Вокліч “касандры”, або праблемы бальшавізму, нацыяналізму І дэмакратыі ў творах марыяна здзяхоўскага д. В. Шчэрбік




Дата канвертавання21.01.2017
Памер201.74 Kb.
ВОКЛІЧ “КАСАНДРЫ”, АБО ПРАБЛЕМЫ БАЛЬШАВІЗМУ, НАЦЫЯНАЛІЗМУ І ДЭМАКРАТЫІ Ў ТВОРАХ МАРЫЯНА ЗДЗЯХОЎСКАГА

Д.В. Шчэрбік

Асаблівасць гісторыі Беларусі, з яе перманентнымі хістаннямі між цывілізацыйнымі цэнтрамі, згубай і аднаўленнем незалежнасці дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях, вельмі моцна заблыталі пытанне «нацыянальнага», «спадчыны». Нават у стабільна існуючых дзяржаўных грамадствах часам цяжка знаходзіць агульнае паміж культурай, філасофіяй, правам розных эпох. Ці роднасныя адзін аднаму салічны франк Хлодвіга, француз эпохі Людовіка XIV, крывавы якабінец канца XVIII ст., самазадаволены буржуа эпохі Напалеона, радыкал часоў Народнага фронту ці Аксьен Франсэз ды грамадзянін мультыкультуралістычнай Пятай Рэспублікі?

Яшчэ большыя цяжкасці ўзнікаюць у дачыненні да ідэнтычнасці жыхароў Беларусі. Ці можна аднесці да адзінай нацыянальнай традыцыі філасофскай, палітычнай думкі творы крывічанкі Прадславы, літвіна М. Гусоўскага, русіна Ф. Скарыны, шматлікіх дзеячаў «gente Lithuani, natione Poloni» XIХ стагоддзя, беларуса пачатку ХХ ст. І. Абдзіраловіча, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Я. Юхо і інш.? Становішча ўскладняецца і тым, што самі жыхары Беларусі заўсёды адчувалі сваю раздвоенасць, памежнасць: «Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў візантыйцам Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапейскаю ведай, – лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры» [26].

Падаецца, што традыцыйны для сучасный беларускай навукі падыход, паводле якога да нацыянальнай Традыцыі адносіцца ўсё, што стваралася на тэрыторыі Беларусі або этнічнымі беларусамі і «мела станоўчае значэнне на фармаванне беларускай нацыянальнай культуры, у тым ліку і філасофскай» [29, с. 827 – 828], з’яўляецца вельмі недасканалым. Па-першае, адкрытым застаецца пытанне як вызначаць гэты «станоўчы» уплыў. Яшчэ больш праблемным становіцца выкарыстанне падыходу, калі ўзнікае пытанне вызначэння этнічнай прыналежнасці ў дачыненні да асобаў з складанай ці шматузроўневай ідэнтычнасцю [28].

Падаецца, што Традыцыя Беларусі, у тым ліку гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі, уключае і аўтараў, што нарадзіліся або пражылі працяглы час на тэрыторыі Беларусі, маніфеставалі сваю прыналежнасць да мясцовага грамадства, яго праблемаў і надзеяў, зрабілі свой унёсак у развіццё, няхай і рознамоўнай, але агульнай культуры дадзенага Краю. Такім чынам спадчына Беларусі не згубіць такіх выбітных аўтараў як У. Спасовіч, Л. Саланевіч, Р. Скірмунт, С. Мацкевіч і інш.

Вялікую цікавасть выклікае ў дадзеным шэрагу творчая спадчына філосафа з міравым імем, славіста, філолага, публіцыста, сябра польскай Акадэміі навучання (у будучым Польская акадэмія навук) і Венгерскай акадэміі навук, прафесара Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў), прафесара і рэктара Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя Марыяна Здзяхоўскага. У траўні 1926 ён нават быў адным з кандыдатаў маршала Ю. Пілсудскага, побач з Артурам Слівінскім і Здзіславам Любамірскім, на пасаду Прэзідэнта ІІ Рэчы Паспалітай Польскай, але адмовіўся ад прапановы.

Марыян Здзяхоўскі паходзіў з шляхецкага роду і нарадзіўся ў Мінскім павеце 30 траўня 1861 г. або у в. Наваселкі, або ў Ракаве. Адукацыю атрымаў у расейскай Мінскай гімназіі, потым працягваў у Санкт-Пецярбургскім і Тартускім універсітэтах, дзе і распачалася яго навуковая кар’ера.

Па меркаванні Ю. Бардаха М. Здзяхоўкі ўяўляў сабой тып «краёўца» [28]. Ён заўседы «больш гарнуўся да родных мясцін, чым да этнаграфічнай Польшчы» [30]. Яго самаідэнтыфікацыя як паляка, хутчэй адпавядала ўжо знікаючай у тыя часы ідэнтыфікацыі з гістарычнай Рэччу Паспалітай. «І калі б мяне сення запыталі, кім у глыбіні сэрца сябе адчуваю, адказаў бы, што адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага неразарвальнай Уніяй звязанага з Польшчай. Калі бачу на Замкавай гары лунаючы сцяг з арлом, але без пагоні, то ўспрымаю гэта, як крыўду мне нанесеную» [9, с. 3].

Нараджэнне і сталенне ў шматмоўным асяроддзі, (што цікава, напрыклад, падчас вучобы ў Мінску юны Марыян Здзяхоўскі часцяком бавіў час у доме бацькі Янкі Лучыны Люцяна Неслухоўскага [16, с. 24]), «дапамагло яму стаць адным з нямногіх для свайго часу спалучальных звенняў паміж рускай i польскай культурамі. Беларуская мова Ракава i яго ваколіц дапамагала М. Здзяхоускаму адносна легка i грунтоўна авалодаць мовай рускай. Беларускія песні i казкі пасадзейнічалі больш тонкаму спасціжэнню рускага фальклору i рускай народнай душы [30]. Дзякуючы гэтаму М. Здзяхоўскі змог напісаць дзесяткі прац, дзе даследваў асаблівасці рускай культуры, філасофскай, рэлігійнай і палітычнай думкі, завязаў знаёмствы і перапіску з выбітнымі рускімі мысліцелямі Л. Талстым, Д. Мерэжкоўскім, Я. Трубецкім і інш., здолеў азнаёміць з іх думкамі польскую і заходнееўрапейскую інтэлігенцыю. У сваю чаргу, да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі ён друкаваў у расійскай прэсе шматлікія артыкулы, прысвечаныя асаблівасцям і ідэйным пошукам польскіх філосафаў. Фактычна ўся спадчына М. Здзяхоўскага прасычана ўзаемаўплывамі заходнееўрапейскай, заходне- і ўсходнеславянскіх культур.

Светапоглядным падмуркам творчасці М. Здзяхоўскага выступае песімізм , які вынікае з рамантычных нотаў натуры чалавека, праяўленняў яго “я”. Гэтае “я” ў чалавеку “павярхоўнае, рухлівае, зменнае, няшчырае, то пажадлівасцю, то пыхай, то адным і другім прасякнутае” [5, с. 223]. Менавіта гэтыя рысы чалавека параджаюць індывідуалізм і гуманізм. Але, апошнія М. Здзяхоўскі не распачынае эпохай Рэнесансу, як падаецца некаторым яго даследчыкам [3, с. ХІІІ], ці Французскай рэвалюцыі [2], яны караняцца яшчэ ў сярэднявечных, ды і ўвогуле традыцыйных разважаннях аб суадносінах чалавека і Бога. Паводле аўтара, цяжка пагадзіць між сабой, як гэта робіць вялікі вучыцель Касцела св. Аўгустын, імменентнага і трансцэдэнтнага Бога. “Аднабаковы імманентызм, пантэістычна растварае Бога ў чалавеку, у канцы робіць яго богам, поза каторым іншых багоў няма” [13, с. 3 – 4].

Менавіты падобны антропацэнтрызм пачынае квітнець з эпохі Рэнесансу [19]. У сваей працы “Рэнесанс і рэвалюцыя” Здзяхоўскі адзначае паступовасць дадзенага працэсу. “Спачатку вера ў чалавека без думкі пра Бога і аб сувязі яго з Богам, потым нарэшце вера ў чалавека, які супрацьпастаўляе сябе Богу, які выціскае з сябе думку аб ім і які сам вынішчае ў сабе вобраз і падабенства Божае” [19].

Ад Рэнесансу распачынаецца ўзрастанне духу крытыцызму. Індывідуалістычны пантэізм, укаранены ў эсхаталагічнай натуры Ўсхода (ад Нямеччыны і далей) [5; 14, с. 137], сцежкамі масанерыі пачынае квітнець па ўсей Еўропе. Секулярызм і матэрыялізм былі ўспрынятыя Францыяй, і “французская прасталінейная лагічнасць давяла іх да вынікаў, якія ў радыкалізме сваім перасягнулі ўсе, што Англія і Нямеччына абвяшчалі” – да Французскай рэвалюцыі і яе агульнаеўрапейскіх наступстваў [5, с. 223].

Вынікам Французскай рэвалюцыі прысвечана некалькі прац М. Здзяхоўскага: “Дзве рэвалюцыі”, “Трагічная Эўропа (у абароне лібералізму)”, “Як занепадаюць цывілізацыі” і інш. Паўсюль аўтар прасочвае вектар заняпаду хрысціянскай цывілізацыі: Адраджэнне – Французская рэвалюцыя – бальшавізм [20, с. 197].

Любое грамадства, паводле М. Здзяхоўскага, будуецца на веры, сям’і і ўласнасці [8, с. 104]. Чытаючы дадзеныя словы, адчуваеш подых папскіх энцыклікаў, прадвесце ідэяў і чыну іншага выбітнага каталіцкага кансерватара бразільскага прафесара Плініё Карэа дэ Алівейры і заснаванага ім “Таварыства абароны Традыцыі, Сям’і, Уласнасці”. Аднак, распачатае Рэнесансам адарванне чалавека ад Бога, працягвалася яго вызваленнем ад повязяў “рэлігіі, потым дзяржавы і грамадства, потым – тут аўтар фактычна заглядвае ў будучыню, у ХХІ ст. – сям’і” [20, с. 108].

У выніку дэхрысціянізаваны чалавек, вызвалены ад усіх повязяў нязменна паглыбляецца ў матэрыялізм. Увесь яго свет зводзіцца да прадукцыі, і, тут аўтар згодзен за Гонзага де Рэйнальдам [20, с. 113] ды Ферэра [8, с. 109], homo oeconomicus ператвараецца ў чалавека-машыну, інструмент прадукцыйнасці. Адзіна мажлівая ў эмансіпаваным свеце вера ў прагрэс, цывілізацыя машынаў ператварае чалавека ў аўтамат, складнік калектыву, без індывідуальнасці, без душы. Шмат разоў М. Здзяхоўскі ў сваіх творах паўтарае думку аб “падлейшай” канцэпцыі, якая канчаткова знаходзіць сваё ўвасабленне ў ідэях бальшавізму, па “акалечванню”, “бэсціялізацыі” сутнасці чалавека [20, с. 109; 21, с. 87].

Але ж як ідэя павагі да асобы і вольнасці прывялі да такіх наступстваў? Аднак справа ў тым, што найшляхетнейшая здабыча лібералізму – вольнасць думкі – нязменна патрабуе забеспячэння неўмяшання Касцёла ў пытанні грамадства, абвяшчае талерантнасць, абмежаванне дзяржавы і падзел уладаў. З другогу боку яна, як праява індывідуалістычнасці, цягне за сабой патрабаванне роўнасці перад правам, такім чынам спараджаючы дэмакратыю, а “дэмакратычная роўнасць вельмі хутка пажэрла маці сваю – вольнасць” [20, с. 110].

М. Здзяхоўскі згаджаецца, што індывід, які атрымаў, дзякуючы лібералам, нейкую грамадскую і палітычную вартасць, аб’ектыўна пажадаў каб яго каштоўнасць прымалі да ўвагі, далі яму права голасу. Таму падчас Французскай рэвалюцыі мэтай было знішчэнне прывілеяў, ураўнаванне з вышэйшымі станамі грамадства.

Аднак, і тут М. Здзяхоўскі паўтарае класічную засцярогу кансерватараў супраць усеагульных выбараў, каштоўнасць чалавечай асобы яшчэ не азначае роўную каштоўнасць індывідаў [20, с. 110]. Ён прыводзіць меркаванні Х. Фр. Амеля, Густава Флобера, паводле якіх функцыянаванне ўсеагульных выбараў абапіраецца на фікцыі, што “большасць мае не толькі сілу, але і мудрасць, а потым і права пастанаўлення аб усім” [11, с. 27]. Аднак просты люд, а таксама “глупцы, блазны, бурапенныя, ці нават махляры” [11, с. 28; 25, с. 15] не здольныя кіраваць, уладу абавязкова перахопліваюць дэмагогі ды кар’ерысты [20, с. 110; 25, с. 15], якія вядуць за сабой “прыніжаныя (здэградаваныя) і ўзбуджаныя” агітацыяй масы [10, с. 152].

Праблема лібералаў, неаднаразова адзначае аўтар, у тым, што яны вераць у сваю дактрыну, якая можа па сутнасці і маральна, але якую не суадносяць з жыццём, якое і робіць яе немаральнай [10, с. 155; 20, с. 110]. Аднак заняпад грамадства працягваецца і далей: нездольныя па сваіх якасцях да кіравання дэмагогі ўсе праблемы вырашаюць з дапамогай дзяржавы, менавіта яна становіцца новым боствам сучаснасці. Этатызм, паводля М. Здзяхоўскага, ёсць аб’ектыўны вынік дэмакратызму, а значыць і лібералізму [20, с. т111]. Яго ўзрастанне, пашырэнне паўнамоцтваў дзяржавы, сфераў яе ўмяшання, і тут М. Здзяхоўскі пагаджаецца з Рэйнальдам, нязменна прыводзіць да згубы яе аўтарытэту, яна становіцца аб’ектам усеагульнай нянавісці і скончвае або анархіяй, або тыраніяй.

Эканамічны падмурак лібералізму, капіталізм таксама вядзе ў дадзеным накірунку. М. Здзяхоўскі адзначае, што вялікі капітал нішчыць малых прадпрымальнікаў, падначальвае свайму плутакратычнаму праўленню нават дзяржаву. Рэвалюцыі і войны прыносяць яму прыбатак, бо ператварае дзяржавы ў яго даўжнікоў. Надзейнай зброяў плутакратыі з’яўляецца прэса, і тут М. Здзяхоўскі прыводзіць уражлівыя для сучаснасці словы Шпэнглера: “не можа быць “вольнасці выбараў, дзе няма вольнасці грамадскай думкі, каторай дэспатычна кіруе прэса, што гэтай вольнасці выразнікам з’яўляецца” [10, с. 156 – 157].

Аднак, каб захаваць сваю гегемонію, вялікі капітал вымушаны адводзіць гнеў народу ад сваей асобы. Менавіта таму, і тут аўтар пагаджаецца з В. Дзедушыцкім, капітал нацкоўвае народ на шляхецтва [8, с. 107]. Сацыялізм у гэтым выпадку ёсць толькі прыладай капіталу [8, с. 106].

Прыкладам супрацы капіталу і сацыялістаў М. Здзяхоўскі лічыць між іншым і зямельную рэформу, якую праводзілі ў ІІ Рэчы Паспалітай. Аўтар зацята бароніць адну з важнейшых каштоўнасцяў кансерватызму – зямельную ўласнасць. Экспрапрыяцыю шляхецкай зямлі аўтар лічыць “замахам на душу народа, каторы дэмаралізавалі, навучаючы, што замест працы і ашчаднасці можна дайсці да ўласнасці міласцінай і грабяжом” [11, с. 34].

Падобным шляхам ішла і буражуазія Расійскай імперыі, калі спрыяла ў ёй рэвалюцыі, але “інтарэсу на ей не зрабіла; не прадбачыла неплацежаздольнасці даўжніка” [8, с. 107]. І вось тут М. Здзяхоўскі звяртаецца да тэматыкі, якая стала асноўнай для ўсей яго парэвалюцыйнай творчасці – антыкамунізму. Паняцце “бальшавізм” з’яўляецца, напрыклад, ва ўсіх 17 тэкстах, што складаюць яго зборнік “Ад Пецярбургу да Ленінграду”(1934) [4, с. XVI], ды і ў большасці тэкстаў іншых яго кніг “Інтэлектуальны тэрор у Расіі” (1937), “У абліччу канца” (1937), “Прывід будучыні” (выдана пасля смерці, 1939).

Бальшавізм для М. Здзяхоўскага – гэта не проста канчатковая стадыя прагрэсу, ды найвышэйшы прадукт дэмакратычнай думкі, бальшавізм – гэта з’ява эсхаталагічная ды метафізічная. Дадзенае бачанне збліжае М. Здзяхоўскага з вядомымі расійскімі аўтарамі М. Бердзяевым, Д. Мерэжкоўскім, Я. Трубецкім, У. Салаўевым і інш. Бо тое, што адбываецца ў Расіі, для аўтара, гэта не проста захоп улады “горсткай нягоднікаў”, хай сабе і вельмі рашучых, з каласальнай энергіяй, што трымаюцца толькі тэрорам [7, с. 54 – 55], гэта “моц, новае Credo, новы Закон, новая рэлігія” [12, с. 154].

Як быццам, мэты бальшавіцкай рэвалюцыі нерэальныя, бо яна спрабуе знішчыць уласнасць, гэта значыць змяніць прыроду чалавека [8, с. 106]. Бальшавікі не знішчылі ўласнасць, яны фактычна перадалі яе дзяржаве, збудаваўшы “дзяржаўны капіталізм”, які засноўваецца на адноўленай “паншчыне” [8, с. 108]. Аднак за справай змяніць чалавека, ператварыць яго ў машыну, пазбавіць духоўнай прагі Нябёсаў, стаіць нешта большае, “дэманічнае” [23, с. 228]. Бо як інакш, паўтарае аўтар за Мерэжкоўскім, патлумачыць тое, што падобныя “механістычныя” ідэі не выклікаюць агіды ў людзей, а наадварот прыцягваюць іх у жаданні пазбыцца свайго “я”, выклікаюць прагу да абязлічвання [8, с. 110].

Абвесціць вайну бальшавізму спрабуе нацыяналізм. Напэўна, гэта другое паняцце, якому М. Здзяхоўскі прысвячае шмат увагі ў сваіх працах, ды не толькі як альтэрнатыве камунізму, але і з-за вялікай актуальнасці нацыянальнага пытання для ІІ Рэчы Паспалітай.

“Перамагчы ідэю, можна толькі супрацьпаставіўшы ей іншую ідэю” [20, с. 121]. Аднак мысляр не бачыць у нацыяналізме альтэрнатывы бальшавізму, бо ён, як і апошні, сягае выключна да нізшых інстынктаў [11, с. 29]. Дадзеныя з’явы вельмі падобныя, бо нацыяналізм, аўтар адзначае яго моц у Нямеччыне і Італіі, фактычна бярэ сябе за ўзор практыку свайго ворага: яго канечныя этатытыстычныя укаранаваныя дыктатурай мэты і мэтады [20, с. 116].

У «цемную і варварскую” эпоху Сярэднявечча, іранізіруе аўтар, панавала хрысціянская ідэя вялікай сям’і народаў, сымбалямі каторай выступалі як Папства, так і Цэзарства Нямецкае. Дзякуючы ж Рэфармацыі, універсалізм быў разбураны і заменены дзяржаўнымі эгаізмамі. Яшчэ нейкі час культ дзяржавы аслабляўся ідэяй народа, як Божага стварэння, і марамі аб усеагульнай гармоніі народаў, як “нотаў у акордзе” [9, с. 5 – 6]. Аднак пасля 1848 г. у Еўропе гэтыя мары змяніліся культам адзяржаўленага народа, які спачатку вызваляецца ад чужых уплываў і апекі, а потым сам пашырае свае межы. У выніку падобны нацыяналізм, паводле М. Здзяхоўскага, спрычыніўся да Першай сусветнай вайны.

Версальская дамова, з яе ідэяй самавызначэння нацый, канчаткова паспрыяла выбуху нацыянальных эгаізмаў, якія зусім забыліся пра вынікаючы з свабоды абавязак падпарадкавання асабістых інтарэсаў вышэйшай неабходносці, што патрабуе суіснаванне нацый. Менавіта ў нацыянальным эгаізме і абвінавачвае М. Здзяхоўскі ўсе народы новай Рэчы Паспалітай, неабмінаючы і палякаў. Калі ў Італіі, пры адсутнасці ўнутраных чужых нацыянальных элементаў, бязлітаснасць і ілжывасць нацыяналізму павернута па-за межы краіны, то ў Польшчы нацыяналізм прывядзе толькі да грамадзянскай вайны [9, с. 6].

Сутыкненне польскага і расійскага нацыяналізмаў, няздольнасць дамаўляцца з-за апантання нацыянальнымі эгаізмамі ўрада Пілсудскага і кіраўнікоў Белай арміі, як даводзіць мысляр у працы “З гісторыі стасункаў польска-расейскіх назаўтра пасля сусветнай вайны”, ужо прывялі да перамогі бальшавізма [24]. Зараз жа нацыяналістычны ўгар прыводзіць да шалу нянавісці між палякамі і іншымі народамі былой І Рэчы Паспалітай –літоўцамі, беларусамі і ўкраінцамі.

Ідэі федэрацыі ці аўтаноміі, пабудаваныя на салідарнасці насельніцтва краю без увагі на мову і вызнанне, якім як прадстаўнік “краеўцаў”, быў адданы М. Здзяхоўскі [28], былі адкінуты не толькі літоўцамі, але і самімі палякамі апанаванымі анэксіянісцкімі прынцыпамі Народнай Дэмакратыі Р. Дмоўскага [27]. Ды і ў дачыненні да іншых нацыянальных меншасцяў польскі ўрад праводзіў палітыку нацыянальнага прыгнёту. Аднак дадзеная палітыка ўжо даўно “безнадзейна збанкрутавала” [15, с. 188].

Насуперак пануючым у польскай дзяржаве поглядам у сваіх працах М. Здзяхоўскі неаднаразова падкрэслівае, што выступае за нацыянальна-культурнае развіццё меншасцяў, спрыяе развіццю іх адукацыі на нацыянальнай мове, у тым ліку і магчымасці выпускнікам нацыянальных школ паступаць у польскія ўніверсітэты і г. д. [9, с. 14; 11, с. 35]. У сферы гаспадаркі ўрад павінен быць спрыяльным і справядлівым для ўсіх, пры гэтым М. Здзяхоўскі цвёрда абараняе культурныя і эканамічныя правы польскамоўнай шляхты, у існаванні якой бачыць гарантыю прысутнасці Польшчы на Крэсах. Ідэал мысляра – Польшча XV ст., дзяржава прывабная для суседзяў [9, с. 15].

Аднак перспектывы вырашэння нацыянальнага пытання ён лічыць сумніўнымі [22, с. 196].

Паміж згубнымі бальшавізмам і нацыяналізмам М. Здзяхоўскі бачыць выйсце толькі ва ўніверсальным кансерватыўным фронце народаў [15, с. 181], кансерватызме моцна ўкараненым у рэлігіі. Выратаванне можа быть толькі ў духоўным адраджэнні, выхаванні людзей, прасякнутых свядомасцю свайго грамадскага абавязку, якое па сутнасці ёсць верай у абсалютнае Дабро або Бога. Ён прыводзіць словы Караля Сэкрэтэна: “Шукаем істоты дасканалай, прагнем яе і патрабуем, вера ў дасканалую Істоту ўтрымае нас і створыць” [11, с. 28]. Аднак ці здолеюць народы Еўропы стаць у абароне маральных падмуркаў грамадства, рэлігіі, сям’і, уласнасці? Аўтар баіцца даць адказ, бо гучаў бы ен досыць песемістычна [12, с. 168].

Таму блізкі М. Здзяхоўскаму алюзіі Д. Мерэжкоўскага аб Атлантыдзе [14], ці У. Салаўёва аб панаванні Антыхрыста [12], таму так песімістычна гучаць назвы яго прац. Дыягназ, які ён ставіць культуры Еўропы, выводзіць яго ў шэрагі сусветных катастрафістаў міжваеннага часу [1; 3]: “Стаім мы ў абліччы канца гісторыі..” [18, с. VII].

“Прывід будучыні пераследуе і мучыць мяне, дзень і ноч. І гэта не ёсць гіпнатычны страх, ні прадукт запалёнага, хворага ўяўлення. Не, прывід, аб якім я кажу, вырастае з рэчаіснасці, з таго, што мы бачым на свае вочы..; чорная хмара, цяжарная маланкамі, ляціць на нас з найблізшага нам ўсходу, з Мінска і Кіева, са Смаленска і Масквы..” [23, с. 231].

Трагедыя М. Здзяхоўскага была яшчэ і ў тым, што ён цудоўна бачыў і разумеў марнасць сваіх высілкаў, сваю “ролю Касандры” [6, c. 54; 17, с. 3]. Ён бачыў, як ўся краіна, і асабліва моладзь, пагружаецца ў хвалі бальшавізму і нацыяналізму, што яго словы не знаходзяць водкліку. Ян Скачынскі прыводзіць успаміны будучага знакамітага польскага літаратара і Нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, паводле якіх тагачасная моладзь лічыла прафесара несучасным, у з’явах, якія ён лічыў страшнымі і дэманічнымі, бачылі збаўленне, і тое, што было для яго ноччу, успрымалі як “праменні аблічча ўзыходзячага дня” [3]. І толькі потым, па словах Мілаша, праз гады, шмат з іх у выніку горкага асабістага досведу павярнуліся да некаторых праўдаў, абвешчаных М. Здзяхоўскім, і прызналі, што яго высновы могуць мець рацыю [3].

І хоць, як кажуць даследчыкі, адзіным вынікам працы М. Здзяхоўскага было “Dixi et salvavi animam meam” [3], але і да сённяшняга яго працы застаюцца актуальнымі, яго прадбачанне наступстваў развіцця ліберальных і сацыялістычных ідэй, нацыяналізма і дэмакратыі, фарміравання “аднамернага” чалавека-машыны прымушаюць задумацца аб будучыні спажывецкага грамадства, а ён сам застаецца ўзорам бескампраміснага інтелектуала, навукоўцы, які аддана выконваў свой абавязак, цвёрда выкрываючы аблуды грамадства, якое яго акружала.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:


  1. Dmitruk, Grz. Człowiek w obliczu końca. Mariana Zdziechowskiego wizja zagrożeń cywilizacji / Grz.Dmitruk. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.konserwatyzm.pl/artykul/3728/czlowiek-w-obliczu-konca-mariana-zdziechowskiego-wizja-zagro. – Дата доступу: 15.06.2014.

  2. Dmitruk, Grz. Marian Zdziechowski o moralności i kulturze / Grz.Dmitruk. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://wiedzaiedukacja.eu/archives/35524. – Дата доступу: 15.06.2014.

  3. Skoczyński, J. Antykomunizm moralisty / J.Skoczyński. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.polskietradycje.pl/article.php?artykul=365. – Дата доступу: 15.06.2014.

  4. Skoczyński, J. Marian Zdziechowski – przeciwnik bolszewizmu / J.Skoczyński // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – 238 s.

  5. Zdziechowski, M. Antyromantyzm i antygermanizm / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – R. IX. – s.203-224.

  6. Zdziechowski, M. Bolszewizm / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. V. – s.54-58.

  7. Zdziechowski, M. Czerwony terror / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – R. III. – s.44-106.

  8. Zdziechowski, M. Dwie rewolucje / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. XI. – s.104-115.

  9. Zdziechowski, M. Idea polską na Kresach / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.1-17.

  10. Zdziechowski, M. Jak upadają cywilizacje / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – R. VI. – s.144-161.

  11. Zdziechowski, M. Konserwatyzm a demokracja / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. III. – s.26-45.

  12. Zdziechowski, M. Kryzys kultury / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. XIV. – s.153-171.

  13. Zdziechowski, M. Masonja jej cele i ideały / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – R. I. – s.1-38.

  14. Zdziechowski, M. O końcu historji / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. XIII. – s.131-152.

  15. Zdziechowski, M. Pierwiastek zachowawczy w idei ukraińskiej / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.154-194.

  16. Zdziechowski, M. Polską po roku 1863 / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.18-56.

  17. Zdziechowski, M. Przedmowa / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. –s.1-6.

  18. Zdziechowski, M. Przedmowa / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – s.VII-XII.

  19. Zdziechowski, M. Renesans a rewolucja / M.Zdziechowski. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.polskietradycje.pl/article.php?artykul=108. – Дата доступу: 15.06.2014.

  20. Zdziechowski, M. Tragiczna Europa / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. W obliczu końca / M.Zdziechowski. – Wilno: Wydawnictwo  Stanisława Turskiego, 1938. – R. IV. – s.107-124.

  21. Zdziechowski, M. Trepiet małago pered bolszim / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. IX. – s.86-91.

  22. Zdziechowski, M. Ukraina a Rosja. Trylogja Bohdana Łepskiego / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.195-226.

  23. Zdziechowski, M. Widmo przyszłości / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.227-132.

  24. Zdziechowski, M. Z historji stosunków polsko-rosyjskich nazajutrz po wojnie światowej / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Widzmo przyszłosci. Szkize historyczno-publicystyczne / M.Zdziechowski. – Wilno, 1939. – s.86-112.

  25. Zdziechowski, M. Ze Starego dworu / M.Zdziechowski // Zdziechowski, M. Od Petersburga do Leningradu / M.Zdziechowski. – Krakow: Ośrodek Myśli Politycznej, 2009. – R. II. – s.15-25.

  26. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам / І. Абдзіраловіч. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.lib.by/abdziralovic/. – Дата доступу: 21.03.2005.

  27. Бардах, Ю. Літоўскія палякі і іншыя народы гістарычнае Літвы. Спроба сістэмнага аналізу / Ю.Бардах // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / Ю.Бардах. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/bardach/10.htm. – Дата доступу: 15.06.2014.

  28. Бардах, Ю. Шматузроўневая нацыянальная свядомасць на літоўска-рускіх землях  Рэчы Паспалітае ў XVII–XX ст. / Ю.Бардах // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / Ю.Бардах. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/bardach/08.htm. – Дата доступу: 15.06.2014.

  29. Гісторыя філасофіі: вучэб. дапам. для ВНУ / Ч.С. Кірвель [і інш.]; ГрДУ імя Я.Купалы; пад рэд. праф. Ч.С. Кірвеля. - Гр.: ГрДУ, 1997. – 917 с.

  30. Рагойша, В. Ішлі лісты з Ракава... / В.Рагойша // Кантакты: Літ.-крытыч. артыкулы, эсэ / В.Рагойша.— Мн.: Маст. літ., 1982.— 223 с. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=21841. – Дата доступу: 15.06.2014.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка