Водар слова



старонка1/6
Дата канвертавання03.11.2017
Памер0.95 Mb.
#11147
  1   2   3   4   5   6


Установа адукацыі

“Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”

Мікола СЯНКЕВІЧ

ВОДАР СЛОВА

Брэст


БрДУ имя А.С. Пушкіна

2016


УДК 81.161.3=161.3(82-821)

ББК 81.411.3

С 99

Рэкамендавана рэдакцыйна-выдавецкім саветам Установы адукацыі

Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна”



Рэцэнзенты:

прафесар кафедры філалогіі УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт»,

кандыдат педагагічных навук, дацэнт

А.І. Белая
прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства

УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна,

доктар філалагічных навук, прафесар

З.П. Мельнікава

Сянкевіч, М.І.

С 99 Водар слова : дапаможнік / М.І. Сянкевіч ; Брэсц. дзярж. ун-т

імя А. С. Пушкіна. – Брэст : БрДУ, 2017. – 63 с.

ISBN 978-985-555-545-3.


Змест дапаможніка складаюць мовазнаўчыя эсэ,у якіх праследжваецца этымалогія асобных лексічных адзінак, раскрываюцца шматлікія адценні іх значэнняў. Аўтар прапануе паназіраць, як жыве слова ў мове, як карыстаюцца ім майстры прыгожага пісьменства, а таксама дзеліцца ўласнымі жыццёвымі згадкамі, народжанымі словам.

Адрасуецца студэнтам псіхолага-педагагічнага факультэта, выкладчыкам, настаўникам.


УДК 81.161.3=161.3(82-821)

ББК 81.411.3


ISBN 978-985-555-545-3 УА “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна”, 2017
Да чытача
Амаль што кожны выпускнік сярэдняй школы, узброіўшыся адпаведнымі даведнікамі, за некалькі месяцаў здольны “давучыць” недавучаныя на працягу адзінаццаці гадоў арфаграфічныя нормы беларускай мовы або граматыку, больш ці менш паспяхова выканаць заданні цэнтралізаванага тэставання. Але калі пачынаеца сістэмнае вывучэнне роднай мовы на ўніверсітэцкім узроўні – нечакана выяўляецца, што будучыя настаўнікі пачатковых класаў, сацыяльныя педагогі і псіхолагі дапускаюць вялікую колькасць моўна-стылістычных памылак. Яны дастаткова розныя: даслоўны пераклад з рускай мовы ўстойлівых зваротаў, ужыванне неўласцівых роднай мове сінтаксічных канструкцый, памылкі ў дапасаванні і кіраванні, ва ўжыванні дзеепрыслоўных і дзеепрыметных зваротаў. Студэнты з цяжкасцю складаюць сінанімічныя рады, блытаюцца ў адметнасцях лексічнага значэння паранімічных адзінак і г.д. Чаму так? Прычын многа, і галоўная з іх тая, што ва ўстановах сярэдняй адукацыі родная мова, на жаль, па-ранейшаму разглядаецца як вучэбны прадмет, не ўлічваюцца яе камунікатыўныя функцыі. Каб стаць дасведчаным спецыялістам, сённяшнім студэнтам неабходна пастаянна практыкавацца ў карыстанні вуснай і пісьмовай мовай, цікавіцца спецыяльнай літаратурай.

Дадзены дапаможнік можа быць задзейнічаны на практычных занятках па беларускай мове са студэнтамі псіхолага-педагагічнага факультэта пры вывучэнні такіх раздзелаў, як “Лексікалогія”, “Фразеалогія”, “Тэорыя тэксту” і інш. Асобныя прыклады, на нашу думку, зможа выкарыстаць і настаўнік пачатковых класаў на ўроку роднай мовы ці на факультатыўных занятках.

Безумоўна, адбіраючы матэрыял, мы прытрымліваліся прынятага ў методыцы навучання прынцыпу навуковасці. Але паралельна з гэтым прапануем паназіраць разам, як жыве слова ў мове, як карысталіся і карыстаюцца ім тыя яе носьбіты, каго з поўным правам мы называем “майстрамі слова”. Нарэшце, ёсць жаданне выказаць і свае асабістыя адносіны да пачутага, прачытанага, асэнсаванага і перажытага слова.

Аўтар

ЯК ЗЛЕВА, ТАК І СПРАВА
Пачаць размову хочацца з выказвання вядомага беларускага паэта і рэдактара Кастуся Цвіркі: “Перш чым што-небудзь напісаць ці сказаць па-беларуску, многія з нас амаль усё перакладаюць у думках з рускай мовы, ну а перакладаем, вядома ж, самым лёгкім спосабам: механічна замяняем рускія словы беларускімі, прычым тымі, што ляжаць на паверхні. Што ж да будовы фразы, то яе мы вельмі часта пакідаем нязменнай. У выніку такога “перакладу” мы гаворым і пішам хоць і беларускімі словамі, але ў аснове сваёй па-руску. Іншымі словамі, карыстаемся калькай. Артыкул “Шашаль мовы – калька”, з якога ўзята прыведзеная вышэй цытата (надрукаваны ў “ЛіМе” 12 сакавіка 1993 года), у свой час меў шырокі розгалас сярод творчай інтэлігенцыі. Не страціў ён сваёй актуальнасці і цяпер. Мы ўсё яшчэ не навучыліся думаць, адпаведна і канструяваць фразы, па-беларуску. Даходзіць часам да смешнага: у сямі нянек дзіця без вока – пераклалі нядаўна ў адной са студэнцкіх аўдыторый вядомую рускую прыказку.

Прапануем спыніцца на ўстойлівых зваротах, у якіх адным з кампанентаў з’яўляецца назоўнік СПРАВА – работа, занятак, дзейнасць. У рускай мове яму адпавядае слова дело, з якім (на гэта абавязкова трэба звярнуць увагу) функцыянуе некалькі дзясяткаў фразеалагічных адзінак, вялікая колькасць прыказак і прымавак. Навошта ламаць галаву, разважае не надта патрабавальны да сябе “перакладчык” з рускай мовы, калі можна ў кожным выпадку дело замяніць на справу – і ўсё тут. Яшчэ ж і слоўнікамі абароніцца. У двухтомных беларуска-рускім і руска-беларускім слоўніках, выдадзеных у васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя, устойлівыя звароты са словам дело і справа утвараюць не адну пару. Спашлёмся на прыклады:


дело чести – справа сумлення;

кровное дело – кроўная справа;

дело хромает – справа кульгае;

пока суд да дело – пакуль суд ды справа;

дело на мази – справа на мазі;

наше дело правое – наша справа справядлівая…
Згадзіцеся, штучнае спалучанне слоў, у якім галоўным кампанентам выступае назоўнік справа, выклікае ўражанне, што мы ўсё роўна гаворым не на сваёй мове. На нашу думку, такія звароты трэба ўжываць вельмі асцярожна, а то і зусім адмовіцца ад іх выкарыстання. Каб лягчэй гэта было рабіць, неабходна больш чытаць па-беларуску, не ігнараваць мову малой радзімы, мэтанакіравана назіраць, якім чынам абыходзяцца без “справы” прызнаныя майстры мастацкага слова.

Пра шкоду, якую прыносіць калькаванне ўстойлівых спалучэнняў слоў, ідзе размова яшчэ з часоў “Нашай Нівы”. Рэзка крытыкаваў гэтую з’яву такі выдатны знаўца роднай мовы, як Кузьма Чорны. У артыкуле “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”, надрукаваным у 1928 годзе, ён, у прыватнасці, пратэстуе і супраць ужывання выразаў на самай справе і ў чым справа. Не верыць класік беларускай літаратуры аўтару, чыя гераіня крычыць са сцэны: “У чым справа? У чым справа?” “Справамі”, трэба сказаць, густа перасыпаны і дыялогі, напісаныя цяперашнімі літаратарамі і журналістамі. Што ўжо казаць пра тых, хто карыстаецца роднай мовай толькі час ад часу, у выпадку пільнай неабходнасці!..

Дарэчы будзе тут заўважыць, што адзін з найбольш аўтарытэтных на цяперашні час даследчыкаў фразеалагічнага складу беларускай мовы прафесар І.Я. Лепешаў называе толькі наступныя фраземы з кампанентам справа: вядомая справа, дзіўная справа і ў чым справа. Пры гэтым усе яны прыводзяцца з паметкай размоўнае.

Ніжэй мы зрабілі спробу перакласці выразы, якія даволі часта сустракаюцца ў друку, у вусных выказваннях тых, хто толькі пачынае гаварыць на роднай мове, з беларускай мовы... на беларускую:



ваша справа – вам вырашаць; рабіце як знаеце (як хочаце);

майстар сваёй справы – усё ў руках гарыць; чалавек з рукамі;

усунуць нос не ў сваю справу – свае тры грошы ўваткнуць; нос усунуць;

спраў па горла – работы па вушы (процьма, гібель, да гібелі, да халеры; па самую завязку);

а мне якая справа – а што мне да таго?

не твая справа – што табе да таго; які табе клопат? не твой клопат;

у чым справа? – што такое? што здарылася? што вам трэба?

гэта справа яго рук – гэта яго работа;

справа дзясятая – не істотна; не важна;

бліжэй да справы – вернемся да сутнасці;

на самой справе – па сутнасці; на практыцы; напраўду; праўду сказаць, калі гаварыць праўду; калі без падману; але ж, атрымліваецца…; а як удумацца…

Вядома, кожны з гэтых радоў можна доўжыць. Усё залежыць ад кантэксту, ад маўленчай сітуацыі.

У канцы хочацца згадаць адзін павучальны выпадак.

На адной з канферэнцый у перапынку паміж пасяджэннямі аспірант з найлепшымі намерамі звярнуўся да навуковага кіраўніка, вядомага вучонага-мовазнаўцы:

– Як вашы справы, паважаны Аляксей Іванавіч?

– Як злева, так і справа, – адказаў той з прыкметнай іроніяй, зрабіў выгляд, што не разумее пытання. – Дзякаваць богу, у пракуратуры яшчэ справа не заведзена.

– Я хацеў запытаць, як ваша здароўе, над чым працуеце, ці выйшла новая манаграфія? – збянтэжыўся малады навуковец.

– То трэба было так і казаць.

Давайце і мы паспрабуем замест звыклага для многіх “Як справы?” звярнуцца да суразмоўцы са словамі “Што новага?”, “Што чуваць?”, “Як маешся?”, “Як жывеш?..” Менавіта так пасля прывітання пачынаюць няспешную гутарку знащцы беларускай мовы.
ЦІ ПАТРЭБНА БЕЛАРУСАМ РАЦЫЯ?
Ну, вядома, у эпоху мабільных тэлефонаў нікому не прыйдзе ў галаву карыстацца пераноснай радыёстанцыяй малой магутнасці (рацыя – скарочаная форма слова ра-дыёстан-цыя). Размова будзе зусім пра іншае слова-двайнік, што выпадкова супала гучаннем з назваю прадмета шпіёнскай амуніцыі. Дарэчы, для беларусаў цэнтральных абласцей, як их яшчэ іншы раз сябе называюць, “карэнных беларусаў”, іншае (не шпіёнскае) значэнне слова мала пра што гаворыць. Пісьменнікі, выхадцы з тых месцаў, называюць яго “чыстай вады “пальшчызнаю” (Кастусь Цвірка, “Шашаль мовы – калька”, ЛіМ, 12 сакавіка 1993 г.). А вось Анатоль Клышка, вядомы мовазнаўца і педагог-букварыст, пакідае за рацыяй права на жыццё. У артыкуле “Гаворым і чытаем па-беларуску” (“Маладосць”, № 6 за 1991 год) ён прыводзіць актуальны на тую пару анекдот. Супрацоўнік пільных органаў (вядома, з якіх краёў яны ў большасці сваёй былі прысланы), пачуўшы, як у вакзальнай сталоўцы гавораць па-беларуску ды яшчэ перасыпаюць сваю мову словамі: “Ты маеш рацыю”, “Я маю рацыю”, тут жа ўявіў размоўнікаў шпіёнамі з перадатчыкамі, арыштаваў і запатрабаваў: “Немедленно отдайте ваши рации”.

А што ж у нашых літаратурна-мастацкіх выданнях? Пагартаем не такія і даўнія нумары “ЛіМа” – газеты творчай інтэлігенцыі Беларусі. У артыкуле Алеся Марціновіча пра кнігу “Іван Шамякін. Летапісец эпохі”, што выйшла ў серыі “ЖЗЛБ”, чытаем: “Гэтаксама праўда на баку Янкі Сіпакова, калі ён сцвярджае: “Праца Івана Шамякіна ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі засталася цэлаю эпохаю ў беларускай літаратуры” (ЛіМ, 28 студзеня 2011г.). У той жа час паэт Анатоль Трафімчык (дарэчы, берасцеец, з Ганцаўшчыны) слова рацыя не пазбягае: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі”. Так сказаў некалі Скарына і меў рацыю” (ЛіМ, 18 лютага 2011 года). Можна прыводзіць і іншыя прыклады з рацыяй і без рацыі. Пра што гэта гаворыць? Ну, хоць бы пра тое, што, дзякаваць Богу, актыўна друкуюцца ў цэнтральных выданнях і аўтары-палешукі, якія не прывезлі слова з-за Буга, а пачулі яго тут, на роднай зямлі, ад дзядоў і бацькоў. Яно і цяпер актыўна выкарыстоўваецца. Дык ці варта адмаўляцца ад слова толькі таму, што яго не разумеюць на Міншчыне ці яшчэ дзе? Да таго ж і ў нарматыўных даведніках беларускай мовы яно даецца без аніякіх паметак.



РАЦЫЯ – лагічная падстава; сэнс, слушнасць. Слова сапраўды прыйшло да нас з польскай мовы, у якую, у сваю чаргу, трапіла з лацінскай (польскае racja ад лацінскага ratio, што значыць розум).

У беларускай мове слова рацыя часцей за ўсё суседнічае з дзеясловам мець. Мець рацыю – не памыляцца; правільна, абгрунтавана думаць, гаварыць ці нешта рабіць. Ужываецца названае словазлучэнне пры дзейніках са значэннем асобы: Ён мае рацыю так сцвярджаць, але сучасныя слоўнікі даюць і іншыя прыклады: Няма рацыі рабіць гэта цяпер.

Слова рацыя ўжываецца і ва ўкраінскай мове. Не ведаю, ці там таксама залічваюць да шпіёнаў тых, хто мае рацыю, але ўсё ж можна заўважыць, што нашы валынскія сябры-літаратары яго не ігнаруюць. Прывяду цалкам кароткі верш Валянціны Штынько, каб і сказанае пацвердзіць, і прыгажосць паэтычнага радка паказаць:
Ти маєш рацію: любов моя сліпа.

Розлуку, біль – усе тобі пробачу я.

Хай так. Нехай.

Любов моя сліпа.

Зате душа стає такою зрячою!
У абарону слова рацыя гаворыць і тое, што ў беларускай мове ёсць цэлая група аднакарэнных моўных адзінак, напрыклад: рацыяналізацыя – удасканаленне, паляпшэнне чаго-небудзь; рацыяналізм – разважлівыя, без эмоцый адносіны да жыцця; рацыянальны – мэтазгодны... А ўжо колькі было перагаворана ў не такія і далёкія часы пра рацыяналізатараў і вынаходнікаў, пра ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў!

Удакладнім яшчэ адзін істотны момант: рускае ты прав нельга перакладаць спалучэннем слоў ты правы. У такім выпадку можна падумаць, што нехта стаіць справа, а не злева. Дык як жа лепш па-беларуску: Твая праўда ці Ты маеш рацыю? Усё, як кажуць філолагі, залежыць ад маўленчай сітуацыі. Напрыклад, калі вядуць гутарку людзі сталага веку, найперш мужчыны, калі за кожным словам думка, падмацаваная жыццёвым вопытам, – “Ты маеш рацыю”, як нам здаецца, якраз дарэчы. У іншых сітуацыях добра будзе і праўданьку кажаш і твая праўда, на тваім баку праўда, слушна кажаш (разважаеш, робіш), правільна кажаш (разважаеш, робіш) і г.д., а ў адваротным выпадку, калі згадзіцца аніяк нельга: лухту нясеш, абы-што гаворыш, вярзеш абы-што, глупства ўсё гэта… Чалавек жа, які карыстаецца дзелавым стылем, скажа: “Нельга не згадзіцца з маім апанентам, калі ён сцвярджае, што…”, “Я падтрымліваю думку паважанага старшыні наконт таго, што…”. Ды ці мала як можна яшчэ выказацца, калі быць уважлівым да слова, з дапамогай якога ёсць магчымасць не толькі давесці сваю думку, але і перадаць шырокую гаму пачуццяў да суразмоўцы!


«І ТОЙ СТАРЫ АМШАЛЫ ТЫН...»
Пэўна, няма дарослага чалавека, які б не ведаў хрэстаматыйных радкоў Купалавай “Спадчыны”, не чуў песні на словы народнага паэта ў выкананні славутых “Песняроў”. Але ці многія задумваліся над значэннем гэтага слова, якое не так часта ўжываецца ў мове нашага рэгіёна. А яно ж само па сабе прыгожае, мілагучнае, вартае ўвагі. Тын-н-н – як удар па моцна напятай струне, некалькі суровы (усе зычныя цвёрдыя) і ў той жа час звонкі (апошні гук санорны). І ў нашых паўднёвых суседзяў тын таксама ў пашане. “Біля тына дівчына...” – меладычна, запамінальна і зрокава выразна. Абароненая тынам, куды смялей адчувала сябе вясковая прыгажуня, асабліва як хлопец – зух-нецярпячка. Не палезе ж ён праз агароджу цалавацца.

ТЫН, паводле тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, – агароджа з вертыкальных ці папярочных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы. Слова мае і множны лік (тыны), але ўжываецца ў гэтай форме нячаста. У Купалы чытаем: “...Стары амшалы тын, што лёг ля вёсак покатам”.

У тына, трэба сказаць, шмат сваякоў. “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М.К. Клышкі дае дваццаць назваў, прыкладна столькі ж маецца дыялектных. Так ужо павялося ў земляроба спрадвеку: што абгарадзіў, тое і тваё, тое і маеш.

Само слова агароджа выкарыстоўваецца беларусамі ў некалькіх варыянтах, і ўжыванне кожнага з іх рэгламентуецца кантэкстам. Так, агарожа можа быць і з калючага дроту, са стралкамі на вышках па перыметры. А вось загарадзь, загарадка, загародка ставяцца для свойскай жывёлы ці птушкі. Абгародку ладзяць вакол магілы, абеліска, памятнага знака.

Шырока ўжывальнае слова плот цяперашнімі слоўнікамі вызначаецца як агароджа, пераважна са штыкетніка, калкоў. Ён быў сімвалічнай лініяй, што падзяляла “сваю” і “чужую” прастору. На плот вешалі рытуальныя рэчы, што з’яўляліся абярэгам для ўсёй гаспадаркі. У асобных рэгіёнах Палесся плотам называлі таксама загароджу з жэрдак.

У памяці незабыўныя старонкі Мележавай “Палескай хронікі”: “Васіль, ледзе толькі пачне гусцець поцемак, бачыў адно жардзяны плот каля Чарнушкавага агарода, дзе стаялі першы раз, калі яшчэ не асмельваўся ўзяць Ганну за стан, і дзе з таго вечара стаялі ўсе ночы”. І гэтыя “старыя, патрэсканыя, дзе-нідзе аблезлыя, без кары жэрдкі” здаваліся хлопцу даражэйшымі за ўсё. Лёс не быў літасцівым да персанажаў аднаго з найпершых нашых празаікаў, але ж нярэдка маладыя аднавяскоўцы жаніліся, іх бацькі радніліся, тым больш што жылі блізка – плот з плотам. А шчаслівыя дзеці не трымалі крыўды на тых, хто яшчэ нядаўна малоў пустое, гарадзіў плот. Праходзілі гады, ладзілася новая загарадзь, светлыя і цёмныя палосы жыцця мянялі адна другую. Калі ж іншым часам клапатлівая жонка хацела абараніць свайго чалавека, які з нейкай бяды папаў на язык балбатлівых мясцовых пляткарак – чаго толькі ў жыцці не бывае! – яна з гонарам казала: “Мой пад плотам не валяецца”.

Здаралася, што і варагавалі суседзі. І тады больш удачлівы з іх радаваўся, калі плот валіўся не на яго градкі з агуркамі (каму трэба, няхай падпірае!). Калі ж гэты спарахнелы плот прыдушыў, падаючы, варожую курыцу – то й наогул дзень удаўся.

У класічнай беларускай паэзіі, па нашых назіраннях, часцей за ўсё ўжываецца слова паркан – драўляная агароджа, плот. Слова не беларускае, і прыйшло яно з нямецкай мовы праз польскую. Калі прамаўляю яго, успамінаецца найперш Коласава, з апісання лесніковай пасады:
Галлё спусціўшы над парканам,

Расла тут груша з тонкім станам;

Па-над парканам пышным валам

Стаяў вішняк густы, прыўдалы.


Ці яшчэ, з ранняга дзяцінства, з першай чытанкі для пачатковай школы:
Парканаў шулы, як салдаты,

Стаяць у струнку зухавата.


Упэўнены, што і цябе, паважаны чытач, гэтыя гатовыя крыкнуць “ура!” салдаты – у белых вастраверхіх шапках слупы, на якіх падвешваецца створка варот – не раз віталі пасля начной завеі сонечным зімовым ранкам.

Агароджваюць беларусы свае сядзібы ды лецішчы і частаколамі – платамі, зробленымі з часта ўбітых калоў. Сям-там сустракаецца і пляцень – агароджа з пераплеценых тонкіх галін. Можна пабачыць і жываплот. Не ў кожнага маюцца грошы на дабротны штыкетнік, вось і садзіць чалавек на мяжы агрэст ці ажыны.

А каб дакладна назваць сучасныя мураваныя суперагароджы, вышынёю ў палову замка-катэджа і коштам у трэць яго, стылізаваныя да ўсяго пад крапасныя сцены, варта, думаецца, “вынайсці” асобнае слова.

Зноў і зноў трывожаць несмяротныя радкі Купалавай “Спадчыны”, вярэдзіць душу пачутае больш як тры дзесяткі гадоў таму ў вясковым клубе: “Біля тына дівчына”... Двое маладых, рука ў руцэ, вочы ў вочы, ціха размаўляюць аб сваім, баючыся патрывожыць цішыню, бадзягу-вецер, што “заснуў пад плотам”. Было... Таму і зрабілася ўспамінам.



ДАРОГА Ў ДВА КАНЦЫ
Чалавечае жыццё – дарога з двухбаковым рухам. Набліжаючыся да чарговага яе павароту, мы азіраемся назад і пакручастымі лабірынтамі памяці вяртаемся да перажытага.

Прыметнік БЫЛЫ (былая, былое, былыя) шырока выкарыстоўваецца ў мастацкім, публіцыстычным і гутарковым стылях мовы.

Слова ўжываецца ў двух значэннях. Першае з іх – мінулы, прошлы – адпавядае рускаму прежний, былой. Успамінаючы маладосць, пажылы чалавек раскажа са скрухаю ў голасе пра былыя, ранейшыя, мінулыя, даўнія, даўнейшыя і нават старадаўнія часы, калі і трава была зелянейшая, і прыступкі о-о-ой не такія высокія, як цяпер. Мы разумеем яго і ў знак згоды ківаем з прытоена-іранічнай усмешкаю.

Другое значэнне прыметніка былы: які страціў ранейшае становішча або прызначэнне – бывший. У дадзеным выпадку часта ўзнікаюць непаразуменні, на якія нам і хочацца звярнуць увагу прыхільнікаў роднага слова.

У газетнай публікацыі гаварылася пра тое, што на юбілеі школы сабраліся яе былыя выпускнікі. Калі прачытаць спалучэнне двух апошніх слоў “пад лінгвістычным мікраскопам”, стане зразумелым, што не ўсё тут ладзіцца. Сутнасць моўнай памылкі ў наступным: “званне” выпускнік – пажыццёвае, і калі малады чалавек закончыў у свой час школу, інстытут, вячэрні ўніверсітэт марксізму-ленінізму і г.д., то ён назаўсёды застаецца выпускніком гэтых устаноў адукацыі. Іншы раз для ўдакладнення часу выпуску мы ўжываем словазлучэнні пасляваенныя выпускнікі, нядаўнія выпускнікі і інш., але гэта не мяняе сутнасці абазначанай з’явы. Такім чынам, былы выпускнік – алагізм, якога трэба пазбягаць у пісьмовай мове і вусным маўленні.

У той жа час студэнтам, магістрантам і аспірантам чалавек перастае быць праз пэўны часавы адрэзак. Таму фраза “Былыя студэнты педагагічнага ўніверсітэта сустрэліся ў актавай зале сваёй альма-матэр” – цалкам пісьменная. Яны, выпускнікі, былыя студэнты, кіруюць цяпер установамі адукацыі, выкладаюць у школах, спрабуюць сілы ў камерцыі. Гады студэнцтва засталіся ў маладосці, у былым.

Зважаючы на сказанае вышэй, прыгледзімся да спалучэнняў прыметніка былы з іншымі словамі.

Ці бываюць былымі настаўнікі?

Тут важны сэнс: калі настаўнік беларускай мовы і літаратуры (філосаф, тэхнолаг, інжынер...) – кваліфікацыя паводле дыплома, то яна не можа стаць былой. Калі ж гэтае слова называе пасаду (выкладчык-філолаг, старшы выкладчык кафедры мовазнаўства...), то ў адпаведных кантэкстах названыя вышэй словы могуць суседнічаць з прыметнікам былы. Былыя школьныя настаўнікі часта шукаюць шчасця ў іншых сферах дзейнасці. У гэтай фразе ўсё правільна не толькі з пункту гледжання рэчаіснасці, але і лінгвістыкі.

Настаўнікі па дыпломе часта могуць аказацца для сваіх вучняў настаўнікамі жыцця, прыкладам для пераймання. І тады прыметнік былы – лішні. Як у наступным сказе: “Ніколі не забываў хлопец шчырыя словы свайго былога настаўніка малявання”, з кантэксту якога вынікае, што настаўнік малявання не стаў для вядомага мастака былым.

А вось наступны прыклад можна лічыць бездакорным: “Пасталелыя, з першай сівізною на скронях і па-дзіцячаму прасветленымі вачыма выпускнікі не стамляліся гаварыць любімым настаўнікам словы ўдзячнасці”. Паспрабуйце паставіць прыметнік былыя перад словамі выпускнікі ці настаўнікі – і знікне цяпло сустрэчы.

А ці бываюць былымі сябры?

У маленстве ўсе, хто раслі, як кажуць, на адным сметніку, па некалькі разоў на дзень біліся і ладзіліся – дружбакі без усякіх клятваў і ўзаемных абяцанняў. Дзіцячая дружба – чыстая, бескарыслівая, і сябар дзяцінства праз усё жыццё гучыць светла і настальгічна. Але закончана школа...
І мы выходзім моўчкі за сяло.

Маўчым таму, што сорамна прызнацца,

Што нас маленства, як сяброў, звяло

І, як знаёмых, развяло юнацтва.


Юнацтва развяло шляхі былых сяброў у розных напрамках, але, як справядліва заўважыў аўтар прыведзеных вышэй радкоў, напаўзабыты цяпер беларускі паэт Анатоль Сербантовіч, шляхі гэтыя – “у два канцы”, і мы ўсё часцей вяртаемся ў думках і на яве “назад у сяло”, да бацькоўскіх веснічак, да сяброў дзяцінства. Ніхто, паводле Пімена Панчанкі, не верне рэк дзіцячых, што даўно жывуць у марáх, і тым не менш сталы чалавек не пасмее сказаць былыя сябры дзяцінства, калі ў яго хоць нешта засталося за душою.

Сябры маладосці і сталасці... Яны розныя. Адны прыходзяць, каб ніколі не стаць былымі, застацца побач да скону. Іншыя... з імі хочацца ветліва развітацца словамі Уладзіміра Караткевіча з яго верша “Былому другу”:


Давай на антыбрудэршафт з табою дзёрнем.

Хачу ад сёння быць з табой на “вы”.


А што ў гэтых адносінах можна сказаць пра каханне?..

Дарога ад яго, сапраўднага, вялікага, тым больш Першага, заўсёды “ў два канцы”. І памяць, дзякаваць ёй, не затрымліваецца на выпадковых паўзмрочных паўстанках. Шчаслівы той, хто з каханнем жыве, хто вяртаецца адно да яго вытоку, да першага спаткання, да першага гарачага дыханння прыналежнасці.

Ёсць “пасады і званні”, якія даюцца пажыццёва: маці, бацька, сын, дачка. Не па-людску, згадзіцеся, гучыць былая маці, былы бацька, былыя бацькі... Нават калі дарагія людзі адыходзяць у іншы свет – яны ўсё роўна застаюцца з намі. Не можа быць былою радзіма, зямля бацькоў. Праўда, мова наша прыстасоўваецца да рэчаіснасці і ёй, беднай, няпроста абысціся як без біялагічных бацькоў, так і без новай ці “другой” радзімы (а то і Радзімы – з вялікай літары), але пра гэта іншым разам.

Скажам некалькі слоў і пра назоўнік былое. Ён таксама дастаткова пашыраны ў мове. Успамінаць былое, жыць былым – наканаванне чалавека разумнага. Важна толькі, каб яно, былое, не засціла цяперашняе, не перашкаджала, а дапамагала больш пільна ўглядацца ў будучае. Выдатна сказаў класік:


Мы, людзі, – дзіўныя стварэнні.

Сярод удач, турбот, абраз

Жывём у розных вымярэннях

Адначасова ў розны час ( Пімен Панчанка).


Былое – катэгорыя гістарычная, філасофская. Былым грэх пагарджаць. Нам, “нашчадкам герояў і багоў”, трэба заслужыць яшчэ і быць вартым сівой мінуўшчыны, мінуласці, даўніны... (у сінанімічным радзе ажно тры дзясяткі слоў).
МАЦІ, МАЦІ, ПАДАЙ ЛАПЦІ...”
Размова, паважаны чытач, пойдзе на гэты раз не пра лапці, ці, як у нас кажуць, пасталы, а пра такую ўласцівую ў пэўнай меры ўсім (за выключэннем хіба мо геніяў) якасць чалавечага характару, як лянота.

Слова ГУЛЬТАЙ мае славянскія карані: адны даследчыкі звязваюць ягонае паходжанне з дзеясловам гуляць, іншыя – з прыметнікам голы. Урэшце, ці варта надта заглыбляцца ў этымалогію. Голы і гуляць – словы-спарышы, бо, як даўно заўважана, калі “і сягоння, і заўтра гулі, – пойдзеш без кашулі”.

Горшай абразы, чым гультай, для чалавека разумнага на свеце не можа існаваць. А ёсць жа яшчэ гультаіна, гультаіска. Па нашых назіраннях, сталыя людзі заўсёды імкнуліся не злоўжываць падобнымі словамі, прыберагаючы іх на крайні выпадак. Мудры пражытым чалавек мог зробіць заўвагу маладзейшым тактоўна, праз параўнанне: “Не сядзіце, як тыя гультаі, работы непачаты край!” ці “Людзі ягады носяць кошыкамі з лесу, а вы як тыя гультаі”. І ўжо калі ёсць за што, калі, напрыклад, дзеўчанё (дзявуля) ад ложка не адмяце, тады ўжо!.. Вынесенае ў загаловак – пачатак прыказкі, запісанай вядомым даследчыкам фальклору беларусаў-палешукоў А.К. Сержпутоўскім, якую дазволім сабе прывесці ў поўным варыянце: “Маці, маці, падай лапці ды хату вымеці, бо ў мяне жывот баліць, пайду на вёску лячыць”. Лапці ў наш час рэч даволі экзатычная: іншы час, іншыя норавы, і ўсё ж… Каму не даводзілася назіраць наступную з’яву. Ля гарадскога супермаркета па-вясковаму апранутая, не старая яшчэ жанчына (ужо не ў плюшавай жакетцы, а ў танным кітайскім пухавіку) вінавата адбіваецца ад папрокаў дарослай дачкі: на нешта зноў не хапіла грошай. Дарослае дзіця ў скуранцы па модзе і ў такіх ужо батфортах!.. Фігура здаецца падзеленаю на дзве роўныя часткі – усё астатняе і батфорты (настолькі яны аб’ёмныя, столькі ў іх спражак, адваротаў і “наваротаў”!). Вось ужо лапці дык лапці!..

Дарэчы, сыноў-лайдакоў народнае слова асуджала не менш. Прывядзём усяго адну прыказку з запісаў згаданага вышэй даследчыка фальклору: “Ты, бацька, ідзі араць, цябе валы знаюць, а я пайду ў карчму, мяне людзі знаюць”. Да маладых людзей, якім і ў будзень свята, адносіны былі адпаведныя. На Палессі на такіх трутняў-пераросткаў казалі і кажуць бэлбас (бэйбус, бэйбас) – напэўна, ад рускага балбес. Гэта пра іх жартоўны дыялог:

– Чаго не працуеш?

– То ж я яшчэ малы.

– А чаго штаны такія кароткія?

– Ха! То ж бацькавы!..

І вось прыязджае аднаго разу такі гарадскі бэлбас (жарт яшчэ з савецкага часу) у вёску старых адведаць. Пасля другой чаркі і добрай скваркі на снеданне (была субота) бацька і кажа, што няблага было б цяпер пакасіць гадзіну-другую. Хлопец пачухаў чупрыну і здзіўлена: “У выхадны дзень!.. Даруй, тата, але ты, як вып’еш, зусім як дурны робішся”.

Калі чалавек уваходзіў у гады, рабіўся гаспадаром, бяда, як кажуць, прымушала брацца і за кассё, і за грабільна. Але таму-сяму “шчасціла” на працягу ўсяго жыцця не надта напінацца, рваць жылы.

Успамінаецца з дзяцінства. Мы, вясковыя хлапчукі, збіралі, шчаўе за вёскай, як нехта з дарослых кінуў у наш бок: “Глядзіце, дзеткі, дзе сонца, а гультай толькі з касою едзе”. Што жыве недзе ў суседняй вёсцы гультай, чуць прыходзілася, а пабачыць на ўласныя вочы – не. Пазней гэтая сустрэча стала матэрыялам для апавядання, некалькі радкоў з якога хочацца працытаваць.

“Я ўважліва разглядаў чалавека на веласіпедзе: на першы погляд гультай нічым не адрозніваўся ад звычайных людзей: ні жывата, які б дрыжаў як кісель, ні далоняў-падушак. “Быць не можа!” – упарцілася дзіцячая свядомасць, і я ўглядаўся яшчэ больш пільна. Чамусьці адразу не спадабаўся рост мужчыны, вышэй сярэдняга, разгорнутыя плечы, не загарэлы пад шырокім брылём капелюша твар – нашы дачасна пасівелыя бацькі з вясны да самай восені насілі пашытыя ў мясцовага краўца кепкі, не здымаючы іх і ў летнюю спёку. Яшчэ мне здалося, што і каса ў гультая нейкая малаватая, як не сапраўдная…”

Не дачакаўшыся адказу на сваё жартоўнае “Ці вы хлопцы, ці казакі?”, чалавек няспешна паехаў далей, як нічога і не здарылася. А мне чамусьці падумалася тады: няшчасны, як ён жыве з такім кляймом, яшчэ й пасміхаецца!

Грэблівыя адносіны да людзей, якія не хочуць працаваць, з боку старэйшых сямейнікаў малыя беларусы-палешукі адчувалі ад нараджэння. Так ужо распарадзілася прырода гэтага суровага краю: каб мець бохан хлеба і збан малака (а яны былі, калі толькі не адбіралі прыўладныя гультаі, у селяніна заўсёды), усход сонца даводзілася сустракаць на лузе ці ў полі. Хлопцу, які збіраўся жаніцца, раілі: бяры ў шлюб дзяўчыну, якая за дзень паўтары капы (дзевяноста снапоў) нажне – не пашкадуеш”.

Да мужчынскай працы сыны далучаліся з самага дзяцінства. Яшчэ гадоў дваццаць таму давялося пачуць... Хлопца-прызыўніка ці то з Піншчыны, ці то з Драгічыншчыны забралі ў войска. Праз некаторы час той піша бацькам у вёску: “Усё ў парадку. Як і дома, прачынаюся а палове пятай, але да шасці даводзіцца ляжаць, бо не дазваляюць падняцца”.

Пагаворым адным разам і пра сінонімы да слова. Іх надзвычай многа: абібок, лодар, лайдак… Празрыстую этымалогію маюць лежабок і абібок. Лежабок, які абмуляў бакі, гэта ўжо, жартам кажучы, лежань, завала, валяч, паваляка.

Даводзілася неаднойчы чуць у гутарковай мове і байбак. Гэта мо адзінае слова неславянскага паходжання, і прыйшло яно з татарскай. У прамым сэнсе байбак – стэпавы грызун, які ўсю восень і зіму толькі тым і займаецца, што спіць.

Цяжка паддаюцца злічэнню дыялектныя назвы: нядбайла (нядбайліска), пусцельга, дармаед, шахрай, таўлуй... “А то ж, ліха яго вазьмі, які таўлуй: ты яго хоць цэпам малаці, а ён чуць варушыцца, як папоў парабак” (з запісаў А.К. Сержпутоўскага). Зрэдзь можна пачуць і нязвыклае (з польскай мовы) малімончык – пястун, ахвочы да прысмакаў чалавек, які злоўжывае прывілеямі, адным словам, беларучка, паніч.

Трапляюцца ў нашай мове “ўкраінізмы”. Там гультай – лайдáка, ледач, ледáщо. Іншым разам, калі ўсе словы перабраны і нічога “вартага” ў запасе не засталося, выдасць языкатая вясковая цётка на адрас заклятага ворага: “А праваліся ты, лядашчыца няшчасная”. Тут не трэба блытаць з беларускім “лядашчы”, “лядачы”, што абазначае кволы, слабы, хілы.

А таго, з дзяцінства, лайдака нехта з нашай хлапечай кампаніі прапанаваў, помніцца, падпільнаваць на зваротным шляху і насыпаць яму пад колы веласіпеда бітага шкла або падкласці цвік – няхай не задае бязглуздых пытанняў. Яго не падтрымалі: няма чаго звязвацца з усякімі…

Добра выхоўвала, цяпер разумею, сваіх дзяцей беларуская вёска.


Каталог: sites -> default -> files -> rus-bel-lang
rus-bel-lang -> Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя а. С. Пушкіна
rus-bel-lang -> Загадчык кафедры Г. М. Канцавая
rus-bel-lang -> Пытанні да экзамену па курсе Беларуская мова
rus-bel-lang -> Пытанні да экзамену
rus-bel-lang -> Па курсе "Беларуская мова" для студэнтаў 2 курса псіхолага-педагагічнага
rus-bel-lang -> Пытанні да экзамену
rus-bel-lang -> Беларуская мова марфалогiя вучэбна-метадычны дапаможнік
rus-bel-lang -> Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі і матэрыялы просім даслаць да 2 красавіка 2018
rus-bel-lang -> 1. Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання як прыкладная навука арыентуецца на вырашэнне наступных задач


Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3   4   5   6




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал