Узаемадачыненне чэшскага І беларускага прыгожага пісьменства: жанр балады




Дата канвертавання24.09.2018
Памер189.88 Kb.
Ніна Рашэтнікава

УЗАЕМАДАЧЫНЕННЕ ЧЭШСКАГА І БЕЛАРУСКАГА ПРЫГОЖАГА ПІСЬМЕНСТВА: ЖАНР БАЛАДЫ

Жанр балады з'яўляецца вядучым у паэтычным эпасе двух славянскіх народаў. Сваімі вытокамі ён уваходзіць у фальклор, а як жанр аформіўся ў эпоху Сярэднявечча, найперш у французскай і англійскай літаратурах. Само слова ballade (франц.) азначае песню, пад якую танцуюць, для параўнання возьмем ballet (франц.) - танец. Этымалагічна кельцкае gwaeland азначае эпічную песню і ўзыходзіць да XIV стагоддзя.

У сучасным літаратуразнаўстве балада - гэта верш з трагічным сюжэтам, дзе апавядаецца пра сустрэчу героя з дэманічнаю сілаю або сацыяльным асуджэннем. Баладу даследчыкі часта называюць трагедыяй у форме песні. У гэтым жанры эпас, лірыка і драма зліваюцца ў адно цэлае. Лічыцца, што радзімаю балады з'яўляецца Шатландыя, дзе яе ў перыяд ранняга Сярэднявечча спявалі міністрэлі [1, с. 40-41]. У XIV- XV стагоддзях за папулярным жанрам паэзіі захоўвалася строгая рыфмўка, якая пазней страціла сваё значэнне.

Такім чынам, узнікнуўшы у шатландскім фальклоры, балада дасягнула свайго найвышэйшага развіцця ў эпоху рамантызму ў шматлікіх краінах еўропы і паступова стала адным з найбольш папулярных жанраў у розных нацыянальных літаратурах, такіх, як беларуская і чэшская.

У чэшскай літаратуры жанр балады знайшоў сваё адлюстраванне ў творчасці выдатнага паэта і навукоўца Карэла Яраміра Эрбэна (18111870). Першыя балады Эрбэна выйшлі з друку ў 30-40-я гады ХІХ стагоддзя, а пазней яны ўвайшлі ў славуты паэтычны зборнік "Букет" ("Kytyce", 1853). Карэл Ярамір Эрбэн даследаваў фальклор і этнаграфію славянскіх народаў, а таксама іншых народаў Еўропы, таму зразумела, што матывы яго паэтычных твораў былі з тых, што мелі шырокае распаўсюджанне як у чэшскай вусна-паэтычнай творчасці, так і ў фальклоры іншых народаў. Напрыклад, знакамітая балад "Кашуля на вяселле" ("Svatebnί košile"), якая ўвайшла ў зборнік "Букет" (1853), мае сюжэт, распаўсюджаны не толькі ў чэшскім фальклоры. У чэшскіх народных баладах, як і ў баладзе Эрбэна, гераіня пазбягае смерці ад вурдалака, які харчуецца мерцвякамі, а ў падобным сюжэце ў фальклоры іншых народаў яна гіне.



Сюжэтна-кампазіцыйная пабудова твора Эрбэна цікавая тым, што праз усю баладу праходзіць, як рэфрэн, дыялог вурдалака і яго нявесты, дзе ён патрабуе, каб яна адвярнулася ад Бога, а яна, у сваю чаргу, паказвае яму зямное яго паходжанне і традыцыі сям'і:

Co maš, ma mila, v pravici?

Nesu si knižku modlici.

Zahod' je pry

! To modleni je težši nešli kameni! Zahod' je pry

! At' lehce

jdeš? Jestli mi posta

ici chus [2, с. 99].

Што ўзяла, мая любая, з сабою?

Кнігу малітваў нясу.

Кінь яе! Бо малітвы цяжэй за каменні!

Кінь яе! Лягчэй пойдзеш, калі мяне, як і раней, кахаеш.

"Кашуля на вяселле" з'яўляецца тыповай для балад К.Я. Эрбэна. Яна распачынаецца апісаннем святліцы ў доме, дзе да Маці Божай звяртаецца дзяўчына, якая засталася самотнай пасля смерці бацькоў і брата. Застаўся ў яе толькі каханы, але і той з ехаў на чужыну, і даўно няма адяго ніякіх звестак:



На чужыну ад 'язджаў,

слёзы ён ёй выціраў:

"Пасей, мая любая, пасей лён, успамінай мяне кожны сон,

першы год пражу рыхтуй,

другі год палатно зрабі,

трэці - кашулю вышывай.

Калі ты яе пашыеш,

то вяночак зруты саўеш ".

Гераіня балады ўжо пашыла кашулю на вяселле, таму і просіць Маці Божую:



Мілага з чужыны мне вярні

або маё жыццё скараці,

бо з ім жыццё - вясновы цвет,

а без яго мярзотны свет.

Сваімі словамі дзяўчына нібы праклінае сябе, бо каханне ацэньвае вышэй за жыццё. Адсюль і пакаранне, увасобленае ў вобразе каханага, які стаў вурдалакам і пагрозаю для жыцця.

У цэнтры твора канфлікт паміж дабром і злом, жыццём і смерцю, вернасцю і здрадніцтвам, святлом і цемрай.

Гераіня балады, якая пагадзілася ісці за каханым у невядомы ёй свет, тым не менш хоча ўпэўніцца, што не памылілася:



Чаму баюся? Ты са мной

І вочы Бога надамной...

Скажы, ці жыве яшчэ твой бацька,

Ці жывая яшчэ твая матка,

Ці захочуць яны мяне прыняць?

Але ў адказ не чуе нічога, акрамя патрабавання выкінуць малітоўнік, які перашкаджае рухацца наперад. Дзяўчына нібы аслепла і падпарадкоўваецца кожнаму загаду свайго выбранніка. Мараль твора якраз у тым, што чалавек павінен быць даверлівым, але і абачлівым, бо каханне асляпляе, а пачуццё небяспекі вяртае розум.

У баладзе "Кашуля на вяселле" фантастычныя элементы арганічна звязаны з рэалістычнымі. Фінал твора - своеасаблівая фантасмагорыя, дзе апісана барацьба чалавека з вурдалакам, які на мярцвячыну. Для гераіні надзвычай важна перамагчы смерць, бо толькісна могілках побач з мерцвякамі яна нарэшце зразумела, хто яе выбраннік. Яна просіць вурдалака, каб ён пакінуў яе жывой, а ў адказ чуе смех, страшныя для яе словы пра мярцвячыну, пра мяса без крыві і пра цела, якое чакае тое ж, што кашулю на вяселле. Выратаванне не прыходзіць само па сабе, за яго патрэбна змагацца, а гэта немагчыма без веры ў Бога і цвердасці духу. Адсюль і мараль напрыканцы балады К.Я. Эрбэна: "Вельмі добра зрабіла паненка, што думала ўвесь час пра Бога, і калі б паводзіла сябе інакш, то абавязкова загінула б. і яе белае, маладое цела было б разарвана на кавалкі, як кашуля на вяселле" [2, с. 106].

Сюжэты беларускіх балад драматычныя і трагічныя, падобна як і балад чэшскіх, звернуты да лёсу жанчыны. Дастаткова прыгадаць тэматыку твораў, якая вызначана ў назвах балад: "Свякруха заклінае нявестку ў рабіну", "Дзяўчына абярнулася рабінаю", "Сястра стала яблынькаю", "Маці атручае сына і нявестку" і інш.

Звернемся да сюжэту найбольш распаўсюджана ў беларускім фальклоры твора:

Ажаніла маці маладога сына,

Маладой нявесткі не ўзлюбіла.

Выправіла сына ў далёку дарогу,

Маладу нявестку ды лён палоці.

Не праполеш лёну - не ідзі дадому,

Стань у чыстым полі ты каліною.

Не спалола лёну, не пайшла дадому,

Стала ў чыстым полі, ой, каліною.

Як прыехаў сынку з далёкай дарогі,

Расказаў матулі свае навіны.

Матуля, матуля, па свеце бадзяўся,

Ды такой калінкі нідзе не бачыў.

Ой, бяры сынку, востру сякеру,

Пасячы ты, сынку, тую калінку.

Секануў адзін раз, секануў другі раз,

А за трэцім разам адазвалася:

Ой, не сячы мяне, каханы мой мужу!

А хто разлучыў нас? - Твая матуля [3, с. 220-221].

Мараль твора - гэта погляд народа на лёс маладой жанчыны, якую не прымае сям'я мужа. Тут і спачуванне маладым, якіх разлучылі, і асуджэнне жанчыны-маці. Маці, на думку народа, павінна клапаціцца найперш пра лёс сваіх дзяцей. Менавіта такая выснова балады Карэла Яраміра Эрбэна "Вядзьмаркі" ("Polednice", 1853).

Твор распачынаецца апісаннем святліцы, дзе малое дзіця заліваецца плачам, а маладая маці не можа яго суцешыць. І раптам жанчына прыгадвае вядзьмарак, якія забіваюць дзяцей, і пагражае свайму сыну: "Калі будзеш так крычаць, то застанешся адзін, а я да цябе, нягодніка, паклічу вядзьмарак" [2, с. 107].

І раптам нехта ў святліцы

дзверы злёгку адчыніў.

Малыя, каравыя, твары дзікія

З 'явіліся ў вялізных хустках.

Кульбы трымаюць крывыя,

Голас - віхуры падобны.

Маці схапіла дзіця на рукі, але вядзьмаркі стаяць сцяною. У фінале верша жанчына траціць прытомнасць, яе ратуе муж, але дзіця памірае. У баладзе "Вядзьмаркі", як у казцы, мудры напамінак: не трэба клікаць д'ябла, бо зло заўсёды зло.

Вобразы вадзяніка, русалак, лесуна шырока распаўсюджаны, як у беларускім, так і ў чэшскім фальклоры. Сустракаюцца гэтыя вобразы- персанажы і ў літаратурных творах, дастаткова прыгадаць баладу К.Я. Эрбэна "Вадзянік" і верш М. Багдановіча. У творы М. Багдановіча чытач чуе споведзь старога вадзяніка, які ахоўвае спакой ракі:

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

І гадамі грэюся - сплю на дне ракі.

Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі [4, с. 55].

Ідуць гады, апрходзяць стагоддзі, а "хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, - і ўсё навокал сном адвечным спіць". У баладзе Эрбэна апавядаецца пра лёс дзяўчыны, якая патанула ў возеры і стала жонкай вадзяніка:



Рана-рана паненка ўстала,

бялізну сваю ў вузел звязала.

Пайду, матуля, да возера,

сукенку сваю памыю.

Ах, не хадзі, не хадзі да возера,

застанься дома, мая дачушка,

снілася мне сёння гора,

не хадзі, дачушка, да вады.

Перлы я табе выбірала,

У белае я цябе ўбірала,

у спаднічку нібы з белай пены.

Не хадзі, дачушка, да вады.

У белай сукенцы смутак схаваны,

у перлах слёзы ўкрываны,

а пятніца няшчасны дзень,

не хадзі, дачушка, да вады [2, с. 116].

Але дзяўчына не слухае маці, і здараецца няшчасце: масток правальваецца і вада паглынае сваю ахвяру..

Кампазіцыйна дыялог дзяўчыны з маці не з'яўляецца пачаткам балады. Асноўная думка твора пра прадвызначанасць лёсу чалавека выяўлена ўжо ў маналогу вадзяніка, які рыхтуе сабе вопратку на вяселле:

Сёння - чацвер, заўтра - пятніца...

шыю, шыю сабе жупаня.

Свяці, месяц, свяці,

хай у мяне добра шые ніць.

Твор складаецца з чатырох частак. У першай частацы чытач знаёміцца з галоўным героем балады - вадзяніком, які апрануты ў зялёны жупан і рудыя боты, у другой апісана гібель дзяўчыны, якая ўтапілася ў возеры, трэцяя ўяўляе сабою маналог вадзяніка са сваёй жонкай, якая просіць у мужа дазвол хоць на кароткі тэрмін вярнуцца дахаты, убачыцца з маці. Вадзянік не пагаджаецца, бо разумее, што "пусці рыбку ў шырокае мора, хто яе зловіць зноў". Нарэшце дае дазвол, але ставіць умовы:



Так, дазволю табе я,

дазволю табе знізу;

але патрабую, каб дасканала

выканала маю волю.

Не абдымай сваю маці,

і нікога іншага,

каб зямная твая любоў

з незямною не сышліся.

Не абдымай нікога

з рана да вечара,

перад світаннем зноў

вернешся ў возера.

У чацвёртай частцы развязка падзей. Гераіня твора адразу абняла сваю маці, як толькі з ёй сустрэлася. Цэлы дзень жанчыны плачуць, бо дачка баіцца вечара, але маці яе супакойвае і кажа, што не аддасць сваё дзіця ніякай здані. Напружанне ўзрастае, бо вакол хаты, дзе знаходзяцца маці з дачкой, ходзіць вадзянік, які пагражае смерцю:

А на трэці раз - бух! зноў,

Калі толькі пачало світаць:

Хадзі дахаты, мая жонка,

дзіця плача, напаі яго!..

Ах, матуля, пакутую я, пакутую,

за дзіця сэрца баліць!

Матуля мая, матуля залатая,

кінь мяне, пайду ўжо я!

Нікуды не хадзі, мая дачушка!

Смерць рыхтуе люты вораг,

калі ты клапоцішся пра дзіця,

то ў мяне за цябе большы страх.

Ідзі, вораг, да возера!

Нікуды не пойдзе мая дачка,

а калі плача тваё дзіця,

то прынось яго на наш ганак.

Драматызм падзей ў творы ўзрастае паступова і нарэшце трагічны фінал: на возеры распачалася бура, і ў гуках ветру чуецца плач дзіцяці. Дачка шукае паратунку ў маці, нешта цяжкае звалілася на ганак. А раніцою жанчына знайшла на парозе дома сваё памерлае ў пакутах дзіця. Выбар зроблены: яна засталася жыць, а дзіця памерла.

У баладзе К.Я. Эрбэна "Шчодры дзень" падзеі адбываюцца падчас Каляд. Напачатку аўтар малюе рэалістычную карціну: цемра, дзьме халодны вецер, але ў святліцы цёпла ля печы; святло ад свечкі асвятляе твары дзяўчат, якія прадуць мяккі лён. Гераіні балады ў шчаслівым чаканні, бо хутка будзе шчодры вечар, калі можна загадаць на сужанага:

І прыйдзе хлапец за пэўнай дзеўкай,

і скажа: "Хадзі за мяне, мая дзяўчына,

будзеш мне жонкай каханай,

верным мужам я буду " [2, с. 109].

Як і ў папярэдніх творах, у гэтай баладзе апавядаецца пра лёс жанчыны. Асноўная думка балады заключана ў маралі напрыканцы твора: "Лепей памыліцца і няхай твае мары не споўняцца, чым убачыць насамрэч сваю страшную будучыню" [2, с. 115].

Кампазіцыйна балада "Шчодры дзень" складаецца з шасці частак. Першая частка завяршаецца радаснаю надзеяю дзяўчат на шчодры вечар, які прынясе шчасце. У другой частцы апісваецца свята і ўслаўляецца шчодры вечар, калі завяршаецца пост і дзяўчаты ідуць да дзіўнага таемнага возера, каб сустрэцца ў ледзяным люстэрку вочы ў вочы са сваім выбраннікам.

І вось надыходзіць хвалюючы момант: адна з сябровак укленчыла ля возера і зазірнула ў чароўнае люстэрка.



Хапа, Хапачка, залатая мая, што ты там бачыш?

Ах, бачу дом, але ў імгле, мабыць Вацлава... Але цяпер ясней...

Ах, бачу дзверы, ля дзвярэй мужчынскую постаць!

Шчаслівая Хапа ўскочыла на ногі, а другая ўкленчыла побач з ёю:

Дзякуй Богу, мая мілая, залатая Марыя, што ты бачыш?

Ах, бачу, бачу... усё ў імгле,

чырвонае святло ўсё залівае...

Здаецца мне, што я ў касцёле.

Нешта чорнае сярод белага...

Нарэшце бачу ясней:

гэта дружкі, а сярод іх...

Божа мой! Трупа - чорны крыж!

Праходзіць час, надыходзць восень. Хапа выйшла замуж за Вацлава, а бедная Марыя памерла.

Зноў надышла зіма, зноў Каляды, і дзяўчаты знў чакаюць Шчодры вечар, але хто можа ведаць свій лёс? Адсюль і выснова твора. У гэтай баладзе, як і ў іншых творах К.Я. Эрбэна, напісаных на фальклорнай аснове, гучыць мараль народа: не трэба знацца з нячыстаю сілай, не патрэбна зазіраць у іншы свет. Кожнаму чалавеку наканаваны свой лёс, і патрэбна яго прымаць мужна.

Паэтычны зборнік К.Я. Эрбэна "Букет" ("Kytyce", 1853), дзе змешчаны ў асноўным балады, пачынаецца з верша з той жа назвай. Гэта метафарычны і глыбокі па думцы твор, які нібы ўвабраў у сябе ўсё тое, што ў далейшым раскрыта ў наступных вершах:



Змерла матуля, сышла ў магілу,

дзеці сіротамі сталі.

Бегалі часта да вербаў пахілых,

Маці сваю выглядалі.

Стала матулі шкада сваіх дзетак:

Пэўна ж, душа не канае -

і пасялаецца ў зёлкі, рой кветак,

бач, курганок абвівае.

Дзеці ў тым водарным, родным дыханні

маці душу апазналі.

Кветкі, што памаглі ў гараванні,

мацеры душкай назвалі [5, с. 101].

Асноўная думка верша гучыць у наступных радках:

Мацерыдушкі радзімы нашай мілай,

Вы, простыя нашы паданні!

Нарваў я вас на магілах даўніх,

Каму я магу вас прынесці?

Аўтар твора падкрэслівае значнасць народнай творчасці, гэтай паэтычнай спадчыны чэхаў, дзе змешчана мараль шматлікіх пакаленняў, раскрыты менталітэт чэхаў. Трагічная і драматычная гісторыя народа навучыла цаніць роднае слова і мудрасць, выпакутаваную стагоддзямі. Балада, як паказала даследаванне, на працягу некалькіх стагоддзяў ператварылася ў жанр, дзе ў сціслай форме адлюстравалася мараль і мудрасць народаў.



ЛІТАРАТУРА:

  1. Slovnik literami teorie. Praha, 1977.

  2. To nejlepsi. Z poezie 19 stoleti. Praha, 2005.

  3. Балады: У 2-х кн. Кн. 1. Мн., 1977.

  4. Багдановіч М. Збор твораў: У 3 т. Т. 1. Мн., 1992.

  5. Панізьнік Сяргей (Папар). Сустрэча роднасных сусветаў. Мн., 1997.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка