Урок праводзіцца ў І чвэрці, кастрычнік. Беларуская мова 8 клас тэма: Дзейнік. Спосабы яго выражэння




Дата канвертавання20.01.2017
Памер80.92 Kb.
Казачэнка Ірына Рыгораўна

Урок праводзіцца ў І чвэрці, кастрычнік.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА 8 КЛАС

ТЭМА: Дзейнік. Спосабы яго выражэння.

МЭТЫ: Пазнаёміць школьнікаў з найбольш распаўсюджанымі спосабамі выражэння дзейніка, у тым ліку фразеалагізмамі і сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі ў ролі галоўнага члена сказа. Удасканальваць уменні школьнікаў на аснове глыбокага асэнсавання зместу знаходзіць граматычную аснову, вызначаць сэнсава-граматычныя адносіны паміж галоўнымі членамі, характарызаваць марфалагічныя сродкі выражэння дзейніка.

Ход урока



  1. Інтрыга ўрока.

Сёння на ўроку мы з вамі зазірнём ў не зусім звычайны тэатр – тэатр беларускай мовы.

Але спачатку прапаную паглядзець на дошку і паспрабаваць здагадацца, якое слова тут схавана. (на дошцы зашыфравана слова граматыка)

(На дошцы прымацаваны тры падказкі ў канвертах, кожны раз настаўнік выбірае аднаго з вучняў, які адкрывае падказку).

Падказка першая: гэта строй мовы, сістэма найбольш агульных заканамернасцей ужывання яго самастойных адзінак – слоў і сказаў. Не здагадаліся? Ну, а што гэта за паняцце і як яно суадносіцца з нашымі заняткамі вы даведаецеся ў канцы ўрока.

А тэма нашага сённяшняга ўрока: “Галоўныя члены сказа. Дзейнік”.


  1. Паўтарэнне раней вывучанага.

Вы не раз чулі фразу, што тэатр пачынаецца з вешалкі ці з гардэроба, дзе за вашы рэчы вы атрымліваеце нумаркі. Цяпер вам таксама трэба будзе атрымаць нумаркі, але не за рэчы, а за веды. Ваша задача – закончыць мае выказванні (вучні адказваюць, атрымліваюць нумаркі і рассаджваюцца па групах; кожнае месца ў класе пранумаравана; пытанняў столькі, колькі вучняў у класе):

Просты сказ – гэта сказ, у якім…

Галоўнымі членамі сказа з’яўляюцца…

Дзейнік і выказнік складаюць…

Развіты сказ – гэта…

Сказ, у якім ёсць толькі галоўныя члены сказа, называецца…

Сказ, у якім дзве і больш граматычных асноў, называецца…

Па эмацыянальнай афарбоўцы сказы дзеляцца на…

Пабуджальныя сказы – гэта сказы, у якіх…

Пытальныя сказы – гэта сказы, у якіх…

У некаторых з вас ёсць шчаслівыя нумаркі (трое вучняў атрымліваюць шчаслівыя нумаркі), і я запрашаю вас выйсці сюды. А шчаслівыя гэтыя нумаркі таму, што вы атрымалі запрашэнне ад рэжысёра нашага тэатра, а імя нашага рэжысёра, як ні дзіўна, вы бачыце на дошцы (зварот да інтрыгі).

Трое вучняў займаюць месцы ля дошкі і выконваюць заданні ў канвертах.

1 заданне.

З неразвітых сказаў утвары развітыя і запішы іх.



Свеціць месяц. Мінулі восень і зіма. Вёска жыла. Загуў матор. Рака не зварухнецца.

2 заданне.

Знайдзі памылкі ў размеркаванні сказаў па групах. Абгрунтуй сваю думку графічна.

Сказы


Аднасастаўныя Двухсастаўныя

Мароз мацнеў. Ужо падмарожвала.

Школу падрыхтавалі да рамонту. Школа падрыхтавана да

рамонту.

За акном грымела і грукатала. Доўга яшчэ грымеў і грукатаў

гром.

Прыгажосць гэтых мясцін уражвала. Дзіўная прыгажосць.

Прачытай гэтую кнігу. Мне хацелася прачытаць

гэтую кнігу.

3 заданне.

Пастаў знакі прыпынку ў канцы сказаў. Прачытай тэкст уголас з патрэбнай інтанацыяй.

Асобе, якая імкнецца да адукацыі, варта шанаваць кнігі вышэй за золата і каштоўныя камяні, перагортваць іх старонкі днём і ноччу Як трэба чытаць кнігі Іх трэба чытаць уважліва, каб самае важнае адзначалася і выносілася Адзначалася – у самой кнізе, калі яна твая; выносілася, гэта значыць выпісвалася Адбірай самае істотнае ў кнізе для нататак Запісвай новае для сябе, тое, што спатрэбіцца табе калі-небудзь Не забудзься запісаць і свае думкі. (Паводле Я.А.Каменскага)

Галоўны рэжысёр тэатра “Беларуская мова” звяртаецца да вас з просьбай яшчэ раз растлумачыць наведвальнікам тэатра некалькі важных лінгвістычных паняццяў і прывесці прыклады:



  1. Аднасастаўныя і двухсастаўныя сказы.

  2. Развітыя і неразвітыя сказы.

  3. Простыя і складаныя сказы.

Усе вы неаднаразова хадзілі ў тэатр. І ва ўсіх вас тэатр выклікае самыя розныя ўражанні і эмоцыі. Ваша задача зараз расказаць пра паход у тэатр у пяці сказах.

1 група – клічныя сказы.

2 група – неразвітыя сказы.

3 група – складаныя сказы.



Зварот да інтрыгі.

Ну як, здагадаліся, якое паняцце схавана на дошцы і як завуць рэжысёра тэатра?

(выбраць аднаго, хто лепш адказваў, і ён выбірае 2 падказку)

Галіна мовазнаўства прадстаўлена дзвюма дысцыплінамі – марфалогіяй і сінтаксісам.



  1. Знаёмства з новым матэрыялам.

А зараз я прапаноўваю вам наведаць рэпетыцыю ў тэатры, дзе адбываецца абмеркаванне п’есы “Гэты няпросты просты сказ”. Тут ідзе размова пра тое, які з галоўных членаў сказа галоўнейшы. Існуюць розныя пункты гледжання, але звычайна іменна дзейнік характарызуюць як граматычна незалежны член сказа, які абазначае прадмет гаворкі, які кіруе другім галоўным членам сказа выказнікам. Як жа выражаецца ў сказе прадмет маўлення? Якія часціны мовы могуць іграць гэтую ролю?

Давайце пазнаёмімся з акцёрамі, якія мараць сыграць галоўную ролю – ролю дзейніка (на дошцы вісяць акцёры- карткі з назвамі часцін мовы).

Рэжысёр узяў слова: каб вызначыць выканаўцу ролі, трэба ведаць яе асаблівасці. Першы прэтэндэнт на гэтую ролю – назоўнік (запаўняецца табліца, вучні падбіраюць прыклады), так як назоўнік называе прадмет у шырокім сэнсе слова. Галоўная ўмова ролі – назоўны склон.

Тут у размову ўмяшаўся займеннік, які таксама папрасіў назначыць яго асноўным выканаўцам галоўнай ролі, так як калі назоўнік называе прадмет, то займеннік указвае на яго.

Але рэжысёр працягваў сваю гаворку. Ён назначыў дублёраў: прыметнік, лічэбнік, прыслоўе, дзеяслоў (інфінітыў), дзеепрыметнік. Такіх выпадкаў нямнога, але ў добрым спектаклі нават эпізадычная роля павінна быць адыграна на выдатна.

Крыху падумаўшы, рэжысёр працягваў сваю гаворку: трэба мець на ўвазе, што часам для выканання галоўнай ролі спатрэбяцца не словы, а словазлучэнні.

Быў аб’яўлены перапынак, перш чым выбіралі акцёраў на ролю выказніка.

ТАБЛІЦА


Спосаб выражэння

прыклады

Назоўнік у Н.с.

Над лугам слаўся густы туман.

Займеннік у Н.с.

Люблю я падарожнічаць па родным краі.

Прыметнік

Паляўнічы сядзеў каля вогнішча.

Лічэбнік

Сем не дзеліцца на два без астачы.

Прыслоўе

Прыйшло і паслязаўтра.

Дзеяслоў

Займацца спортам вельмі карысна.

Фразеалагізмам

Стаяла цёплае бабіна лета.

Сінтаксічна непадзельным словазлучэннем

Кожны з нас добра ведаў сваю справу.

Міхась з Алесем пайшлі ў грыбы.

ВЫВАД: у ролі дзейніка могуць сустрэцца практычна ўсе часціны мовы.

Зварот да інтрыгі.

(3 падказка ў канверце). Абагульняльная праца, якая ўтрымлівае поўнае сістэмнае апісанне строя дадзенай мовы. Паміма раздзелаў па марфалогіі і сінтаксісу, звычайна ўключае звесткі па фанетыцы і словаўтварэнню.



  1. Замацаванне.

Заданні для груп.

Кожнай групе прапануюцца тэксты, у якіх трэба выдзеліць дзейнік. Зрабіць вывад: якая часціна мовы часцей з’ўляецца дзейнікам? Астатнія групы ўважліва слухаюць таго, хто адказвае і прадстаўнік ад групы падымае карткі: чырвоная – згодзен, сіняя – не.

1 тэкст.

Падышла ноч. Алекса ўсё нерухома сядзеў на адным месцы. Баяўся адысціся ад дарогі, бо тады ён не зможа вярнуцца. Барханы ўсюды аднолькавыя. Пайсці наперад – значыць, заблудзіцца ў іх і ніколі не выбрацца назад. Да таго ж ён спадзяваўся, што Нігмату будзе лягчэй шукаць. Яму больш звыклыя тутэйшыя мясціны. Ён неяк адрознівае гэтыя барханы, для Алексы зусім аднолькавыя. Добры памочнік яму гэты чарнавокі хлопец!

(паводле В.Іпатавай)

2 тэкст


Ужо была першая восень. Іржэўнік пацямнеў, птушкі павырасталі і збіраліся разам. Відзён быў апусцелы Скуратовічаў хутар. Міхалка сьаяў каля мураванага скляпка: ён надумаўся прайсці сюды паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Ён паглядзеў у хлявы, абышоў сад і пайшоў у поле да дзічкі. Гэтая дзічка цягнула яго да сябе. Падышоў, азіраючыся, ці не глядўзіць хто. Нікога нідзе не было.

(К.Чорны)

3 тэкст


Кожная мясціна на Беларусі адметная не толькі нечым сваім непаўторным, але і сваёй гаворкай. Асабліва ж вылучаюцца ёй палешукі. У лясоў і ў ракі бралі яны сваё слова. Пра тых жа карпаў яны ніколі не скажуць, што гэта карпы, а толькі карпу-у-у. І іх мяккае, далікатнае “у-у-у” доўга вісіць у паветры, мякка кругліць вусны і шчокі таго, хто гаворыць. Коціцца, коціцца над зямлёй пявучае слова, як тая рэчка, ціха, але няспынна коціць свае воды сярод белых пяскоў, рудых і зялёных балацін, ніцых лазнякоў, як шумяць іх гаманкія бары, гаі і дубровы…

(Паводле В.Казько)

Настаўнік: Прыйшоў час пакідаць тэатр, а значыць, трэба прайсці цераз гардэроб. Ваша задача – выдзеліць дзейнік.

(Сказы запісаныя на дошцы. Вучні працуюць вусна.)

Абое хораша спявалі.

Кожны сабе дабра жадае.

Чакаць давялося доўга.

Я – беларус, і я шчаслівы, што маці мову мне дала.

Вось і прыйшло сёння.

З поля плылі купчастыя вазы снапоў.

Многае з расказанага дзедам забылася.

Шчасцемаці такую любіць, гонар – маці такую мець.

Асаблівая асалода – хадзіць у ягады.



  1. Заключнае слова настаўніка. Развязка інтрыгі.

Граматыка – гэта правіла гульні, і ў кожнай мове яны свае. Што прынята ў хакеі, можа быць не да месца ў футболе. Але адно патрабаванне з’яўляецца агульным для ўсіх гульняў (і нават для ігры ў тэатры). Ёсць правілы, яны павінны выконвацца, інакш, якія гэта правілы?

Словы без граматыкі – акцёры без ролі. Ролі ў кожным спектаклі розныя, але размяркоўваць іх паміж акцёрамі граматыка павінна заўсёды. Напрыклад, выкарыстаць беларускі назоўнік у “ніякім” склоне і ліку нельга. Абавязковасць – першая ўласцівасць граматыкі. Ёсць і другая ўласцівасць – у любой гульні гуляючыя павінны ўзаемадзейнічаць адзін з адным, так і ў граматыцы – словы звязваюцца адно з адным па правілах. Вось і сёння мы з вамі пазнаёміліся з узаемадзеяннем слоў адно з адным у сказе, а на наступных уроках мы прадоўжым гэта знаёмства.



  1. Дамашняе заданне.

§16 – 18, пр. 93.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка