Урок па тэме: " Будова і функцыі касцей. Злучэнні касцей шкілета чалавека"




Дата канвертавання26.12.2016
Памер118.44 Kb.

Аддзел адукацыі Лагойскага райвыканкама

ДУА “Ізбішчанская сярэдняя школа Лагойскага раёна”

Настаўнік біялогіі і хіміі I катэгорыі

Валянціна Уладзіміраўна Петух

в. Ізбішча 2011 год

Біялогія 9 клас

Урок па тэме:

" Будова і функцыі касцей. Злучэнні касцей шкілета чалавека"



Мэта : вывучыць будову і функцыі апорна-рухальнай сістэмы, хімічны састаў, будову, злучэнні і ўласцівасці касцей шкілета чалавека.

Задачы ўрока:

- стварыць умовы для фармівання ў вучняў разумення аб адзінстве і ўзаемасувязі будовы і функцыі апорна – рухальнай сістэмы.

- развіваць уменні аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы; развіваць лагічнае мысленне, пазнавальную цікавасць, уменне прымяняць веды, атрыманыя на ўроку ў жыццёвых сітуацыях.

- выхоўваць пачуццё адказнасці за захаванне свайго здароўя, разумення неабходнасці вядзення здаровага ладу жыцця.



Тып урока : камбінаваны з выкарыстаннем праблемна – пошукавай і ІТ – тэхналогіі навучання.

Абсталяванне: мікраскоп, гатовы мікрапрэпарат "Касцявая тканка", схемы, малюнкі па тэме, фота- і відэаматэрыял, камп’ютары.

Ход урока

1. Арганізацыйны момант

2. Актуалізацыя ведаў навучэнцаў, матывацыя.

Заданні для ўзаемакантролю. Біялагічны дыктант.

3. Відэафільм “Унікальны інжынерны праект чалавецтва”

Фармуліроўка тэмы і мэты ўрока. Тлумачэнне новага матэрыялу.

3.1.1. Састаў і функцыі апорна-рухальнай сістэмы.

3. 2. Хімічны састаў касцей. Дэманстрацыя доследу.

3.3. Форма касцей /фотаматэрыялы/

3. 3.1. Будова касцей. Мікрапрэпарат трубчастых касцей.

3. 3.2 Злучэнні касцей.

Фізкультхвілінка

4. Замацаванне і абагульненне пройдзенага матэрыялу.

Выкананне заданняў “Інтэрактыўны курс біялогіі”

5. Падвядзенне вынікаў урока.

6.Дамашняе заданне.

7. Рэфлексія.

Біялагічны дыктант

1.Ц.н.с.прадстаўлена… (галаўным і спінным мозгам)

2.Структурна- функцыянальнай адзінкай н.с.з’яўляецца… (нейрон)

3.Структурнай асновай рэфлексу з’яўляецца ўтвораная нейронамі .…(рэфлекторная дуга)

4.Спінны мозг ляжыць ..(у пазваночным канале)

5.Складаецца з маста і мазжачка..(Задні мозг)

6.Біялагічна актыўныя рэчывы… (Гармоны)

7. Спінны мозг выконвае дзве асноўныя функцыі (Рэфлекторная і правадніковая)

8.Інфармацыя ад мышцаў, сухажылляў, суставаў, рухальных цэнтраў галаўнога мозга паступае …(у мазжачок)

9. Гармон росту, які выдзяляецца гіпофізам, называецца…(саматрапін)

10.Пры лішку гармону росту развіваецца..(Гігантызм, карлікавасць)

1. БУДОВА І ФУНКЦЫІ АПОРНА-РУХАЛЬНАЙ СІСТЭМЫ

Настаўнік. "Рух - гэта жыццё", - заўважыў Вальтэр. Мы здзяйсняем мноства розных рухаў, перасоўваемся ў прасторы, бегаем, крочым, скачам, плаваем. Выкананы тысячы разнастайных выпростванняў, згінанняў, паваротаў. Забяспечвае ўсё гэта апорна-рухальная сістэма.

Відэафільм “Унікальны інжынерны праект чалавецтва”

Фармуліроўка тэмы і мэты ўрока.

Косці чэрапа, тулава і канечнасцей утвараюць шкілет (ад грэч. "скелетон" - "высмяглы").

Косці шкілета складаюць пасіўную частку апорна-рухальнай сістэмы.

* Дзеці, што значыць "пасіўнасць"?

- Адсутнасць уласных дзеянняў

* Правільна, косці рухаюцца не самі па сабе, а дзякуючы скарачэнням, прымацаваных да іх мышцаў.

Мышцы складаюць актыўную частку апорна-рухальнай сістэмы.

Шкілет і мышцы працуюць разам. Яны вызначаюць форму цела, забяспечваюць апорную, ахоўную і рухальную функцыі.

Правільна, апорна-рухальная сістэма ажыццяўляе апору для цела ў цэлым, а таксама для ўсіх яго частак і органаў. Апорная функцыя выяўляецца ў тым, што косці шкілета і мышцы ўтвараюць трывалы каркас, які вызначае становішча ўнутраных органаў і не дае ім магчымасці перамяшчацца.



Рухальная функцыя ажыццяўляе перамяшчэнне цела і яго частак у прасторы. Рухальная функцыя магчыма толькі пры ўмове ўзаемадзеяння мышцаў і касцей шкілета, бо мышцы рухаюць касці, як рычагі.

Ахоўная функцыя.

Косці шкілета абараняюць органы ад траўмаў. Так, спінны і галаўны мозг знаходзяцца ў касцяным "футарале" - галаўны мозг абаронены чэрапам, спінны - пазваночнікам. Грудная клетка ахоўвае сэрца і лёгкія, дыхальныя шляхі, стрававод і буйныя крывяносныя сасуды. Органы брушной поласці ззаду абаронены пазваночнікам, знізу - тазавымі касцямі, спераду - мышцамі брушнога прэса.



Біялагічныя функцыі.

Разам з механічнымі функцыямі касцявая сістэма выконвае шэраг біялагічных функцый. У касцях знаходзіцца асноўны запас мінеральных солей: кальцыю, фосфару. Яны выкарыстоўваюцца арганізмам па меры неабходнасці, таму касцявая сістэма прымае самы непасрэдны ўдзел у мінеральным абмене. У касцях знаходзіцца чырвоны касцявы мозг, які ўдзельнічае ў працэсах крывятварэння.

2. ХІМІЧНЫ САСТАЎ КАСЦЕЙ

* Пра існаванне касцей у нашым целе ведае кожны. Спараныя косці і чэрап - знак, які адпужвае залішне дапытлівых, яго выкарыстоўвалі піраты.

/Дэманстрацыя пірацкага сцяга/

У мастацкай літаратуры часта можна сустрэць апісанне чэрапаў і шкілетаў. Часцей за ўсё яны ўносяць у апавяданне атмасферу таямнічасці. Стараславянскае слова "кощь" ("кошть") азначае "сухі". Ад яго бярэ назву слова "костка" і назва персанажа рускіх казак - Кашчэй Бессмяротны. Такое імя яму адведзена невыпадкова : косці надоўга "перажываюць" чалавека і парой захоўваюцца ў зямлі тысячагоддзямі, амаль не змяняючыся.



/Фотаматэрыялы з паходу. Рабочы стол. Камп’ютар/

Выснова: як гэта ні дзіўна, але косці па трываласці саступаюць толькі цвёрдым гатункам сталі і значна трывалей граніту і бетону.

Давайце крок за крокам высветлім, якія асаблівасці хімічнага складу і саставу надаюць касцям такія ўнікальныя ўласцівасці.

Настаўнік. Рэчывы, якія ўваходзяць у склад касцей, можна падзяліць на дзве групы: арганічныя і неарганічныя.

Настаўнік. Успомніце, якія мінеральныя элементы ўваходзяць у склад касцей?

- Кальцый, фосфар, магній

Настаўнік. Якія арганічныя рэчывы могуць уваходзіць у склад касцявой тканкі?

-Бялкі, тлушчы, вугляводы.

Давайце паглядзім, якія ўласцівасці надаюць касцям неарганічныя рэчывы, а якія - арганічныя.

Дэманстрацыя доследу.

/Сухая і свежая галінка дрэва/ Уявіце, што галінкі дрэў - гэта косці чалавека.

Паспрабуйце іх сагнуць, паламаць. Што надаюць касцям розныя рэчывы?

Можна рэкамендаваць правесці дослед з касцямі да наступнага ўрока (р-р салянай кіслаты і абпальванне касцей)

Вынік: Арганічныя рэчывы надаюць касцям пругкасць і эластычнасць.

Вынік: Неарганічныя (нерастваральныя солі кальцыю і магнію) надаюць касцям цвёрдасць.

Такім чынам, арганічныя рэчывы (бялкі) надаюць касцям пругкасць, а неарганічныя (нерастваральныя солі кальцыю і магнію) надаюць касцям цвёрдасць. Спалучэнне ж цвёрдасці і эластычнасці надае касцям трываласць.

Неабходна яшчэ ведаць прапорцыі арганічных і неарганічных рэчываў (3:1) Таму што, калі ў касцях будзе больш неарганічных рэчываў, то яны будуць цвёрдымі, але далікатнымі. А калі будзе лішак арганічных рэчываў, то косці будуць занадта гнуткімі.

-Чаму ў грудных дзяцей самы эластычны шкілет?

/Органы могуць расці хутчэй, чым косці/

Чаму не рэкамендуюць мамам ставіць занадта рана дзяцей на ногі? (6 мес)

Прырода, ствараючы касцявы шкілет, знайшла залатую сярэдзіну (3:1). Таму косці чалавека досыць трывалыя, каб выконваць ускладзеныя на іх функцыі.

Склад касцявой тканкі чалавека змяняецца на працягу ўсяго жыцця .

Як змяняецца хімічны састаў касцей з узростам?

- З узростам павялічваецца ўтрыманне ў касцях неарганічных рэчываў і памяншаецца ўтрыманне арганічных.

* Чаму ў дзяцей часта сустракаюцца скрыўленні касцей, а ў пажылых людзей пераломы? Чаму ў вашым узросце трэба ўвесь час сачыць за асанкай?

- У дзяцей у касцях утрымліваецца больш арганічных рэчываў. Іх косці больш пругкія і эластычныя. З узростам у касцях павялічваецца ўтрыманне солей. У старасці косці становяцца крохкімі з-за таго, што ў іх утрыманне неарганічных солей значна перавышае ўтрыманне эластычнага кампанента.

Здароўе - самае вялікае багацце чалавека, і яго трэба берагчы змоладу. Устаноўлена, што ўмераная нагрузка на косці павялічвае яе трываласць, таму вельмі важна займацца фізічнай культурай. Здароўе касцей залежыць ад шматлікіх фактараў, немалаважнае значэнне мае збалансаванае харчаванне.

3 ФОРМА КАСЦЕЙ /СХЕМА:

трубчастыя, губчатыя, змешаныя, плоскія)

3.1. Будова трубчастых касцей

/Малюнак падручніка, абазначэнне асноўных кампанентаў/

Косці пакрыты шчыльнай злучальнай тканкай - надкосніцай.

У надкосніцы праходзяць сасуды і нервы. Надкосніца прымае ўдзел у жыўленні касцей і ўтварэнні новай касцявой тканкі.

Косці могуць расці ў даўжыню і таўшчыню.

У даўжыню яны растуць за кошт дзялення клетак храстка, размешчанага на яе канцах эпіфізаў.

За кошт дзялення клетак унутранага слою надкосніцы, косці растуць

у таўшчыню і зарастаюць пры пераломах.

У кожнай косткі вылучаюць кампактнае (шчыльнае) і губчатае рэчыва. Іх колькасныя суадносіны і размеркаванне залежаць ад месца косці ў шкілеце і ад яе функцыі.

Шчыльнае (кампактнае) рэчыва асабліва добра развіта ў тых касцях і іх частках, якія выконваюць функцыі апоры і руху. Напрыклад, з кампактнага рэчыва пабудавана цела доўгіх трубчастых касцей. Касцявыя пласцінкі маюць цыліндрычную форму і як бы ўстаўлены адна ў другую. Такая трубчастая будова кампактнага рэчыва надае касцям вялікую трываласць і лёгкасць.

Губчатае рэчыва ўтворана мноствам касцявых пласцінак, якія размяшчаюцца па накірунках максімальнай нагрузкі. Ім утвораны патаўшчэнні галовак доўгіх трубчастых касцей, а таксама кароткія плоскія косці. Паміж пласцінкамі размяшчаецца чырвоны касцявы мозг, які з'яўляецца органам крывятварэння , у ім утвараюцца клеткі крыві. Поласці доўгіх трубчастых касцей сталых людзей запоўнены жоўтым касцявым мозгам, у якім утрымліваюцца тлушчавыя клеткі.

На працягу жыцця чалавека суадносіны шчыльнага і губчатага рэчыва касцей змяняюцца. Гэтыя змены залежаць ад ладу жыцця, які вядзе чалавек, ад яго харчавання, стану здароўя. Колькасць шчыльнага рэчыва ў спартсменаў значна вышэй, чым у людзей, якія вядуць маларухомы лад жыцця.

3.2. МІКРАСКАПІЧНАЯ БУДОВА КАСЦЯВОЙ ТКАНКІ

* Настаўнік. Дзеці, якія тыпы тканак вы ведаеце?

- Эпітэліяльная, мышачная, нервовая, злучальная.

* Да якога тыпу адносіцца касцявая тканка?

- Да злучальнай

* Якія характэрныя асаблівасці злучальнай тканкі?

- Наяўнасць добра развітага міжклетачнага рэчыва, якое вызначае механічныя ўласцівасці тканкі.

Косці шкілета чалавека ўтвораны касцявой тканкай - разнавіднасцю злучальнай тканкі. Кампактнае рэчыва касцей складаецца з мікраскапічных адтулін і канальчыкаў , па якіх з надкосніцы ў косці праходзяць шматлікія крывяносныя сасуды і нервы.

Разглядванне мікрапрэпарата “Касцявая тканка”

Сценкі касцявых канальчыкаў выкладзены шэрагам радыяльна размешчаных касцявых пласцінак. Гэта міжклеткавае рэчыва касцей. Наяўнасць міжклеткавага рэчыва характэрна для любой злучальнай тканкі. Касцявыя клеткі, якія ўтвараюць гэтыя пласцінкі, размяшчаюцца па вонкавым перыметры гэтых кольцаў.

Такім чынам, мы з вамі пераканаліся, што косці трывалыя і адначасова лёгкія. Што і дазваляе ім выконваць у складзе шкілета апорную, ахоўную і рухальную функцыі. Гэта дасягаецца:

1. За кошт хімічнага саставу.

2. За кошт макрабудовы.

3. За кошт мікрабудовы.

* Чаму большасць касцей цела чалавека не зрошчаны паміж сабой?

- Калі б косці нашага арганізма зрасліся, то рухі цела былі б немагчымымі.

Вучням прапануецца вывучыць матэрыял аб злучэнні касцей па вучэбнаму дапаможніку. Затым сумесна складаецца схема.

ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА.

Вучням прапануецца парухаць ступнямі ног, затым прамянёвазапясцевым суставам рук, лакцёвым суставам,плечавым, паклаўшы пры гэтым руку на ключыцу.

*Вызначыць, у якіх пласкасцях магчыма вярчэнне прапанаваных суставаў.

4. Замацаванне і абагульненне пройдзенага матэрыялу.

Выкананне заданняў “Інтэрактыўны курс біялогіі”

*Што адносіцца да апорна – рухальнага апарату?

*Які хімічны састаў маюць косці?

* Як форма касцей звязана з функцыямі?

* Якую будову маюць трубчастыя косці?

*Якія злучэнні касцей вы ведаеце?

*Усяго ў шкілеце чалавека.. (204- 208 касцей)

*Асноўную масу сухой косці складаюць.. (неарганічныя рэчывы)

*Косці - своеасаблівае дэпо хімічнага элемента.. (кальцыю)

*Трубчастыя косці маюць выгляд полых цыліндраў з патоўшчанымі канцамі (эпіфізамі)

“Зверху косці пакрыты злучальнатканкавай абалонкай ..(надкосніцай)

* Паміж перакладзінамі губчатага рэчыва касцей змяшчаецца.(чырвоны касцявы мозг)

*Рухомыя злучэнні касцей называюцца..(суставы)

*Нерухомае злучэнне касцей называецца ..(швом)

*Ахоўвае галаўны мозг ад пашкоджанняў.. (чэрап)

Вучні ў час адказаў паказваюць названыя косці, суставы на інтэрактыўнай дошцы камп’ютара.

5. Падвядзенне вынікаў урока.

Для таго, каб косці былі моцнымі і эластычнымі, неабходна:



  • Рацыянальнае харчаванне /мінеральныя солі Са, бялковая ежа/

  • Умераныя пастаянныя фізічныя нагрузкі.

Рэфлексія

Паважаныя сябры, вось і надыходзіць час нам з вамі развітвацца, і ў апошнія хвіліны прашу звярнуць увагу на тэму ўрока, задачы ўрока, вашы запісы ў сшытках.



  • Успомніце, як працавалі асабіста вы самі?

  • Якія былі адчуванні ў вас на ўроку?

  • Ці задаволены вы сваёй і маёй працай на ўроку?

  • З якімі адчуваннямі вы пойдзеце дадому?

  • Ці цікавым і карысным быў новы матэрыял?

  • У канцы ўрока я хачу падарыць вам смачны прэзент - тварожны сырок. Чаму?

Шкілет чалавека

*Усяго ў шкілеце чалавека.. (204- 208 касцей)

*Асноўную масу сухой косці складаюць.. (неарганічныя рэчывы)

*Косці своеасаблівае дэпо хімічнага элемента.. (кальцыю)

*Трубчастыя косці маюць выгляд полых цыліндраў з патоўшчанымі канцамі (эпіфізамі)

“Зверху косці пакрыты злучальнатканкавай абалонкай ..(надкосніцай)

* Паміж перакладзінамі губчатага рэчыва косці змяшчаецца.(чырвоны касцявы мозг)

*Рухомыя злучэнні касцей называюцца..(суставы)

*Нерухомае злучэнне касцей называецца ..(швом)

*Ахоўвае галаўны мозг ад пашкоджванняў.. (чэрап)



Вучні ў час адказаў пазваюць названыя косці, суставы на інтэрактыўнай дошцы камп’ютара


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка