Уладзімір Навумовіч




Дата канвертавання20.01.2018
Памер70.82 Kb.
Уладзімір Навумовіч АЛЕСЬ ГАРУН: СТАНАЎЛЕННЕ ТВОРЧАЙ ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦІ ПАЭТА

Ёсць пісьменнікі, да каго слава і поспех прыходзяць адразу з надрукаваннем першага верша ці празаічнага твора. Але ёсць аўтары, вядомасць якіх і прызнанне прыходзілі на родную зямлю, як святло далекай зоркі, праз многа-многа гадоў. Такі лёс пісьменніка Алеся Гаруна і яго твораў. Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі) доўгі час заставаўся тым беларускім пісьменнкам, пра якога калі і згадвалі ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, дык толькі ў сувязі з тым, што ён быў "адзіны", хто не прыняў Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю і апынуўся на "другім баку барыкад", ад чаго яго творчасць была зусім невядома масаваму чытачу, а імя творцы выкрэслівалася з даведнікаў і энцыклапедый, як імя ворожага сацыялістычнаму ладу контррэвалюцыйнага элемента. Маўляў, у беларускай літаратуры не было масавага зыходу белаэмігранцкіх паэтаў, як у рускай літаратуры (А.Белы, К.Бальмант, Я.Замяцін і інш.), многіх з якіх бальшавікі з прыходам да ўлады пасадзілі на карабель "філосафаў" і адправілі ў замежжа, але з'яўляліся асобныя адзінкі, якія супраціўляліся савецкай уладзе пасля рэвалюцыйнага перевароту ў кастрычніку 1917 года.

Хто ж ён, паэт Алесь Гарун, чыё імя вернута ў беларускую літаратуру толькі ў пербудову? Якім ён быў? Самае цікавае, што Аляксандр Пушынскі з'яўляўся актыўным уздельнікам рэвалюцыйнага руху на Беларусі, шмат адпакутваў за сваю варожую да царызма дзейнасць, пра што на радзіме замоўчвалася.

Біяграфія паэта тыповая як для свайго часу, так і для прафесійнага рэвалюцыянера. Нарадзіўся Аляксандр Прушынскі ў 1887 годзе ў сям'і чорнарабочага, якая жыла на ўскрайку Мінска, на Багадзельнай вуліцы. Пайшоў вучыцца ў гарадское прыхадское вучылішча, якое скончыў у 1897. З 16 гадоў працаваў столярам у майстэрнях Мінска, меў працавітыя рукі і добры талент чырвонадрэўшчыка, які праявіўся яшчэ ў рамесніцкім вучылішчы.

17 гадоў уступіў у партыю эсэраў, адразу ўключыўся ў актыўную рэвалюцыйную барацьбу. Якіх толькі партый не было ў той час на Беларусі, якая знаходзілася на "перакрыжаванні" Захаду і Усходу. У 1907 годзе Прушынскі за актыўную рэвалюцыйную дзейнасць быў арыштаваны царскімі ўладамі, пасядзеў у турме ў Мінску і на Лукішках у Вільні. Затым быў сасланы ў Сібір, дзе адбываў пасяленне ў Іркуцкай губерні, Кірэнскі павет, каля ракі Лены. Там сустрэўся з другім выгнаннікам з Беларусі, мовазнаўцам Язэпам Лёсікам, под уплывам якога стаў меншавіком.

У 1917 гаду вярнуўся ў Мінск. Але гады ссылкі зрабілі сваё. Цяжка хворы на сухоты паэт пражыў вельмі мала. Жыў у Мінску, які двойчы быў акупіраваны, спачатку кайзераўскімі нямецкімі войскамі ў першую імперыялістычную вайну, а затым белапалякамі. А.Прушынскі з'яўляўся рэдактарам газеты "Беларускі шлях" (1918), стаў членам Беларускай вайскавой камісіі (1919). Калі белапалякі адступалі летам 1920 года, цяжкахворага паэта забралі з сабой, дзе ў Кракаве ў тым жа 1920 годзе паэт памер у адзіноце.

Талент А.Гаруна даволі адметны, хоць ён і пакінуў невялікую спадчыну - зборнік вершаў "Матчын дар" (1918), п'есы для дзяцей "Жывыя казкі" (1920), публіцыстычныя выступленні.

Творчасць А.Гаруна цалкам знаходзіцца ў сілавым полі першай "нашаніўскай" хвалі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. Яго імя стаіць поруч з іменамі М.Багдановіча, Цёткі, Ядвігіна Ш. Як і М.Багдановіч, А.Гарун выдаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў: у М.Багдановіча - "Вянок", у А.Гаруна - "Матчын дар".

"Матчын дар" - цэласная кніга, са сваім паэтычным светам, дзе кожны верш яркі і цікавы сам па сябе, а ўзятыя разам і аб'яднаныя ў цыклы ("Роднаму краю", "На чужыне", "Праявы роднага") складаюць "Думы і песні", атрыманыя ў спадчыну як запаветны матчын дар. У народнага паэта Беларусі М.Танка ёсць выдатны верш - верлібр аб тым, як маці, закалыхваючы сына, "пэўна, стомленая, памылілася" не на верацяно, а на сэрца сына навіла сваю песню. З таго часу, кажа паэт, ён разматвае "клубок песень", баючыся парваць "яе нітку". Такой "ніткай матчынай песні" з'яўляецца зборнік А.Гаруна "Матчын дар".

Матчын дар - гэта найперш, родны край, мова, дадзеная ад маці, гордае імя Беларуса, якое паэт піша з вялікай літары. Верш "Ты, мой брат, каго зваць Беларусам" звернуты да сэрца суродзіча, да гісторыі, да дум і памкненняў вольнага люду, якія ўздыхнулі на поўныя грудзі, мо ўпершыню на перакрыжаванні рэвалюцыйнага часу і пад уплывам эпахальных падзей адчулі і зразумелі гістарычную перспектыву развіцця і станаўлення свайго краю, мовы, культуры, асветы. Экскурс у мінулае пададзены у тыповай "нашаніўскай" традыцыі ("Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, гэта скарб нам адзін захаваўся"). Паэт заклікае не "цурацца" роднай мовы. У вершы чуюцца запытальныя ноткі, звернутыя да такіх, як сам, "братоў-беларусаў", як і водзіцца ў добрай сям'і, са спробай пачуць адказ: "А чаму? Ты няздольны, ці хворы, ці благі гаспадар, ці п'яніца?" нягледзячы на празаізацыю радкоў, зварот выклікае на дыялог, паэт пытаецца і адказвае, услаўляе той час, калі матчына мова з'яўлялася мовай дакументаў, на ёй гаварылі людзі, калі "Беларус, непадданы, гаспадарыў, быў сам над сабою". Твор праніклівы, вялікі па аб'ёму і глыбокі па сэнсу, нагадвае баладу. Ён дапамагае зразумець глыбіню пачуццяў паэта, зазірнуць ў тоўшчу вякоў, адчуць душу селяніна-беларуса, працаўніка, спазнаць сілу і моц беларускага слова якую паэт называе "вешчая мова Баяна". Мова не дазволіла згінуць цэламу народу. Ёсць глыбокія паэтычныя ідэі, якія патрабуюць разгорнутых радкоў. Паэту важна раскрыць унутранае псіхалагічнае жыцце людзей, каб мець поўнае "выпакутаванае" права звярнуцца да братоў:

Дык шануй, Беларус, сваю мову - Гэта скарб нам на вечныя годы;

За пашану радзімаму слову

Ушануюць нас брацця-народы!

Зусім іншага складу верш "Песня-звон", хоць і ён таксама аб сіле і магутнасці ўплыву на чалавека раднай мовы. Верш пераклікаецца з багдановічаўскім творам "Песняру", але і мае сваю гукавую і страфічную адметнасць. Твор поўны сцвярджэння грамадзянскай ролі паэзіі. Аўтар звяртаецца да званара, да гусляра, да ўсіх носьбітаў роднай мовы і кожнага чалавека паасобку, каб тыя змаглі "зліцца" сваімі галасамі "чыстымі, залацістымі" з гукамі і звонамі, заклікамі, кленчамі, кляцьбой і роздумам, выказанымі роднай беларускай мовай.

Верш рытмічны, мускулісты, напоўнены ўнутранай энэргіяй, што гаворыць аб інтанацыйным багацці паэзіі А.Гаруна.

Душэўны свет і цяпло "Матчынага дару" даволі разнастайныя і арыгінальныя. Максім Багдановіч, які адным з першых ацаніў хараство, непаўторнасць, самабытнасць твораў паэта, сказаў пра А.Гаруна, што ён заўсёды заставаўся самім сабой, выбіраў нялёгкія пакручастыя шляхі ў паэзіі і ніколі "не з'яўляўся нічыім падгалоскам". Сведчанне таму - верш "Паэту", дзе большая філасофска-канцэптуальная аснова ("ідуць да праўды людзі"), абвастраецца паэтычны зрок, паглыбляецца аналітычны характар радкоў. ("Марудна, братачка! І пакуль сонца ўзыйдзе, дык вочы выесць нам салоная раса"). А.Гарун, як Купала ў пазнейшым творы "Курган", заклікае паэта заставацца верным праўдзе жыцця, складаць песні не тыя, якія цешаць розум і душу, а такія, якія абуджаюць дух, прымушаюць "парваць ... путы", напісаны крывёю сэрца "аб нашым горы, аб тым, што ёсць цяпер і што даўней было", аб тым што глыбокай баразной - "разорай" у "мільёнах душ разоры правяло". Абагульняючага характару верш "Жыццё" філасофскага складу, у якім паэт "сутыкае" жывёльнае "быдлячае" жыццё з існасцю духу асобы. ("Сляпому добра ў цьме", "... Ці ж ты жывеш іначай?!...")

Прафесар А.Барычэўскі ў прадмове да кнігі "Матчын дар" вылучаў асноўныя матывы творчасці А.Гаруна: любоў да радзімы, аб ролі паэта і паэзіі ў жыцці грамадства, аб непарыўнасці сувязей паэта са сваім народам, інтымныя, пейзажныя творы. Сапраўды, кніга мае свае "Intraduction", "Contranukt" і "Coda" (уступ, зачын, момант найвышэйшага духоўнага напружання, яркае завяршэнне). "Паэт сумеў знайсці адпаведныя сваім думкам і пачуццям мастацкія сродкі,"- зазначае А.Барычэўскі, падкрэсліваючы, што яны радуюць упершыню "дасканаласцю". Адзін з багацейшых ў мастацкіх адносінах верш "У прыпар" пейзажнага зместу. У творы незвычайныя гукапіс, інтанацыя, якія перадаюць настрой перад навальніцай, нечаканасць дажджу. Услухаемся:

Прыпарыла,

Нахмурыла,

І ударыла!

-Святы Ілля...

Маланка ўраз з 'явілася

Мільгнула і звалілася,

І дожджыкам аблілася

Гарачая зямля.

Выдатныя радкі!

Яны сведчаць аб высокім псіхалагізме паэзіі, аб наватарстве ў выкарыстанні мастацкіх сродкаў і прыёмаў раскрыцця жывых малюнкаў зямлі і неба. Прастата толькі вонкавая, філасофскі змест верша намнога глыбейшы:

Кроплі разам згодна, жвава,

Пояць усё, што хоча піць:

Збожжа, дрэвы, краскі травы...

Верш хрэстаматыйны, дасканалы ў мастацкіх адносінах, удала знойдзеная форма адпавяданне зместу, у ім ёсць тонкія, ледзь улоўныя, тыя якасці, што ўплываюць на кожнага, хто ўмее слухаць, рысы, якія і адрозніваюць сапраўдную паэзію.

Верш "Праводзіны" напісаны ў характэрнай для паэта размоўнай, дыялогавай інтанацыі, аб праводзінах" "на вайну" брата, які мае сям'ю, бацьку, праводзіны блізкага чалавека, якога аўтар называе "Брат мой любы!" Наказ гучыць цвяроза, праўдзіва і перакаўча, каб і баец напісаў вестку, не забыўся, каб не быў у баі баязлівым ("Смелага сэрца не раняць штыкі, Кулі яго не праб'юць"). Заставаўся літасным да пераможнага ворага, ведаў, што "помста ці хцівасць" - зброя абаюдавострая, бо яна навечыць душу і выпальвае сэрца, каб не запляміў усласнага сумлення. ("Быў чалавекам ты, браце, у нас, будзь чалавекам і там.")

Абагульняючым творам з'яўляецца верш А.Гаруна "Брацця, к агульнаму шчасцю...," у якім паэт заклікае так скіраваць сваё жыццё, каб усім жылося лепей, паказвае шлях "напрасткі к агульнаму шчасцю".

Не з'яўляючыся "нічым падгалоскам" (М.Багдановіч), А.Гарун у той жа час заклаў такія асновы ў беларускай паэзіі, якія пазней развівалі многія паэты, якія не былі і не маглі быць асабіста знаёмымі з творчасцю паэта. Падобныя інтанацыі мы знаходзім у У.Жылкі, У.Хадыкі. Паэзія А.Гаруна прадыктавана ўласным унутраным, вельмі драматычным (трагедыйным) жыццём, тое жыццё і паэзія пры ўсіх іх знешняй пазнавальнасці і прастаце забяспечвалі імкненне чалавека ў бяссмяротнасць.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка