Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры




Дата канвертавання21.05.2018
Памер32.68 Kb.
Узлюбленыя ў Госпадзе

Праасвяшчэнныя архіпастыры,

пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!
У гэты выдатны і святы дзень, калі свет, бачны і нябачны (гл. канон Св. Пасхі), праслаўляе Начальніка жыцця і Пераможцу смерці, сардэчна вітаю ўсіх вас пасхальным воклічам:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

З году ў год добрая вестка пра Уваскрасенне пераможна гучыць, заахвочваючы нас узносіць хвалу Богу і Спасіцелю, Які смерцю смерць перамог і зрабіў нас нас супольнікамі будучага вечнага жыцця.

Святкуючы гэтае свята над святамі і ўрачыстасць над урачыстасцямі, мы з асаблівым духоўным пачуццём успамінаем адкупіцельны подзвіг Спасіцеля свету, Яго крыжовыя пакуты і светлае Уваскрасенне. Пасха – гэта не нейкая прыгожая легенда, не тэарэтычнае багаслоўе і не даніна народнаму звычаю, які ўсталяваўся ў далёкім мінулым. Гэта – самая сутнасць і ядро хрысціянства. Гэта – перамога, падараваная нам Богам.

З часоў апосталаў і дагэтуль Царква прапаведуе пра Уваскрасенне Хрыста як пра найвялікшы цуд у гісторыі чалавецтва. Яна гаворыць пра гэты цуд не толькі як пра евангельскі факт, але – што асабліва важна – як пра лёсавызначальную падзею для ўсіх, хто прыняў пасхальнае дабравесце. Гэтае свята мае самыя непасрэдныя адносіны да кожнага з нас, бо Уваскрасенне Хрыстова і здзейсненае Госпадам выкупленне паўшага свету – гэта самая вялікая радасць, якую можа зведаць чалавек. Якім бы складаным ні было нашае жыццё, якія б жыццёвыя нягоды нас ні насцігалі, якія б засмучэнні ад людзей і ад недасканаласці навакольнага свету мы ні цярпелі, – усё гэта нішто ў параўнанні з той духоўнай радасцю, з той надзеяй на вечнае спасенне, якое даруе нам Бог.

Паводле слова апостала Паўла, Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і нашы смяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў нас (гл. Рым. 8, 11).

У светлы дзень Уваскрасення Хрыстовага душы мільёнаў вернікаў перапаўняюцца ўдзячнасцю Тварцу, і нашае зямное быццё набывае сапраўдны сэнс. Пасха Хрыстова з’яўляецца вялікай перамогай жыцця, перамогай над смерцю, перамогай, якая нясе любоў, мір і духоўнае праабражэнне.

Святкаваннем Пасхі мы кожны раз як бы адкрываем новы перыяд у сваім жыцці, бо Уваскрэслы Гасподзь абнаўляе чалавечую прыроду, умацоўвае ў выпрабаваннях, дае сілы для здзяйснення добрых спраў.

Пасхальная вестка, якая змяніла ўвесь наступны ход сусветнай гісторыі, заахвочвае нас да маральнага перамянення і духоўнага абнаўлення, якія так неабходны сучаснаму грамадству. Яна нагадвае

ўсім людзям пра вытокі хрысціянства, а таксама пра будучае вечнае Царства, дзе будзе "Бог усё ва ўсім" (1 Кар. 15, 28).

У светлыя дні пасхальнай урачыстасці мы закліканы падзяліцца нашай радасцю са сваімі роднымі і блізкімі, праявіць да іх дзейсную любоў і міласэрнасць. Следуючы гэтай асвячонай стагоддзямі традыцыі,

мы сведчым пра сваю прыналежнасць да спадчыны Хрыстовай і пра веру ў тое, што сапраўды ўваскрэс Гасподзь.

Цяпер, як і раней, Руская Праваслаўная Царква з адказнасцю здзяйсняе сваю выратавальную місію, нястомна абвяшчаючы праўду Божую, сцвярджаючы непераходзячае значэнне евангельскіх запаведзяў, заклікаючы да міру і згоды, служачы духоўнаму яднанню народаў, якія пражываюць у краінах пастырскай адказнасці Маскоўскага Патрыярхата.

Наша асаблівая малітва сёння – за народы Расіі і Украіны, за тое, каб запанаваў мір у розумах і сэрцах братоў і сясцёр па крыві і па веры, каб аднавіліся страчаныя сувязі і такое неабходнае супрацоўніцтва.

Абвяшчаючы вышэйшую за пазнанне любоў Божую (гл. Эф. 3, 19), хрысціянства аб’ядноўвае людзей, пераадольваючы нацыянальныя, культурныя і дзяржаўныя межы, бо святло Хрыстова прасвятляе ўсіх (гл. Ін. 1, 9).

Уваскрэслы Гасподзь няхай дапаможа ўсім нам з карысцю для душы працягваць зямное вандраванне, памятаючы пра высокую хрысціянскую адказнасць і пакліканне ўзрошчваць у сабе і ў тых, хто навокал нас, цвёрдую веру, шчырую любоў і непахісную надзею. Няхай радасць гэтага свята ўмацоўвае і натхняе нас на здзяйсненне добрых спраў, дае нам мужнасць і сілы пасярод бурных хваляў жыццёвага мора захоўваць вытрымку і спакой, супрацьстаяць спакусам, пераадольваць, па слову прападобнага Сергія Раданежскага, ненавісную раз’яднанасць свету гэтага.

Святло славы Хрыстовай, якое заззяла ад Жываноснага гроба, няхай будзе з намі і няхай азорыць нашы сэрцы, прасціраючыся на блізкіх і далёкіх, на ўсіх, хто будзе мець патрэбу ў нашай увазе і падтрымцы.



Віншуючы ўсіх вас з вялікім святам Пасхі, малітоўна жадаю шчодрых духоўных дароў, цялеснай моцы і благадатнай дапамогі звыш у пераможным шэсці за Хрыстом. Амінь.
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Масква,

Пасха Хрыстова, 2014 год


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка