Урок беларускай літаратуры ў 9 класе Тэма: Францыск Скарына. Прадмовы да кніг “Псалтыр”, “Юдзіф” Мэта




Дата канвертавання15.12.2018
Памер66.17 Kb.
Урок беларускай літаратуры ў 9 класе

Тэма: Францыск Скарына. Прадмовы да кніг “Псалтыр”, “Юдзіф”

Мэта: на матэрыяле жыцця і творчасці Ф. Скарыны паказаць асветніцкую скіраванасць яго дзейнасці; раскрыць агульначалавечы змест прадмоў да кніг “Псалтыр”, “Юдзіф”.

Задачы: узнавіць веды пра эпоху Адраджэння; зацікавіць вучняў асобай Францыска Скарыны, вызначыць значэнне дзейнасці Ф. Скарыны для беларускай і еўрапейскай культуры; удасканальваць інтэлектуальныя здольнасці вучняў, уменне карыстацца даведачна - інфармацыйнай літаратурай, электроннымі носьбітамі інфармацыі; развіваць пазнавальную актыўнасць; пашыраць культурны кругагляд; спрыяць выхаванню патрыятычных пачуццяў вучняў, прывіваць пачуццѐ пашаны да асобы вялікага гуманіста і асветніка

Тып урока: урок камбінаванай будовы

Абсталяванне: запіс мелодыі эпохі Адраджэння, магнітафон, калонкі; партрэт Ф. Скарыны, кніга “Старажытная беларуская літаратура”, карткі-выказванні Ф. Скарыны, канверты з пытаннямі да прадмоў, словы-характарыстыкі асветніка, выстава: вершы, прысвечаныя Ф. Скарыне, мастацкая літаратура

Эпіграф:

Я родам з Адраджэння, ды цяпер

Усім часам, прасторам я належу…

Мікола Арочка

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

Стварэнне псіхалагічнага настрою (гучыць музыка эпохі Адраджэння, настаўнік вітае дзяцей, знаёміць з гасцямі, просіць падарыць усім усмешку)



  • Мы пачынаем наш урок.


ІІ. Пастаноўка мэты ўрока.

(Настаўнік зачытвае вершаваныя радкі)

Ён першы кнігу даў славянам,

На простай мове ўзорны ліст.

Ён знаў: з-за хмараў валавяных

Праб’ецца сонца на зямлі. (А. Іверс)


  • Каму прысвечаны гэтыя радкі? (Ф. Скарыне)

Так на ўроку мы з вамі на матэрыяле жыцця і творчасці Ф. Скарыны разгледзім асветніцкую скіраванасць яго дзейнасці; раскрыем агульначалавечы змест прадмоў да кніг “Псалтыр”, “Юдзіф”, значэнне дзейнасці Ф. Скарыны для беларускай і еўрапейскай культуры;

Але спачатку перад вывучэннем тэмы давайце ўзнавім веды пра эпоху Адраджэння.



ІІІ. Актуалізацыя вывучанага.

Франт. апытванне:

  • Што гэта за эпоха?

  • Чаму менавіта эпоха Адраджэння?

  • Ахарактарызуйце Беларусь у гэту эпоху.

  • Што можна сказаць пра літаратуру гэтага часу?

  • Растлумачце ідэю гуманістычнага светапогляду.

ІV. Вывучэнне тэмы.

Праблемнае пытанне:

  • Ці можам мы Францыска Скарыну назваць гуманістам Эпохі Адраджэння?

Я прапаную правесці даследванне і знайсці адказ на пытанне.

  • Згодны? Звярніце ўвагу на наступныя крокі нашага даследвання (пытанне і крокі запісаны на дошцы)


Крокі:


  • Пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны (біяграфія Ф. Скарыны)

  • Вылучыць яго светапогляды (праца з тэкстамі прадмоў)

  • Параўнаць дзейнасць і погляды асветніка з дзейнасцю і поглядамі гуманістаў эпохі Адраджэння.


Ітак, першы крок. Калі ласка, дзяўчаты. ( 3 вучаніцы паведамляюць самастойна падрыхтаваныя біяграфічныя звесткі пра Ф. Скарыну. Пасля выступлення першай вучаніцы прадстаўляецца інсцэніроўка “Лука і Скарына”)
Слова настаўніка

Цяжкае і складанае жыццё было ў Ф. Скарыны. Шмат белых плям пакінуў нам час, многае засталося невядомым. Але ёсць галоўнае – яго кнігі. Скарына ўлучыў у свае кнігі ілюстрацыі, гравюры, партрэты. Акрамя таго, што яны ўпрыгожвалі выданні, яны дапамагалі ў асвеце, бо кнігі выкарыстоўваліся ў навучанні. Упершыню ён увёў тытульны ліст, глосы (тлумачальныя падзагалоўкі), пааркушную нумарацыю, абзацы. Як запавет даносяцца да нас мудрыя словы Ф. Скарыны: ”Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.


Замацаванне. Віктарына.

  1. У якім горадзе нарадзіўся Ф. Скарына? (Полацк)

  2. Назавіце імя і род дзейнасці бацькі Ф. Скарыны (купец Лука)

  3. Па якой кнізе вучыўся чытаць хлапчук? (Псалтыр)

  4. У якіх вядомых установах Еўропы навучаўся асветнік? (Кракаўскі і Падуанскі ўніверсітэты)

  5. Якая кніга сведчыць пра нараджэнне беларускага друку 6 жніўня 1517 года? (Псалтыр)

  6. Горад, дзе ўпершыню пабачылі свет 23 кнігі Бібліі? (Прага)

  7. Назавіце мову, веданне якой дало магчымасць Ф. Скарыне вучыцца ў еўрапейскіх ВНУ? (Лацінская)

  8. За што быў арыштаваны першадрукар? (За даўгі брата)

  9. Якая кніга была выдадзена ў мініяцюрным фармаце і змяшчала шмат карыснай цікавай інфармацыі? (Малая падарожная кніжка)


Другі крок.

Светапогляд кожнага чалавека – у яго справах. Светапогляд пісьменніка – у яго творах. 50 прадмоў складаюць аснову літаратурна-публіцыстычнай спадчыны Скарыны, у якой адлюстраваны яго арыгінальныя грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, мовазнаўчыя, літаратуразнаўчыя і педагагічныя погляды. Выдаючы кнігі Бібліі, Ф. Скарына акрэсліў дзве мэты гэтай працы: для ўшанавання Бога і пашырэння асветы.


Гімнастыка для вачэй
Праца з тэкстамі прадмоў

(вучні працуюць самастойна у групах. Першая група – прадмова да кнігі “Псалтыр”, друга – прадмова да кнігі “Юдзіф”. Кожны вучань выбірае пытанне з канверта і пасля перачытвання рыхтуе адказ. Затым адказы агалошваюцца ўсяму класу)

Выказванні Ф. Скарыны

(па жаданню вучні зачытваюць выказванні, коратка іх тлумачаць)
Вывад:

Мова скарынінскіх твораў шчырая, вобразная, пранікнёная. Аўтар выкарыстоўвае супастаўленні, параўнанні, асацыяцыі. Прадмовы Скарыны паслужылі ўзорам для многіх пісьменнікаў і выдаўцоў Беларусі, Расіі і Украіны 16-17 ст., якія таксама звярталіся да народа, паставілі кнігу на службу айчыннай культуры і роднай мове.


Трэці крок.

  • Дык хто ж ён Ф. Скарына? У чым заключаюцца яго погляды?

  • Ці супадаюць погляды Скарыны з поглядамі гуманістаў эпохі Адраджэння?


(прыкладныя адказы вучняў:

1. Менавіта Ф. Скарына першы сярод славян выдаў кнігу на беларускай мове, зразумелай для народа.

2. Як асветніка, яго дзейнасць спрыяла пашырэнню пісьменнасці і ведаў у грамадстве. Ён пачынальнік новага разумення патрыятызму.

3. Выступаў за маральнае выхаванне людзей, павагі да чалавека, непрымірымасці да несправядлівасці, крыўды, прыгнёту.

4. Ён клапаціўся пра ўдасканаленне чалавека, выступаў у падтрымку гуманістычных поглядаў.

5. У цэнтры ўвагі Ф. Скарыны знаходзяцца праблемы чалавека і грамадства, веры і бязвер’я, чалавечага шчасця.


ВЫСНОВА


  • Такім чынам, ці адказалі мы на пастаўленае пытанне?

Так, мы можам Францыска Скарыну назваць гуманістам Эпохі Адраджэння.
V. Падвядзенне вынікаў.

- Ф. Скарына – гэта…



(вучні адказваюць, настаўнік прымацоўвае карткі ля партрэта)
гуманіст, першадрукар, асветнік, доктар філасофіі і медыцыны, мастак, патрыёт, пісьменнік і публіцыст, перакладчык
У гонар асветніка выпушчана юбілейная манета, пастаўлены фільм-опера, мастацкія і дакументальныя творы, ёсць ордэн і медаль яго імя і нават названа малая планета Сонечнай сістэмы.
Верш М. Пазнякова “Скарыне” (чытае на памяць вучаніца)
VІ. Рэфлексія.

  • За што мы можам сказаць “дзякуй” Ф. Скарыне? (па чарзе вучні выказваюць словы падзякі)


VІІ. Дамашняе заданне.

Вывучыць на памяць урывак з прадмовы да кнігі “Юдзіф” (пераклад на беларускую мову)


VІІІ. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.
ІX. Заключнае слова настаўніка.

Мы пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю Ф. Скарыны – славутага сына нашай беларускай зямлі. Я спадзяюся, што сённяшні урок прымусіў вас задумацца над тым, а што я змагу пакінуць свайму народу, як я магу памножыць славу сваёй краіны і яе духоўнае багацце.



Дзякуй вам за працу на ўроку!
Настаўнік: Гардынец Алена Міхайлаўна
Погляды гуманістаў:


  • Любоў да зямнога жыцця.

  • Права на свабоду.

  • Асноўная ідэя: чалавек - творца свету і самога сябе, сам творыць свой лёс.

  • Чалавек поўны годнасці і веры ў свае сілы, у фізічную і духоўную моц.

  • Сцвярджэнне розуму і волі чалавека.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка