Вікторыя Пяткевіч Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт эвалюцыя якасных характарыстык міжнароднага радыевяшчання




Дата канвертавання18.11.2017
Памер100.88 Kb.


Вікторыя Пяткевіч

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ЭВАЛЮЦЫЯ ЯКАСНЫХ ХАРАКТАРЫСТЫК МІЖНАРОДНАГА РАДЫЕВЯШЧАННЯ
Пазіцыянаванне сябе як самастойнага актара на міжнароднай арэне з’яўляецца абвязковым для кожнай незалежнай дзяржавы. Глабальны інфармацыйны абмен адбываецца на ўзроўні міжнародных сувязей і арганізацый, дыпламатычных каналаў, турызму і сродкаў масавай інфармацыі. Большасць дзяржаў вядуць актыўную інфармацыйную дзейнасць на міжнароднай арэне, удзельнічаюць у абмене інфармацыяй, прычым гэтая дзейнасць пастаянна пашыраецца, мяняюцца яе кірункі, мэты і метады, што звязана з шэрагам эканамічных, сацыяльна-палітычных і тэхнічных фактараў, як у саміх краінах – суб’ектах інфармацыйнай дзейнасці, так і ў свеце. На маштабы сучаснага міжнароднага абмену інфармацыяй істотны ўплыў аказваюць змены, якія адбываюцца ў міжнароднай палітыцы, пашырэнне і паглыбленне ўсіх відаў міжнароднага супрацоўніцтва.

Нацыянальная сістэма СМІ прадугледжвае асобы від вяшчання, які спецыялізуецца на замежнай аўдыторыі. Міжнароднае вяшчанне акумулюе медыяпрадукт з улікам асаблівасцей дзяржавы і яе медыясістэмы, працуе над комплексным медыявобразам краіны і прадугледжвае падрыхтоўку інфрамацыі як на мове краіны-вяшчальніка, так і на замежных мовах. Тэрмін «міжнароднае радыёвяшчанне» шырока выкарыстоўваецца ў навуковай і папулярнай літаратуры, а таксама ў журналісцкай практыцы. З тоесным значэннем ужываюцца і тэрміны «вяшчанне на замежныя краіны», «знешняе радыёвяшчанне», «замежнае радыёвяшчанне».

Першыя спробы вяшчання на замежжа былі зафіксаваны ў 20-я гады ХХ стагоддзя, а рэгулярная і мэтанакіраваная праца на аўдыторыю іншых краін пачалася на некалькі гадоў пазней і была абумоўлена ідэалагічным супрацьстаяннем краін ці неабходнасцю метраполій інфармацыйна забяспечваць былыя калоніі. Так, Брытанская вяшчальная карпарацыя (BBC) пачала сваю працу для слухачоў Аўстраліі і Новай Зеландыі ў 1932 годзе, савецкую ідэалогію ў міжнародным эфіры прадстаўляла «Радыё Масква». Разам з тым, у гэты час набірала сілу нацысцкая прапаганда, дзе радыё выкарыстоўвалася ў якасці сродку інфармавання шырокай аўдыторыі [1].

У час Другой сусветнай вайны на міжнароднай арэне выдзеліліся чатыры краіны з найбольш магутнымі рэсурсамі для міжнароднага вяшчання – Вялікабрытанія, Германія, Расія і ЗША. Вяшчанне на замежжа ў пасляваенны перыяд «халоднай вайны» характарызуецца палярызацыяй краін у залежнасці ад прыхільнасці або варожасці камуністычнай ідэалогіі, прапагандысцкім характарам, што дакладна адлюстроўвала афіцыйную пазіцыю дзяржавы, з тэрыторыі якой адбывалася вяшчанне [1]. Шматпалярнасць свету ў постсавецкі перыяд, узнікненне новых дзяржаў, пераарыентацыя міжкультурных камунікацый, укараненне новых тэхналогій прывялі да кардынальных перамен у спосабах, метадах і сродках эфектыўнай камунікацыі праз масмедыя на сусветным узроўні.

Функцыянаванне міжнароднага вяшчання часцей за ўсё падтрымліваецца з дзяржаўнага бюджэту і тым самым яно вызначаецца як СМІ, якое паказвае і тлумачыць пазіцыю дзяржавы. З гэтай прычыны да 2013 года радыёстанцыя «Голас Амерыкі», якая прапагандуе прынцыпы дэмакратыі і свабоды ў шэрагу краін, не мела права працаваць на амерыканскую аўдыторыю, паколькі гэта лічылася перадузятым стаўленнем да кіруючай партыі і парушэннем прынцыпаў свабоды СМІ [5]. Менш распаўсюджана практыка міжнароднага вяшчання грамадскімі ўстановамі, рэлігійнымі саюзамі або прыватнымі асобамі.

Зварот слухачоў да перадач замежных радыёстанцый абумоўлены шэрагам істотных прычын: імкненне атрымаць інфармацыю пра падзеі ў той ці іншай краіне, пазнаёміцца з альтэрнатыўнай інфармацыяй і гледжаннем на падзеі з іншай краіны, інфармацыяй, якую ўнутраныя СМІ краіны не закранаюць. Акрамя ўласна інфармацыйнай функцыі, замежныя праграмы выконваюць асветніцкую і рэкрэатыўную функцыі, паколькі яны падаюць разнастайныя звесткі пра культуру, мастацтва, літаратуру, музыку, гісторыю, мову краіны-вяшчальніка.

Сёння ва ўмовах шматпалярнасці свету міжнароднае вяшчанне стала, з аднаго боку, больш комплекснай, а з другога – больш фрагментарнай з’явай. Медыяасяроддзе, сфарміраванае ў адпаведнасці з новымі запытамі грамадства, уключае значна большую колькасць актараў, у выніку чаго павялічылася колькасць СМІ ў многіх краінах, што стварыла канкурэнцыю для медыягігантаў. З іншага гледжання, узніклі новыя магчымасці для міжнародных вяшчальнікаў на ўзроўні ўзаемадзеяння з краінамі, на тэрыторыю якіх адбываецца вяшчанне. Так, пачалі дзейнічаць пагадненні, якія дазваляюць міжнароднаму СМІ ў вызначаны час рэтрансліраваць уласны медыяпрадукт на мясцовых радыёстанцыях і такім чынам прысутнічаць на лакальнай медыяпрасторы, якая ўжо мае пастаянную аўдыторыю.

Развіццё тэлебачання і глабальнай сеткі таксама стала прычынай даволі істотных змен у функцыянаванні міжнароднага радыёвяшчання. Змяншэнне зацікаўленасці аўдыторыі да аўдыяльнай інфармацыі патрабуе ад традыцыйных радыёстанцый пераарыентавання ў мультымедыйныя платформы. У адпаведнасці з гэтым радыёстанцыі, якія працуюць на замежжа, шукаюць новыя спосабы з мэтай гарманізацыі ўласных інтарэсаў і запатрабаванняў аўдыторыі. Так, даследчыкі вылучаюць пяць базавых асаблівасцей, якія характарызуюць сучаснае міжнароднае радыёвяшчанне [8, с. 12].



  1. Стратэгіі дзейнасці. Некаторыя паспяховыя медыя цалкам або часткова перафармаціравалі накірунак сваёй дзейнасці. Напрыклад, у 90-я гады мінулага стагоддзя Швейцарыя ўваходзіла ў топ-10 міжнародных радыёвяшчальнікаў, але ў 2004 годзе было вырашана цалкам спыніць вяшчанне і стварыць шматмоўную платформу інтэрнэт-навін Swissinfo.com.

  2. Фокус вяшчання. Пэўныя СМІ выбралі больш вузкі накірунак вяшчання. Так, Партугальская радыёстанцыя ператварылася ў сродак масавай інфармацыі, накіраваны на выхадцаў з Партугаліі па ўсім свеце і партугаламоўных бразільцаў і жыхароў Паўднёвай Афрыкі. У сваю чаргу, Польшча канцэнтруецца на распаўсюджанай ва ўсім свеце польскай дыяспары і ліквідуе недахоп у інфармацыі з радзімы праз спадарожнікавае тэлебачанне і інтэрнэт-сервісы ў свабодным доступе.

  3. Спосабы вяшчання. Міжнародныя радыёстанцыі ператвараюцца ў аўдыявізуальныя СМІ. Акрамя таго, яны мяняюць мову вяшчання і геаграфічны радыус. Мовы выбіраюцца ў залежнасці ад геапалітычнай сітуацыі. Так, Вялікабрытанія знізіла колькасць працоўных моў з 40 да 30, Францыя – з 16 да 12, Германія – з 36 да 17. ЗША скараціла аб’ём вяшчання на Усходнюю Еўропу, каб павысіць сваю прысутнасць на медыярынках Далёкага і Сярэдняга Усходу.

  4. Актывізацыя медыярэсурсаў, што прадугледжвае інтэнсіўнае развіццё і рэфармаванне сістэмы замежнага вяшчання. Такія краіны, як Іран, Кітай, вельмі хутка павялічваюць прысутнасць свайго голасу ў міжнароднай медыяпрасторы. Так, у 90-я гады ХХ стагоддзя Іран ажыццяўляў вяшчанне на 26 мовах, зараз з гэтай краіны вядзецца радыёвяшчанне на 30 мовах і тэлетрансляцыя на персідскай, англійскай і арабскай мовах. Кітай прэтэндуе на статус міжнароднага вяшчальнка глабальнага маштабу: на сёння Міжнароднае радыё Кітая мае каля 50 моўных сервісаў, які падтрымліваюцца вэб-сайтамі і тэлеканаламі.

  5. Новыя СМІ. У сферу міжнароднага вяшчання за апошнія два дзесяцігоддзі прыйшлі новыя СМІ, якія будуюць мультымедыйную платформу ў адпаведнасці з запытамі аўдыторыі і сучаснымі тэхналагічнымі магчымасцямі. У якасці прыкладу можна прывесці амерыканскую тэлекампанію CNN, якая з’яўляецца кругласутачнай крыніцай замежных навін, або Al-Jazeera – міжнародную вяшчальную кампанію, штоспецыялізуецца на асвятленні навін арабскага свету [8, с. 14].

На сёння значная колькасць заходніх дзяржаў з’яўляюцца актыўнымі актарамі на рынку міжнародных медыя, тым самым падтрымліваючы высокі ўзровень папулярызацыі прынцыпаў дэмакратыі, еўрапейскіх і амерыканскіх каштоўнасцей у свеце. Сярод іх найперш вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і ЗША.

Галоўная задача французскіх СМІ, якія фінансуюцца дзяржавай і працуюць на замежжа, – прадставіць пазіцыю Францыі па ключавых падзеях у свеце і спрыяць таму, каб яна была ўспрынята міжнароднай супольнасцю. Так, Міжнароднае радыё Францыі (МРФ) прапаноўвае радыёсервіс, які расказвае пра гэтую краіну на 10 мовах. Міжнароднае радыё Францыі ўспрымаецца як грамадская радыёстанцыя, вядучае французскае радыё, якое імкнецца да максімальнага ахопу міжнародных навін, і працуе для 46 мільёнаў пастаянных слухачоў на кароткіх і сярэдніх хвалях, праз спадарожнікі і дзякуючы рэтрансляцыі праз мясцовыя FM-радыёстанцыі (170 рэтранслятараў у 74 краінах), а таксама для 42 мільёнаў наведвальнікаў інтэрнэт-сайта. Рэдакцыя робіць акцэнт на новыя спосабы падачы інфармацыі: RSS, Twitter, Podcast, Facebook і мабільны тэлефон [7]. Высокай інфармацыйнай насычанасці станцыі спрыяе супрацоўніцтва з буйным інфармацыйным агенствам Agence France Presse (AFP) і спецыялізаваным на падрыхтоўцы інфармацыі на замежжа агенствам Canal France International (CFI). Акрамя таго, менавіта ў Францыі заснавана пан’еўрапейская мультыкультурная медыяплатформа Euronews, створаная з мэтай аб’яднаць краіны Еўрапейскага саюза, якая штодзень транслюе аўдыя- і відэахроніку на 14 мовах. Euronews прэзентуе сябе як вядучы міжнародны канал навін з усяго свету, які падае інфармацыю з еўрапейскага гледжання.

Ключавое СМІ Германіі, якое спецыялізуецца на міжнародным вяшчанні, – Нямецкая хваля – уніфікавана як дзяржаўны і міжнародны сервіс. 1500 штатных супрацоўнікаў і фрылансеры больш чым у 60 краінах рыхтуюць матэрыялы, накіраваныя на ўкараненне і падтрымку каштоўнасцей дэмакратыі, свабоды і прагрэсу, якія прэзентуюць інтарэсы Германіі і Еўропы ў цэлым для сусветнай супольнасці. У 1992 годзе Нямецкая хваля ператварылася з радыёстанцыі ў канвергентнае медыя. У гэты час пачаў працу англамоўны тэлеканал, з 1999 года – іспанамоўны, арабская мова загучала ў 2002 годзе, таму ўласна радыёвяшчанне на кароткіх хвалях паступова скарачаецца (з 35 моў у 1996 годзе да 18 моў у пачатку 2000-х) [4].

Канкурэнтнасць буйных міжнародных медыя, з аднаго боку, не перашкаджае ім рэалізоўваць праекты на міждзяржаўным узроўні. Так, у 2004 годзе быў заснаваны праект DW-Akademie сумесна з BBC WS Trust з мэтай павысіць адкрытасць, празрыстасць, свабоду доступу да інфармацыі ў краінах, якія развіваюцца.



Брытанская вяшчальная карпарацыя (BBC) характарызуе сябе як самая буйная вяшчальная карпарацыя ў свеце з місіяй узбагачаць чалавека праз праграмы, што інфармуюць, адукоўваюць і забаўляюць. На міжнародным узроўні адна з ключавых мэт BBC – паказваць Злучанае Каралеўства свету і свет Злучанаму Каралеўству. Сусветная служба BBC фінансуецца непасрэдна з дзяржаўнага бюджэту і пры гэтым мае рэпутацыю незалежнай і аб’ектыўнай крыніцы інфармацыі. BBC ацэньвае сваю штотыднёвую радыёаўдыторыю ў 177 мільёнаў і з’яўляецца найбуйнейшым кампанентам міжнароднай службы BBC. Як і іншыя арыентаваныя на замежжа медыя, BBC камбінуе працу на кароткіх і сярэдніх хвалях, праз ФМ-перадатчыкі, спадарожнікі, глабальную сетку і мабільныя тэлефоны, а таксама рэтранслюе ўласныя перадачы праз іншыя СМІ [2].

ЗША прапаноўвае аўдыторыі развітую і комплексную сістэму міжнароднага вяшчання, куды ўваходзяць і дзяржаўныя (грамадскія), і прыватныя медыя. Дзейнасць грамадскіх медыя, што вяшчаюць на замежжа, рэгулюецца Саветам па пытаннях вяшчання (BBG). Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць сістэму паралельнага вяшчання: СМІ, якія спецыялізуюцца ўласна на міжнародным вяшчанні, і СМІ з двюма службамі (першая арыентавана на аўдыторыю сваёй краіны, другая – на замежную, якая па тых ці іншых прычынах не мае доступу да рознабаковай інфармацыі з лакальных СМІ ў краінах пражывання). Найбольш развітымі амерыканскімі радыёстанцыямі, што вяшчаюць за мяжу, з’яўляюцца Голас Амерыкі і Радыё Свабодная Еўропа (у 1994 годзе заснавана яго адгалінаванне Радыё Свабодная Азія).

На ўсходняй частцы Еўрапейскага кантынента найбольшы аб’ём вяшчання ствараецца ў Расіі, Кітаі і Іране, дзе яно цалкам фінансуецца дзяржавай. Праца гэтых СМІ найперш накіравана на супрацьстаянне заходнім медыя, захаванне ўласнай культуры і данясенне да замежных слухачоў уласнай пазіцыі на падзеі ў краіне і свеце. На сёння замежнае вяшчанне ў пералічаных дзяржавах уяўляе сабой канвергентныя медыя, якія працуюць на розных платформах. Так, Голас Ісламскай Рэспублікі Іран – гэта дзяржаўная тэлерадыёкампанія Ірана, якая ўключае адзін міжнародны інфармацыйны канал, тры спадарожнікавыя тэлеканалы для замежных гледачоў, а таксама сусветную радыёслужбу. Голас Ісламскай Рэспублікі Іран збірае інфармацыю праз ўласныя бюро ў 17 краінах і ажыццяўляе трансляцыю на 30 мовах [6].



Кітай распаўсюджвае інфармацыю па ўсім свеце праз разнастайныя камунікатыўныя стратэгіi для прэзентацыі сябе як краіны са старажытнай гісторыяй і вызначаным палітычным курсам. У адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін-вяшчальнікаў, якія паменшылі аб’ём замежнага вяшчання пасля завяршэння «халоднай вайны», КНР, наадварот, стала пашыраць сваю прысутнасць у сусветнай медыяпрасторы. На сёння Міжнароднае радыё Кітая (МРК) – гэта адна з буйнейшых у свеце шматмоўных медыяструктур (вяшчанне вядзецца на 62 мовах), якая рыхтуе не толькі радыёпраграмы для трансляцыі на кароткіх і сярэдніх хвалях, праз мабільнае і інтэрнэт-вяшчанне, а таксама займаецца выпускам тэлеперадач і друкаваных выданняў. Маркетынгавая стратэгія кітайскага медыягіганта прадугледжвае шырокую прысутнасць МРК у розных формах на міжнароднай арэне. У прыватнасці, кітайская служба валодае 40 замежнымі карэспандэнцкімі пунктамі і прадстаўніцтвамі, мае каля 60 даччыных замежных радыёстанцый і 18 каналаў інтэрнэт-радыё, наладзіла партнёрства з больш чым 160 радыёстанцыямі на розных кантынентах і заснавала 15 радыёшкол Канфуцыя [3].

У міжнародным радыёвяшчанні Расіі за апошнія некалькі гадоў быў праведзены рэбрэндынг. У 2013 годзе ліквідавана інфармацыйнае агенства «РИА Новости» і міжнародная радыёстанцыя «Голос России», на базе якіх пачалі працу міжнароднае інфармацыйнае агенства «Россия сегодня» і радыё «Sputnik», якое функцыянуе на 30 мовах [9].



Такім чынам, міжнароднае радыёвяшчанне як паўнавартасны актар у глабальным медыяасяроддзі пачало развівацца ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Ідэалагічнае супрацьстаянне, вострая палярызацыя, ярка выражаная тэндэнцыйнасць замежных галасоў у ваенны і пасляваенны час паступова трансфармаваліся, пра што сведчаць сучасныя роля і месца міжнародных СМІ. Сёння медыяпрастора характарызуецца дыялагічнасцю, шматвектарнасцю, дэмакратычнасцю. Адсутнасць інфармацыйных межаў дазваляе дзяржавам прэзентаваць сябе ў глабальным медыяасяроддзі.
Літаратура

  1. Радиожурналистика [Электронный ресурс] / А.А. Шерель [и др.]; под ред. А.А. Шереля. – М., 2000. – Режим доступа: http://evartist.narod.ru­/text5/44.html. – Дата доступа: 23.04.2015.

  2. BBC World Service [Electronic resource]. – 2015. – Mode of access: http://www.bbc.co.uk/radio/info/. – Date of access: 11.03.2015.

  3. CRI On-line. Беларуская мова [Electronic resource]. – Mode of access: http://belarusian.cri.cn/#. – Date of access: 13.03.2015.

  4. Deutsche Welle at a glance [Electronic resource]. – 2015. – Mode of access: http://www.dw.de/about-dw/profile/s-30688. – Date of access: 21.03.2015.

  5. Guerra, D. U.S. repeals ban on broadcasting Voice of America, other government-funded news for American audiences [Electronic resource] / D. Guerra // Journalism in the Americas. – Texas, 2013. – Mode of access: https://knightcenter.utexas.edu/blog/00-14160. – Date of access: 04.04.2015.

  6. Iran English Radio. IRIB World Service [Electronic resource]. – 2010. – Mode of access: http://english.irib.ir/home/about-us. – Date of access: 11.04.2015.

  7. Radio France International [Electronic resource]. – 2014. – Mode of access: http://www.english.rfi.fr/general/about-rfi. – Date of access: 21.04.2015.

  8. Rotheray, B. Good News from a Far Country? Changes in international broadcast news supply in Africa and South Asia: working paper / B. Rotheray. – University of Oxford, 2010. – 134 p.

  9. Sputnik International [Electronic resource]. – 2010. – Mode of access: http://sputniknews.com/docs/about/index.html. – Date of access: 11.04.2015.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка