Вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве для навучальных устаноў раёна




Дата канвертавання10.03.2018
Памер68.38 Kb.
1

Адукацыйны праект

Вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве для навучальных устаноў раёна”

Ігар Міхайлавіч Пракаповіч

настаўнік геаграфіі САШ №1 г. Паставы

ЗМЕСТ

І. ТЛУМАЧАЛЬНЫЯ НАТАТКІ



  1. Агульныя палажэнні

  2. Вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве (ВМК)

  3. Каментарыі да частак ВМК

Рэзюмэ

ІІ. “Чароўны край – Пастаўшчына: гісторыка-краязнаўчы курс “Паставызнаўства” (арыгінал-макет кнігі) – файл: І. Пракаповіч Чароўны край - Пастаўшчына.pdf

ІІІ. Аўтарскія схемы для атласа Пастаўскага раёна - папка І. Пракаповіч Аўтарскія схемы Пастаўскі раён

ТЛУМАЧАЛЬНЫЯ НАТАТКІ

1. Агульныя палажэнні

З кожным годам сістэма адукацыі Беларусі становіцца ўсё менш нацыянальнай, менш беларускай, менш патрыятычнай. Пра гэта сведчаць факты: скарачэнне беларускамоўных школ і класаў, вывучэнне роднай мовы як замежнай, перавод выкладання геаграфіі і гісторыі Беларусі на рускую мову, змяненні ў змесце праграм, якія скіраваны не на выхаванне свабоднай асобы, а чалавека – часткі дзяржаўнай машыны.

У такіх варунках рэзка звужаюцца магчымасці выхавання ў вучняў у межах існуючых форм адукацыі сапраўднага патрыятызму, самасвядомасці, нацыянальнай годнасці, унутранай свабоды. Таму адным з найбольш эфектыўных накірункаў з’яўляецца краязнаўства. Прычым, не толькі як пошукавая дзейнасць на абшарах роднага краю, але і як працэс навучання і выхавання праз заняткі гурткоў, факультатываў, курсаў па выбару. Таму для кожнага раёна Беларусі варта было б мець падрыхтаваныя вучэбна-метадычныя комплексы па краязнаўстве, якія можна было б выкарыстоўваць у навучальным працэсе школ і пазашкольных устаноў.

Праект “Вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве для навучальных устаноў раёна” распрацоўваецца аўтарам для Пастаўскага раёна на працягу апошніх шасці гадоў, а краязнаўчыя матэрыялы збіраюцца і апрацоўваюцца на працягу дваццаці шасці гадоў. Таму, спадзяюся, мой вопыт будзе карысны ўсім настаўнікам, якія выкарыстоўваюць ў сваёй працы матэрыялы пра родны край.

2

2. Вучэбна-метадычны комплекс па краязнаўстве (ВМК)



Ніжэй падаецца структура вучэбна-метадычнага комплексу (ВМК) і матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарам па ВМК па краязнаўстве Пастаўскага раёна.

№ п/п

Часткі ВМК

ВМК па краязнаўстве Пастаўскага раёна (матэрыялы І. М. Пракаповіча)

1.

Падручнік (дапаможнік)

“Чароўна край – Пастаўшчына”: гісторыка-краязнаўчы курс “Паставызнаўства”. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 304 с, іл. (арыгінал-макет прадстаўляецца на конкурс)

2.

Сшытак для вучняў

Сшытак па краязнаўчаму курсу “Спадчына” (размешчаны на сайце http://nastaunik.info)

3.

Метадычны дапаможнік для настаўнікаў

Распрацоўваецца

4.

Атлас і контурныя карты

Падрыхтавана 14 аўтарскіх схем для атласа Пастаўскага раёна (прадстаўляюцца на конкурс)

5.

Дапаможныя матэрыялы

  1. Аўтарскія кнігі па краязнаўстве Пастаўскага раёна – 20 кніг (спіс даецца ніжэй)

  2. Аўтарскія фотаздымкі – каля 1000

  3. Прэзентацыі – 6

  4. Відэафільм – 1

  5. Краязнаўчыя калекцыі (археалагічных знаходак, старых кніг, падручнікаў па геаграфіі і інш)

3. Каментарыі да частак ВМК

А) Падручнік (дапаможнік)

Галоўнай часткай ВМК па краязнаўстве з’яўляецца падручнік (дапаможнік), у якім сістэматызавана і генералізавана, адаптавана для вучняў падаюцца матэрыялы пра родны край. Напісанне падручніка – справа вельмі працаёмкая, якая патрабуе збору і апрацоўкі вялікай колькасці рэгіянальнай інфармацыі з розных сфер дзейнасці. Матэрыялы для кнігі “Чароўны край – Пастаўшчына” збіраліся на працягу дваццаці шасці гадоў, апрацоўка і напісанне доўжылася два гады. Падручнік выдадзены ў выдавецтве “Кнігазбор” у снежні 2009 года накладам усяго 100 асобнікаў і ў чорна-белым варыянце па прычыне недахопу сродкаў. Кнігі ёсць у бібліятэках усіх школ Пастаўскага раёна і актыўна выкастоўваюцца вучнямі і настаўнікамі. Паводле звестак бібліятэкараў, “Чароўны край – Пастаўшчыны” – адна з самых папулярных кніг у школьнікаў.

3

Па словах Мікалая Півавара, кандыдата гістарычных навук, аўтара энцыклапедыі “Краязнаўцы Віцебшчыны”, якая сёлета выйшла ў свет, кніга “Чароўны край – Пастаўшчына” з’яўляецца лепшым у Віцебскай вобласці падручнікам па краязнаўстве раёна і можа быць узорам для напісання падобных кніг для іншых раёнаў Беларусі.



Б) Сшытак на друкаванай аснове

Важная частка ВМК – сшытак на друкаванай аснове для вучняў. Яго наяўнасць дазваляе арганізаваць і накіраваць працэс вывучэння матэрыяла, зрабіць яго больш змястоўным, творчым, прычым, не толькі пры правядзенні групавых заняткаў, але і пры выкарыстанні для індывідуальных заняткаў. Першапачатковы варыянт сшытка “Спадчына” размешчаны на сайце http://nastaunik.info. Цяпер вядзецца праца па дапаўненню і ўдасканаленню гэтага сшытка, яго дапасаванне да структуры і матэрыяла падручніка “Чароўны край – Пастаўшчына”.

В) Метадычны дапаможнік для настаўнікаў і адукатараў

Паколькі ў вучэбных планах няма пакуль гадзін на курс “Краязнаўства” (“Паставызнаўства”), таму на сённяшні дзень няма аб’ектыўнай неабходнасці ў распрацоўцы метадычнага дапаможніка для настаўнікаў. Кіраўнікі факультатываў і гурткоў, дзе на занятках вывучаецца родны край і выкарыстоўваецца падручнік “Чароўны край – Пастаўшчына” самі выбіраць сабе методыку выкладання. Пры з’яўленні ў школах адпаведнага трывалага краязнаўчага курса будзе напісана і метадычная паўрочная распрацоўка заняткаў.

Г) Атлас і контурныя карты

Вывучэнне роднага краю не можа ажыццяўляцца без камплекта гістарычных, геаграфічных і контурных карт. Зразумела, падрыхтоўкай і выданнем карт атласа пэўнага раёна павінны займацца спецыялісты-картографы, але картасхемы і схемы асобных з’яў і аб’ектаў, якія могуць стаць асновай для такіх карт, у стане выканаць і мясцовыя краязнаўцы. Так, аўтарам для курса “Паставызнаўства” падабрана вялікая калекцыя гістарычных і геаграфічных карт ад ХVІІ стагоддзя да сучаснасці, з якіх найбольш каштоўнымі з’яўляюцца: карта ВКЛ (карта Радзівіла, 1613 г.), карта Рыцы Заноні 1776 г, карты рускіх ваенных тапографаў канца ХІХ – пач. ХХ ст, польскія карты 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

Таксама падрыхтавана 14 аўтарскіх схем па розных аспектах краязнаўства Пастаўшчыны. Яны падаюцца на конкурс.

Д) Дапаможныя матэрыялы

Значэнне дапаможных матэрыялаў заключаецца ў стварэнні магчымасцяў для павышэння нагляднасці, разнастайнасці, шматбаковасці, глыбіні вывучэння асобных тэм. Да іх можна аднесці відэафільмы, прэзентацыі, фотаздымкі, калекцыі, творы мастакоў і народных майстроў, літаратурныя, навуковыя і краязнаўчыя выданні і іншае. Азначаныя матэрыялы могуць быць скампанаваны ў розных спалучэннях пры падрыхтоўцы асобных тэм курса.

Ніжэй падаецца спіс краязнаўчых кніг, якія напісаны і выдадзены аўтарам.



4

Ігар Пракаповіч



Спіс кніг па краязнаўстве Пастаўскага раёна

  1. Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна. - Віцебск, ІУН, 1994. – 50 с.

  2. Адкуль паходзяць назвы /Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна. – Наваполацк, ГА “Усяслаў Чарадзей”, 2000. - 45 с.

  3. Крыжы і камяні: Нарысы па гісторыі Пастаўскага краю. – Маладзечна: УП “Друкарня “Перамога”, 2003. – 56 с.: іл.

  4. Манькавічы: гісторыка-геаграфічны нарыс. – Паставы: ВІ “Сумежжа”, 2004. – 60 с. (у сааўтарстве з І. Заяц, А. Вансовіч)

  5. Насельніцтва Пастаўскага краю. – Паставы: ВІ “Сумежжа”, 2004. – 56 с.

  6. Ваколіцы Паставаў. – Паставы: ВІ “Сумежжа”, 2004. – 60 с.

  7. Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы (у сааўтарстве з І. Собаль). – Паставы: ВІ “Сумежжа”, 2005. – 60 с.

  8. Паставы (фотаальбом). – Мінск: Беларусь, 2006. (тэкст)

  9. Дзе Мядзелка песні пяе...: Пастаўшчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. – 270 с., 8 (л.) іл. – Беларусь літаратурная (укладанне)

  10. Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы (у сааўтарстве з І. Заяц). – Мінск, “Ковчег”; 2006. – 56 с.: іл.

  11. Гута-Голбія: гісторыка-геаграфічны нарыс Галбейскага краю (у сааўтарстве з М. Арэхам). – Мінск: “Кнігазбор”, 2007. – 88 с.: іл.

  12. “О Беларусь, мая шыпшына...: На радзіме У. Дубоўкі”(тэкст, укладанне, разам з І. Заяц). – Мінск: “Тонпік”, 2007. – 128 с.: іл.

  13. Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна. – Мінск: “Кнігазбор”, 2007. – 124 с.: іл.(другое выданне, перапрацаванае і дапоўненае).

  14. Паставы: гістарычная хроніка горада. – Мінск: “Кнігазбор”, 2007. – 80 с.: іл..

  15. Паставы (фотаальбом). – Мінск: Беларусь, 2008. (тэкст)(другое выданне).

  16. Паставы (фотаальбом). – Мінск: Беларусь, 2009. (тэкст)(трэцяе выданне).

  17. Чароўны край – Пастаўшчына: (гісторыка-краязнаўчы курс “Паставазнаўства”) – Мн.: “Кнігазбор”, 2009. – 304 с.: іл.

  18. Парфорснае паляванне ў Паставах. – Мінск, Кнігазбор, 2011. – 44 с.: укл.

  19. Пошукі забытага шляху. – Мінск, Кнігазбор, 2011. – 56 с.: укл.

  20. За смугою мінулых часоў: Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю. – Мінск, Кнігазбор, 2011. – 112 с.: іл.

Рэзюмэ:

такім чынам, прапанаваны адукацыйны праект адлюстроўвае вопыт стварэння ВМК па краязнаўстве для асобнага (Пастаўскага) раёна і з’яўляецца ў пэўнай ступені ўзорам для распрацоўкі падобных ВМК па іншых раёнах Беларусі. Стварэнне такіх ВМК дасць аснову для пашырэння краязнаўчых ведаў і, як следства, пашырыць магчымасці для выхавання ў маладых людзей пачуццяў любові да роднага краю, да свайго народу.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка