Вострыкава Алена Уладзіміраўна Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура




Дата канвертавання05.03.2017
Памер92.5 Kb.

Вострыкава Алена Уладзіміраўна

Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура


Амерыканец Грэм Грын назваў чэха Ёзафа Шкворацкага адзным з найлепшых сучасных пісьменнікаў. Дзве яго навэлы, Бассаксафон і Легенду Эмёкэ, знакаміты пісьменнік ацаніў гэтак жа высока, як Мёртвага Джэймса Джойса і самыя лепшыя навэлы Генры Джэймса.

Сам Шкворацкі быў упэўнены, што чалавек не можа быць сімвалам. Яго творчасць – гэта вечная і часта, на першы погляд, безнадзейная барацьба чалавека і чалавечнасці супраць фальшывых догмаў, ілюзій, міфаў і забабонаў, гэта спроба жыцця ў дэгуманізаваным свеце. Пісьменнік паслядоўна падкрэслівае ў сваіх творах адноснасць любой ісціны ў нашым свеце. Ён ставіць пытанні і пазбягае адназначных адказаў на іх. Шматзначнасць яго твораў паглыбляецца і расце па меры паглыблення яго жыццёвага вопыту. На аснове бачанага, пачутага, з дапамогай мастацкага ўяўлення і фантазіі, якая перастварае рэчаіснасць, Шкворацкі пранікае пад бачную паверхню і ўздымае праблемы чалавечага адзінства і сэнсу жыцця, спрабуе расшыфраваць жыццёвыя коды і знайсці жыццёвую праўду. Яго вабяць шматзначныя падтэксты. Літаратура для Шкворацкага -- гэта праўда, якая сваім спосабам ілжэ пра павярхоўнае, каб тым жа спосабам расказаць праўду пра сутнаснае, пра карані чалавечай тугі аб жыцці. Усведамленне крызіса мовы і жанра рамана, характэрнае для ўсёй яго генерацыі, разам з захапленнем джазам садзейнічае таму, што музыка ў чэшскага пісьменніка з’яўляецца важным вытокам метафар і асацыяцый. Музыка ў творчасці Ёзафа Шкворацкага выступае сувязніком паміж людзьмі, без аглядкі на іх моўную і культурную практыку. Яна патрэбна там, дзе мова часта інструмент містыфікацый і непаразумення. Эрудыцыя і багаты жыццёвы вопыт дазваляюць чэшскаму пісьменніку разглядаць чэшскую праблематыку ў сусветным кантэксце.

Разам з Міланам Кундэрам Ёзаф Шкворацкі быў не толькі самым перакладаным чэшскім літаратарам, але і часцей за іншых выклікаў увагу крытыкаў. Ён заўсёды належаў да апазіцыі, вялікі ўплыў на яго аказала вайна – яна стала невычарпальнай крыніцай гісторый і сюжэтаў. Прычым, эмацыянальная танальнасць Шкворацкага – не трагіка, а сатыра і камедыя. Ён вечны аптыміст, які часам проста апранае меланхалічную маску. Шкворацкі заўсёды стварае свае тэксты ў рамках заходняга культурнага кантэксту: яго творча стымулявала перш за ўсё англаамерыканская літаратура ад Свіфта да Хэмінгуэя, Фолкнера, Дос Пасаса, Грэма Грына і іншых знакамітых творцаў.

Лёс чэшскага празаіка быў цесна звязаны з англаамерыканскай культурай і літаратурай. Так, у 1945-1949 гг. Ёзаф Шкворацкі паступіў на медыцынскі факультэт Карлава Універсітэта, але перавёўся на філасофскі факультэт, які і скончыў па спецыяльнасці англійская мова і філасофія. Напэўна, з гэтага ўсё і пачалося. У 1965 г. Шкворацкі напісаў даследванне пра жанр дэтэктыва, захапіўшыся Чандлерам. Атрымаў прэмію Саюза пісьменнікаў за лепшы пераклад з У. Фолкнера. Напісаў Бассаксафон – паводле меркавання крытыкаў лепшы твор пра джаз, проста захварэўшы гэтым музычным кірункам, які прыйшоў з Амерыкі. Большасць еўрапейскіх краін пазнаёміліся з джазам у 20-30-я гг., але гэта было малавядомае мастацтва. Культ джазавай музыкі быў распаўсюджаны ў асноўным сярод маладых людзей вышэйшых грамадскіх слаёў. У нацысцкай Германіі і акупаваных ёй землях музыка амерыканскіх негрыцянскіх аркестраў была даступная нават у першыя два гады вайны, хаця афіцыйна джаз быў аб’яўлены прадуктам ніжэйшай расы. Калі ЗША ўступілі ў вайну, джазавыя пласцінкі перасталі прывозіць, яны сталі рэдкасцю і каштавалі на чорным рынку астранамічна дорага. Новая хваля джаза захапіла Еўропу пасля ўваходу туды амерыканскай арміі. Захапленне моладзі джазам набыло маштабы рэлігійнага культу. Джаз у пэўнай ступені стаў сімвалам ідэалізацыі Амерыкі як вольнай зямлі і краіны нічым не абмежаванага жыцця. Старэйшае пакаленне джазам не захаплялася. У камуністычнай частцы Еўропы ў хуткім часе пасля другой сусветнай вайны паўстала пытанне, якую пазіцыю заняць у адносінах да джаза. З аднаго боку, гаворка ішла пра заходні уплыў, з другога, джаз – музыка прыніжанай чорнай расы. Але ў гады халоднай вайны да джазу адносіліся нават горш, чым да нацызма. Усё сказанае тычылася і тагачаснай Чэхаславакіі. Таму ідэалізацыя джазу ў Баязліўцах (першы і самы скандальны раман Шкворацкага) – гэта не толькі рэканструкцыя ваеннай атмасферы, але і рэакцыя на ўціск джазавай музыкі пасля вайны. Як сімвал антынямецкага джаз у рамане ўвогуле не ўспрымаецца. Ён трактуецца як з’ява, што стаіць над гістарычнай праблематыкай. Для галоўнага героя Данні джаз – метафара свабоднага, нічым не абмежаванага жыцця. Акрамя таго, джазавая музыка стварае ў творы дэмаркацыйную лінію паміж пакаленнямі. Галоўны герой успрымае джазавую музыку рамантычна. На яго думку, у ёй зліліся сон і ява, яна не абмежавана інтэлектам, у ёй не трэба шукаць сэнсы. Данні грае на саксафоне і яго саксафон абуджае нават фрэйдзісцкія асацыяцыі. Вобраз Данні Сміржыцкага фарміруецца ў рамане пераважна за кошт яго асабістага аповеду і маналогаў. З пункту гледжання гісторыі культуры, на стварэнне вобраза прыкметна паўплывалі пасляваенныя героі экзістэнцыялістаў.

Цікава, што джазавая тэма праходзіць чырвонай стужкай праз усё творчае жыццё чэшскага творцы. Так, у 60-я гг. Ёзаф Шкворацкі актыўна супрацоўнічаў з вядучымі чэшскімі кінематаграфістамі «новай хвалі». Яго сумесны з Мілашам Форманам сцэнарый Джаз-банда перамагла быў асабіста забаронены тагачасным прэзідэнтам рэспублікі Антанінам Новатным, паколькі засноўваўся на апавяданні Шкворацкага Добрая джазавая музыка (Eine Kleine Jazzmuzik), якое само ў сваю чаргу было забаронена разам з першым нумарам Джазавага альманаху.

Для ўзнагароджанага Оскарам Іржы Мензэля Шкворацкі напісаў два сцэнарыі, якія сталі папулярнымі камедыямі: Злачын у жаночай школе, Злачын у начным клубе, а для Эвальда Шорма – Канец святара, які прадстаўляў Чэхаславакію на Канскам кінафестывалі ў 1969 г. і прайшоў па экранах ЗША. У 1969 г. пачынае чытаць лекцыі ва ўніверсітэце Таронта. А з 1975 г. Ш. выбіраецца ганаровым членам амерыканскага таварыства Марка Твена. Дарэчы, у Канадзе ён атрымлівае стыпендыю Савета старэйшын па мастацтву на стварэнне рамана Гісторыя інжынера чалавечых душ.

Найчасцей формай яго тэкстаў з’яўляецца адкрыты імправізаваны аповед з анекдатычным зместам ад першай асобы. Невыпадкова яго творчасць параўноўваюць з формамі джазавай музыкі. Стылёва Ёзаф Шкворацкі надзвычай выразны. Ён сапраўдны віртуоз сучаснай чэшскай мовы. Дарэчы, віртуоз як маналагічнага, так і дыялагічнага аповеду. Сам Шкворацкі не аднойчы казаў пра тое, што вялікі творчы імпульс ён атрымаў, прачытаўшы раманы Хэмінгуэя. Калі чэшскі пісьменнік сутыкнуўся з праблемай і пытаннем, які павінен быць дыялог, яму ў рукі трапіла кніга Бывай, зброя! і ён зразумеў, што дыялог мусіць быць «голым». Менавіта Хэмінгуэй дапамог Шкворацкаму зразумець, што мэта пісьменніка ў тым, каб казаць людзям праўду. Не аднойчы чэшскі празаік з захапленнем пісаў пра Фолкнера, пра яго магію тэкста, які , на думку Шкворацкага, проста ззяе. Грын, фолкэр, Хэмінгуэй блізкія і дарагія Шкворэцкаму яшчэ таму, што яны, не будучы філосафамі, тым не меньш глыбока разумеюць і выразна фармулююць «што шчабечуць птушкі пад страхою». Увогуле для чэшскага пісьменніка Амерыка была самастойнай культурнай імперыяй з моцнымі традыцыямі індывідуалізму. Яму імпаніравала тое, што большасць амерыканскіх таленавітых творцаў аказвалася па-за рамкамі нейкіх літаратурных плыняў. Гэта часта станавілася прадметам разважанняў Шкворацкага-літаратуразнаўцы.

Пісьменніцкі шлях Шкворацкага працягваецца больш за пяцьдзесят гадоў. Ён зведаў пераследванне на сваёй радзіме ў сацыялістычныя часы. З гэтай прычыны значная частка літаратурнай дзейнасці Ёзафа Шкворацкага ў 50-60-я гг. абмяжоўвалася перакладамі англійскаіх і амерыканскіх аўтараў, што стала выдатнай стылёвай школай. У эміграцыю ў Канаду ён паехаў з жонкай -- вядомай пісьменніцай, спявачкай і актрысай Здэнай Саліваравай. Ідэя заснаваць выдавецтва першапачаткова прыйшла дзеля таго, каб друкаваць свае ўласныя творы. Але ў 70-80-я гг. іх выдавецтва ў Таронта стала вядучым выдавецтвам чэшскай літаратуры на Захадзе. Яно вырашыла праблему публікацыі твораў на чэшскай мове. Аднак, пераклады твораў самога Шкворацкага на англійскую і іншыя мовы яўна спазняліся. Напрыклад, адзін з лепшых яго раманаў Гісторыя інжынера чалавечых душ (Přiběh inženira lidských duší) з’явіўся на англійскай мове праз сем гадоў пасля выхаду ў свет.



Значнай вехай у развіцці Шкворацкага-пісьменніка стаў раман Канец нейлонавай эпохі. Ён быў скончаны ў 1950 г. і зусім не адпавядаў нормам сацрэалізму. Менавіта таму чытач пазнаёміўся з ім толькі ў 1967 г. Гэты невялікі аб’ёмам твор адлюстроўвае амбівалентныя адносіны да заможных слаёў грамадства. У ім сатырычна падаецца псіхалогія названай сацыяльнай групы перад яе зыходам з гістарычнай сцэны. Сатыра скіравана на празаходнюю, амерыканскую моду, якая авалодала пасля вайны чэшскай «залатой» моладдзю. Менавіта такім жыццём жыў і сам Шкворацкі. Адмоўны вобраз можна расцэньваць як уплыў антыамерыканскай прапаганды. Час і прастора рамана абмежаваны, дзейнічае ўсяго некалькі персанажаў падчас святкаванняў у прэстыжным пражскім палацы (гэта ў пэўным сэнсе -- пераемнасць у дачыненні да Баязліўцаў). Канву твора складаюць маналогі розных асоб. Сам аўтар адзначаў, што на яго творчую манеру ў дадзеным выпадку паўплываў амерыканскі пісьменнік Дос Пасас. Большасць унутраных маналогаў поўніцца эратычнымі матывамі. У названым рамане Ёзаф Шкворацкі дэманструе майстэрства стварэння паўсядзённых размоў, будзённых сцэн. Сваімі матывамі і структурай твор распачынае пэўны накірунак чэшскай прозы, яскравым прадстаўніком якога стаў пазней Уладзімір Парал. Сам жа Шкворацкі ў наступных літаратурных спробах вяртаецца да вольнай апавядальнай манеры Баязліўцаў.

Адным з самых грандыёзных твораў Шкворацкага ствановіцца раман Гісторыя інжынера чалавечых душ (1977). У 1984 г. з раманам пазнаёміўся англамоўны чытач. Твор карыстаўся бяспрыкладным поспехам у крытыкі, асабліва ў Злучаных Штатах, дзе чэшская проза стала выклікаць пільную ўвагу дзякуючы раманам Мілана Кундэры. Назва рамана іранічна нагадвае знакамітую дэфініцыю пісьменніка згодна дагматаў сталінскай эстэтыкі: работа пісьменніка павінна быць скіравана перш за ўсё на выхаванне і прапаганду. Раман грандыёзны сваім аб’ёмам – каля васьмісот старонак. Галоўны герой яго – зноў Данні Сміржыцкі, пісьменнік-эмігрант, які жыве ў Таронта. Твор політэматычны з паліфанічнай кампазіцыяй, якую ствараюць вольна злучаныя эпізоды розных жанраў. Храналогія рамана парушаецца забяганнем наперад, рэтраспекцыяй, шматлікімі ўстаўнымі навэламі і аўтарскімі лірычнымі адступленнямі. Раман здзіўляе нават чытача, добра знаёмага з прозай Шкворацкага. Перасячэнне розных стылёвых пластоў сведчыць пра віртуознасць Шкворацкага. Багаты раман і ў моўным плане -- літаратурная чэшская мова спалучаецца з размоўнай; скарыстоўваюцца вульгарызмы і дыялектызмы; шмат цытат з нямецкай, англійскай, рускай і нават лацінскай моў. Раман правакатыўна бясформенны, тэматычна і структурна няцэласны. Існуюць дзве часовыя кропкі, паміж якімі развіваецца дзеянне: «цяперашняе» (жыццё Данні пася 1968 г. у эміграцыі) і «мінулае» ( яго маладосць у гады нацысцкай акупацыі першай паловы 40-х гг.). Падзеі адбываюцца ці ў Таронта, ці ў Костэльцы. Гістарычным падзеям надаецца мала ўвагі, хаця іх уплыў на лёсы герояў відавочны. Постаць апавядальніка і яго значэнне наўмысна падкрэсленыя і выразныя. Погляд на свет падаецца не «знізу». Герой -- інтэлектуал, яму падабаецца пранікаць у складаныя абстрактныя сферы. Ён сур’ёзны пісьменнік, універсітэцкі выкладчык (як і сам Шкворацкі), які разважае на філасофскія, літаратуразнаўчыя тэмы. Аўтар выкарыстоўвае вельмі рафінаваны кампазіцыйны прыём: ён падзяляе раман на часткі, якія называе па прозвішчах англійскіх альбо амерыканскіх пісьменнікаў (По, Твен, Грын, Фіцджэральд, Конрад і г.д.). Пералічаныя аўтары на семінарах Данні Сміржыцкага з’ўляюцца прадметам абмеркавання і дыскусіі. Гэта стварае пэўныя структурныя рамкі асобных раздзелаў. Творчасць кожнага названага аўтара выкарыстоўваецца як аснова для кампазіцыйных збудаванняў і аповеду. Зыходным пунктам звычайна становіцца псіхалогія апавядальніка і яго суб’ектыўныя адносіны да вызначанага для семінара пісьменніка. Рэакцыя студэнтаў на тэкст нараджае ў Данні вялікую колькасць асацыяцый, якія ўводзяць яго ў мінулае, ва ўспаміны альбо з’яўляюцца імпульсам да інтэлектуальных рэакцый, убраных у форму каментарыя да тэкстатаго ці іншага амерыканскага пісьменніка, прызначанага студэнтам. Апавядальнік часта аказваецца звязаны з літаратурным матэрыялам тэматычна, ідэйна альбо праз нейкую паралель. Амерыканскія даследчыкі творчасці Шкворацкага не раз пісалі пра элегантнасць, арыгінальнасць і інтэлігентнасць падобных пасажаў у рамане. Чэшскія крытыкі часцей успрымаюць такія разважанні на літаратурныя тэмы хутчэй як імпрэсіяністычныя адступленні і ўказваюць, што іх арыгінальнасць дастаткова спрэчная. Можна прыйсці да высновы, што гэтыя літаратуразнаўчыя пасажы маюць значэнне толькі ў кантэксце самога аповеду, хаця гэта не робіць іх менш цікавымі. Значнае месца ў творы займаюць амаль сорак лістоў, якія з’яўляюцца ў тэксце ў сувязі з рознымі абставінамі. Гэта лісты Сміржыцкаму ад сяброў маладосці. Шкворацкі выкарыстоўвае іх для характарыстыкі і апісання розных персанажаў. Адначасова лісты – гэта паліфанічны каментарый зменлівага часу, таму што яны змяшчаюць і тонкія, і вельмі простыя разважанні, эмоцыі і рэакцыі на падзеі. Гісторыя інжынера чалавечых душ – твор вельмі складаны, гэта эпас у поўным сэнсе слова. Ён адначасова лагічны і супярэчлівы. Сам аўтар дае падзагаловак свайму твору – Забаўляльнае чытанне на старыя тэмы аб жыцці, жанчынах, лёсе, марах, рабочым класе, шпіках, каханні і смерці. Вось такі нясціпла шырокі поп-артаўскі падзагаловак, які дэманструе аптымізм аўтара, любоў да жыцця, сведчыць пра тое, што яму падабаецца колазварот чалавечага існавання. Шкворацкі ў рамане выступае як чалавек, які верыць ў залатую сярэдзіну і здаровы сэнс. На думку даследчыкаў, раман па сваёй наратыўнай свабодзе і разняволенасці не мае сабе роўных у сучаснай літаратуры.

Прыроджаны апавядальнік, Ёзаф Шкворацкі стварыў шмат апавяданняў, большасць якіх заснавана на адным альбо двух маментальных эпізодах з жыццця. Асобна вылучаюцца дэтэктыўныя апавяданні. Дарэчы, Шкворацкі перакладаў шмат дэтэктываў з англійскай мовы і нават напісаў некалькі эсэ пра дэтэктыўны жанр. І яго ўласныя крымінальныя гісторыі з’яўляюцца аднымі з лепшых узораў гэтага жанру ў чэшскай літаратуры.



Шматпланавая творчасць Ёзафа Шкворацкага працягвае лепшыя традыцыі чэшскай і сусветнай літаратуры. У англамоўнай літаратурнай прасторы гэтага чэшскага пісьменніка паважаюць як аднаго з лепшых сусветных празаікаў, пра што сведчаць не толькі многія прэміі, але і цікавасць славістаў усяго свету да яго творчасці. За мяжой выйшла некалькі манаграфій, прысвечаных спадчыне чэшскага аўтара, якія былі перакладзены на чэшскую мову. Без перабольшвання сёння можна канстатаваць, што Ёзаф Шкворацкі -- адзін з тых рэдкіх пісьменнікаў, якія здабылі вядомасць і сталі сваімі ў некалькіх нацыянальных асяродках.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка