Уводзіны актуальнасць



Дата канвертавання07.01.2018
Памер218.21 Kb.
#16127
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ………………………………………………………………………2

АКТУАЛЬНАСЦЬ……………………………………………………………….2

САКРАЛЬНЫЯ МЕСЦЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ХАЦЕ………………………...3


  1. ПРАСТОРАВЫ СЭНС ЖЫТЛА…………………………...…………...3

  2. ВЕРТЫКАЛЬНАЯ СТРУКТУРА ЖЫТЛА…….………………………..5

2.1. Зона захавання продкаў……………………….………………………..6

2.1.1. Падлога..………………………………………………………….6

2.1.2. Парог……………………………………………………………...7

2.1.3. Скляпенне………………………………………………………...8



    1. Зона вечнасці…………………………………………………………….8

2.2.1. Столь……………………………………………………………...8

2.2.2. Дах………………………………………………………………...8

2.2.3. Страха……………………………………………………………..9


    1. Зона жывых……………………………………………………………..10

2.3.1. Покуць…………………………………………………………10

2.3.2. Печ……………………………………………………………...11

2.3.3. Стол…………………………………………………………….12

2.3.4. Дзверы………………………………………………………….13

2.3.5. Акно…………………………………………………………….14

ЗАКЛЮЧЭННЕ……………………………………………………………15

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ……………………………………..16

УВОДЗІНЫ


Дом, хата, сядзіба…

Гэта грунт існавання, жыцця ўвогулле.

Жыллё…

З ім звязаны лёс чалавека і ад яго залежыць.



Вусная народная творчасць шмат месца адводзіць хатняй тэматыцы.

Вывучаючы яе, мы знаходзім той сакральны сэнс, які народ надаваў свайму

жытлу. Шмат народных абрадаў падкрэсліваюць гэта, а загадкі, прымаўкі,

прыказкі, павер’і сцвярджаюць.

Дык які ж сэнс укладаецца ў слова сакральны?

Сакральнае (містычнае, святое, міфічнае)  з’явілася не ў рэлігійным, а ў навуковым лексіконе і выкарыстоўваецца пры апісанні ўсіх рэлігій, уключаючы і паганскую веру. Сакральнае — гэта ўсё, што стварае, аднаўляе і падкрэслівае сувязь чалавека з іншым светам.

АКТУАЛЬНАСЦЬ

У гісторыі развіцця духоўнай культуры чалавецтва не знойдзецца іншай такой з’явы, як сакральнасць, пра якую б выказваліся такія шматлікія, нават супрацьлеглыя меркаванні. Гэта невыпадкова: яна з’яўляецца аб’ектам даследавання розных навук – гісторыі, фалькларыстыкі, літаратуразнаўства, этнаграфіі, псіхалогіі, філасофіі і інш., кожная з якіх імкнецца даць гэтаму паняццю найбольш прыдатнае азначэнне з улікам спецыфікі свайго прадмета даследавання. Пагэтаму вынікі нашага даследавання могуць быць выкарыстаны не толькі настаўнікамі і навучэнцамі школ, але і студэнтамі пры напісанні навучальных прац.



МЭТА –даследванне традыцыйнай культурнай спадчыны Жлобіншчыны, звязанай з жытлом чалавека.

ЗАДАЧЫ:

  1. разгледзець гісторыю ўзнікнення абрадаў, павер’яў, міфаў, звязаных з людскім жытлом;

  2. выявіць наяўнасць сакральных месцаў, сакральнага цэнтру ў беларускай хаце Жлобіншчыны.

Метады даследавання:

  • аналіз абрадаў, павер’яў, міфаў і вывучэнне гісторыі іх стварэння;

  • параўнанне;

  • апісанне.

Вырашэнню прынцыпова важнай задачы літаратурнага навучання — паглыбленню эстэтычнага патэнцыялу школьнага аналізу культурнай спадчыны Жлобіншчыны— дапаможа больш пільная ўвага да традыцыйнай абрадавасці. Назіранні за сакральнасцю беларускай хаты дадуць магчымасць зрабіць больш плённымі міжпрадметныя сувязі, далучаць вучняӯ да псіхалогіі творчасці і будуць развіваць эстэтычны ўзровень. У гэтым мы бачым актуальнасць выбраннай намі тэмы.

САКРАЛЬНЫЯ МЕСЦЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ХАЦЕ



Свая хатка як родная матка”

  1. ПРАСТОРАВЫ СЭНС ЖЫТЛА.

Жытло чалавека, у народных традыцыях беларусаў сiмвал найвялiкшай каштоўнасцi: кожнае жытло ў традыцыйнай свядомасцi надавала свету прасторавы сэнс, аддзяляла чалавека ад навакольнага свету.У народным павер’і

сам Сусвет асэнсоўваўся на пэўным этапе як велiзарны дом з належнымi яму атрыбутамi: небам–столлю, цэнтрам, якi часцей уяўляўся ў выглядзе Сусветнага дрэва, падмуркам (яго каранямi).

Дабрабыт i шчасце ў сям’i прагназавалiся ўжо самiм будаўнiцтвам хаты, якое перш–наперш сiмвалiчна арыентавалася на тварэнне свету:

перад будаўніцтвам гаспадару неабходна было сабраць з чатырох розных палёў (бакоў свету) па каменi, пакласцi чатырохкутнiкам i, стаўшы на сярэдзiне, папрасіць спрыяння ў продкаў”.
“Хату не ставілі на месцы, дзе раней пралягала дврога, было папялішча, знойдзены косткі, дзе пралілася кроў. Каб пераканацца ў дакладнасці выбару, ставілі пасудзіну з мёдам i чакалі мурашоў, гаршчок з павуком, з мясам, клалі хлеб ды інш.” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.; Жукавай Святланы Уладзіміраўны,1962 г.н.).

Пад пабудову не бралі дрэвы, паваленыя бурай, рыпучыя, тыя, што завiслi пры падзеннi на iншых, дрэвы з гузам (наростам), дрэвы з разбуранага ці пагарэлага жытла” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).

Будаваць пачыналi ў пэўныя часы згодна са станам Месяца” (запісана ў в. Гелін ад Жураўскай Галіны Альбінаўны,1949 г.н.).

Пра сувязь з кірункамі свету не забываліся і тады, калі арыентавалі хату ў прасторы. Тая сцяна, на якой будуюць вокны, павінна была глядзець ці то на ўсход, ці то на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. І гэта абумоўлівалася не толькі патрэбамі асвятлення памяшкання. Дыяганаль покуць (“чырвоны” кут) – печ і вызначала арыентацыю хаты ў прасторы сусвету.

Маці, сын якой быў у салдатах і ад якога даўно не было весткі, брала лусты першага навагодняга хлеба і клала на ноч у чатырох кутах хаты; калі раніцай усе яны цэлыя, то і сын цэлы і здаровы, а калі ж якая знікае, то і сын забіты ў той старане, на якую паказвае кут” (запісана ў в. Касакоўка ад Каваленкі Аляксандры Палікарпаўны,1920 г.н.).

Падчас будаўнiцтва хаты гаспадары вельмi пiльна сачылi за закладкай чырвонага кута, таму што ведалi: у тым выпадку, калi ў яго пакласцi трэску альбо спецыяльна змайстраваную ляльку, хату апануюць беды i нястачы. Гэта маглi зрабiць цесляры, якiх не задавальняў заробак, цi хтосьцi iншы з нядобразычлiўцаў.



Ахова хаты ад вонкавых негатыўных уздзеянняў ажыццяўлялася праз змяшчэнне ля яе межаў самых розных прадметаў: вострых, жалезных прыладаў, калючых раслiн, ад пажару пад страху торкалi галiнкi елкi, ад навальнiцы выносiлi хлебную лапату, дзверы i вокны закрыжоўвалi, пырскалi на iх асвечанай вадой i да т. п. Унiверсальны абарончы характар мелi і абходы вакол хаты, накiраваныя на выгнанне насякомых, нечысцi.

У Чысты чацвер гаспадыня аб’язджала хату на качарзе, на хлебнай лапаце. Каб разагнаць хмары, хату аббягала голая гаспадыня.” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).
Апекавалi хату продкi; людзі верылі, што душы iх знаходзяцца ў межах хаты: пад печчу, пад парогам — адсюль звычаi пахавання нябожчыкаў, асаблiва дзяцей, ля парога. Асабліва захоўвалася думка пра тое, што душы продкаў наведваюць свае хаты на Дзяды, Каляды — для гэтага ім наладжвалі спецыяльнае частаванне. Вера ў апекаванне продкамі знайшла свой працяг ва ўяўленнях пра дамавіка, рытуал перавозу якога са старой хаты у новую стаў адным з абавязковых пры засяленні ў новы будынак:

дамавiка «перавозiлi» ў лапцi, у гаршку з жарам, са смеццем i венiкам” (запісана ў в. Касакоўка ад Каваленкі Аляксандры Палікарпаўны,1920 г.н.).
“Благім знакам, што прадказвае розныя няшчасцi, лiчылася з’яўленне розных птушак, жывёл цi насякомых. Прылёт да хаты зязюлi, крумкача, савы, улятанне ў акно невялiчкай птушкi, з’яўленне вялiкай колькасцi мышэй паказвалi на хуткую бяду.” (запісана ў в. Кабанаўка ад Майсяйчук Ларысы Сцяпанаўны,1941 г.н.).

Непрыемнасцi выклiкалi і свядомыя ўчынкi нядобразычлiўцаў:

пад хату падкладвалi розныя нагавораныя прадметы, косткi, вылiвалi ваду, якой абмывалi нябожчыка, ды iнш” (запісана ў в. Адраджэнне ад Брухавецкай Ларысы Аляксандраўны,1962 г.н.).

  1. ВЕРТЫКАЛЬНАЯ СТРУКТУРА ЖЫТЛА.

Вертыкальная структура хаты нагадвае мадэль Сусвету, космасу, якая мае тры адпаведныя ўзроўні: Верхні ярус - сфера вечнасці належаў вярхоўным багам, сярэдні - сфера жывых – чалавеку, а падполле, або скляпенне, - зона смерці, зона захавання продкаў (дадатак 1).

Верхняя частка – дах (дух), гарышча – лічылася месцам пасялення духаў (адгэтуль «духава» акенца – маленькае акенца, часцей за ўсё ў форме кола, пад дахам хаты).

Вядома, што ў жылой частцы хаты звычайна было тры бэлькі, якія не толькі ўтрымлівалі дошкі столі, але і дзялілі прастору хаты на адпаведныя зоны. Прастора хаты ад парога да першай бэлькі (каля печы) была зонай гасцей (адсюль і сучасная назва першага невялічкага пакойчыка ў гарадской кватэры - прыхожая, для тых, хто прыходзіць у госці), затым зона гаспадароў і нарэшце трэцяя бэлька выконвала ролю радаводнага дрэва жыцця і памяці. Пад ёю жывыя звычайна не сядзелі.

Дык вось менавіта ў першую бэльку (бліжэй да печы, сімвала жыцця і зоны пражывання старэйшага пакалення) убіваўся крук, да якога мацавалася люлька для немаўля. Бэлька яднала два пакаленні. 3 аднаго боку, старэйшае (як носьбіт народнай мудрасці) і малодшае - якому гэтую мудрасць трэба было перадаць. Тое ж мы маем у зачыне большасці народных казак: “Жылі-былі дзед і баба і былі ў іх унукі”.

Калі ў паўсядзённым жыцці бэлькі выконвалі розныя дапаможныя ролі – падвесіць калыску, падвязаць жэрдку, на якой будзе сушыцца адзенне, то ў абрадавых сітуацыях менавіта столь станавілася сферай размежавання з тым светам.

Калі чалавек доўгі час знаходзіўся ў стане агоніі і не мог памерці, то мужчыны выбівалі адну-дзве дошкі ў столі, каб душа памерлага лягчэй пакінула цела” (запісана ў в. Касакоўка ад Каваленкі Аляксандры Палікарпаўны,1920 г.н.).
Ніжняя частка хаты, уключаючы парог, падпечак і склеп (падмосце, пограб), лічылася месцам пахавання продкаў. Пазней ніжнюю частку хаты сталі выкарыстоўваць для захоўвання бульбы і іншай гародніны.


    1. ЗОНА ЗАХАВАННЯ ПРОДКАЎ(дадатак 1).

      1. Падлога.

Падлога – ніжняя частка прасторы жылога памяшкання, супрацьлеглая страсе. «І калі гарышча ў структуры будовы хаты, як мы казалі, у народным усведамленні ў мінулым уяўляла «нябесную сферу», то падлога збліжалася з урадлівай глебай, нівай» [1, с.21].

Звычайна, калі мылі падлогу, то выкарыстоўвалі палын, бо ён “адганяе духаў” (запісана ў в. Касакоўка ад Жукавай Святланы Уладзіміраўны,1962 г.н.).

«Палын, чарнобыльнік, божае дрэва – расліна з горкім смакам і рэзкім пахам, надзяляецца адгоннай і засцерагальнай семантыкай, выкарыстоўваецца для нейтралізацыі нячыстай сілы, а таксама ў лекавых і магічных мэтах; сімвал суму, гора, злосці…» [5, с. 159].

Ваду, якой мылі падлогу, лічылі шкоднай і імкнуліся выліць у якое-небудзь месца, дзе «ніхто не хадзіў, каб ніхто не мог зрабіць для дома нічога благога” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).

Каляднай раніцай дзеці хадзілі па вёсцы з торбай, напоўненнай зернем, заходзілі ў хаты і імітавалі сяўбу, пасыпаючы падлогу жытам і ячменем, каб сёлета добра ўрадзіла. І на вяселлі пасыпалі зернем падлогу,каб дом ведаў багацце, дабрабыт” (запісана ў в. Кабанаўка ад Майсяйчук Ларысы Сцяпанаўны,1941 г.н.).

Пасля нябожчыка хату мылі абавязкова крынічнай, “чыстай, жывой” вадой, каб смерць зноў не прыйшла ў хату” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).


      1. Парог.

Парог - мяжа паміж прасторай хаты і навакольным светам.

Пераступанне цераз парог у народным побыце заўсёды суправаджалася рытуальнымі дзеяннямі:

Малады маладую абавязкова выносіць і заносіць у хату, (ЗАГС), бо ёй нельга станавіцца на парог - будуць нараджацца мёртвыя дзеці” (запісана ў в. Гелін ад Жураўскай Галіны Альбінаўны,1949 г.н.).

Нельга стаяць на парозе, штосьці даваць цераз парог” (запісана ў в. Касакоўка ад Жукавай Святланы Уладзіміраўны,1962 г.н.).

Падчас сватання сват, пераступіўшы парог, нізка кланяўся і казаў пахвалёнага, а потым у сваім слове велічаў парог “залатым”. Свацці ж, пакуль не дагаворацца з бацькамі нявесты, не мелі права адысці ад парога. У

час прыезду сватоў з жаніхом, калі яны праходзілі ў хату, жаніх павінен быў

стаяць ля парога, бо не быў яшчэ прыняты як суджаны. А вось калі малады

прыязджаў у хату нявесты ў дзень вяселля, яе маці станавілася са свечкай на

парозе і, падняўшы талерку з хлебам і соллю, трымала, пакуль пад ёю не

праходзілі цераз парог усе, хто прыехаў. На вяселлі, калі ў хату неслі каравай, скрыпач, пераступаючы парог, пераставаў граць, а сват, на момант

спыніўшыся на парозе, гучна казаў пахвалёнага.

Пра небяспечнасць парога можна меркаваць і з павер’я, што кінутыя на

парозе рэчы нельга падымаць, бо яны могуць быць зачараваны[1; с. 95].


      1. Скляпенне - памяшканне пад падлогаю. 

Пад хатай пасля родаў закопвалі "паслед", "дзіцячае месца": каля парога, "абы-дзе, на вуліцы" — пасля нараджэння дзяўчынкі, (каб сышла за парог — выйшла замуж), паблізу ад чырвонага кута — пасля нараджэння хлопчыка, (каб прывёў нявесту і пасадзіў за вясельны стол)” (запісана ў в. Касакоўка ад Каваленкі Аляксандры Палікарпаўны,1920 г.н.).

    1. ЗОНА ВЕЧНАСЦІ (дадатак 1).

      1. Столь.

Столь у хаце сімвалізавала неба. Па ім – доўга трымалася ў народным уяўленні – рухалася сонца. Менавіта да столі ў чырвоным куце, што абазначаў

усход, святло ў хаце, на Каляды, старажытнае свята павароту сонца на лета,

падвешваўся саламяны “павук”, які сімвалізаваў нябеснае свяціла.

Характэрна, што на Красную (Вялікодную) суботу ў хатах усю ноч палілі

святло, бо старадаўні Вялікдзень быў святам нябеснага агню, вясновага сонца, а святло ў хаце “вітала” веснавое сонца.

Калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, яна стукала венікам у столь – клікала на дапамогу хвораму духа-заступніка сям’і” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).



      1. Дах.

Вышэй столі (“неба”) завоблачны свет, які абмяжоўваўся дахам хаты.

Менавіта там, на гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў. На гэта паказваюць некаторыя абрады:

на Каляды дзяўчаты кідалі цераз дах боты, каб духі продкаў указалі накірунак далейшага жыцця, (куды пойдзе замуж)” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).

Гэтак жа клікалі духаў продкаў на дапамогу і падчас прыгатавання вясельнага караваю. А вось пры заручынах, калі пілі гарэлку, то рэшткі з кілішкаў выплюхвалі ўверх, да столі, таксама духам продкаў.



      1. Страха.

Страха – элемент жыллёвай канструкцыі, які з’яўляецца супрацьлеглым ў адносінах да падлогі. «У сімвалічным плане страха аддзяляе верх (неба) ад свету людзей (сярэдняга свету), так як падлога, зямля, водная прастора аддзяляюць сярэдні свет ад ніжняга» [7, с. 15].

Звычайна пад страхой захоўвалі прылады працы (касу, серп, сякеру), якія “абаранялі хату ад дурнога вока”” (запісана ў в. Адраджэнне ад Брухавецкай Ларысы Аляксандраўны,1962 г.н.).

Каб свойская жывёла не хварэла і вялася, на падвор’і, пад страхой захоўвалі конскі хвост” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).

Страха – адзін з аб’ектаў, які моладзь уключала ў рытуалы варажбы: «Напрыклад, на Каляды ці на Шчодры вечар дзяўчаты зубамі выцягвалі саломінкі са страхі: чыя саломінка акажацца даўжэйшая, тая з дзяўчат першая выйдзе замуж, у каго ж саломінка будзе мець колас з зернем, тая выйдзе за багатага, у каго без зерня – за беднага, калі ж саломінка наогул без коласа – ці то зусім застанецца ў дзеўках, ці выйдзе за ўдаўца. А вось у Фаміну нядзелю (першая нядзеля пасля Вялікадня) варажылі па-іншаму: перакідвалі цераз страху велікоднае яйка, і калі яно, упаўшы, разбівалася на кавалкі, лічылі, што ў гэтым годзе нехта ў доме памрэ» [1, с. 20–21].

Падзел хаты на часткі, што адпавядаюць сферам светабудовы, стасаваўся

і са знешнім дэкорам хаты. Характэрнае ў гэтым плане дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў. Так, афармленне шчыта (франтона) – верхняй трохкутнай часткі будынка, вядзе да небасхілу, па якім рухаецца дзённае свяціла. Таму на шчыце звычайна рабілі сімвалічныя выявы сонца[1; с. 14].

Вышэй “неба” знаходзілася “бездань нябесная”, якая пралівалася на зямлю дажджом. Таму закрыліны даху хаты аздабляліся найчасцей хвалістым арнаментам, які ўвасабляў нябесную ваду. Закрыліны, якія фарміравалі бакі трохкутніка шчыта, заўсёды рабілі вышэй яго паверхні – “бездань нябесная” над “небам”.



    1. ЗОНА ЖЫВЫХ (дадатак 1).

Як у храме, так і ў звычайнай сялянскай хаце існаваў дакладны парадак. Кожнае яе акно, куточак, лава, ложак, печ, стол, парог, бэлька мелі сваё непаўторнае прызначэнне.

Левае і правае – яшчэ адна ўмова, або абавязковая сілавая лінія духоўнага жыцця, якая аказала істотны ўплыў на размежаванне прасторы паміж гаспадарамі хаты. Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі «печ – чырвоны кут», замацавалася за жаночай паловай сям'і (з рытуальным цэнтрам хатняга агню – печкай), а прастора, якая знаходзілася па правую руку ад яе (з рытуальным цэнтрам – чырвоным кутом), стала лічыцца жыццёвай сферай мужчын.

У кожнай вясковай хаце былі два сімвалы жыцця - печ і стол, якія звычайна знаходзіліся па дыяганалі адзін ад аднаго. Стол заўсёды стаяў бліжэй да самага свяшчэннага месца хаты - чырвонага кута. Уласна кажучы, покуць - пачэсны кут выконваў ролю невялічкай, прыбліжанай да чалавека копіі храма. 3 гэтай нагоды ў верхняй частцы кута заўсёды вісеў абраз, абавязкова пакрыты прыгожым саматканым ручніком.



      1. Покуць.

Покуць (чырвоны кут) — своеасаблівае сакральнае месца ў сялянскай хаце, дзе стаяў стол, а зверху вісеў абраз. «З покуццю звязвалі ў хаце ўсё добрае. На Каляды тут вешалі саламянага «павука» – прыгожы старажытны сімвал сонца, які, па павер’ях, прыносіў шчасце…» [1, с. 17].

Месца за сталом у чырвоным куце лічылася самым пачэсным, яго звычайна займаў гаспадар хаты. Але ён павінен быў сядзець на невялікай адлегласці ад яго, як бы пакідаючы месца для Бога.


У чырвоным куце ставілі рытуальныя рэчы, напрыклад, гаршчок з «Бабінай кашай», першы і апошні сноп пасля жніва, які зваўся Дзедам. Яго падпярэзвалі чырвоным ручніком i захоўвалі да наступнага жніва.
Пры ўваходзе ў хату чалавек павiнен быў абавязкова перахрысцiцца перад iконай у чырвоным куце, i толькi пасля гэтага пачынаць размову з гаспадарамi хаты.
Пасля смерцi памерлага чалавека клалi галавой да чырвонага кута i нагамi да выхаду, бо жывыя павiнны спаць галавой да выхаду.Забаранялася спаць пад абаразамi (запісана ў в. Гелін ад Жураўскай Галіны Альбінаўны,1949 г.н.).
Падчас жалобнай вячэры на стале непасрэдна ў чырвоным куце ставiлi талерку i чарку з гарэлкай, клалi на яго лусту хлеба, што сiмвалiзавала прысутнасць душы памерлага чалавека.” (запісана ў в. Касакоўка ад Жукавай Святланы Уладзіміраўны,1962 г.н.).
“У час вяселля ў чырвоным куце саджалi маладых, побач з якiмi размяшчалiся пары шафераў i хросных бацькоў. У чырвоны кут за стол сядалi хросныя бацькi ў час хрэсьбiн” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).

      1. Печ

Печ (комін) – гэта сімвал сувязі з духамі продкаў з “тым светам”. Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”). Нездарма злосную жанчыну звязваюць з вобразам ведзьмы, якая вылятала праз комін на мятле. Таму:

калі печ вытаплена , яе абавякова закрывалі, каб нечысць не лезла ў хату. Калі хто ад’язджаў з хаты, печ закрывалі засланкай, каб тым, хто ў дарозе, добра было” (запісана ў в. Кабанаўка ад Майсяйчук Ларысы Сцяпанаўны,1941 г.н.).

З печчу была звязана і варажба гаспадарчага характару:

на першую куццю, каб вяліся свінкі, дзяўчынка павінна была першай залезці на комінак, а, каб – кабанчыкі, то хлопчык” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).



      1. Стол.

Стол – сакральны цэнтр хаты, «адзін з найбольш рытуалізаваных і шанаваных прадметаў у традыцыйнай культуры» [3, с.489].

Дзе звычайна знаходзіўся ў хаце стол?

Стол ставяць каля кута, гэта свяшчэннае месца пад абразамі. Паеў і памаліўся Богу” (запісана ў в. Адраджэнне ад Брухавецкай Ларысы Аляксандраўны,1962 г.н.).

«Замацаванасць стала ў пярэднім куце, у непасрэднай блізкасці ад бажніцы з абразамі, свечкамі, асвечанай вярбой і іншымі хрысціянскімі атрыбутамі, у найбольш асвечанай частцы жылля, надзяляла стол высокім статусам. Стол паўставаў як месца сімвалічнага абмену паміж Богам, які назіраў за людзьмі з абразоў, і людзьмі, якія спажывалі страву, пасланую Богам [4, с. 166].

У шматлікіх прыкметах і павер’ях гаворыцца пра такі важны атрыбут, які заўсёды павінен быць на стале, як хлеб, што звычайна клалі на абрус, якім быў засцелены стол:

Стол заўсёды быў засланы скацерцю. На ёй ляжаў хлеб, каб быў дастатак у хаце” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).

Забаранялася ў народзе выкідаць хлеб, які ўпаў са стала на падлогу. Лічылі, што калі так зрабіць, то Бог таго пакарае:

Калі ж са стала падаў хлеб, то яго нельга было выкідаць. Трэба было падняць, пацалаваць і з’есці, каб Бог не пакараў. Са стала нельга змятаць рукамі, бо не будзе грошай” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).

«Стол у хаце лічыўся амаль што свяшчэнным, бо думалі, што праз стол, які ставіўся ў чырвоны кут пад абразы, наладжваецца сувязь з Богам, з небам» [1, с. 34].

Нельга сядзець на ім, хвароба будзе, ці мужык памрэ. Нельга пакідаць на стале нож ці соль – будзе сварка ў хаце” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).

Госці ж за сталом рассаджваліся ў пэўным парадку: за вясельным – спачатку моладзь, потым – старэйшыя; за памінальным - уздоўж сцяны садзіліся па ўзросту мужчыны, а ад сярэдзіны хаты, зноў-такі пачынаючы са старэйшых, - жанчыны. Логіка пасадкі была тая ж: наступная чарга за намі. Таму за памінальны стол не пажадана садзіць нежанатую моладзь, бо народная прыказка строга папярэджвае: не лезь раней за бацьку ў пекла.


      1. Дзверы.

Дзверы – элемент жыллёвай канструкцыі, які абазначае мяжу, «забяспечвае сувязь са знешнім светам (адчыненыя дзверы) і засцярогу ад яго (зачыненыя дзверы) [6, с. 25].

Лічылася, што праз дзверы і вокны ў хату магла пралезці нечысць, таму заўжды выкарыстоўвалі абярэгі:

над дзвярыма вешалі ці малявалі крыж, каб злыя духі не прайшлі ў хату. Прымацоўвалі знойдзеную падкову – на шчасце” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).

У якасці абярэгаў ад ўздзеяння нячыстай сілы выкарыстоўвалі расліны:

На дзверы вешалі чартапалох,часнок, клён, каб нячыстая сіла абышла гэту хату. Каб зберагчы хату ад злых духаў і нячыстай сілы трэба было ўваткнуць у дзверы булаўку ці голку вострыём наружу” (запісана ў в. Касакоўка ад Каваленкі Аляксандры Палікарпаўны,1920 г.н.).

Нельга спаць нагамі да дзвярэй – хутка памрэш” (запісана ў в. Адраджэнне ад Брухавецкай Ларысы Аляксандраўны,1962 г.н.).

Для пазбаўлення ад нечысцей ля дзвярэй ставілі перавернутую мятлу (венік)” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).

У радзінна-хрэсьбіннай абраднасці дзверы выступалі як магічны сродак аблягчэння родаў:

калі жанчына ражала, то ў хаце адкрываліся ўсе дзверы і вокны, і шкафы…” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).

У такім жа адчыненым становішчы знаходзіліся дзверы ў памінальныя дні:

дзверы адкрывалі або астаўлялі незапёртымі, каб душы памерлых маглі прыйсці на сямейную вячэру” (запісана ў в. Гелін ад Жураўскай Галіны Альбінаўны,1949 г.н.).

Варта адзначыць, што ў традыцыйнай культуры беларусаў як асобныя часткі дзвярэй, так і ў цэлым дзверы асэнсоўваліся як аб’ект ахоўнай магіі [6, с. 27].

Праз дзверы нельга разгаварываць і перадаваць рэчы, каб не здарылася благога” (запісана ў в. Адраджэнне ад Брухавецкай Ларысы Аляксандраўны,1962 г.н.).


      1. Акно

Акно як важны сакральны элемент жыллёвай канструкцыі «суадносіцца з ідэяй уваходу, пранікальнасці, сувязі жылля з вонкавым светам. Акно звязвае жыллё не проста з астатнім светам, а са светам касмічных з’яў і працэсаў ( з сонцам, месяцам, бакамі свету)» [3, с. 21].

Невыпадкова ў мінулым менавіта праз «вакно выносілі гроб» . Той факт, што «акно выходзіла на божую старану (усход ці поўдзень) і ажыццяўляла сувязь жылля з сонцам, ва ўяўленні беларусаў мінулага азначала святасць і самаго акна» [1, с. 27].

Каб засцерагчыся ад маланкі, на падаконнік ставілі:

свянцоныя кляновыя дубцы, свячоную ваду, дубчыкі вярбы” (запісана ў в. Касакоўка ад Бутэнка Алены Іванаўны, 1953 г.н.).

Праз акно выносілі нехрышчоных памерлых дзяцей” (запісана ў в. Кабанаўка ад Майсяйчук Ларысы Сцяпанаўны,1941 г.н.).

Каля акна варажылі на добры ўраджай:

варылі боршч,стукалі ў вакно і гаварылі: “Мароз, мароз! Прыходзь гушчы есці” (запісана ў в. Касакоўка ад Чарнышовай Марыі Ціханаўны, 1934 г.н.;).

Вялікім грахом лічылася:

смецце праз акно выкідваць, глядзець на нябожчыка - прыцягваць няшчасце” (запісана ў в. Гелін ад Жураўскай Галіны Альбінаўны,1949 г.н.).

Акно –гэта сувязь з духамі продкаў:

пасля пахавання на акно вешалі ручнік, ставілі шклянку з вадой і інш. для сустрэчы духа памерлага” (запісана ў в. Касакоўка ад Жукавай Святланы Уладзіміраўны,1962 г.н.).

Баяліся мясцовыя жыхары:

калі ў вакно на раніцы пастукала птушка ці ўляцела, то гэта да смерці” (запісана ў в. Папаратнае ад Страповіч Марыі Аляксандараўны,1949 г.н.).

На большай частцы тэрыторыі Беларусі пашырана традыцыя рабіць тры акны ў доўгай (з двара) сцяне хаты. Гэта невыпадковы сімвал: ён увасобіў у сабе тры пакаленні, якія звычайна жылі пад адным дахам: бабулю з дзядулем, бацьку і маці, а таксама трое дзетак. Каб пераканацца, што гэта так, трэба ўвайсці ў хату і ўважліва прыгледзецца да яе інтэр'ера. Тады ўздоўж супрацьлеглай - без вокнаў - сцяны мы заўважым атрыбуты пражывання кожнага з трох пакаленняў: два ложкі і палаці на печы.



Ліштва – накладное драўлянае аздабленне ваконнага праёму, выконвала засцерагальна-магічныя і дэкаратыўна-мастацкія функцыі. Выразаліся выявы сонца для дабрабыту, птушкі ці звяры для аховы.

Аканіцы (рус. ставни), “драўляныя павекі” вокнаў вясковай хаты, важны элемент дэкаратыўнага аздаблення, які меў і сімвалічныя функцыі. Наглуха зачыненыя аканіцы на ўсіх вокнах азначалі “смерць” хаты, г.зн. яе нежылы статус.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Трэба адзначыць тое, што нашы прашчуры мелі сваю філасофію жытла, якая адлюстроўвалася ў розных абрадах, звычаях, павер’ях.

Прастора сялянскай хаты пазначала стаўленне да свету, кожная дэталь і становішча хаты мелі утоены сэнс, ахоўную функцыю.



Такім чынам, звычайная вясковая хата, якая павінна была ў першую чаргу абараніць чалавека ад атмасферных ападкаў, зімовай сцюжы, стварыць яму ўмовы камфортнага існавання, паступова ператваралася ў своеасаблівы цэнтр светабудовы, у якім пачыналі пераважаць духоўныя каштоўнасці. Хата становіцца храмам сям’і, месцам нараджэння чалавека і месцам яго смерці.

Праведзенае даследаванне дазваляе зрабіць наступныя вывады:

1.Уся прастора беларускай хаты Жлобіншчыны дакладна структуравана, кожная яе зона строга вызначана і выконвае сваю непаўторную ролю.

2. Хата — гэта не толькі мадэль свету, але і сама светабудова. Такім чынам, у процілеглым баку ад парога заўсёды знаходзіцца чырвоны кут, па дыяганалі ад чырвонага кута ў хаце - печ, якую абавязкова бялілі ў белы колер. Свет беларускай хаты Жлобіншчыны аб'ядноўвае тры асноўныя рытуальныя цэнтры: чырвоны кут — печ — парог, як і традыцыйны свет славянскай хаты.



Сыходзячы з хаты, чалавек кланяўся чырвонаму куту (пры гэтым печ абавязкова закрывалі засланкай), а затым кланяўся роднаму парогу і сыходзіў у белы свет. За межамі гэтага свету ён сутыкаўся з іншым Сусветам — светам свайго Селішча. Але і гэты свет трымаўся на тых жа трох кітах.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Ленсу, Я.Ю. Таямніцы беларускай хаты / Я.Ю. Ленсу. – Мінск: Беларусь, 2007. – 167 с.

2. Новак В.С., Святло каштоўнасцей духоўных: Жлобінскі край: мінулае і сучаснае./ Пад рэд. Новак В.С., Станкевіч А.А. – Г.: ААТ “Помспечать”, 2009. – 544 с.

3. Санько С., Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.], склад. І. Клімковіч. – 2-ое выд., дап. – Мн.: Беларусь, 2006. – 599 с.

4. Толстой Н.И., Славянские древности: Этнолигвистич. словарь в 5-ти томах / Под общей ред Н.И. Толстого. – Т. 5: (Сказка) – Я (Ящерица). – М.: Междунар. отношения, 2012. – 736 с.

5. Толстой Н.И., Славянские древности: Этнолингвистич. словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.И. Толстого. –Т.4: П (Переправа через воду) – С (Сито). – М.: Междунар. отношения, 2009. – 656 с.

6. Толстой Н.И., Славянские древности: Этнолингвистич. словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.И. Толстого. – Т.2: Д – К(Крошки). – М.: Междунар. отношения, 1999. – 704 с.

7. Толстой Н.И. , Славянские древности: Этнолингвистич. словарь в 5-ти томах / Под общей ред. Н.И. Толстого. – Т. 3: К (Круг) – П (Перепелка) – М.: Междунар. отношения, 2004. – 704 с.







Дадатак 1












Каталог: wp-content -> uploads -> 2017
2017 -> Скарыніяна” Анічэнка Уладзімір Васільевіч
2017 -> Вучоныя з Пружаншчыны
2017 -> Бялыніччына краязнаўчы энцыклапедычны даведнік а абалевіч Казімір
2017 -> Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі
2017 -> Мне баліць …
2017 -> Лекар, доктар, урач, медык, медсястра, фельчар
2017 -> Сінонім вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі; насмарк і кашаль любога паходжання
2017 -> План сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы дзяржаўнайустановыадукацыі “Роўбіцківучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа Пружанскагараёна”
2017 -> Беларускае аканне
2017 -> Музей “Спадчына” Пра жыццё, побыт, заняткі нашых продкаў раскажа вам першая зала музея


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал