Велікодныя традыцыі




Дата канвертавання18.11.2017
Памер66.32 Kb.
Велікодныя традыцыі

(Майстар-клас па аздабленні велікодных яек)

Мерапрыемства шостага школьнага дня (працягласць – 1 гадзіна 30 хвілін)


Распрацавала Матусевіч Таццяна Пятроўна,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мэта: стварэнне ўмоў для вывучэння вучнямі велікодных традыцый, фарміравання грамадзяніна, які паважае і шануе культуру свайго народа.

Задачы: пашырыць і сістэматызаваць веды вучняў пра велікодныя традыцыі беларусаў; садзейнічаць развіццю творчых здольнасцяў і эстэтычнага густу; выхоўваць пачуццё патрыятызму цераз далучэнне да традыцый свайго народа.
Удзельнікі: група з 10-12 вучняў 8-ых класаў (удзел у майстар-класе могуць прыняць і бацькі).

Абсталяванне: камп’ютар ці мультымедыйная ўстаноўка для трансляцыі відэаматэрыялаў; прылады для роспісу велікодных яек (штатыў для хімічных вопытаў, спіртавая гарэлка, запалкі, кавалачак воску, бляшанка для награвання воску, “шпількі” для васкавання, палачкі-пэндзлікі, іголка-шаршотка, цвік, шыла, маленькі нож, шпілька для валасоў, вараныя яйкі, настой цыбульніку); традыцыйныя схемы роспісаў велікодных яек;

прылады для велікодных гульняў (латок для качання яек, капялюш, галінка вярбы); “дрэва ўражанняў”, сцікеры.


Ход майстар-класа

1. Арганізацыйны момант:

а) прывітанне настаўніка з вучнямі (можна выкарыстаць мясцовыя традыцыйныя формы вітанняў: дзень добры; з радасцю вітаю, здароўя жадаю; няхай Бог прыспарае і інш.);

б) уступнае слова настаўніка:

– Мы з вамі, як і ўсе вернікі-хрысціяне, чакаем самага галоўнага хрысціянскага свята – Светлага Хрыстовага Уваскрасення (Пасхі, Вялікадня) і рыхтуемся да яго. У нашага народа існаваў цэлы шэраг традыцый падрыхтоўкі і святкавання Вялікадня. Сёння прапаную вам успомніць некаторыя з іх, а таксама пакажу прыёмы роспісу велікодных яек спосабам васкавання. А пачнём занятак з узнаўлення вашых ведаў пра свята.
2. Інфармацыйны блок

А) Выступленне падрыхтаваных вучняў пра традыцыі святкавання Вялікадня.



Вялікдзень ці Уваскрасенне Хрыстова з’яўляецца самым значным і ўрачыстым народным святам. Гэтае свята не мае пэўнай, пастаяннай прымеркаванасці ў календары. Вялікадню папярэднічае сямітыднёвы пост, які дае магчымасць чалавеку ачысціць сваю душу і папрасіць прабачэння за грахі. У дні посту людзі не ладзілі вяселляў, шумных гулянак з танцамі і песнямі, а часцей наведвалі храм.

Напярэдадні Вялікадня кожная гаспадыня прыбірала сваю хату, усё прыводзіла да ладу, рыхтавалася смачная ежа. Абавязкова пяклі пірагі і фарбавалі яйкі, якія асвячалі ў царкве ці касцёле.

Раненька на Вялікдзень падымаліся і выходзілі на двор глядзець, як “іграе” сонейка. Яно радуецца Уваскрасенню Хрыстову і пераліваецца рознымі фарбамі, падзяляецца на некалькі сонцаў, расцягваецца ў шырыню і даўжыню. Заўважалі пры гэтым, што калі сонца асабліва прыкметна “іграе”, то гэта прадказвае добрае лета, багаты ўраджай.

Калі маці ці бабуля вярталіся з усяночнай службы, усе дзеці і дарослыя павінны былі мыцца так, каб кропелькі вады не траплялі на падлогу. Пасля мыцця абавязкова трэба было павадзіць велікодным яйкам па твары. Лічылася, што гэта засцеражэ ад хвароб. Усе прыгожа апраналіся, тройчы перехрысціўшыся, сядалі за стол. Спачатку кожны павінен быў укусіць па кавалачку той асвячонай ежы, што прынеслі з царквы.

Разгавеўшыся, бралі з сабой чырвоныя яйкі і ішлі на вуліцу. На Вялікдзень віталіся не так, як звычайна, а словамі: “Хрыстос уваскрос!” У адказ чулі: “Ва ісціну (сапраўды) ўваскрос!” Затым тройчы цалаваліся, частавалі адзін аднаго яйкамі, цукеркамі, жадалі добрага здароўя. На вуліцы ішла гульня ў біткі. Ладзілі дзеці і сваю гульню – рабілі жалабкі і па іх качалі яйкі: чыё далей закоціцца, той і выйграваў. А яшчэ клалі яйка пад капялюш, і трэба было здагадацца, у які бок яно ляжыць наском.

Абавязкова на Вялікдзень хадзілі валачобныя гурты – спявалі, віншавалі людзей са святам. Нахадзіўшыся, наспяваўшыся, валачобнікі збіраліся ў цэнтры вёскі ці ў каго ў двары. Раскладалі ўсё, што назбіралі, частавалі ўсіх і ладзілі танцы да позняй ночы. На другі дзень Вялікадня бабкі і хросныя бацькі насілі дзецям пачастункі абавязкова з чырвоным яйкам.
Б) Праграгляд відэаматэрыялаў (з каментарыямі настаўніка)

Віды аздаблення яек:

1. маляванкі, крашанкі, фарбаванкі, біткі – пафарбаваныя натуральным або штучным фарбавальнікам у аднатонны колер велікідныя яйкі;

2. набіванкі – яйкі, пафарбаваныя пры дапамозе трафарэта;

3. скробанкі – яйкі, аздобленыя гравіраваным малюнкам;

4. пісанкі, пасанкі, васкаванкі – яйкі, распісаныя пры дапамозе гарачага воску.

У нашых суседзяў – літоўцаў, украінцаў, палякаў – сабраныя шматтысячныя калекцыі пісанак (ёсць узоры стагадовай даўнасці), апублікаваныя пра іх шматлікія артыкулы і манаграфіі. Пра беларускія пісанкі да апошняга часу нічога канкрэтнага вядома не было. Музеі рэспублікі іх не збіралі, не захоўваюцца яны ў народным побыце, таму знайсці старыя ўзоры практычна не магчыма, даводзіцца шукаць майстроў, якія памятаюць сакрэты гэтага амаль забытага рамяства. Магчыма, каштоўную інфармацыю пра традыцыі аздаблення велікодных яек вы зможаце атрымаць, калі распытаеце сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль.
В) Узнаўленне легенды пра тое, чаму традыцыйна прынята афарбоўваць яйкі ў чырвоны колер (легенду расказвае вучань).

Згодна з паданнем, першае велікоднае яйка Святая роўнаапостальная Марыя Магдаліна прынесла на трэці дзень пасля ўкрыжавання Хрыста рымскаму імператару Тыберыю. Калі Марыя прыйшла да Тыберыя і аб’явіла пра ўваскрасенне (“Хрыстос ўваскрос!”), імператар сказаў, што гэта таксама не магчыма, як і тое, што курынае яйка будзе чырвоным. І пасля гэтых слоў курынае яйка, якое ён трымаў у руцэ, стала чырвоным. Чырвоны колер – знак божых пакут дзеля людзей.
3. Практычны блок

А) Роспіс пісанак (устанаўліваецца штатыў, спіртавая гарэлка, бляшанка для воску, растапліваецца воск, настаўнік паказвае прыёмы роспісу і дае каментарыі, потым вучні самі спрабуюць аздобіць яйкі).

Каментарыі настастаўніка

1. Пачнём з выбару яек. Самыя лепшыя ад хатніх курэй, бо яны больш моцныя. Яйкі не павінны быць свежыя, лепш 2-3-тыднёвай даўнасці. Але не падыходзяць і вельмі даўнія, шурпатыя, з тонкай шкарлупінай. Яйкі лепш адварыць, дабавіўшы ў ваду соль і харчовую соду.

2. Яйкі перад аздабленнем трэба вымыць у праточнай вадзе з мылам для таго, каб лепш бралася фарба.

3. Для гравіравання выкарыстоўваюць невялічкі ножык, вялікую іголку, шыла, лязо. Белае, моцнае, невялікае яйка павінна быць адваранае ў фарбавальніку, узоры на ім вышкрабаюцца.

4. Васкаванне – найбольш старажытная, пашыраная і любімая тэхніка аздаблення пісанак ў многіх народаў. Яна заключаецца ў нанясенні васковага ўзору на паверхню яйка для захавання яго натуральнага колеру. Наносіць узоры з воску можна палачкай, цвіком, запалкай з раскляпаным накшталт пэндзля канцом, пісаком (бляшанай леечкай на палачцы), шпількай (палачкай з убітым у яе канец маленькім цвічком) і інш.

5. Пакрытае васковым узорам яйка клалі ў фарбавальнік. Праз гадзіну вымалі, падсушвалі, крыху награвалі і сціралі кавалкам тканіны васковы ўзор. На каляровым фоне атрымліваўся выразны белы малюнак.

6. У народзе аддавалі перавагу натуральным фарбавальнікам, якія не без падстаў, лічыліся бясшкоднымі і не фарбавалі рук. Чырвона-аранжавы колер, чырвона-цагляны колеры атрымлівалі з настою цыбульніку; жоўты – з морквы, яблыневай кары, сянной пацярухі; ружовы – з буракоў; буракі і морква разам даюць – яркі чырвоны колер; светла-зялёны колер – з грэчкі, зялёнага жыта; чырвона-карычневы – з марганцоўкі; чорны – з настою кары алешыны і кавалкаў іржавага жалеза.

7. Пасля фарбавання бяром на далоні крышачку алею і націраем яйкі, чыстым кавалачкам шарсцяной тканіны паліруем іх.
Б) Велікодныя гульні (настаўнік, бацькі і вучні паказваюць і праводзяць гульні).


  • “У біткі”. Гулялі і дзеці, і дарослыя. Той, чыё яйка было пабіта, аддаваў яго свайму пераможцу.

  • “Качанне яек”. Шырока вядомая гульня – качанне яек з горкі або па спецыяльным нахіленым латку на “выбіткі”. Спачатку гульцы дамаўляюцца, хто за кім будзе качаць. Кладуць унізе латка адно, два, тры яйкі (колькі дамовяцца), потым па чарзе пускаюць яйкі з латка. Усе яйкі, якія закране тое, што кацілася, дастаюцца гаспадару яйка, што скацілася, а калі не закране ніводнага, то яно застаецца для наступнага розыгрышу. Пераможцам мог таксама лічыцца той, чыё яйка закацілася далей.

  • “Яйка пад шапкай”. Адзін удзельнік гульні бярэ яйка і кладзе яго пад капялюш. Другі павінен адгадаць, паклаўшы паверх капелюша галінку вярбы, у якім кірунку ляжыць яйка. Калі галінка будзе размешчана правільна, той, хто адгагадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё.

8. Падвядзенне вынікаў майстар-класа

А) Заключнае слова настаўніка:

Спадзяюся, што мой майстар-клас наблізіў вас да разумення традыцый святкавання Вялікадня ў беларусаў, абудзіў і замацаваў цікавасць да іх і садзейнічаў вашай падрыхтоўцы да такога вялікага свята – Уваскрасення Хрыстовага. А зараз у вас ёсць магчымасць выказаць свае ўражанні.


Б) Рэфлексія “Дрэва ўражанняў” (вучні на сцікерах запісваюць свае ўражанні ад мерапрыемства і размяшчаюць на намаляваным на дошцы дрэве).
В) Развітанне (будзьце здаровы; здаровы бывайце, мяне не забывайце; да сустрэчы і інш.).

Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Лозка, А. Ю. Беларускі народны каляндар / А. Ю. Лозка. – Мінск: Полымя, 2002. – 238 с.

2. Народныя мастацкія рамёствы Беларусі / Укл. Я. М. Сахута. – Мінск: Беларусь, 2001. – 168 с.

3. Сысоў, У. М. З крыніц спрадвечных / У.М. Сысоў. – Мінск: Выш. шк., 1997. – 415 с.

4. Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. / І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 575 с.







База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка