Уводзіны. Роля інтэлігенцыі ў жыцці народа, яе адлюстраванне ў творчасці класікаў беларускай літаратуры




Дата канвертавання31.01.2017
Памер239.4 Kb.

  1. Уводзіны. Роля інтэлігенцыі ў жыцці народа, яе адлюстраванне ў творчасці класікаў беларускай літаратуры.

Калі задумацца пра нацыянальную інтэлігенцыю і наогул пра стан нашай культуры, дык найперш узнікаюць думкі пра тое, чаму так атрымалася, што шмат беларусаў страцілі сваю гістарычную памяць і сёння зусім абыякава ставяцца да лёсу нацыянальнай мовы і культуры. Галоўнай прычынай, на наш погляд, з’яўляецца невялікая колькасць нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Гэта думка спрэчная, тым не менш, гэта – сумная рэальнасць.

Калі звярнуцца да гісторыі нашага краю, можна адназначна канстатаваць, што фарміраванне нацыянальнай інтэлігенцыі сярод беларусаў карэннага паходжання заўсёды праходзіла ў цяжкіх умовах.

Толькі падчас існавання Вялікага Княства Літоўскага беларуская культура і мова развіваліся ў адносна спрыяльных умовах [2, 3]. Уваход літоўскіх і беларускіх земляў у склад Рэчы Паспалітай змяніў сітуацыю не ў лепшы бок. Чаму так атрымалася? “У той час Рэч Паспалітая не была той дзяржавай, што магла б пераварыць у сваім “страўніку” беларускасць усходніх земляў. Калі б ужо ў гэты перыяд беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, на пачатку XX-га стагоддзя наогул не было б моўнай і культурнай адметнасці паміж беларусамі і расійцамі. Расійскаму самадзяржаўю не хапіла часу, каб канчаткова знішчыць беларускі дух, мову і парасткі нацыянальнай культуры ”. [5; 3].

Дасягненні беларусаў у галіне тэхнічнай, як і ў галіне культурнай, вельмі часта без асаблівых перашкодаў аддаваліся імі сваім суседзям.

Фарміраванне беларускай самасвядомасці напачатку XX стагоддзя ішло зусім не шпаркімі крокамі. Аб гэтым сведчаць літаратурныя творы выдатнага пісьменніка Максіма Гарэцкага. У лістах каморніка Лявона да свайго сябра ў аповесці “Меланхолія” [3] пра жыццё Вільні ў 1913 годзе можна прачытаць наступнае: “На панскіх вуліцах я чуў найбольш расійскую і польскую мовы. ... І толькі на рынках, ад сялянаў, а часам на вакзале ад дворнікаў і фурманаў я чуў сваю родную мову.” Пасля наведвання вечарыны Беларускага клуба ў Вільні Лявон сумна адзначыў: “І гэта наш культурны асяродак!.. Той наш асяродак, аб якім мы так марылі ў сваей глухой школе, у сваім беларускім глухім кутку. Дзе ж яна тут тая “агромністая грамада”, дзе ж яна тут тая свядомая моладзь, дзе ж яны тут тыя правадыры”.

Важным момантам для беларусаў быў перыяд станаўлення беларускага адраджэнскага руху ў пачатку ХХ стагоддзя, перыяд фарміравання нацыі. Таму цікавасць пісьменніка прыцягвае інтэлігент у першым калене. Будучыня і надзея Беларусі. Гэты рух быў таксама пазначаны трагізмам, што вызначала і становішча народа ў цэлым.

Праблема інтэлігенцыі і народа з'яўляецца адной з найбольш значных у творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. У сваіх творах абодва класікі літаратуры звярнуліся да асэнсавання ролі інтэлігента ў вырашэнні лёсу народа. Інтэлігент, на думку класікаў, — гэта чалавек, які добра ўсведамляе гістарычны шлях свайго народа, яго культуру, мае абгрунтаваныя перакананні, ведае, куды сам ідзе і куды неабходна весці народ.

Трагікамедыя Янкі Купалы «Тутэйшыя» і трылогія Якуба Коласа «На ростанях» былі напісаны ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Гэта быў плённы перыяд для адраджэння нацыянальнай культуры, выяўлення самабытнасці беларускага народа.

Нашыя выдатныя культурныя дзеячы пачатку XX стагоддзя добра разумелі неабходнасць стварэння нацыянальна свядомай інтэлігенцыі і надавалі гэтаму першапачатковае значэнне.

Жыццёвая філасофія Андрэя Лабановіча і Янкі Здольніка знаходзіцца ў цесным адзінстве з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на Беларусі ў час напісання твораў. Абодва героі з'яўляюцца прадстаўнікамі інтэлігенцыі. Янка Здольнік вядзе агітацыю за беларускую культуру і асвету. Менавіта таму і называюць яго іншыя дзеючыя персанажы твора «беларусам». Янка вельмі занепакоены станам беларускай культуры. Ён сцвярджае: «Мы павінны душу народную выявіць у сваім «Я», у сваёй самабытнасці і смела сягнуць на сваё неабдымнае права самім распараджацца гэтым «Я».

Андрэй Лабановіч — галоўны герой трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» — прадстаўнік свайго часу. Ён, як і Янка, імкнецца да перадавых грамадскіх ідэй эпохі. Са старонак твора ён паўстае перад чытачом адукаваным, разумным пасрэднікам паміж жыццём з яго цяжкасцямі і рэвалюцыйнымі зменамі.

Андрэй Лабановіч з'яўляецца ўзорам чалавека грамадскіх паводзін. Адзінае, што для яго святое, — народ і яго ідэалы, народ і яго прынцыпы, народ і яго мараль. 3 улікам гэтага герой імкнецца быць карысным грамадству. Андрэй Лабановіч шукае адказ на пытанне, якім чынам дапамагчы народу.

Асэнсоўваючы праблему інтэлігенцыі і народа, у сваіх творах Янка Купала і Якуб Колас пераканальна сцвярджаюць думку, што лёс Беларусі, матэрыяльны і духоўны дабрабыт яе народа залежыць ад інтэлектуальнага ўзроўню нацыянальнай інтэлігенцыі, яе адданасці у служэнні свайму народу.

Успамінаецца невялічкі верш Л. Геніюш, што адлюстроўвае пачуцці прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі.

Мы -- як зубры,

мы ў сябе дома,

тутэйшыя, што ад вякоў жывуць.

Мы – як дубы,

Нас можна знішчыць громам,

але з зямлі нас роднай

не скрануць.

Новым пакаленнем пісьменнікаў асэнсавана праблема творчай інтэлігенцыі ў сённяшні час. Інакш кажучы, гэта раманы і аповесці адметнай канструкцыі, будовы і паэтыкі. Зразумела, яны – выяўленне аўтарскай індывідуальнасці пісьменнікаў, але і адначасова і адлюстраванне супярэчнасцей і патрабаванняў часу.

А цяпер звернемся да твора аўтара, у якога названая праблема выявілася даволі выразна і неардынарна. Гэта Алесь Асіпенка і яго раман “Святыя грэшнікі”.

Магчыма, адна з заслуг А.Асіпенкі, аўтара рамана “Святыя грэшнікі” ў тым, што ён праз прызму гісторыі і сучаснасці падаў новы тып мастака. І мінулае і сучаснае, на яго думку, патрабуе двайнога догляду і праўдзівага слова.

Такім чынам, мэтай нашага курсавога даследавання з’яўляецца аналіз праблемы творчай інтэлігенцыі ў рамане Алеся Асіпенкі “Святыя грэшнікі”.

Зыходзячы з пастаўленай мэты, можна вылучыць наступныя задачы:



  • пазнаёміцца з навукова-крытычнай літаратурай па творчасці А.Асіпенкі;

  • прааналізаваць вобраз галоўнага героя рамана “Святыя грэшнікі”;

  • разгледзець арганічнае спалучэнне гісторыі і сучаснасці ў творы.



  1. Агляд крытычнай літаратуры па творчасці Алеся Асіпенкі.

Творчасць Алеся Асіпенкі. Даследавалі не многія навукоўцы, але кожны з іх бачыў у ім таленавітага пісьменніка і чалавека з вялікай літары.

Алесь Асіпенка валодаў адметнай мастакоўскай рысай: заўзятай унармаванасцю і прынцыповасцю ў адстойванні сваіх поглядаў, мэтанакіраванасцю ў вялікім і малым.

Пачаў пісаць А.Асіпенка рана, але прайшло з дзясятак гадоў, пакуль не прыйшла ўпэўненасць, што цяпер ужо можна адрасаваць чытачу творы. Тады ў другой палове 50-х гадоў чытачы сталі сведкамі нараджэння майстэрства пісьменніка, яго няўхільнага творчага росту. Пісаў ён толькі пра тое, што сам дбра ведаў. Героі А. Асіпенкі – гэта яго сучаснікі.

Пачынаючы аўтар уздымаў у асноўным праблемы кахання і чалавечай годнасці. Тэма маралі маладога пакалення доўгі час заставалася галоўнай у яго творчасці. Але крытыкі Н. Гілевіч, М. Сталяроў адзначаюць пэўныя дасягненні пісьменніка ў галіне псіхалагізацыі.

У канцы 50-х гадоў А. Асіпенка звяртаецца да праблем вёскі. Менавіта на ніве вясковага жыцця талент пісьменніка раскрыўся як талент эпічны. Сам пісьменнік зазначае, што “паспрабаваў гаварыць пра тое, што цяпер называецца экалогіяй, і я тады называў гэта абаронай зямлі ад валюнтарызму чалавечай дзейнасці” [4;167]. В. Локун адзначае, што ў далейшай творчасці А. Асіпенка ставіць шмат глыбокіх , хоць у многім і не новых для нашай літаратуры праблемных пытанняў, У тым ліку і праблему сэнсу чалавечага жыцця на зямлі.

Ніхто і нішто не можа расказаць пра пісьменніка так, як расказваюць пра яго ўласныя кнігі. Яго думкі і перакананні, яго ўяўленне аб грамадзянскім абавязку, разуменне дабра і зла, духоўнай прыгажосці чалавека – усё гэта знаходзім ў творах мастака. У апавяданнях, аповесцях А. Асіпенкі – жыццё вёскі і горада, творчы і духоўны патэнцыял народа, яго гераізм і мужнасць, цяжкія ваенныя гады, гады аднаўлення надзённых праблем сучаснасці. Яго творы паказваюць шматгранную панараму жыцця народа. А. Асіпенка належаў да ліку тых аўтараў, для якіх актыўная грамадзянская і пісьменніцкая творчасць – адзінае цэлае.

Творчасць А. Асіпенкі была адметнай з’явай у развіцці беларускай літаратуры. Талент яго сумяшчаў эпічнае адлюстраванне і аналітызм думкі, філасафічнае абагульненне. Аповесць “Жыта”, напрыклад, моцная не толькі эпічным адлюстраваннем жыцця, але і аналітычнай думкай. У аповесці пісьменнік прыйшоў да сінтэзу бытапісання і філасофскай думкі. І яго герой набывае тут не толькі якасці індывідуальнай асобы, але і нацыянальна тыповы рысы.

У Алеся Асіпенкі свій свет, які ён добра ведаў і адкрываў людзям. Вялікі жыццёвы і творчы вопыт дазваляе пісьменніку аднолькава ўпэўнена валодаць самым розным матэрыялам. Яго даследчыцкі тэмперамент, аналітычнае мысленне, актыўнасць аўтарскай пазіцыі праяўляецца перш за ўсё ў настойлівым асваенні новых тэм, у праблематыцы твораў. Усё гэта можна было заўважыць яшчэ ў ранніх аповесцях і апавяданнях пісьменніка, дзе асабліва адчувальныя аўтабіяграфічныя матывы, звязаныя з працай самога аўтара. Пісьменнік уважліва прыглядаецца да жыцця моладзі, імкнецца вылучыць галоўнае ў псіхалогіі героя, клапоцячыся пры гэтым пра вастрыню і займальнасць сюжэта. А. Асіпенка быў перакананы, што працэс бездухоўнасці пачынаецца тады, калі перарываецца сувязь маральна-этычных і духоўных традыцый бацькоў і дзяцей. Праблеме ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, адказнасці старэйшага пакалення за лёс маладзейшага прысвечана аповесці А. Асіпенкі “Рэха даўніх падзей”,

С. Андраюк справядліва адзначаў, што нацыянальная вясковая проза набыла якасці класічнай, таму што мела сваю філасофію, сваю эстэтычную фарматворную мадэль: побыт – быццё – светапогляд. Такая мадэль і пакладзена ў аснову аповесці “Рэха даўніх надзей” [1;269].

Тэмы, закранутыя ў ранняй творчасці – жыццё вёскі, выпрабаванні ваеннага часу, пасляваеннай рэчаіснасці – становяцца галоўнымі і ў апавяданнях і аповесцях 60 – 70-х гадоў. У цэнтры ваенных твораў пісьменніка стаяць людзі моцныя духам, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля вызвалення любімай Айчыны. Аўтар як бы вяртаецца ў сваю маладосць і як удзельнік і відавочца тых падзей упэўнена ўводзіць у іх чытача.У рамане “Вогненны азімут” пісьменнік з выключна беларускай засяроджанасцю і ўпартасцю сцвярджаў самакаштоўнасць асобы ў часы найвялікшых для яе выпрабаванняў. Пісьменнік стварыў вобраз трывожнага часу, які прасякнуты не столькі духам вайны і жорсткай барацьбы, колькі духам чалавечнасці, высокай маралі, гераізму, пакутніцтва і ахвярнасці.

Усе персанажы твора аб’ектыўна пастаўлены ў крытычнае становішча, калі выбар непазбежны. Некаторым гэты выбар даецца проста, без разваг (начальнік раённага аддзялення міліцыі Валенда і сакратар сельскага савета Вера Прусава). Катэгорыя трагічнага цесна звязана з праблемай ахвярнасці народа і ахвярнасці асобнага чалавека. А.Асіпенка не дае адназначнага адказу на гэтае пытанне, ён расстаўляе акцэнты. З аднаго боку, Тышкевіч з яго перакананнем, што перамога патрабуе ахвяр, з другога – Ланкевіч з цвёрдай пазіцыяй: “Трэба ўмець перамагаць без лішніх ахвяр”.

Асаблівую ўвагу пісьменнік звяртае на фарміраванне духоўнага свету асобы, вытокі яе псіхалагічных і маральных прынцыпаў.

Павяданным, аповесцям А. Асіпенкі ўласцівы глыбіня пранікнення ў грамадскія з’явы жыцця, лірычныя і драматычныя адценні. Пісьменнік часта выкарыстоўвае самыя розныя драматычныя нечаканасці, якія служаць выяўленню супрацьлеглых сіл. Такімі драматычнымі сітуацыямі аўтар часта падкрэслівае вастрыню грамадскіх і маральных канфліктаў, часта складаных, заблытаных. Канфлікты ў яго творах могуць быцьабумоўлены цяжкімі ваеннымі і пасляваеннымі абставінамі або праблемамі эпохі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, могуць быць простымі, лакальнымі, адкрытымі ці схаванымі ў глыбінях чалавечых душ, сацыяльна значымымі ці асабістымі, але яны заўсёды патрабуюць барацьбы, высокага чалавечага напружання. Характар чалавека ў такіх выпадках часта становіцца зразумелым адразу або, наадварот, вымалёўваецца праз розныя складаныя і супярэчныя абставіны. Сюжэты сваіх твораў А. Асіпенка ўмее будаваць вельмі займальна, карыстаючыся часта прыгодніцкімі, нават дэтэктыўнымі прыёмамі. Цікава, шо ў многіх аповесцях не назіраецца поўнай завершанасці сюжэта. Такія фіналы заўсёды актыўныя, выклікаюць ў чытача глыбокі роздум, пачуццё суперажывання. Галоўнае, што аб’ядноўвае творы А. Асіпенкі ў адно цэлае, - гэта імкненне аўтара паказаць уздзеянне народнага на фарміраванне светапогляду маладых нашых сучаснікаў, якія павінны вызначыць будучыню краіны.

З вышыні пражытых гадоў, углядаючыся ў навакольны свет, у тыя дарогі, што ляжаць ужо за плячыма, Алесь Асіпенка аднойчы зрабіў адкрыццё, якое яго самога, у першую чаргу і здзівіла і ўразіла: кожны чалавек насяляе свет сваімі дзівамі, і таму свет то вясёлы і радасны, то пахмурны і злы, а то сумны і абыякавы.

Асабліва сам А. Асіпенка насяляе свет дзівамі, ад якіх бруіцца вясёлае і радаснае святло, упэўненасць, рашучасць і сіла. Гэтыя ж людзі, сэрцы якіх выпраменьваюць добрае і гаючае святло, насяляюць старонкі кніг пісьменніка, знаёмства з якімі заўсёды выклікае ў чытача веру ў салавечую сілу і дабрыню.

Творчасць Алеся Асіпенкі з’яўляецца значнай вехай у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнік прайшоў складаны шлях ад першых рамантычна-сузіральных твораў да рэалістычна-эпічных.



3. Лёс творчай асобы ў канцэпцыі часу.

Працэс перабудовы, распачаты ў сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя, істотным чынам адбіўся і на развіцці эстэтычнай свядомасці. Тая сістэма светаадчування, што ўсталёўвалася дзесяцігоддзямі пры таталітарнай сістэме і лічылася непарушнай, разбуралася. Адмаўляліся ранейшыя эстэтычныя заваёвы і літаратурныя напрамкі.

У гэты час выходзіць у свет адзін з найгалоўнейшых твораў Алеся Асіпенкі “Святыя грэшнікі”. Талент пісьменніка, яго ўласная мастацкая прастора заўсёды схіляліся ўбок свядомай нацыянальнай рэфлексіі. Разам з сапраўдным эпічным прызваннем А. Асіпенкі было і інтэлектуальнае, філасофскае пісьмо. Эпічнае дамінавала ў прозе 60 – 70-х гадоў – “ваеннай” і “вясковай”. Інтэлектуальнае пісьмо стала дамінантным у творчасці пісьменніка другой паловы 80 – пачатку 90-х гадоў. Яно найбольш адпавядала ўласнай пазіцыі пісьменніка-мысляра, шукальніка новых сэнсаў жыцця мінулага і сучаснага. У “Святых грэшніках” аўтар імкнецца засяродзіцца на метафарычным адлюстраванні жыцця разам з яго канкрэтна-побытавым паказам. Раман паглыбленага філасофскага зместу, ён нясе на сабе выразны адбітак свайго супярэчлівага і драматычнага часу.

Раман “Святыя грэшнікі” – узор сталай прозы пісьменніка. Даверліва і адкрыта дзеліцца аўтар сваімі самымі запаветнымі думкамі і пачуццямі. На старонках рамана не проста аднаўляецца жыццяпіс героя, а адбываецца свяшчэннадзейства – несупынны працэс творчага гарэння з захапленнямі і расчараваннямі.

Лёс творчай асобы быў складаным ва ўсе часы. Гэта людзі, якія былі духоўна вышэй за сваё пакаленне, адчувалі і бачылі намнога далей, чым іх сучаснікі.

Гістарычныя тупікі, у якіх аказваўся народ, непазбежна адгукваліся трагедыяй асобных яго прадстаўнікоў. Як немагчыма фізічнаму ўвайсці ў вобласць духу і пазнаць таямніцу быцця без дапамогі з боку вышэйшага розуму, так і немагчыма беларусу-інтэлігенту дасягнуць ідэалаў без далучэння да трагедыі народа праз яе ўнутранае спасціжэнне і суперажыванне.

Лазар Богша – таленавіты рэжысёр, акцёр, пісьменнік. Жыццё Лазара, на першы погляд, склалася ўдала: ёсць жонка, кватэра, добрая праца. Праўда, героя турбуе адсутнасць уласных дзяцей. Незадаволенасць выклікае і выкананне разнастайных заказаў і даручэнняў уплывовых чыноўнікаў і крытыкаў. Яго творчасць выходзіць за межы акрэсленай ідэалагічнымі догмамі эстэтычнай сферы.

Раман пачынаецца з таго моманту, калі галоўны герой, Лазар Богша, са здымачнай групай трапляе на родную Полачыну, да возера Суя, дзе павінен здымацца яго новы кінафільм пра славутую бітву на берагах старажытнай Нямігі.

Бяздзейнасць, выкліканая неспрыяльным надвор’ем, выклікае ў галоўнага героя далёка не станоўчыя эмоцыі: “Лазар Богша шалеў” [2;12]. Ён лаяў сябе за тое, што зглуміў дваццаць дзён “пустога існавання” ў прафілакторыі. “Лазар Богша разумеў, што не проста марнуюцца дні здымачнага перыяду – гэта было не самае горшае, - губляецца той творчы напал, тое, каб адным творцам зразумелае натхненне, якое здольна зрабіць цуд – непаўторнае мастацтва, калі і сам дзівішся, а як, якімі сродкамі здолеў дамагчыся такой узрушанасці, што нават нежывая камера шкляным вокам убачыла свет у яго пачуццёвым стане” [2;12]. Талент. Натхненне. Для чалавека-творцы мастацкі твор – гэта жывая істота, падуладная законам жывой прыроды. Гэтай істоце прадвызначаны пэўны адрэзак часу – жыццё.

Лазар Богша не першы дзень разважаў пра тое, што ёсць натхненне. “Настрой? Пачуццё? Захапленне? Любоў? Нянавісць? Стан душы? А можа, стан чалавечага мозгу, якому абрыдла рашаць задужа практычныя задачы? Ці, можа, усё гэта разам, спрасаванае ў адзін згустак, кандэнсат, як плазма, у якой заключана незвычайная энергія? А тут энергія душы, здольная ў вобразах і праз стагоддзі хваляваць людзей?” [2;14].

Разважаючы пра сябе як творцу, Богша “прымяраў” на сябе і вельмі смелыя абліччы. “Ну, дык і ён - бог, і адразу ў трох асобах: бог-кінарэжысёр, які стварыў два дзясяткі фільмаў; бог-літаратар, пісьменнік, які напісаў за сваё жыццё некалькі кніжак вершаў, апавяданняў і сцэнарыяў, са святой наіўнасцю думаючы, што нешта адкрывае, а яго білі за гэтую наіўнасць самазванага прарока; яшчэ бог-акцёр, які сыграў з паўсотні роляў, калі не было іншага занятку” [2;15]. Напэўна, ён уяўляў сябе часам і пакутнікам, бітым за “наіўнасць самазванага прарока”.

Пааналізуем вобраз галоўнага героя з пункту гледжання гэтых “вымярэнняў” асобы Лазара Богшы.

Фарміраванне асобы Лазара Богшы прыпала на складаны час: перажытае ў Вялікай Айчыннай вайне (канцэнтрацыйны лагер, здзекі, уцёкі) не магло не адбіцца на ўспрыманні рэчаіснасці і сапраўднай і мастацкай. Іменна адсюль яго перакананне, што “чалавек хоць раз у жыцці павінен адчуць вечнасць, каб зразумець сваё месца ў яе бясконцасці” [2;172]. Вечнасць ён адчуў злавесным ранкам вераснёўскага світання ў канцэнтрацыйным лагеры, калі прывязаных за рукі вязняў грызлі сабакі.

Кірыла Лыкавязаў абвінавачваў Богшу ў педантычнай скрупулёзнасці “выпісаць усе жахі вайны” [2;211]. Але гэта былі словы чалавека, які сам не “паспытаў” вайны. Таму яны па-рознаму ўспрымалі праўду мастацтва. Толькі, на думку Лазара Богшы, Лыкавязаў “зблытаў рыцарскія турніры з сучаснымі войнамі, а опернае адбыванне палону князем Ігарам у Канчака з фашысцкімі лагерамі смерці” [2;212].

Рэжысёрам Лазар Богша станавіўся ў другой палове пяцідзясятых гадоў. Эпоха была багатая на “змены надвор’я: “То раннія пымаразкі, то познія адлігі” [2;214]. Станаўленне было марудным і цяжкім. “Ён увесь быў захоплены творчасцю, планамі на будучае…” [2;214]. Перыпетыі мастакоўскага жыцця кідалі Богшу па розных кутках краіны. Здаралася, закрывалі яго фільм, пазбаўлялі магчымасці працаваць нават другім рэжысёрам ( гэта пры гатовым уласным сцэнарыі, падабраным акцёрскім саставе). Нават прыйшлося ехаць “у край сейсмічных катастроф і сонечнай спёкі” [2;184]. Там ён зняў двухчасцёвы фільм пра спявачку па ўласнаму сцэнарыю. “То было цяжкае ўзыходжанне, але Богша не мог, не меў права адступаць…” [2;187]. Пасыпаліся заявы і скаргі ад самой гераіні фільма на бяздарнага рэжысёра. Зноў уцёкі. Але пакуль Богша дабраўся да сваёй кінастудыі, “”якая, безумоўна, яго не чакала, але ўсё ж была жаданым берагам для чалавека, які двойчы пацярпеў няўдачу”, даведаўся, што яго караткаметражны фільм на міжнародным кінафестывалі атрымаў першы прыз.

Гэтая ўдача не засталася незаўважанай: у друку ўспыхнула дыскусія, у выніку назвалі Богшу “таленавітым рэжысёрам, а яго карціну – цікавым пошукам” [2;190]. На той час Лазар Богша пачаў працу над новым фільмам. Ён задумаў стварыць трылогію пра сваё пакаленне, апаленае вайной. Гэты фільм стаў яшчэ адным цяжкім выпрабаваннем у лёсе мастака.

У час здымак загінула яго жонка Каця (Цюка, як называў ён). Фільм здымаўся па ягоным сцэнарыі, але здымкі заканчваў рэжысёр Кірыла Лыкавязаў. Богша лічыў сябе вінаватым у смерці жонкі, бо ён сам распрацоўваў сцэнарый, а Кірыла добрасумленна выконваў тое, што было запісана ў ім. Пры гэтым Лазара Богшу як асобу добра зразумеў следчы. “Вы пастаянныя ў сваім імкненні дараваць. У вас яно арганічнае, не штучнае” [2;202].

Асобны чалавек канечны, а духоўныя каштоўнасці, створаныя яго душою і розумам, вечныя, як сам сусвет. Пошукі ісціны Богшу-матэрыялісту даваліся пакутліва – праз сумненні, душэўны боль, расчараванні. Настаўнікам Богшы ў гэтым плане выступіў правінцыяльны філосаф Рафаіл Міхайлавіч Доля, чалавек са сваёй уласнай канцэпцыяй гісторыі.

Пры першай сустрэчы “мясцовы краявед і гісторык, загадчык філіяла краязнаўчага музея” падаўся Богшу дзіўным і дзікаватым: яго знешні выгляд падштурхнуў на такія думкі. Яго манернасць, правінцыяльная стараннасць растлумачваць усё да драбніц злавала кінарэжысёра.

Як чалавек, Доля адметны змястоўнай арыгінальнасцю мыслення. Па глыбокаму перакананню Долі, на свеце існуюць “сумніцельныя каштоўнасці”, якія ўвасабляюць абсалютнае зло, - сіла зброі і грубая фізічная сіла. Іменна таму ён асуджаў новыя сцежкі гісторыі, якія яна пракладвае, “мосцячы чалавечымі касцямі, паліваючы чалавечай крывёй”. [2;45]. Гісторыя “на доўгім сваім шляху імкнулася пазбавіцца ад сумніцельных каштоўнасцей. Каб знайсці для чалавека ў свеце жорсткасці і грубай сілы высокі сэнс існавання яго на зямлі” [2;45]. Доля пагаджаецца з Богшам, што ў старажытнасці, “у дагістарычныя часы чалавек вымушаны быў захапляцца грубай сілай” [2;42], бо ён змушаны быў змагацца за сваё існаванне. Але барацьба з прыродай была на роўных, а таму і “грубая сіла на той час была эстэтычнай катэгорыяй” [2;42 – 43]. Зыходзячы з падобных меркаванняў, ён схілены абараняць і старажытнага Баяна, таму шо “паходы і войны ў Баянаў час” былі, на яго думку, “доблесцю, а не ганьбай” [2;144].

Такім чынам, Доля вучыць Богшу “думаць сэрцам”. І не толькі думаць, але і жыць, аддаючыся пачуццю. “Тыя далёкія нашы продкі ўмелі слухаць душой, сэрцам, а не галавой. … Сэрцам не збрэшаш…” [2;45].

Рафаіл Доля меў свой пункт гледжання на ход чалавечай гісторыі. На яго думку, ніводнае адкрыццё, нават адкрыццё новага кантынента, не варта гібелі людзей, народа. Гэтую думку Доля хацеў данесці да мастака, да творцы ў асобе Лазара Богшы.

Натхнёны старажытнай гісторыяй і яе Асобамі, Лазар Богша, падобна булгакаўскаму Майстру, нястомна і пакутліва працуе над сваім геніяльным творам пра грэшнікаў, якіх трэба называць святымі. Святыя грэшнікі – гэта творцы, якія пакідаюць пасля сябе “памяць часу”.

Каб застацца верным мастацкай праўдзе, каб не здрадзіць задуманаму, герою хочацца зноў на ўласныя вочы пабачыць сімвал веры сваіх продкаў-славян, услухацца ў іх нетаропкую гаворку, і не толькі таму, што яны мроіліся Лазару неаднойчы ў сне і наяве, але і каб праз пабачанае, пачутае ачысціцца душой, дакрануцца да гаючай крыніцы памяці народнай. Богша ўпэўнены, што мінулае прыходзіць да чалавека з яго нараджэннем, прыходзіць, каб не пакінуць да канца жыццёвага падарожжа. Памяць жа, на думку героя, - цудоўны дар. Валодаючы ёю, чалавек не адчувае, што мінулае – гэта ўжо тое, што некуды адышло. Ён можа ўявіць, што ўсё перажытае калісьці разгортваецца, як цяперашняе, і кожны выпадак з жыцця паўстае так жа ясна, быццам ён адбыўся толькі ўчора ці сёння.

Прыём рэтраспекцыі, што шырока выкарыстоўваецца ў творы, дапамагае глыбей разабрацца ў характары, матывах паводзін і ўчынкаў Лазара Богшы. У калейдаскапічных успамінах персанажа адбіваюцца ўражанні напаўгалоднага маленства, трывожнае хваляванне ў час партызанскіх рэйдаў, жахі, перажытыя за калючым дротам фашысцкага канцлагера, думкі і пачуцці, звязаныя са стратай дарагіх сэрцу людзей, згрызоты сумлення, адчуванні чалавека, якому прыйшлося прайсці праз выпрабаванне людской зайздрасцю, чэрствасцю, абыякавасцю, нават подласцю. Аднак наканаванае лёсам не скалечыла, не зламала, а, наадварот, загартавала героя, падштурхнула да актыўнай дзейнасці.

Ёсць, вядома, у Лазара і паплечнікі-аднадумцы, гатовыя прыйсці на дапамогу, нешта параіць, а то і проста паспачуваць. І ўсё-такі кожны сапраўдны талент у пэўнай ступені заўсёды асуджаны на адзіноту. У памяці Лазара Богшы засталася прытча “пра забытага вартавога” – адзінокую зорачку, далёкаму святлу якой суджана бударажыць людскую памяць і сумленне. Таксама і герой рамана вымушаны ісці сваім цярністым шляхам. Ён – звычайны зямны грэшнік, але святы ў сваёй чыстай веры ў непарушнасць законаў быцця і маралі, у бязмежныя мажлівасці розуму чалавека-творцы, у немінучую перамогу дабра і справядлівасці на зямлі.

Усе грахі Лазара Богшы (смерць Цюкі, неразуменне сціплага ахоўніка краязнаўчага музея Рафаіла Долі) абумоўлены жорсткасцю рэальнага жыцця і сучаснага свету, які, на думку жонкі Лазара Любы, стаў “рацыянальным, як апошні гандляр”. І сапраўднаму мастаку цяжка жыць і тварыць у такім свеце, ад якога хочацца адмежавацца, закрыцца, уцячы. Гэтыя “ўцёкі” для Лазара сталі ўцёкамі ў самога сябе, з’явіліся асноўнай прычынай яго адзіноты. “Мне вядома тое непаўторнае адчуванне адзіноты, калі закончыш фільм, а навокал ні душы, якой можна было б расказаць пра сваю радасць ці расчараванне. Такое адчуванне бывае толькі ў мастакоў. Я называю яго адзінотай асуджаных на творчасць” [2;232]. І як пераадоленне адзіноты, як сцвярджэнне самога сябе і сілы свйго таленту з’яўляецца апошні ўчынак Лазара Богшы. Калі на мастацкім савеце быў жорстка раскрытыкаваны фільм, рэжысёр усю ноч працаваў над новай яго рэдакцыяй. У выніку быў створаны шэдэўр, дзе цесна спалучыліся “кандэнсат жыцця і смерці”, “згустак чалавечага мыслення і чалавечай велічы”. Новая рэдакцыя фільма стала апошняй працай Лазара. У гэтую ж ноч яго не стала.

У фінале рамана Лазар Богша памірае, памірае на ўзлёце свайго таленту, аднак не трагічны гэты фінал, бо пасля мастака застаецца твор вялікага гуманістычнаа гучання і псіхалагічнай выразнасці, твор, дзе ўласны боль памножаны на боль эпохі, дзе ўласная радасць памножана на радасць народнага быцця, твор, якому наканавана яшчэ доўга ўздзейнічаць на сэрцы і розум людзей.



4. Спалучэнне гісторыі і сучаснасці ў творы.

Канец ХХ і пачатак ХХІ стагоддзяў праходзіць пад знакам філасофіі і эстэтыкі постмадэрнізма, які адкрывае ў чалавеку яго унікальнае “я” і адначасова “другога” ў іншых людзях, які абуджае глабальнае мысленне і здольнасць спалучаць у свядомасці розныя эпохі, культуры, стылі, спасцігаць рэальнае шматмоўе свету, супярэчлівыя ідэі і погляды, быць талерантным і свабодным. Постмадэрнізм нараджае ў кожным чалавеку мастака. Побач з паняццем аўтара ён сцвярджае паняцце чытача, які на свой лад і розум інтэрпрэтуе творы.

Раман “Святыя грэшнікі” – гэта твор, у якім пераплятаюцца, знітоўваюцца два часавыя адрэзкі: сучаснасць і гісторыя. Структурная складанасць рамана моцна знітавана агульнымі творчымі прынцыпамі рамана як твора філасофскай прозы.

Пісьменнік спалучае розныя стылёвыя пласты: рэальнае і ўмоўнае, сацыяльна-канкрэтнае і абстрактана-філасофскае, зямное і касмічнае, ідэальнае, узнёслае, замалёўкі на тэмы беларускай старажытнасці і дыялогі-спрэчкі на тэмы сучасныя. Логіка і філасофія твора становяцца панятнымі, калі разумееш яе жанравае вызначэнне.

Неспрыяльнае надвор’е вымушае брыгаду кінематаграфістаў бяздзейнічаць. Тая бяздзейнасць, што пагражае стратай творчага натхнення, нараджае ў Богшу жаданне хоць на колькі хвілін вярнуцца ў краіну свайго дзяцінства, і ён ідзе шукаць паказаныя яму некалі дзедам знакамітыя на ўсю акругу тры дубы-асілкі. “Яму хацелася прыпыніць час, застацца ў тым, даўнім, бо аднаго разу ён і сам адчуў імклівы яго бег, спалохаўся…” [2;15]. Герою хочацца праз бачанае і пачутае ачысціцца душой, дакрануцца да гаючай крыніцы памяці народнай. Богша ўпэўнены, што мінулае прыходзіць да чалавека з яго нараджэннем, каб не пакінуць да канца жыццёвага падарожжа. “Некалі яму хацелася забыць гэтае мінулае. Ды хутка ён зразумеў, што нябачныя повязі вяжуць кожнага чалавека з мінулым і разарваць іх немагчыма… Чым далей жыве чалавек, тым мацней звязвае сябе з мінулым. Ды і само мінулае набліжаецца да чалавека…” [2;15]. Памяць жа, на думку героя, - цудоўны дар. Валодаючы ёю, чалавек не адчувае, што мінулае – гэта ўжо тое, што некуды адышло. Ён можа ўявіць, што ўсё перажытае калісьці разгортваецца, як цяперашняе, і кожны выпадак з жыцця паўстае так жа ясна, быццам ён адбыўся толькі ўчора ці сёння.

На жаль, “гісторыя блукае па забытых сцежках”. Адрадзіць яе наканавана яму, сыну лесніка, унуку бортніка, а зараз таленавітаму рэжысёру, літаратару і акцёру, чый далёкі продак-цёзка стварыў у свій час па заказу Ефрасінні Полацкай славуты крыж – сапраўдны шэдэўр мастацтва: “Дык я і шукаю адказу на праклятыя пытанні: чаму? навошта? як?..” [2;18].

У сваім рамане Алесь Асіпенка выкарыстаў прыём рэтраспекцыі. Рэтраспекцыя – сюжэтна-кампазіцыйны сродак самавыяўлення героя праз уключэнне ў тэкст яго адвольных успамінаў, рэалій з мінулага. [11;582]. Гэты прыём дазволіў А.Асіпенку перанесці героя ў розныя часавыя і прасторавыя вымярэнні. Ён як наяве бачыць старажытныя гарадскія валы Менска і Полацка, шматлікія храмы, твары воінаў-ратнікаў, размаўляе з Лазарам Богшам, стваральнікам славутага крыжа, сустракаеца з Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Баянам, аўтарам “Слова пра паход Ігаравы”, Прадславай, Рагнедай, трыма князямі Яраславічамі, Чынгісханам і іншымі асобамі далёкай гісторыі.

Пісьменнік стварае шэраг гістарычных вобразаў, якія ўдзельнічаюць у агульнай дыскусіі аб духоўным пачатку ў развіцці чалавецтва, аб мастацтве як аб асноўным носьбіце духоўнасці, адначасова вылучаючы пры гэтым і ролю мастака ў грамадстве.

Першым у дыскусію з Лазарам Богшам уступае Баян. Ён перакананы, што “пясняр павінен быць салаўём, а не варонай, якая каркае, павучаючы саіх дзяцей” [2;137]. Ён павінен “узвышаць людзей, раскрываць перад імі прыгажосць іх учынкаў, калі ён нават крыху недакладны” [2;137].

Паступова ў гэтую спрэчку ўцягваюцца Кірыла Тураўскі і Даніла Заточнік. Яны працягвалі традыцыі Баяна, але адстойвалі розныя прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці.

Усім ім проціпастаўляецца паэт, аўтар “Слова аб палку Ігаравым”, які паўстаў супраць канонаў быліннага часу, супраць Баяна, якога ён паважаў, у яго вучыўся. Алесь Асіпенка ў рамане параўноўвае аўтара “Слова” і Пушкіна. “Чаму раптам Пушкін і аўтар “Слова”? Лазар Богша тады ўявіў аўтара “Слова” такім жа гарэзам, якім быў Пушкін. А хіба не так? Напісаў і радасна выгукнуў: ай ды аўтар, ай ды малайчына, напісаў насуперак класічнаму Баяну. І не проста напісаў, выказаў, што хацеў. Можаце караць, але ўсё роўна сказаў тое, пра што думаў” [2;233] і аўтар “Слова”, і Пушкін у свій час пісалі не тое, што ад іх патрабавалі, а тое, што яны хацелі. Менавіта ў гэтым пісьменнік бачыць рэалістычны дух вялікага мастацтва, прагу да спасціжэння ісціны.

Па сіле духоўнасці да майстра “Слова” набліжаецца і Ефрасіння Полацкая. У творы Ефрасіння паказана “не зусім прыгожая, а калі казаць праўду, дык і зусім непрыгожая. І не таму, што твар яе быў пасечаны маршчынамі. Яна была непрыгожая ад самай маладосці. У яе быў акруглы твар, на якім ляпіўся тонкі, з гарбінкаю нос, дужа расплюснуты ўнізе з мясістымі закрылкамі. Можа, таму ніжняя губа выглядала надта кароткай і тонкай. Ніжняя, наадварот, была адтапырана ўніз, надаючы падбардку яшчэ больш масіўны выгляд. На гэтым груба выцесаным твары, бадай, толькі вочы, якія, праўда, ужо досыць пабялелі, сталі падобны да неба ў познюю восень. Да ўсяго жанчына нават пад кажухом выглядала нязграбна: было ў яе постаці нешта мужчынскае – ніякіх адзнак мяккай жаноцкасці” [2;100]. Асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай была скіравана найперш на тое, кб данесці праўду пра свой час, тую вялікую праўду, “якая аднаму Богу даступна”.

Пісьменнік разгортвае перад Богшам-мастакаом старонкі гісторыі ў бясконцым і вечным руху. А галоўнае – ён імкнецца паказаць нам гісторыю, “нікім не прыгладжаную, непадладжаную пад нейкія патрэбы, а такую, якой яна была…” [2;297]. Свядомасць Богшы, быццам пазбавіўшыся ад сваёй фізічнай сутнасці, працуе з неверагодным напружаннем. Герой з апошніх сіл намагаецца спасцігнуць галоўную ісціну. Ён атрымаў магчымасць прасачыць многае ў развіцці цывілізацыі. Гэта атрымалася дзякуючы спалучэнню розных стылёвых і часавых пластоў: рэальнае і ўмоўнае, дзень сённяшні і ўчарашні ў сваім перапляценні дазваляюць зразумець логіку і філасофію твора.

Святымі грэшнікамі” называе аўтар мастакоў мінулых эпох – Паэта, Ефрасінню Полацкую, Пушкіна. Ён лічыць, што іх грэшнасць – адбітак праблем свайго часу. Але разам з гэтым яны з’яўляліся святымі, бо неслі ў сваіх душах і сэрцах боль, трывогі і клопаты часу, думалі пра будучыню. Святыя грэшнікі – гэта творцы, якія пакідаюць пасля сябе “памяць часу. Вобраз часу. Сімвал часу. Партрэт часу” [2;54]. Найчасцей цяжкім і трагічным быў лёс такіх людзей на зямлі.

Раман “Святыя грэшнікі” пранізаны ідэяй нацыянальнага адраджэння, ідэяй гуманізму. Аўтар імкнецца спасцігнуць псіхалогію пакалення, якое адначасова было і ахвярай і забойцам. Алесь Асіпенка змог напоўніць свій твор злабадзённымі праблемамі часу і прапанаваць чытачу складаную сюжэтна-кампазіцыйную і стылёва-жанравую форму іх увасаблення.

Такім чынам, дзякуючы прыёму спалучэння у змесце рамана розных эпох, культуры, стыляў, мы атрымалі магчымасць спасцігаць рэальнае шматмоўе свету, супярэчлівыя ідэі і погляды, уласцівыя постмадэрнісцкім тэндэнцыям у творы.



Заключэнне

Шматлікія праблемы, выкліканыя крызісам у духоўнай, палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай, экалагічнай сферах, завязаныя ў моцны вузел, разблытаць які, на першы погляд, немагчыма.

Між тым, у беларускім народзе заўсёды жыла павага да людзей сумленных, разумных, адукаваных і мудрых. Інакш кажучы, да інтэлігенцыі, якая і ўвасабляла ўсе гэтыя якасці. Нягледзячы на тое, што інтэлігенцыя, як правіла, заўсёды жыла вельмі сціпла, усё ж менавіта да яе лепшых прадстаўнікоў прыслухоўваліся і верылі.

Дзякуючы дзейнасці прадстаўнікоў інтэлектуальных прафесій беларуская інтэлігенцыя зробіць першы крок да выканання сваёй місіі – быць ідэйным правадніком свайго народа з мінулага ў будучае.

У сваіх філасофскіх пошуках Алесь Асіпенка ідзе ў двух накірунках: гуманістычным – сцвярджае прыярытэт сілы духоўнай над сілай фізічнай – і эстэтычным – спасціжэнне сапраўднай сутнасці мастацтва.

Асобны чалавек канечны, а духоўныя каштоўнасці, створаныя яго душою і розумам, вечныя, як сам Сусвет. Пошукі Ісціны галоўнаму герою даваліся пакутліва – праз сумненні, душэўны боль, расчараванні.

Лазар Богша – матэрыяліст. Розум як асобная субстанцыя існаваў спрадвечна, разам з матэрыяльным пачаткам. Тады – “розум непадуладны смерці? Розум не можа існаваць асобна ад чалавека. А чаму не можа?” [2;296].

Аднак існуе яшчэ адін бок развіцця чалавецтва – духоўны. Менавіта ў духоўных здабытках, створаных розумам чалавека, увасоблены сіла і моц чалавека, яго прыгажосць і непаўторнасць. І ў гэтым нкірунку аддаваў сябе людзям кінарэжысёр Лазар Богша. Яго арганічны артыстызм, неўтаймоўны творчы талент спалучаюцца з рэдкаснай сціпласцю, што, пэўна, і ёсць праяваю шляхетнасці духу…



Жыццё патрабуе новага асэнсавання вечных ісцін, а не механічнага ўзнаўлення былой традыцыі. Чарговае пакаленне павінна зрабіць свой крок на Адвечным шляху з мінулага ў будучае. Шляху свабоднай духатворчасці. З улікам таго лепшага ў мінулым, што мае тэндэнцыю развіцця ў будучым. Лёс інтэлігенцыі знітаваны з лёсам народа, і ўспадчыну ад дзядоў яна атрымлівае і тую неразгаданую загадку. Таямніцу, без каторай не было б жыцця.

Літаратура

  1. Андраюк, С. А жыццё – вышэй за ўсё. Мінск. – 1992.

  2. Асіпенка, А. Святыя грэшнікі. – Мінск: Маст.літ., 1997. – С.11 – 314.

  3. Гарэцкі, М. Творы. Апавяданні, аповесці. Мн.: Мастацкая літаратура, 1995.

  4. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т.4.Кн. 1. 1966 – 1985. – Мінск: Бел. Навука, 2002. – С.166 – 186.

  5. Ермаловіч, М. Полацкі і новагародскі перыяды. Мінск.: Мастацкая літаратура, 1990.

  6. Корань, Л. Цукровы пеўнік: Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Мінск, 1996. – С. 156 – 166.

  7. Крыга, А. Па сцежках забытых // Асіпенка, А. Святыя грэшнікі. – Мінск: Маст.літ., 1997. – С.5 – 10.

  8. Локун, В. Лабірынты страху ці лабірынты веры // Полымя. – 1994, №1. – С.228 – 232

  9. Локун, В. Творчы вопыт Алеся Асіпенкі // Полымя. – 1996, №7. – С.270 – 293.

  10. Старычонак, В. Беларуская літаратура ад А да Я. – Мінск: Выш.шк., 2000. – С. 33 – 36.

  11. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.4. – Мінск: БелСЭ, 1986. – С.582 – 583.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка