Васільковы спеў




Дата канвертавання14.02.2017
Памер148.93 Kb.
Васільковы спеў”

(сцэнар свята кнігі да 125-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча)


2016 г. Жабінкаўская ЦРБ
Зала упрыгожана кветкамі і шарамі. Устаноўлены экран, на якім пад час мерапрыемства праецыруецца фота М.Багдановіча, дэманструюцца відэакліпы і прэзентацыя ў суправаджэнні песень на словы М.Багдановіча.

Аформлена кніжная выстава “І вее верш мой дзіўнай казкай…”

I радзел: “А сэрца імкнецца да бацькоўскага краю…”

II раздзел: “Буду сніць днямі і начамі…”

III раздзел: “З прыродай зліўшыся душой…

IV радзел: “І зорка гарыць і не вяне вянок…”

Для правядзення свята паэзіі неабходна 2 вядучых, 2 чытальніка.

(Відэапраекцыя “Усё знікае, праходзіць, як дым... (да 125-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча)

Слайд 1. Назва мерапрыемства
Слайд2. Партрэт М.Багдановіча з годамі жыцця.
Вядучы 1: Вечна светлы i вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

Мы табой ганарымся – і плачам,

Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.



У. Караткевіч “Багдановічу”

Вядучы 2: Добры дзень, паважаныя сябры! Мы рады вітаць вас у гэтай зале. Сёняшнее наша свята кнігі “Васільковы спеў” прысвечаецца 125-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Багдановіча.

Вядучы 1: Паэт нараджаецца не аднойчы, паэт нараджаецца тады, калі яго вершы, яго погляды, думкі жывуць у душах людзей, адгукаюцца біеннем сэрца і праз сто і праз двесце год. Такім з’яўляецца Максім Багдановіч – паэт, перакладчык, крытык, публіцыст.

Вядучы 2: Максім Багдановіч…Кароткі быў яго жыццёвы век, які вымяраецца двацаццю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросте толькі пачынаюць тварыць. Ён жа закончыў.

Вядучы 1: Пра сябе як паэта Максім Багдановіч заявіў адразу, адразу ж упэўненай хадой пайшоў наперад. Ён працаваў, не шкадуючы сябе: абы паспець сказаць тое, што хвалявала яго сэрца і што не магло не выліцца ў творах.

Слайд 3. Дом у Мінску, дзе нарадзіўся паэт.

Чытальнік 1: Ой, чаму я стаў паэтам

Ў нашай беднай старане?

Грудзі ныюць, цела вяне,

А спачыць не можна мне:

Думкі з розуму ліюцца,

Пачуццё з душы бяжыць…

Мо за імі кроў палыне,

І тады ўжо досі жыць!

(Багдановіч, М. Ой, чаму я стаў паэтам…//Багдановіч, М. Вянок. Мінск, 2005. – С.107)

Слайд 4. Бацькі пісьменніка

Вядучы 2: Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Мінску, у сям’і этнографа і гісторыка Адама Ягоравіча Багдановіча, але раннія дзяцічыя гады яго прайшлі ў Гродна. (Слайд 5. Дом у Гродна, дзе жылі Багдановічы). Тут ён адчуў першыя радасці шчаслівага маленства і хараство наднёманскай прыроды. Максім Багдановіч жыў у сям'і, дзе шмат увагі аддавалася выхаванню дзяцей. Бацька абуджаў у дзяцей цікавасць да прыроды, знаёміў з жыццем народа, з помнікамі культуры, прывіваў любоў да літаратуры. З дзяцінства расла цікавасць да гісторыі беларускага народа, яго культуры. Слайд 6. Сям’я Багдановічаў

Калі Максіму было 5 гадоў памерла маці, якую ён горача любіў. Вобраз той, хто даў яму жыццё, вечна жыў у сэрцы, як вобраз радзімы.



Чытальнік 2: Ты не згаснешь, ясная зараначка,

Ты яшчэ асвеціш родны край.

Беларусь мая! Краіна-браначка!

Ўстань, свабодны шлях сабе шукай.

(Багдановіч, М. Ты не згаснешь… // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск:Юнацтва, 1991. – С. 93)

Слайд 7. Багдановіч-гімназіст.

Вядучы 1: Пасля смерці маці сям’я пераехала ў Ніжні Ноўгарад. Ў 1902 годзе Максім паступае ў Ніжагародскую мужчынскую гімназію.

Ён жа, на доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, ад матчынай мовы і бабуліных казак, вырашыў «авалодаць роднай мовай сваіх продкаў і авалодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы…».

Беларускую мову Багдановіч вывучыў толькі са слоў сваіх цётак, якія прыязджалі ў госці, а таксама па зборніках частушак, лягенд, паданняў, якія запісаў бацька на Беларусі.

Калі Багдановічу споўнілася 16 гадоў, віленская газета “Наша ніва” надрукавала яго першы твор – апавяданне “Музыка”.



Вядучы 2: “І плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала… Але прыйшоў час, і музыкі не стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыццё яго… І тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.

- “Добра граеце”, гаварылі ім, “ды ўсё не тое”. І ніхто не мог растлумачыць, чаму ад грання музыкі так моцна білася сэрца беднякоў. Ніхто не ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён на людзях; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народнае гора”.



Слайд 8. Дом у Яраслаўле, дзе жылі Багдановічы.

Вядучы 1: У 1908 годзе Багдановічы зноў пераязджаюць па месцу службы бацькі – у Яраслаўль. Там Максім Багдановіч піша першыя лірычныя вершы: «Над магілай», «Прыйдзе вясна", "На чужыне" і іншыя, якія былі апублікаваныя ў «Нашай ніве». Там жа друкуецца верш "Краю мой родны! Як выкляты богам ... ", у якім выразна прагучала тэма нацыянальнага адраджэння беларусаў; кароткае вершаванае лірычнае апавяданне «З песень беларускага мужыка», а таксама пераклады з Генрыха Гейне, Фрыдрыха Шылера.

З вялікім майстэрствам напісаны верш "Па-над белым пухам вішань". У ім паэт тонка перадае музыку сінякрылага матылька, які спявае песню - гімн вясне. Такая ж песня нараджаецца у душы паэта.



Слайд 9. Відэо “Вішні” з мінусоўкай на песню “Па-над белым пухам вішні” пад якую гучыць верш.

Чытальнік 1: Па-над белым пухам вiшняў,

Быццам сiнi аганёк,

Б'ецца, ўецца шпаркi, лёгкi

Сінякрылы матылёк.

Навакол ўсё паветра

Ў струнах сонца залатых, —

Ён дрыжачымi крыламi

Звонiць ледзьве чутна ў iх.

I лiецца хваляй песня, —

Цiхi, ясны гiмн вясне.

Цi не сэрца напявае,

Напявае яго мне?

Цi не вецер гэта звонкi

Ў тонкiх зёлках шапацiць?

Або мо сухi, высокi

Ля ракi чарот шумiць?

Не паняць таго нiколi,

Не разведаць, не спазнаць:

Не даюць мне думаць зыкi,

Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.

Песня рвецца i лiецца

На раздольны, вольны свет.

Але хто яе пачуе?

Можа толькi сам паэт.

(Багдановіч, М. Па-над белым пухам вішняў… // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск: Юнацтва, 1991. – С. 33)

Слайд 10. Фота Вільня.

Вядучы 2: Скончыўшы ў 1911 годзе гімназію, ён наведвае Вільню, знаёміцца з Вацлавам Ластоўскім, Антонам і Іванам Луцкевічамі ды іншымі дзеячамі беларускага Адраджэння. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Край васільковых палёў усе гады няспынна вабіў Багдановіча. Ён імкнуўся ў Беларусь, на радзіму, дзе асабліва блакітнае неба, асабліва буйныя зоркі...

Слайд 11. Сябры рэдакцыі газеты “Наша ніва”

Да гэтага часу Максім Багдановіч меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў. Будучы ў Вільні, малады паэт пазнаёміўся ў прыватным музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў, і пад іх уражаннем напісаў верш «Слуцкія ткачыхі».

Гэты верш- песня. асабліва кранае сваей чалавечнасцю, задушэўным лірызмам.

Слайд 12. Відэа “Слуцкія паясы” (Гучыць песня “Слуцкія ткачыхі” сл. М. Багдановіча, муз. Ул. Мулявіна)

Слайд 13. Партрэт М.Багдановіча

Вядучы 2: Паэтычны талент юнака шматгранны: ён раскрываецца ў філасофскай, любоўнай, пейзажнай лірыцы. Вершы пра прыроду займаюць важнае месца ў творчасці Максіма. Свет прыроды, бясконца разнастайны ў сваіх формах, гуках і фарбах, любой парой года і ў любы час дня і ночы хваляваў паэта.

Чытальнік 2: Плакала лета, зямлю пакідаючы;

Ціха ліліся слязінкі на поле.

Але прыгожаю восенню яснаю

Там, дзе упалі яны, вырасталі

Кветкі асеннія, кветкі, ўспаённыя

Тугаю, горам, слязінкамі лета. —

Кветкі асеннія, родныя, бледныя!

Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.

Можа таму-то душа надарваная

Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.

(Багдановіч, М. Плакала лета, зямлю пакідаючы … // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск: Юнацтва, 1991. – С. 51)

Вядучы 1: У лістападзе 1911 гады, будучы ўжо ў Яраслаўлі, Багдановіч напіша ў рэдакцыю альманаха "Маладая Беларусь» ліст з просьбай надрукаваць два яго вершы разам з невялікім літаратуразнаўчыя нарысам аб санэтнай форме дасланых вершаў.

Слайд 14. Будынак Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі

Вядучы 2: У тым жа годзе Максім Багдановіч меў намер паступіць на філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта, але з-за недахопу сродкаў і сырога клімату сталіцы, вяртаецца ў Яраслаўль, дзе паступае ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй.

Слайд 15. Максім Багдановіч сярод супрацоўнікаў рэдакцыі газеты “Голос”.

Вядучы 1: Падчас вучобы супрацоўнічае ў яраслаўскай газеце «Голас»; шмат піша, друкуецца ў розных расійскіх і беларускіх выданнях, набывае вядомасць.

Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Яму уласціва пачуцце прыгожага. У гэты перыяд ім напісаны вершаваныя лірычныя апавяданні «У вёсцы» і "Вераніка". Абодва - даніна захапленню паэта жанчынай.



Чытальнік 1: Я на душы ўражлівай маю

Жыцця мінулага пячаць:

Схачу свой вольны верш пачаць -

I ўраз пра прошлае згадаю;

У даль вядуць мяне сляды

Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам

I вулка, веючая сном,

I ціхі старасвецкі дом

3 цяністым, адзічэлым садам;

Над ім шпакоўніца ўгары,

А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,

Суседзяў нашых, наляжаў;

Я змалку там штодзень гуляў,

3 дзяцьмі іх лез на дахі смела,

Рваў яблыкі, рабіў садом

I крыкам поўніў цэлы дом…

Так у гулянках пралятала

Мае дзіцячае жыццё,

А поруч ціхае дзіцё,

Дачка Забелаў, узрастала.

Яе я мала знаў: яна

Усягды была сама, адна.

Жылося цяжка Вераніцы

(Хай так дзяўчынку будзем зваць):

Яе памерла рана маць,

I не было саўсім сястрыцы,

А бацька сэрца хоць і меў,

Ды прытуліць яе не ўмеў…

(Багдановіч, М. Вераніка // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск: Юнацтва, 1991. – С. 61)

Слайд 16. Ганна Какуева

Вядучы 2: Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка. Яна – самае моцнае каханне Максіма. У доме Какуевых чыталіся вершы, гучала музыка, якая аказвала незвычайнае уздзеянне на Максіма... Вершы Поля Верлена ў перакладзе Максіма гучалі для Ані:

Раяль цалуе тонкая рука

У час вячэрні шэра-ружавокі,

I на крылах цішэй ад вецярка,

Ў паветры мяккім, пекным праплыла ты...

У гэты ж перыяд пішуцца вершы «Учора шчасце толькі глянула нясмела", "Больш за ўсё на свеце хачу я" і знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў - раманс "Зорка Венера" -



Слайд 17. Рамантынае відэа (Гучыць песня “Зорка Венера…” сл. М. Багдановіча, муз.С. Рак-Міхайлоўскі)

Слайд 18. Друкарня Марціна Кухты.

Вядучы 1: У Вільні, у пачатку 1914 года ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы Магдалены Радзівіл тыражом 2000 асобнікаў выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок».

Слайд 19. Прыжыццёвае выданне зборніка твораў “Вянок”

Вядучы 2: У 1914 годзе ў «Нашай ніве» была змешчана нататка пад назвай "Пясняр прыгажосці». Гэта была першая рэцэнзія на зборнік «Вянок», напісаў яе Антон Луцкевіч: «... не грамадскія тэмы займаюць галоўным чынам паэта: ён перш за ўсё шукае прыгажосці».

Слайд 20. Ганна Гапановіч

Вядучы 1: Сярод значных падзей асабістага жыцця Максіма Багдановіча з 1914 і амаль да канца 1916 г. былі паездка ў Крым для паўторнага курса лячэння і новае каханне, якое прынесла яму шмат перажыванняў.

Чытальнік 2: Маладыя гады,

Маладыя жаданні!

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасьце каханьня!

Помніш толькі красу,

Мілы тварык дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы!

Цёмны сад-вінаград,

Цьвет бяленькі вішнёвы, —

І агністы пагляд,

І гарачыя словы!

Будзь жа, век малады,

Поўны сьветлымі днямі!

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

(Багдановіч, М. Маладыя гады // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск: Юнацтва, 1991. – С. 96)

Вядучы 1: Трэба таксама адзначыць і прафесійнае прызнанне маладога літаратара з боку калег: Максіма Багдановіча прынялі ў члены "Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры".

Слайд 21. Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916год.

Вядучы 2: Улетку 1916 года, скончыўшы ліцэй, Максім Багдановіч вярнуўся ў Мінск. Ён ужо даўно марыў аб вяртанні на родную зямлю. Хоць ён быў ужо цяжка хворы, але шмат працаваў у Мінскім губернскім харчовым камітэце і ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, а вольны час аддаваў літаратурнай творчасці.

Даўно ўжо целам я хварэю,

I хвор душой, – I толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца Сваей нуды.

У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як «Страцім-лебедзь» і «Пагоня».



Слайд 22. Дом на завулку Рабкораўскім, дзе былі напісаны вершы «Страцім-лебедзь» і «Пагоня».

Чытальнік 1: Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах, —

Ўспомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —

Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

He разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,

A за вамі, прад вамі — гады.

Вы за кім у пагоню спяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць i куды?

Mo яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі уздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі i аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,

He давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!

He усцішыцца гэтакі боль...

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць i лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

He разбіць, не спыніць, не стрымаць.

(Багдановіч, М. Пагоня // Багдановіч, М. Шыпшына. Мінск: Юнацтва, 1991. – С. 98)

Слайд 23. Дом у Ялце, дзе памёр Максім Багдановіч.

Вядучы 1: У Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў: "Маладзік", "Пярсцёнак", "Шыпшына", "Полынь-трава". Але здзейсніць гэтыя намеры не змог. У канцы лютага 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. у двадцаціпяцігадовым ўзросце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках. На крэсле ля самага ложка паэта быў знойдзены верш – перадсмяротнае прызнанне:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

3 друкарні пана Марціна Кухты.

Слайд 24. Магіла Багдановіча у 20-х гг.

Вядучы 2: Літаратурная спадчына Максіма Багдановіча значная: акрамя зборніка «Вянок», выдадзенага пры яго жыцці, пяцідзесяці з лішнім вершаў і значнай колькасці крытычных і публіцыстычных артыкулаў, надрукаваных у розных перыядычных выданнях: «Наша ніва», «Вольная Беларусь», «Гоман» і іншыя, захавалася звыш 150 вершаў і шэраг празаічных артыкулаў і нататкаў.

Слайд 25. Памятнікі Максіму Багдановічу.

Вядучы 1: Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Вядучы 2: Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы "Максім" і аперэта Юрыя Семянякі "Зорка Венера".

На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі.



Вядучы 1: Знакаміты вакальна-інструментальны ансамбль "Песняры" неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму "Вянок", поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.

Вядучы 2: Творы беларускага паэта перакладзены на два дзесяткі моў свету, публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

Максім Багдановіч дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас.



Вядучы 1: На гэтым заканчваецца наша сённяшняя сустрэча з непаўторным геніем Багдановіча, заканчваецца сустрэча, а паэт і яго паэзія хай застаюцца ў нашых сэрцах назаўсёды… Паэзія робіць чалавека лепшым, чысцейшым, адкрывае ў яго душы пачуццё прыгожага… Няхай гарачы агонь пачуццяў зіхаціць у вашых сэрцах, здзіўляючы сваёй глыбінёй, кранаючы чысцінёй і шчырасцю.

Складальнік: Г.Г. Дулевіч

Літаратура:

1. Багдановіч, М. Вянок / Максім Багдановіч, прадм. В.Зуёнка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. – 199 с.: іл.

2. Багдановіч, М. Шыпшына / Максіма Багдановіч. – Мінск : Юнацтва, 1991. –

3. Лагош, Т.І. І зорка гарыць, і не вяне вянок / Т.І. Лагош // Адукацыя і выхаванне. – 2011. - №11. – С. 67 – 71.



4. Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы : успаміны, артыкулы, прысвячэнні // уклад. Таццяна Шэляговіч. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. – 350 с. : іл. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).

5. Навуменка, І. Максім Багдановіч / Іван Навуменка. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – 141 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка