Умоўная класіфікацыя музейных прадметаў па ступені каштоўнасці




Дата канвертавання14.03.2017
Памер52.89 Kb.
Метадычная распрацоўка “Умоўная класіфікацыя музейных прадметаў па ступені каштоўнасці”
Дадзеная класіфікацыя з’яўляецца ўмоўнай і можа выкарыстоўвацца выключна для вызначэння музейных прадметаў, інфармацыя аб якіх падлягае перадачы ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.


Беларуская мова

Русский язык

1. Прадмет, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (нерухомыя і рухомыя матэрыяльныя каштоўнасці)


1. Предмет, включенный в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь (недвижимые и движимые материальные ценности)

2. Унікальны, унікум

2. Уникальный, уникум


3. Рарытэт, рэдкі

3. Раритет, редкий


4. Тыпавы


4. Типовой



У Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перадаецца інфармацыя аб прадметах толькі першых трох катэгорый.

Рашэнне аб вылучэнні прадметаў для ўключэння іх у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь прымаецца фондава-закупачнай камісіяй музея.
1. Прадметы, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (нерухомыя і рухомыя матэрыяльныя каштоўнасці).

Напрыклад, адзін з найбольш каштоўных прадметаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, комплекс срэбраных паясных блях, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як унікальны ўзор ювелірнага мастацтва XIV ст., яму нададзена І катэгорыя каштоўнасці. 24 нерухомыя помнікі архітэктуры, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, ім нададзена ІІ катэгорыя каштоўнасці.


2. “Унікальны, -ая, -ае (рус. уникальный, ад лац. unicus = адзіны ў сваім родзе). Вельмі рэдкі, адзіны, выключны. Унікальны рукапіс”.1

Унікальныя прадметы з’яўляюцца, як правіла, адначасова мастацкімі і гістарычнымі помнікамі і вылучаюцца сярод усіх музейных прадметаў як рэдкія, адзінкавыя ў сваім родзе, асабліва каштоўныя. Да ліку ўнікальных трэба адносіць і прадметы, якія адлюстроўваюць тыпавую з’яву і захаваліся ў адным экзэмпляры або ў вельмі невялікай колькасці, бо інфармацыя, якую дадзеныя прадметы утрымліваюць, набывае выключны характар.

Напрыклад, калі для Дзяржаўнага Гістарычнага музея (г. Масква) слуцкія паясы (у музеі іх налічваецца – больш за 80 цэлых паясоў і больш за 60 фрагментаў) з’яўляюцца рэдкімі прадметамі, то для беларускіх музеяў яны ўнікальныя. У музеях Беларусі знаходзяцца 11 цэлых паясоў, з якіх 5 выраблены ў Слуцку, 6 – на ўзор слуцкіх – у іншых ткацкіх цэнтрах. Таму слуцкія паясы для Беларусі – творы мастацтва і гістарычныя помнікі – унікальныя прадметы.

Іншыя ўнікальныя прадметы з’яўляюцца такімі з прычыны сваёй непаўторнасці і своеасаблівасці. Гэта высокамастацкія творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, навуковыя прыборы арыгінальнай канструкцыі, адзінкавыя экземпляры помнікаў пісьменнасці, зброя, прадметы, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы і камяні.

Да ліку ўнікальных трэба адносіць і мемарыяльныя прадметы – асабістыя рэчы выдатных дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў навукі, культуры і мастацтва, а таксама рэчы, звязаныя са знамянальнымі падзеямі.

Такім чынам, унікальнымі лічацца адзінкавыя ў сваім родзе прадметы, якія адрозніваюцца асаблівай навуковай, гістарычнай і мастацкай каштоўнасцю, а таксама прадметы, якія адлюстроўваюць тыповыя з’явы, але захаваліся ў адным экземпляры або ў вельмі абмежаванай колькасці.


3. “Рарытэт, -а, м. (ням. Rarität, ад лац. raritas, -atis = рэдкасць). Рэдкасць, вельмі рэдкая рэч, якая ўяўляе сабой музейную каштоўнасць”.2

Рарытэты – найбольш каштоўныя прадметы музейнага збору. Яны існуюць, у адрозненні ад распаўсюджаных тыпавых і адзінкавых унікальных, у некалькіх экземплярах.



Напрыклад, рарытэтамі ў Беларусі з’яўляюцца антычныя манеты: старажытнагрэчаскія, старажытнарымскія. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адносна нядаўна з'явіліся дзве новыя калекцыі: "Шклозавод “Нёман" і "Мінскі фарфоравы завод". У 50-60 гг. ХХст. дадзеныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва з'яўляліся ўзорамі серыйнай вытворчасці, стандартнымі прамысловымі вырабамі – тыпавымі музейнымі прадметамі. Сёння сітуацыя змянілася. У калекцыі "Шклозавод “Нёман" і "Мінскі фарфоравы завод" уваходзяць прадметы, якіх засталася невялікая колькасць, яны валодаюць высокамастацкай каштоўнасцю і рэдкай аўтарскай размалёўкай і з’яўляюцца рарытэтамі. Ордэн Славы, які знаходзіцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляўся тыпавым прадметам для перыяду Вялікай Айчыннай вайны, але з цягам часу гэты прадмет стаў рарытэтным (зараз гэтым ордэнам не узнагароджваюць).
4. Тыпавымі музейнымі прадметамі лічацца прадметы, якія адлюстроўваюць тыпавую з’яву і валодаюць якасцямі, характэрнымі для вялікай колькасці прадметаў, існуючых у цяперашні час. Прыкладам тыпавых прадметаў могуць служыць стандартныя прамысловыя вырабы, тыпавыя дакументы. Такі прадмет, нават калі ён захоўваецца ў музеі ў адзінкавым экземпляры, лічыцца тыпавым, таму што ў паўсядзённым жыцці існуюць або існавалі ідэнтычныя яму прадметы. Тыпавыя прадметы не абавязкова з’яўляюцца ўзорамі серыйнай вытворчасці, яны могуць быць і адзінкавымі прадметамі, якія характарызуюць тыповыя з’явы і захоўваюцца ў музеях у параўнальна вялікай колькасці. Такімі з’яўляюцца, напрыклад, каменныя адшчэпы, фрагменты керамічных пасудзін, падшыўкі шматтыражных газет і іншыя малакаштоўныя прадметы. Між тым многія тыпавыя прадметы, якія маюць мемарыяльны характар, неабходна адносіць да іншых тыпаў (“Унікальны” або “Рарытэт” у залежнасці ад ступені мемарыяльнасці) і адпаведна перадаваць інфармацыю аб іх у Дзяржаўны каталог.

Спіс выкарыстанай літаратуры:


  1. Ольга Черкаева. От предмета к музейному собранию // Музей, №5, 2009.

  2. Музейные термины. Терминологические проблемы музееведения. – М., 1986.

  3. Музейны веснік. Выпуск 4. – Мн., 2008.

  4. Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 27 июня 2000 г. №959 "Об утверждении Списка категорий культурных ценностей, вывоз которых с территории Республики Беларусь ограничен"– Режим доступа: www.pravo.by

  5. Система научного описания музейного предмета: классификация, методика, терминалогия. Справочник. – СПб., 2003.

  6. Слуцкія паясы. – Мн., 2008.

  7. Указ Президента Республики Беларусь от 19 апреля 2007 г. № 190 “О порядке оценки стоимости культурных ценностей” ) – Режим доступа: www.pravo.by

  8. Уникум. Раритет // Российская музейная энциклопедия. – М., 2001. Т. 2.

  9. Юренева Т.Ю. Музееведение: Учебник для высшей школы. – М., 2006.



1 Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Нар. асвета, 1993, с. 335.

2 Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Нар. асвета, 1993, с. 271-272.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка