Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «беларуская мова»



Дата канвертавання14.02.2017
Памер180.85 Kb.
#2952
праект

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ

ВУЧЭБНАЯ ПРАГРАМА

па вучэбным прадмеце

«БЕЛАРУСКАЯ МОВА»

для ІІІ класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з рускай і беларускай мовамі навучання і выхавання

Мінск


2016

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асаблівай увагі ў працэсе навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе развіццё моўнай асобы, яе здольнасцей і творчага патэнцыялу, неабходных для актыўнай дзейнасці, сацыяльнага самавызначэння і самарэалізацыі.

У аснову пабудовы курса беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі кладуцца зыходныя палажэнні кампетэнтнаснага, лінгвакультуралагіч­нага, камунікатыўна-дзейнаснага і асобасна арыентаванага падыходаў.

Кампетэнтнасны падыход у навучанні мове прадугледжвае разам з атры­маннем ведаў аб мове развіццё ўменняў аналізаваць і сістэматызаваць моўную інфар­мацыю, прымяняць яе ў маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з асобаснымі запатраба­ваннямі для рашэння вучэбных, пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач. Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе фарміраванне ў навучэнцаў шэрагу кампетэнцый. Кампетэнцыі ў моўнай адукацыі адлюстроўваюць здольнасць рэаліза­цыі моўных ведаў і ўменняў праз маўленчую дзейнасць у розных сітуацыях зносін, у тым ліку ў працэсе навучання. Вынікам фарміравання кампетэнцый з’яўляецца кампетэнтнасць навучэнца, якая ўяўляе сабой узаемадзеянне ведаў, уменняў і на­выкаў з яго асобаснымі якасцямі (свядомасцю, рэфлексіяй, здольнасцямі ў пазнаваль­най дзейнасці).

Змест кампетэнцый, якія фарміруюцца пры вывучэнні беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

моўная кампетэнцыя ўключае веды аб сістэме мовы, яе адзінках (тэкст, сказ, слова, гукі мовы) і правілах іх функцыянавання ў маўленні; уменні вылучаць адзінкі мовы, праводзіць розныя віды разбору (гука-літарны, разбор слова па саставе, па часцінах мовы, разбор па членах сказа); валоданне нормамі беларускай літа­ратурнай мовы;

маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя ўключае валоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці; фарміраванне маўленчых паводзін, адэкватных мэтам і сітуа­цыям зносін; уменні выкарыстоўваць лексічныя адзінкі ў адпаведнасці з іх зна­чэннем, выбіраць патрэбную моўную форму і спосабы выказвання думкі ў залеж­насці ад умоў камунікацыі;

лінгвакультуралагічная кампетэнцыя ўключае асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, авалоданне правіламі бела­рускага маўленчага этыкету;

  сацыякультурная кампетэнцыя ўключае ўсведамленне ролі беларускай мовы ў жыцці чалавека, паважлівае стаўленне да культуры і мовы беларускага народа і іншых народаў, засваенне сістэмы агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін.



Лінгвакультуралагічны падыход да навучання прадугледжвае рэалізацыю задач фарміравання культурнага чалавека сродкамі беларускай мовы, паколькі яна з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, праяўленнем культуры народа. У логіцы лінгвакультуралагічнага падыходу мова разумеецца не толькі як сродак назапашвання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў, але і як сродак станаўлення асобы навучэнца, усведамлення ім прыналежнасці да свайго народа, сваёй краіны. Праз мову адбываецца далучэнне асобы да светапогляду народа, яго гісторыі, культуры, сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцей.

Лінгвакультуралагічны падыход рэалізуецца пры вывучэнні фактаў мовы розных узроўняў (фанетычных, лексічных, граматычных, узроўню тэксту) і зна­ходзіць у іх пацверджанне асаблівасцей узаемасувязі мовы і культуры. Важнейшым спосабам выражэння культуралагічнай інфармацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца культурнае (намінатыўнае, эмацыянальнае, экспрэсіўнае, ацэ­начнае, вобразнае, матывацыйнае) значэнне вывучаемых адзінак мовы (слоў, пры­казак, прымавак, формул маўленчага этыкету, тэкстаў культуразнаўчага характару).



Камунікатыўна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове прад­угледжвае такую арганізацыю працэсу навучання, якая максімальна набліжаецца да рэальнага працэсу маўленчых зносін. Аб’ектам навучання становіцца маўленчая дзейнасць ва ўсіх яе відах. У аснове навучання знаходзяцца рэальныя маўленчыя дзе­янні навучэнцаў, якія накіраваны не толькі на ўспрыманне і разуменне вусных і пісьмовых выказванняў на беларускай мове, але і на стварэнне беларускамоўных тэкстаў. Гэта садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

Паколькі навучанне мове разглядаецца як культурны працэс, сутнасць якога заключаецца ў гуманістычным і творчым узаемадзеянні ўсіх яго ўдзельнікаў, яно грунтуецца на асноўных палажэннях асобасна арыентаванага падыходу. Гэты падыход характарызуецца тым, што ў цэнтры навучальнай дзейнасці знаходзіцца асоба навучэнца (яго развіццё, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў, інта­рэсаў, творчых магчымасцяў).



Мэта навучання — авалоданне навучэнцамі камунікатыўнымі ўменнямі і на­выкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін, развіццё іх творчага патэнцыялу, далучэнне праз мову да культурных тра­дыцый беларускага народа.

Задачы навучання беларускай мове ў І—IV класах:

1) у межах моўнай кампетэнцыі:

асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука з пункту погляду іх функцыянавання;

авалоданне графікай беларускай мовы;

засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў для прымянення іх у маўленчай дзейнасці;

узбагачэнне слоўнікавага запасу навучэнцаў, засваенне вымаўленчых нормаў, правілаў правапісу;

2) у межах маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі:

фарміраванне камунікатыўнай культуры навучэнцаў;

развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;

3) у межах лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый:

фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;

асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

фарміраванне асэнсаванага ўспрымання беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;

засваенне правілаў маўленчага этыкету, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін;

фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы.

Змест вучэбнага прадмета «Беларуская мова» складаюць:


  1. Моўныя веды, уменні і навыкі (веды аб сістэме моўных адзінак і закана­мернасцях іх функцыянавання, фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі, лексічныя, лек­сіка-граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі).

  2. Маўленчыя ўменні і навыкі (уменні і навыкі ў розных відах маўленчай дзей­насці: аўдзіраванні, чытанні, гаварэнні, пісьмовым маўленні).

  3. Камунікатыўныя ўменні і навыкі (уменні і навыкі выкарыстання розных ві­даў маўленчай дзейнасці ў пэўных маўленчых сітуацыях).

  4. Агульныя звесткі пра беларускую мову, формы яе існавання і сферы ўжы­вання, культурную і эстэтычную самакаштоўнасць беларускай мовы.

  5. Традыцыйны маўленчы этыкет, моўная норма, міжмоўная аманімія.

Сістэма развіцця маўлення скіравана на авалоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці, фарміраванне ў навучэнцаў здольнасці разумець праслуханае ці прачы­танае маўленчае паведамленне на беларускай мове, ствараць вуснае выказванне на беларускай мове для задавальнення камунікатыўнага намеру, паступовае авалоданне пісьмовым маўленнем. Для дасягнення пастаўленай мэты змест сістэмы развіцця маўлення прадстаўлены ў трох кірунках:

  • фарміраванне правільнага ўспрымання і разумення беларускай мовы пры слуханні і чытанні;

  • фарміраванне ўменняў гаварэння;

  • фарміраванне ўменняў пісьмовага маўлення.

Змест навучання па кожным кірунку размяркоўваецца з паступовым усклад­неннем у кожным наступным класе і вызначае асноўныя віды вучэбнай работы, якімі павінны авалодаць навучэнцы на працягу ўсяго вучэбнага года. Гэтыя віды работы пададзены ў праграме ў канцы кожнага раздзела. Развіццё маўлення адбываецца праз павелічэнне самастойнасці навучэнцаў пры выкананні заданняў і практыкаванняў.

Навучанне беларускай мовы пачынаецца з падрыхтоўчага перыяду (I клас, вусны курс). Яго дамінуючымі задачамі з’яўляюцца фарміраванне ўменняў асэнсава­нага ўспрымання беларускага маўлення на слых, выхаванне ў навучэнцаў актыўнай слухацкай пазіцыі, тактоўнага слухача, выпрацоўка вымаўленчых навыкаў, прапе­дэўтыка навучання чытанню па-беларуску, забеспячэнне станоўчага эмацыянальнага фону і матывацыі вывучэння беларускай мовы. Практычнае авалоданне лексічным багаццем мовы ажыццяўляецца ў час суразмоўніцтва па змесце пачутага ці пра­чытанага тэксту, у працэсе вядзення дыялогаў. У час суразмоўніцтва адбываецца азнаямленне навучэнцаў з маўленчым этыкетам.

Вывучэнне беларускай мовы працягваецца інтэграваным уступным курсам (пачатак ІІ класа). Вядучай задачай гэтага курса з’яўляецца навучанне чытанню. На працягу ўступнага курса ўрокі маюць інтэграваны характар і праводзяцца без па­дзелу на ўрокі мовы і літаратурнага чытання. Адначасова з навучаннем чытанню навучэнцы авалодваюць графічнай сістэмай беларускай мовы, працягваюць прак­тыкавацца ва ўспрыманні тэкстаў на слых, удасканальваюць вымаўленчыя навыкі. Падчас чытання і спісвання слоў, сказаў, тэкстаў адбываецца назіранне за графіка-арфаграфічнымі асаблівасцямі беларускай мовы.

Далейшае навучанне мове структуруецца па раздзелах «Гукі і літары», «Слова», «Сказ», «Тэкст». Паступовае асваенне навучэнцамі маўленча-камунікатыў­най кампетэнцыі адбываецца на матэрыяле гэтых раздзелаў.

Раздзел «Гукі і літары» (2 клас) вырашае задачы ўдасканалення фанетычных і графічных уменняў і навыкаў навучэнцаў. Пры вывучэнні раздзела даецца агульнае паняцце аб гукавым саставе слова, ролі галосных і зычных гукаў у слове, удасканаль­ваюцца правапісныя ўменні, якія звязаны з напісаннем галосных у ненаціскным становішчы, абазначэннем цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, падоўжаных зычных на пісьме. Фарміруецца ўменне правільна называць літары алфавіта і карыстацца ім, абазначаць гукі літарамі.

Раздзел «Слова» ў 2 класе змяшчае звесткі пра слова як лексічную адзінку мовы, як назву таго, што можа быць прадметам думкі. У навучэнцаў фарміруюцца ўяўленні пра падзел слоў на часціны мовы (на лагічнай аснове: па пытанні і значэнні). Гэты ж раздзел у 3—4 класах уключае тэмы «Лексічнае значэнне слова» , «Склад слова» і «Часціны мовы».

У тэме «Лексічнае значэнне слова» прадугледжваецца азнаямленне з мнага­значнымі словамі, з сінонімамі і антонімамі, з ужываннем слоў у прамым і пера­носным значэннях. Гэта дазволіць разнастаіць маўленне навучэнцаў, узбагаціць яго, зрабіць дакладным і правільным.

Тэма «Склад слова» прадугледжвае вывучэнне марфемнай будовы слоў. Знаёмства са складам слова вельмі важнае для развіцця маўлення навучэнцаў, таму што спрыяе павелічэнню іх лексічнага запасу, пашырае магчымасці самастойнага прадуктыўнага ўтварэння новых слоў. Веданне марфемнай будовы слова — адна з умоў паспяховай выпрацоўкі арфаграфічных уменняў і навыкаў навучэнцаў.

Тэма «Часціны мовы» ўключае звесткі пра назоўнік, прыметнік, дзеяслоў, зай­меннік і прыслоўе. Выпрацоўка ўмення аднясення слова да пэўнай часціны мовы неабходна для развіцця арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў, паколькі дазваляе свядома засвоіць правапіс, заснаваны на марфалагічным прынцыпе. Навучэнцы практыкуюцца ў правядзенні элементарнага марфалагічнага разбору вывучаемых часцін мовы.

Раздзел «Сказ» (2—4 класы) змяшчае звесткі пра сказ як асноўную камунікатыўную адзінку мовы. Уменні вызначаць граматычную аснову сказа, уста­наўліваць сувязь паміж словамі ў сказе, ужываць сказы, розныя па мэце выказвання, інтанацыі і будове, выкарыстоўваюцца навучэнцамі для самастойнай пабудовы звяз­ных вусных выказванняў.

Вывучэнне раздзела «Тэкст» (2—4 класы) забяспечвае навучэнцаў неабходнымі ведамі і ўменнямі для актыўных маўленчых дзеянняў па стварэнні тэкстаў. Асаб­лівасцю вывучэння тэксту з’яўляецца тое, што ён разглядаецца як вынік маўленчай дзейнасці. Вывучэнне раздзела «Тэкст» мае практычную накіраванасць.

Асноўная задача навучання каліграфіі — развіццё ў навучэнцаў уменняў і навыкаў плаўнага, правільнага, прыгожага і хуткага пісьма. Практыкаванні па калі­графіі праводзяцца на кожным уроку ў другім класе. У навучэнцаў выпрацоўваюцца навыкі напісання спецыфічных беларускіх літар (І, і, ў), слоў з апострафам, уда­сканальваюцца навыкі правільнага злучэння літар у словах. Пачынаючы з другога паўгоддзя практыкаванні па каліграфіі перыядычна праводзяцца на аркушах паперы з разліноўкай у адну лінейку. У 3—4 класах практыкаванні па каліграфіі выкон­ваюцца па меры неабходнасці, заданні дыферэнцыруюцца з улікам каліграфічных недахопаў кожнага з навучэнцаў. Змест працы па каліграфіі па магчымасці звяз­ваецца з вывучаемым на ўроку фанетычным, лексічным, граматычным матэрыялам.


ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

3 клас (105 гадзін)

ПАЎТАРЭННЕ (6 гадзін)

ТЭКСТ (8 гадзін)

Асноўная думка тэксту. Спосабы выказвання асноўнай думкі ў тэксце: выра­жэнне асноўнай думкі тэксту адным з яго сказаў; выражэнне асноўнай думкі тэксту загалоўкам.

План тэксту. Складанне плана тэксту з пытальных і апавядальных сказаў.

Складанне тэксту са сказаў. Слуханне тэксту, адказы на пытанні па змесце. Вызначэнне і фармулёўка асноўнай думкі тэксту. Выбар i выкарыстанне моўных сродкаў для выказвання думкi ў тэксце. Вусны і пісьмовы падрабязны пераказ невя­лікага апавядальнага тэксту па калектыўна складзеным плане. Вуснае паведамленне на зададзеную тэму па апорных словах, падабраных самастойна з дапамогай слоў­ніка. Сачыненне па серыi малюнкаў і калектыўна складзеным плане.

Навучальная пісьмовая работа (1 гадзіна, пераказ, 55—60 слоў)

СКАЗ (16 гадзін)
Сказы апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя. Знакі прыпынку ў канцы ска­заў. Інтанацыя сказа. Асаблівасці клічных сказаў.

Галоўныя і даданыя члены сказа. Дзейнік і выказнік — галоўныя члены сказа (агульнае паняцце). Вызначэнне дзейніка і выказніка ў сказах.

Вызначэнне сувязі слоў у сказе. Даданыя члены сказа (без падзелу на віды). Вызначэнне даданых членаў сказа, якія звязаны з дзейнікам. Вызначэнне даданых членаў сказа, якія звязаны з выказнікам.

Распазнаванне апавядальных, пытальных, пабуджальных, клічных сказаў у тэксце на слых. Пабудова сказаў, розных па мэце выказвання і інтанацыі. Складанне сказаў з прапанаваных слоў па малюнку. Развіццё сказаў даданымі членамі па пы­таннях, па малюнках. Вуснае апавяданне па малюнку або серыi малюнкаў і апорных словах, прапанаваных настаўнікам. Выбар з тэксту і пераказ той яго часткi, якая адпавядае пастаўленаму пытанню (выбарачны пераказ). Слуханне тэксту, падзел на сэнсавыя часткі, вусны пераказ адной сэнсавай часткі.

СЛОВА (67 гадзін)

Значэнне слова (10 гадзін)

Значэнне слова. Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае зна­чэнне слова. Словы з блізкім значэннем (сінонімы). Словы, якія маюць супрацьлег­лае значэнне (антонімы).

Знаёмства на практычным узроўні з выпадкамі міжмоўнай аманіміі ў бела­рускай і рускай мовах (без увядзення тэрміна).

Вуснае паведамленне на зададзеную тэму з ужываннем слоў з блізкім і су­працьлеглым значэннем. Складанне сказаў з мнагазначнымі словамі ў прамым і пе­раносным значэнні, з міжмоўнымі амонімамі (дыван, люстра і інш.)

Навучальная пісьмовая работа (1 гадзіна, сачыненне)

Склад слова (24 гадзіны, з іх 1 гадзіна — кантрольны дыктант)

Роднасныя (аднакаранёвыя) словы. Корань як агульная частка аднакаранёвых слоў. Падбор аднакаранёвых слоў і абазначэнне кораня.

Канчатак як частка слова. Роля канчатка ў змяненні слова (на прыкладах слоў розных часцін мовы). Канчатак як сродак сувязі слоў у сказе. Агульнае паняцце пра нулявы канчатак. Вызначэнне і абазначэнне канчатка слова (у тым ліку і нулявога).

Прыстаўка як частка слова. Утварэнне слоў з новым значэннем пры дапамозе прыставак. Вызначэнне і абазначэнне прыставак у словах. Правапіс прыставак аб-, ад-, над-, пад-, з-(с-). Правапіс прыставак, якія заканчваюцца на з, с (раз-/рас-, без-/ бес-, уз-/ус-)). Адрозненне прыставак ад прыназоўнікаў. Апостраф у словах з прыстаўкамі. Падваенне зычных на стыку прыстаўкі і кораня.

Суфікс як частка слова. Роля суфіксаў ва ўтварэнні слоў. Вызначэнне і аба­значэнне суфіксаў у слове. Падваенне зычных на стыку кораня і суфікса.

Складанне тэксту з ужываннем роднасных слоў, прапанаваных настаўнікам. Знаходжанне ў тэкстах слоў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі (памяншальна-ласкаль­нымі, павелічальнымі). Развіццё сказаў тэксту патрэбнымі па сэнсе словамі з сіна­німічнымі, антанімічнымі прыстаўкамі. Сачыненне па малюнку і калектыўна скла­дзеным плане.

Навучальная пісьмовая работа (1 гадзіна, сачыненне)
Часціны мовы (33 гадзіны, з іх 1 гадзіна — кантрольны дыктант з гра­матычным заданнем)

Агульнае паняцце пра самастойныя і службовыя часціны мовы (на прак­тычным узроўні). Распазнаванне назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў у сказах і тэк­стах, вызначэнне іх ролі. Роля прыназоўнікаў у сказе.

Назоўнік як часціна мовы. Адрозненне адушаўлёных і неадушаўлёных назоў­нікаў па пытаннях (на практычным узроўні). Адзіночны і множны лік назоўнікаў. Мужчынскі, жаночы і ніякі род назоўнікаў. Вызначэнне роду назоўнікаў пры дапа­мозе слоў ён, мой; яна, мая; яно, маё. Назоўнікі, род і лік якіх не супадаюць у беларускай і рускай мовах. Змяненне назоўнікаў у сказе па пытаннях.

Прыметнік як часціна мовы. Сувязь прыметніка з назоўнікам у сказе. Змяненне прыметнікаў па родах і ліках у залежнасці ад назоўнікаў, з якімі яны звязаны. Вызна­чэнне ліку і роду (у адзіночным ліку) прыметнікаў.

Дзеяслоў як часціна мовы. Адзіночны і множны лік дзеясловаў. Цяперашні, прошлы і будучы час дзеяслова. Змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах і ліках. Адрозненне націску ў граматычных формах дзеясловаў у рускай і беларускай мовах. Правапіс не з дзеясловамі.

Развіццё сказаў тэксту патрэбнымі па сэнсе назоўнікамі, прыметнікамі, дзея­словамі. Знаходжанне ў тэксце назоўнікаў, прыметнікаў пэўнага роду і ліку. Пашы­рэнне сказаў назоўнікамі і прыметнікамі ў патрэбнай форме. Знаходжанне ў тэксце дзеясловаў пэўнага часу і ліку. Змяненне часу дзеясловаў у сказе. Падзел праслуханага тэксту на сэнсавыя часткі, вусны пераказ па сэнсавых частках. Пісьмовы пераказ тэксту па калектыўна складзеным плане.

Навучальная пісьмовая работа (1 гадзіна, пераказ, 65—70 слоў)
ПАЎТАРЭННЕ (7 гадзін)

Кантрольныя пісьмовыя работы:

кантрольны дыктант — 1 (I паўгоддзе, 45—50 слоў);

кантрольны дыктант з граматычным заданнем — 1 (II паўгоддзе, 45—50 слоў);

кантрольная работа па тэме — 3 (1 — I паўгоддзе, 2 — II паўгоддзе);

кантрольны слоўнікавы дыктант— 4 (2 — I паўгоддзе, 8 слоў, 2 — II паўгоддзе, 10 слоў).

Рэзервовыя гадзіны —1.

Асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў
Ведаць:

1. Тэкст

спосабы выражэння асноўнай думкі ў тэксце;

ролю плана пры стварэнні тэксту.

2. Сказ

адрозненні паміж апавядальнымі, пытальнымі і пабуджальнымі сказамі;

асаблівасці клічных сказаў;

правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў канцы сказа;

прыметы галоўных і даданых членаў сказа.

3. Слова

пра ўжыванне слоў у прамым і пераносным значэннях;

ролю канчатка ў слове;

пра назоўнікі, род і лік якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах;

прыметы сінонімаў, антонімаў;

часткі слова (канчатак, корань, суфікс, прыстаўка), іх ролю ў слове;

прыметы аднакаранёвых слоў;

правапіс падвоеных зычных на стыку прыстаўкі і кораня, кораня і суфікса;

правапіс прыставак аб-, ад-, над-, пад-, з-(с-), раз-/рас-, без-/бес-, уз-/ус-;

правапіс апострафа ў словах з прыстаўкамі;

асноўныя лексіка-граматычныя прыметы назоўніка, прыметніка, дзеяслова;

правапіс не з дзеясловамі.



Умець (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

1. Тэкст

вызначаць тэму і фармуляваць асноўную думку тэксту;

пад кіраўніцтвам настаўніка складаць план гатовага тэксту або самастойнага выказвання;

падрабязна і выбарачна пераказваць змест праслуханага тэксту (аб’ёмам не больш за 70 слоў) па калектыўна складзеным плане.



2. Сказ

аналізаваць і коратка характарызаваць у адпаведнасці з вывучанымі прыметамі сказы;

правільна інтанаваць апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя, клічныя сказы;

ставіць знакі прыпынку ў канцы апавядальных, пытальных і клічных сказаў;

вызначаць галоўныя і даданыя члены сказа;

вызначаць сувязь слоў у сказе па пытаннях.



3. Слова

вызначаць прамое і пераноснае значэнне слова ў сказе;

адрозніваць і параўноўваць словы блізкія і супрацьлеглыя па сэнсе, мнага­значныя словы;

выкарыстоўваць сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы ў патрэбным зна­чэнні ў сваім маўленні;

аналізаваць і коратка характарызаваць склад слоў выразнай будовы;

падбіраць аднакаранёвыя словы;

правільна пісаць словы з падвоенымі зычнымі на стыку прыстаўкі і кораня, ко­раня і суфікса;

правільна пісаць словы з прыстаўкамі аб-, ад-, над-, пад-, з-(с-), раз-/рас-, без-/ бес-, уз-/ус-;

правільна пісаць словы з апострафам пасля прыставак;

змяняць назоўнікі па ліках, вызначаць род і лік назоўнікаў;

змяняць прыметнікі па родах і ліках, вызначаць род і лік прыметнікаў;

дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў у патрэбнай форме пры складанні ўлас­ных сказаў і тэкстаў;

змяняць дзеясловы па ліках і часах, змяняць дзеясловы прошлага часу па родах;

вызначаць час, лік дзеясловаў, род дзеясловаў прошлага часу;

спалучаць назоўнікі з дзеясловамі пры складанні ўласных сказаў і тэкстаў;

пісаць не з дзеясловамі.



Выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўся­дзённым жыцці:

ужываць ветлівыя словы і звароты ў зносінах з гасцямі школы, з незнаёмымі людзьмі ў магазіне, транспарце, бібліятэцы, на пошце, і інш.);

захоўваць вывучаныя нормы арфаграфіі пры выкананні пісьмовых заданняў і ўласных запісаў (запіска, віншаванне, перапіска з сябрамі, сваякамі, запрашэнне);

удзельнічаць у дыялогах на даступныя навучэнцам тэмы: выкарыстоўваць ска­зы розных тыпаў, адэкватна перадаваць эмоцыі, захоўваць неабходную інтанацыю ў межах сказа;



ствараць нескладаныя маналагічныя выказванні па плане на даступныя наву­чэнцам тэмы (пра свае захапленнні, пра добрыя ўчынкі, пра краіну, пра горад, вёску, у якіх яны жывуць, пра прыроду роднага краю).


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал