Ужыванне прыставак су- І са у апошнія дзесяцігоддзі колькасць словаў з прыстаўкамі са




Дата канвертавання26.01.2018
Памер36.38 Kb.
Ужыванне прыставак су- і са-

У апошнія дзесяцігоддзі колькасць словаў з прыстаўкамі са- і су- расце, што звязана перадусім са з’яўленнем новых тэрмінаў і агульнай тэндэнцыяй да інтэлектуалізацыі мовы. У Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы (1996) чытаем пра значэнне прыстаўкі су-:

  1. пры ўтварэнні назоўнікаў:

  • сумеснасць, саўдзел (суадказчык, сустаршыня);

  • падабенства (суглінак, сукравіца);

  • сукупнасць, зборнасць (суквецце, сузор’е);

  1. пры ўтварэнні прыметнікаў:

  • суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (суадносны, сугучны);

  • збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (сучасны, сумежны);

  1. пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўсталяванне суадносін паміж чым-небудзь (сумясціць, суіснаваць, суаднесці).

Прыстаўка са- служыць для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць сумеснасць дзеяння (садаклад, саўдзельнік, сааўтарскі).

Такім чынам, відавочна, што семантыка слова – гэта не адзіны фактар, які ўплывае на выкарыстанне прыставак су- і са- (бо і там, і там перадусім гэта сумеснасць). Тады якім чынам можна вызначыць, якую прыстаўку ўжываць?

Паводле новай рэдакцыі правілаў беларускага правапісу прыстаўка су- ужываецца:

  • у назоўніках, дзе су- вылучаецца толькі гістарычна: (сусед з сядзець, сувой з віць, сувязь з вязаць, сутаргі з торгаць, сумёт з мясці, сустаў з ставіць) і ў вытворных ад іх;

  • у новых утварэннях, калі ёсць слова без су- (супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, супрацоўнік, суадказчык, сувыканаўца і інш.) і ў вытворных ад іх;

  • у словах, якія без су- не ўжываюцца (суквецце, сузор'е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сумежжа);

  • у дзеясловах (суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, супадаць);

  • у прыметніках (сумежны, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны);

  • у прыслоўях (супраць / супроць).

Прыстаўка са- ужываецца:

- у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка вылучаецца толькі гістарычна (сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе);

  • у запазычаннях і кальках, пераважна з рускай мовы (сачыненне, састаў, саслужывец, саіскальнік і інш).

  • у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са- (саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць), сапраўды (сапраўдны) і інш.);

Трэба памятаць, таксама, што прыстаўка са- як варыянт прыстаўкі с- / з- пішацца ў дзеясловах перад збегам зычных: садраць (здзяру), сагнаць (зганю), саскочыць і г.д.

Напісанне прыставак су- і са- ў іншых выпадках, ак адзначаецца ў правілах, трэба вызначаць па слоўніку.

Аднак у сучаснай маўленчай практыцы мы ўсё часцей сутыкаемся з формамі суўдзельнік, суаўтарскі, суіскальнік / сушукальнік (праўда, у апошні час пашыраецца варыянт спашукальнік), што, паводле мовазнаўцы Пётры Садоўскага, з’яўляецца вынікам сучаснага пурызму, калі словы з прыстаўкай са- расцэньваюцца як калькі ці запазычанні з рускай мовы. Такім чынам, сёння перадусім у вуснай мове моладзі і ў інтэрнэт-крыніцах можна сустрэць словы сукурснік, судружнасць, суаўтар, суўдзельнік, сутрапезнік, суўладальнік, субрат, сувучань, сувыдавец, сувакупіцца, судаклад і г. д., якія не лічацца нарматыўнымі і не фіксуюцца слоўнікамі, аднак дэманструюць тэндэнцыю да пашырэння ўжывання прыстаўкі су-.

Заданне

Утварыце назоўнікі пры дапамозе прыставак су- ці са-:

Дакладчык – садакладчык

Наймальнік – сунаймальнік

Плод – суплоддзе

Удзельнік – саўдзельнік

Кватарант – сукватарант

Курс – сакурснік (аднакурснік)

Апякун – суапякун

Арганізатар – суарганізатар

Выдавец – сувыдавец

Аўтар – сааўтар

Брат – сабрат

Трапеза – сатрапезнік

Перакладзіце на беларускую мову:

Содружество – супольнасць / садружнасць

Сожитель, сожительница – сужыцель, сужыцелька

Созастройщик – сузабудоўшчык / сузабудоўнік

Созерцатель – сузіральнік

Соратник – саратнік

Сонаследник – суспадчыннік / сунаследнік

Созависимость – сузалежнасць

Сопровождающий – суправаджальнік

Соразмышление – суразважанне

Сородич – суродзіч

Собутыльник – сабутэльнік (субутэльнік – Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс). Наша Ніва)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка