У прадчуванні верша у 2016 годзе Рагнед Малахоўскі выдаў тры паэтычныя зборнікі ― «Клічнікі дажджу»




Дата канвертавання13.05.2017
Памер76.47 Kb.
У прадчуванні верша

У 2016 годзе Рагнед Малахоўскі выдаў тры паэтычныя зборнікі ― «Клічнікі дажджу», «Кахання радок», «Выгнаннік дзьмухаўцовага раю». Аднак пакуль што пабачыць іх можна не на паліцах сталічных кнігарняў, але на віртуальных паліцах электроннай бібліятэкі kniharnia.by. Гэтая практыка, яшчэ недастаткова пашыраная на прасторах беларускага літпрацэсу, заслугоўвае асобнага разгляду. А вось прапанаваць чытачу ажно тры кнігі адразу ― рызыкоўны намер. І ён, безумоўна, не можа застацца без водгуку.

Асэнсаванне паэзіі Рагнеда Малахоўскага амаль заўсёды распачынаецца з гаворкі пра яго асобу. Разумею чаму. Р. Малахоўскі ― асоба сапраўды вельмі яркая і, калі можна так сказаць, наскрозь паэтычная. Часам складаецца ўражанне, што ён пераўтварае ў паэзію кожны свой крок і кожны подых. У другую чаргу абавязкова адзначаецца, што, нягледзечы на распаўсюджаныя ў сучаснай паэзіі моўныя і рыфматворчыя эксперыменты, Р. Малахоўскі застаецца адданым класічным формам. Гэта своеасаблівы паэтычны імідж: класіка ў паэзіі і паэзія як стыль жыцця.

Пытальнікі і клічнікі



http://zviazda.by/sites/default/files/7_41_klichniki_dazhdzhu.jpg

Паэтычны зборнік «Клічнікі дажджу» распачынаецца вельмі моцным вершам «Валун». Гэта адзін з самых удалых вершаў ва ўсёй кнізе. Аднак паганская тэматыка не дамінуе ў вершах Р. Малахоўскага, яна з’яўляецца раз-пораз, як і хрысціянскія матывы. Ні тое, ні другое не ўступае ў супярэчнасць, бо не з’яўляецца для паэта вызначальным. Яго захапляе любая з’ява як магчымасць для стварэння вобраза. Паэту ўдалося знайсці спосаб настолькі «ўжыцца» ў ролю старажатнага народнага талісмана, каб заўважыць нават тое, як «глыбелі крывыя маршчыны, што палеглі на твар валуна». У гэтым вершы няма аніводнага лішняга радка, і гэта адрознівае яго ад усіх астатніх, змешчаных у зборніку.

Абсалютная большасць вершаў, якія распачынаюцца захапляльнымі вобразамі і нечаканымі метафарамі, раптам абрываецца выпадковым наборам слоў або ланцужком недарэчных асацыяцый. Увогуле адвольна-непрадказальнае спалучэнне слоў у радку ― адметнасць усіх вершаў Р. Малахоўскага. Часам гэта ўспрымаецца нават як памылка ці, прынамсі, недрэчнасць («Край мой пачынаецца / На ўскрайку / незлічонае вады»; «Полем памяці белыя коні / Прад вачыма імчацца маланкай»; «Я прама ў вочы злой бядзе / Скажу намеры»). Атрымліваецца так, што аўтар сапраўды заваблівае чытачоў выявамі болю, пакуты або ўзнёслага пачуцця, а пасля нібы знікае ў слоўнай бездані.

Кніга пазіцыянаваная як зборнік грамадзянскай лірыкі ў тым ліку, але нават самыя палымяныя паэтычныя прамовы, якія сапраўды закранаюць важныя праблемы беларускай рэчаіснасці, наўрад ці могуць атрымаць адпаведны водгук, бо яны выплываюць зніадкуль, аніяк нематываваныя папярэднім зместам верша. Замест таго, каб успрыняць аўтарскі роздум («Мовапрадаўцам — пакаранне!»), пачынаеш разважаць, адкуль гэтая выснова ўзялася.

Можна сказаць, што ў зборніку «Клічнікі дажджу» існуе адзіная схема, паводле якой пабудаваныя ўсе вершы: моцны, уражвальны пачатак, працяг роздуму з паглыбленнем у інтымныя перажыванні героя, заканчэнне з выпадкова падабраных слоў, якія аніяк не стасуюцца і не суадносяцца з папярэднім зместам, аднак вельмі ўдала складаюцца ў радкі.

Рагнед Малахоўскі, безумоўна, майстар паэтычнага вобраза. Ён умее стварыць яркі, запамінальны вобраз з самых звычайных слоў, паставіўшы іх у нязвыклае спалучэнне, супаставіўшы нязвыклыя адценні сэнсаў. Аднак часам гэтае ўменне выкарыстоўваць нязвыклыя кантэксты прыводзіць да таго, што надзвычай цікавы і арыгінальны вобраз губляе сваё гучанне ў слабой канцоўцы сярод выпадкова падабраных слоў дзеля захавання рытму.

Калі лірычны герой кажа: «На аркуш поля боязна ступлю», ― то я яму не веру, бо «ступае» ён акурат вельмі смела. Словы складаюцца ў радкі лёгка і нязмушана, радок арганічна нанізваецца на радок, але калі чытач прыпыніцца і паспрабуе зразумець, якую паэтычную выяву прапаноўвае аўтар, то вымушаны будзе прызнаць паразу:

За мною сочыць, быццам шэры цень,

Халодны позірк шчасця ліхадзейны.

Вядома, можна разважаць, што гэта паэтычны вобраз, а ён, як усім вядома, не мусіць падпарадкоўвацца логіцы, а ў межах унікальнага аўтарскага ўспрымання і ўвогуле можа апеляваць да самых нечаканых асацыяцый і параўнанняў. Гэтай фармулёўкай вельмі часта і паспяхова тлумачыцца любая недарэчнасць у мастацкім творы. Аднак мне падаецца, што калі толькі недарэчнасць як такая не ёсць маніфест мастацкага кірунку альбо калі яна не ўводзіцца ў твор наўмысна, то яе існаванне ў мастацкім тэксце апраўдаць няма чым.

У гісторыі літаратуры вядомыя выпадкі, калі паэтам, нават даволі знакамітым, не дазвалялі чытаць у рэдакцыях літаратурных выданняў свае творы ўголас. Гучалі вершы цудоўна, асабліва ў аўтарскім выкананні, але калі рэдактар аказваўся сам-насам з тэкстам, то аказвалася, што, страціўшы гучанне, верш страчвае і сэнс. Калі прамаўляеш вершы Р. Малахоўскага ўголас, то чуеш сапраўды чароўную казку, калі ж спрабуеш успрымаць словы, надрукаваныя на паперы (хай сабе і электроннай), то губляешся, як і сам паэтычны твор, ён нібы знікае на паперы, разбіваецца на аскепачкі вобразаў і слоў.

Верш «Клічнікі дажджу», які даў назву зборніку, распачынаецца пранізлівым прызнаннем:



Цалуюць шыбу

Клічнікі дажджу,

Пытальнікам

Скруціў лістоту вецер.

Найлепшы час

Прызнаць,

Што не жыву, —

Напружанне паэтычнага роздуму перадаецца чытачу, за гэтымі радкамі чакаеш нейкага глыбокага падсумавання, але замест гэтага атрымліваеш… банальны радок:



Страшнейшае

Расчараванне ў свеце.

Магчыма, паэту нестае вытрыманасці, каб дадумаць вобраз, давесці яго да паэтычнай завершанасці.

Напрыканцы зборніка змешчаны шэраг вершаў, прысвечаных паэту і паэзіі. З’яўленне такіх вершаў непазбежна і сведчыць пра пэўны ўзровень творчай эвалюцыі, калі паэт усвядомлена ўспрымае сваю творчасць не як занятак у вольную хвіліну і нават не як непарыўную частку свайго жыцця, але як сваю першасную існасць. Таму вершы Р. Малахоўскага, прысвечаныя, так бы мовіць, сваёй уласнай паэзіі, выклікалі ці не найбольшае зацікаўленне. Бадай самым ілюстратыўным ёсць «Мой верш»:

Ды шчырасць загартуе болем сэрца.

Стрывае аркуш праўдзішча быцця.

Праб’ецца між сівых каменняў дрэўца —

Мой верш — мой боль

Зялёнага жыцця.

Адзін з самых шчырых вершаў у зборніку. У ім няма зазвычайнай позы паэта, які мусіць увесьчасна пакутаваць, у ім сапраўды адчуваецца — боль і шчырасць. Як жа кантрастуе з «Маім вершам» верш «Мастак», прысвечаны, па сутнасці, той жа тэме, хаця героем і выступае мастак, а не паэт:



Ты малюеш хвіліны ліхія,

Што разбіліся ў звоне бакала.

Ды не верыш у сны дарагія

Між цяністых кутоў карнавала.

Вось тут бачыцца толькі поза, адноўленая са створаных усімі ранейшымі пакаленнямі паэтаў вобраза, ды яшчэ і з моўнымі недакладнасцямі.

Невыпадковым падаецца тое, што «Мой верш» пазначаны двума датамі (2003 г. і 2014 г.). Можа, для таго, каб выспеліць верш такога ўзроўню, сапраўды патрэбна некалькі гадоў.

Каханне на паперы

http://zviazda.by/sites/default/files/7_41_kahannya_radok.jpg

Другі зборнік вершаў «Кахання радок» мае падзагаловак, які гаворыць сам за сябе: «Вершы пра ўзаемнае і неўзаемнае».

У анатацыі пазначана, што «юначыя жарсці і пачуцці да дзяўчыны цесна пераплятаюцца з любоўю да свайго роднага нарачанскага краю». Тое, што Радзіма паўстае ў творчасці паэта часам у вобразе каханай дзяўчыны, ― не навіна для беларускай літаратуры. Але ў зборніку няма ані вобраза каханай дзяўчыны, ані вобраза Радзімы, а толькі рамантызаваная постаць паэта, які захапляецца… неістотна, кім. Нібы пратэстуючы супраць гэтага ўдаванага пачуцця, лірычны герой і сам выгукае:

О, колькі ў думках мрою мілаваць,

Прыдуманыя вусны цалаваць,

Душу каханнем выдуманым грэць.

Вельмі добрае азначэнне ёсць і ў вершы «***Каханне паэтэсы да паэта» ― «каханне на паперы». Бадай, гэтае азначэнне як мага лепей падыходзіць да характарыстыкі інтымнай лірыкі Р. Малахоўскага: не выяўленне пачуцця ці нават настрою, але толькі ўвасабленне паэтычнага міфа кахання.

Каханне ― тэма, вядома, вечная, хаця і небяспечная. Пасля ўсяго сказанага ўжо амаль немагчыма быць арыгінальным. Аднак Р. Малахоўскі ўсё ж прапаноўвае нам «радкі кахання», якія будуць пачутыя не толькі той, каму прысвечаныя («***Ценем затуманенага саду», «Блуканні»), а самымі кранальнымі, дзеля якіх і варта было заглыбляцца ў чытанне, мне падаліся вершы эратычнага зместу ― «***Трывожная ноч» і «Ласунак».

Ласунак лепшы

Для мяне —

Кропелькі

Ажынавага соку,

Што марамі

Шчаслівага юнацтва

Коцяцца па тваім

Бурштынавым целе...

Варта адзначыць, што абодва гэтыя вершы ― адны з нешматлікіх нерыфмаваных у творчасці Р. Малахоўскага. Мабыць, гэта дало магчымасць паэту, адданаму класічным традыцыям вершаскладання, крыху разняволіць творчы пошук.



Закінуць вуду

http://zviazda.by/sites/default/files/field/image/7_41_vygnannik.jpg

Менавіта ў кантэксце такіх разважанняў можна абмяркоўваць і зборнік філасофскіх імпрэсій (аўтарскае вызначэнне жанру) «Выгнаннік дзьмухаўцовага раю». Частка гэтых імпрэсій, праўда, была змешчана напрыканцы зборніка «Кахання радок», што падаецца неапраўданым, калі планавалася сабраць усе імпрэсіі-замалёўкі пад адной вокладкай.



«Створаныя ў штодзённай мітусні», не ўсе імпрэсіі перажылі гэтую мітусню. Нешта, мяркую, засталося адно ў тым дні, калі стваралася, таму да паэтычнага ўспрымання чытача, які ў любым выпадку знаходзіцца па-за часам, нават калі з’яўляецца сучаснікам аўтара, дойдзе не ўсё. У некаторых імпрэсіях няма заяўленага філасофскага роздуму, у некаторых створаныя паэтам вобразы гучаць камічна, хаця наўрад ці гэта было мэтай аўтара («Піва разлітага пах у вагоне метро. / Ля чаравікаў віецца тонкі ручаёк»).

Аднак як майстар найперш запамінальнага паэтычнага вобраза, Р. Малахоўскі, безумоўна, выявіў у гэтым жанры сваю творчую адметнасць.

Складаецца ўражанне, што тое своеасаблівае прадчуванне верша, якім поўняцца многія старонкі зборнікаў «Клічнікі дажджу» і «Кахання радок», знайшло нарэшце ў «Выгнанніку з дзьмухаўцовага раю» сваё паўнавартаснае ўвасабленне. У творчасці Рагнеда Малахоўскага багата непаўторных, цікавых, арыгінальных вобразаў, але мала выспеленых, закончаных вершаў. Яго творчасць можна разабраць на цытаты, але вельмі цяжка выбраць верш, які б хацелася завучыць на памяць.

Таму, чытаючы імпрэсіі Р. Малахоўскага, міжволі прыходзіш да высновы, што паэту варта паспрабаваць развівацца менавіта ў такім кірунку.



На дне ракі

незлічоныя скарбы

чакаюць сваіх шукальнікаў.

Прыйшоў на бераг рыбак,

вуду закінуў…

Перафразуючы паэта, скажам, што закінуў вуду чытач. Важна, каб у імкненні адшукаць закінутыя на дно паэтычнай ракі-кнігі скарбы ён не быў падмануты.



Жанна КАПУСТА


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка