ляцелі на Поўнач.” [2, с. 230]).

Аповесць М. Стральцова “Адзін лапаць, адзін чунь” увогуле пачынаецца свабодным вершам:


Замест уступу

Сон.


Сон.

Сон.


Ноччу бязлюднай і цёмнай,

Іду па зямлі,

Вышэзны і лёгкі,

Пакалыхваюся да тугі.

Галава прыгнута пад небам

Я плачу.


Зоркі – слёзы мае [2, с. 182].
Лірычны герой, а разам і аўтар, раптоўна адчуў нечаканую баязлівасць, што ён “высока, пахілы і лёгкі”, адарваўшыся ад нечага роднага, ў сваім жыцці, ад роднага дому, ужо не здолее нават на момант “прысесці на парог”. У велізарным свеце — пад “зорамі-слёзамі” ў Сусвеце заклапочаны аўтар “шукае шэрую вёску, вёску сваю.” Мы бачым, як многа можна ўмясціць у аповесць, як ёмка і нешматслоўна, выкарыстоўваючы жанравую прастору аповесці, пісьменнік здолеў сказаць пра многае, абагульняючае, пра сябе ў свеце і свет у самім сабе, пра Асобу, Чалавека, Боль, Памяць, Трывогу і Радасць, Сусвет.

Жанр аповесці дазваляе перадаць самыя патаемныя і самыя глыбокія думкі чалавека, які “ідзе над гарадамі і вёскамі”, каб адшукаць сябе ранейшага, бо “ўсе мы з хат”. Жыццёвая формула Я. Сіпакова. А далей у М. Стральцова: “...раптам казытліва стала спіне: над стрэшкай пограба імгліста ўсхапіўся снежны ўзвей, калюча зацерусіў у вочы; потым разам аціхла — чуваць было, як шаргаценнем спаўзаў па сцяне і ападаў долу вецер. Снежны пыл на вейках і шчаках раставаў, і рабілася цёпла” [2, с. 182].

Кульмінацыйныя моманты грамадзянскай вайны ў аповесцях героіка-прыгодніцкага зместу “Маладняка” — аўтараў літаратурнага аб’яднання: А. Вольнага “Два”, “Затока ў бурах” Я. Відука (Скрыгана), “Мяцеліца” М. Нікановіча, “Рыгор Галота” Р. Мурашкі, “Свінапас” М. Чарота, “Ваўчаняты” А. Александровіча, А. Дудара, А. Вольнага, названа ўжо больш для важкасці “раманам беларускіх лясоў”. Пераход вёскі на новыя рэйкі гаспадарання — добрыя ці дрэнныя, яшчэ невядома, але, несумненна, нязвыклыя і непрымальныя для традыцыйнага сялянскага існавання і стасункаў з зямлёю: “Межы”, “Новыя дарогі” С. Баранавых. Перажытае, ды незабытае, выпакутаванае ў “Сваёй аповесці” Б. Мікуліча. Засілле сацыяльнага зла ў аповесці “Вінаваты” П. Галавача. Развагі селяніна ў “Адшчапенцы” Я. Коласа. “На прасторах жыцця” Я. Коласа — першы даволі загадкавы твор для юнацтва празаічнай кароткай формы ў гісторыі беларускай літаратуры. Погляд на юнацтва як бы “збоку”, назіранні старэйшага майстра слова, як тыя шукаюць на роднай зямлі “прасторы жыцця”, знаходзяць і не знаходзяць іх, часам, заблукаўшы ў трох соснах. “Жураўліныя крыкі” вайны аповесцей В. Быкава з надзеяй “дастукацца” з паднябесся да душ і сэрцаў тых, хто жыве сёння на зямлі, хто застаўся, выжыў у той страшнай бойні, жаданне “дапісаць” лёсы і “даткаць” палатно жыццяў чалавечых, разгадаць матывы іх паводзін ужо ў мірным, не менш экстрэмальным часе на мяжы “вайны і міру”, а значыць, на пярэдніх рубяжах дабра і зла.

Ужо не аднымі ўзорамі, не адной ці некалькімі ніткамі, а фантасмагорыяй, нагрувашчваннем фарбаў, адценняў, філасофска-канцэптуальнай заглыбленасцю не толькі ў тое, што было, што ёсць, што будзе, але і ў тое, што можа быць з чалавекам, магло б быць, тчэ свае мастацкія палотны невялікіх празаічных формаў “парушальнік спакою” Я. Сіпакоў — “Усе мы з хат”, “Жыві, як хочацца”, “Пыл пад нагамі” і інш. У гэтых аповесцях звяртае на сябе ўвагу абагульненасць зместу, уменне “вывесці” простыя жыццёвыя формулы, дайсці да ісціны. Жанр аповесці садзейнічае гэтаму як найлепш. “Плынь свядомасці” ў празаічных рэчах сярэдняга фармату — творах В. Іпатавай. “Мелодыка” і складаная праблематыка аповесцей В. Гігевіча — “Мелодыя забытых песень”, “Калі ласка, скажы”, “Жыціва”, “Дом, да якога вяртаемся”.

Пранікнёнасць, даходлівасць, эмацыянальнасць, настраёвасць, займальнасць і глыбіня псіхалагічных станаў душы асобы ў І. Шамякіна — “Трывожнае шчасце”, цыкл з пяці аповесцей (“Непаўторная вясна”, “Начныя зарніцы”, “Агонь і снег”, “Пошукі сустрэчы”, “Мост”), “Шлюбная ноч”, “Гандлярка і паэт”, “Ах, Міхаліна, Міхаліна” і інш. Фрагментарныя лёсы юнацтва — у аповесцях І. Навуменкі: “Таполі юнацтва”, “Семнаццатай вясной”, “Бульба”.

Фантасмагарычныя экзерсісы маладых у прозе, сацыяльныя утопіі, пражэкты маральных “усплёскаў душы”, вытанчанасць узораў і загадкавасць малюнкавых сюжэтаў у А. Федарэнкі, У. Сцяпана, Б. Пятровіча (“Шчасце быць...”). Вастрыня пастаноўкі праблематыкі, суровае перапляценне чорна-белых, у першую чаргу, але і рознакаляровых ніцей у аповесцях Ю. Станкевіча са зборніка “Любіць ноч — права пацукоў”. Настроенасць на раскрыццё святла і ценю ў творах пачаткоўцаў відавочная.

Як мы маглі пераканацца, мастацкая палітра беларускай аповесці ХХ стагоддзя надзвычай багатая, шматкаляровая, з вострымі і нярэдка супярэчлівымі, моцна зацягнутымі вузламі, заглыбленая ў само жыццё. Фрагментарна, але найбольш поўна і вычарпальна беларуская аповесць ХХ стагоддзя даследуе жывую плынь часу, рух жыцця, чалавека ў сваім часе. Выткана мазаічнае, але цэласнае палатно — “габелен жыцця” — з яркімі фарбамі лёсаў чалавека — лёсаў краіны, з тонамі і паўтонамі быту і быцця, з нюансамі людскіх адчуванняў на кожным павароце, “у віры жыцця” (М. Зарэцкі), “пад сонцам” (М. Зарэцкі), з усімі “Дробязямі жыцця” (П. Галавач), з яго “Журбой у стылі рэтра” (Я. Сіпакоў) і “Спадзяваннямі на радасць” (Я. Сіпакоў).

Жанр — гэта канвенцыя. Сказана даўно. Вызначэнне жанра гаворыць аб тым, што паміж пісьменнікам і чытачом існуе своеасаблівая дамоўленасць, “негалоснае” пагадненне аб тым, як трэба ўспрымаць той ці іншы твор, што закладзена ў ім, што можна чакаць ад яго, а чаго ні ў якім разе не варта патрабаваць пры любым падыходзе ці пры ўсякім разглядзе. Жанр — своеасаблівая заява мастака, зварот пісьменніка да чытача аб форме падачы матэрыялу, аб змесце і спосабе ўспрыняцця самога твора. У той жа час жанр мае ў сабе і пэўныя характэрныя рысы, тое агульнае, устойлівае, але і адметнае, што адрознівае яго і што можа паўтарацца з твора ў твор, а таму і абумоўлівае пэўны спецыфічны рад, які найбольш поўна і дасканала ў межах абранай формы, у адпаведнай “рамцы”, “фармаце”, раскрывае зменлівую гістарычную ці жывую штодзённую рэчаіснасць.

Кожнай такой праўдзе жыцця адпавядае свая жанравая спецыфіка твора. Раскрыць “чалавечае ў чалавеку” можна самымі рознымі сродкамі, але вось паказ самага набалелага, “тэмпературы кіпення страсцей”, хвалюючага і нечаканага вымушае пэўнага адбору эмоцый, напалу пачуццяў, дынамікі разгортвання падзей адпаведнай формы і ступені падыходу. Такой формай, якая раскрывае ўзлёт ці падзенне чалавечага духу, трагедыйнасць ці дынаміку прыняцця рашэння ў пэўны момант чалавечага існавання з’яўляецца аповесць. Жанр, які стаў любімым для многіх пісьменнікаў, не менш распаўсюджаны і значымы, чым апавяданне, раман ці іх разнавіднасці – навела, раман-эсэ, раман-споведзь, раман-біяграфія, ці нават раман-хроніка, раман-эпапея. “Люблю пісаць апавяданні”, — прызнаваўся Я. Брыль, якога па праву называюць рыцарам малых жанраў у прозе. Апавяданні і аповесці — найбольш улюбёная і распаўсюджаная жанравая форма класіка беларускай прозы. Аўтар стварыў раман — “кнігу адной маладосці” — “Птушкі і гнёзды”, які застаецца адзіным у творчай практыцы пісьменніка і ўзнік на аснове ранніх юнацкіх аповесцей “Сонца праз хмары” і “Жывое і гніль”.

Празаіку Я. Брылю належаць выдатныя аповесці “Ніжнія Байдуны”, “Золак, убачаны здалёк”, “Апошняя сустрэча, або Расчараванне”. Пры гэтым, вядомы майстар прозы ўдакладняў, што “на любую тэму магу глядзець толькі праз прызму малое формы” [3]. Шлях ад апавядання да аповесці ў беларускай прозе вельмі кароткі і абсалютна незаўважны. Часта іх нават не адрозніваюць, адны і тыя ж празаічныя рэчы называюць і аповесцю і апавяданнем, як, напрыклад, “Прыгранічны манастыр” Р. Мурашкі — адзін з першых папулярных да вайны твораў авантурна-прыгодніцкага жанру, першы, бадай, беларускі дэтэктыў. Такіх прыкладаў шмат. Вядома, што ўсе кароткія рэчы ў рускай літаратуры ХVІІІ — ХІХ стст. называліся аповесцямі (“Аповесці Белкіна” А. С. Пушкіна) у той жа час, як разгорнутыя ў вуснай ці летапіснай форме чалавечыя лёсы называліся “апавяданне старога салдата”, “аповед бацькі”, “аповед юнкера”, “аповед правінцыяла”, мелі разгорнуты сюжэт, як у аповесці, але такімі не лічыліся: “Жыццё Аляксея, сына Божага”, “Як хадзіла Багародзіца па пакутах”. Часцей такія рэчы насілі дакументальны характар, падкрэслівалася, што гэта не “белетрыстыка” (сачыненне), а “жывыя кавалкі з жыцця жывых людзей” (20-я гг. ХХ ст.), нешта такое, што запісана са слоў відавочцаў, жывых удзельнікаў гістарычных падзей ці тых, хто склаў славу айчыннай культуры. Запісвалася тое, што асабліва засела ў народнай памяці. Аўтар у аповесці менш заўважны, чым у апавяданні. Аповесць мае большую ступень аддаленасці, у ёй большая дыстанцыя паміж з’явай, падзеяй, характарам персанажа і самім апавядальнікам, “погляд як бы збоку” вельмі адчувальны, падкрэслены сюжэтна і ў абмалёўцы.

У аповесці, як правіла, прыцягваюць увагу неардынарныя характары, натуры яркія, глыбокія, малююцца вострыя і напружаныя сітуацыі. Аповесць не адкладваюць на наступны раз, каб дачытаць. Яна ці захоплівае, ці не, выклікае суперажыванні, або пакідае раўнадушным. Па сваім ідэйна-мастацкім змесце беларуская аповесць прайшла магутны, часам пакручасты, але адметны і захапляючы шлях. Заглыбіўшыся ў душу звычайнага чалавека ў творчасці М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча (вершаваная аповесць “Гапон”), Ядвігіна Ш., пазней знайшоўшы філасофскае асэнсаванне чалавека і свету ў аповесцях Я. Коласа, К. Чорнага, М. Лынькова, Я. Маўра, атрымаўшы рамантычна-завостранае праламленне часу і чалавечага характару ў прозе М. Зарэцкага, набыўшы сацыяльную прыроду ў творах В. Каваля, С. Баранавых, Б. Мікуліча, Я. Нёманскага, беларуская аповесць інтэнсіўна развівалася ў напрамку заглыблення ў свет чалавека і чалавека ў свеце.

Аповесці І. Шамякіна, Я. Брыля, А. Карпюка, М. Лупсякова, Л. Арабей значна пашырылі гарызонты аналітычнай прозы, засведчылі аб росквіце жанру і сцвердзілі адметнасць і непаўторнасць яго эстэтыкі. Цеснае спалучэнне разведвальных функцый, мабільнасці і вастрыні новага погляду на з’явы рэчаіснасці зрабілі аповесць у беларускай літаратуры адным з самых дэмакратычных жанраў, з відавочнай дэмакратызацыяй, “размуроўваннем” формы, зместу, стылю. Беларуская аповесць ішла ў авангардзе “перабудовы чалавека па новаму штампу” (Ф. М. Дастаеўскі), разведваючы новыя шляхі да гармоніі ўзаемаадносін паміж людзьмі, раскрываючы жаданне жыць не па хлусні, без двайных стандартаў, захоўваючы чысціню і рамантыку духу. Такія аповесці В. Быкава, М. Стральцова, У. Караткевіча, Я. Сіпакова, І. Чыгрынава, І. Пташнікава, В. Адамчыка.

Невыпадкова ў жанры аповесці сталі мажлівымі “формулы часу”: “Усе мы з хат” (Я. Сіпакова), “Сена на асфальце” (“вёска ў горадзе”) М. Стральцова, “У тумане”, “Знак бяды” В. Быкава, “Непаўторная вясна” І. Шамякіна і інш.

Навізну філасофска-канцэптуальнага падыходу да жыцця дэманструюць празаічныя творы апошніх гадоў Я. Сіпакова, В. Іпатавай, В. Гігевіча, якія выступаюць за каштоўнасць чалавечага жыцця на роднай зямлі, за паўнату духу, адметнасць людскіх адчуванняў. Аповесць у беларускай літаратуры — самы распаўсюджаны, найбольш мабільны, разведвальны, дынамічны жанр.

Літаратурны даследчык Г. Д. Гачаў у кнізе “Змястоўнасць мастацкіх форм (эпас, лірыка, тэатр)” пісаў: “Форма ёсць не толькі канструкцыя, але і светаўспрыманне” [4, с. 39]. Не пагадзіцца з гэтым нельга. Гісторыя беларускай аповесці, яе эвалюцыя якраз пацвярджае дадзены тэзіс. Г. Д. Гачаў працягваў: “Форма — гэта існаванне быцця і чалавека: апрануўшы чалавека ў мундзір, армія гаворыць: ён — мой, ён — ваенны. Праз форму кавалак быцця і кожны чалавек, які нараджаецца на свет, пра якога толькі можна сказаць, што ён ёсць, але яшчэ нельга сказаць, што ён ёсць, — становіцца чымсьці, г. зн. праяўляе пэўную сваю сутнасць” [4, с. 39].

У жанры аповесці чалавечая сутнасць праяўляецца, на нашу думку, найбольш канцэнтравана, ярка і пераканаўча. Аб гэтым сведчыць эвалюцыя жанру аповесці ў беларускай літаратуры.



__________________________

  1. Гарэцкі М. Выбраныя творы: У 2 т. — Т. 2. / М. Гарэцкі. — Мн., 1973.

  2. Стральцоў М. На ўспамін аб радасці: Выбр. / М. Стральцоў. — Мн., 1974.

  3. Пяцьдзесят чатыры дарогі: Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мн., 1963.

  4. Гачев Г. Д. Содержательность художественных форм. Эпос. Лирика. Театр. / Г. Д. Гачев. — М.: 1968.

Каталог: bitstream -> 123456789 -> 54132
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал