Урок вывучэння новага матэрыялу Месца ўрока: 1-ы ўрок па тэме "Лічэбнік", 50-ы ў каляндарна-тэматычным планаванні



Дата канвертавання19.11.2017
Памер161.8 Kb.
#13788


Тэма: Лічэбнік як часціна мовы
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу

Месца ўрока: 1-ы ўрок па тэме “Лічэбнік”, 50-ы ў каляндарна-тэматычным планаванні
Мэта: пазнаёміць вучняў з лічэбнікам як часцінай мовы
Задачы:

  • адукацыйная: стварыць умовы для фарміравання ў вучняў агульнага ўяўлення аб лічэбніку як часціне мовы, яго лексіка-граматычным значэнні, марфалагічных прыметах, сінтаксічнай ролі ў сказе, разрадах лічэбнікаў па значэнні;

  • развіццёвая: арганізаваць работу па выпрацоўцы ўменняў распазнаваць лічэбнікі ў тэксце, адрозніваць іх ад вытворных назоўнікаў, характарызаваць марфалагічныя прыметы лічэбніка і сінтаксічную ролю ў сказе;

  • выхаваўчая: стварыць умовы для выхавання ўпэўненасці ў сваіх здольнасцях, садзейнічаць выхаванню цікавасці да прадмета, любові да роднай мовы, да Беларусі праз дыдактычны матэрыял урока.


Задачы для вучняў:

  • пазнаёміцца з лічэбнікам як часцінай мовы, яго марфалагічнымі прыметамі, сінтаксічнай роляй;

  • навучыцца знаходзіць лічэбнікі ў тэкстах, адрозніваць іх ад іншых самастойных часцін мовы;

  • прымяняць атрыманыя веды на практыцы.


Пералік базавых паняццяў:

лічэбнік, колькасныя лічэбнікі, парадкавыя лічэбнікі, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля ў сказе.


Метады навучання:

наглядны, славесны, практычны, інтэрактыўны.


Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці:

франтальная, індывідуальная, калектыўная, групавая.


Абсталяванне:

  1. Камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка (праграмнае забеспячэнне Мicrosoft Рowerpoint), медыякалонка, аўдыязапіс.

  2. Красней В.П. Беларуская мова: вучэб. дапам. для 6-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / В.П. Красней, Я.М. Лаўрэль, С.Р. Рачэўскі. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2009. – 304 с.

  3. Карткі з заданнямі для кожнага вучня.

  4. Анкеты.

  5. Рэфлексійныя карткі.


План урока:


  1. Арганізацыйны момант (2 хв.)

  2. Мэтавызначэнне і матывацыя (4 хв.)

  3. Актуалізацыя ведаў (2 хв.)

  4. Тлумачэнне новага матэрыялу (10 хв.)

  5. Замацаванне набытых ведаў (17 хв.)

  6. Падвядзенне вынікаў урока (4 хв.)

  7. Дамашняе заданне (3 хв.)

  8. Рэфлексія (3 хв.)


Ход урока
I. Арганізацыйны момант

Гучыць спакойная мелодыя

Вітаю вас, шаноўныя госці, вітаю вас, дарагія вучні! Сядайце, калі ласка! Мяне завуць Вольга Іванаўна. Я вельмі рада, што мне выпаў гонар правесці ўрок у вашым класе. Я працую ў сярэдняй школе №1 г. Астраўца. Там у мяне засталіся такія самыя вясёлыя, актыўныя і сімпатычныя шасцікласнікі, і я спадзяюся, што ўсё ў нас з вамі атрымаецца. А для таго, каб умацаваць наш дух калектывізму, мы з вамі станем на імгненне друкавальнай машынкай.



Метад “Друкавальная машынка”

На дошцы запісаны сказ:



Добры настрой – палова перамогі (старажытнагрэчаская прыказка)

Вучні разам з настаўнікам павінны «надрукаваць» гэтую фразу з дапамогай пэўных сігналаў (зычная літара – пляскаем у далоні, галосная – шчоўкаем пальцамі, знакі прыпынку – прысядаем).


II. Мэтавызначэнне і матывацыя

Слова настаўніка

Рабяты, у кожнага з вас на парце знаходзіцца анкета, на пытанні якой я папрашу вас адказаць.



Анкета

п/п

Пытанне

Адказ

1.

Колькі табе гадоў?

Мне _________________ гадоў.

2.

У якім класе ты вучышся?

Я вучуся ў ____________ класе.

3.

На якім паверсе праходзіць урок?

Урок праходзіць на ____________ паверсе.

4.

Колькі ў цябе ўсяго сёння ўрокаў?

У мяне сёння ___________ урокаў.


Слайд 1. Паглядзіце, калі ласка, на слайд і скажыце, што агульнага паміж вашымі адказамі і малюнкамі? (Лічбы)

Вы, напэўна, заўважылі, што на сённяшнім уроку беларускай мовы вакол нас лікі. Мы пачынаем вывучэнне новай часціны мовы, якая сама пра сябе сказала так:


Аб сабе сказаць хачу:

Усе прадметы я лічу.

Няма часу адпачыць:

Кожны просіць палічыць –

Колькі іх, каторы ён?

Лічбы працы маёй плён.


Можа, хто-небудзь здагадаўся, пра якую часціну мовы ў нас сёння пойдзе гаворка? (Пра лічэбнік)

Так, тэма нашага ўрока “Лічэбнік як самастойная часціна мовы”. Адгарніце вашыя сшыткі і запішыце:



Дваццаць другога студзеня

Класная работа

Лічэбнік як самастойная часціна мовы

Для таго, каб наша работа на ўроку была прадуктыўнай, давайце вызначым, аб чым мы павінны будзем даведацца на ўроку, чаму павінны будзем навучыцца, з якім запасам ведаў мы выйдзем з гэтага кабінета?



На дошцы запісаны сказы, якія вучні павінны дапоўніць

Я буду ведаць…

Я буду ўмець…

Я пастараюся…
III. Актуалізацыя ведаў

Паведамленне настаўніка аб тэарэтычнай і практычнай значнасці новай тэмы. Фармуліроўка асноўнай вучэбнай задачы.

Толькі ў 6 класе вы пачынаеце сур’ёзнае знаёмства з лічэбнікам. Ці можна сказаць, што гэта ваша першая сустрэча з лічэбнікам? (Не …)

Так, лічэбнік ідзе з намі праз усё жыццё. Дзіця нараджаецца і праз пэўны час яно ў стане адказаць, колькі яму гадоў (два, тры), пройдзе зусім мала часу і яно вам паведаміць, што жыве ў пятым доме, на другім паверсе, а крыху пазней дзіця падліча, што 2 + 3 будзе 5. Вось так пачынаецца падарожжа чалавека па краіне лічэбнікаў. У гэта падарожжа запрашаю і я вас, але ўжо не як аматараў, а як навукоўцаў. Будзьце вельмі ўважлівымі падчас ўрока, таму што ў канцы нашага занятка вы напішаце невялікі тэст па пройдзеным матэрыяле.
IV. Тлумачэнне новага матэрыялу

Звернемся да нашай тэмы “Лічэбнік як часціна мовы”.

-Назавіце лічэбнікі, якія ёсць у адказах вашых анкетаў.

-На якое пытанне адказваюць лічэбнікі дванаццаць і шэсць? (Колькі?)

-На якое пытанне адказваюць лічэбнікі на трэцім і ў шостым? (Які?)

Вы заўважылі, што лічэбнікі могуць адказваць на розныя пытанні. Чаму? Таму што ўсе лічэбнікі падзяляюцца на два разрады. На якія? Вы даведаецеся, калі папрацуеце ў групах.



Вучні дзеляцца на групы (метад “Адгадай загадку”: загадзя ў кожнага вучня на парце ляжыць загадка. Тыя вучні, у каго аднолькавыя адгадкі, утвараюць групы).

Загадкі

І ўначы і ўдзень бясконца

Ён усю зіму ляжыць.

Як вясной прыгрэе сонца,

Аж да мора пабяжыць.

Вось які бярэ разбег!

Адгадалі?

Гэта – …

(Снег)

Без рук малюе,

Без зубоў кусае.

(Мароз)

Хто на месцы не сядзіць,

Разам з ветрыкам ляціць?

Жвава кружацца пушынкі,

Гэта белыя …

(Сняжынкі)

Улетку адпачываюць,

А ўзімку дзяцей катаюць.

(Санкі)

Шар пастаўлены на шар,

Нос чырвоны на ўвесь твар,

Рот і вочы – вугалькі.

Адгадайце, хто такі?

(Снегавік)


Метад «Зігзаг». Члены групы становяцца экспертамі па вызначаных пытаннях вывучаемай тэмы. Правёўшы асабістую экспертызу па свайму фрагменту, група прадстаўляе свае веды іншым групам.

Першая група

Агульнае значэнне

Лічэбнік – гэта часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць прадметаў, а таксама парадак прадметаў пры лічэнні. У залежнасці ад значэння лічэбнікі падзяляюцца на колькасныя і парадкавыя.

Другая група

Колькасныя лічэбнікі

Колькасныя лічэбнікі абазначаюць лік або колькасць прадметаў і адказваюць на пытанне колькі? (шэсць дзеліцца на два, чатыры гады).

Сярод колькасных лічэбнікаў вылучаюць дробавыя (адна сёмая, тры дзявятыя) і зборныя (трое рабочых, чацвёра саней, пяцёра ягнят).



Трэцяя група

Парадкавыя_лічэбнікі'>Парадкавыя лічэбнікі

Парадкавыя лічэбнікі абазначаюць парадак прадметаў і адказваюць на пытанне які? каторы? (пяты клас, сёмы ўрок).

Чацвёртая група

Марфалагічныя прыметы

Колькасныя лічэбнікі змяняюцца толькі па склонах. Роду і ліку яны не маюць, акрамя слоў адзін, два (адна зямля, адзін край, адно сонейка, адны дзеці; дзве дзяўчынкі, два хлопчыка).

Парадкавыя лічэбнікі змяняюцца па родах, ліках і склонах.

Пятая група

Сінтаксічная роля

Колькасны лічэбнік можа быць любым членам сказа:

дзейнікам: Высока ў блакітным небе луналі чатыры буслы.

выказнікам: Шэсць на восем – сорак восем.

дапаўненнем: Сонца пазалаціла тры вялізарныя дубы.

азначэннем: У нашым горадзе пабудавалі новую школу на тры паверхі.

акалічнасцю: Мы не бачыліся амаль пяць гадоў.

Парадкавыя лічэбнікі ў сказе звычайна бываюць азначэннямі: Мы з прыемнасцю ўдыхалі першыя пахі вясны. Была суровая восень дзевятнаццатага года.

Запаўненне кластара




Франтальнае апытванне

Гульня “Мікрафон”

Метад “Тоўстыя і тонкія пытанні” (задае настаўнік)

– Якая часціна мовы называецца лічэбнікам?

– На якія разрады падзяляюцца лічэбнікі?

– Чым адрозніваюцца колькасныя лічэбнікі ад парадкавых?

– Якім членам сказа могуць быць лічэбнікі?

– На якую акалічнасць трэба звярнуць увагу пры сінтаксічным разборы сказа, дзе ёсць лічэбнік?


V. Замацаванне набытых ведаў

Заданне 1

Метад «Чароўнае дрэва»

У незвычайным садзе вырасла незвычайнае дрэва з рознакаляровымі пладамі. Надышоў час збіраць ураджай. Ваша задача: раскласці ўраджай па кошыках (прыгатаваны чатыры кошыкі з надпісамі «Лічэбнікі», «Назоўнікі», «Прыметнікі», «Дзеясловы»). Для гэтага трэба выйсці па адным чалавеку ад кожнай групы, адзін за адным, сарваць плод, перавярнуць яго, прачытаць запісанае на ім слова, вызначыць часціну мовы і пакласці ў адпаведны кошык.



Словы: чацвёрты, чвэрць, падвоіць, двойка, сто сорак дзевяць, пяціпавярховы, двайны, трайнік, семдзесят, адзінаццаць, дзясятак, адзіны, першапачатковы, пяцёрка, другая.
Адказы:

Лічэбнікі

Назоўнікі

Прыметнікі

Дзеясловы

чацвёрты

чвэрць

пяціпавярховы

падвоіць

сто сорак дзевяць

двойка

двайны




семдзесят

трайнік

адзіны




адзінаццаць

дзясятак

першапачатковы




восьмы

пяцёрка








Заданне 2

Метад “Выбар”

У двух кутах класнага кабінета наклеены таблічкі “Колькасныя лічэбнікі”, “Парадкавыя лічэбнікі”. У вучняў знаходзяцца карткі з лічэбнікамі, якія яны павінны аднесці да пэўнага разраду, стаўшы ля адпаведнай таблічкі.

Колькасныя

Парадкавыя

чатырнаццаць кіламетраў

першы ў класе

дзве вучаніцы

дзясяты студэнт

васямнаццаць елак

трэці ўрок

шэсцьдзясят пяць гадоў

сямнаццаты дзень

семдзесят працэнтаў

пяцьдзясят шосты кіламетр

трынаццаць сутак

дваццаць другі тыдзень

пяць цукерак

сорак сёмы пасажыр

сто два вучні

дзве тысячы чатырнаццаты год

дзевяноста дзевяць дрэў

восьмая група

адзін хлопчык

шэсцьдзясят трэці трактар

сорак чатыры старонкі

чацвёртае дзіця

два будынка

дванаццаты месяц


Фізкультхвілінка
Нам ужо 12 год

Падзівіся з нас, народ.

Дзве рукі я падніму

Пацягнуся, пастаю.

Апускаю ўніз абедзьве,

Бо стаю я ледзве-ледзве.

Я папляскаю ў далоні,

Пяць замкоў вісяць на доме.

Двум сябрам я памахаю,

Бо да іх прыхільнасць маю.

Без алоўка і паперы намалюю проста так

Лічбу 8 я вачамі

Яна сніцца мне начамі,

Не пярэчце – я мастак!


Заданне 3

– Каго вы бачыце на экране? (Сімвал Чэмпіяната свету па хакеі-2014, зубр)

– Так, сапраўды. У гэтым годзе мы, беларусы, станем сведкамі грандыёзнага мерапрыемства – Чэмпіяната свету па хакеі.

– Як на вашу думку, ці абавязкова ў нашым жыцці павінен прысутнічаць спорт?

– Як запавет гучаць для нас словы прыказкі “У здаровым целе – здаровы дух”.

Работа з тэкстам

Вучні дзеляцца на два варыянты. Першы варыянт працуе з тэкстам “Мары алімпійца” і выпісвае колькасныя лічэбнікі, другі варыянт – з тэкстам “Чэмпіянат свету па хакеі-2014” і выпісвае парадкавыя лічэбнікі.

Давайце пазнаёмімся з тэкстамі “мары алімпійца” і “Чэмпіянат свету па хакеі-2014”.

Два вучні выразна чытаюць тэксты.

Мары алімпійца

Першым слова ўзяў алімпійскі чэмпіён Валерый Барзоў:


  • Добры дзень, сябры!Мы прыйшлі прывітаць вас, юная змена. Добра, што вы марыце пра алімпійскія вышыні. Ды хіба ж можна ў жыцці без мары?

Сваю мару я здзейсніў на Дваццатых Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў Мюнхене ў тысяча дзевяцьсот семдзесят другім годзе. Я перамог у бегу на сто і двесце метраў. А калі быць дакладным, я прабег сто метраў за дзесяць секунд. А пачаў я займацца атлетыкай у дванаццаць гадоў.

Спорт – гэта культура цела, розуму, паводзін… Я перакананы, што ў школьныя гады на першым месцы павінна быць вучоба і спорт. Толькі перад усебакова развітым чалавекам скараюцца самыя дзёрзкія мары.

Адказы: сто, двесце, дзесяць, дванаццаць.
Чэмпіянат свету па хакеі

Ні для каго не сакрэт, што з дзявятага да дваццаць пятага мая дзве тысячы чатырнаццатага года ў сталіцы Рэспублікі Беларусь, горадзе Мінску, пройдзе семдзесят восьмы чэмпіянат свету па хакеі, які ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як самая вялікая і знакавая падзея ў спартыўным жыцці краіны. Спаборніцтвы будуць праходзіць у двух комплексах рэспублікі – «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна», ёмістасць якіх складае адпаведна пятнаццаць і дзесяць тысяч гледачоў. У барацьбе за званне чэмпіёна свету паўдзельнічаюць шаснаццаць нацыянальных хакейных каманд – трынаццаць з Еўропы, дзве з Паўночнай Амерыкі і адна з Азіі.

Унікальнае па сваіх маштабах мерапрыемства прыцягне ўвагу не толькі айчынных аматараў, але і паспрыяе прыезду мноства замежных фанатаў хакея з розных куткоў зямнога шара, якія прыедуць на два тыдні ў горад Мінск для таго, каб падтрымаць свае нацыянальныя каманды.

Адказы: дзявятага, дваццаць пятага, дзве тысячы чатырнаццатага, семдзесят восьмы.

Слайд 2. Узаемаправерка па слайдзе
Заданне 4

“Кубак мудрасці”. Вучні працуюць у групах. Настаўнік прапануе вучням, якія раніцай пілі чай, памяняцца месцамі. Такім чынам, ствараюцца групы. Кожнай групе даюцца “рассыпаныя” прыказкі з лічэбнікамі, якія трэба злучыць. Пасля кожная група запісвае пэўную прыказку і робіць яе сінтаксічны разбор.

Слайд 3. Прыказкі

Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць.

У адно вуха ўпусціў, а ў другое выпусціў.

Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж.

За сем работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца.



Не май сто рублёў, а май сто сяброў.

Адна галава добра, а дзве лепш.

У адно вуха ўпусціў, а ў другое выпусціў.

Два вучні робяць сінтаксічны разбор выдзеленых прыказак на дошцы, астатнія ў сшытках.
Тэст

Варыянт 1

А1. Адзначце правільныя сцвярджэнні:



  1. Лічэбнік – гэта самастойная часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць прадметаў, а таксама парадак пры лічэнні.

  2. Лічэбнік – гэта службовая часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць прадметаў, а таксама парадак пры лічэнні.

  3. Лічэбнікі ў залежнасці ад значэння падзяляюцца на колькасныя і парадкавыя.

А2. Сярод прыведзеных часцін мовы выберыце лічэбнікі:

  1. сямёрка;

  2. пяць;

  3. шасцігадовы;

  4. дзве тысячы чатырнаццаты;

  5. адна дзясятая.

А3. Адзначце словазлучэнні, у якіх ужыты колькасныя лічэбнікі:

  1. сямідзясяты год;

  2. чацвёртая вясна;

  3. вучні шостага класа;

  4. пяцьдзясят чатыры віды рыб;

  5. семсот муляроў.

А4. Адзначце сказы, у якіх лічэбнік з’яўляецца дзейнікам:

  1. Дома засталіся адны дзеці.

  2. Дзве сяброўкі сустрэліся зноў пасля летніх канікул.

  3. Агульная плошча астравоў – трыста семдзесят восем квадратных кіламетраў.

  4. Дзеду ішоў шасцідзясяты год.

  5. Зіма прыходзіць не адна, яна прыводзіць з сабою трох сваіх сыноў.

А5. Адзначце выпадкі, дзе спалучэнне слоў не з’яўляецца словазлучэннем:

  1. убачыў брата;

  2. сабраліся госці;

  3. дваццаць тры;

  4. паходжанне рэчак;

  5. любімая казка.

Варыянт 2

А1. Адзначце правільныя сцвярджэнні:



  1. Лічэбнік – гэта самастойная часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць прадметаў, а таксама парадак пры лічэнні.

  2. Лічэбнік – гэта службовая часціна мовы, якая абазначае лік, колькасць прадметаў, а таксама парадак пры лічэнні.

  3. Лічэбнікі ў залежнасці ад значэння падзяляюцца на колькасныя і парадкавыя.

А2. Сярод прыведзеных часцін мовы выберыце лічэбнікі:

  1. трыццаць тры;

  2. адзінка;

  3. першапачатковы;

  4. восемдзесят шосты;

  5. пяць сёмых.

А3. Адзначце словазлучэнні, у якіх ужыты парадкавыя лічэбнікі:

  1. дванаццаць арлоў;

  2. першая сняжынка;

  3. сорак чатыры вучні;

  4. шэсць будынкаў;

  5. восьмы нумар часопіса.

А4. Адзначце сказы, у якіх лічэбнік з’яўляецца дапаўненнем:

  1. Мне так не хапала двух клёнаў пад маім акном!

  2. Дзве сяброўкі сустрэліся зноў пасля летніх канікул.

  3. Агульная плошча астравоў – трыста семдзесят восем квадратных кіламетраў.

  4. Дзеду ішоў шасцідзясяты год.

  5. Зіма прыходзіць не адна, яна прыводзіць з сабою трох сваіх сыноў.

А5. Адзначце выпадкі, дзе спалучэнне слоў не з’яўляецца словазлучэннем:

  1. сорак шэсць;

  2. жаўруковая песня;

  3. звон камара;

  4. сонца жыве;

  5. млын над сажалкаю.

Слайд 4. Самаправерка па слайдзе
VI. Падвядзенне вынікаў урока

а) Франтальнае апытванне



Метад “Самаацэнка

Ці згодны вы са сцвярджэннем? (калі згодны – устаём, калі не згодны – прысядаем)

– лічэбнік гэта частка слова;

– лічэбнік гэта часціна мовы;

– лічэбнік абазначае прымету прадмета;

– лічэбнік абазначае колькасць, лік, парадкавы нумар прадмета;

– лічэбнікі бываюць якаснымі і адноснымі;

– лічэбнікі бываюць колькасныя і парадкавыя;

– лічэбнік у сказе можа выконваць ролю любога члена сказа.

б) Выстаўленне адзнак.

в) Аналіз мэтаў, пастаўленых дзецьмі ў пачатку ўрока.
VII. Дамашняе заданне

Слайд 5. § 43,

“7-8 балаў” – пр. 266 (сінтаксічны разбор сказа, разрад лічэбнікаў).

“9-10 балаў” – самастойна скласці міні-сачыненне пра сённяшні ўрок, ужываючы ў сказах лічэбнікі(разрад лічэбнікаў).
VІII. Рэфлексія

За ўрок вам шчыры “дзякуй”.

З вамі добра мне было.

А як вам? Нам скажа елка.



Метад “Елачка”

Кожны вучань прымацоўвае на елку цацку пэўнага колеру, які адпавядае ягонаму настрою ў канцы ўрока (жоўты – задавальненне, блакітны – трывога, сум).



Каталог: uploads
uploads -> Закон Рэспублікі Беларусь Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі Змест
uploads -> Побач са смерцю з ycпaмiнaў У. П. Шчуцкага, былога члена Расонскага падполля
uploads -> Жаночыя дробязі касметычка
uploads -> Народная медыцына
uploads -> Алімпіяда па беларускай мове і літаратурнаму чытанню, 3 клас
uploads -> Жабін клунак
uploads -> Тэма: Восеньскія плады і насенне, гародніна і садавіна – крыніца вітамінаў. Правілы ўжывання гародніны і садавіны
uploads -> Узгоднена. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі М. Б. Тарасава


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал