Уладзімір Караткевіч




Дата канвертавання10.03.2018
Памер51.99 Kb.
Што мне да кінутых храмаў Мая,

Калі жывуць легенды ў народзе,

Калі на выспах глухіх адкрываю

Крокі мінуўшых тысячагоддзяў…

А я ў народ мой заўсёды веру,

І для яго, як вопытны кормшчык,

Адкрыю найлепшую ў свеце Амерыку

(Вёску Амерыку, што пад Оршай).




Уладзімір Караткевіч

(1930-1984)

Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930г. у горадзе Орша ў сям’і інтэлігента. Ужо ў тры з паловаю гады Валодзя чытаў самастойна. “Пісаць (а спачатку “бубніць”) вершы пачаў год у шэсць, але, на шчасце, хутка кінуў гэты занятак. Трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў... Таленты выяўляў розныя : і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з такой жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна”.

У свае 14 гадоў Валодзя меў літаральна энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі. У гэты час, калі бібліятэкі былі амаль што пустыя (1945 год), вы маглі атрымаць усе неабходныя даведкі ў яго... З усіх школьных прадметаў У.Караткевіч найбольш любіў літаратуру і гісторыю. Гэтая любоў прадвызначыла далейшы лёс юнака.

Маскоўскі перыяд жыцця і творчасці У.Караткевіча

(1958-1962гг.)


  • вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах;

  • вучоба на курсах сцэнарыстаў.

  • Вершы “Скарына пакідае радзіму”, “Вадарод”, “Дзяўчына пад дажджом”

  • Цыкл вершаў, прысвечаных Н.Молевай, выкладчыцы гісторыі мастацтва

  • Раман “Нельга забыць”(“Леаніды не вернуцца да Зямлі”)

  • 7 жніўня 1959 года(як сцвярджае У.Караткевіч) узнікла задума напісаць раман, прысвечаны паўстанню 1863-1864гг. Да рэалізацыі задуманага пісьменнік прыступіў у 1962годзе, вярнуўшыся з вучобы на радзіму.

Паэзія ўвесь час суправаджала талент Уладзіміра Сямёнавіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў далёкія ад яе празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы паэта склалі яго пасмяротны зборнік "Быў. Ёсць. Буду" (1986) – паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра, поўны мудрых высноў жыцця.

   У маі 1957 года ў Оршы ён закончыў аўтабіяграфічную аповесць пра свае студэнцкія гады "У снягах драмае вясна", а ў 1958 – аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", стварыў унікальную ў беларускай літаратуры працу "Цыганскі кароль" пра гістарычныя традыцыі і культуру гэтага надзвычай самабытнага народа.

   З асаблівай сілай талент У. Караткевіча як даследчыка глыбінных каранёў свайго народа раскрыўся менавіта ў 1960-я гады. З яго твораў - аповесцей і апавяданняў "Дзікае паляванне караля Стаха", "Аліва і меч" (1959), "Сівая легенда" (1960), "Маленькая балерына" (1961), "Зброя"(1964), раманаў "Нельга забыць"("Леаніды не вернуцца да Зямлі") (1960-1962) і іншых пачынае сцвярджаць сябе новы жанр – беларуская навукова-мастацкая гістарычная літаратура.

   Праграмным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 года, стаў раман "Каласы пад сярпом тваім" (1962-1964), са старонак якога паўстае Беларусь 60-х гадоў ХIХ стагоддзя, разрэз тагачаснага грамадства знізу даверху. Задачы, пастаўленыя мастаком у "Каласах…", часткова знайшла вырашэнне ў драме "Кастусь Каліноўскі" (1963), дзе паказана само паўстанне. Сярод твораў гістарычнага плану вылучаецца раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966) – шырокае палатно з жыцця сярэдневяковай Беларусі. Прыгодніцкі сюжэт пісьменнік напоўніў сацыяльна-філасофскім зместам, шырока выкарыстаў матэрыялы хронік і летапісаў, біблейскія тэксты і вытрымкі з мастацкіх твораў, народныя выслоўі. Да рамана тыпалагічна блізкая легенда "Ладдзя Роспачы" (1964) – своеасаблівы і арыгінальны твор, у галоўным героі якога Гервасію Выліваху, жыццялюбе, патрыёце і змагары, увасобілася аўтарскае ўяўленне пра беларускі нацыянальны характар.


   Уладзімір Караткевіч актыўна выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў дойлідства і прыроды. У 1970-я гады ён прымае ўдзел у навуковых экспедыцыях па "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Магчыма, менавіта пад уражаннямі гэтых экспедыцый напісаны нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (1971) – "візітная картка Беларусі". Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча "У дарозе і дома" (надрукаваны ў 1989 годзе) дазваляе лепш зразумець, чаму з'явіліся "Казкі Янтарнай краіны", "Краіна Цыганія", "Мсціслаў".
   Шырокую вядомасць прынёс Уладзіміру Караткевічу раман "Чорны замак Альшанскі" (1979), які сам пісьменнік лічыў псіхалагічным дэтэктывам і за які ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.
   У 70-я гады да Караткевіча прыйшла слава драматурга. У 1974 годзе на сцэне віцебскага тэатра імя Якуба Коласа з поспехам была пастаўлена п'еса "Званы Віцебска", у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 года. У 1978 годзе адбылася прэм'ера п'есы "Кастусь Каліноўскі". Да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы была прымеркавана п'еса "Калыска чатырох чараўніц"(1981). Падзеям Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў драматург прысвяціў трагедыю "Маці ураганаў"(1982).
   Свет караткевічаўскіх твораў – дзівосны і прыцягальны. Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не працаваў непаўторны класік, заглыбляючыся ў духоўную спадчыну нашага народа. Ён шмат і плённа працуе над перакладамі на беларускую мову твораў Дж. Байрана, Р. ГамзатаваАдама Міцкевіча, Махтамкулі, Івана Франко і іншых. Значным з'яўляецца ўклад У. Караткевіча ў беларускую дзіцячую літаратуру. Вялікую цікавасць уяўляе яго мастацкая спадчына – шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да сваіх твораў, сяброўскія шаржы.
   У 1980 годзе да 50-годдзя з дня нараджэння Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. На ўрачыстым пасяджэнні з нагоды юбілею пісьменнік падзяліўся новымі задумамі і планамі. Але здзейсніць іх ужо не хапіла сіл. 25 ліпеня 1984 года Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча не стала.
   Заключным акордам, моцным і выразным, прагучаў апошні верш Уладзіміра Караткевіча, напісаны 19 чэрвеня 1984 года да 60-годдзя народзінаў Васіля Быкава:

Час стагоддзі, як касой, сцінае,


Веры, царства, догмы йдуць да ценяў…
Ўсё мінае – Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
 
Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.


   У гэтых радках увасобілася жыццёвае крэда Уладзіміра Караткевіча, які і ў побыце, і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды, верным рыцарам Беларусі.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка