Урок беларускага чытання Г. Васілеўская «Усмешка» 3 клас




Дата канвертавання25.02.2017
Памер65.82 Kb.
ДУА «Сярэдняя школа №1 г.Сянно імя З.І.Азгура»
Урок беларускага чытання

Г.Васілеўская

«Усмешка»
3 клас



Настаўнік:

Дзегалевіч Таццяна Барысаўна

Тэма: Літаратурныя казкі. Галіна Васілеўская “Усмешка”.

Мэта: пазнаёміць вучняў з творчасцю Г. Васілеўскай, з яе казкай “Усмешка”; замацаваць веды аб асаблівасцях літаратурнай казкі; развіваць маўленне вучняў, уменне выразнага чытання, папаўняць іх слоўнікавы запас; выхоўваць сродкамі чытання маральныя і эстэтычныя пачуцці; выклікаць цікавасць да чытання казак.

Абсталяванне: Падручнік Літаратурнае чытанне 3 клас, партрэт Г. Васілеўскай, карткі для гульні “Цёмная лашадка”.

Папярэдняя падрыхтоўка: Вуням было прапанована падрыхтаваць паведамленні аб жыцці і творчасці Г. Васілеўскай, прынесці на ўрок кнігі аўтара.

Ход урока

Арганізацыйны момант.

- Весела звініць званок.

Пачынаем наш урок.

Добры дзень. Сядайце.

Дзверы ў веды адчыняйце.

Ці ўсё правільна сядзяць?

Ці ўсё ўважліва глядзяць?

Актуалізацыя ведаў.

- Сёння, дзеці, мы працягваем з вамі гаварыць аб казках. Як вы бачыце, аб іх можна гаварыць доўга і шмат, а ўсё таму, што свет казак разнастайны і цікавы. Іх чытаюць людзі любога ўзросту. А як вы думаеце чаму? Бо казкі не толькі забаўляюць чытачоў.

- Казкі нас выхоўваюць і вучаць быць добрымі людзьмі.

- Правільна. А аб чым марылі людзі, якія складалі казкі?

- Яны марылі аб добрым жыцці, справядлівасці і перамозе дабра над злом.

- Так, гэта і ёсць асноўная думка ўсіх казак. А ці ведаеце вы, хто сачыняе казкі? Якія бываюць казкі ў адпаведнасці з аўтарствам?

- Бываюць народныя казкі, якія з’яўляюцца вуснай народнай творасцю. Ёсць казкі літаратурныя (аўтарскія), якія сачыніў пэўны аўтар-казачнік.

Паведамленне тэмы. Падрыхтоўка да ўспрымання твора.

- Добра. І сёння мы з вамі працягваем знаёмства з літаратурнымі (аўтарскімі) казкамі. Успомніце, калі ласка, якіх беларускіх казачнікаў вы ведаеце? (Адказы вучняў.) Зараз мы з вамі пазнаёмімся з яшчэ адным казачнікам, дакладней, казачніцай – Галінай Васілеўскай. Я ведаю, што вы падрыхтавалі паведамленні аб жыцці і творчасці Г. Васілеўскай і нават арганізавалі выставу яе твораў. Калі ласка, хто жадае выступіць? (Паведамленні вучняў.)

Васілеўская Галіна, нарадзілася 15.01.1927 г. у гарадскім пасёлку Клічаў Магілеўскай вобласці ў сям’і рабочага.

З 1932 г. жыве ў Мінску. У 1945 г. здала экстэрнам экзамены за дзесяцігодку. Скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1950). Працавала радыёжурналістам, літсупрацоўнікам часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі». У 1959-1977 гг. — рэдактар аддзела часопіса «Работніца і сялянка». З 1977 г. — рэдактар аддзела нарыса, з 1979 г. — адказны сакратар часопіса «Полымя». У 1982-1988 гг. — дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.

Узнагароджана медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне. Аўтар аповесцей для дзяцей і юнацтва «Маланка ўначы» (1963), «Малюнак на снезе» (1969), «Я еду на вярблюдзе» (1970), «Бывай, Грушаўка» (1979), «Юныя назаўсёды» (1983), «Крылы, або Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага» (1987). У 1986 г. выйшла «Выбранае».

- Дзякуй за вашы паведамленні. Давайце мы іх размесцім на нашай выставе, побач з кнігамі Г. Васілеўскай. А зараз, перш чым перайсці да казкі, я прапаную вам адгадаць загадку.

Ад ЯЕ хмурны дзень святлей,

Ад ЯЕ ў небе вясёлка прачнецца…

Падзяліся ЁЮ са сваімі сябрамі,

І ЯНА да цябе не раз яшчэ вернецца.

- Гэта ўсмешка.

- Малайцы. Сапраўды, гэта ўсмешка. Пра яе спяваў маленькі Янот у мультфільме. Памятаеце? А як вы лічыце, што такое ўсмешка і навошта яна так неабходна ў нашым жыцці? (Разважанні вучняў.)

Чытанне і праверка першаснага ўспрымання.

- А зараз мы з вамі пачнём знаёмства з казкай Г. Васілеўскай “Усмешка”. Слухайце ўважліва. (Настаўнік чытае казку.) Вось вы праслухалі казку. Ці спадабалася яна вам? Чаму? Як вы лічыце, чаму аўтар назвала казку “Усмешка”? Што значыць “Рабіць дабро”? Каго называюць добрым чалавекам? (Адказы вучняў.)

Паўторнае чытанне. Слоўнікавая работа.

- А зараз я прапаную самастойна прачытаць вам казку і звярнуць увагу на незразумелыя словы.

Трымцець – дрыжаць, плёткі – сплетні, комін – дымавая труба.

Аналіз твора.

- Аб кім гаворыцца ў гэтай казцы?

- Аб злым чараўніку і аб шчаслівых людзях з казачнага горада.

- Чаму злы чараўнік вырашыў наведацца ў казачны горад?

- Ён даведаўся, што ў гэтым горадзе жывуць шчаслівыя людзі, і вырашыў адабраць у іх усмешкі.

- Якім чынам чараўнік спрабаваў здабыць усмешку? Ці атрымалася гэта ў яго?

- Адабраць, украсці, купіць. Не атрымалася.

- Што параіў чараўніку добры чалавек? Якім чынам магчыма здабыць усмешку?

- Чалавек параіў рабіць дабро. Усмешку можна атрымаць за добрыя справы.

- Ці атрымалася што ў чараўніка нарэшце? Што ён зрабіў?

- Ён дапамог маленькай дзяўчынцы, а яна падаравала яму ўсмешку. Чараўнік стаў добрым і шчаслівым.

Творчая работа над творам.

- Разгледзьце, калі ласка, малюнак да казкі. Знайдзіце ў тэксце апісанне гэтага малюнка. (Дзеці зачытваюць месца, дзе гаворыцца аб тым, як чараўнік ляцеў у горад.) На малюнку мы бачым начны горад. А як бы вы намалявалі гэты горад днём, калі ён напоўнены шчаслівымі людзьмі? Знайдзіце ў тэксце апісанне горада і вусна намалюйце яго. (Дзеці маляўніча апісваюць казачны горад з яго жыхарамі, звяртаючы ўвагу на тое, што робяць людзі і чаму яны шчаслівыя.)

- А зараз мы пагуляем з вамі ў гульню “Цёмная лашадка”. На картках напісаны словы, якія характарызуюць кагосьці з гэтай казкі. Вы павінны вызначыць, да каго адносіцца гэта характарыстыка, і даказаць сваімі словамі або радкамі з тэксту.

Шчаслівы, радасны, злы, харошы, казачны, вясёлы, страшны, зморшчаны, добры, дрэнны, прыветны, засмучаны.

(Адказы вучняў. Характарыстыкі чараўніка запісваюцца на дошцы ў два слупкі: які ён быў і які стаў.)

- Малайцы. Добра справіліся. А цяпер паспрабуем прачытаць твор выразна па ролях, перадаць сваім чытаннем настрой казкі і характар герояў. (Вучні чытаюць казку па ролях. Выбарачнае чытанне дыялога.)

- Добра ў вас атрымалася. А зараз паспрабуйце намаляваць вусны псіхалагічны партрэт чараўніка, выкарыстоўваючы запісаныя на дошцы характарыстыкі: якім ён быў і якім стаў. (Вуснаемаляванне псіхалагічнага партрэту героя вучнямі.)

- Сапраўды, чараўніку ўдалося ператварыцца са злога ў добрага. А дзякуючы чаму атрымалася пераўтварэнне? Раскажыце, у які момант здарыўся цуд. Запішыце на дошцы паміж двума слупкамі гэтыя цудоўныя словы, якія могуць перамагчы зло. (Вучні пераказваюць здарэнне з маленькай дзяўчынкай. На дошцы запісваюць словы “дабро”, “добрая справа”, “усмешка”.)

- Вось мы з вамі і даведаліся аб тых цудоўных рэчах, якія могуць перамагчы зло. А ці можа здарыцца падобны цуд у сапраўдным жыцці? (Разважанні вучняў.) Падумайце, якія прыказкі або прымаўкі падыходзяць да гэтай казкі і чаму.

Як гукнеш, так і адгукнецца. З якім пазнаешся, такім станешся. Не пазнаўшы бяды, не ўчуеш дабра. Добрае слова даражэй за багацце. Слухайся добрых людзей, на шлях навядуць. Худа таму, хто дабра не робіць нікому. Злы не верыць, што ёсць добрыя людзі. Стаўся да людзей так, як жадаеш, каб яны ставіліся да цябе.

Вынікі ўрока. Дамашняе заданне.

- А зараз я прапаную вам адказаць на пытанні невялікага тэста.

Тэст.


1. Якімі словамі вы можаце ахарактарызаваць злога чараўніка?
_____________________________________________________________

2. Чаму злы чараўнік прыляцеў у казачны горад і як ён сябе паводзіў?


_____________________________________________________________
_____________________________________________________________

3. Ці змяняліся вашы адносіны да чараўніка ў ходзе чытання? Чаму?


_____________________________________________________________
_____________________________________________________________

4. Аб чым хацеў сказаць аўтар казкі?


_____________________________________________________________
_____________________________________________________________

5. Чаму вас навучыла казка?


_____________________________________________________________
_____________________________________________________________

- Усе зрабілі? Малайцы. І так, з якой казкай вы пазнаёміліся сёння на ўроку? Хто яе аўтар?



- З казкай Г. Васілеўскай “Усмешка”.

- Дома я прапаную вам сачыніць вусна працяг казкі, расказаць аб тым, якім стаў чараўнік, аб яго добрых справах. Усім дзякуй, да пабачэння.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка