Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце




старонка1/17
Дата канвертавання14.09.2018
Памер3.37 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17












Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Беларуская мова»

для ІV клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання

БЕЛАРУСКАЯ МОВА
Тлумачальная запіска
Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства асаблівай увагі ў працэсе навучання беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі патрабуе развіццё моўнай асобы, яе здольнасцей і творчага патэнцыялу, неабходных для актыўнай дзейнасці, сацыяльнага самавызначэння і самарэалізацыі.

Мэта навучання – авалоданне вучнямі камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, неабходнымі для эфектыўнага выкарыстання мовы ў розных сітуацыях зносін, развіццё іх творчага патэнцыялу, далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа.

Задачы навучання беларускай мове ў І-IV класах:

1) у межах моўнай кампетэнцыі:

асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука з пункту погляду іх функцыянавання;

авалоданне графікай беларускай мовы;

засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў для прымянення іх у маўленчай дзейнасці;

узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, засваенне вымаўленчых норм, правіл правапісу;

2) у межах маўленчакамунікатыўнай кампетэнцыі:

фарміраванне камунікатыўных уменняў і навыкаў вучняў;

развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;

развіццё творчых здольнасцей вучняў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;

3) у межах лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый:

фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;

асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;

фарміраванне асэнсаванага ўспрымання беларускай літаратурнай мовы як сродку замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;

засваенне правіл маўленчага этыкету, сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін;

фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы.


Напрамкі навучання
Працэс развіцця асобы вучня пры навучанні беларускай мове павінен быць узаемазвязаным і садзейнічаць рэалізацыі наступных напрамкаў: моўнага (засваенне сістэмы мовы, заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, норм беларускай літаратурнай мовы), маўленчага (авалоданне спосабамі перадачы думкі сродкамі мовы ў вуснай і пісьмовай формах, у розных відах маўленчай дзейнасці: чытанні, слуханні, гаварэнні, пісьме), камунікатыўнага (авалоданне культурай маўлення, правіламі маўленчых зносін, уменнямі ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных відаў), лінгвакультуралагічнага (асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый; засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы), сацыякультурнага (засваенне сацыяльных норм маўленчых паводзін, культурных каштоўнасцей беларускага народа і агульначалавечых каштоўнасцей; авалоданне правіламі беларускага маўленчага этыкету).

У аснову пабудовы курса беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі кладуцца зыходныя палажэнні кампетэнтнаснага, лінгвакультуралагічнага, камунікатыўна-дзейнаснага і асобасна арыентаванага падыходаў.



Кампетэнтнасны падыход у навучанні мове прадугледжвае разам з атрыманнем ведаў пра мову развіццё ўменняў аналізаваць і сістэматызаваць моўную інфармацыю, прымяняць яе ў маўленчай дзейнасці ў адпаведнасці з асобаснымі запатрабаваннямі для рашэння вучэбных, пазнавальных, практычных і камунікатыўных задач. Рэалізацыя гэтага падыходу мае на ўвазе фарміраванне ў вучняў шэрагу кампетэнцый. Кампетэнцыі ў моўнай адукацыі адлюстроўваюць здольнасць рэалізацыі моўных ведаў і ўменняў праз маўленчую дзейнасць у розных сітуацыях зносін, у тым ліку ў працэсе навучання. Асаблівасцю гэтага падыходу з’яўляецца метапрадметнасць – устаноўка на фарміраванне ў вучняў універсальных (агульнавучэбных) уменняў, галоўнымі з якіх з’яўляюцца ўменні мэтамеркавання, планавання, кантролю, ацэнкі (рэгулятыўныя).

Змест кампетэнцый, якія фарміруюцца пры вывучэнні беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

моўная кампетэнцыя ўключае веды пра сістэму мовы, яе адзінкі (тэкст, сказ, слова, гукі мовы) і правілы функцыянавання ў маўленні; уменні вылучаць адзінкі мовы, праводзіць розныя віды разбору (гука-літарны, разбор слова па саставе, разбор па часцінах мовы, па членах сказа); валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы;

маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя ўключае валоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці; фарміраванне маўленчых паводзін, адэкватных мэтам і сітуацыям зносін; уменні выкарыстоўваць лексічныя адзінкі ў адпаведнасці з іх значэннем, выбіраць патрэбную моўную форму і спосабы выказвання думкі ў залежнасці ад умоў камунікацыі;

лінгвакультуралагічная кампетэнцыя ўключае асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай каштоўнасці, сродку замацавання культурных традыцый, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, авалоданне правіламі беларускага маўленчага этыкету;

сацыякультурная кампетэнцыя ўключае ўсведамленне ролі беларускай мовы ў жыцці чалавека, паважлівае стаўленне да культуры і мовы беларускага народа і іншых народаў, засваенне сістэмы агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, засваенне сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін.

Працэс навучання беларускай мове скіраваны на дасягненне наступных метапрадметных вынікаў навучання:

уменне ўспрымаць і асэнсоўваць вучэбны матэрыял, які прад’-яўляецца ў вербальнай форме, выдзяляць галоўнае ў ім, рацыянальна запамінаць, выконваць разумовыя аперацыі;

уменне выкарыстоўваць маўленчыя сродкі і сродкі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для рашэння камунікатыўных і пазнаваўчых задач;

уменне працаваць з вучэбнай кнігай, іншымі друкаванымі і аўдыявізуальнымі крыніцамі інфармацыі;

уменне працаваць з інфармацыяй (пошук, прымяненне, захаванне), рыхтаваць сваё выступленне і выступаць з аўдыя-, відэа- і графічным суправаджэннем;

уменне слухаць суразмоўцу і весці дыялог, прызнаваць наяўнасць розных пунктаў погляду, выказваць сваё меркаванне і аргументаваць яго.

Лінгвакультуралагічны падыход да навучання прадугледжвае рэалізацыю задач фарміравання культурнага чалавека сродкамі беларускай мовы, паколькі яна з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю, праяўленнем культуры народа. У логіцы лінгвакультуралагічнага падыходу мова разумеецца не толькі як сродак назапашвання ведаў і фарміравання ўменняў і навыкаў, але і як сродак станаўлення асобы вучня, усведамлення ім прыналежнасці да свайго народа, сваёй краіны. Праз мову адбываецца далучэнне асобы да светапогляду народа, яго гісторыі, культуры, сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцей.

Лінгвакультуралагічны падыход рэалізуецца пры вывучэнні фактаў мовы розных узроўняў (фанетычных, лексічных, граматычных, узроўню тэксту) і знаходзіць у іх пацверджанне асаблівасцей узаемасувязі мовы і культуры. Важнейшым спосабам выражэння культуралагічнай інфармацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца культурнае (намінатыўнае, эмацыянальнае, экспрэсіўнае, ацэначнае, вобразнае, матывацыйнае) значэнне вывучаемых адзінак мовы (слоў, прыказак, прымавак, формул маўленчага этыкету, тэкстаў культуразнаўчага характару). Лінгвакультуралагічны падыход садзейнічае фарміраванню ў вучняў лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый.



Камунікатыўна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове прадугледжвае такую арганізацыю працэсу навучання, якая максімальна набліжаецца да рэальнага працэсу маўленчых зносін. Аб’ектам навучання становіцца маўленчая дзейнасць ва ўсіх яе відах. У аснове навучання знаходзяцца рэальныя маўленчыя дзеянні вучняў, якія накіраваны не толькі на ўспрыманне і разуменне вусных і пісьмовых выказванняў на беларускай мове, але і на стварэнне беларускамоўных тэкстаў. Гэта садзейнічае развіццю маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

Паколькі навучанне мове разглядаецца як культурны працэс, сутнасць якога заключаецца ў гуманістычным і творчым узаемадзеянні ўсіх яго ўдзельнікаў, яно грунтуецца на асноўных палажэннях асобасна арыентаванага падыходу. Гэты падыход характарызуецца тым, што ў цэнтры навучальнай дзейнасці знаходзіцца асоба вучня (яго развіццё, задавальненне адукацыйных запатрабаванняў, інтарэсаў, творчых магчымасцей).


Прынцыпы адбору зместу навучання
Сістэмна-функцыянальны прынцып прадугледжвае цэласнае адлюстраванне ў змесце навучання шматузроўневасці моўнай сістэмы і характарыстыку функцыянальных магчымасцей моўных адзінак кожнага ўзроўню (роля, якую яны выконваюць у маўленні).

Прынцып мінімізацыі моўнага матэрыялу патрабуе адбіраць матэрыял з улікам яго значнасці для дасягнення пастаўленых мэт і задач навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Камунікатыўны прынцып азначае, што працэс навучання патрэбна забяспечыць адпаведным зместам для авалодання вучнямі ўсімі відамі маўленчай дзейнасці (аўдзіраванне, гаварэнне, чытанне, пісьмо).

Прынцып тэкстацэнтрызму мае на ўвазе адбор зместу навучання, які павінен забяспечыць арганізацыю адукацыйнага працэсу на аснове тэксту.

Змест вучэбнага прадмета «Беларуская мова» складаюць:

1) моўныя веды, уменні і навыкі (веды пра сістэму моўных адзі-нак і заканамернасці іх функцыянавання, фанетыка-артыкуляцыйныя навыкі, лексічныя, лексіка-граматычныя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні і навыкі);

2) маўленчыя ўменні і навыкі (уменні і навыкі ў розных відах маўленчай дзейнасці: аўдзіраванні, чытанні, гаварэнні, пісьмовым маўленні);

3) камунікатыўныя ўменні і навыкі (уменні і навыкі выкарыстан-ня розных відаў маўленчай дзейнасці ў пэўных маўленчых сітуацыях);

4) агульныя звесткі пра беларускую мову, формы яе існавання і сферы ўжывання, культурную і эстэтычную самакаштоўнасцьбеларускай мовы;

5) традыцыйны маўленчы этыкет, моўная норма, міжмоўная аманімія.

Сістэма развіцця маўлення скіравана на авалоданне рознымі відамі маўленчай дзейнасці, фарміраванне ў вучняў здольнасці разумець праслуханае ці прачытанае маўленчае паведамленне на беларускай мове, ствараць вуснае выказванне на беларускай мове для задавальнення камунікатыўнага намеру, паступовае авалоданне пісьмовым маўленнем. Для дасягнення пастаўленай мэты змест сістэмы развіцця маўлення прадстаўлены ў трох кірунках:

фарміраванне правільнага ўспрымання і разумення беларускай мовы пры слуханні і чытанні;

фарміраванне ўменняў гаварэння;

фарміраванне ўменняў пісьмовага маўлення.

Змест навучання па кожным кірунку размяркоўваецца з паступовым ускладненнем у кожным наступным класе і вызначае асноўныя віды вучэбнай работы, якімі павінны авалодаць вучні на працягу ўсяго навучальнага года. Гэтыя віды работы пададзены ў вучэбнай праграме ў канцы кожнага раздзела. Развіццё маўлення адбываецца праз павелічэнне ступені самастойнасці вучняў пры выкананні заданняў і практыкаванняў.

Вывучэнне беларускай мовы ў IV класе пачынаецца раздзелам «Паўтарэнне», які мае на мэце актуалізаваць веды вучняў пра марфемную будову слова, часціны мовы, пра заснаваныя на фанетычным і марфалагічным прынцыпах правапісу правілы напісання слоў.

Вывучэнне раздзела «Тэкст» мае практычную накіраванасць і забяспечвае вучняў неабходнымі ведамі і ўменнямі для актыўных маўленчых дзеянняў па стварэнні тэкстаў. Асаблівасцю вывучэння тэксту з’яўляецца тое, што ён разглядаецца як вынік маўленчай дзейнасці. Асноўнымі задачамі вывучэння раздзела «Тэкст» у IV класе з’яўляюцца фарміраванне ўяўленняў пра сродкі сувязі сказаў у тэксце, пра ролю вобразна-выяўленчых сродкаў мовы ў тэксце, знаёмства з асаблівасцямі будовы тэкстаў розных тыпаў (апавяданне, апісанне, разважанне).

Раздзел «Сказ» змяшчае звесткі пра асаблівасці будовы і афармлення на пісьме сказаў з аднароднымі членамі, пра сродкі сувязі аднародных членаў сказа.

Тэма «Склад слова» ўключае знаёмства з асновай слова, фарміраванне першапачатковых уяўленняў пра тыпы асноў.

Тэма «Часціны мовы» прадугледжвае засваенне скланення назоўнікаў, прыметнікаў, спражэння дзеясловаў, знаёмства з асабовымі займеннікамі. Асноўнымі задачамі вывучэння тэмы з’яўляюцца адпрацоўка ўменняў вызначаць склонавыя формы назоўнікаў, пры-метнікаў, асабовыя формы дзеясловаў і выкарыстоўваць іх у маўленні, выпрацоўка ўменняў беспамылкова пісаць з апорай на табліцы склонавыя качаткі назоўнікаў і прыметнікаў, асабовыя канчаткі дзеясловаў. Вучні практыкуюцца ў правядзенні элементарнага марфалагічнага разбору вывучаемых часцін мовы.

Асноўная задача навучання каліграфіі — удасканаленне ў вучняў уменняў і навыкаў плаўнага, правільнага, прыгожага і хуткага пісьма. У IV класе практыкаванні па каліграфіі выконваюцца па меры неабходнасці з мэтай прывучэння да рытмічнага пісьма. Заданні дыферэнцыруюцца з улікам каліграфічных недахопаў кожнага з вучняў. Змест працы па каліграфіі па магчымасці звязваецца з вывучаемым на ўроку фанетычным, лексічным, граматычным матэрыялам.


Рэкамендаваныя метады і формы навучання і выхавання
На вучэбных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць разнастайныя метады навучання і выхавання: расказ, гутарка, самастойная работа, наглядныя метады, выкананне практыкаванняў, практычных работ і інш. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўваюцца метады праблемнага навучання, інтэрактыўныя, эўрыстычныя, гульнявыя метады, дыскусіі і інш.

Мэтазгодна спалучаць франтальныя, групавыя, парныя і індывідуальныя формы навучання, выкарыстоўваць такія віды ўрокаў, як урок-даследаванне, урок-практыкум, урок-гульня, інтэграваны ўрок і інш.

Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння пэўнай тэмы, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.
Змест вучэбнага прадмета

87 гадзін
Паўтарэнне (4 гадзіны)

Аднастайнае напісанне кораня ў аднакаранёвых словах. Правапіс прыставак. Падваенне зычных на стыку прыстаўкі і кораня, кораня і суфікса. Лік і род назоўнікаў. Змяненне прыметнікаў па родах і ліках. Лік і час дзеясловаў.


ТЭКСТ (7 гадзін)

Сувязь сказаў у тэксце. Сродкі сувязі сказаў у тэксце: лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, анто-німы, выкарыстанне слоў ён, яна, яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў.

Тыпы тэксту: апавяданне, апiсанне, разважанне. Перадача паслядоўнасці падзей у апавядальных тэкстах. Будова тэксту-апавядання. Паведамленне аб прыметах прадмета ў апісальных тэкстах. Будова тэксту-апісання. Выказванне і доказ думкі ў разважаннях. Будова тэксту-разважання.

Вобразна-выяўленчыя сродкі мовы ў тэксце.



Віды дзейнасці. Складанне тэксту-апавядання, апісання, раз-важання на вызначаную тэму з дапамогай апорных слоў. Складанне плана тэксту. Вызначэнне асноўнай думкі тэксту. Падбор загалоўка да тэксту. Пашырэнне гатовага тэксту вобразна-выяўленчымі сродкамі. Рэдагаванне тэксту заменай слоў-паўтораў займеннікамі. Аргументаванае вызначэнне тыпу тэксту. Падзел на сэнсавыя часткі, складанне плана і вусны пераказ прачытанага тэксту. Падзел на сэнсавыя часткі праслуханага тэксту. Выбар з тэксту асноўнага зместу i вусны пераказ яго (сціслы пераказ).
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў

В е д а ц ь:

сродкі сувязі сказаў у тэксце;

асаблівасці тэкстаў розных тыпаў (апавяданне, апісанне, разва-жанне), іх будову.

У м е ц ь (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

знаходзіць сродкі сувязі сказаў у тэксце;

адрозніваць тэкст-апавяданне, тэкст-апісанне і тэкст-разважанне;

вызначаць структурныя часткі тэкстаў розных тыпаў;

падрабязна пераказваць вусна і пісьмова па плане змест праслуханага і прачытанага тэксту (аб’ёмам не больш за 90 слоў);

сцісла пераказваць у вуснай форме змест праслуханага і прачытанага тэксту.

В ы к а р ы с т о ў в а ц ь н а б ы т ы я в е д ы і ў м е н н і ў п р а к-т ы ч н а й д з е й н а с ц і і п а ў с я д з ё н н ы м ж ы ц ц і:

ужываць ветлівыя словы і звароты ў зносінах з людзьмі па тэлефоне;

ствараць нескладаныя маналагічныя выказванні ў выглядзе апавядання, апісання або разважання на даступныя вучням тэмы (пра свае прыгоды, любімыя кнігі, гісторыю сваёй краіны, змены ў прыродзе роднага краю, прафесіі людзей).



Навучальная пісьмовая работа (пераказ).
СКАЗ (10 гадзін)

Сказы з аднароднымі членамі (дзейнікамі, выказнікамі, даданымі членамі). Сродкі сувязі аднародных членаў сказа: інтанацыя, злучнікі і, а, але. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

Ужыванне ў тэкстах сказаў з аднароднымі членамі.

Віды дзейнасці. Пашырэнне сказаў аднароднымі членамі, дапаўненне тэксту сказамі з аднароднымі членамі. Вызначэнне га-лоўных і даданых аднародных членаў сказа. Вызначэнне ролі злучнікаў у сказах з аднароднымі членамі сказа. Пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі. Вызначэнне сказаў з аднароднымі членамі ў праслуханым і прачытаным тэксце. Пісьмовы пераказ прачытанага тэксту па калектыўна складзеным плане. Складанне вуснага выказвання на вызначаную тэму па плане і апорных словах, прапанаваных настаўнікам.

Навучальная пісьмовая работа (сачыненне).
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў

В е д а ц ь:

прыметы аднародных членаў сказа;

сродкі сувязі аднародных членаў у сказе;

правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

У м е ц ь (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

правільна інтанаваць сказы з аднароднымі членамі;

вызначаць сродкі сувязі аднародных членаў у сказе (інтанацыя, злучнікі і, а, але);

ставіць знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

В ы к а р ы с т о ў в а ц ь н а б ы т ы я в е д ы і ў м е н н і ў п р а к-т ы ч н а й д з е й н а с ц і і п а ў с я д з ё н н ы м ж ы ц ц і:

удзельнічаць у дыялогах на даступныя вучням тэмы: выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі, адэкватна перадаючы эмоцыі і захоўваючы інтанацыю аднароднасці ў межах сказа.


СЛОВА (60 гадзін)

Склад слова (2 гадзіны)

Часткі слова. Аснова слова як частка слова без канчатка. Вызначэнне канчатка і асновы слова. Вызначэнне апошняга гука асновы.



Віды дзейнасці. Вызначэнне ў словах кораня, прыстаўкі, суфікса, канчатка, асновы слова. Утварэнне форм аднаго і таго ж слова з дапамогай канчатка. Спалучэнне слоў у сказе шляхам замены канчатка. Вызначэнне асновы слова на слых. Складанне сказаў з формамі аднаго і таго ж слова. Сачыненне па ўласных назіраннях па калектыўна складзеным плане.
Часціны мовы (58 гадзін)

Н а з о ў н і к

(23 гадзіны, з іх 1 гадзіна кантрольны дыктант)

Назоўнік як часціна мовы. Змяненне назоўнікаў па склонах. Назвы склонаў і склонавыя пытанні. Фразавае скланенне: ёсць (хто?што?) назоўны склон; няма (каго? чаго?) родны склон; даць (каму? чаму?) давальны склон; бачыць (каго? што?) вінавальны склон; ганарыцца (кім? чым?) творны склон; сумаваць (па кім? па чым?) месны склон. Вызначэнне склону назоўнікаў у сказах з апорай на табліцу. 1, 2, 3-е скланенне назоўнікаў.

Скланенне назоўнікаў жаночага роду з канчаткам -а (-я) у форме назоўнага склону адзіночнага ліку (1-е скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў 1-га скланення (з апо-рай на табліцу). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 1-га скланення ў формах давальнага і меснага склонаў. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -і, -ы, -е, -э ў формах давальнага і меснага склонаў. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -а (-я) у форме назоўнага склону, -у (-ю) – у форме вінавальнага склону. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -і, -ы ў форме роднага склону. Варыянты канчаткаў назоўнікаў 1-га скланення ў форме творнага склону: -ой (-ою),
-ёй (-ёю), -ай (-аю), -яй (-яю)
.

Скланенне назоўнiкаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам у форме назоўнага склону і ніякага роду ў форме адзіночнага ліку (2-е скланенне). Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення (з апорай на табліцы). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду ў формах роднага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, якія адказваюць на пытанне хто?), у формах назоўнага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, якія адказваюць на пытанне што?). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення ніякага роду ў формах назоўнага і вінавальнага склонаў. Супастаўленне форм назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях, канчатках і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Напісанне канчаткаў назоўнікаў -а (-я),


-у (-ю) у форме роднага склону. Напісанне канчатка назоўнікаў -у (-ю) у форме давальнага склону. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -ам, -ом, -ем,
-ём
у форме творнага склону. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -е, -ы, -і, -у, -ю ў форме меснага склону.

Скланенне назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку з нулявым канчаткам у форме назоўнага склону (3-е скланенне). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 3-га скланення ў формах назоўнага і вінавальнага склонаў. Супастаўленне форм назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў 3-га скланення ў формах роднага, давальнага і меснага склонаў. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -ы, -і ў формах роднага, давальнага і меснага склонаў. Напісанне канчатка назоўнікаў -у (-ю) у форме творнага склону. Падаўжэнне апошняга зычнага асновы паміж галоснымі ў форме творнага склону (ночч-у,


ру
нн-ю).

Скланенне назоўнiкаў множнага лiку. Азнаямленне з напісаннем склонавых канчаткаў назоўнікаў множнага ліку (з апорай на табліцы). Супадзенне канчаткаў назоўнікаў множнага ліку ў фор-мах роднага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, якія адказваюць напытанне хто?), у формах назоўнага і вінавальнага склонаў (назоўнікі, якія адказваюць на пытанне што?). Супастаўленне форм назоўнага і вінавальнага склонаў па пытаннях і ролі назоўніка ў сказе (дзейнік або даданы член сказа). Напісанне канчаткаў назоўнікаў -ы, -і ў формах назоўнага і вінавальнага склонаў, -аў (-яў), -оў (-ёў), -эй (-ей) і нулявога канчатка ў формах роднага і вінавальнага склонаў. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -ам (-ям) у форме давальнага склону. Напісанне канчаткаў назоўнікаў -амі (-ямі), -мі ў форме творнага склону. Напісанне канчатка назоўнікаў -ах (-ях) у форме меснага склону.

Адрозненне месца націску ў граматычных формах назоўнікаў у рускай і беларускай мовах.

Віды дзейнасці. Знаходжанне ў тэксце назоўнікаў, якія адказваюць на пытанні хто? што? Вызначэнне склону назоўнікаў. Утварэнне склонавых форм назоўнікаў. Практыкаванні ў напісанні склонавых канчаткаў назоўнікаў 1, 2 і 3-га скланення (з апорай на табліцы). Спалучэнне назоўнікаў з іншымі словамі ў сказе шляхам змянення канчатка. Развіццё сказаў назоўнікамі ў патрэбнай форме. Вызначэнне на слых памылак у спалучальнасці назоўнікаў з іншымі словамі ў сказах. Развіццё сказаў у тэксце блізкімі, супрацьлеглымі па значэнні назоўнікамі ў розных склонах.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   17


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка