Уладзімір Арлоў як майстар гістарычнага эсэ




Дата канвертавання20.01.2017
Памер171.19 Kb.
   Уладзімір Арлоў як майстар гістарычнага эсэ

(“Таямніцы Полацкай гісторыі”)

План

  1. Уладзімір Арлоў – аўтар гістарычнай прозы.

  2. Эсэ як жанр літаратуры.

  3. Стылёвыя адзнакі эсэ ў “Таямніцах Полацкай гісторыі”.

  4. Асоба аўтара ў эсэ.

  5. Стыль эсэ. Мастацка-вобразныя сродкі.

Сапраўднае месца Уладзіміра Арлова ў беларускай літаратуры «перабудовачнага часу» і эпохі незалежнасці, вядома ж, вызначыць час. Бязмежная вера ў сапраўды беларускую Беларусь зрабіла яго адным з галоўных асобаў, што стваралі інтэлектуальнае апірышча новай беларускай незалежнасці.

     Нарадзіўся Уладзімір Арлоў 25 жніўня 1953г. у старажытным Полацку, які і стаў своеасаблівай зоркай яго празаічна-паэтычна-эсэістычнай эпапеі. Працуючы намеснікам рэдактара наваполацкай гарадской газеты «Химик», Уладзімір Арлоў напачатку 1980-х гг. узначаліў гарадское літаратурнае аб'яднанне «Крыніцы», якое паступова зрабілася асяродкам незалежнай беларускай думкі.

 Вельмі часта аб'ектам гістарычнага даследавання ў прозе Уладзіміра Арлова робіцца тое, што адбываецца пасля падзеі, калі больш выразна выяўляюцца вынікі, усё тое, што намі будзе ўспрымацца як магістральная лінія нацыянальнага развіцця, як скразная плынь гісторыі. Эпіцэнтр гістарычных падзеяў, на які былі гэтулькі часу засяроджаныя позіркі аналітыкаў, у яго творах прыкметна змяшчаецца на перыферыю, і вось выяўляецца: тое, што знаходзілася на ўскрайку гістарычнае свядомасці, і ёсць сапраўдным эпіцэнтрам, бо не меч вырашае лёс цывілізацыі, а дух, — праўда старая, відавочная, якая тым не менш патрабуе пастаяннага напамінку пра сябе...

     Гэткім чынам, ужо ранняй творчасці Уладзіміра Арлова ўласцівы моцны эсэістычны пачатак. Па-сапраўднаму ж большая вага Арлова-эсэіста стала адчувацца нават у параўнанні з вагою Арлова-навеліста пасля выхаду асобнай кнігай вялікага эсэ на гістарычную тэматыку «Таямніцы полацкай гісторыі» (1994). Гісторыя ў гэтай кнізе — гэта гісторыя і падзеяў, і людзей, а зрэшты — і ідэяў якія паступова авалодваюць думкамі нашых сучаснікаў.


Эсэ – жанр, які знаходзіцца на мяжы літаратуры, публіцыстыкі, навукі. У навуковай літаратуры можна сустрэць розныя вызначэнні эсэ і розныя меркаванні пра жанр. Прывядзём некаторыя з іх.

Эсэ – жанр філасофскай, літаратурна-крытычнай, гісторыка-біяграфічнай, публіцыстычнай прозы, якая злучае ў сабе падкрэслена індывідуальную пазіцыю аўтара з нязмушаным, часта парадаксальным выкладам, арыентаваным на гутарковае маўленне.

Эсэ – гэта жанр, які мае непасрэдную блізкасць з навуковай, публіцыстычнай і мастацкай літаратурай і які. Аднак, не адносіцца цалкам не да адной з іх. Шырыня функцый эсэ дазваляе адносіць да гэтага жанру любыя творы з неяўна выражанай жанравай прыналежнасцю[2]. З навуковай літаратурай эсэ яднае яго тэматыка, што аб’ядноўвае ўсе аб’екты думкі пераважна гуманітарных навук: філасофіі, літаратурнай тэорыі і крытыкі, эсэістыкі, паліталогіі, сацыялогіі і інш. Эсэ з’яўляецца адным з прадуктыўных жанраў у выражэнні філасофскай думкі, г.зн. ведаў пра найбольш агульныя бакі свету і чалавека. Агульныя родавыя ўласцівасці эсэ: вядучая роля асобы аўтара, што з’яўляецца важнейшым структураўтваральным прынцыпам эсэ. Пры гэтым у эсэ адбываецца аналіз якога-небудзь, пераважна гуманітарнага, аб’екту думкі, а не асобы аўтара. Яшчэ адна ўласцівасць – асобая актуалізаванасць, суаднесенасць з сённяшнім момантам. Другая рыса эсэ – наяўнасць вобразнасці, экспрэсіўнасці – усяго, што з’яўляецца выражэннем яго мастацкасці і публіцыстычнасці [2].

Дыялагічнасць – яшчэ адзін жанраўтвараючая прымета эсэ. Якую б форму для выкладу сваіх думак ні выбраў эсэіст, як бы ні будаваў кампазіцыю, галоўным заўсёды застаецца шчырасць з чытачом.

І адна з абавязковых умоў для стварэння эсэ – жыццёвы вопыт, высокі інтэлектуальны ўзровень.

Гэтыя асаблівасці эсэ ў творы “Таямніцы полацкай гісторыі” мы паспрабуем вызначыць у нашай рабоце.

Уладзімір Арлоў, аўтар кніг “Еўфрасіння Полацкая”(1992) і “Рандэву на манеўрах”(1992), гістарычнага эсэ “У пошуках украдзенага скарбу”(1993), засведчыў сваю адданасць ісціне пра мінулае беларусаў яшчэ на пачатку 80-х гг., калі ў мясцовым і тагачасным саюзным друку публікаваў артыкулы, у якіх рэзка крытычна адгукаўся на 5-томную акадэмічную “Гісторыю БССР” і аднаіменны школьны падручнік, называючы прама асноўную іх загану -- свядомую фальсіфікацію мінулага ваўгоду афіцыйнай гісторыяграфіі. У заснаванай на дакументальных фактах гісторыі першага вядомага Еўропе беларускага горада Полацка, сталіцы Полацкага княства, у якім жыла ў той час патранеса і заступніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая, У. Арлоў выступае як майстар празаічнага слова, а ў апавяданнях і аповесцях -- як строгі вучоны-прафісіянал, які ведае цану першакрыніцам і ўмее іх разглядваць на шырокім фоне мінулага і сучаснасці. Гісторыю ён любіць саму па сабе, у яе першавытворнасці, пазбягаючы мадэрнізацыі.

Старонку за старонкай перагортвае У. Арлоў у сваіх творах кнігу народнай славы. Увагу яго спыняюць некаторыя найбольш яскравыя эпізоды і каларытныя постаці. Дакументальнасць яго прозы не падлягае сумненню. А там, дзе канчаецца гістарычны дакумент, рэальны факт, пачынаецца вялікая поле аўтарскай фантазіі.

 Ён ужо меў трывалы творчы грунт. Празаік гістарычнай сучаснай тэматыкі, творца, што працягвае, не эпігонствуючы, працярэбліваючы свой шлях, традыцыі Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова. Ад яго ўжо чакалі... новых твораў. Працягу? Нечаканых паваротаў? Вось гэта і было пытаннем для самога пісьменніка. На тую пару — аўтара гістарычных апавяданняў "Пяць мужчын у леснічоўцы", "Пакуль не згасла свечка", "Міласць князя Гераніма", "Каля дзікага поля", "Рандэву на манёўрах" і г.д. Аўтара гістарычных аповесцяў "Сны імператара", "Дзень, калі ўпала страла", "Час чумы"... Аўтара эсэ, шматлікіх апавяданняў на сучасную тэматыку...

 

     Ужо вызначыліся асноўныя дамінанты творчасці У. Арлова: нацыянальная ідэя, Беларусь у самавызначанасці сваёй і ў сувязі з іншымі народамі, гістарычныя шляхі нашай Айчыны і суайчыннікаў, гістарычныя моманты вызначальнага, гераічнага кшталту, нацыянальная свядомасць і самасвядомасць.



Вось што гаворыць сам пісьменнік: “Па-свойму дарагая мне кожная з кнiг, на якіх стаіць маё прозвішча, але найдаражэйшаю лічу свае «Таямнiцы полацкай гiсторыi» – маё прызнанне ў любовi да роднага горада. У англiчан ёсць такая прыказка: «Трэба ведаць што-небудзь пра ўсё i ўсё – пра што-небудзь». Полацк, ягоная гiсторыя – якраз тое, пра што я хачу ведаць усё. Спадзявацца на гэта, вядома, наiўна, але, магчыма, сёння няма на свеце чалавека, якi б ведаў полацкую гiсторыю лепей за мяне.

Працуючы над «Таямнiцамi», я даведаўся пра старажытны звычай нашых продкаў-крывiчоў. Дасягнуўшы паўналецця, iх юнакi здавалi своеасаблiвыя iспыты на мужчынскую сталасць. Iм трэба было пераплысцi хуткую i глыбокую раку, зрабiць доўгi пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распалiць у залеву вогнiшча, а яшчэ – абавязкова ведаць сваiх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў – не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралi, яго маглi наогул асудзiць на выгнанне, бо лiчылася, што бяспамятны ў час небяспекi лёгка зробiцца здраднiкам.”

У адрозненне ад Вільні, якая найлепшым чынам ілюструе нашу гісторыю эпохі Вялікага княства Літоўскага і перыяд нацыянальнага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці як такой. Першы беларускі горад, які за 862 годам згадваецца ў летапісе і дзе ўладарыў князь Рагвалод. Горад, славу якога ў крывавых бітвах здабываў магутны і містычны Усяслаў Чарадзей. Месца, якое напаўнялі сэнсам князёўна, асветніца і святая Еўфрасіння Полацкая, мысляр-гуманіст і першадрукар Францыск Скарына, Сімяон Полацкі...
Гэтая кніга — своеасаблівае прызнанне вядомага пісьменьніка ў любові да роднага горада.

Змест кнігі складаюць раздзелы:

Прызнанне ў любові
Унукі Белабога
Ад Рагвалода да Брачыслава
Час Чарадзея
Асветніца з роду Усяслава
Смерць князя Валодшы
Новая дзяржава
У гасподзе Падуанскай
Полацкая вайна
Крывавае стагоддзе
Муж дабраверны, царкве і дзяржаве патрэбны
Каранаваны забойца
За Дзвіною – іншая краіна
Дзень нараджэння Напалеона
Alma mater Polocensis
Кадэцкі корпус
Старонкі правінцыйнага рамана
Травень, 1910
Сто датаў полацкай мінуўшчыны

У кожным з іх – аўтарскае «я» з яго выразнай пазіцыяй, гуманістычна-іранічным стаўленнем да бачанага, скрухай, лірыкай, роздумам, непаўторным арлоўскім горкім сарказмам у дачыненні да гэткай недасканалай чалавечай прыроды, што ніяк не можа ўзвысіцца над хадою часу і над сабою.

Як ужо было сказана вышэй, эсэ – гэта жанр, які мае непасрэдную блізкасць з навуковай, публіцыстычнай і мастацкай літаратурай і які, аднак, не адносіцца цалкам ні да адной з іх.

Пачатак твора выразна публіцыстычны: “Колькі гадоў Полацку? Летась споўнілася 1130, скажаце вы. Але пытанне не такое простае, як здаецца… А цяпер зазірнём у мінуўшчыну яшчэ глыбей.”[1;7 - 8] Ужо ў самым пачатку рэалізуецца пабуджальная функцыя публіцыстычнага стылю. Інфармацыя адрасавана для ўсёй грамадскасці, таму падаецца вобразна, цікава: “Нашы далёкія родзічы ведалі тое, што цяпер паспяхова даказвае навука. Духоўная энергія папярэдніх пакаленняў не знікае – яна жывіць род і ўвесь народ, дазваляе яму выстаяць у самыя цяжкія часіны. Таму мы і чуем гаючае ўзрушэнне каля старадаўніх сабораў і на палях славутых ратных перамог. ”[1;25]; “З чым параўнаць яе [Спаса-Прэабражэнскай царквы] бялююткае дзіва? З лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? З казачнааю птушкаю на зялёным поплаве? З журботна светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?”[1; 83 - 84] Уздзеянне скіравана не толькі на розум, але і на пачуцці адрасата: “У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах.”[1; 39], закранае яго эмоцыі: “Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні наўгародскія майстры”.[1; 87]

У публіцыстычных радках праяўляецца аўтарская індывідуальнасць: “Дзіўная рэч: усе славянскія народы вядуць адлік свайго жыцця з 6 – 8 стагоддзяў, а беларусы і ўкраінцы, калі верыць афіцыйным расейскім ды савецкім “герадотам”, чамусьці выходзяць на гістарычную сцэну толькі стагоддзі ў 14, быццам раней не мелі нічога адметнага”. [1; 27]

Як мастацкі твор гучаць наступныя радкі:

“Валодшу не спалася.

Думна было ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаяла гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні як быццам гучалі іхнія галасы.



  • Наша неба не сіняе, як мора і азёры, - гаварыў чудскі старэйшына, - а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаеца горкім, а піва салодкім.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваеца ў берлагу на другі бок.”[1; 122] Увесь раздзел “Хто атруціў князя Валодшу” вытрыманы ў мастацкім стылі. Тут прасочваецца асноўная функцыя мастацкага стылю – эстэтычнае ўздзеянне на чытача і слухача праз мастацкія вобразы. Мастацкая мова гэтага раздзела характарызуецца мастацка-вобразнай маўленчай канкрэтызацыяй, у выніку якой слова-паняцце пераводзіцца ў слова-вобраз, створаны ўяўленнем пісьменніка ў адпаведнасці з яго эстэтычнай ацэнкай: “Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён ім граматы. Наўгародцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайною на эстаў. Суседзі не разумелі, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць далей на ўсход. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо”[1; 127]

Дыялагічнасць як выразная рыса мастацкага стылю адзначаецца на старонках эсэ:



  • Кажы, што табе князь Усевалад перадаць вялеў! – загадаў Валодша старому ваяводу.

  • Вялеў сказаць: жадалі і жадаем быць з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

  • Добра мовіў. А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? Пад тымі, што біскуп даў?

  • Пад Полацкімі! – апярэдзіў ваяводу княжыч Васілька. [1; 133]

Гісторыя ў эсэ паказана як дасціпна апрацаваная, часам падрабязна, дэталёва прапісаная панарама жыцця з выразнай аўтарскай пазіцыяй.

Ва Уладзіміра Арлова — трывалы фактаграфічны грунт, выдатнае веданне гістарычных рэалій.

“Самы вядомы з полацкіх царкоўных уладароў [Іясафат Кунцэвіч] нарадзіўся ў 1580 годзе ва Уладзіміры-Валынскім на Украіне ў сям’і выхадцаў з Беларусі. Пераняўшы ад бацькі-шаўца любасць да кніг, ён юнаком прыехаў у Вільню вучыцца на купца, зрабіўся прыхаджанінам уніяцкай Святатраецкай царквы і спяваў там у хоры. Здольнага пабожнага хлопца заўважыў віленскі мітрапаліт Іпаці Пацей. Ён узяў Кунцэвіча ў кляштар паслушнікам і адправіў вучыцца ў Віленскую акадэмію.”[1; 226]

“Значныя сілы на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года рушылі да Полацка і сталі за горадам вайсковым табарам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. Ён жыў то ў келлях Спасаўскага манастыра, што належаў тады езуітам, то ў зграбнай, пабудаванай у 1694 годзе мураванцы недалёка ад Богаяўленскага манастыра, на якой цяпер вісіць мемарыяльная дошка.”[1; 169]

Уладзімір Арлоў цвёрда і ўпэўнена ведае гістарычныя факты, рэаліі рэчаіснасці і побыту, яшчэ мае той мастацкі зрок, што дазваляе яму вызначыць духоўныя каштоўнасці, унутраны, псіхалагічны грунт быцця ў гістарычнай прасторы, неадменную маральную тэму, дзе праглядваецца і яшчэ гэты пункт адліку — "вечны сэнс".

Ён дакладна ведае не толькі даты апісваемых падзей, але і дакументы, сярод якіх граматы, прашэнні, скаргі. Ушаноўваючы майстэрства паднявольных суайчыннікаў, Арлоў называе іх імёны і прозвішчы. Спіс даволі доўгі, ды яшчэ з каментарыямі: “…чаканшчык Іван Андрэеў (ён зрабіў царэвічу Пятру Аляксеевічу пазалочаны срэбны ўмывальнік з фініфцю)…”[1; 244] (раздзел “Крывавае стагоддзе”) Аўтар ведае статыстычныя лічбы: “У выніку ваенных дзеянняў, голаду і хваробаў у 1654 – 1667 гадах Беларусь страціла палову свайго насельніцтва (1, мільёна з 3,6). Загінуў кожны другі, а ва ўсходняй Беларусі – кожныя 80 чалавек са 1000. У Полацку ацалела 102 дамы з болей чым пятнаццаці сотняў, у Віцебску 56 з 982.”[1; 245](раздзел “Крывавае стагоддзе”) Такія дадзеныя сведчаць пра крапатлівую працу ў архівах.

Для стварэння тэксту ў жанры эсэ неабходна дакладная і нестандартная аўтарская пазіцыя. Аўтар – асноўная дзеючая асоба эсэ, таму трэба вызначыць адносіны “аўтар – чытач”. Ад гэтага залежыць уся пабудова твора, яго форма, кампазіцыя, лексіка.

Для перадачы асабістага ўспрыняця, засваення свету аўтар эсэ прыцягвае шматлікія прыклады, праводзіць паралелі, падбірае аналогіі, выкарыстоўвае ўсе магчымыя асацыяцыі.

У. Арлоў у “Таямніцах Полацкай гісторыі” выступае як суразмоўца, пісьменнік, знаўца архіўных дакументаў, грамадзянін, які ганарыцца гістарычным мінулым сваёй дзяржавы, хвалюецца за сённяшні дзень Беларусі. Ён вядзе дыялог не толькі з чытачом, у “размову” ўступаюць і іншыя асобы.

“Які ж быў наш “вызваліцель” [Іван IV] напраўду?

Каб не здавацца занадта старонным, спачатку дам слова славутым расейскім гісторыкам. М. Кастамараў называў Івана IV “чудовищем, которое лжёт в каждом слове”, В. Ключэўскі – «зверем от рождения», а С Салаўёў пісаў, што гісторык ніколі не прамовіць такому чалавеку слова апраўдання”.[1; 193] (раздзел “Полацкая вайна”)

Пазіцыя грамадзяніна гучыць у наступных радках: “А ў Полацку застанецца стаяць з кнігаю ў руках бронзавы Скарына, стаяць, зажурана думаючы, што ў яго родным горадзе на яго мове вучаць дзяцей толькі ў адным класе адной школы.” [1; 190] (раздзел “У гасподзе падуанскай”)

Архіўныя дакументы цытуюцца ў розных раздзелах твора: у раздзеле “Нібы прамень сонечны” прыводзяцца акт аб перадачы крыжа Ефрасінні Полацкай, пратакол ускрыція мошчаў Ефрасінні Полацкай, вытрымкі з прэсы пра сустрэчу мошчаў святой ў родным горадзе; цытуюцца ўрыўкі з летапісаў, грамат, правілаў этыкету і іншыя.

     Асаблівы і непаўторны кшталт у гэтым творы Арлова мае іронія. Яна — як бы сведчанне інтэлектуальнай цвярозасці пісьменніка, які, відавочна, арыентуецца на ўзоры еўрапейскага мыслення. “Багата прысвечаных цару захопленых слоў знойдзецца і ў расейскім фальклоры. Рэкі крыві, войны і захопы чужых земляў успрымаліся як доказы богаабранасці Івана IV, што, маўляў, змагаецца з ворагамі ў дзяржаве і за яе межамі” [1; 195]

Арлоў стрымлівае сваю фантазю ў межах жыццёва верагоднага: новае пакаленне адукаваных чытачоў ужо вымагае дакладнасці і фактычнай праўдзівасці. Прынамсі, гэтым тлумачыцца яго імкненне перадаць слова сваім героям, удзельнікам далёкіх падзей. 

“Гарыць свечка ў падуанскай гасподзе. Не ідзе сон да доктара медыцыны і вольных мастацтваў.

Дзе ён распачне выпуск кніг? Хто дасць патрэбныя грошы? Як паглядзіць на ягоную чыннасць царква? Пытанні, пытанні…

Як чалавек эпохі Адраджэння, ён марыць пра славу – не любую, а такую, што можна заслужыць, толькі ахвяраваўшы жыццё вялікай справе.

Ён абраў гэтую справу. Ён не адступіць, і слава знойдзе яго – і на радзіме, і тут, у Італіі”. [1; 188] (“У гасподзе падуанскай”)

     У. Арлоў адчувае і стыль, стылістыку эпохі, яе мову, лад, спосаб мыслення: "Беларусінаў прыйшло ў тым войску лікам да пяці тысяч, і ўсе біліся мужна, і многія заручыліся там з зямлёю". Або: “У сечы на неўскіх берагах здабыў сабе вечную славу лоўчы князя Аляксандра палачанін Якаў”.


Уладзімір Арлоў кіруе сваёй творчай ладдзёй, недзе выкарыстоўваючы інерцыю плыні, недзе абмінаючы віры і бездані... Стрыманы, спакойны, іранічны, часта — саркастычны, сарданічны нават, калюча-ўшчыплівы. Ён уважліва сочыць за кампазіцыяй, архітэктонікай твора, дапасоўвае словы — што кладку цагляную кладзе. Усё пералічанае стала як бы неад'емным і безумоўным для пісьма У. Арлова, зрабілася адзнакай яго стылю.

Па словах Арлова, пад уплывам літаратуры Караткевіча ен зразумеў, што існасць яго самога – беларуская. А потым пісьменнік, прызнаўшы сваім любімым выслоўем «Чалавек павінен ведаць што-небудзь пра ўсе і ўсе пра што-небудзь», дадаў, што вось так ен і вырашыў, што будзе ведаць усе пра полацкую гісторыю.

Шмат было сказана аўтарам «Таямніц Полацкай гісторыі» пра незвычайны полацкі менталітэт. Полаччына нарадзіла вялікую колькасць талентаў не толькі для Беларусі, але і для сусвету цалкам. Гэта факт, з якім нават не паспрачаешся. Для Арлова загадкавы полацкі менталітэт – гэта, па-першае, пачуцце гумару і самаіроніі. Так, у якасці прыкладу пісьменнік паведаў гісторыю палачаніна Данілы Васілеўскага, педагога і краязнаўца. Калі ў 1936 годзе было вырашана адаслаць Васілеўскага ў ГУЛАГ, Данілу – на тот момант ужо дэкану геаграфічнага факультэта Магілеўскага педагагічнага ўнівэрсітэта – прыйшлося прайсці праз ласкавыя рукі ОГПУ, але следчыя нічога не змаглі дазнацца ад палачаніна. Яны нават не здолелі выбіць з Васілеўскага іроніі: усё ў чым прызнаўся педагог – намер далучыць Беларусь да Індыі.

 У. Арлоў, як і іншыя нашы аўтары гістарычных твораў, імкнецца знайсці адказ на пытанне, якое ў свой час вельмі захапляла Ф.Дастаеўскага : у чым прычына таго, што беларусы, як нацыя, здольныя былі выжыць ва ўмовах жорсткага націску з боку агрэсіўных суседзяў на працягу стагоддзяў? Мабыць, было нешта такое ў іх нацыянальным характары, што дазваляла народу не толькі жыць, схіліўшы голаў перад рознага роду акупантамі, паланізатарамі і русіфікатарамі, але і зберагаць сваю жывую душу, не аддаваць яе на глум і здзек.

Эсэ валодае ўласным стылем. Яму ўласцівы вобразнасць, афарыстычнасць. У эсэ выкарыстоўваецца разнастайная лексіка – ад высокай да гутарковай. Шматгранныя сродкі мастацкай выразнасці: метафары, алегарычныя і прытчавыя вобразы, сімвалы, параўнанні.

Для перадачы асабістага ўспрыняцця, авалодвання свету аўтар эсэ падбірае аналогіі, прыводзіць многія прыклады, праводзіць паралелі, выкарыстоўвае магчымыя асацыяцыі.

Эсэ вырашае мастацка-эстэтычныя і пазнавальна-практычныя задачы:


  • Дакладная і нестандартная аўтарская пазіцыя;

  • Вызначэнне характарыстыкі аўтара: яго роля, стыль зносін з чытачом;

  • Вызначэнне логікі тэксту: інтуітыўная ці храналагічная;

  • Выбар метаду дыялогу з чытачом. Адзін з самых протых прыёмаў – рытарычныя пытанні: нявольна ў чытача ўзнікае жаданне на іх адказаць.

Прааналізуем, як гэтыя асаблівасці рэалізуюцца ў гістарычным эсэ У. Арлова.

Кніга “Таямніцы полацкай гісторыі” запрашае ў падарожжа па старонках полацкай даўніны з часоў паганства да пачатку ХХ стагоддзя. Аўтар расказвае пра асоб і падзеі, якія доўгія гады замоўчваліся афіцыйнымі гісторыкамі.

Аўтар паўстае перад намі праз займеннік “я” і яго склонавыя формы “мой”, “майго” і г.д., а таксама праз дзеяслоў першай асобы адзіночнага ліку (“За маёй памяццю на поплаве водбліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях.”[1;14],“Аднойчы на малюнку ў кнізе я ўбачыў тагачаснага палачаніна ў лазовых лапцях…”[1; 59], “Не ведаю, што атрымаецца ў вас, а мяне такія пошукі пераканалі…”[1;74], “Я гляджу на старажытны герб … і думаю, што любы іншы сімвал сярэднявечнай Беларуска-літоўскай дзяржавы выглядаў бы неяк недарэчна” [1;145])

У тэксце адчуваецца накіраванасць на удзел чытача, яго як быццам запрашаюць да дыскусіі, гэта выражаецца праз пытальныя сказы (“Колькі гадоў Полацку?”, “Дзе шаснаццаць слупоў, што падтрымлівалі скляпенні? Дзе фрэскі, якія нагадвалі размалёўкі Сафіі кіеўскай?”)

Ужыванне займенніка “наш”, “мы” дазваляе чытачам адчуць сваю прыналежнасць да самога аўтара (“Як і іншыя народы свету, нашы прапрапрадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады”[1;21], “Кожны з нас сустракаўся з тым, што Полацк называюць “древнерусским городом…”[1;27), яго аўдыторыі, а таксама да ўсяго народа.

У эсэ Арлоў выкарыстаў гістарычную лексіку:



  • старажытныя словы і паняцці (раць, воласць, дружына, чарніца);

  • выразы на старажытнай мове (“Давыд жа и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно”[1;105], “не отступать як пана радного, так и посполитого, богатого и убогого, без ниякое коррупции, не так, як перед тем» [1;223].)

З мастацкіх сродкаў у эсэ можна адзначыць наяўнасць эпітэтаў: вострыя спрэчкі, храм высокага мастацтва, усемагутныя езуіты і іншыя.

Але найбольш насычана яно метафарамі: “…горад трохі акрыяў” [1;268], “…Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў…”[1;269], “Выгляд рахманых чарнарызцаў… надаваў падпітым візітантам смеласці” [1;271], “…па храме плыве крывавая ручаіна” [1;271], “На свет нарадзіўся падпісаны царскай рукою мемарыял…”[1;271], “…побач з саборам падняліся… трохпавярховыя карпусы мужчынскага базыльянскага кляштара” [1;276] і іншыя.

Зварот да падзей далёкіх стагоддзяў ажыццяўляецца пісьменнікам у нарысе не толькі праз дадзеныя гістарычнай навукі, факты з летапісаў, помнікаў старажытнасці, але і праз асэнсаванне вуснай паэтычнай спадчыны. Пры гэтым ён імкнуўся не столькі аднавіць сюжэты тых ці іншых легенд і паданняў, песень, але перадаць філасофію народа, яго ідэалы, данесці сваю канцэпцыю гісторыі роднай Полаччыны.

Шырокая прысутнасць у кнізе рознага характару метафар і іншых тропаў надае ёй асаблівую каштоўнасць, паколькі высокае эстэтычнае ўражанне, якое робіць кніга, спрыяе глыбейшаму засваенню яе пазнавальнага зместу.

Арыгінальны аўтарскі стыль не дапускае ніякіх шаблонаў і трафарэтаў не толькі ў сферы славеснага праяўлення думкі, але і ў падборы фактаў, жыцёвых прыкладаў.

Такім чынам, размова ў кнізе вядзецца грунтоўна, пераканаўча, канкрэтна. Кожны з раздзелаў і падраздзелаў лагічна матываваны, завершаны.


ЛІТАРАТУРА

  1. Арлоў, У Таямніцы полацкай гісторыі. – Мінск: Беларусь, 1994. – 463 с.

  2. Лямзина, Т. Жанр эссе // http: www. Psuiourn.narod.ru / lib / liamzina_ essay. htm. 08. 02. 2011.

     

 




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка